|
|
№
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука
На шляху веры
Мemoria
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія
Пераклады
З жыцця Касцёла
Нашы святыні
Пераклады
|
Наўрад ці знойдзецца другі рэлігійны дзеяч Сярэднявечча, пра якога б было напісана так многа пранікнёных слоў у агіяграфіі, гісторыі культуры і мастацтва, навукі і літаратуры, як пра Францішка з Асізі. Яго біяграфіі, ад «Жыцця», напісанага братам Чэлана і св. Бонавентурам, да кранальнага зборніка «Кветачкі св. Францішка», «малююць нам вобраз чалавека, які ўмее спалучаць чыста аскетычную нянавісць да спакусаў мірскога жыцця з пяшчотнай і кранальнай, сапраўды «адраджэнскай» любоўю да прыроды ва ўсіх яе праявах»... Францішак спадзяваўся пераканаць імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі «выдаць спецыяльны закон, які б забараняў лавіць, забіваць ці наносіць шкоду братам маім жаваранкам... Ён хацеў, каб брат-садоўнік ладзіў у садзе кветнік і саджаў у ім духмяныя травы і прыўкрасныя кветкі, якія б цешылі ўсіх. Бо ўсялякае стварэнне гаворыць і ўсклікае: «Бог стварыў цябе дзеля цябе, чалавек»1. Таму і ўвасобіў Джавані Беліні св. Францішка на фоне велічнага пейзажу з дрэвамі, кветкамі, птушкамі, жывёламі і працавітымі людзьмі. Святы стаіць звернуты да неба, далоні апушчаных рук са стыгматамі раскрыты да гледача... Цяпер у грамадстве ўсё большае месца займаюць праблемы экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, а пачатак гэтаму, ва ўсялякім разе ў еўрапейскай культуры, паклаў таксама святы Францішак. Яго гімн «брату сонцу», перакладзены на розныя мовы лепшымі паэтамі свету, выдатны расійскі вучоны М. А. Гукоўскі называе яго «магутным гімнам прыродзе» і уверцюрай да ўсяе ідэалагічнай сістэмы Адраджэння. Папярэднікам Адраджэння св. Францішка аднадушна называюць усе даследчыкі еўрапейскай культуры і мастацтва гэтай эпохі (Макс Дворжак, Віктар Лазараў і інш.). «Перад намі ў асобе святога Францішка Асізскага на ўвесь рост паўстае рэлігійны геній, які накіраваў рэлігійныя пачуцці свайго народа па новым шляху... Беднасць, апостальская пропаведзь, бязмежная любоў да чалавека і пакорлівае самапрыніжанне – такімі былі сродкі, з дапамогай якіх ён хацеў увесці сваіх бліжніх у новае царства Божае на зямлі»2. Базыліка св. Францішка ў Асізі, галоўная святыня францішканаў і месца спачыну пакутніка, пабудавана ў 1228–1253 гг. Яна складаецца з верхняга і ніжняга касцёлаў. У верхнім – «Гісторыя св. Францішка» мяжы XIII–XIV стст. з дваццаці васьмі кампазіцый на падставе Legenda Major св. Бонавентуры. У ніжняй захавалася «Мадонна з анёламі і св. Францішкам» і шэраг роспісаў невядомага мастака са сцэнамі жыція, дзе Францішак паказаны без барады, з танзурай, у карычневым габіце. Такі яго вобраз натуральна перайшоў і ў беларускае сакральнае мастацтва (толькі габіт часта цёмна-шэры, амаль чорны). Духам замілаваных адносінаў да прыроды прасякнуты роспісы з жыцця св. Францішка ў пінскім кляштары францішканаў, адзіныя ацалелыя ў Беларусі. Упершыню пра іх згадаў нямецкі даследчык П. Г. Остэрле, які ў 1916 г. быў у Пінску ў складзе нямецкага акупацыйнага войска. Пазней ён надрукаваў у часопісе «Францішканскія штудыі» артыкул пра архіў кляштара з каштоўнымі звесткамі па гісторыі будаўніцтва пінскага касцёла. Там упершыню згадваюцца роспісы, адметныя «сардэчнай наіўнасцю, за якую можна ахвотна дараваць недахоп майстэрства». Нямецкі аўтар выдзеліў сярод роспісаў дзве сюжэтныя групы. Да першай ён аднёс выявы св. Францішка са св. Дамінікам, а таксама чатырох папаў, якія выйшлі з францішканаў, у ціярах і чорных габітах, падвязаных вяроўкамі, з папскімі крыжамі і гербамі. Другая, размешчаная ў паўцыркульных арках кляштарнага калідора, прысвечана жыццю св. Францішка: «Стыгматызацыя», «Праслаўленне св. Францішка», «Нараджэнне», «Д’ябал раздору, мамоны і плоці», «Францішак з братамі працуе ў садзе» (Остэрле адзначыў добрую захаванасць прыгожай кампазіцыі). На адной са сцэн быў паказаны прафесар, які чытае лекцыю ў зале канвентуалаў4. Пасля 1939 г. у пінскім кляштары размяшчалася ваенная установа, роспісы былі забеленыя, і доўгі час нікому невядомыя. У 1990-я гг. рэстаўратары раскрылі шэсць паўцыркульных сцэн на сцяне калідора. Дзіўна, што вельмі адукаваны Остэрле нічога не сказаў пра самую цудоўную пейзажную сцэну, сюжэт якой наогул вельмі папулярны ў еўрапейскай францішканскай іканаграфіі. На травяной паляне з купамі дрэваў стаіць босы св. Францішак у чорнай сутане. Праваю рукою ён бласлаўляе птушак, якія ідуць да святога, выстраіўшыся па велічыні: паперадзе самыя меншыя, за імі – большыя, ззаду – самыя буйныя, сярод якіх бусел, страус, павы і іншыя (усе маюць апярэнне рознага колеру, арнітолаг ці проста знаўца птушак, напэўна, мог бы іх дакладна распазнаць). З кроны дрэва таксама вылятаюць птушкі, падобныя да снегіроў. Побач з Францішкам – манах без німба, а ззаду, пад высокім дрэвам, на якім, дарэчы, сядзіць сава, стаіць шчыльная група арыстакратычных асобаў у модных кафтанах да кален і высокіх ботах. Перад імі наперадзе сядзіць жанчына з дзяўчынкай на руках. Адзенне і фрызура жанчыны, як і ўсіх персанажаў, характэрныя для 1-й паловы XVIII ст. Мастак, відавочна, натхняўся аповедамі «Кветачак св. Францішка» пра яго асаблівую любоў да братоў нашых меншых: «...пташкі, калі казаў, да яго ляцелі. Аднойчы ўвайшоў у чараду пяючых птахаў, а ні адзін не зрушыўся, і калі з братам пачаў гаварыць пацеры, але чуць адзін другога не маглі, прамовіў св. Францішак: браты птахі, замоўкніце, пакуль службу Божую адправім; усе замоўклі і не спявалі, пакуль ім не сказаў»5. Каля замка Кармана св. Францішак пачаў прапаведаваць, спачатку наказаўшы ластаўкам, каб яны замоўклі. І ластаўкі паслухаліся яго... 22 раздзел апавядае, як святы прыручыў дзікіх галубак, якіх выпрасіў у хлопца, калі той нёс іх на продаж. Св. Францішак пабудаваў для іх гнёзды, і птушкі пасяліліся ў іх, пачалі несціся і так асвоіліся з манахамі, нібы куры, якіх кормяць. І ніколі не адляталі без блаславення святога. А хлопец стаў братам у законе. Непасрэднай крыніцай пінскага роспісу можна лічыць цудоўны 16 раздзел, дзе св. Францішак тлумачыць сёстрам-птушкам, як многім яны абавязаны Богу і павінны ўсюды славіць Яго за тое, што Ён даў ім двайное і трайное апярэнне, свабоду выбіраць любое месца, даў ім прытулак у каўчэгу Ноя, стыхію паветра, рэкі і крыніцы для піцця, горы і даліны для прыстанку, высокія дрэвы для гнёздаў... Пакуль Францішак усё гэта казаў, усе птушкі параскрывалі дзюбы, выцягнулі шыі, прыўзнялі крылы, згодна схілілі галовы да зямлі і сваімі рухамі і спевамі выказвалі асалоду ад слоў святога. А Францішак, які здзіўляўся прыгажосці і разнастайнасці птушак, іх увазе і даверлівасці, перахрысціў крылатых істотаў і адпусціў6. У суседняй сцэне паказаны тэматычна блізкі папярэдняму сюжэт, які часцей звязваюць са св. Антоніем, але часам і са св. Францішкам. У «Кветках св. Францішка» (40 раздзел) апавядаецца пра казань св. Антонія ў Рыміні. Там было многа ерэтыкаў, якія наогул не хацелі яго слухаць. Святы стаў на беразе ракі недалёка ад мора і звярнуўся да сясцёр-рыбаў: «Слухайце слова Божае, рыбы морскія і рачныя, бо няверныя ерэтыкі не хочуць яго слухаць». Як толькі ён гэта прамовіў, раптам прыплыло да берагу такое мноства рыбаў вялікіх, малых і сярэдніх, што ніколі ні ў моры, ні ў рацэ столькі не бачылі. І ўсе трымалі галовы над вадой, глядзелі ўважліва ў твар святога Антонія ў найвялікшым спакоі, лагоднасці і парадку. Спераду і бліжэй да берагу занялі месца рыбкі меншыя, а за імі рыбы сярэднія, і толькі ў тыле, дзе вада была глыбейшая, рыбы вялікія7. Прысаромленыя жыхары Рыміні ўпалі да ног св. Антонія і адмовіліся ад ерасі, а рыбы з дазволу святога адплылі ў мора. У пінскім роспісе св. Францішак стаіць у лодцы сярод вады і бласлаўляе стаю рыбаў, якія стройнымі радамі плывуць да святога. Лодкай кіруе манах-францішканін з вяслом у руках (верагодна, св. Антоні). Справа на беразе стаіць група людзей, падобная на паказаную ў папярэднім сюжэце, якая захоплена і здзіўлена назірае за цудам. На сцэне працы ў садзе, згаданай Остэрле, тэрыторыя абнесена дошкавым плотам, за якім цягнецца суцэльны рад дрэваў. Манахі ў чорных габітах старанна садзяць пладовыя дрэўцы – капаюць, робяць ямкі, паліваюць саджанцы. Святы Францішак у цэнтры кампазіцыі працуе нараўне з іншымі. Відзенне Францішку ўкрыжаванага серафіма на гары Алверні за два гады да смерці святога паказана ў пінскім роспісе на фоне зялёнай расліннасці. Дэталёва апавядае пра цуд стыгматызацыі і раны на целе св. Францішка тэкст з другой часткі «Кветак», лаканічна, але канкрэтна – папулярныя «Жыцці святых» кс. Пятра Скаргі . «А каля свята Паднясення Крыжа Святы, молячыся на гэтай гары, ноччу ўбачыў высока ў паветры серафіма з шасцю крыламі, вельмі агністага і яснага; калі той ніжай апусціўся, убачыў між крыламі асобу чалавека ўкрыжаванага. Два крылы над галавой яго распушчаны, два былі расцягнуты на лятанне, а два ўсё цела пакрывалі... і на целе дзіўныя знакі паказаліся; рукі і ногі мелі цвікі, на абодва бакі прабітыя... І ў боку рана адкрылася, а кроў з яго цякла...»8. Пасярэдзіне кампазіцыі знаходзіцца Францішак, перад ім у ззянні – серафічны крыж. Ніжэй пояса цела Хрыста закрыта яго крыламі, рукі выцягнуты нібы на фоне крылаў. Ад ранаў Хрыста ідуць лініі да стыгматаў на нагах і руках святога. Справа ўнізе анёл трымае разгорнуты скрутак з вялікім тэкстам. Выява спачыну св. Францішка падзелена сцяною будынка на дзве часткі. Левая паказвае памяшканне з вокнамі (касцёл Панны Марыі дэ Порцыункула, дзе святы хацеў аддаць Богу душу). Пасярэдзіне, на ложы крыжовай формы, ляжыць святы Францішак, паўаголены, з набедранай павязкай (як на Хрысце). Вакол стаяць манахі і два анёлы, праз вакно свеціць васьміканцовая зорка (напэўна, як сімвал нараджэння Францішка для новага жыцця). Справа ў сцяне – праём-выхад на двор, дзе манахі выносяць труну з целам св. Францішка, ужо адзетым у габіт. Дарога паварочвае ўверх да ўваходу у трохнававую базыліку са званіцай, якая нагад- вае Сан-Франчэска ў Асізі (цела св. Францішка было перанесена туды ў 1230 г., праз 4 гады пасля смерці і першапачатковага пахавання ў касцёле св. Георгія9. Апошняя сцэна, верагодна, была азначана Остэрле як «Праслаўленне св. Францішка». Дзея адбываецца ў інтэр’еры базылікі са сценамі шэрага колеру і чырвонымі пілонамі. З аркі прэзбітэрыя выходзіць св. Францішак у чорным габіце, рукі складзеныя. Крыху ніжэй, на прыступках, стаяць на каленях (злева) Папа ў чырвоным каптуры (магчыма, Рыгор Дзявяты, які прыбыў асабіста ў Асізі і кананізаваў Францішка ў 1228 г.), справа – нейкі іншы духоўны высокага сану, побач з імі – два манахі францішканцы. Жыццё св. Францішка адзначана шматлікімі незвычайнымі дзеямі, але беларускія мастакі выбралі найбольш уражвальны: з’яўленне стыгматаў на яго целе. «Цуд стыгматызацыі» ў выглядзе разьбянага барэльефа 2-й паловы XVIII ст. знаходзіцца ў верхнім ярусе былога францішканскага (цяпер катэдральнага) касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі ў Пінску. Злева ўдалечыні, на гары, стаіць трохнававы касцёл з вежай, абапал растуць дрэвы, над якімі ўзвышаецца крыж з Серафімам-Езусам. Справа стаіць на каленях св. Францішак у цёмна-шэрым габіце, рукі апушчаны, на далонях бачныя раны. У самым нізе сядзіць манах францішканін з раскрытай кнігай у руцэ (паводле «Кветачак...», гэта брат Леонэ). Падобная барэльефная выява св. Францішка вядома таксама ў гродзенскім францішканскім касцёле. Алтар св. Францішка ў пінскім касцёле завершаны разьбяным картушам, пасярэдзіне якога паказаны ўкленчаны св. Францішак, а крыху вышэй, на воблачку, Маці Божая. Яна паказвае Францішку ўгару, дзе стаіць уваскрэслы Хрыстус. Сюжэт, хутчэй за ўсё, мае сімвалічны характар: у тэксце «Кветачак...» няма эпізода з такім зместам. У асноўным ярусе касцёла абраз XVIII ст. адлюстроўвае св. Францішка ў «свяціцельскай» іканаграфіі, якую можна лічыць кананічнай: франтальная выява ў рост, правая рука бласлаўляе, у левай – кніга і ружанец. Габіт закрыты чаканенай шатай, вакол галавы — металёвае «язычковае» ззянне. Такі ж абраз захаваўся ў гродзенскім францішканскім касцёле. На абразе бакавога алтара бернардынскага касцёла ў Будславе паказаны сюжэт, распаўсюджаны ў эпоху Контррэфармацыі ў Еўропе. Вядома, што св. Францішак у маладосці любіў спяваць песні правансальскіх трубадураў, і талент гэты абудзіўся ў канцы яго жыцця. Ужо цяжка хворы, ён марыў сабраць грамадку братоў, каб хадзіць ад месца да месца з казаннямі, а па казаннях спяваць знакаміты гімн любові да сонца10. У час суровага посту на гары Алверні св.Францішак пачаў думаць пра бязмерную хвалу і радасць блаславёных у жыцці вечным, а апрача таго стаў прасіць Бога, каб зрабіў яму ласку хоць крышку адчуць гэтую радасць. І калі думаў пра гэта, раптам з’явіўся яму анёл у вялікім бляску, у левай руцэ якога была віёла, а ў правай – смычок. Святы Францішак быў уражаны выглядам анёла, а той правёў адзін раз смычком па струнах уверх. І раптам святы адчуў такую слодыч мелодыі, што яна размякчыла яго душу і пазбавіла цела ўсялякага адчування; яму здалося, што яго душа выйшла б з цела, калі б анёл правёў смычком уніз11. На карціне Казіміра Анташэўскага ў алтары св.Францішка ў Будславе паказаны гэты момант духоўнага экстазу на мяжы жыцця і смерці, апісаны ў 2-й частцы «Кветачак...». Для бернардынаў такі сюжэт меў асаблівае значэнне з-за іх любові да музыкі: іх кляштары славіліся харавымі спевамі, мелі музычныя капэлы. Да прыкладу, бернардынец Шкапіта служыў капельмайстрам у караля Уладзіслава IV Вазы. У Будславе на фундуш музычнай капэлы Барбара Скарульская (з Сакалінскіх) у 1758 г. завяшчала 44 тысячы злотых; інвентар 1837 г. указвае тут у наяўнасці восем скрыпак, чатыры смычкі, дзве альтоўкі, дзве кварыёлі, дзве віяланчэлі, дзве пары кларнетаў, клавікорды і 253 нотныя сшыткі12.
|
|
|