Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЛЮБОВІ
На шляху веры
Мemoria

МУЧАНІКІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія

ПАМЯЦІ НІНЫ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
З жыцця Касцёла

V ГНЕЗНЕНСКІ З’ЕЗД
Нашы святыні

УРАЖАННІ АДНАГО ДНЯ
Пераклады

КАРАЛЕВА КРЫСТЫНА


Малюнак Г. Дарэ.
Дантэ АЛІГ’ЕРЫ

ПРА НАРОДНАЕ КРАСАМОЎСТВА

Працяг. Пачатак у №1(27) 2004 >>

Х. Паколькі мова нашая трыадзінай з’яўляецца, мы пры параўнанні ўлічым тры розныя гучанні і рухацца будзем вельмі асцярожна, бо смеласці не маем перавагу аддаць ні аднаму, ні другому, ні трэцяму адгалінаванню, калі толькі не прыняць у разлік, што заснавальнікі граматыкі вызначылі «sic» як сцвярджальнае прыслоўе, што, здаецца, дае некаторые перавагі італьянцам, якія гавораць «сі`». Сапраўды, кожная з трох галін абараняе сябе шырокімі доказамі. Так, мова «оіль» мае на сваю карысць тое, што дзякуючы яе даступнасці і мілагучнасці ўсё, што перакладзена ці народнай празаічнай мовай напісана, ёй належыць, а менавіта: выкладанне Бібліі разам з дзеяннямі траянцаў і рымлянаў, і цудоўныя прыгоды караля Артура, і мноства іншых гісторый і вучэнняў. А другая мова, інакш кажучы «ок», даказвае на сваю карысць, што майстры народнага красамоўства ўпершыню на ёй вершы сталі складаць як на больш дасканалай і гучання больш пяшчотнага, напрыклад, Пётра Альвернскі1 і другія старэйшыя майстры. Гэтаксама і трэцяя мова, Італійская, першынство сваё дзвюма перавагамі адстойвае: па-першае, тым, што стваральнікі найбольш мілагучных і вытанчаных вершаў народнай гаворкаю ёсць яе хатнія ці родныя, як Чына да Пістоя і сябар яго2 ; па-другое, тым, што яна найбольш заснаваная на агульнай граматыцы3 , а гэта для людзей разумных наймацнейшым доказам служыць.

Але мы, пакідаючы ў баку высвятленне гэтага пытання і абмяжоўваючы нашыя развагі народнай італійскай гаворкай, сказаць паспрабуем пра адрозненні, што ў ёй існуюць, і параўнаць іх паміж сабою. І перш за ўсё нагадаем, што падзелена Італія на дзве часткі – правую і левую. А на пытанне, дзе пралягае лінія падзелу, мы коратка адкажам, што па хрыбце Апенінаў, па якім, быццам па капяжы даха, ліецца вада ў два супрацьлеглыя жолабы і за доўгі шлях ачышчаецца згодна з апісаннем Лукана4 ў другой кнізе: з правага боку плынь бяжыць у Цірэнскае мора, а з левага ў Адрыятычнае сыходзіць. На правым баку Апулія часткова знаходзіцца, Рым, Княства Спалетскае, Таскана і Генуэская марка; а з левага боку – частка Апуліі, Анконская марка, Раманья, Ламбардыя і Трэвіская марка з Венецыяй. А Фрыулі ды Істрыю можна толькі да левай часткі Італіі аднесці; выспы ж мора Цірэнскага, Сіцылію і Сардзінію – толькі да правага боку Італіі далучым. І на тым, і на другім баку, і ў памежных з імі мясцінах мовы чалавечыя розняцца; так, мова Сіцылійцаў адрозніваецца ад мовы Апулійцаў, Апулійцаў ад Рымлянаў, Рымлянаў ад Спалетцаў, а тая ад мовы Тасканцаў, Тасканцаў ад Генуэзцаў, Генуэзцаў ад Сардаў; гэтак жа, як мова Калабрыйцаў ад мовы Анконцаў, а тых ад Раманьёльцаў, Раманьёльцаў ад Ламбардыйцаў, Ламбардыйцаў ад Трэвізцаў і Венецыянцаў, а тая ад Аквілейцаў ды Істрыйцаў. І думаем мы, што тут кожны італіец з намі пагадзіцца.

Такім чынам, адзін толькі бок Італіі па меншай меры чатырнаццаццю гаворкамі5 адрозніваецца. Акрамя таго, і ў межах сваіх гаворкі гэтыя маюць разыходжанні, як, напрыклад, у Таксане Сіенская і Арэцінская, у Ламбардыі Ферарская і П’ячэнская; а таксама іншым разам у адным і тым жа горадзе адрозненні знаходзяцца, як у папярэдняй частцы мы паказалі. Таму, калі б мы падлічыць вырашылі і першасныя, і другасныя, і самыя нязначныя адрозненні паміж гаворкамі Італіі, то і ў гэтым маленькім кутку света давялося б нам не тое што тысячу адрозненняў налічыць, а куды болей.

ХІ. Паколькі італійская народная гаворка ў межах сваіх на многія падзяляецца, пашукаем сярод іх самую годную і мілагучную італьянскую мову і дзеля таго, каб мець магчымасць пракласці дарогу пошукам нашым, ачысцім перш за ўсё лес ад зблытанага вецця і церняў.

Дык вось, раз Рымляны лічаць, што трэба паставіць іх паперадзе, то мы іх з мэтай выкаранення і паставім на першае месца, пратэстуючы супраць таго, каб закранаць іх у якім-небудзь абмеркаванні народнага красамоўства. Бо сцвярджаем мы, што гаворка Рымлянаў ёсць не народная, а хутчэй убогая і горшая за любую іншую італьянскую народную гаворку, што і не дзіўна, бо ўбоствам звычак сваіх і вопраткі найагіднейшыя яны сярод усіх. І кажуць яны: Mezzure, quinto dici?6

Побач з Рымлянамі жыхароў Анконскай Маркі выдзернем, якія Chignamente state siate?7 гавораць. А разам з імі адкінем і Спалета. І не ўтоім, што каб пасмяяцца з гэтых трох плямёнаў, прыпевак шмат складзена; сярод іх мы адну цудоўна і правільна складзеную ведаем, стварыў яе нейкі фларэнціец па імені Кастра8 , пачынаецца ж яна так:

Una fermana scopai da Cascioli,
Cita cita sen gia’n grande aina
9.

А пасля гэтых выкінем вон Міланцаў і Бергамцаў разам з іх суседзямі, насміхаючыся з іх, нехта праспяваў:

Enti i’ora del vesper,
ciт fu del mes d’ochiover
10.

Апасля іх адкінем Аквілейцаў ды Істрыйцаў, што прарэзлівым голасам выкрыкваюць Ces fastu?11 І разам з імі выкідаем мы тыя горныя і вясковыя маўленні, што з-за няправільнасці націскаў насуперак вымаўленню гараджанаў гучаць, як, напрыклад, казэнцінскія і фрацкія.

А яшчэ адмовімся ад Сардаў, што не ёсць Італійцы, але да Італійцаў далучаць іх даводзіцца, таму што ў іх адзіных няма ўласнай народнай гаворкі і прыпадабняюцца яны граматыцы, як малпы людзям, бо гавораць domus nova і dominus meus.

ХІІ. Пасля таго як мы прасеялі мясцовыя італьянскія маўленні, параўноўваючы тыя, што ў сіце засталіся, выберам у хуткім часе найбольш годныя і прыстойныя.

І найперш даследуем сіцылійскія асаблівасці, бо сіцылійская народная гаворка відавочна перад іншымі перавагу мае, бо кожны верш, які італійцы ствараюць, называецца сіцылійскім12 , і шматлікія майстры тамтэйшыя спявалі ўзвышана, як у наступных канцонах:

Ancor che l’aigua per lo focho lassi,

i
Amor, che lungiamente m’hai menato13.

Але гэтая слава зямлі трынакрыйскай14 , калі паглядзець дакладна на што яна скіраваная, засталася адно толькі насуперак магнатам італьянскім, што не як героі, а як плебеі ганарлівасці сваёй трымаюцца. Сапраўдныя слаўныя героі ёсць Цэзар Фрыдрых15 ды сын яго Манфрэд, якія ўвасаблялі шляхетнасць і з агідаю да неадукаванасці ставіліся. Таму, сэрцам высакародныя і небам адораныя, яны так імкнуліся наблізіцца да велічы магутных уладароў, што ўсё дасягнутае найвыдатнейшымі тагачаснымі італійскімі розумамі найперш пры двары гэтых вялікіх Каралёў з’яўлялася, а паколькі каралеўскім пасадам была Сіцылія, то і атрымалася, што ўсё створанае на народнай гаворцы папярэднікамі нашымі, сіцылійскім называцца стала; гэтага і мы трымаемся, і нашчадкі нашыя змяніць не змогуць.

Райка, райка16! Пра што звініць цяпер труба апошняга Фрыдрыха17 , пра што спявае звон другога Карла18, пра што гудуць рогі магутных маркізаў Яна і Адзо19, пра што флейты іншых уладароў пяюць, акрамя як: «Сюды каты, сюды крывадушнікі, сюды хцівыя»?

Ды лепей да пачатага вярнуцца, чым гаварыць дарэмна. І мы кажам, што калі сіцылійскую народную гаворку прыняць па тым маўленні, якім мясцовы просты люд карыстаецца, а менавіта па ім відавочна і трэба меркаваць, то ні ў якой ступені не вартая яна ніякіх прывілеяў, бо не надта мілагучнае маўленне мае, як, напрыклад, тут:

Tragemi d’este focora se t’este a boluntare20.

Калі ж мы пажадаем прыняць яе адно толькі дзеля таго, што гучыць яна з вуснаў слынных сіцылійскіх грамадзянаў, як відаць па вышэйпамянёных канцонах, то нічым яна не адрозніваецца ад найбольш ухваленай, што далей мы і пакажам.

А што да Апулійцаў, дык яны ці з-за рэзкасці сваёй, ці з-за ўплыву суседзяў сваіх Рымлянаў і Анконцаў па-варварску ляпечуць, кажуць яны:

Volzera che chiangesse lo quatraro21.

Ды хоць жыхары Апуліі ўвогуле непрыгожа гавораць, некаторыя выбітныя з іх асобы выказваліся вытанчана і ў канцонах сваіх ужывалі шляхетна апрацаваныя словы, як вынікае з разгляду іх вершаў, напрыклад:

Madonna. Dire vi voglio22.

i
Per fino amore vo si“ letamente23.

З усяго таго, што мы вышэй сказалі, павінна быць зразумела, што ні сіцылійская, ні апулійская народная гаворка найпрыгажэйшымі ў Італіі не з’яўляюцца, бо, як мы паказалі, тамтэйшэя майстры слова ад уласнай сваёй гаворкі адыходзілі.

ХІІІ. А цяпер пяройдзем да Тасканцаў, што ў неразумнасці сваёй невыноснай відавочна на ролю бліскучай народнай гаворкі прэтэндуюць24 . І ўпарціцца тут не толькі просты народ, але, як нам вядома, і многія слынныя мужы, як, напрыклад, Гвітонэ Д’арэцца, што ніколі да правільнай народнай гаворкі не звяртаўся, Бонаджунта з Луккі25 , Галла з Пізы26 , Міна Маката Сіенскі27 , Брунэта Фларэнційскі28 ; калі час знойдзецца вершы іх разгледзець, то выкрыецца, што яны не народнай гаворкай, а выключна гарадской напісаныя.

І таму, што Тасканцы больш за іншых вар’яцеюць у ап’яненні гэтым, вартым і карысным здаецца разгледзець далей адно за адным гарадскія гаворкі Тасканцаў. Фларэнційцы ў гаворцы так скажуць: Manichiamo introque che noi non faccia“no altro.29 Пізанцы: Bene andonno li fanti De Fiorensa per Pisa.30 Жыхары Луккі: Fo voto a Dio che in grassarra eie lo comuno de Lucca. 31 Сіенцы: Onche renegata avesse io Siena! Ch’ee chesto?32 Арэцінцы: Vo’tu venire ovelle?33 Наконт Перуджы, Вітэрба ды Чыта дзі Кастэла, з-за моўнай блізкасці іх да Рымлянаў і Спалетанцаў, я зусім разважаць не намерваюся. Але хоць амаль усе Тасканцы ў сваёй коснаязыкасці ўпарцяцца, ведаем мы, што некаторыя з іх вышыню народнай гаворкі спасціглі, а менавіта Гвіда, Лапа ды яшчэ адзін34 з Фларэнцыі, і Чына да Пістоя, якога зараз незаслужана апошнім ставім, але не з нейкай непрыстойнай нагоды. Дык вось, калі мы даследуем тасканскія гаворкі ды ўзважым, у якой ступені найшаноўнейшыя асобы адхіліліся ад сваёй уласнай, то сумненняў не застанецца, што народная гаворка, якую мы шукаем, не ёсць тая, якой тасканскі люд трымаецца. Калі ж хтосьці не палічыць магчымым тое, што мы сцвярджаем пра Тасканцаў, пра Генуэзцаў сцвердзіць, хай адно ўлічыць, што, калі б яны страцілі, забыўшыся, літару z, дык давялося б ім ці анямець цалкам, ці новую гаворку адшукаць. Бо z галоўную частку гаворкі іх займае, а вымаўленне літары гэтай моцнай рэзкасцю адрозніваецца.

ХІV. Пяройдзем цяпер лясісты хрыбет Апенінаў і старанна пашукаем ў левай частцы Італіі, а пачнём, як заўжды, з усходу.

Дык вось, у Раманью ўваходзячы, мы абвяшчаем, што знайшлі ў Італіі дзве народныя гаворкі, аддзеленыя адна ад адной некаторымі супрацьлегласцямі. Адна з іх гучыць настолькі па-жаноцку з-за мяккасці вымаўлення словаў, што, калі нават гаворыць мыжчына мужчынскім голасам, здаецца, што ўсё ж такі гаворыць жанчына. Усе Раманьёльцы так гавораць, і Фарлійцы асабліва, чый горад, не зважаючы на маладосць, не менш як цэнтрам усёй правінцыі падаецца. Яны, пры сцвярджэнні кажуць deuscм і ласкава вымаўляюць oclo meo (вочка маё) і corada mea (сардэчка маё). Мы чулі, як некаторыя з іх адхіліліся ў вершах ад уласнай гаворкі, як Тамаза і Угаліна Бучола35 з Фаэнцы. Маецца і другая гаворка, настолькі ў словах і націсках неўпарадкаваная і няроўная, што з-за сваёй прарэзлівасці грубай не толькі не адрознівае жанчыну, якая на ёй гаворыць, але сумнявацца прымусіць, чытач, ці не мужчына гэта. Яна належыць усім, хто magara (бадай што) гаворыць, а менавіта Брэшанцам, Веронцам і Вічэнційцам, а таксама Падуанцам, якія бессаромна сінкапіруюць усе прыслоўі на -tus і назоўнікі на -tas, як mercт (кірмаш) i bontи (дабро). Разам з імі ставім мы і Трэвізцаў, якія накшталт Брэшанцаў і суседзяў іх замест апошняга складу вымаўляюць зычны v як f, напрыклад, nof замест «novem» (новы) i vif замест «vivo» (жывы), гэта мы як барбарызм асуджаем.

А Венецыянцы нават не заслугоўваюць, каб іх народную гаворку даследавалі; і калі б хто з іх у зман уведзены хваліцца ёю пачаў, то няхай згадае ці не казаў ён калі

Per le plage di Dio tu non veras36.

Чулі мы, як адзін з іх імкнецца ад мацярынскай гаворкі адхіліцца і да правільнай народнай гаворкі далучыцца, і гэта Ільдебрандзін Падуанскі37 .

Таму, абмеркаваўшы ўсё ў дадзенай частцы сказанае, мы не лічым ні раманьёльскую, ні ёй супрацьлеглую, ні венецыянскую гаворку той самай бліскучай народнай гаворкай, якую мы шукаем.

XV. Дык паспрабуем жа цяпер коратка даследаваць тое, што ад італьянскага гушчару38 застаецца.

І скажам адразу, што, бадай, не надта памыляюцца тыя, хто Балонцаў лічыць валадарамі найпрыгажэйшай гаворкі, бо ад Імалійцаў39 , Ферарцаў і Модэнцаў, якія іх атачаюць, ва ўласную гаворку яны сёе-тое пераймаюць; відавочна, што тое ж самае робяць і ўсе іншыя ў дачыненні да сваіх суседзяў, як Сардэла40 паказвае адносна сваёй Мантуі, што суседнічае з Крэмонай, Брэшыяй ды Веронай: ён хоць і быў вялікім знаўцам красамоўства, ды не толькі ў вершах, але і ва ўсялякага роду выказваннях пазбягаў роднай гаворкі. І сапраўды, памянёныя грамадзяне ад Імалійцаў бяруць мяккасць і пяшчотнасць, ад Ферарцаў і Модэнцаў пэўную гартаннасць, уласцівую Ламбардцам, якая, мы думаем, у тамтэйшых жыхароў ад сумяшэння з прышлымі лангабардамі засталася. І з гэтай нагоды сярод Ферарцаў, Модэнцаў і Рэджыйцаў мы аніводнага вершатворцу не знаходзім, бо з прычыны схільнасці сваёй да гартаннасці ніякім чынам не могуць яны засвоіць прыдворную народную гаворку, каб не надаць ёй пэўнай калянасці. Яшчэ больш датычыцца гэта Падуанцаў, што замест «molto» гавораць monto.

