Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЛЮБОВІ
На шляху веры
Мemoria

МУЧАНІКІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія

ПАМЯЦІ НІНЫ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
З жыцця Касцёла

V ГНЕЗНЕНСКІ З’ЕЗД
Нашы святыні

УРАЖАННІ АДНАГО ДНЯ
Пераклады

КАРАЛЕВА КРЫСТЫНА

Уладзімір КОНАН

ЖАНР МАЛІТВЫ Ў ПАЭЗІІ ЯНКІ КУПАЛЫ

Сучасная «Беларуская энцыклапедыя» прапануе вызначэнне малітвы як «містычнага звароту да Бога, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай», а таксама як «кананізаваны тэкст такога звароту». Савецкае літаратуразнаўства, сучасныя слоўнікі паэзіі абышлі малітву – найстаражытнейшы жанр паэзіі, калі разглядаць яе з пазіцыі эстэтыкі. Антычная спадчына мае ў сваіх паэтычных набытках шматлікія малітоўныя цыклы і адпаведныя раздзелы эпасу. Яны ёсць у першай біблейскай кнізе Быццё, напрыклад, добраслаўленне Ісака, звернутае да яго сына Якуба: «Хай дасць табе Бог ад расы нябеснай і ад тлушчу зямлі, і многа хлеба і віна; хай паслужаць табе народы, хай паклоняцца табе плямёны: будзь гаспадаром над братамі тваімі, і хай паклоняцца табе сыны маці тваёй; кляцьбы твае – праклятыя і добраславенцы твае – добраславёныя» (Быц 27, 27-28).

Дасканалая ў эстэтычным плане малітва Майсея і «сыноў Ізраілевых» – падзяка Богу за выхад з егіпецкага рабства. Вось толькі пачатак яе: «Пяю Госпаду песню гэтую, бо ён высока ўзнёсся: каня і вярхоўца яго ўкінуў у мора. Гасподзь цвярдыня мая і слава мая, Ён стаў мне ратункам. Ён Бог мой, і праслаўлю Яго. Гасподзь муж бітвы, Ягова імя Яму. Калясніцы фараонавыя і войска ягонае ўкінуў ён у мора, і выбраныя ваеначальнікі ягоныя патанулі ў Чэрмным моры [...]. Правіца Твая, Госпадзе, праславілася сілаю...» (Зых 15, 1-19). У развітальным прароцтве Майсея перад смерцю ёсць паэтычныя гімны-малітвы: «...Імя Госпада праслаўлю; узнесяце славу Госпаду нашаму. Ён цвярдыня; дасканалыя дзеі Ягоныя, і ўсе шляхі Яго правільныя. Бог правільны і няма няпраўды ў Ім...» (Друг 32, 1-43).

Біблейскія малітвы адлюстравалі шляхі народаў да богапазнання. Паэтамі-малітватворцамі былі біблейскія прарокі – геніяльныя паэты ў гісторыка-літаратурным кантэксце. Біблейская кніга Псалтыр – зборнік дасканалых малітоўных песняў. Аўтар хрысціянскай малітвы «Ойча наш» – прароцтва пра духоўнае пераўтварэнне жыцця ў Валадарстве Божым – Хрыстос.

Беларуская народная культура развівалася ў эпоху хрысціянскай цывілізацыі на аснове старадаўніх міфалагічных архетыпаў. У выніку двух паралельных вытокаў у народнай паэзіі-песні, у эпічных жанрах фальклору, замовах і заклінаннях адбылася кантамінацыя народнай сакралізацыі прыроды і культуры як Божага твору з фрагментамі хрысціянскай малітоўнай паэзіі, ці гімнаграфіі. Пазней узніклі фальклорныя плыні ў кірунку травестацыі – пераносу высокіх сюжэтаў і вобразаў міфалогіі і багаслоўя ў «нізкі», зямны, штодзённа-побытавы план.

Палітызаваная савецкая навука тэндэнцыйна залічыла гумарыстычна-гратэскавую «смехавую» культуру (тэрмін М. Бахціна) у свой атэістычны «актыў». Ахвярай такой жа саветызацыі стала беларуская класічная літаратура, нярэдка сфальсіфікаваная і абязбожаная ў савецкіх выданнях. Пра «атэізм» Купалы, здаецца, пісаныя дысертацыі, у энцыклапедычным даведніку «Янка Купала» (Мн., 1986) ёсць артыкул «Атэістычныя погляды Янкі Купалы». Абвяржэнню савецкіх міфаў пра першага народнага паэта прысвечана некалькі маіх публікацый, у тым ліку артыкул «Прарок» («Народная газета», 29 студз. 2000 г.)

Янка Купала пачынаўся як творца польскімі вершамі. Яго першы друкаваны твор – верш «Modlitwa» («Малітва») – быў змешчаны ў часопісе «Ziarno» («Зярно, 1903 г., № 13). Традыцыйны для беларусаў-католікаў зварот Купалы да выратавальнай місіі Маці Божай:
Juz litość ziemska mnie nie zbawi
I nie pomoże jenk lub skarga. -
Ku Tobie się mój wzor, Przeczysta!
Królewo niebios, Matko Christa!
Badź pochwalona, Pani Święta!

Праз дзесяць гадоў паэт апублікаваў у штотыднёвіку «Наша Ніва» верш «Мая малітва» – праграмны твор, credo беларускай літаратуры перыяду нацыянальнага Адраджэння. І не толькі прыгожага пісьменства, а таксама яго айчыннай крыніцы – аўтэнтычнай народай культуры, дзе пакланяліся Богу і яго дасканаламу твору – Сонцу, Зямлі, Космасу. Вось першая страфа гэтай лірычнай песні:

Ва ўсяку мінуту, ва ўсякай патрэбе,
І ў полі шырокім, і ў вузенькай хатцы
Малюся я гэтаму сонцу на небе
І зоркам, што ночкай мігцяцца...

Развіваючы спецыфічны для мастакоўскага светапогляду пантэістычны светапогляд, паэт кажа: малюся свабоднаму ветру, малюся агню, малюся жывучай вадзіцы:

Малюся я небу, зямлі і прастору,
Магутнаму Богу – усясвету малюся,
Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору
За родны загон Беларусі.

Гэты верш, іншыя творы з прыкметамі мастацкага пантэізму сёй-той прыняў за язычніцтва, ці, прынамсі, за схільнасць паэта да язычніцкай аксіялогіі. Вульгарны сацыялагізм падтасаваў багаборчыя матывы беларускай літаратуры пад бальшавіцкі атэізм. Сляды антыхрысціянскага тлумачэння гэтых твораў, на жаль, яшчэ засталіся, асабліва на маргінальных і правінцыйных узроўнях, і таму важная аўтэнтычная эксплікацыя паэтычнай філасофіі Янкі Купалы.

Аналіз ранняй, жалейкавай паэзіі Купалы (ад назвы яго першага зборніка вершаў «Жалейка», 1908 г.) на ўзроўні яе вобразаў-архетыпаў сведчыць пра два неаднатыпныя, але блізкія паводле ідэалаў яе вытокі: гэта, па-першае, евангельская прытча пра Лазара Беднага і ягонага багатага брата; па-другое, выяўлены ў беларускай народнай творчасці ідэал гарманічнага, не падзеленага на бедных і багатых ідэальнага грамадства. Гэтыя крыніцы беларускай адраджэнскай філасофіі розняцца толькі па характары свайго выяўлення ў культуры. Па сваім жа светапоглядным і быційным сэнсе яны ідэнтычныя і вынікаюць з евангельскага вучэння – біблейскай апакаліптычнай перспектывы і хрысціянскай сацыяльнай філасофіі ды антрапалогіі. Прытча Езуса Хрыста пра Лазара Беднага і ягонага багатага брата (Лк 16, 19-31) сведчыла пра грахоўнасць і недасканаласць грамадскага быцця ад сыноў Адамавых («паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго») у гістарычнай рэтраспектыве да яго завяршэння ў Апакаліпсісе. Сутнасць апакаліптычнай катастрофы не так у «канцы свету», як у перамяненні, духоўным адраджэнні чалавека і космасу. Паводле апошніх раздзелаў апостала Яна: «І ўбачыў я Новае Неба і Новую Зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі [...]. І абатрэ Бог кожную слязінку з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, бо гэта ўжо ўсё мінула» [Ап 21, 1-4].

Тайна жыцця і смерці на асабістым, грамадскім і касмічным узроўнях моцна хвалявала Купалу як паэта глыбокіх філасофскіх інтуіцый; але спецыфічная для хрысціяніна здольнасць да трансцэндэнтнага ўяўлення не перашкаджала, а хутчэй абвастрала адчуванне сацыяльных, маральных і этычных праблем актуальнага быцця грамадства і беларускай нацыі. І тут Купала заставаўся ў духоўным полі хрысціянства. Бо хрысціянства вуснамі свайго Настаўніка абвясціла новыя сацыяльныя і этычныя каштоўнасці, адкінула сакралізацыю багацця як карыслівай самамэты: «Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае» (Лк 18, 25).

Евангельскі архетып Лазара Беднага, бездань паміж багаццем і беднасцю – скразныя матывы ранняй сацыяльна і этычна ангажаванай лірыкі і паэтычнага эпасу Купалы з малітоўнымі зваротамі, скаргамі і падзякамі да Бога, да наканаванай долі, да народа і бацькоўскай зямлі. Яны ж леглі ў аснову трагічных канфліктаў драмы «Раскіданае гняздо» (1913 г.). Зваротам да Боскай праўды пачынаецца ранні верш паэта «Водклік на 29 кастрычніка 1905 г.» – на «Курлаўскі расстрэл» (ад імя мінскага губернатара П. Курлова) дэманстрацыі і мітынгу мінчан, у выніку якога загінула каля 100 чалавек і каля 300 было паранена.

Божа, наш Божа, што гэта будзе,
Што гэтак сталі таннымі людзі?
Царскія слугі б’юць іх, страляюць
І сваіх браццяў за сабак не маюць...

Алюзія на гэтую трагічную падзею ёсць у малітоўным вершы «Не кляніце мяне, што так сумна пяю...» – літаратурнай элегіі на матыў Лазара Беднага і багатага брата – у сцэне, дзе сіротка просіць хлеба ў багатых, плача над сваёю бядой: «Раз ішоў тут народ, // Песні дзіўныя пеў [...] // Тата з імі пайшоў – // І дагэтуль няма, // А тут холад мне кроў, // Стыне снегам зіма...» Гэтая ж тэма набывае характар паэтычнага прароцтва аб рэвалюцыі ў вершы «Пашкадуй мужыка!» («Жалейка», 1908 г.):

Пашкадуй, бо з яго цемнаты
Кожны род карыстаў заўсягды;
Пашкадуй ты яго, сіраты, –
Бо на свет многа прыйдзе бяды...

Вобраз дзяўчыны-сіраты ў паэзіі Купалы набыў універсальны змест, стаў сімвалам маці, сястры, каханай, урэшце, – сваёй айчыны, народа, усіх пакрыўджаных людзей у гэтым грэшным свеце. Як у вершы «З сіроцкай долі» (1906 г.):

Блудзіла сіротка па полі,
Блудзіла, шукаючы долі,
Якой яна зроду не мела.
І дарма бядачка хадзіла, –
Забрала сіротку магіла;
Так долі пабачыць не ўспела...

«Нічога ўжо беднай не трэба: // Ні хаты, ні світкі, ні хлеба». Не трэба ўжо людскога жалю і прывету, спіць вечна сіротка ў хатулі, «дзе тата спіць твой і матуля». Паэт кажа разам з народам: шчыра і балесна сіроцкая песня па свеце нясецца з трывогай, каб пачула яе сіротка:

Мы пелі б, маліліся смела,
Каб наша малітва ўзляцела
Аж там, аж пад неба, да Бога!

У малітве ляглі бы ўсе справы,
Якія стварае крывавы
Наш быт у жыццёвым пакосе,

Малілі б, прасілі, каб болей
Шукаці не трэ’ было долі,
Каб лепей сіроткам жылося.

Такой жа сірацінай уяўляецца паэту некалі слаўная Беларусь у вершы-малітве «Над сваёй Айчызнай» (1906 г.), стылістычна набліжанага да фрэну-плачу з алюзіяй на колішні паэтычны зварот Адама Міцкевіча «Дзе Рым, дзе Крым, а дзе мая Айчызна...»:

Божа! гэткі свет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд?
Дзе Айчызна мая?

Шмат якія вершы Купалы паводле кампазіцыі напамінаюць малітоўныя просьбы, па-сялянску сціплыя і зямныя: «Ад свету, ад Бога // Жадаю нямнога: Зямелькі з валоку, // К ёй шнур недалёку, // З святлічкай хацінку, // За жонку дзяўчынку, // Кусок сала к хлебу, // Рубля на патрэбу, // Здароўя чым болей, // Крыху долі-волі...» («Ці ж гэта многа?», 1907 г.). Малітоўным пачуццём пранікнуты верш «Тканне намёткі» (1907). Гэты твор напісаны на матыў вядомага народнага абраду ткання за адзін дзень і адну ноч рушніка-намёткі – мірнай ахвяры святым абразам у царкве з малітвай да Бога аб жыццядайным дажджы. Тут ёсць алюзія на біблейскую аповесць пра Іллю-прарока, па малітве якога Бог пасылае дождж (3 Царстваў 18, 41-46): «Угнявілі, знаці, // Бога грэшна людзі: // Засухай караці, // Як відаць, іх будзе. // Чатыры нядзелі, // Як дажджу ні каплі, – // Ўсходы пажаўцелі, // Вянуць кветкі, траўкі...» Выткалі намётку вясковыя жанчыны: «Памыць крыху ўрэшце – // Хай бялейшай стане, // Ды ў царкву занесці // І ждаць змілавання».

У стылі народнай малітвы за Беларусь – верш «Памаліся...», напісаны 15 кастрычніка 1909 г. у суседняй з маім Вераскавам вёсцы Бенін:

Памаліся, старча,
За дабро, за збожжа,
Што сяўцоў сабою
Пракарміць не можа.

Памаліся, старча,
За жывёлку-статак,
Што ідзе, рыкае
Каля дымных хатак.

Памаліся, старча,
За людзей, за нелюдзь,
Што ляглі, заснулі,
Што жывуць і дрэмлюць.

Памаліся, старча,
І за край свой родны,
Што гадкі кароце,
У сіверах нязводных.

.................................
Памаліся, старча!

Пазней гэты жывы вобраз Лазара Беднага, апісаны М. Нікіфароўскім у нарысе «Старцы» (1982 г.), будзе сведчыць пра хрысціянскі шлях выхаду з трагічных калізіяў грэшнага свету ў драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».

Жывым сімвалам беларускага нацыянальнага адраджэння спрадвеку быў Вялікдзень – свята Хрыстовага ўваскрэсення. У вершы «Вялікдзень» (1908 г.) Янка Купала па-мастацку перадае духоўны, малітоўны уздым у беларускім народзе з надыходам гэтага свята:

Два святы на свеце – ад нівы да нівы:
Хрыстос уваскрос! Наступіла вясна!
Глянь смела, глянь вольна,
шчасліў, нешчаслівы,
І далей к жыццю з паніжэння і сна!..

Верш-малітва напамінае нам пра духоўна-творчае перамяненне жывых, пра будучае змёртвыхпаўстанне. Заключная страфа кажа пра перамогу дабра над злом – у гэты дзень і навекі вякоў:

Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,
Адвечных не можам пазбавіцца слёз...
Наперад, па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,
Вясна ўжо на свеце, – Хрыстос уваскрос!
(«Наша Ніва», 1909, 26 сак.)

Яшчэ бліжэй да малітвы адраджэнскі верш Купалы «Хрыстос васкрос» (1911 г.). Твор унікальны ў сусветнай літаратуры:

Хрыстос васкрос! Усюды радасць,
Усё глядзіць смялей, святлей:
Вялікі Мучальнік, здаецца,
Абняў ўсіх ласкаю сваей.

Хрыстос васкрос!.. Неугамонны
Плыве па нівах, пашах клік,
Плыве адна святая думка
З канца ў канец, як свет вялік.

Хрыстос васкрос! – пяе сялянін
З сваёй убогаю раднёй,
Забыўшы песні аб прадвесні,
Забыўшы ўсё усей душой.

Хрыстос васкрос! – пяе сіротка,
Слуга, таптаная людзьмі;
Пяе ў чужыне падарожны,
Забыты блізкімі сваймі.

Хрыстос васкрос! – пяюць і тыя,
Хрыста забіўшыя сыны,
Што ўціхамоўку куюць путы
Для нашай беднай стараны.

Хрыстос васкрос!.. К Табе, о Божа,
І я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Уваскрэсне к вольнаму жыццю!

Верш Янкі Купалы «Вячэрняя малітва» – узор медытацыйнай лірыкі, дзе паэтычная міфатворчасць арганічна спалучаецца з пластычным выяўленнем няўлоўных феноменаў трансцэндэнтнага свету. «Як летняе сонца свае згасіць косы, – кажа паэт, – тады «цікавая думка над лесам усплывае... і вогнікам ціхім навокал ўецца»:

Малітва вячэрняя ў той час выходзе,
Ахвярна кладзецца на спячыя далі,
І пасмай няўгляднай да зорак на ўсходзе
Плыве і мяняецца ў кветным крышталі...

Паэт па-хрысціянску адкрыў узнёслую красу ночы, якая ў язычніцкіх уяўленнях здавалася прасторай дэманічных істотаў. Пазней гэтую мастацкую ідэю Боскай цішыні ночы апеў Максім Багдановіч у вершы «Хрышчэнне Лесуна». Верш Купалы – малітоўная сустрэча ночы:

О, будзь вечна слаўнай, вячэрняя ціша
З планетнай зарніцай і месяцам бледным!
Хай песня спакою душу укалыша
І вынесе чыстай над шумам пабедным!

У савецкай інтэрпрэтацыі за атэістычныя творы Купалы выдаваліся вершы з матывамі богапакінутасці і выкрыццём фарысейскай псеўданабожнасці. Не прымаў паэт і абрадавер’я, характэрнага для афіцыйнай рэлігійнасці у Расійскай імперыі. Аб’ектам крытыкі і выкрывальніцтва ў яго паэзіі былі тэндэнцыі паланізацыі каталіцтва і русіфікацыі праваслаўя. Тым больш непрымальнымі былі для яго неаязычніцтва, імперская сакралізацыя ўлады, дзяржавы, багацця. Пра гэтыя фальшывыя каштоўнасці – верш «Мая вера» (1918 г.).

Не веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам не веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.
Не веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім дадуць...

Паэт кажа: «Ні за якую плату, меру, // Не дамся гэтай варажбе... // Ў народ і край свой толькі веру // І веру ў самаго сябе». Тады, да саветызацыі Беларусі, Купала яшчэ не ўяўляў д’ябальскай сілы бальшавіцкага антыхрысціянства, абапертага на імперскую ваенную сілу (але выпрабаванне бальшавізмам — асобная тэма).

З найвялікшай мастацкай экспрэсіяй паэт выявіў свае скаргі да Бога і неба ў звернутым да Творцы сусвету вершы-малітве «Цару неба й зямлі» (снежань, 1910 г., апублікаваны ў 1919 г.)

За што, о Божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы,
На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?

Далей, як у біблейскай Кнізе Ёва, паэт разгортвае велічныя карціны Боскай усямоцы: «Ты перунамі крышыш горы, скалы», «а нашых крыўд скрышыць... не можаш». Ты распасцёр на зямлі «моры-акіяны», пасылаеш на зямлю воды, асвятляеш бясконцыя прасторы «вачыма сонейка і зор агністых»; Ты убраў у кветкі жыцця мінуўшчыну і будучыню «нялічаных народаў». Чаму ж тады «у нас – караючы чужой свабодай – мінулае – і тое адабраў»? Урэшце, апошняя просьба да Бога:

Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы, –
Закон і суд свой праведны пашлі!
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты Цар і неба, і зямлі!

У такім тытанічным пратэсце паэта некаторыя даследчыкі ўбачылі багаборчыя матывы, а той-сёй – нават «элементы атэізму». Не ўлічылі даўняй біблейскай традыцыі – скаргаў на богапакінутасць і невырашальныя супярэчнасці быцця, неадпаведнасць паміж абсалютным дабром Бога і недасканаласцю, несправядлівасцю і злом ягонага тварэння. Гэтая этыка-філасофская і тэалагічная праблема вырашаецца ў дыялогах біблейскай Кнігі Ёва. Ёсць падставы думаць, што Янка Купала ведаў біблейскую традыцыю і свядома ўключыў свайго драматычнага героя верша «Цару неба й зямлі» ў сітуацыю драмы Ёва. Толькі скаргі Купалы – не на ўласныя няўзгоды, а на трагічны лёс укрыжаванай на вяках гісторыі Беларусі.

Таксама і архетып багаборства сімвалічна выявіўся ў біблейскай традыцыі. Маю на ўвазе эпізод з Кнігі Быцця, дзе роданачальнік дванаццаці родаў ізраільскіх аказаўся ў пазіцыі змагання з анёлам-пасланцам Божым: «І змагаўся Нехта з ім [Якавам], пакуль настала зара [...]. І сказаў [анёл]: «Імя тваё будзе не Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш» (Быц 32, 24-28). Такое сімвалічнае багаборства ёсць выпрабаванне чалавека на духоўную моц і гераічны характар.

Экзістэнцыяльна, у аспекце перажывання драмы жыцця, паэзія Янкі Купалы хрысціянская. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ўспомніць яго ранні верш «Я бачыў». А бачыў ён, як вецер ламаў бярозку, як ястраб галубку забіў, як утапілася няшчасная дзяўчынка:

Я бачыў усё гэта й душою цярпеў,
Застыў смех на губах і песні не пеў,
Заплакаў, заліўся маркотнай слязінкай
Адзін над бярозкай, галубкай, дзяўчынкай.

Духоўнае спасціжэнне адзінства жыцця як Боскага дару, сардэчнае суперажыванне з кожным пакутнікам, з усімі струджанымі і прыгнечанымі, і разам з тым прадчуванне высокага сэнсу, болю і пакутаў на шляху да вечнасці – вось прыкмета ўзнёслай паэзіі. Творцам такой хрысціянскай па духу літаратуры заўсёды быў Янка Купала.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY