|
|
№
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні
У свеце Бібліі
На шляху веры
Паэзія
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Haereditas
Пераклады
Мастацтва
Проза
Юбілеі
Проза
Нашы святыні
Музыка
|
У 1970—1980-я гг. у вёсках засталіся толькі старэйшыя людзі. Моладзь паехала ў савецкія гарады, пакідаючы традыцыйную культуру вясковага жыцця, на якой трымалася этнічная свядомасць Краю, дзе этнас так і не стаў беларускім народам.
Пакінутыя ў вёсках і на хутарах бацькі вытрымалі і дапамаглі сваім дзецям утрымацца, застацца людзьмі, бо захавалі жывую веру, забароненую афіцыйна ўладамі, не заўсёды глыбока ўсвядомленую, якую нельга забараніць ці замяніць «лепшай», савецкай, нельга стварыць на заказ, як тэатр. Сцэнар напісаны Богам, ролі размеркаваныя.
Такія думкі былі пры чытанні апавяданняў і аповесцяў Артура Цяжкага — прарока паражэнняў, які інтэлектам слова спрабаваў супакоіць трывогу свайго часу, бо час заўсёды найлепшы той, у якім чалавек жыве.
Артур на паўсвядомым узроўні шукаў гармоніі сумленнага інтэлігента ў несумленным, штучна створаным бязладдзі. З цяжкімі духовымі траўмамі вяртаўся на хутар да бацькоў, дзе маці гаіла яго душу адварамі з зёлак і песняў. «Песні часта даводзілі мяне да слёз, гэта былі святыя слёзы любові, замілавання... і цяжка вытлумачальнага шчасця». У прозе ён быў сапраўдным тады, калі спавядальна пісаў аб далікатнай, узаемнай крэўнай любові.
Мусіць, прычынай была Артурава прыгажосць, бо рэдактаркі прапускалі ў друк яго апавяданні на рэлігійную тэматыку: пра Каляды, пра святкаванне св. Яна, пра малітвы маці і аднавяскоўцаў.
Артур Цяжкі жыў у Гродне з вясны 1981-га да вясны 1984-га. Памёр на 41-м годзе жыцця ад сардэчнага прыступу 5 красавіка 1984 г. пасля некалькіх інфарктаў. На смерць апрануў касцюм, завязаў гальштук; памёр адзін, ноччу, седзячы на канапе. Жонка Ліля з сынам Максімам, якому было 2 гады, былі ў пакоі праз калідор і думалі, што Артур спіць. Перад тым ён з’ездзіў да маці на хутар у Лылойці на Смаргоншчыне (Лылойці — ад літоўскага lyliuoti — люляць, калыхаць)...
Неяк Артуру даручылі ўхвальна напісаць пра двух невялікіх начальнікаў, каб вылучыць іх на званне народных ці заслужаных. Але былі яны зладзеямі і прайдзісветамі. Не хацелася Артуру скандалаў і непрыемнасцяў. Хацелася спакойна гадаваць і выхоўваць сына. Той, хто вырас на хутары і збіраў дабрыню і любоў па расе на досвітку, не навучыўся купляць спакой несумленнымі пісанкамі.
Савецкія начальнікі не карысталіся талентам хутаранца для стварэння грамадскай думкі. Хутаранцы — не змаганцы. Змагацца — гэта інтрыгаваць, аплёўваць, даносіць, рабіцца такім, як той, з кім змагаешся, а нам хочацца быць сумленнымі самім для сябе.
Нас справакавалі паехаць у горад па веды. Мала хто з хутара мог стаць музыкам (хоць у бацькі Артура была мандаліна!), але мы маглі падацца ў літаратуру, бо мелі сваё слова. Творчасць успрымалася пры саветах паважна, аднак у чужых нам гарадах у нас не было добрых дзядзькаў, даводзілася самім звязваць жыццё з творчасцю. У нас было адно месца для адступлення — наш хутар. Там можна было залізваць раны...
У Артура быў шляхцянскі хутар: хата з чыстаю паловаю, на два канцы; гаспадарчыя забудовы стаялі асобна, студня — пасярод двара, вялікі сад.
Цяпер людзі носяць свае хутары, як слімакі ракавінкі, ставяць іх у завулках гарадоў, адгароджваюць! Але мы жылі пры КПСС, якая гэтага не дазваляла — яна не змагла б кіраваць хутарамі ў гарадах. Мы былі ў падполлі, забароненыя. Нашы хутары абворвалі да платоў (а часам і платы зносілі), засявалі навокал чужым збожжам, якое дратавалі ў нас на вачах, ганялі па ім зайцоў. Пілавалі дрэвы нашых прадзедаў і казалі, што нашы прадзеды пасадзілі дрэвы на калгаснай зямлі. Казалі нам: «Пайшоў на хутар!»
На хутарах раслі паэты. Слова «паэт» — сінонім слову «чалавек». Не ўсе рыфмуюць вершы, але думаюць: каб захацеў, я напісаў бы лепш.
Артур Цяжкі быў паэтам, быў артыстам-чытальнікам (выступаў нават у крамлёўскім палацы), быў трактарыстам, салдатам, газетчыкам-спецкорам, журналістам у раённых, абласных і рэспубліканскіх газетах. Як паэт друкаваўся з 1957 г., як празаік — з 1966 г.
Выдаў кнігі прозы «Сустрэча пасля вясны» (1980 г.), «Пара блакітных дажджоў» (1982 г.); кніга «Дзе мой дом» выйшла праз два гады пасля яго смерці ў 1986 г. (адчуваецца, што Артур яе сам не ўкладаў). У 1989 г. у Маскве ў перакладах С. Пайны выйшаў томік «Смятение».
18 красавіка 1981 г. у Гродне працавалі на суботніку, а Ліля і Артур з сябрамі гулялі вяселле ў Скідалі: Лілі было 33, Артуру — 38. Праз тыдзень паехалі ў Лылойці, дзе старэйшыя браты (іх было два — Генусь і Славік) пачалі «выхоўваць» малодшага брата-паэта і давялі Лілю да слёз. «Ні адзін народ так не ненавідзіць сваю інтэлігенцыю, як беларускі», — казала Ларыса Геніюш, і яшчэ: «У інтэлігенцыі няма іншай радні, акрамя духовай».
Артур пераехаў у Гродна з Мінска, Лілі якраз далі кватэру. Добрай працы Артур не знайшоў. Ён уладкаваўся рэдактарам у Доме народнай творчасці, выдаў буклет народных майстроў. Так ён з’явіўся ў нашай невялікай літаратурнай суполцы. Мы з ім падрыхтавалі кнігу твораў гродзенцаў «Краю мой Нёман». Аляксей Карпюк выдаў гэтую кніжку ў Мінску.
Артур заходзіў у дом, дзе я збірала музей Максіма Багдановіча, казаў: «Каб памаўчаць у святых сценах».
«Касцёл быў адамкнуты. «Зайду», — падумаў Максім (у прозе Цяжкага галоўныя персанажы былі Максімамі), але спачатку накіраваўся на могільнік. На пагорку пад сасной-развілкай была бацькава магіла. Авальны партрэт-медальён на слупку сціплага помніка з мармуровай крошкі віднеўся цяпер, зімой, здалёку, амаль не ад самага ўваходу. У лесе вечнасці стаяла глухая цішыня. Ля некаторых магіл снег быў расчышчаны, гарэлі свечкі. Асцярожна ступаючы па нябачнай, але знаёмай па памяці сцежцы, Максім ішоў да бацькавай магілы. Снег рыпеў мякка, ціха.
«Дзень добры, тата.» («Дзе мой дом»).
Падрабязна пра пахаванне бацькі Артур напісаў у апавяданні «Сямейная рэліквія». Сямейная рэліквія — гэта мандаліна.
Артура пахавалі каля бацькі на цвінтары касцёла Маці Божай Добрай Рады ў Нястанішках. Кветак было шмат. Палову іх маці занесла да абраза Маці Божай, не вялі ўсю вясну. Маці перажыла малодшага сына на 16 гадоў. Цяпер яны разам — Юзаф, Юзэфа і Артур.
Аляксандр Ліпень на магілу Артура зрабіў барэльеф Амура.
Артур Цяжкі як празаік не паспеў знайсці сваю тэму, але ўпарта яе шукаў. Пісаў кароткія навэлы. Найчасцей у іх — мужчына-інтэлігент, стомлены, недагледжаны, самотны, але чысты душою, моцны, ездзіць па вялікіх дарогах, сустракаецца з людзьмі. У апавяданні «Поезд ішоў з Сімферопаля» ехала ў тым цягніку жанчына з хлопчыкам. Выйшла на прыпынку чаго купіць і трапіла пад цягнік. Мужчына-мастак, сусед, апякуецца хлопчыкам, не гаворыць яму праўды, усынаўляе яго.
Шмат у прозе Цяжкага пакрыўджаных дзяцей. У горадзе. На хутары, наадварот, дзеці жывуць прыгожым жыццём.
Вясковыя людзі ў прозе Цяжкага жывуць па хрысціянскіх запаведзях. У апавяданні «Жыць і дажываць» Міхась Вішнеўскі заходзіць да суседа Стася, які памірае, каб памірыцца. Стась жыў несумленна. Забыў «Ойча наш», але просіць у Бога і ў суседа прабачэння, памятае, што за грахі трэба пакаяцца...
Аповесць «Смутак» — той твор, які дае зразумець, якая ніша ў нашай прозе засталася незапоўненаю без Артура Цяжкага. У Максіма памірае маці. Браты забіраюць з хутара ўсё жывое, а Максім жыве ў горадзе... Яму дастаецца шэрая мышка. Ён просіць братоў не прадаваць хутар. Застаецца ў хаце, дзе яшчэ жыве матчына душа. Спачатку спіць як тады, калі маці была побач. Калі прыязджаў дадому стомлены, хворы, а яна паіла яго «здароўем».
«Рыпалі дзверы. Уваходзіла мама. У старым мокрым ватніку, на галаве накручана некалькі хустак, на нагах — дзіравыя кірзавыя боты.
— А, ты ўжо ўскруціўся? — дакорліва, як малому, гаварыла яна. — Ляжы. Зараз во малачка на кірагазе нагрэю. Напіся — і пад коўдру. Крапчай.
Мой ты мілы доктар. Колькі я абавязаны табе сваім здароўем! Заўсёды, калі мне было ой як цяжанька, ты сваёй гаючай дабратой і клопатам зноў ставіла мяне на ногі»...
Максім бярэ кошык і ідзе па грыбы па той дарозе, якую часта ў горадзе сніць. Па гэтай дарозе хадзіў з сябрамі ў школу за 5 км. Перабірае ў памяці іх дзіцячыя таямніцы, буду, дзе хаваліся, каб пакурыць.
Успамінае, як малы маляваў сабе вусы, браў партфель, ішоў да бабулі Антаніны — гуляў у фінагента. Басам пытаўся з парога: «Ці здалі вы малако і масла?». Дарослыя ўключаліся ў гульню. Але аднойчы ў суседа трапіў на сапраўднага агента...
А дзяўчаты гулялі ў «жабрачак» з пераапрананнем, ім трэба было, каб суседзі іх не пазналі.
Максім наносіць на паперу план хутароў, якія мелі агульную назву Бярозкі, усе амаль перабудаваліся ў вёсцы.
Хутаранцы — пустэльнікі, самотнікі, мілыя дзівакі, містыкі, філосафы. Ім не трэба прыкідвацца, быць, як усе. Яны маглі дазволіць сабе жыць у пазачасавым містычным шчасці, глядзець на зоркі і думаць, як палепшыць увесь свет, каб быў такі, як іхні хутар.
Трое суседзяў жылі дружна. Пакуль працавалі, іх жонкі рабілі сняданак. Ва ўсіх была тая самая нішчымная бульба, але жонкі клікалі: хадзі, блінцы з яечняй на стале; хадзі — катлеты стынуць...
У вялікіх гарадах людзі працуюць і зарабляюць, каб быць такімі, як усе, — мець такую ж вопратку, мэблю, манеры, мову, нават жонак і дзяцей.
Людзей з Артуравага «Смутку» ў гарадах пасылаюць да псіхолагаў, якія ахвотна і без вагання называюць іх «шызафрэнікамі», а «нармальныя» людзі надта цешацца, маючы апраўданне сваёй ляноце і бяздзейнасці...
«Людзі ў Бярозках былі мяккія аптымісты»...
«На двух канцах гасцінца пры ўездзе ў Бярозкі стаяла па крыжу. Крыжы, як і належыць, былі павернуты распяццямі да сядзібаў.
Але вось аднойчы раніцай, выганяючы на пашу карову, бабка Антаніна прыкмеціла, што крыж ад лесу павярнуўся «спінай» да хутароў.
— А во-о! — здзівілася. — Людцы, гляньце, што гэта такое?!
Людзі задзіралі галовы, няўцямна глядзелі на крыж.
— Нейкі вар’ят «мэнку» сарваў, — падаў думку Зыдор.
— Сарваў? «Мэ-энку»? Ды за такое Бог рукі адарве.
Нехта зірнуў на адваротны бок крыжа, распяцце было на месцы.
— Ёсць, ёсць «мэнка»!
Гэта яшчэ больш азадачыла хутаран.
Як жа так атрымалася, што крыж стаіць «спінай» да хутароў?
— Пэўне, так і паставілі.
— Яшчэ што выдумай. Паставілі. Учора я ішла ў касцёл і якраз на гэты крыж жагналася. І «мэнка» была.
— За грахі, за грахі нашы Хрыстус адвярнуўся ад нас, — уздыхнуў Стась Нарэйка. — За п’янства, за мацюкі, за сваркі...
— Праўда, праўда, Стасюк. За грахі, — цяжарная маладзіца падняла да неба ясныя вочы і прастагнала: — Наймілейшы Божа, даруй нам грахі нашы, не згубі ў чэраве дзіця нявіннае...
— Пачакай, — перабіў яе ўсюды дасужы Зэнька Салянік, — а што гэта вунь за паперка на крыжы бялее?
Зэнька мігам апынуўся каля крыжа, адклеіў, відаць, хлебам прыклееную паперку і ўголас прачытаў:
— Як Бярозкі да Бога, так Бог да Бярозак.
— Як-як? Прачытай яшчэ раз!
Зэнька ціха агрызнуўся:
— Глухім два разы ў касцёле не звоняць!
Самы дасціпны Мацей Борчык разабраўся па почырку, што запіску напісаў і крыжы за ноч пераставіў Стась Нарэйка, якога называлі «Бук, заплаць», які сапраўды быў вельмі веруючы, ціхі і бязгрэшны чалавек, і хацелася яму, каб усе людзі ў Барках жылі па Божых запаведзях. Калі яго дакаралі, ён не разгубіўся і сказаў: «Рукой грэшніка Бог не будзе пісаць!» — «Дык ты ўжо ў Бога пісарам служыш!» — папракнулі Стася...»
«Пакорныя, як галубы, і хітрыя, як вужы», — казаў пра сваіх Апосталаў Езус. І на Артуравым хутары прыпамінаюцца Яго святыя словы...
Наш Край спрабуюць разбурыць, перш за ўсё духова. Але, мусіць, гэта не ўдасца зрабіць ніякім непрыяцелям — ні знешнім, ні ўнутраным, бо «ў родным Краі ёсць крыніца жывой вады», з якой піў Артур Цяжкі, шляхотны інтэлігент, які не здолеў прышчапіцца ні ў Брэсце, ні ў Мінску, ні ў Гродне, таму пасля сарака гадоў вярнуўся ў Нястанішкі. Назаўсёды.
Максіму Цяжкаму, яго сыну, цяпер 21 год.
Ён працуе на прадпрыемстве «Азот» і вучыцца на факультэце эканомікі і менеджмента завочна. Маці кажа, што ён «усе крошкі пабраў па бацьку» — такі ж высокі, прыгожы, выхаваны, сціплы, добры. Прозвішча носіць Цяжкі, але жыць яму ў Гродне пакуль што лёгка. Няхай так будзе заўсёды.
|
|
|