Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Ірына ЖАРНАСЕК

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?

Нельга затрымаць ніводнага дня,
але можна яго не згубіць.
(Народная мудрасць)

З ксяндзом Аляксандрам Чайкоўскім гутарыць Ірына Жарнасек

— Ксёндз Аляксандр, памятаю, неяк у адным з Вашых казанняў я пачула, што час, дадзены чалавеку пры ягоным жыцці, – гэта вялікі Божы дар, і чалавек нясе адказнасць за тое, як ён гэты дар выкарыстоўвае...

— А як жа інакш? Кожны твор, што выйшаў з рук Божых, з'яўляецца дарам для гэтага свету, зрэшты, і сам свет з'яўляецца Божым дарам. Час – гэта таксама Яго твор.

Бог, як вядома, існуе па-за часам, бо Ён Дух, Яму не патрэбны час. Час патрэбны нам, бо мы смяротныя істоты і жывем у часе. Гэты дар даецца кожнаму з нас, каб мы маглі рэалізавацца ў ім як разумныя стварэнні.

— Словам, час трэба лічыць, быць, так бы мовіць, на варце яго.

— Вядома. Кожнаму з нас даецца на гэтым свеце акрэслены Богам адрэзак часу, у якім чалавек павінен праявіць сябе. Кожны з нас рэалізуецца ў нейкай галіне, канкрэтных абставінах, але для ўсіх існуе адно патрабаванне – выкарыстаць дадзены нам час з найбольшай карысцю. Больш за тое, калі Бог заклікае нас да святасці і кажа нам: «Будзьце святыя, як Я ёсць святы», то за адно імгненне гэтага не зробіш. Здабыванне святасці – доўгі працэс, які вымагае ад чалавека цярплівай працы, пры гэтым ён асабліва павінен зважаць на тое, каб не марнаваць часу.

— Вядомы класік сказаў: «Счастливые часов не наблюдают». Але тады ж атрымліваецца, што вернікі загадзя асуджаныя на тое, каб не быць шчаслівымі, бо яны павінны лічыць свой час?

— Але прыгадайце, каго класік меў на ўвазе? Вось менавіта – закаханых. Ну і што? Колькі трагедый здарылася ў свеце з прычыны таго, што закаханыя шмат чаго не заўважаюць і шмат з чым не лічацца? Вельмі часта закаханасць становіцца прычынаю недальнабачнасці людзей, якія цалкам знаходзяцца пад уплывам эмоцый. Так што, не надта гэта вялікае дасягненне, калі чалавек праз сваё шчасце не бачыць нічога вакол сябе, не заўважае часу, што няўмольна прамінаецца. Праўда, закаханасць зазвычай трывае не так ужо і доўга, бо перарастае ў іншыя пачуцці.

— Скажыце, калі ласка, а калі Вы самі ўсвядомілі каштоўнасць часу? Альбо Вы заўсёды разумелі ягоную каштоўнасць і ўмелі яго берагчы?

— Вядома ж, не. Чалавек павінен да гэтага разумення дарасці, і зрабіць гэта зусім нялёгка. Тым больш што ў сучасным свеце створаны ўсе ўмовы для таго, каб чалавек бяздумна забіваў адведзены яму Богам час. Напрыклад, перад тэлевізарам, які так умела і так хітра крадзе наш час. Прызнаемся сабе, што нярэдка мы нават і не заўважым, як наш вечар будзе проста скрадзены. Вядома, сярод масы тэлевізійных праграмаў ёсць нешта й карыснае, але ўсё ж шумавіння і шкоды нашмат больш. Таму разумны чалавек, калі за ягонымі плячыма ўжо ёсць пэўны адрэзак пражытага ім часу, проста павінен задумвацца, аналізаваць пройдзены шлях, каб менш стратаў мець у будучыні. А тым больш, калі гэты чалавек веруючы. Перспектыва вечнасці не можа не хваляваць кожнага з нас, і таму кожны з нас мусіць дбаць пра тое, каб ён стаў перад Богам у вызначаную для яго хвіліну не з пустымі рукамі.

Але для таго, каб чалавек быў здольны задумацца над гэтай праблемай, каб ён мог аналізаваць і выпраўляць сваё жыццё, надаць свайму існаванню на гэтым свеце сэнс, трэба, каб ён меў запас духоўнага выхавання. Калі бачыш, як па вуліцах бязмэтна cноўдаюцца маладыя людзі, як яны бавяць свой час на бясконцых дыскатэках альбо проста напіваюцца, робіцца сапраўды вусцішна. У Наваполацку, напрыклад, моладзь штодня збіраецца на плошчы і так з вечара ў вечар забівае свой час, які мог быць патрачаны на самаадукацыю, самадасканаленне, духоўнае ўзбагачэнне. Вельмі часта, размаўляючы з нашым парафіяльным студэнцтвам, я падкрэсліваю, што вучоба ва універсітэце не павінна быць для іх самамэтай. Чалавек, асабліва ў маладым узросце, павінен сам шукаць веды, напрыклад, дадаткова вывучаць нейкую замежную мову, што можа некалі спатрэбіцца ў жыцці. Мы так часта не ведаем, што нам можа спатрэбіцца, а пазней гатовыя кусаць сябе за локці і шкадаваць змарнаванага ў маладосці часу!

— Часта доводзіцца чуць ад людзей, што яны таксама хацелі б быць практыкуючымі вернікамі, хадзіць у касцёл, але... няма часу. «Вось калі пайду на пенсію, — кажуць яны зазвычай, — тады і вернікам буду». Што можна ім параіць? Як знайсці час для Бога?

— Я сказаў бы, што для чалавека, які лічыцца з існаваннем Бога, які ставіць Яго на належнае, а гэта значыць, на галоўнае месца ў сваім жыцці, не павінна быць пытання: «Як знайсці час для Бога?».Трэба думаць, як асвяціць адведзены Богам час. Бо, па вялікім рахунку, увесь наш час – уласнасць Пана Бога. Пытанне ж у тым, як арганізаваць сваё жыццё так, каб увесь наш час быў прысвечаны Яму. І гаворка тут ідзе не толькі пра тыя хвіліны, калі мы станем на калені ды памолімся нейкую малітву, але пра тое, каб чалавек ставіў Бога на галоўнае месца ў сваім жыцці. Тады ён, нягледзячы на ўсю сваю занятасць, праблемы, бег жыцця, усё ж знойдзе час, каб прыйсці ў касцёл, а дома зможа памаліцца на ружанцы. Словам, калі для чалавека Бог – галоўнае, што ён мае ў жыцці, то ён проста не захоча марнаваць час, бо ён жа ведае, што некалі яму давядзецца здаць Богу рахунак за выкарыстанне свайго часу. І калі чалавек па-сапраўднаму верыць у гэта, то ён зробіць усё магчымае, каб не стаць у вечнасці перад Богам з пустымі рукамі. Тут вельмі важна не падманваць саміх сябе, бо механічна прамоўленыя малітвы ды нават і наведванне касцёла, калі гэта не глыбокая патрэба праслаўлення, падзякі, просьбы да Пана Бога, а проста традыцыя, яшчэ не сведчаць пра сапраўднасць веры.

Наконт жа таго, што вернікам найлепш стаць тады, калі будзе больш вольнага часу, гэта значыць, на пенсіі... Ведаеце, у старасці, калі на добрае, трэба ўжо збіраць плады свайго духоўнага жыцця, а калі бесклапотна адкладваць сваю веру на потым, то можа аказацца, што і збіраць не будзе чаго, і засяваць пазнавата. Ды і да пенсіі трэба як мінімум дажыць...

Вельмі добра пра мудрае выкарыстанне часу кажа мой улюбёны пісьменнік Паўло Коэльё: «Выкарыстоўвай кожнае блаславенне, якое Бог даў табе сёння. Блаславенне нельга захаваць. Няма такога банку, дзе мы можам пакласці на дэпазіт атрыманыя блаславенні, каб выкарыстоўваць іх тады, калі палічым патрэбным... Бог ведае, што мы – творчыя асобы... У адзін дзень Ён дае нам гліну, каб мы ляпілі, у другі – пэндзаль і палатно, альбо самапіску. Але мы ніколі не можам выкарыстаць гліну на нашым палатне альбо самапіску ў скульптуры. Кожны дзень мае свой цуд. Прымайце блаславенні, працуйце і стварайце свае нязначныя творы мастацтва ўжо сёння. Заўтра вы атрымаеце іншыя».

— Памятаю, калі мая сястра цяжка захварэла і не мела сілы хадзіць у касцёл, яна так горка плакала, гледзячы ў вакно: «Усе людцы ідуць у касцёл, а я не магу». І я думала тады пра тое, што, можа, ейнае шчырае імкненне, ейны сум па Богу і Касцёлу больш важныя ў вачах Бога, чым рэгулярнае наведванне касцёла і салодкая дрымота на лаўцы.

— Чалавек тады пачынае выразна разумець, што для яго было і застаецца найвышэйшай вартасцю, калі жыццёвыя абставіны, такія, напрыклад, як цяжкая хвароба, выключаюць яго з таго рытму і раскладу жыцця, які ён сам сабе гэтулькі гадоў ствараў і да якога прызвычаіўся. Тады чалавек горка плача над немагчымасцю быць у тым, што для яго сапраўды мае вартасць. Не думаю, што горкія слёзы могуць ліцца з-за немагчымасці салодка падрамаць на лаўцы. Сум па Богу на шпітальным ложку мае выразную перавагу над рэгулярнай салодкай дрымотай на касцельнай лаве.

— На пачатку Святой Імшы ў акце пакаяння мы перапрашаем Бога за тое, што грашым «думкаю, словам, учынкам і занядбаннем». Апошняе – гэта і ёсць той самы кепска выкарыстаны час?

— Так. Напрыклад, мы з прычыны занядбання не прыйшлі да нашага бліжняга, калі яму была патрэбная наша дапамога, гэта значыць, мы зноў жа не выкарысталі свой час для добрых учынкаў. Мы занядбалі малітвы, і наш час не быў асвечаны Божым словам... Не памятаю ўжо, хто са святых аб'яўляўся камусьці з жывых і казаў, што шкадуе, бо недастаткова выкарыстоўваў свой зямны час для ружанцовай малітвы.

Ёсць такі жарт: «Хапай спакусу, бо не вядома, калі яшчэ вернецца». Таксама і тут: хапай кожную магчымасць для асвячэння свайго часу, каб потым не шкадаваць.

— Скажыце, Вам у святарскай практыцы часта сустракаліся людзі, якія шкадавалі свайго змарнаванага часу?

— Вельмі часта. І найчасцей гэта тычыцца выхавання дзяцей. Шмат старых людзей бядуе над тым, што яны мала ўдзялялі ўвагі выхаванню дзяцей. Многія зводзілі сваю задачу да клопату пра тое, каб добра накарміць сваіх дзяцей, ну яшчэ, каб і апранутыя дзеткі былі не горш за іншых, а пра духоўныя справы клапаціліся мала. Час упушчаны. А цяпер яны прыбягаюць да святара і ўмольваюць: «Зрабіце што-небудзь!» Бо дзіця мае небяспечныя інтарэсы, сяброў, што не выклікаюць да сябе даверу, а ў бок святыні тое дзіця і глядзець не хоча. І тады ўзнікае справядлівае пытанне: «А дзе ж вы самі былі тады, калі на гэта быў час? Дзе былі тады, калі вы, бацькі, павінны былі быць для сваіх дзяцей духоўным аўтарытэтам? Чаму ж вы тады не выкарысталі час?» Так, балюча прызнаваць і згаджацца, але, на жаль, бываюць у жыцці выпадкі, калі цяжка ўжо штосьці выправіць, бо магчымасці былі змарнаваныя.

А якім горкім бывае ўсведамленне, што змарнавана шмат часу ў жыцці, калі чалавек апынаецца на парозе смерці! Нікому не жадаю зведаць такія хвіліны.

— Ксёндз Аляксандр, а Вам даводзілася шкадаваць пра дарма патрачаны час? Альбо Вы заўсёды разумелі ягоную каштоўнасць?

— Вядома, даводзіцца і шкадаваць. Штовечар я раблю рахунак сумлення, і тады перадусім пытаюся ў сябе, колькі часу за гэты дзень было змарнавана і што карыснага я мог бы зрабіць, але не зрабіў? Часам даводзіцца лавіць сябе на думцы, што мне цяжка ўзгадаць, што я рабіў у нейкі адрэзак дня. Вядома, пэўныя моманты бачныя. Напрыклад, з раніцы былі малітвы, потым наведванне хворага, потым вырашаліся нейкія справы па будове касцёла, падрыхтоўка да літургіі і г.д. Усё гэта нібы і ёсць, але разам з тым усведамляеш, што ўсё ж быў і нейкі час, які можна было выкарыстаць больш рацыянальна. Напрыклад, за цэлы дзень я не знайшоў хвілінаў 20 для заняткаў па вывучэнні дадатковай замежнай мовы альбо тэлефонныя размовы маглі б быць трохі карацейшыя і г.д. Важна проста заўсёды быць на варце свайго часу. Думаю, што калі я стану перад Богам у вечнасці, то ўсе гэтыя пустыя месцы выразна акрэсляцца і ўсё, што я правароніў у жыцці, паўстане перада мною дакорам.

— Дык а «рэцэпт» Вы не можаце выпісаць чытачам, як добра несці тую самую варту нашага часу?

— «Рэцэпт» адзін: чалавек найперш павінен зразумець, дзеля чаго ён жыве на гэтым свеце, павінен выразна ўсвядоміць, якую мэту ён хоча асягнуць. Інакш проста няма сэнсу штосьці яму раіць, бо ён, можа, не ведае, як увогуле распарадзіцца сваім часам.

Думаю, што сярод чытачоў «Нашай веры» такія людзі наўрад ці ёсць.

— Цудоўна. У такім разе, галоўнае, — не спыняцца ў жыцці, не задавольвацца дасягнутым, а ўвесь час ісці наперад, развівацца і ў сваёй галіне дзейнасці, і абавязкова ў духоўным плане.

— А цяпер, даруйце, можа, парадаксальнае пытанне. Што такое вольны час? На першы погляд, здавалася б, што тут незразумелага, але калі памятаць, што час – гэта Божы дар, за які трэба будзе некалі здаць Яму рахунак, то ці не знявольванне гэта чалавека? Бо тады можа падацца, што паняцце «вольны час» – проста выдумка чалавека, самападман. Іншымі словамі, наш так званы вольны час, ён вольны ад чаго?

— Ад працы. Але не ад Бога. Бо чалавек павінен з Богам і працаваць, і адпачываць, і ўвогуле – проста жыць, калі толькі, вядома, гэты чалавек лічыцца з Богам, Яго правам, запаведзямі. Эклезіяст казаў: «Ёсць час збіраць камяні, а ёсць час іх раскідваць». Для адпачынку хрысціяне маюць нядзелю. А адна з найлепшых формаў адпачынку – наведванне ўсёй сям'ёй касцёла, удзел у нядзельнай Святой Імшы, слуханне Божага слова, звернутага да іх, разважанне разам са святаром над гэтым словам. Ці ж гэта не добры адпачынак? Найлепшы.

Дзякую Вам, ксёндз Аляксандр, за гутарку. Думаю, што мы на ёй не патрацілі дарма часу. Спадзяюся таксама, што не згубяць свой час надарэмна і нашы чытачы, прачытаўшы яе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY