* * *
Свет бясконцы, бязмерны –
І ў веліч, і ў маль.
Я прыйшоў і паверыў:
Я тут крэўны амаль.
Я часцінка і космас –
Я загадкай іду.
Я прамы, а не ўскосны
Шлях да Боскіх задум.
А таму й невядомы
Перш за ўсё сам сабе, –
І спажыўца, і донар
У касмічнай сяўбе.
Невялічкае зерне –
Сэнс сусветны нясу,
Знаю зорныя церні
І зямную расу.
Ды пакутна не знаю:
А жыццё – для чаго?
Калі маю, дык маю,
А калі б – без яго?
Калі б я не з’явіўся,
Дзе б я быў, дзе б я жыў?
Дзе б на неба дзівіўся
І з зямлёю тужыў?..
Пэўна, лёс незвычайны
Ў нас – нябесна-зямных,
Што пакінуў нам тайну
Бог – удосталь для ўсіх...
* * *
Калі гудзіць набатная пустэча
Ў зямной душы, і спіць па-рабску дух
Пад нашым шэрым небам чалавечым,
І першароднасці агонь даўно патух;
Калі глядзіць у сёння безнадзейна
Нам будучыня спарахнелым тлом;
Калі палёт – бяскрылае падзенне,
І пнецца быць анёлам кожны гном...
Калі ўсё так... – адкрый нам вочы, Божа:
Ці гэта – мы? Ці гэта – праз жуду –
Сусветаў, нам далёкіх і варожых,
Мы бачым спапяляльную хаду?..
* * *
Што знае далёкі нашчадак,
Абудзіцца весткаю весняй,
Што моўлена Богам,
Таго са скрыжаляў нікому не сцерці,
Як нельга былымі шляхамі
Наступных шляхоў перакрэсліць,
Як нельга сябе перажыць
У вякоў крутаверці...
Няўжо, Беларусь,
Ты павінна яшчэ раз памерці,
Каб зноў уваскрэснуць?..
* * *
Як дойдзе да супакаення
Мая вярста –
Я перад смерцю на калені
Гатовы стаць.
Не з крыўдай: позна ці зарана
Яна прыйшла,
А з тым, што мне наканавана
Жыццём была.
З яе прысутнасцю заўсёднай
Не Божы гнеў,
А чуцца на зямлі свабодным
Я шчасце меў.
І хто я тут – не дыктавала:
Свой ці чужы,
А непазбежнасцю давала
Мне права жыць.
Хай падступалася ліхая
Дзён крутаверць –
Я знаў адно: жыццё бывае
Раней, чым смерць.
Матыў біблейскага
Ёва па-беларуску
Калі Бог любіць чалавека
Ці толькі палюбіць намераны –
Не ўсцешыць ласкай і апекай,
А ўсцешыцца тваёю вераю.
Пашле мільён выпрабаванняў –
Пакуты цела, золь духоўную, –
Каб ты не знаў, што ты абраннік,
Што ўзыдзе зернейка ахоўнае.
Прайдзі праз беды і спакусы –
Чакае поле, узаранае
З пакутнай верай беларуса
Свайму ўсявышняму, забранаму.
Раскрыжаваны, праз нягоды
Нясі святло святое ў сэрцы,
І без зямной узнагароды
Не бэсці неба ў паняверцы.
Не праклінай сваю планіду
З расчараванасцю паспешнаю.
Свіння не з’есць, як Бог не выдасць, –
Шапчы адно: «Даруй мне, грэшнаму...»
Хай толькі не ўпадае ніцма,
Не кленччыць дух перад хімерамі.
Глытком вады з жывой крыніцы
Хай прычасціцца слова: «Верую!..»
Вернісаж
Мастаку Уладзіміру Вішнеўскаму
У Шагала людзі ляцяць,
А ў Вішнеўскага хтосьці нясе іх.
Гэты рух мастаку не распяць:
Гэтак Бог нашы лёсы пасеяў.
Юдэі над светам душу
Растрасаюць сваю аблачынна,
Хоць праз вэрхал сусветны і шум
Чуюць, дзе ў іх і дах, і айчына.
Ёсць і ў нас запаветны край –
Гэта майстра Вішнеўскі знае, –
Толькі нас як быццам не ў рай –
Быццам хтосьці ў пекла штурхае...
|