Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Францішка РАДЗІВІЛ

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага.

Дыяклецыян – цэзар2
Царыца
Агапа
Хіонія
Ірэна
   пакутніцы
    Дульцый, суддзя і стараста
Агасп, канфідэнт3 Дульцыя
Сізіній, паслядоўнік Дульцыя

АКТ І
Сцэна 2

Агапа, Хіонія, Ірэна

Агапа
Мы ў адзінстве кроўным, пад адною ўладай…
Ці ж вашыя сэрцы не ахінуцца здрадай?
Баюся, што спакуса і той скарб нікчэмны
Са звыклых абавязкаў звернуць нас дарэмна.
Няўжо ліхая слодыч д'ябальскай распусты
Прыстойнасць нашу знішчыць, будзе ў сэрцах пуста…
Стане ўраз смяротнай бясконцая істота,
Дзён колькі асалоды – страта вечнай цноты.
А чалавек быў з гліны вылеплены ўмела:
Вось фігура з косці, душа ўдзьмухнута ў цела,
Супраць забароны быў плод адзін сарваны –
І вось Айцец наш з раю на пакуту гнаны…
Дык хто ж такі магутны, ажывіўшы гліну,
Выгнаў з раю продкаў, надаўшы ім дзядзіну?
І вось ралля пад працай пот з іх выціскала,
Але праз плуг спажыву целу дасылала.
Сёстры дарагія! Хто ж чыніць тыя справы?
Створца наш не сцерпіць няўдзячнасці-няславы!

Хіонія
…Не, сястра, памерці цяпер хутчэй гатовы,
Не варты мы дакораў і тваіх намоваў.
Слізкая прыступка любой зямной здабычы:
Бо хто спазнаў іх болей, за нішто іх лічыць.
Ўсё мінае з часам, дні сплываюць хутка,
Нібыта сон – так многа знішчыць іх мінутка.
Прыйдзе суд, і за дабро будзе ўзнагарода,
За злачын і зло – агонь, пекла і нягоды.
Там (паказваючы рукою ўніз, г. зн. у пекла)
— вечныя пакуты, неба – цнот адплата;
З Богам – мэта шчасця, гонар без растраты.
Першародны мелі грэх прашчуры старыя,
Бездань паглынула ўраз душы іх святыя.
Верым, першы грэх сплаціць Бог дапамагае
І ў сасудзе чыстым нам Слова дасылае.
Роду Боскага, ды Сам – дваістай натуры,
Бо ў душы сапраўдны Бог – чалавек з фігуры.
Сын у постаці людской да Марыі Панны
Ўлоння чысціні святой быў накіраваны.
За маю душу пазней Ён прыняў пакуты…
Хто ж выпадкам гэтым, хто не будзе крануты?

Ірэна
Ах, сёстры, хіба ж можна на Таго забыцца,
Кроў Якога – бачу — скрозь адусюль бруіцца.
За каго ж? А за душу, што ў бяздумнай плыні
У грахах сваіх штодня дабравольна гіне.
Каханне за каханне вернасцю адплаціць.
Як цяжка, хто кахае – і каханка страціць.
Хай без пакут сканае нават смерцю ўласнай –
То будуць плач і роспач у журбе няшчаснай.
А тут ірвалі каты маладое цела
Таго, Хто пры аздобах быў незразумелы.
Патрушчаныя косці церні скрозь сціскалі,
Быццам дзень апошні крывёю пазначалі.
Ўсе штурхаюць цела, вяжуць, б'юць і лаюць,
І валасы і жылы разарваць жадаюць.
Струмень крыві згусцее – новыя сцякаюць,
Распрануты, збіты, косці вытыркаюць…
Вось прылюдна на крыжы там сканала потым
Цела… Боская ж душа – пад такім прыгнётам!
І вось святому Сэрцу за любоў адплата:
Піўшы воцат з жоўцю, дзідаю працята!
Ах, хопіць!.. Ані слова не прамоўлю ў скрусе,
Цяпер да майго Бога шчыра памалюся:
Памерці хрысціянкай дай мне, Божа мілы,
У веры гэтай, сёстры, сыдзем да магілы.
<…>

А К Т ІІІ
Сцэна 1


Царыца
…Чаму ж у знатным стане, з гэткай пекнатою
Вы нішчыце свой гонар вераю ліхою?
Паслухайцеся волі цэсарскіх мандатаў:
Колькі ў нашай веры прыхільных калігатаў4!
А якая ж ваша? Смела падыдзіце,
Пра ўсе дагматы веры самі раскажыце.

