|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
Выдатнае месца ў гісторыі прыдворнай тэатральнай культуры Беларусі належыць тэатру князёў Радзівілаў у Нясвіжы. У 1746–1752 гг. укладальніцай рэпертуару нясвіжскай сцэны была жонка Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» княгіня Францішка Уршуля Радзівіл з Вішнявецкіх. Гэтая высокаадукаваная жанчына напісала 16 драматычных твораў на польскай мове, пры стварэнні якіх выкарыстоўвала вядомыя літаратурныя і фальклорныя сюжэты. Сярод іх – першае і, бадай, апошняе ў гісторыі беларускай драматургіі маралітэ – трагедыя1 «Безразважлівы суддзя», дзе ўслаўляецца подзвіг трох мужных жанчын-хрысціянак. Прэм’ерная пастаноўка гэтай п’есы, мяркуючы па звестках «Дыярыуша» князя Міхала Казіміра, адбылася 4 сакавіка 1748 года. Каб адказаць на пытанне, якім чынам на сцэну прыдворнага тэатра трапіў старажытны і даўно адышоўшы ў нябыт жанр рэлігійнай драмы, трэба звярнуць увагу на тое, што эксперыментальная драматургічная культура княгіні Радзівіл жывілася мастацкімі дасягненнямі розных эпох і розных відаў тэатральнага мастацтва. У прыватнасці, варта адзначыць сувязі камедый, трагедый і опер нясвіжскай аўтаркі з вобразна-мастацкай сістэмай школьнага езуіцкага тэатра. Выключная роля ў фармаванні гэтай сістэмы належала маралітэ. Сюжэт маралітэ быў асноваю любой школьнай п’есы, зыходнай кропкай усіх сюжэтаў школьнай драматургіі. Адной з разнавіднасцяў школьных маралітэ стала мартыралагічная драма, дзе ў цэнтры ўвагі аўтара былі пакуты за веру. Зразумела, што вельмі часта сюжэтнай асновай такіх п’ес станавілася жыціе. У аснове сюжэта п’есы «Безразважлівы суддзя» – гісторыя хрысціянскіх сясцёр-пакутніц часоў імператара Дыяклецыяна – Агапы, Хіоніі і Ірэны. Гэты агіяграфічны сюжэт атрымаў сцэнічнае ўвасабленне яшчэ задоўга да княгіні Радзівіл – у п’есе лаціна-нямецкай паэткі другой паловы Х ст. Гратсвіты Гандэрсгеймскай «Дульцыцій». Аднак названы твор не стаў крыніцай сюжэтнага запазычання для нясвіжскай аўтаркі, якая карысталася тым варыянтам жыція, што быў змешчаны ў зборніку «Nowe їywoty њwiкtych» (Каліш, 1736) С. Велавейскага. Княгіня Радзівіл звузіла сюжэтную прастору п’есы, ставячы сясцёр-пакутніц у цэнтр увагі. Чаму ж менавіта гэтая мартырыя была выбрана ў якасці сюжэтнай асновы трагедыі-маралітэ? Магчыма, яно прыцягнула ўвагу княгіні Францішкі дыялогамі – першапачатковым элементам кожнай драмы. З выдатным пісьменніцкім майстэрствам аўтарка драматызавала апавядальныя эпізоды жыція. Першы допыт сёстрам учыніла царыца, якая патаемна спачувала хрысціянам.
кажа яна. Менавіта жанчына аказваецца самай мудрай у гэтай п’есе, як, зрэшты, і амаль ва ўсіх астатніх драматычных творах Ф. У. Радзівіл. Моўныя характарыстыкі царыцы пазбаўлены выразнай негатыўнай афарбоўкі. І наадварот, у рэпліках катаў – цара, яго слугі, Сізінія – прысутнічае лаянкавая лексіка, калі яны звяртаюцца да пакутніц, называючы іх «бязбожніцамі», «нахабніцамі», «распусніцамі», «злачынцамі». Сапраўды, цеснае суседства ў творы патэтычных прамоў з грубымі выразамі на першы погляд здзіўляе, аднак менавіта мова персанажаў становіцца адным з галоўных мастацкіх сродкаў стварэння напружанага канфлікту. Неадназначна трактуецца ў трагедыі «Безразважлівы суддзя» вобраз суддзі Дульцыя, які атрымаў загад схіліць сясцёр да язычніцтва. Калі ў п’есе Гратсвіты ён – адназначна гратэскны персанаж, то ў трагедыі Ф. У. Радзівіл некаторыя маналогі гэтага героя не пазбаўлены лірызму. Брыдкі агіяграфічны распуснік нагадвае тут хутчэй няўдалага героя-каханка, які пакутуе з-за нераздзеленага пачуцця. Уся шостая сцэна трэцяй дзеі прысвечана любоўнай споведзі Дульцыя, поўнай высокага рамантычнага настрою. У наступнай жа сцэне ў рэпліцы Дульцыя праз тыповы барокавы матыў пераварочвання адбываецца метафарычнае супрацьпастаўленне карніка яго ахвярам. Звяртаючыся да свайго слугі Агаспа, суддзя кажа:
Характарызуючы галоўных гераіняў, княгіня Радзівіл перадусім звяртае ўвагу на «ўнутраны», духоўны аспект іх святасці. Дзеля гэтага яна ўводзіць у п’есу разгорнутыя маналогі Агапы, Хіоніі і Ірэны, з якіх яскрава вынікае глыбокая дасведчанасць сясцёр у пытаннях тэалогіі і іх глыбокая перакананасць у сваёй праваце. Нездарма выдавец драматычных твораў княгіні Радзівіл Якуб Побуг Фрычыньскі адзначаў, што сама аўтарка была «ашчасліўленая рэдкай, амаль непараўнальнай памяццю ў Канонах або правах святых касцельных». Да гэтага можна дадаць яшчэ і асаблівы талент княгіні як інтэрпрэтатара хрысціянскага веравучэння, выкладзенага ў трагедыі ў паэтычнай форме. Так, у першай сцэне трэцяй дзеі сёстры коратка выказваюць перад царыцай сваё спавяданне веры: Агапа расказвае пра стварэнне Богам свету, пра першых людзей і іх грэхападзенне; Хіонія паведамляе аб з’яўленні Езуса Хрыста, тлумачыць траістую сутнасць Бога; Ірэна, дапаўняючы Хіонію, гаворыць пра здрадніцтва Юды, пра пакуты Хрыста. Цікава, што ў традыцыйныя артадаксальны я пастулаты веравучэння адукаваная паэтка ўпляла новыя навуковыя веды з галіны прыродазнаўства. Так, Агапа, гаворачы пра велічнасць Боскага Стварэння, заўважае:
У такой незвычайнай інтэрпрэтацыі Кнігі Быцця заўважны ўплыў філасофскіх вучэнняў Эпікура і Гасэндзі, якія па-новаму былі запатрабаваныя ў «вучоную» эпоху Асветніцтва. Гэты маналог – канспектыўны выклад асноўных артыкулаў веры, своеасаблівы аналаг «Прамовы філосафа» з «Аповесці мінулых гадоў». Укладаючы яго ў вусны сваёй гераіні, аўтарка мела на мэце найперш папулярызацыю, вытлумачэнне хрысціянскіх пастулатаў для сваіх дзяцей, для навучэнцаў нясвіжскай «Рыцарскай акадэміі», а таксама для мясцовай шляхты, — для ўсіх, хто ў якасці акцёраў і гледачоў прымаў удзел у тэатральных імпрэзах Нясвіжа. Падкрэсліваючы духоўную святасць трох пакутніц, аўтарка надала значна менш увагі, чым аўтар жыція, апісанню цудаў. У п’есе апісваецца толькі адзін факт цудатварэння: калі па загадзе Дульцыя воіны намагаюцца распрануць сясцёр, адзенне прырастае да іх скуры. З’яўленне ж у канцы анёлаў, якія ратуюць Ірэну, успрымаецца, бадай, не як цуд, а як праява Боскай міласэрнасці да Яго вернай служкі. Напэўна, княгіня не хацела перагружаць сваю надзвычай сур’ёзную п’есу, пастаўленую ў час вялікага посту, шматлікімі цудамі, якія маглі адцягваць увагу гледача і зніжаць патэтычную танальнасць дзеяння. Дзеля супрацьпастаўлення рэлігійных поглядаў трох пакутніц і іх карнікаў аўтарка строга рэгламентавала ўжыванне найменняў і эпітэтаў багоў. Язычніцкія багі для сёстраў – гэта толькі «бажкі», «балваны», а язычніцтва – «балвахвальства». Імя Юпітэра ўжывае толькі адзін раз Агапа для супрацьпастаўлення яго Езусу Хрысту. Карнікі ж прыпадабняюць веру хрысціянак да «ліхіх збродняў», «фальшы», «чарнакніжніцтва». Сізіній заклікае сясцёр упасці перад вобразам Юпітэра, а потым пагражае Ірэне ганебным пакараннем, пакуль Парка не дапрадзе сваёй ніці. Язычнік Дульцый прыпадабняе прыгожых сясцёр да Венеры. Такім прыёмам «развядзення» боскіх найменняў у рэпліках персанажаў аўтарка больш выпукла выявіла галоўны канфлікт твора – супрацьстаянне мужных пакутніц-хрысціянак іх катам-язычнікам. Трагедыя «Безразважлівы суддзя» прасякнута маралізатарскім пафасам. На працягу ўсёй п’есы ворагі спакушаюць сясцёр рознымі жыццёвымі прывабамі, але яны застаюцца непахіснымі ў імкненні да духоўнай чысціні. У духу барокавага матыву «vanitas» («марнасць») вытрымана прамова Хіоніі да Сізінія, які пагражае ёй смерцю. «Нікога, — даводзіць яна, — смерць не абмінае»; галоўнае ж для чалавека – годна і велічна завяршыць свой зямны шлях, не здрадзіўшы веры і сумленню. П’еса «Безразважлівы суддзя» была першай і апошняй спробай княгіні Радзівіл стварыць агіяграфічную драму-маралітэ. Калізію супрацьстаяння трох пакутніц-хрысціянак уладарам-язычнікам нясвіжская аўтарка вырашыла ў рэчышчы ўласнай маральнай канцэпцыі і ў адпаведнасці са сваім пісьменніцкім крэда, якое заключалася ва ўсебаковай апалогіі жанчыны і было звязана з ідэйна-эстэтычнымі навацыямі эпохі Асветніц- тва. Прапаную ўвазе чытачоў урывак з трагедыі «Безразважлівы суддзя» ў перакладзе на беларускую мову.
|
|
|