|
|
№
3(21)/2002
Мастацтва
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Haereditas
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы
Постаці
Кантрапункт
Культура
|
Гісторык Леанард Хольц так вызначае ўдзел Касцёла і яго ордэнаў у гісторыі: «Хрысціянства і манаскае жыццё – гэта гістарычная дадзенасць. Яны рашучым чынам уздзейнічалі на гісторыю чалавецтва і, наадварот, у сваім уласным развіцці вызначаліся грамадска-гістарычнымі сіламі». Сінтэз дасягненняў грамадства ў матэрыяльным і духоўным развіцці, які характарызуе яго культуру, знаходзіць адлюстраванне ў архітэктуры. Нямецкі мастацтвазнаўца К. Гартман піша: «Ідэя Бога, якая лічылася ва ўсіх народаў і ва ўсе часы найвышэйшым ідэалам, ставіла перад мастацкай творчасцю найвышэйшыя задачы. Як вынік, мастацкія творы для рэлігійнага культу, асабліва храмы, становяцца цэнтрам увагі мастацкай творчасці; у іх мастацтва дасягае самага непасрэднага і дасканалага ўвасаблення… у архітэктуры адлюстроўваецца таксама і ўсё культурнае жыццё асобных нацый, таму яе помнікі – найбольш заўважныя вехі для перыядаў бытавання народаў». Архітэктурныя формы ў культавым дойлідстве. З прыходам да ўлады ў 379 г. імператара Феадосія хрысціянства было абвешчана дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі і з гэтага часу еўрапейскае культавае дойлідства складаюць амаль выключна хрысціянскія святыні. Пры іх агульнай функцыі – быць памяшканнем для сходу супольнасці – гэтыя будынкі моцна адрозніваюцца паводле свайго тыпу і характару афармлення. Так, у Паўднёвай, Паўночнай і Цэнтральнай Еўропе пануюць запазычаныя з Рыма пабудовы базылікальнага тыпу, у той час як на землях, якія прынялі хрысціянства з Візантыі, большая частка храмаў уяўляла сабой купальныя цэнтрычныя пабудовы. У перыяд Рэфармацыі супярэчнасці паміж каталіцкім Касцёлам і пратэстанцкай Царквой прывялі да адрозненняў у іх культавым дойлідстве, гэтаксама як і адрозненні паміж накірункамі рэфарматарскага руху прывялі да адрозненняў у знешнім выглядзе збудаванняў. Прастолы для чытання Евангелля і прамаўлення казанняў у канцы Сярэднявечча былі заменены катэдрамі, значэнне якіх пасля Рэфармацыі значна ўзрасло. У навах святыняў з’явіліся лаўкі для сядзення, а памеры арганаў, што нязменна захоўваліся з XVI ст., у перыяд барока набылі выдатныя формы. У адпаведнасці з падзелам паміж духавенствам і свецкімі ў кляштарных храмах алтар і нава аддзяляліся адно ад аднаго перагародкамі. Касцёльныя будынкі вылучае адназначная арыентацыя алтара, які да перыяду барока, як правіла, быў звернуты на ўсход. У сваіх разнастайных формах алтар заўсёды ўтварае цэнтр рытуалу набажэнства як напамін пра Тайную Вячэру, як сімвал Гроба Панскага. Гэткае ж значэнне мае посуд для захавання святой вады і для хросту: форма, велічыня і месца хрысцільнага каменя мяняецца ў залежнасці ад рытуалу. З перыяду Рэнесансу звычайным стала размяшчэнне купалаў над алтарнай прасторай, а з выкарыстаннем шматграннага альбо круглага барабана купалы святыняў ператвараюцца ў пануючы элемент гарадскога ландшафту і дамінанту архітэктурнай кампазіцыі, як і вежы званіцы. У касцёлах стылю барока знешні выгляд купала стварала пакрытая металам драўляная канструкцыя, якую часта называлі абарончым купалам.
Для перыяду барока сталі характэрныя не толькі сіметрычныя і вялікія ордэры, але таксама анфілады з пластычнымі гзымсамі і разарванымі франтонамі. Контрфорсы, калоны і пілястры, што стаяць перад вонкавай сцяной, разнастайныя плоскасныя і скульптурныя арнаменты спрыяюць узмацненню выразнасці фасада. Кляштары ў стылі барока падобныя на палацавыя збудаванні гэтага ж часу: усё дынамічнае і падначаленае агульнай архітэктурнай задуме, да якой належаць фармаванне гарадскога архітэктурнага асяроддзя з дэкарацыяй інтэр’ераў.
Бенедыктынскія кляштары. Важнымі цэнтрамі фармавання і пашырэння хрысціянскай культуры сталі бенедыктынскія кляштары. Заснавальнік ордэна Бенедыкт Нурсійскі ў 529 г. узвёў кляштар на Монтэ Касіна, побач з якім узнік жаночы кляштар пад кіраўніцтвам яго сястры Схаластыкі. На ўзор супольнасці на Монтэ Касіна ў хуткім часе пачалі засноўвацца ўсе манаскія супольнасці ў Заходняй Еўропе. Трынаццаты абат кляштара на Монтэ Касіна Гізульф пабудаваў касцёл: «… падоўжаную залу са столлю з кіпарысавага дрэва. Дваццаць чатыры мармуровыя калоны падтрымлівалі столь. Сцены былі часткова выкладзены каштоўным мармурам, часткова пакрытыя жывапісам. Падлога была складзена з рознакаляровага мармуру. Перад уваходам у касцёл знаходзіўся порцік, які абапіраўся на шаснаццаць калонаў. Залатыя і сярэбраныя рэчы завяршалі ўбранне…». Залежнасць ад класічнай старажытнасці падкрэслівала апісанне кляштара, зробленае пасля перабудовы: «… З берагоў Тыбра перавозіліся ў Гаэту калоны, капітэлі і абломкі барэльефаў са старажытных помнікаў: з берагоў Гарыльяна гэтыя каменныя глыбы ўсцягваліся на ўзвышша Монтэ Касіна. За некалькі гадоў было ўзведзена новае абацтва, вялікія кляштарныя пабудовы, бібліятэка, зала капітула і касцёл. Касцёл быў пабудаваны паводле плана рымскай базылікі; два шэрагі калонаў падзялялі яго на тры падоўжныя праходы. У процілеглым ад увахода канцы, над трайной апсідай, было накрэслена выслоўе, якое прыпадабняла кляштар на Монтэ Касіна да Сіная. Тут былі ўзведзены тры алтары: у імя св. Яна Хрысціцеля, Панны Марыі і Папы Грыгорыя Вялікага. Выкліканыя з Канстанцінопаля мастакі пакрылі сцены касцёла мазаікамі, змест якіх быў запазычаны з Новага Запавету. Там жа, у Канстанцінопалі, былі адліты бронзавыя ўваходныя дзверы, на якіх сярэбранымі літарамі нанеслі назвы гарадоў, замкаў і ўладанняў, што належалі кляштару. Вонкавы фасад кляштарнага касцёла таксама быў упрыгожаны мазаічнымі выявамі».
Санкт-Галенскі кляштар, названы так ад імя свайго заснавальніка св. Гала, быў адным з самых вядомых у IX—X стст. Цэнтрам новай калоніі стаў сціплы касцёлік, пабудаваны рукамі пасяленцаў. Кляштар пачаў заўважна развівацца праз сто гадоў пасля смерці св. Гала (630 г.). «У касцёле, узведзеным рукамі манахаў, высокая столь падтрымліваецца магутнымі каменнымі калонамі; дзённае святло пранікае праз тысячы каляровых шыбаў; на сценах пазалота і жывапіс, са столі звешваюцца шкляныя панікадзілы, багата аздобленыя золатам і срэбрам, і тут і там бачны распяцці і ракі са слановай косці, золата, срэбра; на многіх прадметах касцёльнага ўжытку зіхацяць каштоўныя камяні. Сам кляштар ператварыўся ў велічную крэпасць. Кляштарныя званы не толькі мірна склікаюць на малітву, але і трывожнымі танамі паведамляюць браціі пра набліжэнне ворага, заклікаюць яе да барацьбы».
Кляштары манаскіх ордэнаў Беларусі канца XVI – сярэдзіны XIX стст. Тыповы для Сярэднявечча план на ўзор Санкт-Галенскага кляштара адлюстраваны і ў планіровачнай арганізацыі шэрагу кляштараў Беларусі.
У залежнасці ад ступені грамадскага развіцця і ад формаў матэрыяльнага і духоўнага жыцця ўзнікалі храмы і кляштары з іх характэрным абліччам. Пастаянная змена традыцый і навацый прывяла да адпрацоўкі тыпаў архітэктурных збудаванняў і аб’ектаў у залежнасці ад пэўных перыядаў гісторыі архітэктуры.
|
|
|