Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка


Ніл Гілевіч нарадзіўся 30.09.1931г. у вёсцы Слабада, што на Лагойшчыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, пасля аспірантуру пры ім. Народны паэт Беларусі. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, плённа працуе ў галіне перакладу.
 
Ніл ГІЛЕВІЧ

ПА ЧУЖЫХ УЗОРАХ

Лірычныя мініяцюры ў жанры «танка»

* * *
Трыццаць адзін склад
Уціснуць у пяць радкоў
Строга па схеме:
Пяць-сем-пяць-сем-сем, — і ўсё!
Вось вам, сябры, і «танка».

* * *
Ёсць водападзел
Рэчак і рэк на зямлі —
Воля прыроды!
А ёсць і водападзел
Душ. Чыя ж бы тут воля?

* * *
Якая цяплынь —
Якраз пасярод зімы!
Выйшаў на ганак —
І здалося: дыханне
Адталай раллі пачуў.

* * *
Зноў быў навёў я
Ідэальны парадак
На сваім стале —
І зноў, дзякаваць Богу,
Перамагае жыццё.

* * *
Сэрца не здрахла —
Яму не даюць драхлець
Добрыя людзі:
Раняць і раняць яго.
Дык мабілізуецца!

* * *
Як заспяваў ён —
Раптам, на сцежцы лясной,
Летнім світанкам!
Адкуль жа трэба ісці,
Каб гэтак шчасліва пець?

* * *
Падалі адвар.
Водар — родны, а чаго —
Пазнаць не магу.
Ці не гэта і ёсць лёс
Беларускай культуры?

* * *
Смецце ў космасе
Носіцца па арбітах —
Абломкі ракет...
Гляджу ў сінь нябёс: ну й ну!
І там насмецілі ўжо!

* * *
Самы высокі
І самы белы касцёл —
Наш быў, у Гайне.
Заглянеце мне ў душу —
Пераканаецеся.

* * *
Так страшна ўявіць,
Колькі я дам аднойчы
Клопату родным, —
Што хай бы я ўлёгся лепш
Дзесь у брацкай магіле.

* * *
Да дзеда ў госці
З мамай ідзем — ірвуся
Наперад хутчэй, —
Знаю: за трэцяй гарой
Будзе дзедава вёска.

* * *
А быў жа ён — час,
Калі мне здаваліся:
Рачулка — ракой,
Пагорачкі — горамі,
Дзедава слова — Божым.

* * *
Белая поўня.
Белы сувой дарогі.
Хутка і дома!
Камашы ў адной руцэ,
Куфэрак кніг — у другой.

* * *
«Любіць — не любіць...»
Помню, абшчыпваў і я
Белы рамонак.
Забава, а як хацеў
Скончыць пялёсткам «любіць»!

* * *
Сон, а забыцца
Не хоча. Дзіўная рэч:
Праходзяць гады,
А ён, той сон пра яе,
Не-не ды і ўспомніцца.

* * *
Старыя кнігі...
Наважыў збыць — і не змог:
У кожнай — знакі
Алоўка... Вешкі пуцін,
Якімі ішла душа.

* * *
Праз колькі гадоў
Унук мой будзе юнак,
І нейкі мардач
Пагоніць яго ў Чачню...
Лепш сёння загіну я!..

* * *
Перад канчынай
Бацька мне скрушна сказаў:
«Вось, паміраю,
А тых, з кімі ўсё жыццё
Змагаўся, стала шчэ больш...»

* * *
Як добра было б,
Каб знік страшны цень вайны,
Каб рунь ажыла,
І каб шпакі занялі
Домік, што я ім зрабіў!

* * *
Родныя гукі...
З гукаў — родныя словы...
Са словаў — песні,
Казкі, паэмы, драмы,
Жыццё, Радзіма, Народ.

2003, студзень—сакавік.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY