Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(28)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Паэзія
Архіўная старонка
Навука

ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ ЛЮБОВІ
На шляху веры
Мemoria

МУЧАНІКІ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
Пераклады
Кіно
Кантэкст
Паэзія

ПАМЯЦІ НІНЫ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
З жыцця Касцёла

V ГНЕЗНЕНСКІ З’ЕЗД
Нашы святыні

УРАЖАННІ АДНАГО ДНЯ
Пераклады

КАРАЛЕВА КРЫСТЫНА

Данута БІЧЭЛЬ

СТАКРОТКІ Ў ВЯНОЧАК МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ

літанія да Маці Божай
у Будславе

наш мілы край завецца Будслаў
ён не збіраецца ўзлятаць
умее бульбачку капаць
і насыпаць умее ў бункер

Ты Маці можаш ім сказаць
ў нядзельку бульбы не капаць

няхай збіраюць іх арганы
пакуль нямыя іх нямых
не будзе болей засціць слых
нячысты чорны і рагаты

Тут жыў Купала Твой прарок
Ты асвяці яго радок

«прабудным звонам напрадвесні
заб’юць ім зычныя званы
не ўмруць не ўмруць ужо яны
раз хочуць сонца славы песні»
каб не вярнуў сюды «прыгон
салодкі сон магільны сон»


збярэ вандроўнікаў з-за светаў
Тваёй малітвы просты цуд
бы ў Чэнстахову або Люрд
не толькі з навакольных местаў

збірай тут грэшных і святых
маліся ў Будславе за ўсіх

у пілігрымку Бог нас выслаў
каб не было з крыві ахвяр
на цудатворны Твой алтар
маліцца ў Будславе за Будслаў

«чым болі сходзіць дзён начэй
тым імя мілае вышэй»


няхай ніколі ўжо не будзе
ў Тваім штодзённіку жыцця
да Пана Бога забыцця
маліся ў Будславе за Будслаў

Твой служка ойча бернардын
Твой люд выцягвае з бяды


Панна

дзе ступіла чыстая Панна
там смяецца неба бясхмарна
адабрана ў нячыстых паляна
ціхім чыстым падаравана

Апякунка засмучаных паннаў
Апякунка сэрцаў зламаных
у вяночак стакроткаў прыбрана
беларускаю Маці названа


за дожджыкам

за дожджыкам прабягуся
на другі край Беларусі
дзе гараць святыя паходні
пабуду там цэлыя содні

ад веры святой наіўноты
не будзе душы маёй шкоды
у чыстым яе агменні
зямлю пацалую каленьмі

у продкаў капліцы драўлянай
замоленай зацалаванай
слязьмі абмытай сэрцам туліцца
да таямніцы да псальмаў


падробка
пад народны верш

князь кароль валадар
Богу поле аддаў
Бог Пасланку паслаў
і цуд Божы паўстаў

Бог Пасланку паслаў
да балотных мясцін
а святы бернардын
той абшар асвяціў

цудатворны абраз
перадаў святы Рым
каб у цемры не згас
гэты Край пілігрым

быў багаты душой
бедны люд навакол
калі грошы знайшоў
на прыгожы касцёл

удзячнасць

у Будслаў у пілігрымку    не бярыце жывыя ружы
бярыце з сабой у Будслаў    жывое бяссілле
ружы не любяць піць    вады з бруднай лужыны
ружы вянуць на сонцы    ў дарожным пыле
    
перад Прышэліцай    новых цывілізацый
усю бяду перадумаеш    і на каленях пойдзеш
кожны ва ўсіх грахах    знойдзе сілу прызнацца
пераверне жыццё    і ўмацуе душу гэта споведзь
    
першыя ўжо ў шыхце    заходзяць да Стыксу
лішняе ўсё паўкідалі    ў рэчку з мастка
апошнія шчэ ў пачатку    зямнога чысцу
трымаюць халодную ноч    як руку жабрака
    
неба адчыніцца    сонца на вежы ўзарвецца
на палявы    амаль што вайсковы алтар
запаліць агонь пасхальны    ад граната Божага Сэрца
явай містычнай паўстане    сівы кардынал

малітва
да Маці Божай Будслаўскай
за народ

большасць ужо даходзіць да поўнага крэсу
тупік зіма жыццё задарма усюды турма
адчыні ім Божая Маці брамы прыбыткаў нябесных
адчыні нябёсы іх душам
  благаславі і прымай

дзікіх з лесу прымай з Божай ласкі ў анёльскую світу
у нябесным двары з усімі стварэннямі
Беларусь будаваць
стану свайго эліту Краю эліту
нам свабода як неба
ім свабода абы за яе ваяваць
  благаславі і прабач
Твой абраз цудатворны прастора Тваёй білакацыі
пакуль яшчэ дыхаюць тыя якія не сталі людзьмі
ім па тонкім святле да світання ў лясы не вяртацца
благаславі іх цёмных
  усё ім прабач і прымі


малітва асабістая

калі Ты назвала святою зваяваную ўсімі зямлю
уначы паміры мяне з ёю я болей яе не люблю
апроч сажалкі ў лозы спавітай
  і некалькі стомленых рэк
і дзікіх звяркоў працавітых
  і хатніх вярбінаў калек

апроч постацей мілых што зніклі
  на высокім яе бальшаку
тыя вочы да слёз не прывыклі
  засталіся на светлым баку
пасяродку людзей лапік лішні
  лапік лішні нічый на якім
як латошаць суседавы вішні
  па жывому ламаюць сукі

гэты край прытвараецца шчырым
  тут няма не змяшанай крыві
тут ад ворагаў родзяць жанчыны
  непатрэбных дзяцей па любві
прыбядняецца край што гаротны
  што стамілі начальнік і пан
Бог Айцец у яго не галоўны
  а без Бога паўсюль балаган

толькі Ты о Прачыстая Маці
  у ясноце жывой пекнаты
Божай ласкі ў стагоддзях не траціць цудатворны
  абраз Твой святы
не пускае ў душу маю бруду
  Твой спакойны абраз на сцяне
адчыні мне нябесны Твой Будслаў
  забяры з Беларусі мяне


развітанне

пляцы публічныя ў ганьбе    а з ганьбы выйсця няма
можна змагацца з бядой    праз усе пакаленні
пляцы святыя    творыць натура сама
стаць у нябёсах    перад Табой на калені
   
чыстыя Будслава пляцы    вятрыска мяце
хто пілігрымку якую    Пан Бог дае вытрымаў
той не вяртаецца сцежкамі    ўброд па вадзе
той за Табою вяртаецца    о Адзігітрыя

стакроткі

са слёзаў горкіх салодкіх
цвітуць пад акном стакроткі
месячык травень усёткі

памірыце мяне з белым светам
з мінулых стагоддзяў паэтам
які вас пасеяў стакроткі

змарнуюся дожджык і вецер
стакроткі ў вяночак збярэце
ружанец дакончыце снамі

стакротка ў вадзе бы гарлачык
я плачу са мной яна плача
напоім азерца слязамі

на нашым блакітным азерцы
стакроткамі вышыты сэрцы
вяночак у Будслаўскай Маці

вадзіца ў зямельку ўпадае
ў душу мая вера святая

паціху мяне забывайце

раней за сонейка ясное

голас сцякае ў жар    месячнага святла
у цесныя шчылінкі хмар    не пранікае зла
   
ціха таемна ўніз    на душу слой за слоем
падае словаў ліст    град малітоўных словаў
   
слова душу не залье    агнём як маланка дрэва
ветру не бачыш але    ў галінках чуеш як дрэмле
   
як салавейка пяе    ў пагоду і непагоду
так і малітва дае    добрым думкам свабоду
думка малітва дождж
упоперак ходзіць і ўдоўж
калі павучок павуценнем    заплятае дзіркі ў сцяне
шарачок    
     чыстым маленнем    вызваляе са страху мяне
малітва саткала масток
аніхто ад Маці не ўцёк
хмаркай белай як снег    у пушыстым тумане
Маці Божая    
     прыйдзе раней    чым ясна сонейка гляне

Будслаў наш санктуарый

Божая Маці ў кароне спакою
хлопчыка туліць да сэрца рукою
Ён Ёй трымае палец правіцы
Будслаў вышэй палітычнай сталіцы

выбрацца ў людзі з пяску не маглі мы
цёплаю цемрай ідзём пілігрымы
на літургію ліпнёвую ў Будслаў
збудзем крылатых пакорнымі будзем

Бог не смяецца ні з якага краю
чысты прагал ад Маскоўі да немцаў
Божы прытулак ад сэрцаў да смерцяў
Будслаў сваіх пілігрымаў збірае


Да Будслаўскай Божай Маці

О Мадонна малога мястэчка ў кароне світання
калі Тваё белае войска перад Табою паўстане
на чыстых Тваіх дарогах Тваіх пілігрымаў калоны
на ясных Тваіх нябёсах Тваіх анёлаў заслоны
спакой на ўсход і на захад перадаюць Твае хоры
і чуе хвалебную песню глухі забіты і хворы
і я стаю пасяродку Твайго святога з’яўлення
а Ты ад мяне прымаеш слязу любоў і маленне


буслік і хлопчык

нёс маленькага хлопчыка бусел
да святой Маці Божай у Будслаў
каб яго ахрысціла сказала ты мой
а пасля аддала яго маці зямной

не згубіўся малы ў балаціне
на той кладачцы тонкай націне
нарадзіўся таму не згубіўся
той згубіўся хто не нарадзіўся

маці-грэшніцы родзяць анёлкаў
Божа склейвае сэрцы з асколкаў


гранат у руках
Мадонны з Будслава

ішла Марыя ў лес спаткаць вясну
спаткала ў лесе вёсачку адну
малую як малітва як гранат
дзе пад карою б’ецца сэрцаў шмат

гранат «цалуе тонкая рука»
у кожнае замглёнае акно
граната ўпала зернетка адно
і боль зняло павевам вецярка

ўсясвет бязмернай Божай дабрыні
як спелую шкарлупку разгарні
і прыгарні да добрых рук Тваіх
ў трыпутніку базылікаў малых


Будслаў Вострая Брама
Белагруда

Маці Божая кліча спявайма пра Буду
пра бязмежжа высокай прасторы на цуды
і спелы сусвет як гранат

сцежкі простыя з Рыму праз Вострую Браму
пойдзем на Белагруду да магілачкі мамы
дзе мінулага яснага шмат

калыханку Мадонне вясковай капэляй
прабабулі ў далёкіх каленах запелі
болем сэрцаў адчынены час

да адзінай Заступніцы ўсіх занядбаных
вырай душаў збярэцца на зорках заспаных
ўсіх паклічуць і выберуць нас


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY