|
* * *
Вярнуцца на бераг зыходны
сваёй чысціні.
Развеяць, раздзьмухаць
туман і дажджлівыя дні.
Праскочыць праз восень,
пажухлыя дрэвы й палі.
Прарвацца праз хмары,
што сэрца завалаклі.
Вярнуцца на бераг зыходны
сваёй чысціні.
Да першых вытокаў цяпла
і лагоды радні.
Уціснуцца ў ясныя кветкі,
упасці ў траву.
Да маці, яшчэ маладой,
прытуліць галаву.
Ты хочаш вярнуцца на бераг
сваёй чысціні.
Спачатку ты суд, нібы цуд,
над сабой учыні.
Хоць плач-галасі,
а ўсю сажу з сумлення страсі
і трыста начэй
даравання у Бога прасі.
|
Месяц май
Свет, што адораны сонцам зычлівым,
зрання ўжо радасны выгляд прымае.
Цешыцца ён, незвычайна шчаслівы,
што да Твайго датуляецца маю.
Як прамяніста ўсміхаюцца дзеці –
чыстае неба ім гэтаму собіць.
Як закіпела ясная квецень –
трэба ж Твой месяц найлепей аздобіць.
Цёплы вятрыска над полем і лесам,
холад назойлівы даўся упрочкі…
Вунь як стараюцца яблыня з бэзам
гожа сплясці Табе цуда-вяночкі.
Хай у Тваім застанецца паглядзе
замілаванасць, што людства бароніць.
Колькі пялёсткаў адданых у садзе
прагне ў Тваёй апынуцца кароне!
Ах, як стараецца гай шматгалосы –
гімнам Цябе прывітаць яму рупіць…
О Найсвяцейшая! Выглянь з нябёсаў,
пераканайся: усе Цябе любяць!
|
Памяці айца Уладзіслава Чарняўскага
Цалкам аддаў ён сябе
справе ахвярнай і ўзвышанай…
Тужыць у ціхай журбе
асірацелае Вішнева.
Быў ён, як шчыры сваяк
у непаўторнай простасці.
Вочы не знойдуць ніяк
самай прыветлівай постаці.
У час пераследу і зім
шлях ён трымаў у закрыстыю.
Людствам прыгрэты сваім,
выцкаваны камуністамі.
Усё ён для Бога рабіў,
лёс не падправіў карэкцыяй.
Папам прывечаны быў,
ухвалены інтэлігенцыяй.
Як ён лагодна казаў
цёплыя словы сардэчныя.
Як ён старанна вязаў
справы зямныя і вечныя.
Іншых туліў-саграваў,
цешыў душою дабрэйшаю.
Як ён любіў-шанаваў
мову нашу тутэйшую.
Родную мову бярог,
мову дзяржавы – не хутара.
Мову, якою і Бог
з парафіянамі гутарыў.
Мову, дзе столькі святла,
небам для радасці дадзена.
Як жа яна расцвіла
Бібліяй, ім перакладзенай…
Птушкі прачнуцца ўгары,
выблісне ясная раніца.
Зноўку касцёла муры
ў твары людзей узіраюцца.
Чуйна чакае алтар:
крокам нячутна-прыцішаным
родны падыдзе святар,
кінуць не здолеўшы Вішнева.
|
* * *
Памкненні сэрца ярка намалюю
з дарогамі, вакол якіх сады.
І пальцам пакажу: «Ідзі туды,
дзе радасць пажаданая балюе».
Алоўкам волі ўпэўнена пазначу
пявучы, як струна, я свой маршрут,
які кружляе хутка між пакут,
прыпынак мае ля варот удачы.
Ды толькі я крануся – завіруха
адразу загуляе, як зімой.
Малюнак руху робіцца не мой,
яго заносіць снегу пацяруха.
Задыханы, ты просіш дапамогі.
Уласны компас вываліўся з рук.
Ператвараюцца ў клубок гадзюк
твае намаляваныя дарогі.
«Ну хто ж падсунуў бездарожжа злое?» –
пытаешся, пакрыўджаны да слёз.
Праз гурбы ўсе абражаны твой лёс
цябе вядзе, нібы дзіця малое.
|
Пры дапамозе слоў
Сябе ўсяго разварушу,
каб уваскрэснуць зноў, —
агучыць сцятую душу
пры дапамозе слоў.
Прыўзняць прытомленую плоць,
каб смерці не чакаць.
Надзець на волю зноў аброць
і ўдалеч паскакаць.
Раскалыхаць здранцвенне зім,
паклікаўшы буслоў,
і сонца падарыць усім
пры дапамозе слоў.
Назваць святой і залатой –
адна з галоўных спраў –
і крылле даць дзяўчыне той,
што лёс табе паслаў.
Таго, каму баліць, шчыміць,
калі ўжо стыне кроў,
яшчэ раз трэба ажывіць
пры дапамозе слоў.
Суняць варожасці раку
і блаславіць любоў,
спыніць разбойніка руку
пры дапамозе слоў.
Не адпусціць таго на звод –
паднесці слоў бальзам,
хто сам ідзе на эшафот,
хто нішчыць сябе сам.
За ўсе грахі адгаласіць
прад Богам у журбе
і даравання папрасіць
за ўсіх і за сябе.
Яшчэ душу ўтрапёны люд,
як зерне, не змалоў.
Яшчэ тварыць мы будзем цуд
пры дапамозе слоў.
|
* * *
Размыты сэнс – нібы нязменны вырак.
Размыты сэнс хістаецца ва ўсім.
Куды ні глянь – адзін шматлікі вынік,
а як дапетрыць, што стаіць за ім.
Шматколерна навокал ззяюць кветкі,
траву і дрэвы бласлаўляе дол.
Мы дзівімся – уражлівыя сведкі
таго, што адбылося навакол.
Плыве ў нябёсах сонца ў пазалоце
і з намі не ўзгадняе ўласны рух.
Нібы агонь жывучы, ў нашай плоці
трапечацца зусім нябачны дух.
Прыцягваюцца атамы й нейтроны,
планеты ліпнуць да сваіх арбіт.
Правальваецца ў цемру свет зялёны,
ды свежым сокам сочыцца нябыт.
А прага знаць – бяссіллю горкі выклік,
бо розум не жадае на спачын.
Мы смокчам, як цукерку, бачны вынік,
спазнаць не змогшы смак першапрычын.
|
Ахвярная любоў
Маналог сясцёр назарэтанак з Наваградка,
расстраляных немцамі ў 1943 г. і
ў 2000 г. абвешчаных благаславёнымі. |
Божа, жыццё распачні нам спачатку,
зноў акуні у цяпло і святло…
А ў Наваградку, а ў Наваградку
ліха гуляе і сеецца зло.
Кулі спяваюць і льюцца пагрозы,
кожнаму добрае сэрца баліць.
Ах, як нам цяжка ўсім выцерці слёзы,
бедных сірот да грудзей прытуліць.
Божа-Ўладар і зямны Абаронца,
нас прыпыні на журботнай вярсце…
Мы не шкадуем… Згасі наша сонца,
хай яно ў лёсах чужых расцвіце.
Хай яно ззяе у бліжніх на твары,
хай яно ўзыдзе над іншымі зноў.
Езу, вазьмі нашы сэрцы ў ахвяру,
сэрцы, якія спазналі любоў.
Хай жа праменіцца сонца ў зеніце,
радасць усім пасылае з імжы.
Божа, о Божа, вазьмі нашы жыцці,
толькі нявінных людзей зберажы… |
P.S. Вас нагадаем малітваю зранку –
свецяцца вашы абліччы праз час.
Назарэтанкі, назарэтанкі,
сёстры любімыя, помнім пра вас.
Болей не будзе ніхто адзінокім,
кожнаму з нас вы любоў аддалі –
нашы заступніцы ў небе высокім,
нашы заступніцы тут, на зямлі.
|
* * *
Не ўнёс ніякіх зменаў час
у гэтай хатцы ціхай, гожай.
На сценах – Езуса абраз
з выявай пекнай Маці Божай.
Ніжэй – яшчэ абраз адзін.
Таксама ў каляровай рамцы –
аб добрым бацьку напамін
і памяць аб лагоднай мамцы.
І здымак сына каля іх…
І больш няма нідзе нічога.
Як адчуваю ў гэты міг
прысутнасць у пакоі Бога.
Абліччаў у пакоі – досць.
І клеіць іншых – недарэчна…
Галоўныя абліччы – ёсць,
усе, кім цешыліся вечна.
|
* * *
Вось ты прыходзіш
і мне не гаворыш нічога.
Сон – як пустыня.
Ружовая ціша і гладзь.
Я разумею:
цябе не пакінула змога.
Я адчуваю:
пакутліва ногі баляць.
Штосьці жадаеш сказаць мне,
стаўшы пад плотам.
Ты змізарнелая.
Лёгка на рукі вазьму.
Маці, матуленька,
што адбываецца – што т а м?
Зноў ты маўчыш,
не тлумачыш ніколі чаму.
Можа, чакаеш
якой малітоўнай падмогі,
штосьці патрэбнае страціла
ў гэтым жыцці?
… Божа, Ты ўсё ж пашкадуй
яе бедныя ногі,
каб не стаяла,
хутчэй да Сябе дапусці.
|
* * *
Пыл пад нагамі.
І неба над намі.
Вязнямі чуемся
вольных дарог.
Вецер усюды ёсць –
бура, цунамі.
Радасць адзіная –
сонца і Бог.
Дзікі, дрымучы,
як джунглі, закутак,
расфарбаваны
неонамі пляц
не прыхаваюць
твой жаласны смутак –
з лесу густога
ён прыйдзе ў палац.
Лёс не гані
пугаўём, нібы пікай –
ўсюды аднолькава
зоркі гараць.
Розніцы
надта не бачу вялікай,
дзе нам маліцца
і дзе паміраць.
|
* * *
У бездань скідваючы злое,
усё, што не пасуе нам,
душа, ты тою стань скалою,
дзе веры узнясецца храм.
Тым маналітам цвёрда-шчыльным,
які не здольны на разрыў.
Апорай у служэнні шчырым,
каб час яе не пакарыў.
Асенняй і парой вясновай,
калі стыхія горы рве,
будзь той магутнаю асновай,
якая ўніз не паплыве.
Душа, не будзь жа той скалою,
дзе сохне веры вінаград,
дзе нават цёплаю вясною
халодны снег застацца рад.
Скалою стань такой, якая
ад сонца роднага й дажджоў
заўсёды парастка чакае.
І гэты парастак – любоў.
|
* * *
А ў гэтай хаціне ніхто не жыве.
А ў гэтай хаціне ёсць радасці дзве.
Ёсць сонца – самоты збавенне адно,
што стукае раніцай цёпла ў акно.
І потым на схіле ружовага дня
ёсць радасць – вячэрняй пары цішыня.
І цэлую ноч, ад цямна да цямна,
на скрыпцы пакінутай грае яна.
Як сонцу прыемна сябе растрасці
у гэтай хаціне, альбо ў забыцці.
У ёй, што людзей ужо помніць ледзь-ледзь,
усё, што астыла, хоць трохі сагрэць.
Як соладка-одумна хаце начной,
якая абгорнутая цішынёй.
У ёй па-сапраўднаму можна спачыць,
бо музыка вечнасці ў цішы гучыць.
|
|
|