|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
Францішка Уршуля Радзівіл (1705—1753) нарадзілася ў сям’і кракаўскага ваяводы Януша Вішнявецкага і Тэафілі з Ляшчынскіх. Княжна гадавалася ў Чартарыйску, родавым маёнтку князёў Вішнявецкіх. Прадстаўніцы вышэйшых слаёў у ХVIII ст. атрымлівалі пераважна хатнюю адукацыю. Паводле тагачаснай моды яны авалодвалі замежнымі мовамі, вучыліся спяваць, танцаваць, музыцыраваць, вышываць, плесці карункі. Значна радзей дзяўчаты атрымлівалі ўрокі матэматыкі, філасофіі і рэлігіі. У аснову маральнага выхавання маладых арыстакратак былі пакладзены законы хрысціянскай маралі. Падобную адукацыю і выхаванне атрымала і Францішка Уршуля. Замуж за князя Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбаньку) княжна Вішнявецкая выйшла параўнаўча позна для свайго часу: у дваццаць гадоў. Калі верыць яе сучаснікам, яна вылучалася сярод іншых не знешняй прыгажосцю, а хутчэй высокім узроўнем культуры, ясным розумам і кемлівасцю. Пераехаўшы з мужам у Нясвіж, маладая, актыўная гаспадыня пачала старанна парадкаваць кнігі радзівілаўскай бібліятэкі, замаўляць з-за мяжы навуковую і мастацкую літаратуру. Яна прысвячала шмат часу асветніцкай дзейнасці, ініцыявала аднаўленне нясвіжскай друкарні, сама займалася адукацыяй і выхаваннем сваіх дачок. Ад бацькі, які складаў прынагодныя вершы і займаўся перакладамі, Францішка ўспадчыла літаратурныя здольнасці, любоў да навукі, добрае веданне замежных моваў: лацінскай, французскай, італьянскай. Літаратурная дзейнасць Ф.У. Радзівіл пачыналася з аказіянальных вершаў на польскай мове. Імпульсам да іх напісання звычайна былі канкрэтныя жыццёвыя здарэнні: выезд князя Міхала на паляванне, вяселле або дзень нараджэння кагосьці з блізкіх ці знаёмых і г. д. Пазней з’явіліся вершы эпіграматычныя, сатырычныя, дыдактычныя, рэлігійныя. Захаваліся таксама напісаныя па-французску маральна-дыдактычныя трактаты і рэлігійна-метафізічныя вершы. У апошнія гады жыцця княгіня Францішка займалася пераважна драматургіяй. Напісаныя ёю п’есы ставіліся ў прыдворным тэатры з нагоды розных сямейных святаў, прыезду гасцей, якія часта былі ўдзельнікамі спектакляў. Першыя гады сямейнага жыцця Міхала Радзівіла і Францішкі міналі ў бясконцых расстаннях і кароткіх сустрэчах, у нястомным спадзяванні нарэшце прывітаць нашчадка. Амаль штодзённа княгіня дасылала мужу поўныя палымянага пачуцця лісты, сярод якіх сустракаюцца і паэтычныя. Іх першынец Мікалай Крыштаф прыйшоў на свет у маі 1727 г. здаровым і моцным, але ў няпоўныя тры гады нечакана захварэў і памёр. Цяжка было маладой маці моўчкі насіць у сабе такое вялікае гора. Магчыма, дзеля ўласнага суцяшэння Францішка дазволіла выліцца свайму плачу ў «Надмагільны надпіс Мікалаю Крыштафу Радзівілу». Пасля смерці сына зноў пачаліся гады пакутлівага змагання Францішкі за сваё каханне, за добрыя адносіны са свякрухай, за ўласнае здароўе і за жыццё дзяцей. У 1732 г. нарадзілася дачка, Ганна Марыя. Аслабелая, стомленая няўдалымі цяжарнасцямі княгіня, баючыся пайсці з жыцця раней, чым паспее выгадаваць адзіную дачушку, напісала ёй своеасаблівы паэтычны тастамент. У вершаванай форме Францішка Уршуля давала дачцэ парады і павучанні, як павінна паводзіць сябе маладая дзяўчына шляхецкага роду ў розных жыццёвых сітуацыях. Аднак смерць часта забірае дзяцей раней за бацькоў. Зусім маленькай памерла Ганна, той самы лёс напаткаў і яе сястрычку Людвіку. Але напісанае застаецца. «Перасцярогі дачцэ…» цалкам адпавядалі ўяўленням сучаснікаў княгіні пра маральныя асновы выхавання, а таму атрымалі прызнанне і вялікую папулярнасць. Парады перапісваліся з рукапісу ў рукапіс (захавалася шэсць копій), і адразу пасля смерці Ф.У. Радзівіл у 1753 годзе былі выдадзены ў нясвіжскай друкарні. Напэўна, і сама Францішка карысталася імі, калі ў сям’і пасля блізнюкоў Януша Тадэвуша (1734—1750) і Караля Станіслава (1734—1790) з’явіліся яшчэ дзве дачкі: Тэафіля (1738—1818) і Кацярына Караліна (1740—1789). «Перасцярогі дачцэ…» складаюцца з пятнаццаці пунктаў і вершаванай прадмовы да іх. У паасобных пунктах асуджаюцца сем смяротных грахоў: пыха, гнеў, хцівасць, зайздрасць, празмернасць у ежы і піцці, лянота і амаральнасць; а таксама тлумачэнне некаторых з дзесяці Божых запаведзяў: не распуснічай, паважай бацьку свайго і маці сваю. Мы пазнаёмім чытачоў часопіса не толькі з паэтычнымі наказамі Францішкі Уршулі Радзівіл, дадзенымі дачцэ, але таксама з парадамі, скіраванымі да неакрэсленага адрасата. «Перасцярога аб тым, што трэба быць пакорнай думкі пра сябе самога» папярэджвае прагных да ведаў: нельга грунтоўна спазнаць усё на свеце, а павярхоўная эрудыцыя можа толькі зашкодзіць, таму найбольшай увагі варты ўнутраны свет чалавека, жыццё душы, якой наканаваная несмяротнасць. Практычныя веды простага чалавека, яго сціпласць і служэнне Пану Богу Францішка ставіла вышэй за пустую цікаўнасць вучоных. Блізкай тэматычна, але больш лаканічнай з’яўляецца «Перасцярога, што мы павінны больш дбаць пра жыццё вечнае, а не часовае». Тут аўтарка заклікала прыслухоўвацца да свайго сэрца, бо яно часам лепш за розум можа адрозніць дабро ад зла і адчуць, якая дарога вядзе да незямнога шчасця. Перакладзеныя на беларускую мову, творы Францішкі Уршулі Радзівіл вяртаюцца да айчыннага чытача. Неўзабаве выйдзе ў свет цэлая кніга, выданнем якой займаецца «Беларускі кнігазбор» пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску. За два з паловай стагоддзі істотна змяніліся звычаі і норавы нашага грамадства, але ранейшымі засталіся Божыя запаведзі, таму ў перспектыве вечнасці маральна-дыдакатычныя вершы княгіні Францішкі зусім не страцілі сваёй актуальнасці.
|
|
|