|
|
№
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
Роздум
Хрысціянская думка
Спадчына
Данута БІЧЭЛЬ ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ Паэзія
Роздум
Проза
|
[Пачатак у №2(28)/2004] Кансэкратары Не магу тут не згадаць асобы галоўнага кансэкратара Яўгена Базяка. Я ўжо ўспамінаў складаную гісторыю яго жыцця і біскупскай паслугі. Вялікае значэнне мае для мяне яго біскупскае паходжанне, бо менавіта ён быў для мяне пасярэднікам у апостальскай пераемнасці. Яго кансэкраваў арцыбіскуп Баляслаў Твардоўскі, якога ў сваю чаргу кансэкраваў арцыбіскуп Юзаф Більчэўскі. Нядаўна мне выпаў гонар беатыфікаваць Юзафа Більчэўскага ў Львове, ва Украіне. Більчэўскі ж быў кансэкраваны кардыналам Янам Пузынам, кракаўскім біскупам, а сукансэкратарамі былі святы Юзаф Себасцян Пэльчар, пшэмыскі біскуп, і слуга Божы Андрэй Шэптыцкі, грэка-каталіцкі арцыбіскуп. Хіба ж гэта не абавязвае? Ці мог я не зважаць на гэтую традыцыю святасці вялікіх пастыраў Касцёла? Сукансэкратарамі былі біскуп Францішак Ёп з Аполя і біскуп Баляслаў Камінак з Вроцлава. Я ўспамінаю іх з вялікаю павагаю і ўдзячнасцю. Біскуп Ёп быў у Кракаве ў часы сталінізму чалавекам, спасланым самім Провідам. Арцыбіскупа Бацяка тады вызвалілі ад абавязкаў, а Ёп быў прызначаны капітульным вікарыем у Кракаве. Дзякуючы яму Касцёл у гэтым горадзе прайшоў без значных стратаў праз цяжкае выпрабаванне часу. Біскуп Баляслаў Камінак таксама быў звязаны з Кракавам. У сталінскі перыяд, калі ён ужо быў біскупам, камуністычныя ўлады забаранілі яму кіраваць дыяцэзіяй. Тады біскуп застаўся ў Кракаве інфулатам. Пасля, калі гэта ўжо стала магчыма, змог кананічна кіраваць вроцлаўскім біскупствам, а ў 1965 г. быў менаваны кардыналам. Гэта былі вялікія людзі Касцёла, якія ў цяжкія часы далі сведчанне асабістай велічы і вернасці Хрысту і Евангеллю. Як жа можна не браць пад увагу гэту гераічную духоўную спадчыну? Моманты літургіі кансэкрацыі Мае думкі імкнуцца да іншых важных літургічных момантаў. Да іх найперш належыць ускладанне на плечы кнігі Евангелля падчас спеву спецыяльнай кансэкрацыйнай малітвы. Гэтае паяднанне знаку і словаў асабліва красамоўнае. Першае ўражанне скіроўвае думку ў бок цяжару адказнасці біскупа за Евангелле, важнасці Хрыстовага закліку несці яго ва ўсе канцы зямлі, абвяшчаць яго і даваць сведчанне ўласным жыццём. Аднак, калі глыбей удумацца ў сэнс гэтага знаку, то становіцца відавочнаю праўда аб тым, што здзяйсняецца менавіта тое, што сыходзіць з Евангелля і ў ім мае свае вытокі. Таму той, хто атрымлівае біскупскую сакру, можа заўсёды чэрпаць сілу і натхненне з гэтага ўсведамлення. Менавіта ў святле Добрай Навіны аб змёртвыхпаўстанні Хрыста становяцца зразумелымі і дзейснымі словы малітвы: «Effunde super hunc Electum eam virtutem, quae a te est, Spiritum principalem, quem dedisti dilecto Filio tuo Jesu Christo, quem ipse donavit sanctis Apostolis... А цяпер, Божа, спашлі на гэтага выбранага тую моц, якая паходзіць ад Цябе, Духа Найвышэйшага, якога Ты даў Твайму ўмілаванаму Сыну Езусу Хрысту, якога Ён даў святым апосталам...» (Рымскі Пантыфікал, Кансэкрацыйная малітва). У сваю чаргу ў літургіі кансэкрацыі адбываецца намашчэнне святым хрызмам. Гэты абрад глыбока ўкаранёны ў папярэдніх Сакрамэнтах, пачынаючы ад Хросту і Бежмавання. Калі ўдзяляецца сакрамэнт святарскага пасвячэння, то намашчаюцца рукі, а калі біскупскага – галава. Гэта таксама абрад, які сведчыць пра перадачу Духа Святога, які пранікае знутры, бярэ ва ўласнасць і робіць сваёю прыладаю намашчанага чалавека. Гэта намашчэнне галавы азначае пакліканне да новых заданняў: біскуп возьме на сябе ў Касцёле заданне кіраўніцтва і яно паглыне яго без астатку. Гэта намашчэнне Духам Святым таксама мае тую самую крыніцу: Езуса Хрыста – Месію. Імя Хрыстус – гэта грэцкі пераклад габрэйскага тэрміну «maрijah – месія», што значыць «намашчаны». У Ізраэлі намашчалі ў імя Божае тых, хто быў Ім выбраны выконваць асаблівую місію. Гэта магла быць прарочая, святарская альбо каралеўская місія. Аднак азначэнне «месія» датычылася перадусім таго, хто павінен быў прыйсці, каб канчаткова ўстанавіць Божае Валадарства, у якім павінны былі споўніцца абяцанні збаўлення. Менавіта ён павінен быў быць «намашчаны» Духам Панскім як прарок, святар і валадар. Азначэнне Намашчаны – Хрыстус стала ўласным імем Езуса, бо ў Ім дасканала споўнілася Божае пасланне, якое гэта паняцце азначае. Евангелле не згадвае, каб Езус калі-небудзь быў намашчаны знешнім чынам, як у Старым Запавеце Давід ці Аарон, па барадзе якога сплываў каштоўны алей (пар. Пс 133 [132], 2). Калі мы гаворым пра Яго «намашчэнне», то маем на ўвазе непасрэднае намашчэнне Духам Святым, знакам і сведчаннем якога ёсць дасканалае выкананне Езусам паслання, даверанага Яму Айцом. Прыгожа сказаў пра гэта св. Ірэнэй, біскуп: «У імені Хрыста ўтоены Той, хто намасціў, Той, хто быў намашчаны, і само намашчэнне, якім быў намашчаны. Той, хто намасціў, ёсць Айцец; Той, хто быў намашчаны, ёсць Сын, а быў намашчаны ў Духу, які ёсць Намашчэннем» (Adversus haereses, III 18, 3). Пры нараджэнні Езуса анёлы абвяшчаюць пастушкам: «Сёння ў месце Давідавым нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсць Месія, Пан» (Лк 2, 11). Месія – гэта значыць намашчаны. Разам з Ім нараджаецца паўсюднае, месіянскае і збаўчае намашчэнне, у якім удзельнічаюць усе ахрышчаныя, і гэта асаблівае намашчэнне, у якім Ён, Месія, пажадаў даць удзел біскупам і святарам, выбраным для апостальскай адказнасці за Яго Касцёл. Святы алей хрызма, знак сілы Божага Духу, сплыў на нашы галовы, уключаючы нас у месіянскую справу збаўлення, і разам з гэтым намашчэннем мы прынялі якасна спецыфічным чынам траякае заданне: прарочае, святарскае і каралеўскае.
|
|
|