Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Святлана ШЭЙПА

«ШКОЛА ДЛЯ АРГАНА» ЮЗАФА ГРЫМА

Гравюра з кнігі Арнольда Шліка. 1511 г.
Каталіцкая музычная традыцыя на Беларусі ў другой палове ХІХ—пачатку ХХ ст. з'яўляецца адной з самых недаследаваных тэм у сучасным музыказнаўстве. У гэты перыяд, як і на працягу XVI—XVIII стст., Вільня заставалася цэнтрам беларускай каталіцкай культуры. Тут знаходзілася сядзіба біскупа, якому падначальваліся касцёлы большасці беларускіх тэрыторый; пасля закрыцця ў 1832 годзе Віленскага універсітэта тут дзейнічала семінарыя, якая рыхтавала святароў для Літвы і Беларусі. У Вільні выдаваліся канцыяналы, падручнікі для касцёльных музыкантаў, асобныя літургічныя творы мясцовых аўтараў. У рэчышчы рэлігійнай музыкі на Беларусі актыўна працавалі Ст. Манюшка, Ф. Міладоўскі, кс. Я. Галіч, кс. А. Вашкевіч, Л. Герынг і інш.

Вядома, што ХІХ стагоддзе характарызуецца агульным заняпадам, крызісам касцёльнай музыкі па ўсім свеце, што выяўлялася ў неразуменні таго, якой павінна быць сапраўдная касцёльная музыка, прычым гэта не разумелі не толькі касцёльныя музыканты, але і духавенства. У гэтыя часы звычайнай з'явай было выконваць мазуркі, вальсы і іншыя танцы ў касцёле падчас набажэнстваў. Немалаважным фактарам быў і недахоп адпаведнай літаратуры (часопісаў, падручнікаў і дапаможнікаў, спеўнікаў для хораў, арганістаў і інш.), якая б распавядала пра сапраўдную касцёльную музыку.

Толькі ў другой палове ХІХ ст., на хвалі агульнага адраджэння касцёльнай музыкі, ствараюцца таварыствы св. Цэцыліі ў Італіі, Францыі, Швейцарыі, Югаславіі, Галандыі, Амерыцы, Венгрыі, Швецыі, Іспаніі, Англіі, Даніі, Аўстрыі, Беларусі, а таксама св. Кірыла ў Чэхіі, св. Войцэха ў Польшчы. Дзейнасць такіх таварыстваў дасягнула вялікіх маштабаў: адчыняліся школы для арганістаў, ладзіліся з'езды, канферэнцыі, пачала з'яўляцца метадычная літаратура. У гэты перыяд з'яўляецца цэлы шэраг падручнікаў для аргана, што сведчыла пра цікаўнасць да гэтага інструмента.

У 1861 г. у Варшаве была выдадзена «Практычная школа для аргана і фісгармоніі» Аўгуста Фрэера; пасля 1880 г. выйшла «Школа для аргана» Леанарда Салецкага (рэфарматара касцёльнай музыкі ў Галіцыі); у Вільні ў 1863 г. з'явілася «Школа для аргана» ксяндза Яна Галіча-Сулінскага, у 1879г. — яго ж «Арганная музыка — новы метад з літаральных нот і інфармацыя іх выкарыстання» ("Muzyka organowa nowa metoda z nut literalnych i informacja uzycia takowych»); перад 1874 г. у Варшаве выйшла «Школа для аргана» Рамуальда Зентарскага; у 1880 годзе быў выдадзены падручнік «Дапаможнік для арганістаў» А. Сапальскага (Кракаў) — першы падручнік такога тыпу; з'явіліся выданні «Школа для меладыкон альбо фісгармонію» Уладыслава Жэпкі (Варшава, 1893), а таксама «Школа для аргана» Мечыслава Сужынскага (Варшава, каля 1911 г.)

У 1895 г. па ініцыятыве Секцыі прыхільнікаў касцёльнай музыцы ў Варшаве былі створаны двухтыднёвыя курсы павышэння ўзроўню арганістаў1, а з 1896 г. пачаў выходзіць часопіс «Spiew Koscieln»y, прысвечаны грыгарыянскаму харалу і інш.

Каб уявіць стан касцёльнай музыкі на тэрыторыі Беларусі, звернемся да друкаваных выданняў другой паловы ХІХ стагоддзя. У артыкуле невядомага аўтара «Мінская губерня з музычнага позірку» мы даведваемся, што ў Мінску «...аб арганах і арганістах не варта і ўспамінаць, бо цяжка знайсці стан, найбольш варты слёз2 . «У дзесяці паветах цяжка было знайсці хоць аднаго арганіста, які б так-сяк умеў чытаць ноты»3 ; у 1870-х гг. у касцёлах ігралі далёкія ад сакральных твораў танцы, а для аздаблення шлюбаў і пахаванняў запрашаліся жыдоўскія капэлы4. Станіслаў Манюшка, які выконваў абавязкі арганіста ў касцёле св. Яна і дырыжора аркестра ў Вільні гаварыў: «Мая муза дрэмле, як уся музыка ў Вільні»5 .

Міхал Ельскі6 (1831—1904) пад уражаннямі ад падарожжаў па Еўропе ў сваім артыкуле «Музыка ў нас і за мяжой»7 так параўноўваў стан касцёльнай музыкі ў Заходняй Еўропе і на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай:

«У Заходняй Еўропе ўжо ў XVII стагоддзі гэта (касцёльная) музыка стаяла высока: італьянцы ўжо мелі вялікага Палестрыну і іншых касцёльных кампазітараў, а немцы — Гендэля, Баха і пашыраныя ў касцёлах народныя хоры. Бах быў майстрам арганнай ігры, а яго арганныя творы, як фугі і таму падобнае, з'яўляюцца сёння прадметам здзіўлення і зачаравання кампетэнтных музыкантаў у іх фундаментальных працах, поўных натхнення і высокіх думак. Хто ж не ведае, як абстаіць справа з касцёльнай музыкай за мяжой: на сённяшні дзень і там ёсць цэлы сонм касцёльных кампазітараў, цэлы сонм і майстроў ігры на арганах. Нават у правінцыі касцёльная музыка ў парадку, таксама як і народныя спевы ў касцёлах, бо ў народных школах вучаць правільна спяваць, усюды граюць на арганах добрыя арганісты і з імі арганы ўсюды настроены. Не гаворачы ўжо аб гарадах, дзе касцёльная музыка, народныя і харальныя спевы даведзены да высокага ўзроўню, а арганы маюць сваіх настройшчыкаў, якія кожны тыдзень назіраюць за імі, каб строілі і былі ў парадку. У нас, у Варшаве, вучацца ў кансерваторыі маладыя арганісты, што нямала ўплывае на тое, што тут касцёльная музыка рухаецца шляхам прагрэсу разам з сучаснай еўрапейскай музыкай. Толькі, на жаль, у далёкай правінцыі і малых гарадах зусім інакш. Арганы паўсюдна расстроеныя, а музыка ў касцёлах яшчэ такая, якой была ў XVII—XVIII стагоддзях у Заходняй Еўропе падчас войнаў крыжакоў, і публіка ёю задавальняецца.

Што да народных спеваў падчас малітваў і працэсій, то яна служыць доказам таго, што ў многіх людзей няма музычнага слыху ад прыроды, бо найчасцей гэтыя спевы ўвогуле крыклівыя і фальшывыя, асабліва на Літве і Русі. У той час як за мяжой народны спеў правільны, умеркаваны і чыстай інтанацыі, у чым не адмовіць той, хто там пабывае, асабліва хоць неяк кампетэнтны ў музыцы. Арганісты ў нашай правінцыі самавучкі, часцей дзеці з народа, не лепшыя за вясковых народных скрапачоў, расстроеныя арганы пішчаць з бубнамі, якія гучаць у «Credo», пастары з брынкальнымі званочкамі — усё гэта нагадвае патрыярхальнае сярэдневечча, з чым сёння за мяжой не сустрэнешся. Ёсць надзея, што сонм арганістаў, якія заканчваюць Варшаўскую кансерваторыю, з часам паўплывае на касцёльную музыку, у цэлым краі сляды гэтага: там, дзе вучні кансерваторыі кіруюць касцёльнай музыкай у касцёле Святога Духа ў Вільні і Рэтове, маёнтку князёў Агінскіх Жмудзі, касцёльная музыка і арганы ва ўзорным стане».

У артыкуле «Падарожныя ўспаміны» М. Ельскі распавёў пра агульны стан касцёльнай музыкі ў Літве так: «Аднак касцёльная музыка ў Каралеўстве (Польскім) знаходзіцца ў лепшым стане, чым на Літве, дзе ёй актыўна ніхто не займаецца. Але памыляюся! Вядомы на Літве як казначэй, а цяпер парафіяльны ксёндз Гадлеўскі8 ў Бялынічах; у тым крае ён першым унёс вялікі ўклад у касцёльную музыку, заснаваўшы школу арганістаў, дзеля кіраўніцтва якой з Чэхіі быў выпісаны адукаваны музыкант і арганіст п[ан] Грюн. Тым самым ксёндз Гадлеўскі праявіў сябе як асоба духоўная і як чалавек высокай культуры; арганізаваная ім школа прынясе карысць касцёльнай музыцы ва ўсёй правінцыі. Чаму ж не ўсе духоўныя асобы так разумеюць сваё становішча?»9. (Пан Грун — прафесар арганаў пражскай кансерваторыі, які ў 1860 г. прыехаў працаваць у Бялынічы10 .)

Адным з буйных дзеячаў Вільні, які далучыўся да развіцця каталіцкай музыкі на Беларусі, быў Юзаф Грым. Яго пяру належыць вялікая колькасць рэлігійных твораў: 2 месы, рэквіем, песні, арганныя прэлюдыі. Негледзячы на тое, што спадчына Ю. Грыма налічвае вялікую колькасць твораў розных жанраў, на сённяшні дзень яна невядомая.

Тытульная старонка «Школы для аргана» Юзафа Грыма, выдадзенай ў Вільні ў 1881 г.
Нотны рукапіс балады Юзафа Грыма «Alpahara»
Арганная творчасць Юзафа Грыма, на думку сучаснага польскага музыказнаўцы К. Мроўца, «рэпрэзентавала ідэалы цэцыліянскага руху і развіцця поліфанічнай тэхнікі»11 . З друку выйшлі яго «Збор песняў з мелодыямі, распаўсюджанымі ў рымска-каталіцкім касцёле» (1863), падручнік «Школа для аргана» (1881). Ю. Грым таксама з'яўляецца рэдактарам «Спеўніка набожных песен» (1863), музычнага раздзела ананімна выдадзенай кніжкі да набажэнстваў пад назвай «Божая служба»12 . У гэтым спеўніку, апрача 58 папулярных песняў, змешчаны таксама творы Ст. Манюшкі («Вітай, Панна»), меса К. Курпінскага «На ступенях Твайго алтара», 3 песні самога Юзафа Грыма. На думку К. Мроўца, ён з'яўляецца і аўтарам арганнага суправаджэння да ўсіх (ці да часткі) рэлігійных песняў. У рукапісах — вялікая колькасць харавых касцёльных кампазіцый. Сярод свецкіх кампазіцый Ю. Грыма — балада «Alpahara», прысвечаная Ст. Манюшку; рукапіс у некалькіх сшытках «Lieder sammlung» («Збор песняў») на словы розных аўтараў (між імі і Ё. В. Гётэ).

Творы Ю. Грыма адыгралі вялікую ролю ў фармаванні рэпертуара парафіяльных калектываў Беларусі і Літвы і былі актуальнымі для касцёльнай практыкі ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. Неапублікаваныя харавыя і арганныя кампазіцыі Ю. Грыма былі выяўлены намі ў рукапісных нотных зборах канца ХІХ—пачатку ХХ ст. з некалькіх касцёлаў Беларусі і Літвы. Так, у архіве гродзенскага езуіцкага касцёла знойдзены 4 прэлюдыі для аргана; у архіве нясвіжскага езуіцкага касцёла — творы для хора «Малітва Панская», «O sacrum convivium», «Libera me»; у аб'ёмным рукапісным зборы кіраўніка хора вёскі Эйшышкі Эдварда Гірдо — харавыя кампазіцыі «Omni Die», «Ecce sacerdos magnus». У ананімным артыкуле з часопіса «Spiew Koscieln»y13 быў змешчаны спіс рэпертуару парафіяльнага хора пад кіраўніцтвам Ул. Каліноўскага з вёскі Сакаляны Гродзенскай губерніі, дзе таксама знаходзіўся твор Ю. Грыма «Вітай, Марыя».

У такіх аўтарытэтных выданнях, як «Польскі біяграфічны слоўнік», «Энцыклапедыя касцёльнай музыкі» Г. Мізгальскага, «Слоўнік польскіх музыкантаў» А. Савінскага, «Польскія і замежныя дырыжоры, што дзейнічалі ў Польшчы ў ХІХ і ХХ стст.» Л.Т. Блашчыка, на жаль, амаль няма інфармацыі адносна асобы Юзафа Аляксандра Грыма. Звесткі пра яго абмежаваныя толькі дадзенымі пра месца працы і заняткі, таму факты біяграфіі давялося збіраць літаральна па крупінках.

З працы К. Мроўца «Польская касцёльная песня ў апрацоўцы кампазітараў ХІХ стагоддзя»14 мы даведваемся пра чэшскае паходжанне Ю. Грыма. Па звестках «Памятной книжки Виленского учебнаго округа за 1908/1909 учебный год»15 у ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі працавала вялікая колькасць музыкантаў з Чэхіі. З 1895 года ў Першай Віленскай гімназіі працаваў выпускнік Пражскай кансерваторыі Іосіф Ружычка16 . Іван Грдзіна, які таксама навучаўся ў Пражскай кансерваторыі, з 1894 года працаваў ў Віленскай рэальнай вучэльні, з 1896 г. — у Другой Віленскай гімназіі, а з 1905 г. — у Віленскім жыдоўскім настаўніцкім інстытуце17. Верагодна, паміж былой Рэччу Паспалітай і Чэхіяй такім чынам наладжваліся культурна-музычныя сувязі, у выніку якіх апынуліся і доўгі час працавалі на тэрыторыі Беларусі Ю. Грым, Грюн, І. Грдзіна, І. Ружычка і іншыя музыканты.

Сам Юзаф Грым у «Падручніку для аргана» называе сябе «прафесарам музыкі і арганістам ў віленскай семінарыі». Удалося знайсці і некалькі іншых звестак: у адным са сваіх лістоў да Юзафа Сікорскага Станіслаў Манюшка згадвае Юзафа Грыма як «вельмі добрага музыканта, які жыве ў вёсцы пад Вільняй»18 . Як вядома, Ст. Манюшка актыўна выступаў за прафесійнасць творчасці, таму такая ацэнка Ю. Грыма як музыканта вельмі істотная. Летапісец дзеяў Віленскага біскупства Ян Курчэўскі19 называў Грыма кампазітарам і выкладчыкам харальнага спеву ў віленскай семінарыі. Такім чынам, атрымліваецца, што Юзаф Грым быў высокапрафесійным кампазітарам, арганістам, прафесарам музыкі ў віленскай семінарыі, дзе выкладаў таксама харальны спеў.

Досыць яскравае ўяўленне пра творчую дзейнасць Ю. Грыма можа даць «Школа для аргана», выдадзеная ў 1881 г. накладам Юзафа Завадскага ў Вільні (яе экзэмпляр нам пашчасціла знайсці падчас працы ў Нацыянальнай бібліятэцы Літвы). Поўная назва падручніка гучыць так: «Тэарэтычна-практычная школа для аргана, а таксама поўны падручнік для арганістаў, які уключае нешпары, гімны і рэспансорыі, найбольш ужываныя ў Каталіцкім Касцёле на важных урачыстасцях; таксама дзве звычайныя месы, адна жалобная і кароткія проігрышы пад час Божай службы».

Недахоп добрых музыкантаў-прафесіяналаў стаў прычынай стварэння Ю. Грымам «Школы для аргана» ў якасці першага кроку да навучання і станаўлення сапраўдных арганістаў. Для гэтага аўтару трэба было знайсці новыя, больш плённыя метады выкладання матэрыялу, даступныя слаба падрыхтаваным касцёльным музыкантам.

Юзаф Грым так вызначыў мэту свайго выдання: «...складаючы дапаможнік, мы думалі аблегчыць нашым маладым арганістам не толькі знаёмства з тэорыяй музыкі, але і ігру на аргане, зведзеную да самых простых і неабходных правілаў. Таксама імкнуліся сабраць у адным месцы ўсё тое, што добры арганіст пры выкананні свайго абавязку падчас Божай службы павінен ведаць і рабіць. Пры ўкладанні гэтага даведніка мы карысталіся некалькімі працамі, спіс якіх мы дадаем ніжэй, а таксама ўласным шматгадовым вопытам. Самая вялікая і жаданая ўзнагарода для нас, калі наша праца будзе прызнаная карыснай і прыдатнай».

Дапаможнік Ю. Грыма — гэта другі падручнік такога тыпу, падрыхтаваны так званым «краёвым»20 музыкантам. Першы вядомы нам зборнік такога тыпу — «Школа ігры на аргане» Я. Галіча-Сулінскага (?—1900)21 — быў выдадзены ў Вільні ў 1863.

«Школа для аргана» Ю. Грыма выразна падзяляецца на тры часткі:

  • Тэарэтычнае засваенне найбольш дзейсных для навучання спосабаў і метадаў.
  • Практычнае авалодванне касцёльным рэпертуарам згодна з літургічным годам (сыходзячы з патрэбаў).
  • Дзве звычайныя і адна пахавальная месы Ю. Грыма.
У тэарэтычную частку дапаможніка ўваходзяць элементарныя звесткі з тэорыі музыкі, італьянская тэрміналогія, раздзел па мелодыі і гармоніі, агульныя звесткі па аплікатуры і педалізацыі. Практычная частка пачынаецца практыкаваннямі па нумерацыі і падкладанні пальцаў у абедзвюх руках паасобку, далей ідуць рытмічныя практыкаванні, практыкаванні для абедзвюх рук, 8 лёгкіх пройгрышаў, гамы і кадэнцыі, 5 эцюдаў. Прычым нават самыя простыя практыкаванні пабудаваныя па строгіх правілах поліфанічнай тэхнікі, што, як здаецца, адлюстроўвае, з аднаго боку, вопыт выкладання харальных спеваў у семінарыі, а з другога — ідэальна адпавядае спецыфіцы арганнага выканальніцтва.

Досыць вялікую па аб'ёме частку «Школы для аргана» Ю. Грыма займае раздзел па літургічнай практыцы, складзены паводле даўніх традыцый спеву і ігры на аргане падчас набажэнстваў. Тут змешчаны 8 псалмавых тонаў, спевы ардынарыя нядзельнай вячэрні, асобныя спевы пропрыя вячэрні, асобныя нумары набажэнстваў найважнейшых святаў касцёльнага года і ўласныя кампазіцыі Ю. Грыма.

* * *

У гістарычным аспекце ХІХ ст. характарызуецца вельмі складаным для Беларусі перыядам, што, безумоўна, адбілася на ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, у тым ліку і на культурным жыцці. У гэты час сфера каталіцкай музычнай практыкі — не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і па ўсёй Еўропе — знаходзілася ў глыбокім крызісе. Гэта было звязана з сацыяльным становішчам музыкантаў; дрэннай сістэмай навучання, якая рыхтавала музыкантаў нізкага прафесійнага ўзроўню; абыякавасцю да касцёльных музыкантаў з боку духавенства. Усе гэтыя аб'ектыўныя і суб'ектыўныя прычыны спарадзілі аматарства і дылентантызм ва ўсіх галінах касцёльнай музычнай творчасці: арганнага і харавога выканальніцтва, кампазітарскай і педагагічнай дзейнасці.

Толькі ў другой палове ХІХ ст. для ўсіх стала зразумелым сапраўднае становішча касцёльнага выканальніцтва і паступова распачаўся працэс рэфармацыі. «Школа для аргана» Ю. Грыма была адной з нешматлікіх сур'ёзных працаў (поруч з працамі А. Фрэера, Л. Салецкага, Р. Зентарскага і інш.), якая, на нашу думку, мела на мэце запоўніць вакуум у сферы арганнага выканальніцтва, і, што самае галоўнае, — забяспечыць патрэбным рэпертуарам касцёльных музыкантаў.


  1. Goіos J. Polskie organy i muzyka organowa. W-wa, 1972. s. 200.
  2. Gubernia Mińska pod względem muzykalnym //Ruch muzyczny. W-wa, 18? t.II, s.387-389.
  3. Паводле выказу карэспандэнта з віленшчызны //Muzy a kościelna.nr. 2, s. 5
  4. Mrowiec K. Polska pieśń kościelna w opracowaniu kompozytorów XIX wieku. Lublin, 1964, ст. 200.
  5. Dzieje muzyki polskiej w zarysie// W-wa, 1977, s. 77.
  6. Беларускі скрыпач, кампазітар, музычны пісьменнік.
  7. Сапранкова А. Міхал Ельскі – выканаўца, кампазітар, публіцыст. Мн., 2002,  ст. 115–116.
  8. Кс. Люцыян Гадлеўскі (пам. 22.02.1876) – вучыўся ў Віленскай духоўнай акадэміі, якую скончыў з ступенню магістра тэалогіі. Бліскучы прапаведнік, прафесар духоўнай семінарыі, канонік і сябра магілёўскай кансісторыі. Браў удзел у падрыхтоўцы паўстання, у выніку чаго быў высланы ў Кіеўскую губерню. Ён адмовіўся выкарыстоўваць у набажэнствах расейскую мову. З 1858 года – пробашч у Бялынічах (Магілёўская дыяцэзія). Кс. Л. Гадлеўскі апрацаваў гісторыю Трыдэнцкага Сабору, а таксама склаў малітоўнік, які быў выдадзены ў Парыжы, а пасля ў Кіеве (1860).
  9. Сапранкова А. Міхал Ельскі – выканаўца, кампазітар, публіцыст. ст. 79–80.//Wspomnienia z podróży // Ruch muzyczny. W-wa, 1861. t.V, nr. 28, s. 443–444.
  10. Goіos J. Polskie organy i muzyka organowa. W-wa, 1972, s. 200.
  11. Mrowiec K. Polska pieśń kościelna w opracowaniu kompozytorów XIX wieku. Lublin, 1964, s. 135–136.
  12. Тамсама, s. 60–61.
  13. „Śpiew Kościelnyyyy, Płock, 1903, s. 153–154.
  14. Mrowiec K. Polska pieśń kościelna w opracowaniu kompozytorów XIX wieku. Lublin, 1964, s. 60.
  15. Памятной книжки Виленского учебнаго округа за 1908/1909 учебный год //Вильно, 1908.
  16. Тамсама, ст.12.
  17. Тамсама, ст.13.
  18. Moniuszko St. Listy zebrane, 1969.  № 225, s. 244–247.
  19. Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie.W-no, 1912, s. 519.
  20. Так называў сваіх суайчыннікаў Ст. Манюшка. Rudziński W. Stanisław Moniuszko. K-w, 1955, s. 224.
  21. Goіos J. Polskie organy i muzyka organowa. W-wa, 1972, s. 191


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY