|
Ганс А. НОЙНЦЫГ. ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
№ 1. Эклезiяст, раздз. 3
Чалавеку i зверу –– лёс адзiн;
І гэты і той памруць;
Адзін лёс: усе памруць.
Усім дыханне дадзена роўна,
Усім дыханне дадзена роўна;
Чалавек не мае пераваг:
Бо марны, марны свет наш,
Бо марны, марны свет наш.
Бо ўсё мае свой крэс i кон;
Бо ўсё з пылу паўстала тут,
І ўсё вернецца ў пыл.
Як знаць: дух людскі
Увысь ляцiць цi долу,
Цi на неба, цi у пекла?
Дух жывёлаў – куды ён, дух, ляцiць?
Можа, іх душы – пад зямлёй?
Цi над зямлёй іх душы?
I ўбачыў я, што павiнны мы
Жыць працай рук,
Радасць мець ад нашай працы,
Бо з рук мы жывём,
Бо і што нам лёс пакажа, як спазнаці,
Што чакае там пасля;
Што пасля чакае нас?
|
№ 2. Эклезiяст, раздз. 4
Вось, глянуў я і ўбачыў, што ліха
І здзекі ўсе мы церпім пад сонцам,
Ліха і здзекі церпім пад сонцам;
Так часта бачыў
Слёзы людскія, стогны й жальбы,
Але ж уцехi і лiтасцi нiякай,
Бо тыя, што здзекi чыняць, маюць уладу,
Ім уцеха, iм суцешнiк не патрэбны.
Я пазайздросцiў мёртвым,
Бо іх няма між намі,
Жывым не зайздрошчу я –
Жывуць яны ўсе марна.
Шчаслівы той, хто…
Жыцця не пачаў пад сонцам,
Хто пад сонцам ліха не знаў,
Хто ліха пад сонцам не знаў.
|
№ 3. Iсус Сiрах, раздз. 41
О смерць, о смерць,
Якая ты горкая, смерць;
Горка свой прымае канец бядак, для каго
Цякуць дні ў шчасці, хто ўсё мае,
Турботаў ён не знае;
Каго вядзе лёс ва ўсе дні, ночы,
Хто любiць есцi ўсмак!
О смерць, о смерць,
Якая ты горкая, смерць.
О смерць, прысуд таму твой радасны,
Хто стары, пахілы, хто у скрусе цягне век,
Хто не мае ніякіх надзей на лепшы лёс!
О смерць, о смерць,
Дабро тваё ў тым, што чыніш ты.
|
№ 4. Ап. Павел, Карынцянам, 1, 13, 1-3
Каб чалавечай ці анёльскай мовай гаварыў,
Любові не маючы,
Я быў бы, як медны звон,
Быў бы я, як той бубен гулкі.
Калi б я меў дар прарочы,
Каб ведаў тайны таемныя,
Крынiцы навукаў,
І ведаў тайны веры ўсякай,
Нават горы ўзносіў,
Але без любові жыў, –
Я быў бы нiшто,
Я быў бы, быў бы нiшто.
Калi б раздаў сваё дабро я ўбогiм людзям,
Калі б агню аддаў цела,
Плоць у вагонь кінуў,
Любовi не маючы,
Нічога не здабыў бы,
Нічога не здабыў бы.
Сёння мы бачым, як бы ў люстры, –
Няясна ўсё і цьмяна;
А ўбачым ўсё тады, як твар да твару.
Я цяпер спазнаю гэта,
Па частках ўсё спазнаю я,
Як і сам спазнаны быў.
Сёння жыве надзея,
Вера і любоў жывуць;
Толькі сярод іх – найвышэйшы ёсць дар любові,
Сярод іх найвышэйшы ёсць – дар любові!
|
Пераклаў з нямецкай мовы Васіль Сёмуха
Ганс А. НОЙНЦЫГ. ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
|
|