Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Алтарная карціна. Касцёл Санта Карона. Вічэнца. Пач. XVI ст.
Валеры БУЙВАЛ

ДЖАВАННІ БЕЛЛІНІ. ХРЫШЧЭННЕ ХРЫСТА

У гістарычным цэнтры Вічэнцы шэдэўры архітэктуры ўтвараюць найбагацейшы ансамбль. Ідучы вулічкамі горада, нібыта гартаеш старонкі некалі чытанай энцыклапедыі мастацтва. Дамініканскі касцёл Санта Карона (закладзены ў 1261 г., дабудоўваўся да 1489 г.) – адзін з фрагментаў захапляльнай панарамы Вічэнцы. Але не архітэктурныя формы ўславілі гэты храм — ён служыць скарбонкай для прыўкрасных твораў жывапісу і скульптуры. Гатычныя скляпенні замыкаюць прастору, у якой гасне святло дня. Прыцемкі ахутваюць інтэр’ер. І тады яшчэ ярчэй гучаць фарбы алтарных карцін і шматколернай інтарсіі галоўнага алтара. Майстры Рэнесансу і барока ўзбагацілі цэльны вобраз храма, завершылі суладдзе пазнейшымі штрыхамі. У адной з капліцаў захоўваецца ў рэлікварыі фрагмент цярновага вянка, якім каты здзекліва каранавалі Хрыста. Рэліквію падарыў касцёлу святы Людовік,— кароль Францыі, герой крыжовых выправаў у Святую Зямлю. Паводле рэліквіі і быў асвечаны касцёл. Кожная капліца ззяе фарбамі алтарных карцін — гэта творы Паоло Веранэзе, Леандро Бассано, Барталамео Мантанья. Але сапраўдная перліна не толькі гэтага храма, але і ўсяго горада – карціна пэндзля Джаванні Белліні ў алтары святога Джаванні (Яна), створанага скульптарам Рокко да Вічэнца на пачатку XVI ст.

Джаванні Белліні (1430—1516) – вялікі жывапісец венецыянскай школы. Менавіта венецыянцы вызначыліся ў італьянскім мастацтве XV—XVI ст. як найвыдатнейшыя каларысты і майстры святло-паветранай перспектывы. Яны знаходзіліся ў пастаянным творчым пошуку, адкрывалі новыя шляхі адлюстравання рэальнага і духоўнага свету. У авангардзе гэтага памкнення працаваў Дж. Белліні. Значная частка яго творчасці прыпадае на другую палову кватрачэнта (ХV стагоддзя), а ўжо на пачатку чынквечэнта (XVI стагоддзя) мастак дасягнуў вяршыні сваёй творчасці. Яго Мадонны, шматфігурныя кампазіцыі і партрэты – з лепшага, што было створана венецыянскім Адраджэннем спелага перыяду.

Вічэнца ўваходзіла ў арэал венецыянскіх культурных уплываў. Выявы льва св. Марка на будынках і слупах нагадваюць, што горад з 1404 г. належаў магутнай адрыятычнай рэспубліцы. Сям’я выдатных жывапісцаў венецыянскай школы Бассано паходзіла з аднайменнага мястэчка, што непадалёк ад Вічэнцы. Так што Белліні не быў тут госцем.

Джаванні Белліні таксама паходзіў з сям’і венецыянскіх жывапісцаў, якія занялі пачэснае месца ў гісторыі мастацтва. Ён і яго старэйшы брат Джэнціле вучыліся жывапісу ў бацькі Джакопо (Якопо) Белліні, выдатнага майстра кватрачэнта. У сваю чаргу Джаванні Белліні стаў настаўнікам шэрагу мастакоў, сярод якіх геній жывапісу Рэнесансу Тыцыян і, магчыма, таксама Джарджонэ.

Манументальная кампазіцыя «Хрышчэнне Хрыста», створаная Белліні, захоўвае тым не менш далікатную крохкасць, уласцівую камерным творам вялікага маэстра. І гэта не адзіная, на першы погляд, супярэчлівая рыса твора. Гармонія нараджаецца з многіх складнікаў, якія даюць сапраўдны сплаў вобразаў і форм.

У карціне створаны вобраз сусвету – тварэння Божага, універсальны вобраз. Бог-Айцец – Дэміург-стваральнік багаслаўляе свет з нябёсаў. Яго постаць у воблаках у атачэнні херувімаў замыкаецца паўкругам верхняй часткі кампазіцыі. Голуб (сімвал Святога Духа) у залатым ззянні ляціць ад воблакаў, злучаючы свет нябесны і зямны. Насустрач нябёсам (па краях кампазіцыі) высока ўздымаюцца вяршыні дрэваў. Яны, як калоны, падтрымліваюць арку нябеснай сферы. З касмічнай завоблачнай прасторы голуб трапляе ў празрыстую атмасферу, за якой ніжэй, ужо над самымі гарамі,.. — цёплае паветра раніцы, а можа вечара, калі нябачнае сонца ледзь асвятляе зямлю слабымі прамянямі. Мастак любіў неба, углядаўся ў яго, ужываўся ў яго зменлівыя станы. Творцу Рэнесансу не задавальняла сімвалічная мадэль космасу, вобраз вечнасці, існаванне па-над часам, — тое, што прысутнічае ў творах сярэднявечных мастакоў. Белліні імкнуўся перадаць бясконцыя адценні нябёсаў, для яго гэта рэальнасць, сатканая з паветра і святла. Эпоха нябеснага абсалюту, увасобленага мастакамі ў залатых, блакітных і чырвоных фонах, скончылася.

Ясная гармонія нябёсаў (адна траціна палатна) змяняецца надзвычай складаным, сімфанічным вобразам зямной стыхіі. Кампазіцыя Хрышчэння пададзена на першым плане, што тыпова для мастакоў італьянскага Адраджэння. Правіла будовы фігурнай кампазіцыі геніяльна вывеў Генрых Вёльфлін: «Больш ці менш самкнёныя шэрагі постацяў, паралельных да плоскасці карціны, умацоўваюць і супакойваюць выяву. Але гэты прынцып дзейнічае не толькі ў дачыненні да групы фігур, а таксама й да асобнай фігуры. І яна ўсталёўваецца на плоскасці так, што яе можна ўспрыняць як чыста плоскую фігуру, якая ўсё ж не траціць свайго трохмернага характару»1. Здаецца, першапланавая фігурная кампазіцыя жыве зусім самастойна. У цэнтры яе — фігура Хрыста. Склаўшы рукі на грудзях, Ён прымае Хрост. Твар поўны спакою і цеплыні. Мастак крыху парушае статычнасць фігуры, паказваючы лёгкі рух правай нагі, якая перадае цяжар цела на левую. Фігура Хрыста, як замковы камень, трымае ўсю кампазіцыю і з’яўляецца яе самым святланосным фрагментам (якая жывая і трапяткая карнацыя!). У кантрасце з ёю постаць Яна Хрысціцеля значна больш дынамічная і зусім іншая па каларыце. Стоячы на скалістым беразе Ярдана, Ян творыць таямніцу Хрышчэння. Схіленая галава, выцягнутая рука з сасудам, уся постаць поўная сілы і ў той жа час пакоры волі Усявышняга, паводле якой дзейнічае Папярэднік. Яго постаць — самы цьмяны фрагмент у шэрагу фігур першага плана. На супрацьлеглым беразе — тры вучні Збаўцы, паказаныя у крыху меншых маштабах, і гэта ёсць элемент умоўнай (наіўнай) перспектывы, які Белліні ўзяў з кватрачэнта. Вучні па-рознаму, з юнацкай эмацыйнасцю і душэўнай чысцінёй рэагуюць на цуд Перамянення.

У цэлым фігурная кампазіцыя падпарадкавана рацыянальнай схеме, якая ясна чытаецца на палатне. Постаць Езуса дзеліць кампазіцыю роўна напалам. Вертыкаль працягваецца да белай успышкі сасуда, якім Ян хрысціць Збаўцу (сасуд паказаны амаль дакладна на перасячэнні дыяганаляў агульнай кампазіцыі). Вертыкаль завяршаецца выявамі голуба і Бога-Айца. Здаецца, што пейзажны фон жыве стыхійным, неўтаймаваным жыццём прыроды. На бліжэйшых вяршынях узвышаюцца муры і вежы родавых замкаў. Праз утравёныя пагоркі бягуць звілістыя дарогі. Але і тут усё ўраўнаважана на шалях правай і левай частак кампазіцыі. Гэта партрэт італьянскай прыроды, роднага мастаку рэгіёна Венето. І нават Ярдан для Белліні – ледзь прыкметная плынь паміж скалістых берагоў, тыповая італьянская рачулка, што перасыхае ўлетку.

Белліні-каларыст – непараўнальная для свайго часу з’ява. Складкі адзення сведкаў таямніцы – гэта тры колеравыя масы, злучаныя ў гучную гармонію. Чырвань, золата, смарагдавыя адценні жывуць асобна, не зліваючыся ў фарбавым віры, які апантае мастакоў барока. Колер дыктуе галоўную ідэю палатна. Пасярэдзіне — безабароннае, трапяткое цела Хрыста, злева плынню спадае да Яго чырвоная мантыя вучня. А справа чырвоным пер’ем ззяе, як кропля крыві, выява птушкі (сярэднявечны сімвал смерці). Сын Божы пакорліва прымае наканаванне, і пра гэта ўсхвалявана сведчыць майстар. А на фоне Белліні дэманструе цуд перспектывы, утвараючы далёкую прастору, дзе ў блакітным sfumato, як здань, паўстаюць горы. Гэта – свет, які Хрыстус гатовы збавіць сваёй ахвярай...


  1. Генрых Вёльфлін. Мастацтва Рэнесансу. Італія і нямецкае формаадчуванне // Мастацтва, 1995, № 7. С. 52.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY