У музеі тэатра, музыкі і кіно Літвы (г.Вільнюс) захоўваюцца вельмі рэдкія і важныя для гісторыі Мінска выяўленчыя матэрыялы, аналагаў якім на тэрыторыі нашай краіны няма. Гэта шэсць наклееных на фірмовае паспарту жэлаціна-сярэбраных фатаграфій з выявамі Мінска 1870—1873 гг.
На сённяшні дзень больш распаўсюджанымі і вядомымі з’яўляюцца фатаграфіі і паштовыя карткі з выявамі Мінска 1890—1910-х гадоў. Яны шырока публікуюцца на старонках навуковых, папулярных, даведачных выданняў. Гарадскія краявіды 60—70-х гадоў ХІХ стагоддзя з’яўляюцца рэдкасцю. Лічаныя адзінкі такіх выяваў захоўваюцца ў найбагацейшай фатаграфічнай калекцыі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. І тым больш радасна, што раскіданыя па ўсім свеце крупінкі нашай спадчыны вяртаюцца на сваю радзіму, хай нават у выглядзе электронных копій.
Невялікі агляд гэтай фатаграфічнай серыі распачнем з самага сенсацыйнага для іканаграфіі Мінска здымка. На ім — выява зачыненага восенню 1871 г. касцёла бенедыктынак. Фатаграфія зроблена да яго перабудовы ў 1872 г. у праваслаўны храм Спаса-Праабражэнскага манастыра. Лічылася, што адзінай больш менш дакладнай выявай святыні з’яўляецца малюнак мінскага губернскага архітэктара Т.Крамера, змешчаны ў «Атласе Мінскай губерні», 1800 г.
1. Дагэтуль даследчыкам не было вядома ніводнай фотавыявы гэтага будынка. І раптам такая знаходка! На фатаграфіі добра праглядаецца архітэктура будынку, кампазіцыя фасаду, а таксама забудова вакольнай тэрыторыі.
|
Тры іншыя віды серыі прысвечаны аднаму з любімых месцаў адпачынку гараджанаў — ціхаму і ўтульнаму Аляксандраўскаму скверу (закладзены ў 1870—72 гг.). Згадаем, што сквер на паштоўках пачатку ХХ стагоддзя часцей паказаны ад параднага ўваходу (непадалёку стаяла Аляксандраўская капліца, якой сёння няма). Тут жа фатограф скарыстаў нязвыклы ракурс — сфатаграфаваў і капліцу, і ўваход з сярэдзіны сквера. У поле здымка трапілі ўся цэнтральная частка сквера, на якой яшчэ не было знакамітага фантана «Хлопчык з лебедзем» (з’явіўся ў 1874 г.); капліца і часткова будынкі на скрыжаванні Петрапаўлаўскай і Захар’еўскай вуліц (сучасныя вул. Энгельса і пр.Ф.Скарыны). На здымку шмат дробных, але займальных дэталяў, якія робяць выяву жывой і цёплай. На прыгожых драўляных лавах адпачываюць мінчукі, паўсюль невысокія, толькі што пасаджаныя і клапатліва падвязаныя дрэўцы. Удалечыні да сцяны трохпавярховага будынка прытуліліся вялізныя драбіны, па якіх, здаецца, вось-вось пачнуць узбірацца рабочыя...
|
На другім здымку непадалёк ад таго месца, дзе цяпер знаходзіцца Купалаўскі тэатр, у атачэнні маладых дрэўцаў стаіць прыгожая, уся разьбная драўляная альтанка, побач з якой па пясчаных дарожках шпацыруюць мінчукі — дама з сабачкам, высокі франтаваты кавалер у модным цыліндры. На другім плане, за невялікім драўляным плотам, у прыцені дрэваў хаваецца прыгожы дом Оскара Гаўсмана (вядомы пазней як дом графа Чапскага).
Іншы фотаздымак даносіць да нас выгляд Архірэйскага дому, сфатаграфаванага збоку алей Аляксандраўскага скверу. Дрэвы яшчэ не засланяюць ад вока будынак, які паўстае перад намі ва ўсёй сваёй прыгажосці.
|
Знакавай у сэнсе адлюстравання часу можна лічыць фатаграфію з выявай адной з цэнтральных мінскіх вуліц — Губернатарскай — на тым участку, які вядзе ўбок Саборнай плошчы (сучасная вул.Леніна). У тых, хто добра ведае аблічча Мінска 1890-х — пачатку 1900-х гадоў, горад 1870-х пакідае ўражанне патрыярхальнасці і разам з тым асаблівай стылістычнай еднасці. Кідаецца ў вочы адсутнасць у кадры асобных дэталяў, такіх характэрных для горада пачатку стагоддзя і такіх звыклых для нашага вока. На тых вуліцах яшчэ няма шматлікіх рознакаляровых шыльдаў, што пазней зоймуць сцены, вокны, дзверы і нават невялікія карункавыя балкончыкі дамоў, і якія, на думку сучаснікаў, будуць вельмі псаваць гарадскі краявід. Няма вялізных электрычных апораў і павуціння правадоў, шматпавярховых будынкаў і рэльсаў конкі, фасады дамоў яшчэ не кранула перабудова...
|
На адным са здымкаў — драўляны, пабудаваны на высокім фундаменце, павільён. 20 ступеняў вядуць да ўваходу, каля якога стаіць мужчына ў мундзіры. Справа, сярод высокіх ялінаў і бярозаў, — група людзей у цёмных плашчах. Перад павільёнам блішчыць вадзяное люстра Свіслачы, па берагах якога высаджаны прыгожыя кветкі. Што гэта за будынак, што робяць тут гэтыя людзі? Пакуль гэта застаецца загадкай. Хутчэй за ўсё, на здымку — адзін з краявідаў Гарадскога саду. Вядома, што тут знаходзілася некалькі лекавых жалезных і серных мінеральных крыніц. Магчыма, перад намі выгляд адной з іх.
Усю серыю гэтых прыгожых гарадскіх пейзажаў выканаў у сваёй мінскай студыі фатограф Напалеон Амвросіевіч Аколаў. Дваранін Віленскай губерні, ён нейкі час сумесна з вядомымі фотамайстрамі Вільні А. Штраусам і Я. Бжазоўскім трымаў фотамайстэрню ў Вільні.2. У маі 1869 г. 27-гадовы фатограф з’ехаў у Ліду3 і адчыніў там уласнае фотаатэлье. Увосень Аколаў з’явіўся ў Мінску, дзе 8 лістапада 1869 г. (дазвол № 12150) у доме яўрэя Іцкі Бермана, што на вуліцы Губернатарскай, адчыніў сваю фотамайстэрню.4. Гэта цэнтральная мінская вуліца была месцам, дзе традыцыйна працавалі фотаатэлье. Так, на пачатку 1860-х тут знаходзіліся адны з першых гарадскіх фатаграфічных устаноў — майстэрні Антона Прушынскага і Якава Брафмана5. І відаць, не выпадкова адзін са здымкаў мінскай фатаграфічнай серыі прысвечаны менавіта вуліцы Губернатарскай. Магчыма, дзесьці сярод гэтых будынкаў знаходзіцца і фотаатэлье Напалеона Аколава.
|
З рапарта мінскага паліцмайстара, накіраванага 12 студзеня 1870 г. губернатару, даведваемся, што ў фатаграфіі Напалеона Аколава меліся два фатаграфічныя станкі, якія ўладальнік майстэрні набыў у Санкт-Пецярбурзе. Фатаграфічнай працай у атэлье, акрамя самога Напалеона Аколава, займаліся яшчэ два чалавекі
6. У асноўным, дарэчы як і ў іншых фотамайстэрнях, тут выконвалася вельмі папулярная сярод насельніцтва партрэтная фотаздымка. І цяпер у старых фотаальбомах карэнных мінчукоў можна знайсці фотавыявы іх продкаў, зробленыя ў гэтай студыі. Цяпер, дзякуючы ацалелым здымкам, мы ведаем Аколава і як майстра гарадскога пейзажу. Майстэрня Аколава праіснавала ў горадзе 28 гадоў. За гэты час яна змяніла некалькі адрасоў. У 1879 яна размяшчалася у доме Смуся, потым у доме Крушыка, што на вуліцы Захар’еўскай, а ў 1893 годзе пераехала на вуліцу Падгорную (сучасная К.Маркса), у дом графа Чапскага. У 1897 годзе Напалеон Аколаў па невядомых нам прычынах пакінуў горад, а ўстанову сваю, верагодна, прадаў двараніну Оскару Гаўсману
7.
Шчыра дзякуем літоўскім калегам за магчымасць публікацыі гэтай фотасерыі.
- U. Dzianisau. Kościół i klasztor benedyktynek w Mińsku // Przegląd Wschodni. T. VII. Z. 3 (27). W-wa, 2001. P. 830.
- M. Matulyte. Photography of Vilnius. 1858–1915. Vilnus, 2001. Р. 32.
- D. Junevicus. 1863 - 1904 m. Vilniaus gubernijos tyrinejimai, vol. 3. Vilnius, 1997. P. 288.
- НГАБ, ф. 295, воп. 1, с. 1971, лл. 1, 4.
- П. Архангельскі. Мінск //Фотографическая иллюстрация. № 8–9, 1863.
- НГАБ, ф. 295, воп. 1, спр. 1971, л. 4.
- Тамсама. спр. 6427, л. 57; спр. 6597, л. 26, 43 адв.