Адпаведна, калі Балонцы бяруць, як сказана, і адтуль і адсюль, то падаецца мэтазгодным, што іх гаворка шляхам сумяшэння супрацьлегласцяў застаецца ўраўнаважанай да пахвальнай прыемнасці; гэта, па разуменню нашаму, несумненна так і ёсць. І таму з тымі, хто ставіць іх вышэй па народнай гаворцы, маючы на ўвазе толькі гарадскія гутаркі Італійцаў, мы ахвотна згаджаемся; калі ж яны аддаюць увогуле балонскай народнай гаворцы перавагу, то мы з імі ў нязгодзе разыходзімся. Бо яна не такая, якую мы называем прыдворнай і бліскучай, таму што калі б яна гэткай з’яўлялася, то ні вялікі Гвіда Гвініцэллі, ні Гвіда Гізільеры, ні Фабруцца, ні Анэста41 , ні іншыя вершатворцы Балоньі ад уласнай гаворкі не ўхіляліся б, а былі яны бліскучымі майстрамі і цудоўна разбіраліся ў народнай гаворцы. Вялікі Гвіда:

Madonna, ’l fino amor c’a vui porto;42

Гвіда Гізілеры43 :

Donna, lo fermo core;44

Фабруца:

Lo meo lontano gire;45

Анэста:

Piu“ non attendo il tuo soccorso, Amore46.

Бо словы гэтыя зусім адрозныя ад слоў гараджанаў балонскіх.

Цяпер, паколькі ніхто, на нашую думку, не мае сумненняў адносна іншых правінцыйных гарадоў Італіі – а калі хто і мае, то мы яго не лічым вартым якіх-небудзь тлумачэнняў – нам няшмат абмеркаваць застаецца. Таму, адкласці нашае сіта жадаючы і разгледзець хутчэй тое, што ў ім засталося, скажам, што гарады Трэнта, Турын ды Александрыя настолькі блізка да межаў Італіі знаходзяцца, што калі б нават замест іх агіднай народнай гаворкі апынулася б найцудоўнейшая, то з-за сумяшэння з чужынскімі гаворкамі мы б італійскай яе не прызналі. Таму, раз мы шукаем бліскучую італійскую гаворку, то там мы гэтага знайсці не зможам.

XVI. Пасля таго як прабеглі мы паляваннем па ўсіх гушчарах і выганах Італіі і не адшукалі пантэры, якую высочвалі, каб знайсці яе, з большым розумам пашукаем, датуль, пакуль тая, што ўсюды чуваць, але нідзе не відаць, нарэшце не патрапіць злоўленая ў нашыя сеткі.

Зноў узяўшыся за паляўнічыя свае прылады, сцвярджаем мы, што ў кожным родзе рэчаў павінна быць адна, з якой мы раўняем і ацэньваем пэўнага тыпу прадметы і па якой мераем усе астатнія; гэтаксама, як пры вылічэнні ўсё па адзінцы вымяраецца і называецца большым ці меншым у залежнасці ад таго, наколькі далёка стаіць ад адзінкі ці да яе набліжаецца; і паколькі ўсе колеры па белым вымяраюцца і называюцца больш ці менш бачнымі ў залежнасці ад таго, бліжэй ці далей яны стаяць ад белага. І гэтаксама, як мы мяркуем аб рэчах па іх колькасці і якасці, мы можам меркаваць пра любы прэдыкат ці субстанцыю: інакш кажучы, кожную рэч вымяраем сярод падобных па той, што ў дадзеным родзе найпрасцейшай з’яўляецца. А таму, што і нашыя ўчынкі на пэўныя тыпы падзяляюцца, знайсці варта такую прыкмету, па якой яны вымярацца будуць. Сапраўды, паколькі мы дзейнічаем проста як людзі, маем для гэтага дабрадзейнасць (у агульным сэнсе гэтага слова), бо па ёй мяркуем, добры чалавек ці дрэнны; а паколькі дзейнічаем мы і як грамадзяне, то маем закон, па якім добрага ці дрэннага грамадзяніна вызначаюць; і паколькі дзейнічаем мы як Італійцы, то маем вядомыя самыя простыя прыкметы і звычаі, і строі, і маўленні, па якіх вымяраюцца і ацэньваюцца ўчынкі Італійцаў. А найбольш высакародныя ўчынкі Італійцаў не з’яўляюцца ўласнасцю ніякага асобнага горада Італіі, а належаць ім усім разам: вось тут цяпер і можна адрозніць тую народную гаворку, за якой мы палявалі і якая ў кожным горадзе адчуваецца ды ні ў адным не хаваецца. Аднак яна можа адчувацца ў адным больш, чым у другім, накшталт найпрасцейшай субстанцыі – Бога, што адчуваецца больш у чалавеку, чым у жывёле; у жывёле больш, чым у расліне; у расліне больш, чым у мінерале; у мінерале больш, чым у элеменце; у агні больш, чым у зямлі; і найменшая колькасць – адзінка больш адчувальная ў лічбе няцотнай, чым у цотнай; і найпрасцейшы колер – белы – больш адчуваецца ў светла-жоўтым, чым у зялёным.

Такім чынам, мы знайшлі тое, што шукалі47 , і сцвярджаем, што ў Італіі маецца бліскучая, галоўная, прыдворная і правільная народная гаворка, якая складае ўласнасць кожнага і аніводнага паасобку італійскага горада, па якой усе гарадскія гаворкі італійцаў вымяраюцца, ацэньваюцца і параўноўваюцца.

XVII. А цяпер патлумачыць варта, чаму мы нашай знаходцы надаем азначэнні «бліскучая», «галоўная», «прыдворная» і «правільная»; такім чынам мы лепей пакажам, што яна сабою ўяўляе.

І найперш абвясцім, што мы разумеем пад азначэннем «бліскучая» і чаму яго ўжываем. А кажам мы «бліскучая», бо маем на ўвазе тое, што бляск надае і само ярка блішчыць; так называем мы бліскучых мужоў або таму, што яны ў бляску магутнасці сваёй асвятляюць іншых справядлівасцю і міласэрнасцю, або таму, што яны ў бляску адукаванасці сваёй цудоўна адукоўваюць, як, напрыклад, Сенека і Нума Пампілій. А народная гаворка, пра якую мы гаворым, узвышаная ёсць адукаванасцю і магутнасцю, і прыхільнікаў сваіх узвышае гонарам і славай.

Адукаванасцю, як бачым, яна ўздымае таму, што са шматлікіх грубых італійскіх словаў, са шматлікіх заблытаных маўленчых абаротаў, са шматлікіх брыдкіх гаворак, са шматлікіх просталюдных націскаў выйшла такой адрознай, такой стромкай, такой дасканалай і вытанчана шляхетнай, якой Чына да Пістоя ды сябар яго паказваюць яе ў сваіх Канцонах.

А ўзвышанасць і магутнасць яе відавочныя. У чым жа болей магутнасці, як не ў тым, што яна можа кіраваць сэрцамі людзей такім чынам, каб рабіць нежаданае жаданым і жаданае нежаданым, як рабіла яна і робіць?

А што годнасцю яна ўзвышаная, тое несумненна. Хіба ж служкі яе не пераўзыходзяць славаю ўсялякіх каралёў, маркізаў, графаў і шляхціцаў48 ? Гэта не мае патрэбы ані ў якіх доказах. А як услаўляе яна блізкіх сабе, мы і самі ведаем, і выгнаннем нашым дзеля яе салодкай славы пагарджаем.

Таму заслужана бліскучай мы яе абвясціць павінны.

XVIII. Не без падставаў мы надаем гэтай бліскучай народнай гаворцы і другое азначэнне, называючы яе галоўнай. Бо, падобна таму, як дзверы цалкам залежаць ад восі і, за паваротам яе рухаючыся, адчыняюцца або ўсярэдзіну або вонку, так і ўвесь сойм гарадскіх гаворак паварочваецца туды і сюды, рухаецца ці спыняецца ў залежнасці ад той, што сапраўднай галавой сям’і з’яўляецца. Хіба ж не выкараняе яна дзень за днём церні з італійскага гушчару? Хіба ж не прышчапляе парасткаў і не перасаджвае новых дрэўцаў? Чым яшчэ займаюцца старанныя яе земляробы, як не памянёнымі прышчэпамі ды праполкаю? Таму і заслугоўвае яна такога значнага наймення.

А прычына таго, што яна завецца прыдворнай, у тым, што калі б Італійцы мелі каралеўскі двор, то сталася б яна палацінскай49 . Бо калі каралеўскі двор з’яўляецца апірышчам усяго каралеўства і найсвятлейшым кіроўцам усіх яго частак, то і гаворка гэтая для ўсіх агульнай быць павінна, а не заставацца ў нечай прыватнай уласнасці, і належыць ёй гасцяваць і пры двары знаходзіцца; ніякі іншы прытулак такой госці, як народная гаворка, пра якую мы размаўляем, не варты. І таму ўсе наведвальнікі ва ўсіх каралеўскіх дварах заўсёды карыстаюцца бліскучай народнай гаворкай; у выніку атрымліваецца, што нашая бліскучая народная гаворка вандруе, бы іншаземка, і прытулак знаходзіць у мізэрных прытулках, бо каралеўскага двара ў нас няма.

Заслугоўвае яна і наймення «правільная», бо правільнасць ні што іншае ёсць як праверка таго, што правілам трэба апрацоўваць; а паколькі шалі для падобнага вымярэння толькі ў найвышэйшых урадах маюцца, то ўсё добра вымеранае і выкананае можа правільным называцца. Значыць гэта, што народная гаворка, узважаная вышэйшай італійскай Курыяй, наймення правільнай заслугоўвае.

Але ж казаць, што яна вымераная ў найсвятлейшым італьянскім двары, смешна, бо гэткага ў нас не маецца. Няцяжка, аднак, на тое запярэчыць. Бо, няхай няма ў Італіі адзінага агульнага ўраду, падобна ўраду Германіі, у чальцах яго тым не менш недахопу не адчуваецца; і як чальцы памянёнага ўраду аб’ядноўваюцца адзіным Гаспадаром, так чальцоў нашых аб’ядноўвае жыццядайнае святло розуму. Таму лічыць, што няма ў Італійцаў адзінага вышэйшага кіраўніцтва, было б хлуслівым, паколькі хоць і не маем Гаспадара, але ёсць у нас Курыя, не зважаючы на тое, што цела яе падзеленае.

ХІХ. І вось гэтая народная гаворка, якая паказана бліскучай, галоўнай, прыдворнай і правільнай, па сцвярджэнні нашым ёсць тая самая, што завецца народнай італійскай мовай. Бо накшталт таго, як знойдзецца нейкая народная гаворка, якая належыць Крэмоне, адшукаецца і такая, што належыць усёй Ламбардыі; а як адшукаецца тая, што належыць усёй Ламбардыі, знойдзецца і гэткая, што належыць усёй левай Італіі; а паколькі магчыма знайсці ўсе гэтыя народныя гаворкі, так магчыма знайсці і тую, што належыць усёй Італіі цалкам. І падобна таму, як адна завецца крэмонскай, другая – ламбардскай, а трэцяя – гаворкай паловы Італіі, так і гэтая, што ўсёй Італіі належыць, завецца народнай італійскай гаворкай. Бо карыстаюцца ёю ў Італіі выбітныя майстры паэтычных твораў на роднай мове – Сіцылійцы, Апулійцы, Тасканцы, Раманьёльцы, Ламбардцы і мужы абедзвюх Марак50 .

І паколькі, як абяцана было на пачатку гэтай працы, намер наш быў выкласці вучэнне пра народнае красамоўства, то ад яе, як ад найвыбітнейшай рухаючы крокі свае, пакажам мы ў наступных кнігах, каго лічым мы вартым карыстацца ёю, і чаму, і якім чынам, а таксама дзе, і калі, і да каго звяртацца на ёй патрэбна. А па асвятленні рэчаў гэтых будзем імкнуцца мы распавесці пра ніжэйшыя народныя гаворкі, сыходзячы паступова да той, што толькі адной сям’і належыць.

Працяг у №3(29)/2004
Пераклад і каментар Аксаны Данільчык


  1. Пётр Альвернскі, чыя дзейнасць прыпадае на 1150–1180 гг., не быў старэйшым майстрам.
  2. Дантэ мае на ўвазе сябе самога.
  3. Г. зн. на лаціне.
  4. «Фарсалія» (ІІ).
  5. Па сутнасці Дантэ з’яўляецца першым дыялектолагам Італіі.
  6. Што ты гаворыш, сіньёр?
  7. Як вы пажываеце?
  8. Хутчэй за ўсё, Дантэ не ведаў, хто менавіта стварыў сатырычныя песні.
  9. Па вяртанні з Кашолі сустрэў я жанчыну з Ферма, што йшла вельмі хутка, скора, скора.
  10. Гэта здарылася пад вечар, у месяцы кастрычніку.
  11. Як справы?
  12. Самыя старажытныя паэты Італіі жылі на Сіцыліі, асабліва вядомыя былі паэты пры двары імператара Фрыдрыха ІІ.
  13. І тое, што вада агню пакіне,
    Як доўга здзекваўся з мяне Амур.
    Абедзве канцоны былі створаны Гвіда дэлле Калоннэ.
  14. Так па-грэцку называлася Сіцылія, што значыць трохканцовая.
  15. Дантэ не раз усхваляў караля Сіцыліі як палітыка, што імкнуўся паяднаць Італію.
  16. Райка – дурань, няварты чалавек, слова, забароненае Евангеллем ад Мацея, якое Дантэ ўжывае, каб выказаць сваю незадаволенасць феадаламі, што не жадалі яднацца пад адзінай уладай.
  17. Караля Сіцыліі з 1296 па 1337 г., сына Кастанцы, дачкі караля Манфрэда, і Пэдра ІІІ Арагонскага.
  18. Карл ІІ Анжуйскі (пам. у 1309), кароль Неапаля.
  19. Джавані, маркіз Манферацкі (пам. у 1305 г.) і Адзо VIII, маркіз д’Эстэ (пам. у 1308), забойца бацькі і здраднік.
  20. Забяры мяне з полымя, калі пажадаеш.
  21. Я б хацеў, каб хлопчык плакаў.
  22. Дама, сказаць Вам жадаю...
  23. Іду шчасліва я, ахоплены каханнем радасным...
  24. Дантэ памыліўся, бо тасканскі лёг у аснову італьянскай літаратурнай мовы, аднак паэт застаўся верным ідэі, што цэлае складаецца з лепшых частак. Прынцып арыстоцелеўскі, але прыстасаванне яго да лінгвістыкі ёсць вынаходніцтвам Дантэ.
  25. Спадкаемца Гвітонэ (пам. каля 1296); палемізаваў з Гвіда Гвініцэлі.
  26. Суддзя з Пізы, дзве яго канцоны, што захаваліся, маюць рысы мясцовай фанетыкі.
  27. Хутчэй за ўсё, Барталамеа Маката з Сіены.
  28. Брунэта Лаціні, аўтар «Скарба» (на французскай мове), настаўнік Дантэ.
  29. Дык будзем есці, раз іншай справы няма.
  30. Пяхота фларэнційцаў праз Пізу йдзе.
  31. Клянуся Богам, што жывецца добра гараджанам Луккі.
  32. Калі б адмовіўся я ад Сіены!
    Хто так сказаў?
  33. Ці прыйдзеш на спатканне?
  34. Гвіда Кавальканці, Лапа Джані і Дантэ Аліг’еры.
  35. Сын гвельфа Альберыга (гл. Пекла, ХХХІІІ, 118).
  36. Клянуся ранамі Бога, ты не пабачыш.
  37. Лацінізаваная форма імя Альдабрандзіна Медзабаці з Падуі.
  38. Вобраз пераклікаецца з першай песняй «Пекла».
  39. Жыхароў горада Імалы.
  40. Славуты італьянскі трубадур, пам. у 1269 г.
  41. Паэты з Балоньі Фабруца дзі Тамазіна і Анэста дэльі Анэсці , у вершах якіх сустракаліся элементы «новага стылю».
  42. Высокая да вас любоў, Мадонна...
  43. З твораў гэтага паэта нічога не захавалася, яго ідэнтыфікуюць з Гвіда дзі Ларэнца Гізільеры.
  44. Дама, вернае сэрца.
  45. О мой далёкі шлях.
  46. Я дапамогі не чакаю ад цябе, Амур.
  47. Народную італьянскую мову.
  48. Тут разуменне славы пісьменніка набліжаецца да рэнесансавага ўхвалення чалавека-творцы.
  49. Каралеўскі і імператарскі двор у часы Фрыдрыха ІІ Гагенштаўфена быў на Сіцыліі.Пасля смерці яго сына Манфрэда Італія страціла той цэнтр, які мог бы садзейнічаць узнікненню вытанчанай прыдворнай мовы, паняцце «прыдворны» не адпавядае ў Дантэ паняццю «cortigiano» XVI ст., а мае сярэднявечнае значэнне.
  50. Трэвіскай і Анконскай.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY