|
|
№
3(21)/2002
Мастацтва
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Haereditas
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы
Постаці
Кантрапункт
Культура
|
Пачатак
У Араўканіі, на той час амаль цалкам паганскай, ужо меліся хрысціянскія выспачкі. Адна з іх была ў мястэчку Араўка, што ўзнікла на месцы былой іспанскай фартэцыі. «Колішні касцёл з часу каралеўскага кіравання разбураны землятрусам; на яго месцы вымуравалі меншы, парафіяльны, і пры ім плябань. Наводдаль стаіць меншая каплічка і дамок місіянера. Тут устаноўлены дзве касцёльныя ўлады: адна - пробашча, парафіі якога належыць усё каталіцкае насельніцтва, яе тут называюць іспанскай, а пробашч падпарадкоўваецца дыяцэзіяльнаму біскупу ў Кансепсьёне; другая ж, місіянера, ахопвае індзейскае насельніцтва, навяртаннем якога ён і займаецца, а сам ён моцай папскай булы залежыць непасрэдна ад прыёра францішканскіх місій (іх кляштар знаходзіцца ў Чыльяне), якія папскім рашэннем маюць даручэнне на апостальства ў краі - ад ракі Бія-Бія аж да ракі Імперыяль. Гэтыя дзве ўлады - пробашча і місіянера - не заўсёды ў згодзе паміж сабой». 11 студзеня Дамейка прыехаў у Новы Тукапель, дзе знаходзілася місія айцоў францішканцаў. «Прыгожая ваколіца гэтага Тукапелю, названага іспанцамі імем аднаго з мужных араўканцаў, сваіх зацятых ворагаў. На зялёным узгорку каля лесу відзён белы касцёлік, крыты чырвонаю дахоўкаю, і побач званіца; тут і невялікі дом місіянера… Да касцёла мы пад'ехалі ў прыцемках. Нас ветліва прыняў місіянер, брат Чэрубіні Бранкадоры, францішканец, малы, худы, рухавы, як агонь, італьянец у шэрым, да зямлі, габіце, босы, галавы амаль не відно з-пад каптура. Сюды яго прыслалі з галоўнага місіянерскага кляштара ў Чыльяне дзеля заканчэння будаўніцтва місіянерскага дома і касцёла, а таму ён быў больш цесляром, муляром, цагельнікам, чым прапагандыстам веры. Меў шмат работнікаў, фармаваў і выпальваў цэглу, нарыхтоўваў драўніну для будаўніцтва.
Гэтая цяпер занядбаная місія ў Тукапелі існавала амаль ад часу адкрыцця Паўднёвай Амерыкі ды за каралеўскай уладай старанна ўтрымоўвалася; шмат разоў разбураная і адбудаваная, і заўсёды хапала палымяных місіянераў, звычайна, іспанскіх манахаў. Апошнім часам, калі патрыёты захапілі Кансепсьён і амаль з усяго Чылі было вымецена каралеўскае войска, тут было апошняе поле, на якім з усёй зацятасцю трымаліся іспанцы пад камандаваннем генерала Санчаса, які меў шматлікіх хаўруснікаў араўканцаў і нямала добрых жаўнераў-чылійцаў, як Беневідас і Пінчэйра. Таксама і шмат грамадзянаў з Кансепсьёна, не ўпэўненых у выніках вайны, шмат ксяндзоў, нават манашак знайшлі сабе прытулак тут і ў навакольнай пушчы. Тут было апошняе на сушы паражэнне каралеўскай сілы. А калі патрыёты захапілі місію, яны разбурылі касцёл і кляштар; разбегліся місіянеры і манашкі, засталіся толькі голыя муры, якія абрынуліся падчас апошняга землятрусу 1835 г. Блізу трыццаці гадоў ляжаў гэты друз некранутым, нібы апошні трафей вайны за незалежнасць. Ніхто не падумаў пра місію; урад рэспублікі меў шмат спраў; напаўасвоеныя колішнімі місіянерамі індзейцы былі зноў вярнуліся ў дзікі стан, а з ахрышчаных толькі некаторыя захавалі свае атрыманыя пры хрышчэнні імёны. Год таму індзейцы, ці то з уласнага памкнення, ці то праз намову кацыкаў і капітанаў-сяброў пайшлі да інтэнданта правінцыі, які ў той час адпачываў у сваім фальварку Санта-Фэ, з просьбай, каб аднавіў і вярнуў колішнюю місію ў Тукапелі. Да гэтага нямала спрычыніліся цяперашні камісар Зуніга, ягоныя два браты, капітаны-сябры, тукапельскі кацык ды іншыя, Каліпі, Пінолеў.
Але як толькі разышлася па Араўканіі вестка, у нашчадках Ляўтара абудзіліся колішнія зацятасць і страх парабачэння. Збіраецца, як звычайна гавораць, іх сенат, прыязджаюць здалёк - з-пад Імперыяля, Тальтэну, з Кардыльераў - кацыкі і пасля кароткай нарады заяўляюць, што не хочуць ані місіі, ані місіянера. Дарма тлумачылі старэйшыя, камісар і капітаны-сябры, што місія ніколі ім нічога дрэннага не зрабіла, што манахі, ці як яны іх называлі, падрэ, раілі выбіраць супакой, адстойвалі індзейцаў перад урадам, што яны прынеслі крыж (а варта ўвагі, што нат самыя дзікія араўканцы, нават тыя, якія не ведаюць і не пытаюць, што такое крыж, маюць да яго нейкую павагу і боязь), што касцёл у Тукапелі стаяў ужо больш за 200 гадоў і разбурылі яго не індзейцы, а самі іспанцы, і што цяпер самі іспанцы, бачачы, як абразілі «сваіх сяброў», вырашылі адбудаваць місію, мець школу для дзяцей і вучыць індзейцаў, як павінны будаваць дамы і ўрабляць зямлю. «Так, так, прыходзяць вучыць, - адказвалі самыя заўзятыя, - прыходзіць падрэ, а за ім камісар, і батальёны, і людзі, якія ад нас выцыганяць зямлю і збудуюць крэпасці». Так усчалася вялікая нязгода і непаразуменне індзейцаў з іспанцамі, даходзіла да сваркі, да пагрозаў; ужо кацыкі збіраліся разыходзіцца кожны ў свой бок асаджваць жалезнае вастрыё на дзіду і пачынаць грамадзянскую вайну, калі Каліпі ды іншыя, што былі самымі моцнымі і папулярнымі сярод сваіх, параілі: «Браты! Няхай нас рассудзіць чуэка!» (Што такое чуэка? Гэта любімая гульня араўканцаў. Звязваюць з ёю штось фатальнае - нібы вельмі слушна можа развязаць спрэчку, асабліва калі вырашэнне паспрыяе агульнаму дабру.)
Тады ў абумоўлены час у Тукапель сабралася з усёй Араўканіі мноства кацыкаў і самых славутых гульцоў з чуэкамі. Недалёка ад місіі выбралі пляц. Хапіліся за варожбы і магічныя дзействы. Кожны з двух бакоў прынёс чэрап якога-небудзь калісьці вядомага гульца і паклаў яго на сваёй мяжы, каб дух таго нябожчыка, што пры жыцці заслужыў хвалу і трыумфаваў, цешыўся імпэтам бравых араўканцаў і кіраваў лёсам гульні. Кожная з тых партый прывезла з сабой самых давераных гульцоў, варажбітаў і чараўнікоў, гэтак названых мачы, і лекараў, абавязкам якіх было лячыць параненых і пакалечаных. Не памяталі араўканцы такой сур'ёзнай і напорыстай гульні. Два дні доўжылася чуэка. Толькі трэцяга дня перамаглі староннікі місіянера. З гульні выйшла, што няма чаго баяцца і трэба дапамагаць адбудоўваць касцёл і кляштар. На гэтым полі склікалі другі, вырашальны, парламент. Ім ужо трэба было пастанавіць, якім спосабам, са згоды навакольных кацыкаў, меліся прыступіць да адбудовы касцёла. На гэты парламент прыбыло шмат вядомых кацыкаў ды іх падуладных; а перад радай дзічы, сярод іх, стаў адзінокі, спакойны, босы, бедны, з драўляным крыжыкам і ружанцам брат Пацыфіка, прыняты імі з вялікай увагай і пашанай. Вырашылі сама перш паставіць высокі крыж пасярэдзіне пляцу, дзе вяліся нарады, на знак - і гэта разумелі не асвечаныя верай араўканцы - узаемнага даверу і супакою. Пачаліся перамовы. Араўканцы аніяк не хацелі пагадзіцца, каб ксёндз для муравання касцёла і кляштара запрашаў работнікаў з Чылі, хрысціянаў; непакоіліся, каб тыя работнікі пасля не аселі на іх землях ды не заснавалі пры нагодзе мястэчкі і вёскі. «А з кім я буду будаваць, - спытаў брат Пацыфіка, - калі ж вы няздатныя на гэта?». «Ты нас навучыш будаваць, мы вам дамо дастаткова людзей, - адказалі кацыкі». «Добра, - супакоіў іх манах, - згодзен, толькі папярэджваю, што работнікі, якіх да мяне будзеце прысылаць, мусяць працаваць увесь тыдзень і толькі ў суботу будуць атрымоўваць плату; калі ж каторы з іх раней пойдзе, страціць права на плату нават за дні, калі працаваў». Пасля доўгай гадзіны недаверу, роздуму, пагадзіліся кацыкі з прапановай місіянера і дазволілі яму прывезці цесляра і майстра дзеля абпальвання цэглы, работнікам індзейцам брат Пацыфіка абавязаўся плаціць па два рэалы (два злотыя) за дзень працы». Ігнат Дамейка і ў Араўканіі цікавіўся вераваннямі тубыльцаў. «Пачалася размова з араўканцам, ці знаюць яны Бога. Капітан сцвярджаў, што індзейцы пакланяюцца сатане, д'яблу, злому духу, але не Богу, а я згадаў два радкі з «Араўканы» Эрсільі:
Jente sin Dios, ni ley aunque respeta «Гэты народ не верыць у Бога, не прызнае Ягоных законаў, хоць хвалу даюць таму, які Ім быў выгнаны з неба».
Зуніга, аднак, нагадаў, і гэтаму не працівіўся індзеец, што, калі рэжуць барана, першую кроплю крыві ахвяруюць камусьці, кажучы: «ты нам даў барана», і лічаць кроў быдла вялікім ласункам. Таксама, калі на сходах п'юць чычу, кроплю напою выліваюць на землю - для каго? Паважаюць крыж, хоць і не ведаюць, што азначае; хрысціяніна называюць Інка, а Бога - Вялікі Інка«. Падчас падарожжа па Араўканіі «капітан апавядаў нам пра непрыемны выпадак, што здарыўся тут з адным біскупам. Біскупы дыяцэзіі Кансепсьён былі абавязаныя рабіць кожныя два або тры гады візітацыі парафіяў правінцыяў Вальдзівіі ды Чылоэ, што належалі да гэтай дыяцэзіі. Дык вось, калісьці, магчыма, яшчэ ў мінулым стагоддзі, біскуп ехаў з Кансепсьёна ў Вальдзівію сушай, бо ў той час плыць морам заняло б шмат часу, калі-нікалі бура заносіла малыя караблі аж на выспы Хуана Фернандаса, дзе яны маглі разбіцца або тры ці чатыры тыдні блудзіць у моры. Дык вось наш біскуп з шматлікім аршаком ксяндзоў і касцёльным рыштункам прадзіраўся праз гэтую пушчу дарогай, якой і мы едзем, а тая праклятая дзіч сачыла яго ды дагнала каля гэтых хвоек. Адныя індзейцы, з кацыкаў Пурэн, Мульхен, хацелі адразу яго забіць ды падзяліць маёмасць, а іншыя, з Цірны, не дазволілі. Пасля працяглых спрэчак ледзь не дайшло да чубоў, а бедны біскуп і ягоныя ксяндзы ўжо аддалі сябе волі Божай. Тады паклікалі на нараду кацыкаў з далёкіх старон і згадзіліся, што трэба наладзіць суд чуэкі. Індзейцы раздзяліліся на дзве партыі: адны былі за біскупа, другія супраць. Біскуп прысутнічаў. Ужо было выйгралі два разы тыя, што хацелі забіць біскупа; разабралі яго маёмасць, што вёз з сабою, паўбіраліся - адзін нацягнуў на галаву інфулу, той - арнат, гэты - комжу, хтось на босыя ногі абувае гафтаваныя золатам чаравікі, п'юць чычу, а біскуп спакойна паглядаў, чакаючы трэцюю пробу, бо яшчэ не хапала аднаго выйгрышу, без чаго суд быў непаўнаважны. Тут сабраліся з сілай цірнанцы і з Божай ласкай не толькі раз, але і два, і тры разы прагналі праціўнікаў за лінію, вярнуліся з трыумфам, аддалі біскупу, што было забралі, ды дазволілі рушыць далей». Можна толькі ўявіць, якія выпрабаванні выпадалі місіянерам, але яны не зракаліся свайго паклікання, настойліва ішлі хрысціянскім шляхам пакоры і любові.
Пра розныя выпадкі апавядалі Дамейку спадарожныя. А каля горада Імперыяль ён успомніў апісанае іспанскім паэтам цудоўнае з'яўленне Панны Марыі.
Гэта мне нагадала ўрывак з твора Эрсільі пра першы напад індзейцаў на горад у 1554 годзе. Таго лета пад'юджаная дзіч узяла Імперыяль у аблогу. У горадзе пачаўся голад, і яго жыхары не спадзяваліся на хуткую адваёву. Каўпалікан даў загад араўканцам, якія атабарыліся за тры мілі, пачаць штурм горада. Паімчалі яны, а раптам пачаліся бура і 1, грымоты і маланкі, а зверху злятае злы дух, араўканскае боства Эпанамон:
En forma de un dragon horrible y fiero, «Кшталтам - нібы агідны, шалёны цмок з закручаным агністым хвастом, і падганяе індзейцаў, каб як мага хутчэй беглі ў горад, ручаецца, што лёгка ўвойдуць і пазабіваюць жыхароў, аслабелых ад голаду».
Сказаў, усе яго зразумелі,
(Esto dicho, que todos lo entendieron А тым часам распагаджваецца неба, хмары расходзяцца, толькі страх не пакідае нават самыя мужныя сэрцы. А праз хвіліну яснае, блакітнае неба разлівае па зрошаных свежым дажджом палях водар і радасць, і ў празрыстым воблаку з'яўляецца жанчына ў белі ў такім бляску, што пры ёй паўдзённае сонца здалося прыцемненым, нібы зорка пры сонцы. З ёю быў паважны ссівелы стары; знаць было, што стары быў святым. І з такою любоўю глядзела на індзейцаў, што яны перасталі баяцца, а калі супакоіліся, звярнулася лагодным голасам да іх у іх мове: «Куды вы ідзяце на пагібель вашу, вяртайцеся кожны дадому; Бог нясе дапамогу хрысціянам і хоча вас аддаць пад іх уладу і суд, вас, няўдзячных, жорсткіх, бунтароў; глядзіце ж, не хадзіце туды, бо Ён у іх рукі дасць нож і кару на вас». Гэта сказаўшы, пакінула зямлю і ўзнеслася ў неба. Затаіўшы дыханне, раззявіўшы рот, утаропіўся здзіўлены араўканец у бялюткую аслону гэтай нябеснай хвалы-з'явы, а калі знікла, усе, нібы абуджаныя страхам, глядзелі адны на адных, не кажучы ні слова. Пасля ўсе хутка разбегліся, нібы агонь за імі гнаўся. Пра тое з'яўленне Найсвяцейшай Панны і ацаленне горада ў індзейцаў і ў чылійскага народа захавалася паданне. Храністы таго часу згодныя, што горад ацалеў цудам, і ўпэўненыя ў перамозе араўканцы самахоць знялі аблогу».
«Вальдзівія, сталіца правінцыі той жа назвы, мае каля тысячы жыхароў, а ўся правінцыя - нібы дзесяць тысячаў. Большая палова жыхароў - індзейцы, пераважна ахрышчаныя. Індзейцы вызваленыя ад падаткаў, ад усялякай службы і падзеленыя на місіі, кожная з якіх мае свайго місіянера, але яны не ўваходзяць у парафіі. Пробашчы апякуюцца толькі іспанскім насельніцтвам, як дасюль называюць асаднікаў, і падпарадкоўваюцца біскупу; місіянеры маюць сувязі толькі з Апостальскай сталіцай, якая яшчэ падчас каралеўскага ўраду так распарадзілася, што ўсіх індзейцаў паўночнай часткі Араўканіі аж да Імперыяля аддала пад апеку місіянерам францішканцам з Італіі, а паўднёвых земляў - ад Імперыяля аж да выспы Чылоэ - місіянерам капуцынам. І тых і другіх Апостальская сталіца прысылае з Італіі. Тыя маюць свой галоўны кляштар у Чыльяне, капуцыны ж - у Сант'яга. Каралеўскі ўрад паважаў, і цяперашні ўрад рэспублікі паважае гэтае папскае распараджэнне. Кожны місіянер штомесяц атрымоўвае ад ураду 25 піястраў на школку для індзейскіх дзяцей. На жаль, паміж францішканцамі і капуцынамі ўзнікаюць непаразуменні; урад не вельмі ім дапамагае, і да гэтага часу пастаянна дзейнічаюць толькі адна ці дзве місіі, заснаваныя на паўночнай, і дзве на паднёвай межах незалежных індзейцаў. У самой жа правінцыі Вальдзівія знаходзіцца толькі некалькі місіянераў капуцынаў, што займаюцца апостальствам і апекай пераважна ахрышчаных індзейцаў, якія прызнаюць верхавенства чылійскага ўраду. Шмат хто з гэтых індзейцаў носіць штаны, кашулі і капелюшы - знак, што аддалі сябе пад апеку ўраду, але неахвотна прымаюць Хрыстову навуку…
Місіянер айцец Гіляры, італьянец, малады, вясёлы, дужы, прымаў гасцей і частаваў іх чычай. Ветліва вітаў нас, запрасіў у дом і загадаў кухарцы насмажыць бараніны. А мы з ім пайшлі агледзець школку, што знаходзілася за домам. Дванаццаць хлопцаў шасці-дзесяці гадоў уголас вучыліся чытаць; кожны з купай чорных начапураных валасоў, кожны меў на сабе толькі невялікае чорнае понча. Як толькі мы ўвайшлі, дзеці спалохаліся, змоўклі. На ўтрыманне кожнага вучня ўрад плаціў місіянеру штомесяц дзесяць піястраў і дваццаць пяць піястраў кацыку, які прыводзіць дзяцей у школу. Місіянер да таго ж меў з колішняй фундацыі зямлю і яблыневы гай, з якога вырабляў некалькі сотняў аробаў (кожная па 40 бутэлек) сідру. Айцец Гіляры гладзіў малых араўканцаў па галоўках, размаўляў з імі на іх мове; для мяне гэта было мілае відовішча: купка дзяцей з дзікаватымі позіркамі, сярод іх ксёндз, а на стале - памаляваны на чорна крыж і катэхізісы, з якіх дзеці вучыліся чытаць. Выйшаўшы са школкі, я ўбачыў на дзядзінцы трох маладых араўканак у сваіх традыцыйных строях, з якіх адна таўклася каля кухаркі, а дзве пралі. Тут жа некалькі маладых індзейцаў працавалі каля новага будынка, які ставіў айцец Гіляры. Калі запытаў у місіянера, ці яны працуюць дарма ці дзеля заробку, ён мне адказаў, што яшчэ колішнія іспанскія місіянеры завялі такі звычай. Калі маладыя індзейцы, бацькі якіх прынялі веру, хочуць ажаніцца, то яны павінны прыйсці да місіянера, каб той іх праэкзаменаваў, ці ведаюць катэхізм, малітвы, касцёльная правілы ды даведаўся, як яны сябе паводзяць. Гэты звычай захоўваецца дасюль. А таму што маладыя, пакуль жывуць у бацькоўскіх дамах, забываюць, чаму іх навучылі ў школцы, а бывае так, што нічога не вучылі, хоць і хадзілі ў касцёл, то місіянер вымушаны іх, будучых сужонкаў, вучыць цягам трох, чатырох і больш тыдняў, часам прывучаючы да працы; ён жа мусіць іх карміць, вучыць і аберагаць, а яны за гэта прыслужваюць і працуюць пры місіі. Хоць звычайна непанятлівыя і гультаяватыя, аднак часам, каб хутчэй ажаніцца, вучацца старанней і добра спраўляюцца з работай. А пасля - споведзь, шлюб і вяртаюцца дамоў. Яны ж, а таксама і старэйшыя, прыходзяць працаваць дарма або за невялікую плату на полі, падчас жніва або вырабу сідру; так паволі прывыкаюць да права і ўлады, мяняюць вопратку: мужчыны адзяваюць штаны і капялюш, жанчыны - кашулі, і перамяняюцца ў чылійскае цывілізаванае насельніцтва. Такім жа, мабыць, спосабам прыручана і захавана ад знішчэння індзейскае племя ва ўсім Паўночным Чылі, так што сёння ўжо нават сярод простых людзей сціраюцца рысы тубыльцаў і ўзнікае новы народ, мільёны новага народу, далучанага да Касцёла. Такімі здольнасцямі місіянераў і каталіцкіх асаднікаў не валодалі англасаксы…
Пры нагодзе місіянер расказаў мне шмат цікавага пра індзейцаў, пра іх характар, звычкі, забабоны і станоўчыя якасці. Шмат што адпавядала пачутаму ад францішканца з Тукапеля, ад капуцына айца Ронюла з Вальдзівіі ды таму, што на свае вочы мог угледзець і заўважыць». Вяртаючыся з падарожжа, Ігнат Дамейка завітаў у Тукапель і там зноў сустрэўся з місіянерамі. У місіі яго чакала неспадзяванка. «На начлег мы паехалі ў місіянерскі кляштар. Напярэдадні сюды прыехаў брат Пацыфіка, францішканец; Чэрубіні Бранкадорэ ўжо быў закончыў мураваць сцены касцёла і крыў дахоўкаю толькі што пабудаваную школу. Абодва прынялі мяне вельмі ветліва, проста і пакорліва. Айцец Чэрубіні, італьянец, з жывой фантазіяй, вясёлы, ужо паслаў да кацыкаў і навакольных індзейцаў заклік, каб з'явіліся ў Тукапель на прывітанне і знаёмства з новым місіянерам. Але ён ужо быў у нейкім непаразуменні з камісарам, які, калі не памыляюся, надта ж клапаціўся пра сваю цывільную ўладу, не дбаючы пра духоўнасць. Я правёў прыемны вечар, гутарачы з манахамі. Айцец Чэрубіні хуценька абсталяваў капліцу ў кляштары, бо касцёл у сярэдзіне яшчэ не быў скончаны; і назаўтра, сёмага лютага, меў шчасце слухаць тут Імшу, першую пасля трыццацігадовага перапынку, бо місія з пачаткам вайны за незалежнасць краіны была зачынена». У 1884 г. Ігнат Дамейка вырашыў наведаць Айчыну. З ім выбраліся і абодва сыны. Провады былі ўрачыстымі: аркестр іграў нацыянальны гімн, прамаўлялі ўрадоўцы, сенатары, прафесары ды студэнты. 27 траўня параход «Брытанія» выплыў з порта Вальпараіса і скіраваўся ў Еўропу - праз Магеланаву цясніну. «16 чэрвеня. Пачынала днець, калі «Брытанія» ўвайшла ў затоку Рыа-дэ-Жанэйра. Неба было пахмурнае, накрапваў дожджык, цёпла. Гэтая найпрыгажэйшая ў свеце затока, горад і ўся прырода, выгляд якіх 46 гадоў таму, калі я плыў у Чылі, зачараваў і ўзрушыў мяне, цяпер паўсталі перада мною ў смутнейшых колерах і ў цьмяным святле. Узрост і зімовая пара былі прычынай, што падарожжы страчвалі сваю чароўнасць; не вабілі ўжо навізной узнёслыя какосавыя пальмы, сажністая бананавая лістота, высокі бамбук і маляўнічыя горы. Не трацячы часу, сеў з сынамі ў першы ж човен, які прыстаў да парахода, і паплылі ў горад. Не пазнаў яго - настолькі з часу майго першага наведвання пахарашэў і павялічыўся; новыя палацы, шырокія вуліцы, трамваі, новыя плошчы і сады, не відаць паўголых мурынаў. Зазванілі на Імшу. Мы спатыкалі шмат людзей, якія з кантычкамі ішлі ў касцёл, - была якраз нядзеля. Не пытаючы нікога, пайшлі ў першы ж касцёл, да якога нас павяла Божая ласка. Гэта быў, калі не памыляюся, той самы, у якім 46 гадоў таму на Вербніцу слухаў першую ў Амерыцы Імшу. З прычыны нейкай рапарацыі вялікія сярэднія касцёльныя дзверы былі зачыненыя, праз бакавыя мы ўвайшлі ў доўгую, вузкую, крыху цемнаватую капліцу, дзе было шмат алтароў і запаленых свечак, але не было нікога, апроч адной жанчыны ў жалобе, што ўкленчыла перад алтаром Найсвяцейшай Панны. Тут укленчыўшы, чакаючы Імшу, я прыгадаў, як маладым, першы раз ступіўшы на зямлю Новага Свету, шчыра маліўся, аддаючыся пад апеку Усемагутнага, і сёння бачу, як за Яго накіраваннем і бязмежнай дабратой, пасля паўвяковай вандроўкі і шматлікіх прыгодаў, здаровым і ўласнай сілай вяртаючыся на родную зямлю, мушу быць удзячным за гэтую апеку, прызнаючы ў ёй Найвышэйшы Провід, ды абавязаны з найглыбейшай пашанай у душы падзякаваць Богу. Бо хто ж - прыгадваю - абярог мяне ад калецтва, ад гібелі ў гарах, на моры, у глыбокіх шахтах, дзе гінуць тысячы маладзейшых і дужэйшых за мяне людзей? Хто ж, калі не Бог, літасціва абярог мяне ад заразных хваробаў, ад наступстваў маіх нягодных схільнасцяў, ад злых людзей? Хто ж дазволіў, што палюбілі мяне чужыя людзі, а пахвальбой, патураннем не ўзбудзілі ўва мне гардыні? Хто ж даў мне новую сям'ю, новых родных і сяброў замест тых, што памерлі на радзіме? Каму ж я абавязаны гэтым паслухмяным Табе сэрцам, у якім змясціліся і любоў да роднай, і любоў да набытай Айчыны? Хто ж урэшце так пакіраваў мною ў маім настаўніцкім пакліканні, што і абавязак выкананы, і заслужана працай маёмасць для дзяцей і для мяне старога, калі не Ты, Божа? Такія падчас малітвы прыходзілі думкі, нібыта хтось шаптаў на вуха: «Ці памятаеш?» Ці памятаеш, як гадоў з пяцьдзесят таму, пасля нацыянальнай катастрофы, табе, прывучанаму да выгодаў панічоўскага жыцця і кінутаму на прускую пустку, здавалася, што не перажывеш? А як сем гадоў пазней развітваўся на парыжскім бруку з Адамам, Багданам, Вітвіцкім, Яньскім - назаўсёды? А калі ледзь выплыў на няшчаснае мора, якая цябе ў Біскайскай затоцы сустрэла бура, што разбіла шмат караблёў, і ўвесь дзень і ўсю ноч кідала таго «Павука» (так перакладаецца назва карабля «Spe»y, на якім Дамейка плыў з Англіі ў Чылі. - З.С.), нібы мяч. І не лепш было каля берагу Бразіліі, калі ў вераб'іную ноч наш карабель пачаў церціся аб марское дно - трэсліся мачты і канаты, рыпелі карабельныя бэлькі, ужо выносілі на палубу скрыні і грузы, каб скінуць у мора, адвязвалі чаўны і шлюпкі; капітан бялеў - Бог ацаліў. Страшная пасля была сутычка з бурным пампэра і не лягчэй было праехаць на кані трыста міляў па аргенцінскіх стэпах, дзе даводзілася асцерагацца нападу дзікіх індзейцаў, вядомых сваёй жорсткасцю. Паўставаў у думках і тагачасны пераход праз Кардыльеры, віхуры і снежныя завеі на іх вяршыні, тая прорва, ад якой мяне Бог уратаваў. (Тут другі раз зазванілі на Імшу. Народ яшчэ не заходзіў у касцёл, чакаў, як зазвоняць трэці раз.) Пасля кароткага перапынку ў маім роздуме зноў пачалі абуджацца ўспаміны шматлікіх прыгодаў, з якіх выразна Божая рука вынесла мяне здаровага. Прыгадаў сабе, як у адной з цёмных срэбраных шахтаў я, паслізнуўшыся, ужо падаў у глыбокі - мо сто локцяў - ствол шахты, а дужы шахцёр ухапіў мяне за нагу і вынес на сваіх плячах. Як пару гадоў пасля, калі сядзеў каля стала па-над планам шахты, раптам невядомая сіла ўмомант кінула мяне за парог, і тут жа за маёй спінаю абрынуўся ад падземнага штуршка ўвесь дом. Паўстала ў думках свежа выкінутая з вулканічнай глыбіні сальфатара, на якой я, цікаўны, лазячы ўвесь дзень у пары і сярністых газах, пакінуты праваднікамі, траціў прытомнасць, а Божы Провід прывёў мяне на бераг струменю, і ноч асвяжыла. І як жа забыць той букавы лес, дзе разбойнікі зрабілі на мяне засаду (калі я вяртаўся з экскурсіі ў Кардыльеры), але заснулі, ды я з маім прыяцелем на конях шчасліва праляцелі каля іх. А яшчэ на памяць прыходзілі падарожжа ў краіну дзікіх, бязводная пустыня Атакама, некранутыя паўднёвыя лясы і андыйскія вяршыні. (Тут касцёльны звон трэці раз паклікаў вернікаў на Імшу. Капліца напоўнілася людзьмі, і ксёндз выйшаў з закрыстыі.) Хто ж не ўявіць, з якой шчырасцю і пакорай я слухаў гэтую Імшу - як падзяку Богу за Ягоную святую апеку - упэўнены і перакананы, што Ягоныя дабрыня і міласэрнасць уратавалі мяне з непараўнальна больш шматлікіх прыгодаў, пра якія і не ведаю, якіх не заўважыў, пра якія толькі мой анёл апякун мог бы мне сказаць, калі б яму дазволілі…» Пад Божаю апекаю падарожныя шчасліва даплылі да берагоў Францыі. «А першай гадзіне наш карабель прыплывае ў Бардо. Бачу на руме дачку і зяця ды жыва саскокваю на мацярык, які сорак шэсць гадоў не таптаў. Вітаю цябе, Еўропа, пасля доўгага расстання і цябе, Францыя, якую любіў з дзіцячых гадоў і да якой прыбег пасля нашага паражэння; ад яе ж меў эмігранцкую падтрымку. Няхай Бог яе за гэта ўзнагародзіць… Два прыемныя дні правялі з дачкою і зяцем у гэтым горадзе. Надвор'е спрыяла. У прыгожых, старанна дагледжаных парках буйна цвілі магноліі, амаль такія высокія і разложыстыя, як нашыя чылійскія; радавалі вока разнастайныя хваёвыя і лісцёвыя дрэвы, шырокія газоны, абсаджаныя кветкамі. У парку - цяпліцы і музей. Усё мяне вабіла, але найбольш - гатычны будынак цудоўнай катэдры, а побач з ёю магутная, як каталіцкая вера, узнесеная ў неба вежа; з цяжкасцю простым вокам можна было ўбачыць на яе версе крыж. А якія прыгожыя ў гэтым касцёле скляпенні, калоны, ад якіх уверсе разыходзяцца аркі, а ўнізе каля іх - пачарнелыя ад старасці скульптуры біскупаў і манахаў, а ўсё аздоблена каменнымі каронамі. Прызнаюся, што ніколі пяцьдзесят гадоў таму, перад маім падарожжам у Амерыку, не быў так узрушаны, усхваляваны прыгажосцю гатычных касцёлаў, як цяпер. Надвячоркам, перад выездам, мы пайшлі яшчэ агледзець самую старую частку горада, дзе паміж крывымі, цеснымі вулкамі ўбачылі малы гатычны касцёлік (з XI ці XII стагоддзя - як мне сказалі), вузкі, у чатыры разы вышэйшы за сваю шырыню. З яго адноўленых аздобаў і часткі аголеных сценаў было відаць, што шмат выцерпеў, перахварэў і быў адноўлены. Каля яго расчысцілі невялікі пляц і пабудавалі новую вежу на месцы могілак. Падчас будаўніцтва вежы з магілаў дасталі некалькі дзесяткаў непапсаваных муміяў, якія дагледзелі і паставілі каля сценаў у склепе пад вежай. Мы ўвайшлі туды са свечкамі, а вяла нас нейкая набожная жанчына, вартаўнічка збору гэтых шмат вякоў таму закапаных трупаў. Іх там каля сарака; кожны стаіць прыстаўлены да сцяны, як нібы толькі што выйшаў з труны. На некаторых яшчэ засталіся часткі вопраткі, хоць і пачарнелай. На іх скасцянелых абліччах, сцягнутых ссохлай скурай, яшчэ пазнаецца выраз апошняй часіны; у большасці - спакой, на некаторых, калі ўглядзецца, відна пакора; павыкручваныя галовы і чэлясы іншых выяўляюць людзей, нібы пахаваных жывымі. Абышлі ўсіх; была між іх і жанчына з маленькім дзіцем, як бы толькі народжаным. Міготкае святло свечак блукала па тварах і папераменна высвечвала адныя, кідала цень на іншыя; здавалася, што яны паўстаюць з магілаў на голас трубы анёла». З Бардо Ігнат Дамейка паехаў у Парыж. «Наступным днём, у нядзелю, на Імшы ў польскім касцёле, дзе ўжо сорак гадоў на кожнае касцёльнае і нацыянальнае свята збіраюцца - штораз то меншай грамадою - эмігранты, убачыў з пяцьдзесят лысых, ссівелых, сагнутых старых і ўдвая менш палячак рознага ўзросту. Гэта былі рэшткі нашых выгнаннікаў, хоць ад 1832 года наша эміграцыя яшчэ двойчы абнаўлялася - удзельнікамі пазнейшых паўстанняў. Імшу правіў ксёндз Віткоўскі, прыёр місіі айцоў ордэна Уваскрашэнцаў, які быў заснаваны ў 1832 г. эмігрантамі (Кайсевічам, Семяненкам ды інш.); казанне меў ксёндз Сяменьскі, спявалі польскія песні». У Парыжы госці не заседзеліся ды праз Нямеччыну і Вену паехалі ў Кракаў. Там Дамейка «…слухаў Імшу ў касцёле Панны Марыі - як падзяку Богу, - а пасля пайшоў першай, што трапілася, вуліцай (гэта была Кармеліцкая) і выйшаў на Плянты ды абышоў значную частку іх і, каб не заблудзіцца, вярнуўся той жа самай дарогай… Пасля пайшлі наведаць вялебнага біскупа Кракаўскага ксяндза Дунаеўскага, знакамітага сваёю пастырскай і палітычнай дзейнасцю (брата цяперашняга аўстрыйскага міністра фінансаў), які мяне прыняў па-бацькоўску, а тады ў таварыстве паважанага захавальніка гістарычных помнікаў, вядомага сваімі цнотамі ды вучонасцю пана Лэпкоўскага, - на Вавель. Больш за гадзіну мы аглядалі каштоўнасці, сабраныя ў закрыстыі старога вавельскага касцёла, у якім захоўваецца цела святога Станіслава, біскупа-мучаніка. Ксёндз Палькоўскі даставаў з шафаў адну за адной рэчы, тлумачыў - здзіўляў нас веданнем гісторыі той эпохі, якой належалі гэтыя рэчы: келіхі, мітры, арнаты, аздобленыя брыльянтамі, сапфірамі, смарагдамі манстранцыі; некаторыя - рэліквіі трынаццатага і пазнейшых, да караля Станіслава Аўгуста, стагоддзяў; каралеўскія дары, уласнаручна вышываныя Ганнай Ягелонкай. Ксёндз Палькоўскі вымаў кожную рэч і клаў яе на месца з такой павагай і пашанай, нібы на яго глядзелі духі біскупаў і кардыналаў, імёны якіх ён называў. Пасля мы пайшлі ў касцёл і ўкленчылі перад труною св. Станіслава. Нядоўгай была малітва, і нельга было не ўспомніць пра магутнага караля, які, правініўшыся, не чакаў - як бы гэта ў нашым стагоддзі было б, - каб яго нейкая рэвалюцыя прагнала, а ўзяў жабрачы кій і сам пайшоў, гнаны пакаяннем, на чужыну. Тут жа пачалі аглядаць і труны каралёў. Найдаўжэй затрымаліся каля Казіміра Вялікага, Ягайлы, Жыгімонта Старога і Яна Сабескага, а пасля аддалі пашану прахам Касцюшкі ды Панятоўскага. У тых крыптах і капліцах жыве нашая гісторыя… Па абедзе з панам Кучыньскім і ягонай дачкою паехалі на магілу Касцюшкі. Укленчыўшы на хвіліну ў касцёле святой Браніславы, узняліся на вяршыню кургана, насыпанага, як вядома, рукамі кракавянаў». З Кракава Дамейка паехаў у Варшаву, адкуль, нарэшце, з роднымі і студэнцкім сябрам А.Э.Адынцом - на Бацькаўшчыну, у Літву. Раніцай 9 жніўня 1884 г. ён убачыў родную Мядзвядку. «Пасля снедання пайшлі наведаць магілы маіх братоў Казіміра і Адама ды Іпаліта і ягонай жонкі. Касцёлік, у якім мяне, дзевяцігадовага, падрыхтавалі да першай Камуніі ды дзе з самых ранніх гадоў, як я памятаю, кожную нядзелю была Імша, спявалі набожныя песні, а кожнае касцёльнае свята праходзіла так прыгожа, захапляльна і радасна, ужо 20 гадоў - з часу навяртання ў праваслаўе уніяцкіх сялянаў Мядзвядкі - як быў зачынены. У гэтым касцёліку быў пахаваны ў 1836 (ці 1837) годзе Адам. Мой брат Казімір, атрымаўшы пасля яго маёнтак, запрашаў сюды ксяндзоў, то рымска-каталіцкага, то уніяцкага; а пасля той буры 1863 года, баючыся, каб тут не ўвялі схізму, спаслаўшыся, што касцёлік стары, зачыніў яго, але поп з Міра, у парафіі якога касцёл знаходзіцца, забраў ключ і прэтэндуе на яго. І я толькі зямлю пацалаваў каля дзвярэй касцёла ды памаліўся, абышоў вакол яго па хвойніку, які яго акружае, і дзе да гэтага часу сяляне хаваюць сваіх памерлых, і па якім - памятаю - падчас урачыстых святаў хадзілі з працэсіяй: мой бацька вёў пад руку ксяндза з манстранцыяй, аканом запяваў, а мы за ім спявалі «Бог - наш ратунак» ды іншыя песні… 10 жніўня. Назаўтра рана паехалі з Лявонам у Мір, на магілу майго бацькі. Ён памёр напрадвесні 1809 года і быў пахаваны каля парафіяльнага уніяцкага касцёла, леваруч ад уваходу. Хоць меў толькі сем гадоў, як памёр бацька, адразу ж успомніў месца яго магілы, цяпер парослае травою, і той момант, калі падчас апускання труны ў магілу мае дзядзькі ды я з братам Адамам, стоячы над долам, плакалі. Цяпер, нанова ўшанаваўшы слязою і малітваю гэтае месца, я хацеў агледзець касцёл; гэты фундаваны Радзівіламі касцёл быў адданы схізматыкам, але поп праз ветлівасць прыслаў дзядка з ключом, каб адчыніў нам. Зжалася маё сэрца, калі заглянуў у сярэдзіну; там нашых алтароў і святых ужо і следу не было, з унутраных, як і вонкавых, сценаў былі сарваныя каменныя табліцы з надпісамі…» Пайшоў госць і ў Мядзвядку, пагаварыў з старэйшымі сялянамі, спытаў пра лёс былога свайго фурмана Лукаша. І запісаў у «Дзённіку»: «Уся гэтая вёска гвалтам загнаная ў праваслаўе, касцёлік зачынены, поп за мілю адсюль, у Міры, людзі не ходзяць у царкву ані ў касцёл.Толькі дваровая служба трымаецца даўніх звычаяў». Наведаў Ігнат Дамейка і сваяка ў недалёкай вёсцы Далматоўшчына. «12 жніўня. Раніцай, як толькі ўзышло сонца, пайшоў з старым маім шваграм Вярбоўскім (меў ужо 88 гадоў) у сад, дзе пад дрэвамі вымураваныя пахавальні першай ягонай жонкі, маёй сястры Марыі з Дамейкаў, ды дачкі ад другой жонкі з роду Слізьняў. Згаварыўшы за іх душы пацеры, мы ўселіся на лаўцы, і швагер больш чым дзве гадзіны апавядаў мне гісторыі сямейных выпадкаў і пакутаў, якія наш край займеў за пяцьдзесят гадоў. «Тут, - апавядаў мне пан Антон, - быў мой стары каталіцкі уніяцкі касцёлік, стараваты. Калі поп забраў яго на праваслаўе, я, каб пазбыцца няпрошанага суседа, ахвяраваў яму пабудаваць царкву далёка ад двара, на ўзгорку, большую і лепшую за гэтую старую, абы толькі яму дазволілі разваліць гэтую каля саду. Не паверыш, браце, колькі мне часу, грошай і клопатаў гэта каштавала, поп жа быў супраць. Ахвяраваў папу дрэва з старога касцёліка, якое ён для сябе прыняў, і такім спосабам адхрысціўся ад яго і сяджу спакойна…» Заакіянскі госць не заседзеўся ў Мядзвядцы - паехаў да матчынай магілы, у Сачыўкі, яе родны маёнтак, дзе яна дажывала апошнія гады. «…Мноства думак і ўспамінаў роіліся ў маёй галаве, страляў вачыма ва ўсе бакі. Ужо віднеліся высокія белыя вежы сталавіцкага касцёла, чароды на шырокай даліне па-над ленаватай ракой Шчарай і ўдалечыні - крашынская вёска… А дзесятай раніцы ў крашынскім касцёле, каля якога пахавана мая сястра Язерская, нас чакаў ксёндз на Імшу. Імша была жалобная… Ветлівы крашынскі гаспадар, Пётр Станіслаў Завадскі, папрасіў мяне і Адынца, каб кожны з нас пасадзіў на памяць дубок недалёка ад дому. Ахвотна згадзіліся на такі гонар. Ужо былі падрыхтаваныя ямы і два дубовыя парасткі. Старанна іх пасадзілі, а ксёндз іх пасвенціў». Шаноўнага госця ўсюды шчыра віталі, але Дамейка імкнуўся ў Жыбуртоўшчыну, дзе ў той час жыла ягоная замужняя дачка. «15 жніўня. За паўмілю ад Сачывак, на сталавіцкім выгане, - сумныя ўспаміны; тут, як вядома, былі разбітыя нашы барскія канфедэраты пад камандаваннем Агінскага; зашчымела сэрца, і моўчкі мы праехалі каля касцёла колішняй радзівілаўскай фундацыі. Сюды сходзіліся натоўпы людзей на ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Багародзіцы, скульптурная выява Якой, прывезеная Радзівілам Сіроткам з пілігрымкі, засталася ў капліцы за вялікім алтаром. Свежа памаляваныя, пазалочаныя вежачкі з новымі крыжамі папярэджваюць, што тут ужо разарваная вера, каталіцкі люд не мае сюды доступу, іх браты уніяты застаюцца пад чужым пастырам, у чужой аўчарні; не чуваць колішніх набожных песняў. Далей зноў адзін прыгожы белы, з новай стройнай вежачкай касцёлік, пабудаваны стараннем набожных уладароў, стаіць зачынены, недаступны для іх ды мясцовых каталіцкіх сялянаў… Даязджаем да Моўчадзі, і тут цудоўны парафіяльны касцёл і другі, меншы, пабеленыя, з пераробленымі на візантыйскі капыл вежачкамі, сведчаць пра ўчынены над сумленнем гвалт…» Па дарозе госці заехалі ў Азяраны, маёнтак Дамейкавага дзядзькі Юзафа, і наведалі ягоную магілу ў лесе, дзе дзядзька за жыццё пабудаваў каплічку. «Цяпер каля каплічкі сяляне хаваюць сваіх памерлых; утварыліся могілкі, на якіх ужо, паміж іншымі свежа насыпанымі, былі дзве магілы з выбітымі на камені расійскімі надпісамі. Крыжы яшчэ ўсе каталіцкія, некаторыя пахіліліся, на некаторых заўважыў завязаныя тасёмкі і стужкі, мабыць, з убору памерлых жанчынаў знятыя пры пахаванні. Але тым з вяскоўцаў, якія засталіся пры каталіцкай веры, трэба ісці за чатыры мілі на Імшу, бо бліжэй няма касцёла… Праехалі праз Дварэц. Тут таксама забралі парафіяльны касцёл на праваслаўе, а каталікі сяляне вымушаныя ісці на Імшу за чатыры з паловай мілі, у Наваградак… З вялікім узрушаннем - забілася сэрца - праехаў праз Дзятлаў паўз прыгожы касцёл, уратаваны для каталікоў стараннем майго зяця і суседзяў». З Жыбуртоўшчыны Дамейка паехаў да магілы дзядзькі Ігната, ягонага, пасля смерці бацькі, апекуна. «Ён выбраў на вечны спачын для сябе хваёвы гаёк каля любімай сваёй вёскі Норцавічы. У тым ляску іх добры пан заснаваў і могілкі для сялянаў, нібы прадбачачы няшчасце і пераслед, якога мелі спадзявацца ад праваслаўя нашыя могілкі і касцёлы. «Тут мне будзе лепш, - падумаў, відаць, - бяспечней каля сумленных маіх сялянаў; яны, аберагаючы сваіх памерлых, і мяне будуць сцерагчы, а ў капліцы нічога, акрамя майго і маёй жонкі целаў, не закапаюць, нічога не застанецца, што б магло прывабіць сюды цікаўнага і хцівага непрыяцеля… …Тут жа за вёскай і лясок, а ў ім невялікі рублены дамок на капліцу, а вакол пад хвойкамі свежыя магілы, на кожнай драўляны крыжык. Ключ ад доміка быў у аднаго з гаспадароў, які тут жа прыбег і адчыніў. Унутры - голыя сцены, часаны драўляны крыж уваткнуты ў зямлю, жвір з пяском параўняныя - нібы ўчора былі насыпаныя дзве магілы, адна з адной побач. За намі ўвайшло шмат жанчын і дзяцей, мы ўкленчылі і згаварылі пацеры… Пасля, у нядзелю, у Дзятлаўскім парафіяльным касцёле была ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Панны Зельнай - Унебаўзяцце, наймілейшае свята маіх дзіцячых успамінаў, калі спраўлялі гэтую ўрачыстасць у нашым хатнім касцёліку, у Мядзвядцы - гадоў семдзесят таму. Ахвотна і з радасцю, нібы яшчэ быў малады, ускочыў раніцай з ложка і даўнім сваім звычаем пехатою пайшоў у Дзятлаў. Па дарозе бачыў людзей з розных вёсак, што пехатою або на невялікіх вазках кіраваліся да касцёла, а калі я ўвайшоў у касцёл, водар зёлак і кветак ды спеў парафіянаў напоўнілі мяне такім шчасцем, перанеслі мяне ў дзяцінства - нібыта я ніколі не пакідаў бацькоўскі дом. Касцёл, нядаўна адноўлены пасля пажару, пабелены, светлы, амаль увесь быў запоўнены людзьмі, канчалі спяваць гадзінкі. Праваруч ад уваходу стаялі сяляне, мужчыны, пераважна ў белых світках, старэйшыя ўсе паголеныя, маладыя добра прычасаныя, падстрыжаныя - амаль кожны з торбачкай, у якой трымалі зерне жыта або пшаніцы з новага ўраджаю ды яблыкі; шмат хто меў кніжкі да набажэнства, заглядаючы ў якія, спявалі. Леваруч - жанчыны, старэйшыя ў чапцах, маладыя ж прыбралі галовы кветкамі, стужкамі ды прыгожымі хусткамі, кожная з вялікім букетам разнастайных зёлак ды садавіны. У лаўках сядзеў сярэдні клас, мяшчане ў вопратцы новага крою ды суседзі з навакольных фальваркаў. Двое ці трое ссівелых вусачоў басамі зачыналі малітву, а хор тонкіх жаночых галасоў уліваўся ў мужчынскі спеў суладна і прыгожа. Пасля пробашч узышоў на амбону і чытаў з кніжкі маральнае казанне. Ксяндзам не дазволена мець казанне з памяці, бо асэсар лёгка можа прычапіцца да пробашча за якое-небудзь смялейшае слова, якое яму не спадабаецца. І як толькі ксёндз сышоў з амбоны, усе прысутныя ў касцёле заварушыліся: пачыналася працэсія. Васьмёра дзяўчат, гадоў па дваццаць, прыгожых, хораша прыбраных, узяліся несці два алтарыкі: чацвёра з іх узнялі абраз анёла Апякуна, а астатнія - абраз Найсвяцейшай Панны. Мужчыны ўзялі харугвы, некалькі мяшчанаў - полаг. Не відаць было кіраўніка цырымоніі, аднак, калі пробашч у арнаце заспяваў песню «Божа добры…» ды бухнуў з кадзіла дым, то, не зважаючы на цеснату, працэсія ўшыкавалася ладна і так добра ўпарадкаваная выйшла з касцёла, нібыта гэта дзеялася ў парыжскай катэдры Нотр-Дам. Пад спеў па-польску працэсія абышла вакол касцёла, а пасля людзі зноў вярнуліся на свае месцы і пачалася Імша; зайграў добра знаёмы мне арган і цудоўна заспявала адна мяшчанка. Пасля Імшы ўсе парафіяне ўкленчылі, і пробашч, сышоўшы з алтара і ўкленчыўшы, пачаў супліку:
(ксёндз) Святы Божа! Святы Моцны!
Тут ужо ў мяне слёзы пацяклі ручаём: гэтага спеву я не чуў пяцьдзесят два гады, з таго часу, як мы спявалі ў табары ў Прусіі, пад чыстым небам. Усе людзі спявалі за пробашчам, спяваў і я, плачучы рыдма. Пасля яшчэ спявалі іншыя набожныя песні. Напрыканцы Імшы ксёндз блаславіў: «Nunc dimitte servum Tuum - Цяпер, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі». Праз чатыры гады падарожжаў па свеце Ігнат Дамейка вярнуўся ў Чылі. Там ён і памёр 23 студзеня 1889 года.
З польскай мовы пераклаў
і падрыхтаваў да друку Здзіслаў Сіцька.
|
|
|