|
Крыж і вежа кляштара ў Манастэрбойсе. |
Недзе на пачатку V ст. падчас аднаго з нападаў на прыбярэжныя паселішчы Брытаніі піраты захапілі разам са здабычай палонных. Сярод паняволеных людзей, якіх везлі па халодных хвалях Ірландскага мора, быў хлопчык. Каб не гэты трагічны выпадак, ён, мабыць, усё жыццё лавіў бы рыбу і пасвіў жывёлу, як незлічоныя пакаленні яго продкаў. Аднак яму было наканавана стаць пастырам цэлага народа і лавіць душы. Маленькі раб, якога захопнікі прадалі на рынку суседняга вострава, увайшоў у гісторыю пад імем святога Патрыка — патрона Ірландыі.
У 431 г. Папа Цэлестын прызначыў у Рыме біскупа Паладыюса кіраўніком місіі «для навяртання ірландцаў у Хрыстовую веру». Гэта першая дакладная дата ірландскай гісторыі. Паганская мінуўшчына не ведала паняцця гістарычнага часу. Цяпер жа пачалося ўтварэнне новай цывілізацыі, аб’яднанне кельцкіх плямёнаў, што насялялі востраў Ірландыю, у адзіны народ. Дзвесце гадоў працягваўся супраціў кельцкай паганскай традыцыі, але трыумф хрысціянства быў беспаваротны. Біскуп Паладыюс і святы Патрык былі не адзінымі місіянерамі сярод эйраў (або іраў, як называлі жыхароў вострава), аднак хронікі не падаюць аніводнага эпізода пакутніцкай смерці носьбітаў новай ісціны.
Востраў на далёкай ускраіне антычнага свету не спазнаў рымскай акупацыі, а значыць, знаходзіўся па-за непасрэдным уплывам антычнай культуры і цывілізацыі. Гэта вызначыла на доўгія стагоддзі, прыкладна да 1000 г., адметны шлях развіцця ірландскай культуры. Мастацтва, архітэктура, паэзія ірландскага Сярэднявечча — адна з вяршыняў сусветнай культуры. Стылістыка і вобразы ірландскай культуры не раз служылі крыніцай натхнення для творцаў у розныя перыяды гісторыі еўрапейскага мастацтва. Найярчэйшыя прыклады: эпоха рамантызму ў ХІХ ст., а таксама стыль мадэрн, сецэсія (або інакш Art Nouveau, як яго называлі французы, ці Jugendstil у краінах нямецкай культуры) у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст.
А пачынаць даводзілася ў вельмі неспрыяльным асяроддзі. Паганскія святары-друіды варожа ставіліся да пісьменнасці. Звычайная для Рымскай імперыі структура гарадоў проста не існавала на востраве. Хрысціянская рэвалюцыя перамагала моцай кнігі і кляштара. Менавіта кляштары сталі значнымі цывілізацыйнымі цэнтрамі. За іх мурамі дзейнічалі школы і мастацкія майстэрні, манахі трывала захоўвалі літургічную традыцыю (менавіта ірландскі клір даўжэй за ўсіх супраціўляўся рэформам Папы Рыгора Вялікага ў VІІ ст.). У адной з такіх школаў і быў выхаваны будучы св. Патрык. З часам Ірландыя стала адным з наймагутнейшых цэнтраў хрысціянства, з якога палымяныя носьбіты веры выпраўляліся ў місіянерскія падарожжы. Будучы святы Калумба быў прынцам і меўся ўзысці на каралеўскі пасад у сталіцы Ірландыі Тары, але ён стаў пасланцам ірландскага Касцёла ў кельцкіх каралеўствах Дал Раяда ў Шатландыі і Нартумбрыі ў Англіі. Гэта быў толькі пачатак. Культурная экспансія ірландскага манаства дасягнула кантынентальнай Еўропы. Пасля знакамітых кляштараў у Аёне, Ліндзісфарне, Глэстанбюры на брытанскіх астравах ірландцы адбудавалі буйныя кляштарныя цэнтры ў Сэнт-Галене, Бобіа, Вене і за Альпамі ў Італіі. Сучаснікі называлі св. Калумбу «голубам Касцёла». Ён засноўваў кляштары і скрыпторыі. Псалтыр VІІ ст. (які даследчыкі лічаць найстаражытнейшым з ацалелых манускрыптаў у Заходняй Еўропе) паводле легендаў быў створаны самім св. Калумбам. Захавалася яго традыцыйная назва — «Cathach», што значыць па-ірландску «Змагарны». Хутчэй за ўсё, племя, якое валодала псалтыром, захоўвала яго як ваенны талісман. Лаціна была мовай Касцёла і культуры і бязмежна панавала ў кніжных шэдэўрах ірландскай школы.
|
Ініцыял «ХРІ». Евангелле з Келса. |
У бібліятэцы Trinity College ў Дубліне захоўваецца знакамітая ірландская ілюмінаваная кніга — «Book of Kells». Створанае на пачатку ІХ ст., гэтае Евангелле з’яўляецца копіяй больш ранняга арыгіналу. На шчасце, Бог падарыў мне сустрэчу з гэтай перлінай чалавечага генія. Трэба было праляцець над усёй Еўропай, праехаць па дыяганалі амаль праз усю Ірландыю, каб, адстаяўшы даўжэзную чаргу, устаць на колькі хвілін перад экспазіцыйнай вітрынай у Дубліне. Евангелле з Келса — велічны манумент хрысціянскай мудрасці, гімн прыгажосці, які гучыць ужо дванаццаць стагоддзяў. Над кнігай працавала група майстроў шрыфта і мастакоў-ілюмінатараў — сапраўдны сімфанічны аркестр. Кожны яго голас гарманічна ўліваецца ў магутную мелодыю, якой цесна на пергаментных старонках фаліянта. Ініцыял з Евангелля ад Мацвея захапляе неўтаймаванай стыхіяй арнаменту. Дамінантай кампазіцыі з’яўляецца абрэвіятура імя Хрыста, напісаная грэцкімі літарамі — ХРІ. Яшчэ дахрысціянская традыцыя кельцкага мастацтва славілася сваёй «арабескавай» геаметрыяй. Цяпер мікракосм арнаменту захапіў у свой вір фігуры анёлаў і святых, утварыў свет «вялікіх сонцаў і сэрц малых». Лініі ажываюць у сотнях і тысячах матываў, галоўны з якіх — сфера, замкнёнае кола — сімвал сусвету і бясконцасці жыцця.
|
Ініцыял «ХРІ». Евангелле з Келса. |
Фігуры Хрыста і евангелістаў на тытуле кожнага з Евангелляў поўныя велічнага спакою, але і тут франтальная кампазіцыя і строгая аблямоўка суправаджаюцца дынамічнымі спіралямі арнаментальных уставак, узбагачаных колерам. Побач з гэтай поліфаніяй мініяцюры Евангелля з Армага (каля 807 г.) выглядаюць сціпла, але не менш прыгожа. Крылаты бык — сімвал евангеліста Лукі — накрэслены строгімі лініямі карычневага інкаўста. У крылы быка ўключаны медальёны з сімваламі іншых евангелістаў: арол, леў і чалавек.
|
Маці Божая. Евангелле з Келса. |
|
Хрыстус. Евангелле з Келса. |
Віхор спіраляў і дынамічных ліній запаўняе сабой паверхню ірландскай пластыкі. Знакамітая бронзавая плакетка з Рынагана (VІІ ст.) нібы сатканая з чароўных нітак, што плятуцца бясконцымі ўзорамі і вузельчыкамі. Аднак агульны сілуэт Укрыжавання з фігурамі анёлаў і жаўнераў захапляе манументальнасцю і гармоніяй. Хрыстус, каранаваны анёламі, царуе на крыжы, перамагае смерць і пакуты. Ірландскія скульптары падпарадкоўваюць шматфігурныя рэльефныя кампазіцыі законам арнамента, дзе ўсё прасякнута адзіным рытмам, адзінай плынню формы. На востраве захавалася больш за 400 манументальных крыжоў І тысячагоддзя. Іх усталёўвалі, як правіла, у памяць важных падзей у кляштарах. Найлепш захаваны з іх знаходзіцца ў Манастэрбойсе (923 г.). Характэрны сілуэт крыжа стаў адным з сімвалаў Ірландыі. Яго наверша нагадвае архітэктурныя формы стылізаванай пабудовы. У цэнтры кампазіцыя звязана нібы вянком. Біблейскія сцэны цэльнымі блокамі вядуць пластычнае апавяданне да сэрца крыжа, дзе ясна чытаецца фігура Збаўцы. У Манастэрбойсе і ў іншых кляштарных комплексах вельмі выразная архітэктурная дамінанта: круглая ў плане высокая каменная вежа. Вежы служылі для назірання за наваколлем, а ў гадзіну небяспекі ў іх тоўстых сценах хаваліся манахі і сяляне.
|
Укрыжаванне з Рынагана. |
На працягу ІХ—Х стст. ірландцы бараніліся ад нарманаў, спачатку дацкіх, пазней — нарвежскіх. Паўночныя варвары рабавалі і нішчылі краіну. Гінулі людзі і помнікі культуры. Але ўжо тады ірландцы прадэманстравалі свой нацыянальны характар: свабодалюбства, упартасць, глыбокую хрысціянскую веру. У 1014 г. у бітве пры Клантарфе яны разбілі захопнікаў. Аднак міжусобіцы аслаблялі дзяржаву. У 1172 г. паўночныя племянныя лідэры запрасілі на дапамогу магутных суседзяў-англічанаў (вядома, са здрады пачалася безліч нацыянальных трагедый). Так разгортвалася эпапея ірландскай рэканкісты — 800-гадовай вызваленчай барацьбы супраць англійскай акупацыі. Кожнае пакаленне мела сваё паўстанне. Толькі ў 1921 г. ірландцы адваявалі незалежнасць на большай частцы вострава (26 графстваў з 32-х утварылі Ірландскую Рэспубліку). У шасці графствах Ольстэра на поўначы, дзе засталася брытанская адміністрацыя, змаганне працягваецца дагэтуль.
|
З ірландскімі сябрамі ў Ноксе. |
Старажытныя ірландскія кляштары з’яўляюцца цяпер музейнымі комплексамі. Рэстаўратары закансервавалі руіны, якія сведчаць пра былую славу народа. У ХVІ ст. з Англіі разбуральнай хваляй прыйшла катастрафічная для ўсяго еўрапейскага мастацтва рэфармацыя. У храмы і кляштары ўварваліся дзікія кодлы, якія знішчалі ўсё, што не маглі скрасці. Каталіцкі Касцёл у Ірландыі быў забаронены, але толькі на поўначы вострава пратэстанцтва, якое наступала разам з дэнацыяналізацыяй, здолела пусціць карані. Каталіцызм стаў на стагоддзі ідэалогіяй змагарнай ірландскай нацыі. Дагэтуль у палях, каля жыватворных крынічак, можна ўбачыць сціплыя санктуарыі. Тут перад выявамі Мадонны тайна маліліся людзі. Храмы стаялі ў руінах, сувязь з Ватыканам лічылася дзяржаўнай здрадай. Ірландскі Касцёл мае тысячы пакутнікаў з ліку вернікаў, святароў і біскупаў. У сярэдзіне ХІХ ст. нацыянальнае адраджэнне дасягнула небывалай моцы (на адзін з мітынгаў сабралася каля мільёна чалавек), але імперыя трымала востраў мёртвай хваткай. Акупанты спаўна выкарысталі выгоды ад неўраджаю бульбы (асноўнай ежы ірландцаў), якую ў 1845—48 гг. ахапіла хвароба. Падобна сталіністам на Украіне, яны бязлітасна забіралі харчовыя падаткі з Ірландыі, не аказваючы ніякай дапамогі галадаючым. Дагэтуль каля кожнага горада і мястэчка можна ўбачыць вялікія могілкі ахвяраў мору — тады загінула каля мільёна чалавек, эмігравала за мора больш за 3 мільёны. Па народу быў нанесены страшны ўдар. Цяпер, на пачатку ХХІ ст., на востраве жывуць 3,5 мільёны чалавек, а да Вялікага Голаду там жылі 8 мільёнаў (!). Трагічны Exodus ірландцаў прывёў да ўтварэння шматмільённых дыяспараў у Паўночнай Амерыцы, Аўстраліі, Новай Зеландыі. Ірландцы разам з італьянскімі і лацінаамерыканскімі імігрантамі з’яўляюцца апірышчам каталіцкага Касцёла ў Новым Свеце. Ірландская (гэльская) мова таксама пацярпела ад імперскай палітыкі. У незалежнай Ірландыі гэтая старажытная кельцкая мова, зусім непадобная на англійскую, набыла статус дзяржаўнай. Яе вывучаюць у школах, без ведання яе нельга ўладкавацца на дзяржслужбу, на ёй выдаюцца газеты і кнігі, ёю карыстаюцца радыё- і тэлеканалы. Але пачуць гэлік (так коратка называюць гэтую мову) у свабодным штодзённым ужытку можна толькі ў паўднёва-ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах вострава, на самых аддаленых ускраінах. Рыбакі і сяляне, як гэта натуральна здараецца ў гісторыі, захоўваюць родную мову як светач, а большасць грамадства, на жаль, падпарадкавала сваё жыццё чужынскай, англійскай.
|
У кляштарным комплексе ў Клонмакнойсе. |
Апошні акт ірландскай трагедыі распачаўся ў 1968-69 гг. Мірныя дэманстрацыі ольстэрскіх каталікоў былі жорстка падаўлены брытанскай паліцыяй. Каланіяльная адміністрацыя пакінула былую сацыяльна-палітычную сістэму: на службу ў адміністрацыю і паліцыю дапускаліся амаль выключна прадстаўнікі пратэстанцкай абшчыны. Каталіцкія кварталы вызначаліся заняпадам і высокім беспрацоўем. Зразумела, што гэта была не выпадковая з’ява, а вынік палітыкі каланіялістаў. Адзіным аргументам брытанцаў, як у 1921 г., так і цяпер, ёсць статыстычны склад насельніцтва: маўляў, большасць у шасці графствах Ольстэра складаюць пратэстанты (прыхільнікі Вялікай Брытаніі). Аднак вядома, што ў шэрагу паселішчаў і рэгіёнаў шасці графстваў менавіта каталікі (прыхільнікі незалежнай Ірландскай Рэспублікі) складаюць да 100% насельніцтва. Дарэчы, салідарнасць і згуртаванасць каталіцкай супольнасці ў канцы 1960-х нельга было параўнаць з пратэстанцкай. Упэўненыя ў імперскай падтрымцы, апошнія не паклапаціліся ўтварыць ані згуртаванняў, ані баявых груповак. У жніўні 1969 г. Ірландыя стаяла на парозе канчатковага вызвалення. Тэрмінова былі мабілізаваныя рэзервісты, уначы да ольстэрскай мяжы ішлі ірландскія войскі. Удзельнікі тых падзеяў распавядалі нам, што вызваленчая выправа была сапраўдным трыумфальным шэсцем. Брытанская адміністрацыя і пратэстанцкія лідэры ўжо практычна не кантралявалі тэрыторыю шасці графстваў, але ў канфлікт ўмяшалася Аб’яднаная Еўропа — вызваленне «адмянілі». Ясна, што ў Ірландыі бракавала адказнага лідэра, рашучых палітыкаў, якія б выканалі волю народа. У выніку брытанскія спецслужбы за некалькі месяцаў утварылі баявыя пратэстанцкія групоўкі, асацыяцыі, згуртаванні etc. Крывавы канфлікт не спынены й дагэтуль. Адным з яго вынікаў стала масавая эміграцыя (у каторы ўжо раз) каталікоў з шасці графстваў і наплыў імігрантаў з Брытаніі: з кожным годам статыстычны баланс мяняецца не на карысць каталіцкай супольнасці. Дарэчы, у Ірландскай Рэспубліцы грамадзяне пратэстанцкай канфесіі паводле закону і фактычна не адчуваюць аніякай дыскрымінацыі. Так, найстаражытнейшыя храмы Дубліна, Келса і шэрагу іншых гарадоў належаць пратэстанцкай (англіканскай) Царкве, вернікі якой складаюць каля 5% насельніцтва.
|
Айцец Аляксандр Надсан з беларускімі дзецьмі ў Дандолку. |
Ірландскі народ адгукнуўся на бяду беларусаў. Пасля чарнобыльскай катастрофы адносна невялікая краіна (у тры разы меншая за Беларусь) прыняла тысячы нашых дзяцей, больш, чым палова астатняй Еўропы, накіравала ў Беларусь шмат канвояў з гуманітарнай дапамогай. Нельга не згадаць імёны некаторых з тых, хто падарыў свае сэрцы малым беларусам: Эдзі Роўч, Лім О’Мара, сем’і Колс, Фарэл, Мур, Муртаг і многія іншыя. Беларускі Дзіцячы фонд духоўнага і інтэлектуальнага адраджэння «Сакавік», які супрацоўнічае з Ірландыяй, клапоціцца не толькі пра аздараўленне дзятвы, але імкнецца таксама пазнаёміць яе з культурнай спадчынай далёкай (а цяпер такой блізкай нам) краіны. Часам у Ірландыі адбываюцца хвалюючыя, нечаканыя сустрэчы. Так, у верасні 1995 г. у горад Дандолк прыехаў з Лондана айцец Аляксандр Надсан, каб памаліцца разам з беларускімі дзецьмі. Яны назаўжды запомняць гэты яскравы эпізод свайго далёкага падарожжа...
Далучэнне да высокай духоўнасці, да хрысціянскай традыцыі з’яўляецца неад’емным элементам гуманітарнай ірландскай праграмы. Мы наведалі знакаміты санктуарый у Ноксе. У 1876 г. сяляне гэтай невялікай мясцовасці назіралі цудоўнае з’яўленне Укрыжавання, Мадонны і святых, пасля чаго Нокс стаў месцам паломніцтва ўсяго каталіцкага свету.
Сівыя руіны кляштара — знакі Божае ласкі на ірландскай зямлі. Сярэднявечныя муры і вежы сталі гарманічным складнікам краявіду. Суладдзе прастораў неба і зямлі, твораў чалавечага генія, натхнёнага Верай — гэта вобраз краіны святога Патрыка.