Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЛЮБОВІ
На шляху веры
Мemoria

МУЧАНІКІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія

ПАМЯЦІ НІНЫ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
З жыцця Касцёла

V ГНЕЗНЕНСКІ З’ЕЗД
Нашы святыні

УРАЖАННІ АДНАГО ДНЯ
Пераклады

КАРАЛЕВА КРЫСТЫНА

Генрык СЯНКЕВІЧ

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

Працяг. Пачатак у №1(27) 2004 >>

IV

З гэтага часу сяброўства, што звязвала Цыну са старым грэкам, сталася яшчэ больш цесным. Цяпер яны часта наведвалі адзін аднаго і дзяліліся як думкамі, так і хлебам у час баляванняў. Цына, дарэчы, нягледзячы на свой досвед і стомленасць, што ідзе следам за ўжываннем, быў занадта малады, каб у жыцці для яго яшчэ не хавалася невядомая прывабнасць – і менавіта яе ён знайшоў у адзінай дачцы Тымана – Антэі.
Слава яе ў Александрыі была роўная славе бацькі. Антэю шанавалі дастойныя рымляне, што бывалі ў доме Тымана; шанавалі грэкі, шанавалі філосафы з Серапеума і шанаваў просты люд. Тыман не зачыняў яе ў гінекеі23, як зачынялі іншых жанчын, і спрабаваў перадаць ёй усё, што ведаў сам. Калі Антэя развіталася з дзяцінствам, ён пачаў разам з ёю чытаць грэчаскія і нават рымскія і габрэйскія кнігі, бо, адораная незвычайнай памяццю і выхаваная ў шматмоўнай Александрыі, яна бегла размаўляла на гэтых мовах. Антэя спадарожнічала яму ў роздумах, часта ўдзельнічала ў дыспутах, якія ў час сімпосіяў вяліся ў доме Тымана. Неаднойчы ў лабірынце складаных праблемаў яна ўмела, нібы Арыядна, знайсці выйсце сама і вывесці за сабою іншых. Бацька ставіўся да яе з захапленнем і павагаю. А да таго ж Антэю ахутвала чароўнасць таямніцы і амаль святасці, бо часам яна мела прарочыя сны, у якіх бачыла рэчы, незаўважныя для вачэй простых смяротных. Стары мудрэц кахаў яе як уласную душу яшчэ і таму, што баяўся страціць, бо яна часта гаварыла, што ў снах да яе прыходзяць нейкія злавесныя істоты і нейкае дзіўнае святло, а яна не ведала, ці станецца яно крыніцаю жыцця, ці крыніцаю смерці.
А тым часам яе акружала толькі любоў. Егіпцяне, якія бывалі ў доме Тымана, звалі яе Лотасам, можа таму, што кветка гэтая карысталася на берагах Ніла боскаю пашанаю, а можа і таму, што той, хто аднойчы яе ўбачыў, мог забыцца пра ўвесь свет.
Бо яе прыгажосць была роўная яе розуму. Егіпецкае сонца не зацямніла яе твару, які нагадваў празрыстую перлавую ракавіну са схаванымі ў ёй ружовымі промнямі світання. Вочы яе нагадвалі блакіт Ніла, а позірк плыў з такіх невядомых даляў, як і воды гэтай таямнічай ракі. Калі Цына ўбачыў і пачуў яе ўпершыню, ён, вярнуўшыся да сябе, адчуў нястрымнае жаданне ў атрыі24 свайго дома ўзнесці ў яе гонар алтар і прынесці на ім у ахвяру белую галубку. У сваім жыцці ён сустракаў тысячы жанчын, пачынаючы ад дзяўчат з далёкай Поўначы, з белымі вейкамі і валасамі колеру спелага збожжа, і заканчваючы чорнымі, як лава, нумідыйкамі. Але да гэтага часу не спаткаў ні такога аблічча, ні такой душы. І чым часцей ён яе бачыў, тым лепш спазнаваў, чым часцей даводзілася яму чуць яе, тым большым рабілася яго захапленне. Бывалі хвіліны, калі ён, які не верыў у багоў, пачынаў думаць, што Антэя не можа быць дачкою Тымана, а толькі нейкага бога, і значыць, яна толькі напалову жанчына, а напалову – несмяротная.
І неўзабаве Цына пакахаў яе любоўю нечаканай, вялікай і нястрымнай, такой непадобнай да яго ранейшых пачуццяў, як непадобная была Антэя да іншых жанчын. Ён хацеў валодаць ёю толькі дзеля таго, каб шанаваць яе. Ён быў гатовы аддаць сваю кроў, каб завалодаць ёю. Цына адчуваў, што лічыў бы за лепшае быць жабраком разам з ёю, чым імператарам без яе. І як марскі вір з нястрымнаю моцаю паглынае ўсё, што знаходзіцца наўкол яго, так і каханне Цыны паглынула яго душу, сэрца, думкі, яго дні і ночы і ўсё, з чаго складаецца жыццё.
У рэшце рэшт яно паглынула і Антэю.
Tu felix, Cinna!25 – паўтаралі яму сябры. — Tu felix, Cinna! – паўтараў ён сам сабе. І калі нарэшце ўзяў яе ў жонкі, калі яе боскія вусны вымавілі сакраментальныя словы: «Дзе ты, Кай, там і я, Кая»26, яму здавалася, што шчасце ягонае будзе, як мора – невычэрпнае і бязмежнае.

V

Прайшоў год, а маладая жонка заўсёды шанавалася ля хатняга агню амаль як багіня; для мужа яна была зрэнкаю вока, каханнем, розумам, святлом. Але Цына, параўноўваючы сваё шчасце з морам, забыў, што на моры бываюць адлівы. Праз год Антэя захварэла на лютую невядомую немач. Сны яе ператварыліся ў страшныя бачанні, якія руйнавалі яе жыццё. На твары згаслі промні світання, і засталася толькі празрыстасць перлавай ракавіны; рукі яе пачалі прасвечвацца, вочы глыбока запалі – і ружовы лотас паступова ператвараўся ў лотас белы, белы, нібыта твар памерлага. Заўважылі, што над домам Цыны пачалі кружыць ястрабы, а гэта ў Егіпце было знакам смерці. Бачанні рабіліся ўсё больш жахлівымі. Калі апоўдні сонца залівала свет белым бляскам, а горад пагружаўся ў маўчанне, Антэі здавалася, што яна чуе вакол сябе хуткія крокі нейкіх нябачных істотаў, а ў глыбінях паветра бачыць сухі жаўтаваты трупны твар, які пазірае на яе чорнымі вачыма. Вочы гэтыя настойліва ўглядаліся ў яе, быццам клічучы за сабою, у нейкі змрок, поўны таямніцаў і страху. Тады цела Антэі пачынала дрыжэць, як у ліхаманцы, твар яе рабіўся бледным, лоб пакрываўся кроплямі халоднага поту, і гэтая шанаваная жрыца хатняга агню ператваралася ў безабароннае і напалоханае дзіця, якое хавалася на грудзях мужа і паўтарала збялелымі вуснамі: «Ратуй мяне, Кай! Барані мяне!»
І Кай гатовы быў кінуцца на любы прывід, які з-пад зямлі магла выпусціць Персефона27, але дарэмна ён узіраўся ў прастору. Наўкол, як звычайна ў паўдзённыя гадзіны, было пуста. Белы бляск заліваў горад; мора, здавалася, палала на сонцы, а ў цішыні чуваць было толькі піск ястрабаў, што кружылі над домам.
Прывіды з’яўляліся ўсё часцей – пазней ужо штодзённа. Яны пераследавалі Антэю як па-за домам, так і ў атрыі і ў пакоях. Цына, паводле парады лекараў, прыводзіў егіпецкіх самбукінаў28 і бедуінаў, што гралі на гліняных пішчалках і голаснай музыкай павінны былі заглушаць шум гэтых нябачных істотаў. Але ўсё аказалася дарэмным. Антэя чула яго сярод найвялікшага гоману, а калі сонца падымалася так высока, што цень ляжаў каля ног чалавека як скінутае ўбранне, тады ў дрыжачым ад гарачыні паветры з’яўлялася трупная галава і, пазіраючы шклянымі вачыма на Антэю, павольна адступала, быццам гаворачы ёй: «Хадзем за мною!»
Часам Антэі здавалася, што вусны трупа павольна варушацца, часам – што з іх вылятаюць чорныя агідныя жукі і ляцяць да яе па паветры. Пры адной думцы пра прывіды вочы яе напаўняліся жахам, і ўрэшце жыццё ператварылася для яе ў такую страшную пакуту, што яна прасіла Цыну, каб ён падставіў меч альбо дазволіў ёй выпіць атруту.
А ён ведаў, што не здолее зрабіць гэта. Гэтым самым мячом ён бы выразаў для яе ўсе свае жылы, але забіць яе не мог. Калі Цына ўяўляў гэтую дарагую галаву мёртваю, з закрытымі павекамі, поўнаю халоднага спакою, і гэтыя грудзі, прабітыя яго мячом, дык адчуваў, што перш чым зрабіць гэта, ён мусіў бы страціць розум.
Адзін грэчаскі лекар сказаў яму, што гэта Геката29 з’яўляецца Антэі, а нябачныя істоты, шолах якіх палохае хворую, належаць да світы злавеснага бога. Паводле яго, для Антэі не было ратунку, бо той, хто ўбачыць Гекату, павінен памерці.
Тады Цына, які яшчэ зусім нядаўна пасмяяўся б над вераю ў Гекату, ахвяраваў ёй гекатомбу30. Але ахвяра не дапамагла, і на наступны дзень апоўдні сумныя вочы зноў пазіралі на Антэю.
Спрабавалі закрываць ёй галаву, але яна бачыла трупны твар нават скрозь самыя тоўстыя заслоны. Калі яе зачынялі ў цёмным пакоі, твар пазіраў на яе са сценаў, асвятляючы цемру сваім бледным трупным бляскам.
Вечарамі хворай станавілася лепш, і тады яна нібыта правальвалася ў глыбокі сон. А Цыну і Тыману неаднойчы здавалася, што яна ўжо ніколі з яго не абудзіцца. Неўзабаве Антэя так аслабела, што не магла хадзіць самастойна. Яе пераносілі ў лектыцы.
Даўнейшы неспакой Цыны вярнуўся з падвоенаю сілаю і завалодаў ім цалкам. У ім жыў страх за жыццё Антэі, а адначасова прысутнічала дзіўнае адчуванне, што яе хвароба нейкім таямнічым чынам звязана з усім тым, пра што ён гаварыў у час сваёй першай шчырай размовы з Тыманам. Магчыма, стары мудрэц думаў тое ж самае, але Цына не хацеў і баяўся распытваць яго. А тым часам хворая марнела, як кветка, у падвяночку якой угняздзіўся ядавіты павук.
Цына, аднак, насуперак усяму адчайна яе ратаваў. Спачатку ён вывез яе ў пустыню непадалёк ад Мемфіса, але калі знаходжанне ў цішыні пірамідаў не вызваліла яе ад страшных прывідаў, ён вярнуўся ў Александрыю і абкружыў яе прадказальнікамі, чараўнікамі, што замаўлялі хваробу, і ўсялякага роду бессаромнымі махлярамі, якія з дапамогаю цудадзейных лекаў карысталіся чалавечай легкавернасцю. Але Цына ўжо не меў выбару і хапаўся за любыя сродкі.
У гэты час у Александрыю прыехаў з Цэзарэі славуты лекар яўрэй Іосіф, сын Хузы. Цына адразу ж прывёў яго да жонкі – і надзея зноў вярнулася ў ягонае сэрца. Іосіф, які не верыў у грэчаскіх і рымскіх багоў, пагардліва адкінуў меркаванне пра Гекубу. Ён лічыў, што гэта хутчэй дэманы апанавалі хворую і раіў пакінуць Егіпет, дзе, апрача дэманаў, здароўю яе маглі шкодзіць і выпарэнні гразкай Дэльты. Лекар раіў таксама, можа таму, што сам быў яўрэем, адправіцца ў Ерузалем, у горад, да якога дэманы не маюць доступу і дзе паветра сухое і здаровае.
Цына ахвотна скарыстаў яго параду, бо, па-першае, не было іншай, а, па-другое, Ерузалемам правіў знаёмы яму пракуратар, продкі якога былі калісьці кліентамі31 дому Цынаў.
І сапраўды, калі яны прыбылі, пракуратар Понцій32 радасна сустрэў іх і аддаў ім пад жыллё ўласны летні дом, які знаходзіўся непадалёк ад муроў. Але спадзяванні Цыны згаслі яшчэ да іх прыезду. Трупны твар пазіраў на Антэю нават на палубе галеры, а прыбыўшы на месца, хворая чакала надыходу паўдзённай гадзіны з такой самай смяротнай трывогай, як некалі ў Александрыі.
І так сыходзілі для іх дні ў пакутах, страху, роспачы і чаканні смерці.

VI

У атрыі, нягледзячы на фантаны, цяністы порцік і раннюю гадзіну, было страшэнна горача, бо мармур распаліўся ад веснавога сонца. Але непадалёку ад дома расла старая разложыстая фісташка, якая кідала наўкол вялікі цень. Скразняк тут, на адкрытым месцы, быў таксама значна большы, таму Цына загадаў менавіта сюды паставіць упрыгожаную гіяцынтамі і яблычным цветам лектыку, у якой спачывала Антэя. Сеўшы каля яе, ён паклаў далонь на яе белыя, як алебастр, рукі і спытаў:
— Добра табе тут, carissima33?
— Добра, — адказала яна ледзь чутным голасам.
І прыкрыла вочы, быццам яе агарнуў сон. Настала маўчанне; толькі лёгкі ветрык з шолахам варушыў галінкі фісташкі, а на зямлі вакол лектыкі мігцелі залатыя плямкі ад прамянёў, што прабіваліся скрозь лістоту – саранча сыкала паміж камянёў.
Хворая расплюшчыла вочы.
— Кай, — сказала яна, — ці праўда, што ў гэтай зямлі з’явіўся філосаф, які лечыць хворых?
— Яны тут называюць іх прарокамі, — адказаў Цына. – Я чуў пра яго і хацеў паклікаць да цябе, але аказалася, што гэта быў фальшывы цудатворца. Да таго ж, ён зневажаў мясцовы храм і законы гэтай зямлі, таму пракуратар выдаў яго на смерць, і менавіта сёння ён будзе ўкрыжаваны.
Антэя апусціла галаву.
— Цябе вылечыць час, — сказаў Цына, убачыўшы смутак, што адбіўся на яе твары.
— Час прыслужвае смерці, а не жыццю, — павольна адказала яна.
І зноў усталявалася маўчанне, наўкол па-ранейшаму мігцелі залатыя плямкі; саранча сыкала яшчэ галосней, а са скальных шчылінаў павысоўваліся на валуны маленькія яшчаркі, шукаючы сонечныя месцы.
Цына час ад часу паглядаў на Антэю і ў тысячны раз роспачна думаў пра тое, што ўсе сродкі ратунку вычарпаныя, што няма ані іскры надзеі і што хутка гэтае найдаражэйшае стварэнне стане толькі мізэрным ценем і жменькай пылу ў калумбарыі34.
— І я пайду за табою! – паўтараў у думках Цына.
Раптам у воддалі пачуліся нечыя крокі. Твар Антэі адразу ж зрабіўся белы, як крэйда, паўадчыненыя вусны прыспешана дыхалі, грудзі хутка ўздымаліся. Няшчасная пакутніца была перакананая, якія гэта набліжаюцца да яе нябачныя істоты, што папярэджваюць з’яўленне трупа са шклянымі вачыма. Але Цына, схапіўшы рукі Антэі, пачаў яе супакойваць:
— Антэя, не палохайся, я таксама чую гэтыя крокі.
А потым дадаў:
— Гэта прыйшоў Понцій.
І сапраўды, на павароце сцяжынкі паказаўся пракуратар у суправаджэнні двух рабоў. Гэта быў немалады чалавек з круглым, старанна паголеным тварам, штучна сур’ёзным і адначасова заклапочаным і стомленым.
— Вітаю цябе, шляхетны Цына, і цябе, боская Антэя! – вымавіў ён, апынуўшыся пад ценем фісташкі. — Ну вось, пасля халоднай ночы дзень выдаўся спякотны: каб толькі ён быў шчаслівы для вас абоіх, а здароўе Антэі заквітнела, як гэтыя гіяцынты і гэтыя галінкі яблыні, што аздабляюць яе лектыку.
— Мір табе і прывітанне! – адказаў Цына.
Пракуратар, сеўшы на абломак скалы, глянуў на Антэю, крыху насупіў бровы і адазваўся:
— Самота нараджае смутак і хваробу, а сярод натоўпу няма месца страхам, таму даю вам адну параду. На няшчасце, тут не Антыёхія і не Кесарыя, тут няма гульняў і скачак, а калі б паўстаў цырк, дык гэтыя фанатыкі зруйнавалі б яго на другі дзень. Тут чуеш толькі слова «закон» – а гэтаму «закону» ўсё перашкаджае. Лепш бы я быў у Скіфіі, чым тут…
— Пра што ты збіраўся гаварыць, Пілат?
— Сапраўды, я адышоў ад тэмы. Але гэта з-за клопатаў. Я гаварыў, што сярод натоўпу няма месца страху. Дык вось сёння вы можаце ўбачыць відовішча. У Ерузалеме трэба задавальняцца абы-чым, а найперш трэба, каб апоўдні Антэя была сярод натоўпу. Сёння памруць на крыжы трое чалавек. Гэта лепш, чым нічога. Да таго ж, з нагоды Пасхі ў горад нахлынула зграя найдзіўнейшых валацугаў з усяго краю. Вы можаце паназіраць за гэтым народам. Я загадаю даць вам найлепшае месца паблізу ад крыжоў. Спадзяюся, што асуджаныя будуць паміраць адважна. Адзін з іх – гэта дзіўны чалавек; ён называе сябе Сынам Божым, сам ён лагодны, як голуб, і сапраўды не зрабіў нічога такога, каб заслужыць смерць.
— І ты асудзіў яго на крыж?
— Бо хацеў пазбавіцца клопату і адначасова не разварушыць гэтае гняздо восаў, што гудзяць наўкол храма. Яны і так шлюць на мяне скаргі ў Рым. Ды ўрэшце справа тычыцца не рымскага грамадзяніна.
— Але з гэтае прычыны ён не будзе пакутаваць менш.
Пракуратар не адказаў – а потым пачаў гаварыць нібыта сам сабе:
— Ёсць адзіная рэч, якой я не выношу, — гэта крайнасць. Хто пры мне вымавіць гэтае слова, пазбавіць мяне весялосці на цэлы дзень. Залатая сярэдзіна! Вось чаго, на маю думку, патрабуе трымацца разважлівасць. А няма на свеце закутка, у якім бы гэтага прынцыпу прытрымліваліся менш, чым тут. Як мяне ўсё гэта мучыць! Як мучыць! У нічым няма спакою, у нічым няма раўнавагі… ні ў людзях, ні ў прыродзе… Вось цяпер, напрыклад, вясна, ночы халодныя – а ўдзень стаіць такая спякота, што па камянях цяжка ступаць. Да паўдня яшчэ далёка, а паглядзіце – што робіцца! Што ж да людзей, дык лепш прамаўчаць! Я тут, бо мушу тут быць. Але справа не ў гэтым! Зноў я адыходжу ад тэмы. Схадзіце паглядзіце ўкрыжаванне. Я ўпэўнены, што Назарэй будзе паміраць адважна. Я загадаў бічаваць яго, бо думаў, што такім чынам засцерагу яго ад смерці. Я ж не вылюдак. Калі яго білі, ён быў цярплівы, як ягня, і благаславіў людзей. Калі пацякла кроў, ён узняў вочы да неба і маліўся. Гэта самы дзіўны чалавек, якога я бачыў у жыцці. Жонка з-за яго не дае мне ні хвіліны спакою: «Не дапусці смерці бязвіннага!» – вось што яна паўтарае з самага ранку. Я хацеў. Я двойчы выходзіў на біму35 і звяртаўся да гэтых зацятых першасвятароў і да гэтага паршывага натоўпу. А яны адказвалі мне ў адзін голас, задраўшы галовы і раздзіраючы глоткі амаль да вушэй: «Укрыжуй!».
— І ты саступіў? – сказаў Цына.
— Бо ў горадзе пачаліся б хваляванні, а я тут дзеля таго, каб падтрымліваць спакой. Я мушу выконваць свой абавязак. Я не люблю крайнасці, а да таго ж смяротна стаміўся, але калі ўжо я за штосьці бяруся, дык без ваганняў ахвярую дзеля агульнага дабра жыццём аднаго чалавека, асабліва калі гэта чалавек невядомы, якім ніхто не будзе цікавіцца. Тым горш для яго, што ён не рымлянін.
— Сонца свеціць не толькі над Рымам, — прашаптала Антэя.
— Боская Антэя, — парыраваў пракуратар, — я мог бы адказаць табе, што на ўсім зямным шары яно свеціць рымскай уладзе, таму дзеля яе дабра трэба ахвяраваць усім, а хваляванні падрываюць наш аўтарытэт. Але найперш заклінаю цябе: не патрабуй, каб я змяніў прысуд. Цына таксама скажа табе, што гэтага не можа быць, і што калі прысуд аднойчы вынесены, дык хіба толькі сам імператар мог бы яго змяніць. Я, калі б і хацеў, — не магу. Ці не так, Кай?
— Так.
Але на Антэю словы гэтыя відавочна зрабілі прыкрае ўражанне, бо яна сказала, думаючы, магчыма, пра сябе:
— Значыць, можна пакутаваць і памерці бязвінна.
— Бязвінных не бывае, — адказаў Понцій. – Гэты Назарэй не ўчыніў ніякага злачынства. А значыць, я таксама, як пракуратар, умыў рукі. Але як чалавек я асуджаю яго навуку. Я наўмысна досыць доўга размаўляў з ім, бо хацеў даведацца як мага больш, і пераканаўся, што ён прапаведуе нечуваныя рэчы. Ну, дык што тут зробіш! Свет мусіць грунтавацца на разважлівасці. Хто ж пярэчыць, што дабрадзейнасць неабходная?.. Пэўна не я. Але нават стоікі вучаць толькі спакойна зносіць супярэчнасці лёсу, аднак не патрабуюць адмаўлення ад усяго, пачынаючы з багацця і ажно да абеда. Скажы, Цына – ты разважлівы чалавек – што б ты пра мяне падумаў, калі б вось гэты дом, у якім вы жывяце, я аддаў бы ні з таго ні з сяго абарванцам, што грэюцца на сонейку ля Іапійскай брамы? А ён вымагае менавіта такіх рэчаў. І пры гэтым прапаведуе, што ўсіх трэба любіць аднолькава; яўрэяў гэтаксама, як рымлянаў, рымлянаў – як егіпцянаў, егіпцянаў – як афраў, і гэтак далей. Скажу шчыра, гэтага ўжо было досыць. У той момант, калі справа тычыцца яго жыцця, ён паводзіць сябе так, быццам яна тычыцца некага іншага, навучае – і моліцца. Я не павінен ратаваць таго, хто сам пра гэта не дбае. Той, хто ні ў чым не ўмее захаваць меры, чалавек неразважлівы. Да таго ж, ён называе сябе Сынам Божым і руйнуе прынцыпы, на якіх грунтуецца свет, а значыць – шкодзіць людзям. Як чалавек я пратэстую супраць яго навукі. Калі я не веру, скажам, у багоў, дык гэта мая справа. Аднак я прызнаю неабходнасць рэлігіі і публічна гэта абвяшчаю, бо лічу, што рэлігія для людзей – гэта цуглі. Коні мусяць быць запрэжаныя, і добра запрэжаныя. Дарэчы, гэты Назарэй не павінен баяцца смерці, бо ён сцвярджае, што паўстане з мёртвых.
Цына і Антэя здзіўлена пераглянуліся.
— Паўстане з мёртвых?
— Ні больш, ні менш: праз тры дні. Так, прынамсі, прапаведуюць яго вучні. Я забыўся запытаць яго самога. Але, у рэшце рэшт, гэта ўсё роўна, бо смерць вызваляе ад абяцанняў. А калі б ён і не паўстаў з мёртвых, дык нічога на гэтым не страціў, бо, паводле яго навукі, сапраўднае шчасце, разам з жыццём вечным, пачынаецца толькі пасля смерці. І ён сапраўды гаворыць пра гэта на дзіва ўпэўнена. У ягоным Гадэсе36 святлей, чым у сонечным свеце, а чым больш чалавек пакутуе тут, тым больш упэўнена ён увойдзе туды; трэба толькі любіць, любіць і любіць.
— Дзіўная навука, — сказала Антэя.
— А яны крычалі табе «ўкрыжуй»? – спытаў Цына.
— І я нават не дзіўлюся. Душа гэтага люду – нянавісць, бо што ж, калі не нянавісць, можа дамагацца крыжа для любові.
Антэя пацёрла лоб схуднелаю рукою.
— І ён упэўнены, што можна жыць і быць шчаслівым – пасля смерці?
— Таму яго не палохаюць ні крыж, ні смерць.
— Як бы гэта было добра, Цына!..
Потым яна зноў спытала:
— Адкуль ён ведае пра гэта?
Пракуратар махнуў рукою:
— Гаворыць, што ведае ад Айца ўсіх людзей, які для яўрэяў ёсць тым, чым для нас Юпітэр, з адзінаю розніцаю, што, паводле Назарэя, Ён – адзіны, адзіны і міласэрны.
— Як бы гэта было добра, Кай! – паўтарыла Антэя.
Цына хацеў штосьці сказаць, але прамаўчаў – размова спынілася. А Понцій, відавочна, усё яшчэ думаў пра дзівакаватую навуку Назарэя, бо круціў галавою і штохвілінна паціскаў плячыма. Нарэшце ён падняўся і пачаў развітвацца.
Нечакана Антэя сказала:
— Кай, пойдзем паглядзець на гэтага Назарэя.

Працяг у №3(29)/2004.
Пераклад з польскай мовы
Наталлі Мазоўкі


  1. Гінекей – частка грэчаскага дома, прызначаная для жанчын.
  2. Атрый – галоўная частка рымскага дома. Вакол атрыя знаходзіліся жылыя пакоі.
  3. Tu felix, Cinna (лац.) – Ты шчаслівы, Цына.
  4. Дзе ты, Кай, там і я, Кая – старажытнарымская формула пры заключэнні шлюбу.
  5. Персефона – у грэчаскай міфалогіі дачка Зеўса і Дэметры, жонка Гадэса, уладара падземнага царства, якая распараджалася душамі памерлых, а таксама пачварамі падземнага свету.
  6. Самбукіна – арфістка, якая грала на самбуцы, грэчаскім струнным інструменце.
  7. Геката – дачка Зеўса і Дэметры, багіня цемры ў грэчаскай міфалогіі. Яе лічылі таксама багіняй помсты, магіі і чараў. Часам яе атаясамлівалі з Персефонай як багіняй падземнага царства.
  8. Гекатомба – ахвярапрынашэнне ста быкоў.
  9. Кліент – свабодны, але бедны рымскі грамадзянін, які залежаў ад магутнага роду. У перыяд рэспублікі кожная патрыцыянская сям’я мела сваіх кліентаў. Патрон быў абавязаны апекавацца кліентам, а кліент – быць паслухмяным патрону. Гэтая залежнасць мела нібыта сямейны характар.
  10. Понцій Пілат – пракуратар Юдэі ў 26—36 гг. да н.э. Для падтрымання «рымскага міру» не спыняўся перад крывавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да яўрэяў.
  11. Carissima (лац.) – найдаражэйшая.
  12. Калумбарый – пахавальная пабудова, у сценах якой захоўваліся урны з астанкамі.
  13. Біма — трыбуна.
  14. Гадэс – царства памерлых, падземны свет у грэчаскай міфалогіі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY