|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
Заходняя сталіца Украіны была шмат чым непадобная на ўсходнюю. Два амаль роўнавялікія, адной краіны і аднаго народа гарады выдаліся не аднаго твару і не зусім адной культуры. Гэта Гаўрыла адчуў адразу.
Галоўны корпус Інстытута прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва сустрэў ужо ў вестыбюлі шыкоўным барока ў ляпніне высокіх сцен і столі. Стаяў, задраўшы галаву, уражаны, як той дзядзька ў Вільні, а тут — прафесар у акулярах.
— Здраствуйце, — першым прывітаў Гаўрыла.
Стары схіліў галаву, глянуў на яго з-за шкельцаў акуляраў, што з’ехалі на носе, спытаў:
— А вы чому ў кашкеці?
Хуценька сцягнуў з галавы кепку:
— Я не успел сняць...
— А чому вы са мною размаўляеце па-расійску?
Зусім сумеўся:
— Я из Белоруссии.
Прафесар спачатку ўсміхнуўся, потым нахмурыўся:
— Колы я шов з Украіны вчыцца ў Рым, у Акадэмію містэцтва, то па дарозі вівчыв італійску мову...
Украінскую мову, каб гаварыць на ёй, ведаў і любіў. Проста Кіеў, адкуль прыехаў, быў не такі, як Львоў, раўнівы да свае мовы, меў да яе стаўленне савецкае, блізкае да таго, што і ў Беларусі. Львоў гэтакай грэблівасці альбо абыякавасці да свае мовы не дазваляў нікому, у ім усё да рэшты казала, што тут Украіна, і гэта настолькі ўражвала Гаўрылу, што адчуваў, нібыта тут больш, як нават у Беларусі, ратавалася яго родная беларуская мова. І ён адразу, у той жа дзень, прысаромлены, загаварыў моваю Тараса Шаўчэнкі.
Мова Украіны яму заўсёды была моваю «Кабзара», які з’явіўся ў роднай хаце ў Чыкалавічах яшчэ да вайны, ляжаў на стале побач з Бібліяй, калі не хадзіў з рук у рукі па людзях, — чытала ўся вёска. «Кабзара» прынёс брат Мікола, які ведаў Шаўчэнку ці не ўсяго напамяць. Цяпер Гаўрыла сам з сабою нават загаварыў вершамі Тараса, бо, як і брат, шмат ведаў іх напамяць, аж цэлыя паэмы, як «Кацярыну», «Сон».
Чытаў і бачыў роднае Палессе, і дзівіўся: адкуль усё тое, што вакол Чыкалавічаў, ведае Тарас?
Урокі жыцця, не кажучы пра ўрокі мастацтва, Львоў даваў кожны дзень. А найчасцей іх даваў Бакшай — крутога замесу. З выгляду прафесар як быццам нічога прафесарскага не меў: нехлямяжа-шыракаплечы, як селянін, апрануты заўсёды вельмі проста, у вясковае, ён хадзіў то з торбачкаю, то з кашолкаю, плеценай з лыка, падшытай рагожкаю, і студэнты ведалі, што ў той рагожцы ляжаць фарбы, пэндзлі, анучы, хлеб, сала. З кожным студэнтам ён гаварыў па-сялянску проста, як бацька з сынам, як не аднойчы і з Гаўрылам:
— Ты дзеда хочаш слухай, хочаш не слухай, але шмат працуй, і тады ўсё будзе добра.
Бакшай жыў за Карпатамі, праз горы ад Львова, у Ужгарадзе, і калі яго колькі дзён не было ў інстытуце, студэнты жартам казалі, што стары ішоў праз перавал на лекцыі і заблудзіў у гарах. Цяпер, можа, сеў на пень у лесе, вытрас з рагожкі фарбы ды піша пейзажык, і як напіша, з’есць сала з хлебам, горнаю вадою зап’е, успомніць, куды ішоў, і прынясе на лекцыю новы эцюд — тады ўсім будзе пра што гаварыць. Жартуючы, старога любілі.
Між тым, за знешняй сялянскай прастатою ў настаўніку жыў глыбока адукаваны мастак. Ён вучыўся ў Парыжы, там скончыў мастацкую акадэмію, якраз у самы росквіт постімпрэсіянізму, ведаў увесь заходнееўрапейскі жывапіс і тут, у Львове, яго веды вызначалі шмат якія напрамкі і методыкі выкладання мастацкіх навук. Праўда, камення ў ягоны бок ляцела шмат. У той час кіруючая ідэалогія змагалася з заходнееўрапейскімі ўплывамі, з імпрэсіяністамі, якіх ён любіў, і тое каменне кідалі ці не ўсе, хто хацеў выслужыцца перад уладамі. А ён і не апраўдваўся ні перад кім. Хіба тады не маўчаў, калі ў бойку ўвязваліся студэнты.
Тыя, хто папярэднюю навуку прайшоў у Кіеве ці Харкаве, Маскве ці Ленінградзе, даводзілі, як там навучылі:
— У мастацтве ўсё павінна быць як у жыцці. Мастацтва — гэта праўда жыцця.
Ён уважліва слухаў, іранічна ўсміхаўся і казаў:
— Містецтво це не е жыцце, містецтво це требо придумать, алэ придумать требо так, що б було білш переконавча, як саме жыцце.
Аднойчы ўвосень, найсамай залатой парою, Бакшай прывёў студэнтаў у Стрыйскі парк пісаць тое золата. Усе разышліся, шукаючы матыўчык да душы, а Гаўрыла надумаў падгледзець, што будзе пісаць Бакшай, і пісаць тое самае. Прафесар доўга не выбіраў. Вытрас са свае рагожкі фарбы, палітру, пэндзлі, расклаўся на вялізным камені і пачаў накідваць на ..... кашлаты клён. Праз нейкі час да яго ціха, з-за спіны, падышоў Гаўрыла і здзівіўся: клён у натуры стаяў зялёны, крануты чырвонай охрай, а стары ляпіў адной фіялетавай фарбай. Не бачыў у натуры колер? І варухнулася ў галаве думка: сёння я табе, дзед, дакажу, як трэба бачыць і тон, і колер. Паставіў эцюднік за спіною ў Бакшая і весела, нібы ўжо перамог прафесара, пачаў класці фарбы. Клаў ды паглядаў старому пад руку: можа, перакрые фіялетавую іншым колерам? Не, клаў фіялет. Напісалі, кожны сваё і кожны па-свойму, спакавалі эцюднікі, вярнуліся ў інстытуцкую майстэрню. Ну, кажа Бакшай, паказвайце, што зрабілі? Усе выставілі эцюды, паставіў свой і Бакшай. Гаўрыла як глянуў на яго і на сваю работы — жахнуўся. Ягоныя зялёныя ды чырвоны колеры пажухлі, праваліліся, клён стаяў шэры, мёртвы, агнём, што быў у натуры, не гарэў, а ў Бакшая клён быў жывы, кожны мазок — драбок агню, і фіялетавая фарба ўсюды на месцы, вылучала кожную светлую плямку.
То быў яшчэ адзін урок старога майстра: фарба — не гліна, у ёй не толькі колер, але святло, цяпло, у прыродзе на адкрытым паветры і ў майстэрні яна не аднаго колеру, гэта помні, як пішаш, якая з якою ад суседства загараецца, а якая ля якой гасне. Гаўрыла не ведаў, куды са сваім эцюдам схавацца ад вачэй Бакшая. Адно й супакойвала, што не сказаў нікому, як хацеў навучыць жывапісу прафесара.
Быў і такі дзень, калі Бакшай павёз студэнтаў да сябе ў горы. Знайшлі там маляўнічы куточак, расклаліся. Пісаў Бакшай, пісаў Гаўрыла. Прафесар падышоў, паглядзеў, што ён робіць, і ціха, каб ніхто не чуў, параіў:
— Кідай работу. Вытры пэндзлі. Едзеш у музей — пацікаўся, як піша дзед Бакшай.
Прыглядаўся да яго работ не толькі па музеях, але і на прыродзе, пішучы з ім побач. І дзівіўся майстэрству выдатнага старога жывапісца. І вучыўся.
Павучаць ён не любіў — раіў:
— Ці быў у оперы? Знайдзі час.
Опера аднойчы шчодра аддзячыла Гаўрылу за тую да яе любоў.
У Львоў прыехаў выдатны оперны спявак Лісіцыян. Ён спяваў арыю ў оперы Вердзі «Травіята». Гаўрыла прыйшоў у тэатр з дзяўчынаю, і там сустрэўся з сябрам, які таксама быў з дзяўчынаю.
З тэатра выйшлі ўсе разам.
Дзяўчына, з якой прыйшоў, устала з-за століка і выйшла з шынка. Сябра падхапіўся, каб вярнуць. Але абое не вярнуліся.
Гаўрыла з Мацільдаю засталіся ўдваіх. На ўвесь той вечар і на ўсё жыццё.
Высокі аўтарытэт еўрапейскага жывапісу ў інстытуце трымаў не адзін Бакшай. Большасць прафесуры выйшла з заходнееўрапейскай мастацкай школы. Быў Раман Юліянавіч Сельскі, выглядам — Бакшаю процілегласць. Суперінтэлігент, педант, хударлявы і доўгі, два метры, ён скончыў Мюнхенскую мастацкую акадэмію, вучыўся ў Рыме, у Парыжы, шмат ездзіў па Еўропе, дасканала ведаў багацці ўсіх мастацкіх музеяў, архітэктуру шмат якіх краін, стыляў, напрамкаў, новую і антычную, эпоху Адраджэння. Выкладаў кампазіцыю і працу ў матэрыяле — сграфіто, фрэску, мазаіку, вітраж, — і ці не ўсе студэнты, якія праходзілі праз яго майстэрню, рабіліся выдатнымі майстрамі фрэскі, вітражу, мазаікі. Былі прафесары, якія прайшлі праз мастацкія акадэміі ў Рыме, Вене, Варшаве. Яны адкрывалі перад студэнтамі ўсе вокны і дзверы да мастацкіх шэдэўраў Еўропы, не звяртаючы ўвагі ні на якія ідэалагічныя пастановы і забароны. Як можна было не пускаць моладзь да карыфеяў эпохі Адраджэння ці імпрэсіяністаў, калі выкладчыкі самі выхоўваліся на іх мастацтве? Ды і ўся атмасфера Львова гэтаму спрыяла: багатая архітэктура з цудоўнымі ўзорамі готыкі і барока, бібліятэчныя фонды, сабраныя яшчэ ў часы Аўстра-Венгерскай імперыі, нацыянальная годнасць людзей. Гаўрыла меў магчымасць працаваць у найбагацейшай мастацкай бібліятэцы Акадэміі навук Украіны, там захапіўся жывапісам Іспаніі ды Італіі — Веласкесам, Эль-Грэка, Леанарда да Вінчы, Тыцыянам, Мікеланджэла. Апошняга абагаўляў. Здавалася, любога генія павінна было б вычарпаць зробленае Мікеланджэла ў скульптуры, узяць з яго ўсё, душу і цела, а тут раптам адкрываўся яшчэ і жывапіс мастака, якому ў ахвяру таксама мог быць толькі геній, а яшчэ — дойлідства, а яшчэ не меншае здзіўленне — паэзія, дзе што ні вобраз — глыба, нібы з таго, што ў скульптуры, граніту: «Я атрымаў за працу зоб — хваробу, /А падбародкам урэзаўся ў вантробу. /Грудзі — як у гарпій, чэрап мой — вурода, /Палез да горба, дыбам — барада. /А з пэндзля мне на твар цячэ бурда, /Абгортвае ўсяго, нібы ануча — цела гроба».
Харомы мастацтва былі харомамі духу. Там нельга было думаць толькі пра жывапіс — вузка. З’яўляліся думкі пра час, эпоху, родны край, народ. Чаго было ў генія найбольш — чалавека ці эпохі? І што кожнаму генію давала эпоха? Хоць і Мікеланджэла? З аднаго боку клаў на шалі выявы з граніту, фарбаў, слоў, металу, а з другога — хоць і выбух: «Навошта над сваім мастацтвам чах, /Калі такі канец мой — нібыта мора /Я пераплыў і затануў у саплях».
Яшчэ Прахаў у Кіеве паставіў пытанне: навошта? У яго, праўда, пытанне прагучала рытарычна, з прыцэлам на маладосць студэнта: убачыць нечаканую рэакцыю. Але паставіў лёсам Урубеля, ведаючы, што сам Урубель задаваў гэтае пытанне сабе і свету не аднойчы, пазней — ужо ў вар’яцкім доме, калі пісаў партрэт Брусава, на якім, па сведчанні самога Брусава, доўгі час была ўсяго палова галавы: навошта? У Кіеве на гэтае «навошта» ці знайшоў адказ? Маладое захапленне адказам не было. А пазней?
Львоў, сталіца не артадаксальнага ўсходу, а больш вольнага ды смелага на думку ды слова захаду, адказ ведаў?
Аднойчы, спытаўшы ў сябе пра гэта, пачуў на вуснах, на слых і смак, знаёмыя са школы вершы: «Любітеся, браты моі, /Украйну любіте, і за неі, безталанну, /Господа моліте...» Згадаў і не менш знаёмае: «Як умру, то поховайте /Мене на могилі, /Серед степу широкого, на Вкраіні милій. /Поховайте та вставайте, /Кайдани порвіте...»
Адказы на ўсе пытанні, нават геніям, былі ў Тараса. Што ж гэта за паэт? І чаму толькі тут, у Львове, ён, Гаўрыла, гэтак зразумеў і пачуў Кабзара? «Украіна, мати моя...» — вось адказ на пытанне: навошта? Дзеля Украіны! А што сабе, як не паэту — шэраму чалавеку? «Дай мні Украіну!..» А яшчэ, акром высокага? Як чалавеку слабому — што?.. «Мінаюць дні...»? Ёсць: «Доле, де ти? Доле, де ти?/Нема ніякоі!/Коли доброі жаль, Божэ,/То дай злоі! злоі!/Не дай спати ходячому,/Серцем замирати,/І гнилою колодою/По свиту валятись./А дай жити, серцем жити/І людей любити!..» Тут — усе адказы геніям і прафесарам усіх часоў?
Фота з архіва сям’і Вашчанкаў.
|
|
|