Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЛЮБОВІ
На шляху веры
Мemoria

МУЧАНІКІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія

ПАМЯЦІ НІНЫ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
З жыцця Касцёла

V ГНЕЗНЕНСКІ З’ЕЗД
Нашы святыні

УРАЖАННІ АДНАГО ДНЯ
Пераклады

КАРАЛЕВА КРЫСТЫНА

ПРАЎДА, ЯКАЯ ВЫЗВАЛЯЕ

Мінулая гутарка ў рубрыцы «На шляху веры» тычылася паняцця свабоды. Яна так і называлася «Што гэта значыць – быць свабодным?» («Наша вера», № 1, 2004г.). На заключнае пытанне пра тое, што ж трэба чалавеку для таго, каб ён адчуў сябе свабодным, ксёндз Міхал Сапель адказаў коратка: «Праўда» і дадаў словы Хрыста: «Праўда вас вызваліць». Таму сённяшняя размова і прысвечана катэгорыі праўды, яе ролі ў жыцці хрысціяніна.

З ксяндзом Вячаславам Барком гутарыць пісьменніца Ірына Жарнасек

Ксёндз Вячаслаў, на пачатку нашае гутаркі прыгадаю словы Езуса Хрыста: «Я на тое прыйшоў на свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго» (Ян 13,37). Пра якую праўду казаў Езус?

– Праўда ёсць адна, але чалавек у пэўных умовах, у пэўныя перыяды гісторыі здольны падзяліць яе. Як, напрыклад, газеты: «Правда», «Комсомольская правда», «Пионерская правда». Чалавек увогуле схільны ствараць падманнае ўяўленне аб праўдзе. Ну, напрыклад, уявім сабе чалавека, які стаіць пры самай сцяне святыні. Калі ў яго запытацца, што ён бачыць, то ён адкажа: «Каменне». Але гэта будзе своеасаблівай паўпраўдай, бо ў чалавека няма поўнага ўяўлення пра святыню. Дзеля таго ж, каб займець поўнае, трэба адысціся на некалькі крокаў, потым увайсці ўсярэдзіну і г.д.

Але праўда ўсё ж адна, і не можа быць тваёй, маёй альбо чыёйсьці яшчэ праўды. Пра гэтую універсальную, галоўную, бескампрамісную праўду і сведчыць Хрыстус. Хто не баіцца праўды, але гатовы пачуць і прыняць яе, той слухае Яго голасу.

Патлумачце, калі ласка, змест кароткага Пілатавага пытання: «Што такое праўда?» Хрыстус нібыта пакінуў яго без адказу... Як вы думаеце, чаму Пілат прамовіў гэтыя тры трывожныя словы: «Што такое праўда?».

– Сапраўды, што магла азначаць для Пілата, які займаў даволі значнае месца ў Рымскай імперыі, катэгорыя праўды? Быў ён, безумоўна, адукаваным і разумным чалавекам – невялічкая правінцыя накшталт Палестыны не магла быць даручана неразумнаму кіраўніку, які павінен быў да таго прайсці пэўныя ступені ўлады. Ды бу- дзем памятаць, што «праўда», якой служыў Пілат, трымалася на моцы рымскіх легіёнаў. А тут раптам прыходзіць Хтосьці і сведчыць аб такой праўдзе, якая не залежала ні ад гэтых легіёнаў, ні ад нейкіх яшчэ абставінаў. Напэўна, Пілата трывожыла тое, што знаходзіліся людзі, якім была дарагая тая, найвышэйшая праўда. І, мабыць, яму было дзіўна, што Ізраілю так важна было захаваць свой, вякамі складзены светапогляд. Хрыстус, прыйшоўшы на зямлю, у многім разбураў гэты светапогляд, Ён нёс новае святло, якое адных палохала, другіх здзіўляла, але мала каго пакідала абыякавым.

Хрыстус жа казаў яшчэ, што Ён сам і ёсць Праўда. «Я – Дарога, Праўда і Жыццё», – сказаў Езус. Як жа застанешся да такога абыякавым?

Значыць, Пілат на той час проста не здольны быў успрыняць праўду Хрыста? Інакш бы ён не вымыў свае рукі, не адгарадзіўся б ад яе.

– Бо Пілат не спазнаў Хрыста. Так, ён Яго бачыў, размаўляў з Ім, мог дакранацца да Яго, але не прыняў Яго сэрцам. Як той чалавек, што стаіць блізка пры сцяне Божай святыні і не бачыць яе, а таму і не мае поўнага ўяўлення пра святыню. Гэтак і з Пілатам. Ягоны позірк быў абмежаваны, ён не быў здольны спазнаць Хрыста, не быў здольны ўбачыць у Ім Сына Божага, але бачыў толькі чалавека.

Што ж трэба для таго, каб сярод людзей запанавала праўда? Патрэбна вера?

– Веды і вера. Нельга аспрэчваць значнасць розуму, але нельга яго і ідэалізаваць. Бо адзін розум, без веры, можа і бяды нарабіць.

У народзе часта можна пачуць штосьці накшталт: «каб мне з месца не сысці, калі я маню», «каб мне свету не пабачыць, калі я кажу няпраўду» і г.д. Напэўна таму, што свет патанае ў мане, няпраўдзе, людзі прыбягаюць да гэткіх вось закляццяў. Але ж, з іншага боку, у Евангеллі мы таксама часта чуем нібыта запэўніванне: «Сапраўды, сапраўды кажу вам...». Ці азначае гэта, што Езус таксама баяўся, што Яму не дадуць веры, а таму і прыбягаў да такіх запэўніванняў?

– Што тычыцца Хрыста, то паўтарэнні ў Яго словах («Сапраўды, сапраўды кажу вам...») – гэта не што іншае, як традыцыя той мовы, якой Ён карыстаўся, а не боязь недаверу. Гэтыя паўторы сведчылі толькі пра тое, што гаворка ішла пра сур’ёзныя рэчы, да якіх варта прыслухацца.

Што ж тычыцца клятвы накшталт «каб мне з месца не сысці...», то хочацца проста асцерагчы людзей не спяшацца кідаць на вецер такія вось слоўцы. Магчымасці чалавечага пазнання вельмі абмежаваныя, чалавек сёння можа быць упэўнены ў адным, заўтра ж, не выключана, ён зменіць свой погляд і будзе запэўніваць сваіх суразмоўцаў у адваротным. Тут мы маем справу з паўпраўдай. Чалавек, можа, і не мае намеру кагосьці падманваць, але ён сам, паверыўшы ў адну паўпраўду, спяшаецца пераканаць у ёй і іншых, тым самым спрычыняючыся да падману. Наш свет запаланіла паўпраўда, і яна не такая бяскрыўдная, як можа здацца на першы погляд, бо менавіта на паўпраўдзе трымаецца і валадарства цемры. Як найчасцей дзейнічае сёння шатан? Ён падсоўвае нам паўпраўду, уяўныя каштоўнасці замест сапраўдных. Чалавек, які неабачліва кідаецца на гэтыя ўяўныя каштоўнасці, можа і сам не заўважыць, як апынецца ў хітра спланавым капкане, пастаўленым на яго сіламі цемры. Так было на самым пачатку гісторыі чалавецтва, калі сілы зла спакусілі першых людзей, так ёсць і цяпер. Таму чалавек павінен вучыцца адрозніваць праўду ад паўпраўды, бо ў няразвітым грамадстве...

Даруйце, якое ж яно няразвітае?.. Мы ж ганарымся прагрэсам: развіццём касманаўтыкі, выкарыстаннем самай рознай энергіі, развіццем генетыкі...

– Ну-у, ведаеце... Вось гэта якраз і ёсць тая паўпраўда, якой бяздумна ганарыцца чалавек, хоць часам, можа, не шкодзіла б яшчэ і яшчэ раз узважыць карысць таго прагрэсу да таго, як ім ганарыцца. Пакуль чалавек не адкрыецца цалкам Богу, ён будзе пастаянна нарывацца на рыфы паўпраўды. Ну і ў грамадстве таксама... Калі, напрыклад, у нейкай дзяржаве ёсць недахоп усебаковай інфармацыі, плюралізму, то там заўсёды будзе панаваць паўпраўда, уводзячы сваіх жыхароў у зман. Таму задача чалавека, калі ён толькі хоча пражыць цікавае, змястоўнае жыццё, – пазнаць усю праўду. Трэба вытлумачыць для сябе працэсы ды дзеі, што адбываюцца ў свеце.

Напэўна, мала хто з чытачаў не згодзіцца з гэтым. Але ўзнікае пытанне: як жа пазнаць гэтую праўду?

– Ведаеце, я ўжо вырашыў для сябе гэтае пытанне. Памятаю, у юнацкім узросце я гатовы быў, як кажуць, за праўду кідацца на амбразуру, ісці на барыкады. Для маладых людзей увогуле характэрны такі вось максімалізм, калі яны спяшаюцца выказаць сваю праўду ўсяму свету, часта не дарэчы, як кажуць, проста з моста. Але яшчэ пытанне, ці ведаюць яны самі тую праўду? Ці не акажацца яна заўтра паўпраўдай? Нездарма ж Хрыстус казаў сваім вучням, што калі прыйдзе Дух Суцяшыцель, то Ён навучыць нас усялякай праўдзе. Таму без веры, без надпрыроднага дару чалавек усё ж не здольны пазнаць усю праўду.

Значыць, калі казаць пра вас асабіста, то вы вырашылі гэтае няпростае пытанне з дапамогаю веры?

– Так. Я вырашыў яго вельмі проста. Калі Хрыстус сказаў, што Ён – Дарога, Праўда і Жыццё, то што ж тут яшчэ мудрыць? Усё, аказваецца, вельмі проста. Да таго ж, з Евангелля мы яшчэ ведаем, што «Бог – гэта Любоў». Цяпер я перакананы, што з дапамогай любові можна вытлумачыць найскладанейшыя працэсы гэтага свету. Калі глядзець на свет вачыма любові, то маеш гарантыю, што пазбегнеш падману і расчаравання. Праўда без любові – блеф. Немагчыма служыць праўдзе і не мець любові ў сэрцы.

Таму зусім не выпадкова Пілат пытае ў Хрыста, «што такое праўда?» на самым пачатку Крыжовага Шляху, на якім Хрыстус і даў адказ на гэтае пытанне сваім Крыжовым Шляхам, смерцю на Крыжы і Змёртвыхпаўстаннем.

Што ж тычыцца нашага зямнога жыцця, то тут таксама нібыта ўсё проста. Калі ты маеш у сэрцы любоў, то яна не дазволіць табе служыць падману. Любоў здольная весці чалавека па шляху праўды.

Ксёндз Вячаслаў, а вось у народзе ёсць словазлучэнні кшталту: зручная і нязручная праўда, выгадная альбо не і г.д.

– Не можа быць праўды нязручнай альбо нявыгаднай, непатрэбнай. Іншая рэч, што яна часам «вочы коле». Але ж гэта ўжо не віна праўды, а яе моц. «Праўда вас вызваліць», – сказаў Хрыстус. Але, вядома, патрэбна праўда, прамоўленая і выказаная з любоўю.

Значыць, праўду-матку трэба казаць усюды і заўсёды, пры любых абставінах?

– Ды не... Трэба ўлічваць яшчэ і тое, ці здольны той, хто слухае, прыняць гэтую праўду і правільна яе зразумець. Ну што толку, калі чалавек будзе стаяць перад сцяной храма і крычаць аб той праўдзе, што ён бачыць каменне? Ужо лепш бы ён тады і памаўчаў.

Альбо якая карысць ад тае праўды, калі лекар скажа хвораму пра тое, што ягоная хвароба смяротная, і тым самым можа паскорыць смерць?

– Сапраўды, такая праўда была б не на карысць, але на шкоду. Да балючай, горкай праўды чалавека трэба рыхтаваць. Як рыхтаваў сваіх вучняў Хрыстус да сваёй смерці на Крыжы. Заўважце: у часе Вялікага посту Касцёл у літургіі разважае пра Перамяненне Пана Езуса. Навошта? А дзеля таго, каб чалавек не забываў пра Боскую натуру Езуса Хрыста. Гэтак і сам Хрыстус: аб’явіўшы праз Перамяненне на гары Табор вучням праўду пра сваю Боскую натуру, Ён спакваля рыхтаваў іх да больш жорсткай праўды – Крыжовага Шляху і Галгофы. Усё дзеля таго, каб і яны, і мы не засумняваліся ў Боскай натуры Хрыста і ў тым, што Бог Айцец Яго любіць і праслаўляе. Таму і чалавек, плачучы над Мукаю Хрыста, не павінен забывацца на Ягоную славу. Такая ёсць праўда. Увогуле, найлепшы адказ Хрыста на Пілатава пытанне – гэта Крыжовы Шлях, бязмежная любоў Збаўцы да чалавека ў імя праўды ўваскрасення і вечнага жыцця.

Ксёндз Вячаслаў, шчыра дзякую вам за гутарку. Пасля яе я проста вымушана паабяцаць і вам, і чытачам, што наступная размова ў рубрыцы «На шляху веры» будзе прысвечана любові.

Гутарыла Ірына Жарнасек


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY