|
|
№
3(21)/2002
Мастацтва
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Haereditas
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы
Постаці
Кантрапункт
Культура
|
...Калі глядзець на Хрыста толькі як на факт з былога, далёкі і неспасцігальны цуд, то лёгка можна зрабіць з Яго мёртвы вобраз, якому пакланяюцца ў святынях у святочныя дні, але якому няма месца ў жыцці. Тады ўсё хрысціянства замыкаецца ў сценах храма і ператвараецца ў абрад і ўзнясенне малітваў, а дзейснае жыццё застаецца цалкам нехрысціянскім. І такая знешняя Царква заключае ў сабе сапраўдную веру, але гэтая вера настолькі слабая, што яе стае толькі на святочныя хвіліны. Гэта - храмавае хрысціянства. І яно павінна існаваць перадусім, бо на зямлі знешняе апярэджвае ўнутранае; але яго недастаткова. Ёсць іншы від альбо ступень хрысціянства, дзе яно не задавальняецца набажэнствамі, а хоча кіраваць дзейсным жыццём чалавека, яно выходзіць з храма і пасяляецца ў дамах чалавечых. Яго ўдзел - унутранае індывідуальнае жыццё. Тут Езус выступае як найвышэйшы духоўны ідэал, рэлігія канцэнтруецца ў асабістай маралі, і ўся справа замыкаецца на выратаванні паасобнай душы чалавечай. Ёсць і ў такім хрысціянстве сапраўдная вера, але і тут яна яшчэ слабая; яе стае толькі на асабістае жыццё і прыватныя справы чалавека. Гэта - хрысціянства хатняе. Яно павінна быць; але і яго недастаткова. Бо яно пакідае ўвесь агульначалавечы свет, усе справы грамадскія, грамадзянскія і міжнародныя - усё гэта яно пакідае і перадае ва ўладу злых, антыхрысціянскіх пачаткаў. Але калі хрысціянства ёсць найвышэйшая, безумоўная праўда, то так не павінна быць. Сапраўднае хрысціянства не можа быць толькі хатнім, як і толькі храмавым - яно павінна быць паўсюдным, яно павінна распаўсюджвацца на ўсё чалавецтва і на ўсе справы чалавечыя. І калі Хрыстус ёсць сапраўды ўвасабленнем ісціны, то Ён не павінен заставацца толькі храмавай выявай альбо толькі асабістым ідэалам: мы павінны прызнаць Яго як сусветна-гістарычны пачатак, як жывы фундамент і краевугольны камень усёчалавечага Касцёла. Усе справы і адносіны агульначалавечыя павінны канчаткова кіравацца тым самым маральным пачаткам, якому мы пакланяемся ў святынях і які прызнаём у сваім хатнім жыцці, г. зн. пачаткам любові, свабоднай згоды і братняй лучнасці. (…) Храмавае і хатняе хрысціянства існуе ў рэчаіснасці - яно ёсць фактам. Хрысціянства ўсяленскага яшчэ няма ў рэчаіснасці: яно ёсць толькі заданнем, і якім агромністым заданнем, заданнем, што, відаць, перавышае сілы чалавечыя. Сапраўды, усе агульначалавечыя справы - палітыка, навука, мастацтва, грамадская гаспадарка, знаходзячыся па-за межамі хрысціянскага пачатку, замест таго, каб яднаць людзей, разрозніваюць і раздзяляюць іх, бо ўсе гэтыя справы кіруюцца эгаізмам і прыватнаю выгадаю, суперніцтвам і барацьбою і нараджаюць прыгнёт і насілле. Такая рэчаіснасць, такі факт. Але ёсць людзі, якія не схіляюцца перад сілаю факта і не служаць ёй. Супраць грубай сілы таго, што існуе, у іх ёсць духоўная сіла веры ў ісціну і дабро - у тое, што павінна быць. Не спакушацца бачным валадарствам зла і не адракацца дзеля яго ад нябачнага дабра - гэта подзвіг веры. У ім уся сіла чалавека. Хто не здольны на гэты подзвіг, той нічога не зробіць і нічога не скажа чалавецтву. Людзі факта жывуць чужым жыццём, але не яны твораць жыццё. Жыццё твораць людзі веры. Гэта тыя, якіх называюць летуценнікамі, утапістамі, юродзівымі, - яны ж прарокі, сапраўды лепшыя людзі і правадыры чалавецтва. (…) Сапраўдная Царква (…) ёсць агульначалавечая, найперш у тым сэнсе, што ў ёй павінна дашчэнту знікнуць раздзяленне чалавецтва на плямёны і народы, што супернічаюць і варагуюць паміж сабою. Усе яны, не губляючы свайго нацыянальнага характару, а толькі вызваляючыся ад свайго нацыянальнага эгаізму, могуць і павінны злучыцца ў адной агульнай справе сусветнага адраджэння. (…) Якім бы глыбокім ні было падзенне чалавека альбо народа, якою б брыдотаю ні было напоўнена яго жыццё, ён можа з яе выйсці і падняцца, калі хоча, г. зн., калі прызнае сваю заганную рэчаіснасць толькі за нешта адмоўнае, толькі за факт, якога не павінна быць, і не робіць з гэтага адмоўнага факта нязменнага закону і прынцыпу, не ўзводзіць свой грэх у праўду. Але калі чалавек альбо народ не мірыцца са сваёю заганнаю рэчаіснасцю і асуджае яе як грэх - гэта ўжо азначае, што ёсць у яго нейкае ўяўленне, ці ідэя, ці хоць бы толькі прадчуванне іншага, лепшага жыцця, таго, што павінна быць. (…) Сапраўднае хрысціянства ёсць агульначалавечае не ў тым толькі сэнсе, што яно павінна злучыць усе народы адною вераю, а галоўнае ў тым, што яно павінна злучыць і прымірыць усе чалавечыя справы ў адну сусветную агульную справу, без яе ж і агульная паўсюдная вера была б толькі абстрактнай формулай і мёртвым догматам. (…) У Хрысце адкрылася нам бясконцасць чалавечай душы, што здольная ўмясціць у сябе ўсю бясконцасць Бога - гэтая ідэя ёсць разам і найвялікшым дабром, і найвышэйшаю ісцінаю, і найдасканалейшаю прыгажосцю. Ісціна ёсць дабро, зразумелае чалавечым розумам; прыгажосць ёсць тое самае дабро і тая ж ісціна, цялесна ўвасобленыя ў жывой канкрэтнай форме. І поўнае яе ўвасабленне - ужо ва ўсім ёсць канцом і мэтаю і дасканаласцю, вось чаму (…) прыгажосць выратуе свет. Свет не павінен быць выратаваны сілком. Заданне не ў простым злучэнні ўсіх частак чалавецтва і ўсіх спраў чалавечых у адну агульную справу. Можна сабе ўявіць, што людзі працуюць разам над якім-небудзь вялікім заданнем і да яго зводзяць і яму падпарадкоўваюць усю сваю прыватную дзейнасць; але калі гэтае заданне ім навязана, калі яно для іх ёсць нечым фатальным і неадступным, калі яны злучаныя сляпым інстынктам альбо знешнім прымусам: то хоць бы такое адзінства распаўсюджвалася на ўсё чалавецтва, гэта не будзе сапраўднае ўсёчалавецтва, а толькі агромністы «мурашнік». (…) Справа не ў адзінстве, а ў свабоднай згодзе на адзінства. Справа не ў велічы і важнасці агульнага задання, але ў дастатковым яго прызнанні. Канчатковай умовай сапраўднага ўсёчалавецтва ёсць свабода. Але дзе ж зарука таго, што людзі свабодна прыйдуць да яднання, а не разыдуцца ва ўсе бакі ў варожасці, вынішчаючы адны другіх, як мы гэта і бачым? Зарука ў адным: у бясконцасці душы чалавечай, якая не дазваляе чалавеку назаўжды спыніцца і супакоіцца на нечым частковым, дробным і няпоўным, а прымушае яго дамагацца і шукаць поўнага ўсёчалавечага жыцця, усеагульнай і сусветнай справы. Вера ў гэтую бясконцасць душы чалавечай дадзена хрысціянствам. З усіх рэлігій адно хрысціянства побач з дасканалым Богам ставіць дасканалага чалавека, у якім паўната Бога прабывае цялесна. І калі поўная рэчаіснасць бясконцай чалавечай душы была ажыццёўлена ў Хрысце, то магчымасць, іскра гэтай бясконцасці і паўнаты існуе ў кожнай душы чалавечай, нават на самай нізкай ступені падзення… (…) Безумоўна, у кожнага, і ў таго, хто прызнае вялікую агульначалавечую справу, ёсць свае прыватныя справы і заняткі, свая прафесія і спецыяльнасць. І зусім не трэба кідаць іх, калі толькі ў іх няма нічога супраціўнага маральнаму закону. Агульначалавечая справа таму і ёсць агульначалавечай, што яна можа ўсё сумяшчаць і нічога не выключае, акрамя злосці і граху. Ад нас толькі патрабуецца, каб мы не ставілі сваёй маленькай часткі на месца вялікага цэлага, каб мы не адасабляліся ў сваёй прыватнай справе, але стараліся звязаць яе са справай чалавечай, каб гэтую вялікую справу мы ніколі не выпускалі з-пад увагі, ставілі яе найвышэй і перадусім, а астатняе ўжо - потым. Не ад нас залежыць рашэнне, калі і як здзейсніцца вялікая справа чалавечага яднання. Але паставіць яе сабе як найвышэйшае заданне і служыць ёй ва ўсіх справах сваіх - гэта залежыць ад нас. Ад нас залежыць сказаць: вось чаго мы хочам, вось нашая найвышэйшая мэта і наш сцяг - і на іншае мы не згодныя.
Пераклад з рускай мовы Ірына Бурак
|
|
|