Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(21)/2002
Мастацтва

АБРАЗЫ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЯМЛЯ ВОЛАТАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы

КРАІНА СВЯТОГА ПАТРЫКА
Постаці

ЖЫЦЦЁ ТВОРАЦЬ ЛЮДЗІ ВЕРЫ
Кантрапункт

ПРАГРЭС ЦІ РЭГРЭС?
Культура

Вольга БАЖЭНАВА

КСЁНДЗ ЯН ПАШАКОЎСКІ -
ГІСТОРЫК, ТЭОЛАГ, ПІСЬМЕННІК

Вядомы польскі гісторык культуры Алойзы Сайкоўскі ў кнізе пра мецэнацтва Радзівілаў згадвае мноства выдатных прадстаўнікоў інтэлігенцыі ХVІ—ХVІІІ стст., звязаных з гэтым княжацкім родам. Сапраўды, насычанасцю, значнасцю падзей пры двары Радзівілаў можна вымяраць інтэнсіўнасць і важкасць мастацкіх здзяйсненняў усёй Рэчы Паспалітай у цэлым.

Большая частка жыцця кс. Яна Пашакоўскага (1684—1757) прайшла пры двары Радзівілаў у Нясвіжы, дзе гэты тэолаг напісаў пераважную колькасць сваіх кніг (там яго праводзілі і ў апошні шлях). Значэнне дзейнасці кс. Яна Пашакоўскага неацэннае для гісторыі нацыянальнага мастацтва: менавіта ён распрацоўваў тэалагічную праграму роспісаў нясвіжскага фарнага касцёла – унікальнага помніка барока на Беларусі.

Жыццё кс. Яна Пашакоўскага як педагога і пісьменніка-тэолага цікавіла многіх даследчыкаў. У бібліяграфіі Эстрайхера адзін пералік яго працаў займае сем старонак. Уладзіслаў Смалінскі гаворыць пра яго як пра гісторыка і выдаўца першых гістарычных календароў. У кнізе «Інтэлектуальны пераварот у Польшчы ХVІІІ ст.» гэты аўтар называе кс. Пашакоўскага сярод тых, хто падтрымліваў высокі навуковы ўзровень тагачасных гуманітарных даследванняў. Уладзіслаў Смалінскі прааналізаваў значэнне календароў, якія выдаваў кс. Ян Пашакоўскі з 1734 да 1749 года (усяго 20 за 15 гадоў). У календарах змяшчаліся розныя гістарычныя, біяграфічныя, палітычныя навіны. Іх выдавец прытрымліваўся навуковай дакладнасці (былі выключаны характэрныя для календароў астралагічныя дадзеныя, уплыў месяца на лёс чалавека і г. д.), паведамлялася актуальная з гістарычнага погляду інфармацыя пра заснаванне гарадоў, фундацыі касцёлаў, што вельмі каштоўна для сённяшніх гісторыкаў мастацтва, друкаваліся генеалагічныя карты літоўскіх родаў (так, напрыклад, была надрукаваная генеалогія Радзівілаў і Вішнявецкіх – сям’і першай жонкі Рыбанькі Уршулі Францішкі). На думку даследчыкаў, календары кс. Пашакоўскага мелі на мэце далучыць моладзь да чытання навуковай літаратуры, пашырыць геаграфічныя і гістарычныя веды, яны далі пачатак перыядычнаму друку ў Вялікім Княстве Літоўскім, сталі ўзорам для выданняў падобнага кшталту – іх узроўню намагаліся дасягнуць і ў Кароне Польскай (гл. працы А.Сняжко).

У шматтомным польскім біяграфічным слоўніку тэолагу з Нясвіжа прысвечаны вялікі артыкул Браніслава Наталінскага. Палемічныя і апалагетычныя працы кс. Яна Пашакоўскага прааналізаваў Е. Янікоўскі ў часопісе «Варшаўскія тэалагічныя даследаванні» ў 1978 г.

Ян Пашакоўскі нарадзіўся недалёка ад Трокаў (сёння Тракай), хутчэй за ўсё, у шляхетнай сям’і. Ён добра ведаў літоўскую мову і пазней гаварыў на ёй казанні. У 16 гадоў, у 1700 г., прыняў навіцыят у касцёле св. Ігнацыя ў Вільні, г. зн. прайшоў ступень «другой прабацыі», якая давала права ўступлення ў ордэн. У 1702—1703 гг. ён жыў у Нясвіжы, дзе закончыў педагагічную семінарыю, пасля чаго паехаў у Віленскую акадэмію. Педагагічная практыка 1706—1709 гг. паказала, што Ян Пашакоўскі быў вельмі таленавітым настаўнікам. Наступныя яго гады (1709—1713) былі аддадзеныя ў той жа акадэміі вывучэнню тэалогіі. У 1713 г. ён прыняў святарскі сан, а з 1714 г. стаў выкладаць у Коўне. У гэтым горадзе ў 1717 г. адбылася ўрачыстая цырымонія яго ўступлення ў ордэн езуітаў. Гэтай падзеі папярэднічала вывучэнне статута ордэна і выкананне спецыяльных аскетычных практыкаў у Нясвіжы, дзе знаходзіўся «дом трэцяй прабацыі» – месца падрыхтоўкі апошніх практыкаў перад уступленнем у ордэн.

У 1718 г. а. Яна Пашакоўскага запрасілі на пасаду прафесара філасофіі ў Віленскай акадэміі. Для гэтай працы трэба было абараніць доктарскую дысертацыю, якую канкурсант і абараніў праз 3 гады. Пасля гэтага ён зноў з’явіўся ў Нясвіжы, але ўжо ў ролі дырэктара курса філасофіі і аканома калегіума езуітаў. У 1722 г. княгіня Ганна Радзівіл (з роду Сангушкаў) запрасіла яго выхавацелем да свайго малодшага сына Гераніма Фларыяна, брата Казіміра Міхала Рыбанькі. Да 1735 г. а. Пашакоўскі быў побач са сваім выхаванцам. Ён напісаў для яго шэраг падручнікаў, якія цаніліся за даступнасць і простасць выкладання матэрыялу, асабліва лацінскай граматыкі.

Ксёндз Ян Пашакоўскі быў рэктарам слуцкага (1735—1739) і нясвіжскага (1739—1742) езуіцкіх калегіумаў. Пасля 1742 г. ён стаў духоўнікам сям’і Радзівілаў і спаведніком у касцёле св. Міхала на Анёльскай гары ў Нясвіжы. Князь Рыбанька вельмі любіў гэты касцёл, прысвечаны яго святому патрону. У яго дзённіку ёсць такія словы: «Імяніны мае пачаў я з таго, што з раніцы, праехаўшы чатыры мілі, спыніўся ў Нясвіжы і пайшоў проста ў касцёл св. Міхала, дзе спавядаўся і маліўся майму патрону ў цудоўным абразе».

У 1740-я гг. кс. Ян Пашакоўскі шмат пісаў. Яго тэалагічныя трактаты — фундаментальныя даследаванні, для якіх ён выкарыстоўваў велізарную калекцыю кніг нясвіжскага замка і кляштарных бібліятэк. Апрача таго, а. Яну Пашакоўскаму прывозілі кнігі з бібліятэкі Ю.А.Залускага, заснаванай у Варшаве ў 1747 г.

Захаваўся дакумент ад 30 верасня 1751 г., які з’яўляецца іконаграфічнай праграмай роспісаў нясвіжскага езуіцкага касцёла Божага Цела. Гэты тэкст быў падпісаны «яго Міласцю фундатарам» князем Міхалам Казімірам Радзівілам Рыбанькам і з’яўляецца адзіным дакументам падобнага кшталту з вядомых даследчыкам гісторыі мастацтва ХVІІІ ст. (ён знойдзены намі ў Архіве старажытных актаў у Варшаве).

Гэты тэкст – summa summarum багаслоўскіх поглядаў Рыбанькі, які быў надзвычай набожным хрысціянінам. Князь амаль не развітваўся з багаслоўскай літаратурай, шмат чытаў, ведаў латынь, значную колькасць касцёльных гімнаў. У сваім «Дыярыушы» за 1741 г. князь паведамляў, што ён закончыў чытанне пятага тома «Гісторыі касцёла» абата Флеры. Для духоўных практыкаванняў ён пабудаваў каля Нясвіжа спецыяльны палац Эрмітаж, або, як на лацінскі манер яго запісвалі ў дакументах, – Эрэміторыум. Князь падпісаў праграму роспісаў касцёла, радкі якой уяўляюць чацвёрты версет секвенцыі «Verbum Supernum prodiens» на свята Божага Цела. Аўтарам слоў гімна з’яўляецца св. Тамаш Аквінскі. Падрабязнай распрацоўкай праграмы ў далейшым павінен быў займацца які-небудзь тэолаг. Гэтым тэолагам і стаў ксёндз Ян Пашакоўскі.

Роспісы, апрача тэмы Божага Цела, якому прысвячаўся касцёл, павінны былі ўключаць алюзіі на сям’ю Радзівілаў, для якіх храм служыў сямейнай пахавальняй. Вытанчаную праграму і графічныя ўзоры кампазіцыі трэба было ўзгадняць з рэктарам езуіцкага калегіума і нават з біскупам. У цэлым праграма была скіраваная на раскрыццё пытанняў фундаментальнай тэалогіі і не мела мэты дыскусійнай абароны каталіцкай веры, як пра гэта пісалася раней. Праграма роспісаў мае сінаптычны характар – гэта абагульнены агляд усіх частак складанага цэлага, звязанага з тытулам касцёла Божага Цела.

Важнай характарыстыкай іканаграфіі касцёла з’яўляецца тыпалагічная перавага ў сюжэтах Старога Запавету. З сарака сцэнаў роспісаў толькі сем адлюстроўваюць тэматыку Новага Запавету. У роспісах касцёла ёсць сімвалічная суаднесенасць з гісторыяй дома Радзівілаў. Праграма і іканаграфія перадаюць пакаянне першага фундатара Радзівіла Сіроткі ў кампазіцыі «Esse Homo» і алюзію адданага прыхільніка каталіцызму ў арханёлу змагарным Міхалу, які паводле імя князя асацыяваўся з самім Рыбанькам. У барабане купала адлюстраваныя святыя патроны членаў сям’і Радзівілаў.

Праграма унікальная па паўнаце распрацоўкі актуальнай для ХVІІІ ст. тэмы Божага Цела з яе галоўнымі часткамі – містычнасцю касцёльнай службы (літургіі) і тайнай Эўхарыстыі. Канцэптуальная пабудова роспісаў супадае з асноўнымі тэзамі кніг і логікай аргументацыі Яна Пашакоўскага.

Прадметам апалагетычных трактатаў ксяндза была абарона каталіцызму ад розных праяваў пратэстантызму – лютэранства, кальвінізму, цвінгліянства і нават англіканства. Сутнасць Эўхарыстыі і таямніцы літургіі, якая адмаўлялася ў вучэнні пратэстантаў, была прадметам тэалагічных дыскусій і тэалагічных даследаванняў першай паловы ХVІІІ ст., і кнігі кс. Яна Пашакоўскага прысвечаны гэтай тэме, а асобная яго праца прысвечана Эўхарыстыі.

Чатыры пазіцыі праграмы роспісаў, на якіх заснаваны дакумент, падпісаны Рыбанькам, аналізаваліся кс. Янам Пашакоўскім ў яго кнігах «Гісторыя кальвінізму» (1747), «Аддзяленне Святла ад цемры» (1737). Гэтыя кнігі з дарчымі надпісамі былі падараваныя Рыбаньку (яны захоўваюцца ў бібліятэцы Акадэміі навук у Пецярбурзе).

Асаблівасцю іконаграфічнай праграмы роспісаў нясвіжскага касцёла з’яўляецца адлюстраванне айцоў усходняй і заходняй Царквы ў купале касцёла. У апалагетыцы кс. Яна Пашакоўскага зварот да аўтарытэту гэтых настаўнікаў як сведкаў эўхарыстычнай таямніцы ў раннім хрысціянстве быў пастаянным лагічным і рытарычным прыёмам. У кнізе «Гісторыя кальвінізму» Ян Пашакоўскі ў палеміцы з вучэннем Кальвіна выдзяляў тры параграфы: 1) Вучэнне святых айцоў (дактароў) пра Святую Імшу, 2) Аб прысутнасці Хрыста ў Эўхарыстыі, 3) Вучэнне святых айцоў (дактароў) аб Касцёле.

Нясвіжскі тэолаг Радзівілаў падмацоўваў свае доказы старажытнасці і ісціннасці каталіцкага Касцёла цытатамі з працаў святых Амброзія, Аўгустына, Кіпрыяна, Кірылы Ерузалемскага, якія, як падкрэсліваў Ян Пашакоўскі, бралі веды непасрэдна ад вучняў Хрыста. У аргументацыі кс. Яна Пашакоўскага важныя довады грэцкіх і рымскіх прадстаўнікоў патрыстыкі. У палемічнай логіцы кс. Пашакоўскага неабходна адзначыць прынцып гістарычнага падбору матэрыялу – вучоны аргументаваў асноўныя тэзы, звяртаючыся да аўтарытэту айцоў Касцёла як старажытных сведкаў усталяванай традыцыі. У кнізе «Аддзяленне Святла ад цемры», выдадзенай таксама пад назвай «Каталіцкая навука пра Эўхарыстыю», кс. Пашакоўскі падаў аўтэнтычныя сведчанні Сабораў і заходніх тэолагаў пра Імшу і Эўхарыстыю (яны былі сабраныя па загадзе Людовіка ХІV французскімі дыпламатамі і захаваныя ў каралеўскай бібліятэцы і бібліятэцы абацтва Сэн-Жэрмен). Ён не толькі спасылаўся на тэксты, але і даследаваў іх сапраўдную прыналежнасць да працаў старажытных аўтараў. Яго кнігі, напісаныя на глебе добрых ведаў дактрынаў пратэстанцкіх канфесій, ісламу і юдаізму, хутчэй, мелі на мэце ўмацаванне каталіцкай дактрыны, чым палемічныя дыскусіі з іншаверцамі.

Глыбіню і грунтоўнасць ведаў нясвіжскага тэолага пацвярджаюць наступныя факты. Кс. Ян Пашакоўскі вывучаў Каран у французскім перакладзе. Ён напісаў «для мілых ізраэлітаў» палемічна-экзэгетычную працу «Зохар, што значыць Раскоша, Бляск, Прасветленасць». Напэўна, ён быў знаёмы з гэтай кнігай у лацінскім перакладзе. Варта адзначыць глыбіню яго тэалагічнай эрудыцыі, паколькі Зохар уяўляе з сябе кабалістычны трактат, прадметам інтэрпрэтацыі якога з’яўляецца Стары Запавет. Гэтая кніга ўпершыню была выдадзена ў часы Трыдэнцкага Сабору і была вельмі важная для тагачаснай багаслоўскай палемікі. Канец жыцця вучонага быў пазначаны выданнем працы «Antidotium contra Antidotium» (1754), у якой кс. Ян Пашакоўскі адказваў на кнігу чатырох пратэстанцкіх тэолагаў, напісаную, у сваю чаргу, у адказ на яго папярэднія працы. Па сведчанні яго біёграфа Я.Д.А.Яноцкага, ужо зусім стары даследчык працаваў над «Гісторыяй каталіцкага Касцёла ў Польшчы», і Яноцкі даваў яму для гэтай працы (праз пасрэдніцтва біскупа Ю.А.Залускага) кнігі і рукапісы.

Неацэнная праца а. Я.Пашакоўскага як перакладчыка разнастайных кніг, якія выдаваліся ў Вільні, Кракаве, Варшаве. Значная яго роля ў змястоўным напаўненні тэатральнай культуры Нясвіжа.

Важнасць візуалізацыі або зроку, які адкрывае таямніцу любові, найперш, безумоўна, Боскай, была выказаная кс. Я.Пашакоўскім у кнізе пра сутнасць Эўхарыстыі. Гэтая ідэя адлюстравалася ў іканаграфіі нясвіжскага касцёла. Гэтая ж думка была сфармуляваная і ў адной з п’есаў Францішкі Уршулі Радзівіл – заснавальніцы першага ў Вялікім Княстве Літоўскім прыдворнага тэатра, для якога княгіня сама пісала п’есы.

«Kochanie i miіość przez oczy najbardziej wchodzi» – так пісаў айцец Я.Пашакоўскі. Уршуля Радзівіл перадала гэтую ідэю ў вобразах п’есы, якая так і называецца «Вочы – праваднік любові». Тэкст быў напісаны ў 1749 г., а пастаноўка ўпершыню ажыццёўлена ў нясвіжскім тэатры 24 чэрвеня 1750 г. Мы спецыяльна ў перакладзе назвы п’есы падкрэслілі думку аўтара пра з’яўленне пачуцця праз убачанае цудоўнае адлюстраванне. Па-польску гэта гучыць так: «Z oczy się miłość rodzi». Падкрэсліваецца значнасць знешняй формы, цялеснасць, якая складае аснову алегарычнага вобразу твора стыля барока. П’еса была паказана ў той час, калі князь Радзівіл, муж Уршулі, даў загад «упрыгожыць жывапісам касцёл старанна».

Згаданыя факты сведчаць не толькі пра значнасць асобы кс. Яна Пашакоўскага ў культуры Нясвіжа, але і пра магчымасці гэтага горада ў ХVІІІ ст. У тагачасным Нясвіжы мог плённа працаваць вучоны, які фундаментальна даследаваў праблемы каталіцкай тэалогіі, а нясвіжскі княжацкі двор не толькі ствараў умовы для яго працы, але і адчуваў патрэбу ў такіх значных фігурах, якой з’яўляўся ксёндз Ян Пашакоўскі.

Фота Міколы Мельнікава


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY