|
|
№
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука
На шляху веры
Мemoria
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія
Пераклады
З жыцця Касцёла
Нашы святыні
Пераклады
|
«Духоўныя каштоўнасці, якія паходзяць з Евангелля, – гэта не толькі мінулае для народаў Еўропы, але таксама сучаснасць і будучыня, крыніца надзеі на лепшае заўтра», – так гучыць фрагмент Паслання Яна Паўла ІІ удзельнікам V Гнезненскага з’езду, які праходзіў 12–14 сакавіка 2004 г. Прадстаўнікі розных хрысціянскіх Цэркваў, лідэры рэлігійных рухаў, палітыкі і культурныя дзеячы з 15 краінаў тры дні дыскутавалі пра духоўнасць аб’яднанай Еўропы. Ад Беларусі ў з’ездзе бралі ўдзел 28 чалавек. Сярод іх былі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы і пратэстанцкіх супольнасцяў. Еўропа Духа Еўропа Духа – гэты дэвіз спадарожнічае вашым сустрэчам, сведчанням і малітве. Разумею, што ў ім гучыць рэха слоў, якія я сказаў у Гнезне ў 1997г.: «Не будзе еднасці Еўропы, пакуль не стане яна супольнасцю духа». Гэты наймацнейшы падмурак еднасці прынесла ў Еўропу і стагоддзямі яго ўмацоўвала хрысціянства са сваім Евангеллем, са сваім разуменнем чалавека і ўкладам у развіццё гісторыі народаў. Я не перастаю гаварыць пра гэтую праўду, бо трэба яе паўтараць моцным голасам, асабліва сёння, калі ў лоне пашыранай еўрапейскай супольнасці з’яўляецца спакуса аддзяліць сучаснасць ад гісторыі, культуры, ад традыцыі, і нарэшце, палітыкі і эканомікі, ад духоўных каштоўнасцяў, якія ствараюць падмурак еўрапейскай тоеснасці. Фрагмент Паслання
Яна Паўла ІІ
У Еўропе мае вагу не толькі наша прысутнасць, але нам даецца магчымасць фармаваць лепшую Еўропу. Мы не хочам мець у ёй такіх дакументаў, у якіх выкрэсліваюцца словы «Бог», «вера», «Касцёл». Такіх спустошаных дакументаў ужо нам хапіла. Людзі, якія перажылі сацыялізм, усведамляюць тую пустэчу, што нараджалася пасля стварэння такіх законаў. Нам патрэбныя дакументы, у якіх выказваецца пашана да чалавека. Таму трэба звяртацца да людскога сумлення, якое скажа: хопіць легкаважкага стаўлення да чалавека, хопіць насілля, хопіць нянавісці. Кардынал Юзаф Глемп,
прымас Польшчы
Досвед Усходу – найкаштоўнейшы ўрок для сучасных людзей і будучых пакаленняў. Гэта, перадусім, сведчанне і жывы прыклад таго, што становіцца з чалавекам, калі ў імя смерці Бога будуецца новае грамадства і выхоўваецца новы чалавек, які не павінен быць вобразам і падабенствам да свайго Творцы...
Захад, здаецца, не вельмі хоча ўлічыць гэты урок. Там існуе тэндэнцыя прыняцця таго ж механізму дзейнасці, адно што з лёгкімі зменамі, а менавіта, тэндэнцыя адмаўлення ўспрымання гісторыі як Божага Провіду. Арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч
Мы назіраем цяпер, як еўрапейскія краіны аб’ядноўваюцца з улікам знаку часу, што прапагандуе ўсялякую еднасць. Гэты свайго роду еўрапейскі феномен патрабуе выключнай увагі... Палітычнай, эканамічнай Еўропе, Еўропе агульнай валюты не павінна забракаваць дадатку «Еўропа Духа», што з’яўляецца марай Папы Рымскага. К’яра Любіх,
заснавальніца руху «Факаляры»
На зямлі святога Войцеха Напярэдадні Гнезненскага з’езду страшны прывід нашага часу – тэрарызм – зноў ашчэрыў сваю пашчу. На гэты раз ягонымі ахвярамі сталі жыхары Мадрыда. Новая бяда нібы з’явілася яшчэ адным напамінам удзельнікам з’езду пра адказнасць кожнага чалавека за мір і спакой у свеце, і таму не выпадкова, што з’езд пачаўся супольнай малітвай «Ойча наш». Заключныя словы малітвы «...але збаў нас ад злога» ў наш трывожны час поўняцца трагедыйным гучаннем. Сілы зла то ў адным, то ў другім месцы паказваюць сваю агрэсіўную, знішчальную моц. Што можа супрацьпаставіць ім сучасны хрысціянін? Усё тое ж, што і тысячу, і дзве тысячы гадоў таму: любоў, веру, надзею. Тое ж, што адбылося ў Гнезне больш за тысячу гадоў таму, зрабіўшы гістарычны адбітак на развіцці Польшчы і ўсяго еўрапейскага кантынента, калі святы Войцех прынёс на землі сучаснай Польшчы святло Евангелля і хрысціянскую культуру. Менавіта з таго часу, як зазначыў у сваім Пасланні з’езду Папа Рымскі Ян Павел ІІ, з той веры і культуры ўзніклі повязі, што назаўсёды аб’ядналі напачатку княствы, а потым і каралеўства з іншымі народамі Еўропы. Таму, зазначыў Ян Павел ІІ, святога Войцеха можна смела лічыць апекуном еўрапейскай супольнасці, якая ўвесь час – часта ў болю – нараджаецца і дасканаліцца на ўрадлівай глебе той самай рэлігійнай і культурнай традыцыі. Гнезна – калыска польскай дзяржаўнасці і хрысціянства гэтай краіны. Палякі называюць гэты горад сваёй гістарычнай сталіцай. Словам, для іх Гнезна тое ж самае, што для беларусаў Полацк. І ўжо адно гэта ў мяне, сучаснай палачанкі, павялічвае сімпатыі да горада, у які разам з сябрамі мне пашчасціла патрапіць на пачатку вясны 2004 года.
Дух пані Еўропы Часам нас, усходніх славянаў, пужаюць тым, што Еўропа, гэтая такая жаданая для многіх пані, ужо даўно страціла за свой немалады век і свой хрысціянскі дух. Праўда, зазвычай пужаюць тыя, хто яшчэ далей за нас знаходзіцца ад зваблівай Еўропы і ў каго яшчэ менш шанцаў узяць з ганарыстай, хоць і немаладой паняю шлюб, бо яна не кожнаму дазволіць сесці з сабою на покуці. Дый не ветранага характару гэтая пані Еўропа: ужо калі шлюб, то каб трывалы, а калі ў жаніха ўзвей-вецер у галаве, то няма чаго і часу дарма губляць – усё адно атрымае гарбуз. Хрысціянаў жа ўсіх краінаў найперш трывожыць тое, ці патрэбна сучаснай Еўропе самае дарагое для нас – наша хрысціянства? Трывога зусім не беспадстаўная. Бо вось жа адмовіўся ўрад Францыі ад хрысціянскай сімволікі ў дзяржаўных установах і грамадскіх месцах. Бо некаторыя краіны ўзаконьваюць аднаполыя сужэнствы, аборты ды эўтаназію. Ды што там, калі «Еўра Ньюс» транслюе рэпартаж з вяселля двух мужчын з самага цэнтра хрысціянства, Італіі! Што з табою робіцца, старэнькая, дабрадушная пані Еўропа? Пытанне магло б застацца без адказу, калі б не ўсведамленне таго, што ўсе гэтыя ды іншыя болькі нашага часу тычацца не толькі Еўропы, але і ўсяго свету. Напэўна, таму такім аптымістычным ды актуальным стаў дэвіз паслання ўдзельнікаў Гнезненскага з’езду да еўрапейцаў: «Вернем Дух Еўропе». Пасланне было выпрацавана пасля трохдзённай працы, якая ўключала ў сябе цікавыя выступленні, дыскусіі, паведамленні, круглыя сталы, малітву.
Малітва за Еўропу Гэтыя тры дні ўдзельнікі з’езду не толькі абмяркоўвалі складаныя праблемы, але і маліліся за тое, каб іх вырашыць, прасілі падтрымкі ў Бога. «...Божа, Пане наш, Творца і надзея наша! Столькі разоў мы блукалі ў імя Тваё альбо супраць Яго. Сёння мы прагнем прасіць: узглянь на нашу Еўропу, трымай наш стары кантынент у Тваёй моцнай айцоўскай далоні. Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі!» – так маліліся мы, давяраючы Богу свае надзеі і роспач, боль і радасць, сумненні і веру. Увечары першага дня быў Крыжовы шлях па вуліцах Гнезна пад кіраўніцтвам прымаса Польшчы кардынала Юзафа Глемпа. Усе мы, католікі, праваслаўныя, пратэстанты, у гэты сцюдзёны сакавіцкі вечар разам разважалі над сэнсам пакутаў Збаўцы нашага Езуса Хрыста, якія завяршыліся смерцю на Крыжы і Змёртвыхпаўстаннем. Мы разам разважалі над тымі праблемамі, якія перажываюць нашыя краіны, увесь наш кантынент, і шукалі падтрымкі ў Таго, Хто напоўніцу зведаў боль і страх, здраду бліжніх і Хто здолеў перастварыць усё гэта ў вялікую перамогу Дабра і Любові. На другі дзень біскуп евангельска-аўсбургскай Царквы Януш Ягуцкі сказаў: «Экуменічны Крыжовы шлях, у якім я ўдзельнічаў у Гнезне, быў першы Крыжовы шлях у маім жыцці. Ніколі раней я не браў удзелу ў такім набажэнстве, якое, зрэшты, вядома толькі ў Каталіцкім Касцёле. Цяпер я ведаю, што ахвотна вазьму ўдзел таксама ў Крыжывым шляху, які пройдзе па вуліцах Варшавы ў Вялікую Пятніцу». Напрыканцы другога дня працы з’езду былі прыгожыя малітвы моладзевага ТЭЗЭ, якія захапляюць сваёй глыбінёй не толькі моладзь. А яшчэ ўдзельнікі з’езду ў той вечар лучыліся на ружанцовай малітве з Янам Паўлам ІІ ды з многімі катэдрамі Еўропы, у якіх у той дзень таксама трывала малітва за Еўропу. Вернікі з Прагі, Рыгі, Гнезна, Любліна, Мальты – усе мы, дзякуючы сучаснай тэлетэхніцы, былі ў той вечар адным дыханнем, адной супольнай малітвай. «Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць зямлю, гэтую зямлю» – знакамітыя словы Яна Паўла ІІ аказаліся прарочымі для яго радзімы Польшчы. Цяпер жа настаў час малітвы за ўсю Еўропу. І калі станецца так, а людзі не запярэчаць, не адвернуцца, не запрацівяцца Духу Праўды і Любові, то зямля наша сапраўды адновіцца. Адновімся, зменімся таксама і мы, каб як мага больш адпавядаць таму прыгожаму вобразу, які Творца заклаў у кожнага з нас.
Рух – гэта жыццё На з’ездзе ў Гнезне шматлікія прадстаўнікі розных рэлігійных рухаў выказвалі свой погляд на суіснаванне ў будучай Еўропе. Напрыклад, заснавальніца руху «Факаляры» К’яра Любіх пераканана, што «перамагчы балячкі сучаснай Еўропы дапаможа духоўнасць еднасці». Яна зазначыла, што «ідэя еднасці Еўропы сваімі каранямі сягае ажно да паловы першага тысячагоддзя і неразрыўна звязана з хрысціянствам». На думку ж заснавальніка супольнасці св. Ідзія Андрэа Рыкардзі, «еўрапейскі Саюз – гэта перадусім мір для Еўропы, якая не можа жыць толькі для сябе... Свету патрэбна Еўропа – айчына плюралізму, рэлігійнай разнастайнасці і супольнай гісторыі». Тым часам, заснавальнік супольнасці св. Яна, айцец Марыя Дамінік Філіпэ лічыць, што еўрапейцы мусяць навучыцца наследаваць Святую Марыю. «Еўропа, – зазначыў ён, – вельмі хворая і раз’яднаная. У ёй валадарыць погляд сытага чалавека, які жыве так, быццам Бога не існуе... Марыя дапаможа нам жыць таямніцаю Крыжа, дапаможа выконваць волю Айца. Праз Марыю Бог просіць у чалавека дасканалай паслухмянасці і цалкавітага даверу». Слухаючы ўсе тыя выступленні, нельга было не думаць пра тое, што ў Беларусі вельмі мала сучасных рэлігійных рухаў. Мы ўсё больш аберуч трымаемся за традыцыю, імкнемся яе адрадзіць. І ўсё ж нельга не згадзіц- ца з тым, што час непазбежна ўносіць свае карэктывы. Дзеля таго, каб духоўнасць сучаснага чалавека не ператварылася ў звыклы набор традыцыйных абрадаў, але каб яна пульсавала жыццём, напаўнялася жывою верай, і дзейнічаюць многія рэлігійныя рухі ў свеце. І таму я, напрыклад, па-добраму зайздросціла ўдзельніцы брацтва сямейных пар Наталлі Таптуновай з Масквы. Трэба было бачыць, з якім запалам і любоўю распавядала яна пра супольнасць «Кана» руху «Chemin Neuf», што ў перакла- дзе азначае «Новы шлях», пра тое, як яны разам святкуюць хрысціянскія святы, разам перажываюць радасці і няшчасці кожнага сябра супольнасці, радуюцца і сумуюць, разам моляцца. А яшчэ Наталля распавядала пра шматлікіх сяброў з Францыі, Польшчы, Украіны, для якіх яна ў якасці падарунка прывезла маскоўскія сушкі. На з’ездзе яна была з мужам Яўгенам, якога, бачна, моцна кахае, але заўважна было і іншае: яны абое жывуць клопатам сваёй супольнасці – іхняй агульнай сям’і. Зусім не дзеля таго, каб і ў нас было не горш, як у людзей, а проста дзеля таго, каб мацнела, пульсавала жыццём наша вера, вельмі хацелася б, каб як найбольш было і ў нас крыніцаў такога жывога, трапяткога і вельмі добрага хрысціянства.
Экуменізм – не прыхамаць, але патрэба дня Галоўнай падзеяй, якая падкрэсліла экуменічны характар з’езда, стаў, безумоўна, Крыжовы шлях па вуліцах Гнезна. У ім прынялі ўдзел восем іерархаў з хрысціянскіх Цэркваў, якія належаць да польскай Экуменічнай Рады, вернікі розных канфесій. Многія потым падкрэслівалі, што хоць гэтае набажэнства і з’яўляецца чыста рыма-каталіцкім, але ў гэты вечар яно было аднолькава дарагім для ўсіх, хто ішоў па вуліцах Гнезна за крыжам Хрыста. Падчас гэтага Крыжовага шляху я малілася за тое, каб калі-небудзь падобнае набажэнства стала магчымым і ў нейкім беларускім горадзе. Там, у Гнезне, нічога не перашкаджала ўдзельнічаць у Крыжовым шляху ўсім нам – праваслаўным, католікам, пратэстантам з Беларусі. Але ці магчыма падобнае ў нас, на радзіме? Няўжо тыя бар’еры, якія падзяляюць хрысціянаў розных канфесій, настолькі моцныя, што ў імя іх мы забываем на галоўную запаведзь любові, дадзеную нам Богам? Няўжо мы так і не здолеем агораць тыя бар’еры, каб хоць на крок наблізіцца да свайго бліжняга?
Што ўчынілі аднаму з гэтых меншых... Значная ўвага на з’ездзе была звернута на патрэбы тых, хто, як кажуць у народзе, пакрыўджаны лёсам: на калек, безабаронных дзяцей, якіх часта трэба абараняць не толькі ад несправядлівасцяў свету, але і ад іх бацькоў. Ужо адно тое, што гэтая балючая і, скажам шчыра, малапрыемная тэма была актуальнай на міжнародным з’ездзе, гаворыць пра глыбока хрысціянскае вымярэнне гнезненскага форуму. Клопат пра найслабейшых, безабаронных. Як без гэтага будаваць новую Еўропу? Павел Васіцкі з Польскай федэрацыі рухаў абароны жыцця нагадаў, што ў Еўропе штогод робіцца амаль мільён абортаў. Ён прывёў дадзеныя, з якіх вынікае, што працэс змены пакаленняў можа ў хуткім часе парушыцца, бо калі нізкая нараджальнасць дзяцей і надалей захаваецца, то праз 50 гадоў колькасць еўрапейцаў скараціцца на чвэрць, а праз 100 – напалову. Чалавецтва само сябе знішчае. Не менш балючую праблему ўзняла ў сваім выступленні адна з заснавальніц супольнасці «Вера і Святло» Марыя Гэлена Матэу. Гэтая супольнасць створана для псіхічна хворых калек. Ці не найцяжэйшую праблему ўзвалілі на свае плечы гэтыя ахвярныя хрысціяне, праблему, якая пры шырокім ужыванні сучаснымі маладымі людзьмі – будучымі бацькамі – алкаголю ды наркотыкаў, усё больш разрастаецца. Як дапамагчы знайсці сваё месца ў жыцці людзям з псіхічнымі адхіленнямі, больш за тое, як дапамагчы ім знайсці дарогу да Бога? Многія ў зале выціралі слёзы спагады і разумення, калі слухалі паведамленні на гэтую тэму, а потым глядзелі пантаміму тэатра «Клямра», акторамі якога з’яўляюцца ўдзельнікі польскай супольнасці «Арка», што аб’ядноўвае псіхічна хворых разам з іхнымі апекунамі. Выступленне дырэктара гэтай супольнасці Караля Акэцкага злёгку астудзіў наш прыўзняты з’ездаўскі настрой і нібы вярнуў з завоблачных вышыняў на зямлю, перапоўненую такімі горкімі праблемамі. –У штодзённым жыцці, – казаў ён, – якое вельмі ж будзённае й шэрае, я з’яўляюся сведкам таго, як могуць змяняцца псіхічна хворыя людзі. Атмасфера, у якой прымаюць кожнага такім, якім ён ёсць, дзе памятаюць пра яго абмежаваныя магчымасці, дазваляе чалавеку адкрыцца і пачаць наноў ствараць сваю асобу ды свой спосаб бачання свету. Хоць і рэдка, але ўсё ж мы былі сведкамі таго, што людзі з цяжкімі псіхічнымі хваробамі ўжо ў сталым узросце пачыналі хадзіць альбо ўпершыню ў жыцці пачыналі размаўляць. І гэта не таму, што мы лепшыя за іншых выхавацелі, але таму, што атмасфера любові і пашаны да кожнага чалавека з’яўляецца найлепшым «метадам выхавання».
Усход – Захад У сваёй адгартацыі «Ecclesia in Europa» Святы Айцец Ян Павел ІІ гаворыць пра Касцёл на нашым кантыненце як пра адно цэлае. – У нас ёсць сур’ёзная праблема з увядзеннем гэтага папскага бачання ў жыццё. Мы мусім стварыць новую якасць супрацоўніцтва і абмену вопытам паміж Усходам і Захадам Еўропы, – казаў на з’ездзе кіраўнік камісіі Епіскапату Еўрапейскай Супольнасці біскуп Ёзаф Гамэйер. А кардынал Карл Леман звярнуў увагу прысутных на тое, як важна пры выпрацоўцы Канстытуцыі Еўрасаюза памятаць пра Бога. Што можа стаць падставаю абмену паміж Усходам і Захадам? – Прабачэнне і паяднанне, – сцвердзіў кардынал з Прагі Мілослаў Вылк. – Так, як гэта зрабілі нямецкія і польскія біскупы, а потым чэшскія і нямецкія. Чым можа быць карысны Захад для Усходу і Усход для Захаду? На першую частку гэтага пытання некалькі выступоўцаў жартавалі накшталт таго, што Захад яшчэ можа тое-сёе даць, бо багаты. А Усход?.. І зала на апошнюю частку пытання рэагавала паблажлівым смехам. Праўда, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, як кажуць, унёс у гэтае пытанне яснасць: – Трэба тут нам схіліць галовы і падзякаваць Касцёлу на Захадзе і ў Сярэдняй Еўропе за салідарнасць і дапамогу... Да прыкладу, у цяперашняй Расіі 90% святароў паходзяць з 22 розных краінаў свету. Цяжка пералічыць усе формы супрацоўніцтва. Нам проста пададзена ўпэўненая і моцная рука братэрскай дапамогі. Хачу запэўніць, што ўсё гэта не дарэмна. А што далі Захаду і чым сёння могуць падзяліцца з ім Касцёлы Усходу? Дазволю сабе прывесці тут словы святога Пятра:«Не маю срэбра і золата, але што маю, тое табе даю. У імя Езуса з Назарэту, устань і ідзі»(пар.Дз 3,6). Гэтак і Касцёл на Усходзе: дае тое, што мае. Перадусім гэта – сведчанне вытрывання ў веры і яе захаванне, сведчанне, якое разумеюць грэцкім словам martyr, што азначае мучанік. Бо так шмат людзей на Усходзе аддало за веру сваё жыццё, так шмат у самых нялюдскіх умовах здолела не толькі захаваць сваю веру, але і пераказаць яе наступным пакаленням! Дык ці ж няма чаму павучыцца сучасным еўрапейцам у католікаў з Беларусі, Украіны альбо Расіі? Быць грамадзянінам і хрысціянінам — гэтая думка гучала на з’ездзе не адзін раз. Што гэта значыць – быць свядомым хрысціянінам і грамадзянінам? Як гэтыя паняцці павінны суадносіцца ў нашым жыцці, як павінны ўплываць адно на аднаго? У круглым стале «Свядомае хрысціянства – свядомае грамадзянства» прынялі ўдзел былы прэм’ер Польшчы прафесар Ежы Бузэк, былы прэм’ер РП Тадэвуш Мазавецкі, рэктар Папскай тэалагічнай акадэміі біскуп Тадэвуш Перонэк, правінцыял польскай правінцыі дамініканаў айцец Мацей Земба ОР. – У наш час, – сказаў Тадэвуш Мазавецкі, – усё больш гаворыцца пра электарат, а не пра свядомае грамадства. Бо людзі звыкліся жыць ад выбараў да выбараў, не надта дбаючы пра тое, што адбываецца паміж імі. А з іншага боку, і палітыкі таксама звыкліся проста выкарыстоўваць людзей у сваіх мэтах і вельмі мала цікавіцца тым, чым жа жывуць іхнія выбаршчыкі ў звычайны час. Сумленнае ж грамадства – гэта штосьці зусім іншае, гэта – найперш вялікая любоў да сваёй зямлі, павага да продкаў і клопат пра будучыню. Ці можа быць прыкладны хрысціянін кепскім грамадзянінам? Пры адказе на гэтае пытанне былі аднадушныя і палітыкі, і духоўныя асобы, і простыя вернікі. Хрысціянства патрабуе сумленнасці ў стасунках паміж чалавекам і грамадствам. І таму хрысціянскі палітык павінен быць гарантам справядлівасці. Ва унісон гэтым думкам было і выступленне напрыканцы з’езда прэзідэнта РП Аляксандра Квасьнеўскага. Прызнацца, слухаючы ўсе тыя палымяныя дэбаты, я з сумам думала пра тое, што на Беларусі гэтыя праблемы ці не найбольш абвостраныя. Але пакуль што застаецца хіба што толькі марыць пра падобны ўзровень іх абмеркавання з тым, каб спадзявацца потым і на іх вырашэнне. Бо надта ж мы баімся нават згадваць пра гэтыя праблемы, не тое што імкнуцца іх вырашыць. Ды час не стаіць на месцы. І, здаецца, ён усё ж паставіць і перад намі гэтыя пытанні з усёй іх вастрынёй і актуальнасцю.
«Вернем Дух Еўропе!» – так называлася пасланне да еўрапейцаў, прынятае на з’ездзе. У ім гучыць заклік берагчы не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя каштоўнасці, свабоду сумлення і веравызнання, даваць сведчанне нашай еднасці ў разнароднасці, пераадолець існуючыя сярод нас падзелы, даць свету сведчанне прабачэння, паяднання і братэрства ў духу любові. Будучыня Еўропы залежыць перадусім ад еўрапейцаў, ад нас саміх. Еўропа Духа залежыць ад нас.
З вераю ў гэта мы і вярнуліся з Гнезна. Ды яшчэ з упэўненасцю, што хрысціянства ў Еўропе мае не толькі свае глыбокія карані, але і будучыню.
Ірына Жарнасек
|
|
|