|
|
№
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука
На шляху веры
Мemoria
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія
Пераклады
З жыцця Касцёла
Нашы святыні
Пераклады
|
Юрый Гарулёў – беларускі дакументаліст, аператар і кінарэжысёр, усе творчае жыццё якога звязана з кіно. Як аператар ён зняў дзесяткі карцін, а ў рэжысуры выявіў сябе ў апошняе дзесяцігоддзе. Гэта чалавек абаяльны, адкрыты і, нягледзячы на юбілейны ўзрост, па-юнацку рухавы і жывы. Галоўнае ў прафесіі дакументаліста, лічыць Гарулёў, – не так тэхнічныя, спецыяльныя веды і ўменні, як псіхалагічны кантакт з героямі, якім вельмі важна, каб іх выслухалі і пачулі. Уявіце сабе абстаноўку здымак – вакол чалавека кінагрупа, можа быць спецыяльнае асвятленне, гукавая апаратура, кінакамера. Хто ў такіх умовах не разгубіцца, застанецца самім сабой? А аўтару ж трэба, каб людзі на экране выглядалі натуральна і гаварылі шчыра. Гэта можа атрымацца толькі тады, калі вочы ў кінематаграфіста сапраўды выпраменьваюць добрае пачуцце, цікавасць да суразмоўцы. Менавіта ўменне не проста слухаць чалавека, а пачуць яго сэрца – галоўнае для творцы ў дакументальным кіно. Гарулёў дзеліць фільмы іншых дакументалістаў на тыя, у якіх яму холадна (пры ўсім знешнім майстэрстве і выразнасці кінакадраў), і тыя, ад якіх цёпла. Значыць, у іх ёсць энергія дабра. І сам ён імкнецца да такіх фільмаў, а гэта магчыма толькі пры ўнутраным кантакце рэжысёра з героямі стужак. Кароткія штрыхі біяграфіі Юрыя Гарулёва такія. Ён нарадзіўся 22 мая 1944 г. у мястэчку Сулак, пад Тамбовам. Гэта быў час вызвалення Беларусі, і бацькі вярнуліся ў родны Магілёў. З 1949 г. сям’я жыла ў Мінску – у адной кватэры з сям’ёй Івана Мележа. Бацька Юрыя – Мікалай Аляксандравіч – быў членам Саюза пісьменнікаў. Дом засялялі вядомыя дзеячы літаратуры і культуры – тут жылі М.Танк, П.Пястрак, А.Кучар, Я.Маўр, Ю.Семяняка, М.Аладаў, І.Ахрэмчык (сёння ўвесь дом у мемарыяльных дошках). Дарэчы, пра гэты дом Гарулёў хацеў бы зняць фільм як пра «гняздо» свайго дзяцінства. З многімі людзьмі, падлеткамі тых часоў, сяброўства засталося на ўсё жыццё. З дзяцінства Юрый марыў пра работу менавіта ў кінадакументалістыцы, хацеў быць аператарам, хадзіў у аматарскую кінастудыю ў Палацы піянераў Мінска. Калі ўпершыню ўбачыў каробку з 300 метрамі кінаплёнкі, прыйшоў у вялікае захапленне. Закончыў Ленінградскі інстытут кінаінжынераў (1971 г.), служыў у арміі, быў на камсамольскай працы, потым завочна закончыў Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве (1982 г.). На студыі «Беларусьфільм» пачаў працаваць як асістэнт аператара на кінахроніцы. Прафесія была сціплая: лічылася, што гэта той, хто носіць «каробкі». Паралельна са сваімі калегамі і равеснікамі вучыўся майстэрству, здымаючы як аператар фільмы з рознымі маладымі рэжысёрамі. Кожны рэжысёр меў свой стыль і манеру работы, і ў кантакце з імі Гарулёў як аператар удасканальваў свае майстэрства. Уладзімір Цяслюк – майстар энергічных спартыўных рэпартажаў, і Гарулёў здымаў іх тэмпераментна, імкліва. З Цеслюком як рэжысёрам Гарулёў зняў і фільм пра будаўніцтва беларускага метро. Аператыўна здымалі хроніку, рэпартажы. Аператары павінны былі быць самі спартыўнымі. Асаблівае значэнне для практыкі рэпартажных здымак мела Алімпіяда-80, якая праходзіла ў Маскве. На «Масфільме» рэжысёр Ю.Озераў здымаў урачыстае панарамнае відовішча – свята спорту і кантакту моладзі розных народаў. Гэтыя здымкі Гарулёў успамінае як вялікае аператарскае братэрства. Аператарская «сям’я» ўключала маладых кінематаграфістаў з усіх рэспублік. Афіцыйна ўсе аператары маглі здымаць матэрыял толькі для «Масфільма», але спрацавала прафісійная салідарнасць: кожны на сваёй кропцы здымаў яшчэ і для сваёй рэспублікі, і для сваіх сяброў. Гарулёў – наогул вельмі таварыскі, адкрыты – захаваў сяброўства з многімі сваімі калегамі з тых часоў на дзесяцігоддзі. З Уладзімірам Цеслюком (дарэчы, сынам Уладзіміра Паўлавіча Цеслюка, вядомага беларускага кінааператара) ён здымаў разам фільм пасля атрымання дыплома аператара на студыі «Беларусьфільм». Аператарскі дыплом быў зняты з рэжысёрам Паўлам Пікманам – рэпартажны фільм з псіхалагічнымі элементамі «Хай будзе вецер!» (пра яхтсменаў). Тэлеоптыка дазволіла перадаць асаблівую атмасферу воднага спаборніцтва. І хай камера часам дрыжала, вядомы кінааператар А. Княжынскі, які ўваходзіў у экзаменацыйную камісію, адзначыў: «Гэта твае лепшыя кадры. У іх ёсць атмасфера». З Феліксам Кучарам Юрый Гарулёў як другі аператар зняў фільм «Пра маці можна расказваць бясконца» (1975 г., рэжысёры І. Вейняровіч, П. Аліферэнка, Р. Ясінскі). Ф. Кучар – гэта майстар магутнай кінаэстэтыкі, паэт і філосаф экрана. Быў Гарулёў і другім аператарам на мастацкім фільме «Сямейныя абставіны», дзе рэжысёрам выступаў Л. Мартынюк, а як аператар працаваў Ф. Кучар. Здымаючы фільм пра захаванне старажытнасцяў, аб’ездзіў Ноўгарад, Поўнач. У кінематаграфістаў існуе такі прафесійна-ўжытковы тэрмін – «карцінка». Гэта значыць – выразны па пластыцы, па кампазіцыі кадр, дзе вялікае значэнне надаецца яго жывапіснасці, экраннай экспрэсіі. У Інстытуце кінематаграфіі майстрам Ю. Гарулёва быў А. Сіманаў – другі аператар С. Урусеўскага, класіка савецкай аператарскай школы. Таму цікавасць да маляўнічасці і адметнасці экраннай пластыкі ў яго, вядома, была. Наконт «карцінкі» як эстэтычнага крэда ў Гарулёва свае меркаванні. Ён заўсёды з цікавасцю і ўвагай сочыць за работамі іншых дакументалістаў, асабліва калі ў іх вытанчаны эстэтычны падыход да пластычнай выразнасці кінавідовішча. Вядома, гэткі падыход дае плён, калі спалучаецца з адухоўленасцю кінааповеду і глыбінёй аўтарскай думкі. Для Ю. Гарулёва заўсёды галоўнае – менавіта аўтарская маральна-этычная канцэпцыя фільма. Шэраг карцін ён зняў з рэжысёрам Аркадзем Рудэрманам. Для гэтага творцы сама па сабе «карцінка» мела асаблівае значэнне. Ён быў уключаны ў сацыяльную праблематыку, у гарачы рух падзей сучаснасці. Яму быў патрэбны аператар, здольны зафіксаваць «магму» гісторыі ў яе імгненным сённяшнім руху. Знакавым стаў для іх фільм «Хто выправіць памылку Дэметры?» (1984 г.) – сёння ён лічыцца адным з першых экалагічных твораў беларускага кіно, дзе ставіліся пытанні пра адносіны чалавека і прыроды ў крызісныя перыяды парушэння экалагічнай гармоніі. Фільм расказваў пра праблемы меліярацыі на беларускім Палессі. Разам былі зроблены таксама карціны «Гуд бай, СССР», «Тэатр часоў перабудовы і галоснасці». А потым здарылася трагедыя: падчас здымак у Таджыкістане адбылася дарожная аварыя, у якой загінуў А. Рудэрман. У гэтай самай машыне са здымачнай групай быў і Ю. Гарулёў. Страта сябра і калегі, смерць на яго вачах, вядома паўплывала на дакументаліста. Стала зразумелым, што гэтая прафесія звязана не толькі з фіксацыяй людзей і падзей, але і з такім цесным сутыкненнем з драмамі і трагедыямі чалавечых лёсаў, што цяжка аддзяліць кінатворчасць і жыццё. Далей асноўным рэжысёрам для Юрыя Гарулёва стаў дакументаліст Міхаіл Жданоўскі. І падчас працы з ім кінааператар асабіста перажыў маштабы яшчэ адной трагедыі – ён лічыць, што гэта была трагедыя сусветнага маштабу. У Арменіі адбыўся моцны землятрус. Туды была адпраўлена група беларускіх выратавальнікаў. Беларускія дакументалісты адразу ж рэпартажна пачалі здымаць фільм «Цавэд танэм. Арменія. Фрагменты трагедыі» (1989 г.). «Вазьму твой боль» – сэнс фільма. У Спітаку, Ленінакане здымалася жорсткая рэальнасць. Асабліва ўразілі сотні адкрытых, пустых трунаў, што стаялі радамі, прыгатаваныя для пахавання на разбураных вуліцах. Гэта быў прыродны, экалагічны катаклізм, але адначасова і найвялікшае эмацыйнае ўзрушэнне. Колькі тут было асабістых чалавечых трагедый і разам з тым колькі чалавечага высакародства! Для Гарулёва гэта быў момант філасофскага асэнсавання сутнасці абранай прафесіі, яе жорсткасці, часам трагічнасці, але і высакароднасці. І найвялікшай адказнасці за тыя высновы, што дае фільм гледачу. Галоўнай для Юрыя Гарулёва ў яго выбары герояў карцін стала ідэя дзейснага дабра. Прыход аператара ў кінарэжысуру быў невыпадковым: ён рыхтаваўся ўсёй яго папярэдняй творчай практыкай і жыццёвым вопытам. Гарулёў быў рэжысёрам і аператарам на фільме «Выпадак з практыкі» (1989 г.) па сцэнарыі І. Дзям’янавай – экранным расказе пра блізкага Гарулёву чалавека, яго былога аднакласніка, з якім ён і цяпер сябруе, – Анатоля Склярава. Былы гарадскі хлопец, атрымаўшы медыцынскую адукацыю, стаў доктарам вясковай бальніцы. Яго пацыенты вельмі цяжкія: у іх траўмаваныя пазваночнікі, і яны паралізаваныя. Самае небяспечнае для іх – пролежні. Вясковыя санітаркі павінны паварочваць іх сваімі рукамі. Вёска Пяцеўшчына стала месцам, дзе з дапамогай немцаў і галандцаў была пабудавана бальніца. Гарулёў лічыць, што яго сябра – чалавек бязмежнай чалавечай дабрыні. Дзейснай дабрыні. Хворыя называюць яго лепшым доктарам Беларусі. Не аднойчы адзін з іх казаў: «Мне не патрэбен урач. Мне патрэбен чалавек, які мяне выслухае. Тады я адчуваю сябе чалавекам. Радуюся жыццю». Простая назва фільма – «Выпадак з практыкі» – узятая з творчасці А. Чэхава. У карціне «Філасофскае аддзяленне» (2002 г.) паказаны вельмі сур’ёзныя і складаныя медыцынскія аперацыі – шунціраванне сэрца. Доктар Ю. Астроўскі літаральна «трымае сэрца на далоні», апарат «ганяе» кроў з дапамогай спецыяльнай апаратуры. Доктар – першакласны прафесіянал, але ён і прагматык, і філосаф. Ён думае пра жыццё і смерць, пра цела і душу. Яго дотык да сэрца іншага чалавека – самы непасрэдны. А дзе душа ў гэты момант? Гэта фільм-прыпавесць, роздум не толькі героя, але і аўтара пра адвечныя пытанні чалавецтва. Выслухаць чалавека – гэта не прафесія, а душэўная схільнасць, асаблівы кантакт душы з душою, мо, рэдкі, але вельмі каштоўны. Гарулёў як рэжысёр-дакументаліст імкнецца менавіта так адчуць душы сваіх герояў – хай гэта гістарычны персанаж ці сучаснік. У фільме «Засталася душа яго тут» (1997 г., сцэнарыст Д. Сімановіч, аператар А. Казазаеў) ён імкнуўся адкрыць асаблівасці мастацкага светаўспрымання Марка Шагала праз прастору, атмасферу яго роднага горада Віцебска, якая адбілася ў яго непаўторных паэтыка-метафарычных вобразах. Усё знятае – простае, нават сціплае, але адначасова і асацыятыўна-паэтычнае. У фільме ёсць аўтарская, рэжысёрская інтанацыя. Карціна «Адажыа» (1996 г., сцэнарыст І. Дзям’янава, рэжысёр-аператар Ю. Гарулёў) расказала пра гастролі ў Мінску кіраўніка аркестра «Віртуозы Масквы» У. Співакова. Маэстра правёў майстар-клас з вучнямі Мінскага музычнага ліцэя. Гэтыя рэпартажныя здымкі яшчэ раз выявілі ўменне Гарулёва слухаць і выслухоўваць свайго героя. Самыя важныя словы пра сэнс творчасці гучаць у фільме ў эпізодзе майстар-класа. Дырыжор гаворыць маладым музыкам, што калі ён выконвае музычны твор, яму здаецца, нібыта ён у пустыні, гарачай і сухой, нясе ў далонях кроплі жывой вады. Трэба іх беражліва данесці, каб наталіць духоўную смагу. Як дакументаліст Гарулёў умее назіраць, слухаць, чуць і фіксаваць самае галоўнае. Як аператар Ю. Гарулёў стварае таксама фільмы-рэквіемы пра славутых майстроў беларускай культуры. Гэта карціна «Лілія Давідовіч. Зорная гісторыя» (2001 г., сцэнарыст І. Дзям’янава, рэжысёр В.Палявы) – пра народную артыстку Беларусі Лілію Давідовіч, жанчыну з «вачыма-вішанкамі», што выпраменьвала энергію любові і дабра. Гэта відэафільм «Майстар» (2001 г., сцэнарыст Л. Глебава, рэжысёр М. Жданоўскі) – пра таленавітага «маэстра» беларускай музыкі, унікальнага творцу, кампазітара Яўгена Глебава. У стужцы «У вечнае карыстанне» (1997 г.) апавядаецца пра палац Румянцава ў Гомелі. Гарулёў сёння заклапочана раздумвае пра яго далейшы лёс – ці не занадта пакрыты ён плітамі, ці дастаткова прадуманая дрэнажная сістэма? Ці не «задыхнуцца» дрэвы ад празмернага штучнага пакрыцця? Экалагічны кірунак жыве ў яго душы пасля фільма пра «памылкі Дэметры». Юрыя Гарулёва вабяць таксама прыклады чалавечай таварыскасці, дзейснага сцвярджэння жыццёвага прызначэння. У фільме «Ад прадзедаў спакон вякоў...» (1996 г., сцэнарыст А. Лойка, рэжысёр Ю. Гарулёў) ён зафіксаваў не толькі свята пісьменства ў Наваградку, але і роздум мовазнаўцаў, настаўнікаў, мастакоў пра унікальную разнастайнасць і прыгажосць старажытнай беларускай мовы. Здымаючы сучасных творцаў, Гарулёў імкнецца паказаць іх справу жыцця як узор чалавечай творчай самарэалізацыі. Такі яго аўтарскі фільм «Грай, скрыпка, грай» (1994 г., сцэнарыст І. Назіна) пра цудоўных і натхненых народных музыкаў Міншчыны. Асаблівае месца займаюць сярод яго фільмаў вельмі маляўнічыя стужкі з «гульнёвым пачаткам» пра творцаў, якія ўмеюць радасна і вынаходліва рэалізаваць сябе ў сваіх складаных мастацкіх прафесіях. У карціне «Дзеці кавалера Джамбацісты Піранэзі» (1995 г., сцэнарыст-рэжысёр-аператар Ю.Гарулёў) ён зрабіў калектыўны партрэт сучасных мінскіх рэстаўратараў, што аднаўляюць старадаўнія храмы. У іх асяроддзі ідуць навуковыя спрэчкі пра метады рэстаўрацыі: што трэба захоўваць непарушным, а што можна «дапісваць», аднаўляць. Але галоўнае ў фільме – атмасфера вясёлай, амаль юнацкай гульні дарослых, якія быццам пераўвасабляюцца ў дзеячаў мінулага: апранаюць старадаўняе адзенне, спяваюць старажытныя канты. Гэта пагружэнне ў нетры гісторыі, імкненне спазнаць яе эмацыйна – таксама форма духоўнай творчасці. Карціна «Вечар у Паўночных Афінах» (1996 г., «абсалютны аўтар» – Ю. Гарулёў) паказвае аднаго з рэстаўратараў С. Верамейчыка ў мястэчку Залессе пад Смаргонню, на Гродзеншчыне, на радзіме Міхала Клеафаса Агінскага. Верамейчык як школьны настаўнік і стваральнік мясцовага тэатра здолеў захапіць дзяцей і дарослых асаблівай творчай гульнёй у эпоху Агінскага. Дзеці і бацькі – шчырыя і радасныя ўдзельнікі самадзейных інсталяцый – граюць паланэзы, спяваюць у самадзейнай оперы, малююць, жывуць у атмасферы мастацкай творчасці ХІХ стагоддзя. Невыпадковыя назвы гэтых фільмаў Гарулёва – ён імкнецца ўключыць спадчыну гісторыі і культуры ў кантэкст сучаснасці. Джамбатыста Піранэзі – італьянскі мастак, які маляваў старажытныя руіны як своеасаблівую мастацкую каштоўнасць. «Паўночныя Афіны» – так сімвалічна называлася Залессе ў часы Агінскага. Класіка, антычнасць, старажытны Рым, старажытная Грэцыя звязаны з сучаснасцю праз гістарычную памяць. Гэтую памяць імкнуцца ажывіць, аднавіць людзі дзейснай стваральнай працы. «Помнік» (2000 г., сцэнарыст В. Ільянкоў, кампазітар Ю. Вальмус) – так называецца фільм Ю. Гарулёва, тэма якога – увасабленне гістарычнай памяці ў біяграфіі чалавека. Герой фільма Аляксей Балюк – немалады ўжо чалавек з горкай, трагічнай біяграфіяй, але і з прасветленай душой. Лёс яго незвычайны, ён самым цесным чынам звязаны з гісторыяй. Аляксей нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 г., а ўжо 17 чэрвеня ён быў вывезены з маці і бацькам у Германію. Малое дзіця выжыла цудам. Пасля Перамогі разам з бацькамі Аляксей вярнуўся на Радзіму. Прафесію абраў класічную, «прыродную» – ляснік. Вёска яго называецца прыгожа – Мокрая Дубрава. На экране ў пластычна выразным кадры – магутнае дрэва (як архетып Дрэва жыцця), луг, неба, і адзінокі помнік з крыжам – ён устаноўлены героем фільма, лёс якога быў падзелены надвое. Калі яму споўнілася 50 гадоў, у яго знайшлі анкалагічнае захворванне. Як здараецца ў вёсцы, дзе натуральна прымаюць і жыццё, і смерць, ён сам зрабіў сабе помнік на могілкі – знайшоў камень, высек надпіс. З таго часу прайшло 10 гадоў. Аляксей Балюк ведаў пра месца пахавання ахвяраў першай сусветнай вайны – кайзераўскіх салдат і рускіх, беларускіх воінаў. Гэтае месца ніяк не было адзначана, і Аляксей вырашыў пазначыць яго ўласным помнікам, высекчы на ім адпаведны гісторыі надпіс. Аляксей Балюк разважае ў кадры пра матывы свайго рашэння: у беларусаў антываенны «ген» у крыві, лічыць герой фільма, народ наваяваўся, нам супрацьпаказана вайна і па маралі, і па ўсім светаадчуванні. Помнік ён паставіў насупраць свайго дома. Яго хацелі знесці, але трактарыст адмовіўся гэта рабіць. Тады Аляксей Балюк пасадзіў побач чатыры грушы і два баярышнікі. Яму вельмі важна, каб людзі рабілі высновы з чалавечай гісторыі: не трэба больш жорсткіх войнаў, не трэба крыві. Ён грае на баяне «На сопках Маньчжурыі…» Цішыня і спакой у кадры… Гэта фільм-прытча. Роздум і героя, і аўтара пра жыццё і смерць, пра гістарычную памяць, пра дзейснае стваральнае дабро чалавека. У апошнія гады Ю.Гарулёў звярнуўся да тэмы рэлігіі, духоўнасці, якую дае вера. У 1993 г. ён зняў фільм «Іконы Беларусі» (сцэнарыст Н. Высоцкая) – пра беларускую школу іканапісу, фільм «Усемагутны Божа» (1995 г., рэжысёр М. Жданоўскі, аператар Ю. Гарулёў) – пра Міжнародны фестываль духоўнай музыкі ў Магілёве. У карціне «Дотык» (1996 г., рэжысёр Т. Кіракозава) ён як аператар зняў дзіцячую школу іканапісу ў Барысаве. Паступова тэма веры, тэма розных канфесій пачынае дамінаваць у творчасці Гарулёва. Фільм «Арганы Беларусі» быў зняты Ю. Гарулёвым як аператарам (1995 г., сцэнарыст У. Неўдах, рэжысёр М. Жданоўскі). Адметна, што фільм Ю. Гарулёва «Малітва» (пра адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў расійскім горадзе Тамбове) атрымаў Гран-пры на фестывалі «Непакалянаў-98» падчас Міжнароднага фестывалю каталіцкіх фільмаў і мультымедый. Журы адзначыла, што фільм «з’яўляецца вялікім і хвалюючым сведчаннем паводзін і стасункаў людзей, умацаваных у Веры, Любові і Надзеі на Бога». З цягам часу Ю. Гарулёў вырашыў стварыць уласную кінастудыю «Стоп-кадр» для здымак рэлігійных фільмаў. Яна прайшла афіцыйную рэгістрацыю ў Белдзяржрэгістры. Ужо створана 9 фільмаў і часопісы відэальманаха «Вызнанне веры», дзе расказана пра мноства лёсаў святароў і вернікаў. Склаўся творчы калектыў аднадумцаў Гарулёва – сцэнарыст Аркадзь Шпунт, гісторык, архітэктар Святлана Адамовіч. Кожны з фільмаў мае свой лёс. Карціна «Прафесія — пілігрым. Евангелле ад Джорджа» (1996 г., сцэнарыст Ян Глінка) была знята за адзін дзень па дарозе ад Лагішына да Пінска. Нараджэнец Пенсільваніі Джордж Уолтэр – пілігрым. Усё жыццё ён ходзіць па дарогах розных краін, молячыся за сустрэчных людзей. У белым балахоне, з доўгай сівой барадой, у спартыўнай шапачцы з брыльком – ён незвычайны па абліччы. Людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў адчуваюць яго шчырасць і дабрыню. Джордж Уолтэр лічыць, што яго паломніцтва падтрымлівае веру іншых людзей. Кожны дзень ён праходзіць 25 кіламетраў. Дакументалісты, следуючы за ім адзін дзень, рэпартажна запісалі яго кароткія размовы з сустрэтымі людзьмі. Яны цікавяцца, якая яго мэта, які ўзрост. У гэты час яму было 48 гадоў (хаця выглядаў старэйшым з доўгай сівой барадой). Мэта яго паломніцтва – несці свой крыж. Ён кажа людзям, што Пан Бог пазірае на іх, а інакш людзі загінуць. Джордж лічыць, што ў яго некалькі маці – яны клапоцяцца пра яго ў дарозе. Шчасце ў тым – каб верыць у Бога. Усё, што трэба чалавеку, спытаць у Пана Бога, што Ён чакае ад яго, і памаліцца: Божа, дай мне сілы здзейсніць гэта! Фільм «Маці Міласэрная» – «Mater Мisericordiae» (1997 г.) – гэта кінапартрэт першага на Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка. Прапанаваў зняць гэты фільм Аркадзь Шпунт, які 5 гадоў працаваў у Пінску рэстаўратарам касцёла і быў пад вялікім уражаннем ад гэтага чалавека. Галоўнай для аўтара фільма стала думка пра тое, як вера дапамагае чалавеку трымацца ў самых складаных абставінах. Сапраўды, жыццёвых выпрабаванняў ў арцыпастара католікаў Беларусі Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі кардынала Казіміра Свёнтка было нямала. Пасвечаны ў духоўны сан святара ў 1939 г., ён пачаў служэнне Богу ў Пружанах. Арыштаваны ў 1941 г. органамі НКУС, знаходзіўся ў камеры смяротнікаў, адкуль быў вызвалены вернікамі. У 1941–1944 гг. служыў пробашчам пружанскага касцёла. Пасля другога арышту ў 1944–1954 гг. пакутаваў у Гулагу на катаржных работах. З 1954 г. – пробашч пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. З 1991 г. – арцыбіскуп, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, з 1994 г. – кардынал. Фільм «Маці Міласэрная» пабудаваны па асобных раздзелах – нібы гартаюцца старонкі жыцця Казіміра Свёнтка як чалавека і як святара. Ю. Гарулёў даволі доўга шукаў шляхі духоўнага набліжэння да свайго героя – чалавека незвычайнай адданасці ў веры і незвычайнай мужнасці, якая даецца найвялікшай верай. Толькі тады, калі святар пераканаўся, што людзі з кінакамерай, якія ходзяць за ім і здымаюць яго, маюць чыстыя душы і веру, ён загаварыў у кадры – і фільм атрымаўся.
Адраджэнне веры – унутраны сэнс фільма Ю.Гарулёва «Вяртанне» (1999 г., сцэнарыст А. Шпунт, кампазітар І. Карпік) – пра вяртанне вернікам мінскага катэдральнага касцёла. У фільме выкарыстаны хранікальна-дакументальныя здымкі розных часоў, узятыя з архіўных фондаў. Галоўны рэдактар часопіса «Наша вера» Крыстына Лялько кажа ў кадры пра тое, што вяртанне вернікам касцёла імя Найсвяцейшай Панны Марыі – гэта не проста вяртанне катэдры, але і вяртанне веры. Ідзе натуральны працэс амаладжэння вернікаў і святароў. Касцёл адраджаецца і ўзмацняецца. Пацвярджэнне гэтаму Ю. Гарулёў дае і ў лічбах, і ў мастацкіх вобразах. Вобразны рад фільма ўзмацняецца дзякуючы вершам Крыстыны Лялько, урачыста і ўзвышана прачытаным ёю за кадрам:
У вершы эмацыйна гаворыцца пра адчуванне радасці ад таго, што адбыўся цуд, настаў час святла і веры: «Добры Ойча! Ты прабачыў нас, // Расчыніўшы ў Дом шырока дзверы...» У апошніх сваіх фільмах, звязаных з тэмай веры, рэжысёр Юрый Гарулёў знарок пазбягае адкрытых аўтарскіх акцэнтаў, выяўлення сябе як аўтара – аднаго з персанажаў фільма. Карціны, зробленыя ім у студыі «Стоп-кадр», створаны так, каб прыцягнуць увагу найперш да герояў фільмаў, але гэта не значыць, што карціны Гарулёва сталі менш аўтарскімі. Проста аўтар-дакументаліст імкнецца больш даць слова носьбітам духоўнай веры і падзеям гісторыі, гістарычнай памяці. Таму духоўны шлях самога кінематаграфіста – Юрыя Гарулёва – удала працягваецца. Ён валодае рэдкім дарам слухаць і выслухоўваць споведзі сваіх экранных герояў. Ён умее знаходзіць іх па іх духоўнай веры і здольнасці несці святло, здзяйсняць дабро як мэту жыццёвага прызначэння, таму фільмы Юрыя Гарулёва – гэта сцвярджэнне дзейснасці дабра і веры.
|
|
|