Агапа
Верым: ёсць Адзіны Бог – Той, Хто ўсё стварае,
Цела Ён фармуе Сам, душу ажыўляе.
Дзеліць цемру і святло; месяц, сонца, зоры
І планеты ў небе ўсе ставіць у дазоры.
І паветра, і зямлю, і агонь з вадою –
Сам стыхіі ўсе стварыў, долу даў напою.
Ён паветра аддзяліў, цэлы свет завесіў,
Каб аблокі над зямлёй сталі ў паднябессі.
Птушкі, гады, матылі, атамы й жывёлы –
Ад Яго, дый чалавек, як бачыш, някволы!
Элементы за сем дзён ён усе стварае,
З гліны мужа лепіць сам і душу ўдыхае,
Мудрую й рухавую; а пазней рабрыну
З мужа спаўшага дастаў і стварыў жанчыну.
Мужу даў імя Адам, яго жонцы – Ева,
Пасяліў іх у раі, ўсё дазволіў… Дрэва
Аднаго забараніў нават дакранацца,
Але ж хітры сатана рады быў старацца:
Еву грэшную пладом з тых галін частуе,
Гэты яблык іх, маўляў, з Боствам ураўнуе.
Ева з'ела, аддала агрызак Адаму,
За што Бог і выгнаў іх за райскую браму.

Хіонія
Бог, разгневаны такім правапарушэннем,
Першародны грэх скараў цяжкім прызначэннем:
Пекла даў для ўсіх ліхіх, для святых – абшары,
У пакутах каб чакаць Сынавай ахвяры.
Духам Слова ажывіў Ён дзівосным чынам
І ва ўлонні пасяліў велічнай жанчыны –
Панны чыстай, без граху, Марыяй названай,
Не кранутай, хоць у шлюб Юзафу адданай.
Аднаго ў асобах трох Бога заключыла –
Айца, Сына й Духа яна ў сабе насіла.
Так у чалавека Сын Божы ўцелавіўся,
І ва ўбогай стайні ў галечы нарадзіўся,
У пялёнках зрэбных… Мінула год нямнога –
Стаў Ён веру абвяшчаць і спазнанне Бога.
Пазней – хоць Бог душою! – схоплены, закуты,
Целам чалавечым – о жах! – цярпеў пакуты.

Ірэна
Здрадзіў Яму Юда, аддаў бязверным Пана,
Так ад слугі, як бачыш, атрымаў Ён рану.
Няўдзячнасць – вось пакута. Крывадушна, гнюсна
Пацалункам здрады ён прадаў Езуса.
Б'юць Яго, катуюць, лоб цернем раздзіраюць,
Пакуты, здзекі, ўдары на Яго ўскладаюць.
Нарэшце распінаюць на крыжы драўляным,
Глядзіць на тое Маці, а на сэрцы – раны.
Кроў цячэ – струменьчык, што змые грэх Адама.
Святыя йдуць на неба, гіне пекла брама.
Хто толькі з моцнай верай трымаецца цноты,
Дойдзе сам да неба, да вышняй той Істоты.
Ў стратах непатрэбных не трымай нас, пані,
Аднаго нам трэба – душы выратавання.
< Цэзар загадвае адвесці сясцёр да суддзі Дульцыя>

Сцэна 5
Дульцый, Агасп, Агапа, Хіонія, Ірэна

Дульцый
Ах, глядзі, Агаспе, што тут за фігуры,
Хіба Венера толькі гэткае ж натуры.
…Вазьмі, Агаспе, іх, вядзі да свайго дома,
І я прыйду туды паволі, пакрыёма…

Сцэна 6
Дульцый
Няшчаснай вольнасці закон сплыве ў імгненне,
Няхай бы розум быў мацнейшы за каменне!
Адзіны позірк зблытаў думкі нечакана,
Прывабнасць нішчыць сэрца і куе кайданы.
Каханне шчырае на розум не зважае;
Пакуль не бачыць вока, ён перамагае.
Калі ж хоць раз натуру пачуццё збунтуе,
То змогуць вочы розум, звада запануе.
Я вольны быў, як матылёк, што на свабоду
Ляціць заўжды, збірае з кветак асалоду,
І вось на ружу яе шып асцісты трапіў:
Хоць цернем зраніла, ды бляск мяне прывабіў.
Хоць мне і вера, й абавязак самі радзяць:
Хай згінуць смерцю ўсе, хто боствам сваім здрадзяць,
Чаму ж мяне глыбокі роздум тут катуе?
Пайду, куды мяне каханне накіруе.
Калі ж з пагардаю адмовяць мне раптоўна –
Што я хачу, вазьму, не просячы, гвалтоўна.
<…>

Сцэна 11
Агапа, Хіонія, Ірэна ў куце моляцца Богу,
Дульцый замест іх абдымае і цалуе кухонны посуд, выбруджваецца ім і там жа вар'яцее.

Дульцый
Адна, а вунь другая, трэцяя каханкі,
Майго жадання й страсці што ж вы за тыранкі!
Хіонія, цалую прагна твае вусны,
Імі так нядаўна крычала: «Ах, распусны!»
Гожая Агапа, цябе я прытуляю,
Хай твая спагада ад скрухі ацаляе!
Душа мая, Ірэна! З вуснаў я прымаю
Столькі асалоды! Сыходзіць не жадаю!
Чаго ж вы дасягнулі?.. Што ж, а dieu 5 , дзяўчынкі,
Думайце пра свой і мой добрыя спачынкі!
Дзякуй Богу, першую атрымаў ахвяру,
А за былую ўпартасць атрымаюць кару.
Як я ж сябе насыціў, аж душа спявае.
Каго ж цікаўнасць сэрца гэтак не кранае?

<Дульцый выходзіць, людзі ад яго ўцякаюць, бачачы, што ён спэцканы ў чорнае і дзівачыць>.
<…>

Сцэна 17
<Сізіній учыняе новы допыт сёстрам>

Агапа, Хіонія
Паліць ахвяр не будзем, не жадаем волі.

Сізіній
То ў агонь – абедзьвюх, хай будзе з вас вуголле!

Агапа
Пойдзем, так, Сізіній, бо радасць немалая
Нам да сэрца шэпча, што вечнасць нас чакае.
Адзін кароткі момант, часу так нямнога –
І пахвалім разам мы ласку Пана Бога.
Прыгадай жа сам ты жыцця свайго пачаткі:
Чым быў? Чым ёсць? Чым будзеш? Ты ж з улоння маткі
Голы, неразумны ды з плачам нарадзіўся.
Падросшы, апрануўся, постам быў марыўся…
Напаткае страшны час цела неўзабаве –
І чарвяк яго згрызе, і згніе ў няславе.
Прызначана спрадвеку смерць жывым стварэнням,
А ў сконе чалавечым – момант нараджэння.
Які твой час на свеце, дый жыццё якое?
Ці ўспомніш, што ўчыніў ты – добрае й благое –
Цела наша сцерпіць: як церне яго коле,
Гняце вялікі цяжар – не памрэ ад болю!
Мінае ўсё: хвіліна квадранс6 даганяе,
Міне гадзіна… Вечар. Ноч сышла… Світае.
Хто запомніць гэта? Раз дождж, другі пагода,
Сонца, потым месяц. Кіруе так прырода.
Маладосць, калоссе і парастак зялёны
Ці згніюць, ці змерзнуць – бо час вядзе да скону.
Хто жыццё са смерцю ў сваёй руцэ трымае?
Пан Бог дае ўсё шчодра – Бог і адбірае.
Незнішчальная душа, смерць ёй невядома,
Ёй не шкодзяць час і век у нябесным доме.
Асалода ж без мяжы і хвала бясконца
Там пануе і жыве славай таго Сонца.
Яно кіруе светам, цемру асвятляе,
Праўда – ў ім адзіным, хто верыць – не зблукае.
Ты, стараста, падумай пра спакой душэўны,
А для мужных сэрцаў нястрашны погляд гнеўны.

Хіонія
Які тут страх? Нікога смерць не абмінае,
Ні з кім не пасябруе і не паспрыяе.
Да людзей прыходзіць, каб з кожным парадніцца.
Мусіш з ёю (быў – няма) на жыццё забыцца.
Дзень дый зробіць цемрай – і раптам, нечакана
Зложыць побач пастуха, караля і пана.
А калі якую косць выкапаеш з гліны –
Дык ці панская яна, ці лясной звярыны?
Невядома! Сам кароль роўны там галоце,
А за веру – ў небе скарб, гонар годнай цноце.
З найвышэйшых перспектыў – парашок ці атам
І палац, і пышны фэст, троны з маястатам.
Там – бясконцая карысць, там звышнатуральны
Блаславёны шчодры густ, што для ўсіх спрыяльны.
Новае для добрых душ Бога там спазнанне,
Там бязночнае7 святло і выратаванне.
Смела я пайду ў агонь, слёзы я прагнала,
Каб жа імі буйны жар я не залівала.
Дык вядзі ж хутчэй – душа прагне зведаць лёсу,
Што наканавалі ёй светлыя нябёсы.


  1. Паводле жанравага вызначэння самой аўтаркі.
  2. Тут: імператар.
  3. Верны слуга.
  4. Супольнікаў.
  5. Бывайце! (франц.)
  6. Чвэрць гадзіны, пятнаццаць хвілін.
  7. Аўтарскае слова.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY