Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза
Данута БІЧЭЛЬ

ЛІСТЫ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ АПОШНЯГА ГОДУ ЖЫЦЦЯ

Зэльва, 19/VIII – 1981.
Данусенька!
...Ёсць мілыя харошыя людзі, а ёсць родныя і дарагія; і ты мусіш адчуваць гэта. Не люблю свайго дня народзінаў і хачу лепш пра яго забыцца, калі працаваць яшчэ трэба і пяром і лапатай у агародзе. Калі няпэўны лёс унукаў даводзіць да хваробы сэрца, а фактычная цяжкая адзінота наводзіць на вельмі сумныя думкі. Не хачу, каб мяне сябры віншавалі, але хачу, каб хоць давалі знаць, што жывуць, працуюць, родзяць, адпачываюць ці маюць нейкія цяжкасці. Хачу часам адчуць, што я не адна, усімі забытая, пакінутая на няміласць зэльвенскага начальства, якое лічыцца самым тупым і адсталым ва ўсім наваколлі. Гэта табе не Машэраў, не Кузьмін, не нашае ЦК, якія думаюць катэгорыямі народу. Не, лепш не хачу пра іх успамінаць... Пасылаюць цяпер зноў рознае шумавенне ў маю бедную хату. Зачыняю дзверы.

Айцец Віктар атрымаў кватэру... Людзі яны харошыя, але я не хачу бачыць сённяшні свет праз прызму сярэднявяковага праваслаўя. І яно патрабуе рэформы, адновы. Ёсць глыбокія вартасці духа і без строгіх канонаў таго ці іншага напрамку, калі зыходзяць яны з глыбокага гуманізму, этыкі і строгіх маральных вартасцяў сям’і і грамадства, якія нам пакінулі продкі. Нельга адкідаць ці перарабляць таго, што вякамі выпрацавалі людзі, прырода і нават наш клімат. Жывем мы тут коратка. Пражыць адмеранае нам трэба дастойна...

Я сёння атрымала 19 рб (відавочна, за «ЛіМ») і чуюся, як Крэз! Кош са свенчанымі яблыкамі і грушамі красуецца на стале. Няма каму іх есці.

Майстра амаль скончыў рамонт царквы і прыйшоў развітацца. Рэшту будзем дарабляць самыя. Каб захаваўся стары храм, патрэбнае ацяпленне, а тут нам у гэтым моцна перашкаджаюць, як быццам гэта не для людзей, а для стварэнняў нейкага ніжэйшага, не «коврово-хрустального» гатунку, мясцовых начальнікаў.

Шкада храму і працы людской. Паплеснеюць сцены. Калі так падумаеш, што іх можа крануць нейкая бомба, робіцца млосна...

Трэці месяц не даходзяць лісты ад Міхася. Проста нейкая праява садызму, бо ведаю з тэлефоннай размовы дзяўчыны з Зэльвы з унукам, што напісаў некалькі лістоў да мяне. Зацікаўлены нехта, каб рваць мне нэрвы.

Міхаць Ч(арняўскі) казаў, што Мірскі замак згарэў у сярэдзіне ўвесь. Як шкада! Там вяліся ўжо рэстаўрацыйныя працы.

Купі «Голас Радзімы» за 13.VIII і на маю долю. Валя Трыгубовіч там выдумала, што я казала на сябе, быццам некалі была «прыгожай і вясёлай». Ну, і фантазія! Перадусім я заўсёды была моцна задуманай, сумнай і адначасова самай брыдкай з усіх маіх сёстраў. Калі б да цябе нехта прыехаў па інтэрв’ю, дык хоць не выказвайся шчыра, а гавары нешта «вечнае, мудрае...». Памідораў ураджай, а слоікаў няма. Разгубілася і не паслала іх Свеце (жонцы М. Чарняўскага, археолага). Магла паслаць і вялізны сыр, які з любоўю прынесла мне румяная, мілая цётка!

Не хочацца есці. А час ляціць, вызаваў не даюць і трывожна за Міхася, Польшча в(ельмі) важны пункт, і таму слабыя тут жарты...

Ну, бывай. Кароткія лісты твае. Могуць навеяць думку, што ты ўжо ад мяне адраклася. Калі б хапіла грошай, сілы і крыху адвагі, дык пакажыся тут ва ўсёй сваёй красе. Няхай добры Бог памагае табе быць мудрай, спакойнай, здаровай і сільнай. Сардэчна вітаю вас усіх. Пацалую Цябе, калі прыедзеш. Твая ранейшая і тая самая заўсёды Ларыса Геніюш.

Зэльва, 19/ІХ 1981.
Дарагая Дануся!
Вельмі цябе разумею. Мне тут душа баліць, што ў цябе варункі ў сям’і ненармальныя. Эрыка трэба даглядаць, як дзіця. Ягоная дыета ў сённяшні час ускладняе жыццё. Я доўга жыла ў чэхах і навучылася глядзець на кухню іх вачыма. Там жонка – «міністр фінансаў» у сям’і, і кухня – яе важная і адказная справа. Кухня – гэта свежая добрая ежа для здароўя сям’і! Гэта угляводы і кашы і вітаміны. Добрая жонка і разумная маці найлепей ведае, што каму трэба для росту, для развіцця і для здароўя. Адносіцца абыякава да дыеты хворага Эрыка нельга.

Сапраўды патрэбна табе праца не ў школе, каб з усім гэтым справіцца. Але выкінь з галавы сумныя думкі. Усім па-свойму цяжка. Ёсць у цябе і радасць: гэта дзеці, талент, аўтарытэт і жаноцкая абаяльнасць. Урэшце – безліч харошых сяброў... Не плач! Што цяжка вучыць тых, якія не паважаюць і нават ганьбяць мову народа, з якога жывуць, – гэта разумею. Не адным ім калом у горле стаіць наша мова. У страха вялікія вочы. Ты гэта зразумей. Будзь спакойнай і зраўнаважанай, будзь гордай з таго, што лёс цябе на такім важным і адказным участку паставіў. Несалідныя адносіны да нашай мовы часткі разбэшчаных навучэнцаў трэба рашуча стрымаць.

Якія з іх будуць грамадзяне ў будучыні? Яны наагул усё шанаваць перастануць, акрамя джынсаў... З’явішча вельмі нездаровае, і лішнія гутаркі тут не дапамогуць. Тут патрэбная дысцыпліна. Школа так, як вучыць, так мусяе выхоўваць грамадзянаў. І гэта трэба памятаць.

А наагул дык ты стамілася. Як са здароўем? Глядзі, які гонар, якое шчасце у вас з Вікаю. Людзі па колькі разоў паступаюць – і безнадзейна... Віка ўсё здавала бліскуча. Ведаю гэта ад Вольгі Васільеўны Т. (Церашчатавай), якая заехала да мяне ў суботу са сваёй экспедыцыяй. Аўтобус адпачываў на надворку, а тры дамы і чатыры сябры (два моцна барадатыя) размясціліся ў сціплых пакоях маёй пустэльні. Гдзе-што везлі з экспедыцыі, гдзе-што знайшлося і ўдома. Была бульба і да бульбы. Нават стары моцны на ўсіх карэннях і чыстым мёдзе звараны беларускі крупнік. Слухала іх з насалодаю. Ганулька (Фурс) і Эльза Максімава быццам век былі ў маёй хаце, так усё ведалі, што рабіць. Стол быў поўны. Я захварэла толькі, калі пачула ад Вольгі Васільеўны пра хворага Валодзю К(араткевіча) і яго жонку па найцяжэйшай аперацыі...

Крыўдна, што ніхто не пасяліўся ў іх, ніхто, нават Наташа, сястра Валодзі, не злітавалася над імі. Вось гэта ёсць гора. Тут трэба плакаць і толькі тут можна наракаць на лёс.

Вольга Васільеўна знойдзе кватэру для Вікі. Мы з ёю знайшлі супольную мову. Моцна пасябравалі. Душою неяк зліліся з Эльзаю. Яна расейка, але перад яе чалавечнасцю, светлай галавою гэта не мае значэння. Любіць яна нас і нашу культуру. Быў з імі Саша Ярашэвіч. Харошы ён, як і раней...

Зоська Верас піша, як да яе даехаць. Чакае нас... З ёю яшчэ не найгорай, бо яна не адна.

Пішы, як справы. Трымайся. Усіх вас цалую. Ларыса Геніюш.

Ад дзяцей ніякіх вестак... Толькі надзея на Бога, што не прападуць...

Зэльва, 20/ІХ 1981 г.
Дарагая Данусенька!
Ведала я, што ты разумны, глыбокі і чулы мой сябра, але настолькі! Як ты разумееш усе нюансы маёй душы, крытэрыі творчасці і тую сілу, якую дае нам Бацькаўшчына, наш род, сям’я...1 Лепей напісаць, як ты напісала, і нельга. Я ніколі не задумвалася, скуль і якая я. Проста кідала на паперу выраз свайго болю, тугі, кахання да ўсяго, што тое каханне ажыўляла.

Дзякуй табе, цяпер крыху разабралася, хто я. Так відавочна наканавана, што, адкінуўшы ўсе чары і духовыя спакусы Прагі чэшскай і сённяшніх дзён, я вяртаюся да святасці і чысціні прыроды – і маладосці маёй, так цесна злучанай з подыхам вечным зямлі, як і тагачаснае пакаленне нашай усёй Беларусі. Ну, а пра маю гасціннасць дык ты перабольшыла крыху. Калі меней было страваў на стале, дык болей было сардэчнасці да тых, хто блізкі і дарагі.

Адным словам, ты мяне давяла сяння да слёз. Дзякуй, што дажджлівым днём гэтым сагрэла маё хворае сэрца.

Прысланыя на днях дагаворы падпісала і адаслала ў выдавецтва. Цешуся, што кніжка будзе і хачу рыхтаваць другую на якіх пару аркушаў. Што да нашай паездкі ў Вільню, то трэба пачакаць...

Званіла дзецям у Беласток. Усе былі ўдома, тэлефон узяў Міхась і меў вялікую радасць, што чуе бабусін голас. Юрка прасіў папяросаў. Валя райстопы. Міхась прасіў лістоў і вершаў. Без папяросаў абыйдуцца. А вось шкада, што ім нельга нічога падкінуць з ежы. Алесь і Міхась маюць апетыт, а вось ці маюць што есці? Вельмі шкадую, што сёлета Міхась не прыедзе. Лісты ад іх па-ранейшаму не даходзяць. І што толькі думаюць тыя сытыя начальнікі наверсе?!

Ці глядзела ты «Ладдзю роспачы» Ул. Караткевіча па тэлебачанні? Зроблена нова і артысты гулялі вельмі цікава...

Я аддам табе вялікі партрэт М. Багдановіча. Што ж, будзем збіраць музей М. Багдановіча. Цешуся, што гэта будзеш рабіць менавіта ты. Цалую цябе –
Ларыса.

Зэльва, 23/ІХ 1981.
Данусенька!
...Пішу табе таму, што 30.ІХ дзень народзінаў нашай Зоські Верас. Не забудзься яе прывітаць...

Што можна з Гродна пасылаць у Польшчу?.. Пісала ў Мінск у гэтай справе. На ўсякі выпадак купі крыху мукі, каб была ў цябе ў хаце. Няхай будзе і лішні кусок мыла ды крыху цукру. Могуць быць перабоі з гэтым. Золата і крышталь для нас не важныя, а вось нешта з ежы трэба, каб было заўсёды. Я ўжо скончыла сваі марынады і толькі прашу Бога, каб не балела так галава і крыху падумаць.

Сястра кліча мяне ў Сочы на «бархатны сезон». Хіба каб разам з табою, адной не хочацца.

Дануся, ці няма ў цябе кусок бархату галубога або бардовага так з паўметра? Можа ёсць у каго з тваіх знаёмых? Не аксаміту, а бархату. Гэта трэба на пераплёт вялікай адной кніжкі. («Эвангелле» для царквы)

Цалую цябе – Ларыса.

Зэльва, 11/ХІІ 1982.
Дарагая Данусенька!
Злітуйся, напішы хоць слаўцо, як табе і што з табою? Ці атрымала мой апошні ліст?

Учора вярнулася з Мінску. Паехалі і прыехалі са знаёмымі. Была ў Вольгі Васільеўны (Церашчатавай). Начавала ў Эльзы.

Там бяда, скарачаюцца штаты, пад што пападае Нора Вецер. Яна цяпер хворая. Шмат каго бачыла. У музей прыходзіў і М(аксім) Т(анк), але на коратка. Яго жонка паслала мне цудоўную вялікую хустку, чорную ў кветкі. Ён – цукеркі і інш. Аглядалі музей. Фатаграфавалі нас. М. Т. яшчэ малады, бадзёры. Перадзыгнуў нат праз бар’ер, ідучы да таксі. Так было мне там цёпла на душы, добра, бяспечна, што ледзь не з плачам вярталася дамоў. Туман быў, як малако, ледзь відно было дарогу, але шчасліва прыехалі. У хаце чакаў Жук (чорны сабачка, якога Алесь «купіў» у Зэльве за пяць капеек, які пасівеў па смерці гаспадыні. – Д. Б.)

Валодзя папракаў праз тэлефон, што не знайшла часу да іх заехаць, Валя пасля трэцяй аперацыі на горле ў Бараўлянах. Сэрца разрываецца з болю.

Усе цябе міла і з любоўю ўспамінаюць. Напішы мне хоць некалькі слоў, а калі не ты, то няхай напіша Эрык ці Валера.

...Менск цудоўны. Таксі неймаверна дарагое... Я паздаровела ў Менску, хоць выпіла там і крыху каньячку, чаго не раблю ніколі! Тут мне зноў горай. Думаю, ці не лепей мест лекаў піць каньяк? Жартую...

Цалую вас ўсіх!
Ваша Ларыса Геніюш.

На пісьменніцкім з’ездзе. Справа налева: Ларыса Геніюш, Уладзімір Караткевіч, Ніна Мацяш, Данута Бічэль, Валянціна Коўтун. Мінск, 1981 г.
Зэльва, 18/ХІІ 1982.
Данусенька дарагая!
Гутарыла я з нашымі мясцовымі хірургамі. Радзяць табе аперацыю. Кажуць, што ў Гродна ў чыгуначнай бальніцы ёсць добрыя спецыялісты ў гэтай справе. Тромб цяжка разсасваецца і грозіць небяспека ягонай вандроўкі па арганізме.

Дарэчы, аб Крыстыне Лялько мне пісала і Мая Львовіч з Харкава. Яна і той паспела зрабіць многа добрага. І што за дзяўчо твая Крыстына? Болей бы нам такіх сапраўдных добрых сэрцаў.

А я ўсёй душою пры табе, хоць зноў мне дрэнна. Учора пайшла ў амбулаторыю. Сэрца. Ціск 110 на 60. Скача. Сяння ўжо пасля двух уколаў 140 на 80. З радасці ўсё павытрасала, памыла крыху падлогу. Ужо вечар. Захацелася пагутарыць з табою. Пераглядаю апошнюю кніжку М. Танка. Некаторыя вершы нагадваюць, як я ў маладосці з маленькім Юрачкам у Жлобаўцах чытала тыя шчырыя вершы ў «Калоссі...» Была захоплена імі. У іх быў бунт, а я адчувала патрэбу яго ў тых варунках, у якіх мы тады былі. Хоць былі мы адзінай грамадой і ўсюды жыла наша родная мова.

Не ведаю, як і чым аддзячыць за падаркі.

Так гэта пакінуць нельга. На маім агародзе ставяць гарадскую уборную. Тут кожны начальнік паступае паводле свайго інтэлектуальнага ўзроўню. Дзівіцца няма чаму. Калі б у гэтай хатцы жыў сам Янка Купала, яны зрабілі б тое самае. Што для іх знача беларуская культура? Гэта ж не «харчовая праграма». Гэты «слаўны манумент» напамінае мне, з кім я маю дачыненне і як бывае сёння на роднай зямлі. Балела за Польшчай, балела за акупацыяй, баліць і сяння... А калі ж перастане?.. Наагул, Зэльва славіцца «гонением на белорусских поэтов и гонением на христиан», – так сказаў мне адзін дзед. Згодная.

...Трудна Церашчатавай звольніць тых, каго ёй прыслалі. Яны – не фізікі, хоць далёка ім да таго ведання беларускай культуры, якое маюць закаханыя ў яе энтузіясты... Яшчэ колькі год – і не будзе ўжо старых абразоў, скульптуры, андаракаў, посцілкаў. Самы час падабраць сяння тое, што належыць захаваць у музеях. Няхай глядзяць патомкі на густ, мастацтва і працавітасць сваіх мілых продкаў і прабабуляў, чыі чэпчыкі і кашулькі, зробленыя ўласнымі рукамі, амаль дасканаласць мастацтва. Музей зрабіў на мяне вялікае ўражанне, як і сам, з руінаў памаладзеўшы нейкім цудам стары наш даўні рыцар Менск...

У панядзелак трэба ісці далёка на аналіз крыві. Веру людзям, якія робяць мне ўколы. А гэта важна ў маім становішчы... Шкадую, што я такая слабая нейкая... Цалую сардэчна вас усіх. Ваша Ларыса.

Зэльва, 12/І 1983.
Дарагая Данусенька!
Даўно няма ад цябе вестачкі.
Непакоюся, як вы маецеся, ці здаровыя? Вяселле прайшло багата і гучна2. Яшчэ ўсё звініць мне ў вушах ад неймавернага піскліва галоснага барабаннага, дзікага джазу. Моладзь, старэйшыя і нават дзеці скакалі з насалодаю з забыццём. Гарэлачку пілі без меры. Закускі было, хоць яшчэ адно вяселле спраўляй. Але вяселле другога хрышчонага адлажылі на вясну. Дарылі ўсе шчодра. Мне было вельмі добра, але выклікалі хуткую дапамогу, зрабілі пару ўколаў, і я ўсё неяк вытрымала. Але вяселляў маю ўжо даволі. Пісаў Міхасёк. Прыслаў свой здымачак з вусамі. Пачынае расці барада. Зусім не той мой Міхась. Удома ў іх усё добра. Чакаюць вясны і ўсходаў, ды кветак і ягадаў на сваёй дзялцы. Дазволілі мне паслаць ім 2 кг цукеркаў. Паслала «малому» Алесіку. Непакоюся за тваю ножку, за мілага Эрыка. Прывыкла мець ад Вас весткі.

Новы Год і свята прайшлі мне ў сем’ях мужавых сваякоў, крыху ўдома. Рада, што ёсць свая хата, кут нейкі родны і дарагі па продках Геніюшоў.

З другой кніжкаю будзе цяжэй. Харчовая праграма – рэч не паэтычная. Аб братэрстве з усімі народамі крычаць не хочацца, бо гэта зразумелая і зусім натуральная справа, а аб сваіх людзях, сваёй краіне і хаце, каб была харошай, не горшай, як і іншыя, пісаць сяння цяжка. Я пішу сэрцам пра тое, што я люблю, а люблю я сваё гняздо, карэнні, з якіх вырасла душа мая неспакойная. Напішы мне хоць пару слоў. Сардэчна цалую Вас усіх. Ваша Ларыса.

Зэльва, 21/І 1983.
(Над лістом:
Я проста ўдзячна мастакам за дапамогу табе. Ці той тромб зусім «разышоўся»? Чаму нага баліць? Мне баляць ногі, дык ад старасці.)

Дарагая Данусенька!
Не магу пра вас не думаць. Як Эрык? Як Тваі ножанькі, ці яшчэ пабольваюць? Падзіўляю «сяброўства», «гуманнасць», «дабрыню» і «салідарнасць у бядзе» нашых літаратараў... Няўжо ніхто не дапамог? Скуль такая абыякавасць? А можа гэта ты сама вінавата, бо робіш з сябе нейкае «ўсесільнае» стварэнне? Нават мне напісала, каб я не прыязджала да цябе... Адным словам, будзь жанчынай, стагні, крывіся крыху і прывучай «парнасцаў» быць калі ўжо не багамі, дык хоць людзьмі. У мяне тут справы не цікавыя. Найгорай са здароўем. Знайшлі яшчэ цукар у крыві. Учора мела быць «Літ. газета» і... не было! Тлумачэнне: нехта «ўкраў» усе газеты з Савецкай вуліцы. А там ужо маглі быць і лісты і часопісы. Пошту таму на нашай вуліцы не разносілі.

І гэта ў наш час у канцы ХХ-га веку! Проста жахліва, што тут робіцца! На днях зноў явіўся знамяніты «знахар». Ці пазналі? – пытае. Так, пазнала, але бачыць вас у сваёй хаце не хачу! Уцёк, як падмецены! І чаго ўжо на гэты раз яго прысылалі? Проста нутро маё ўжо не пераварвае падобных тыпаў і метадаў... Агідна! Мала ўжо да мяне хто цяпер і прыходзіць. Жыву адна і маю магчымасць многа думаць. Сяння Валя Трыгубовіч прыслала мне аж чатыры здымачкі сваіх сынкоў. Малы Ясь вельмі цікавы. Відно, што хлопец з «характарам». Валя таксама выглядае добра. Адважная яна жанчына.

Пішу, а сама ўсё думаю пра Эрыка... Які ўжо ратунак на тую вантробу? Разумны, харошы, пакутны Эрык, каб хоць выратавалі яго. Найбольш сяння дэфіцыт – гэта здароўе... Дзеці зноў нічога не пішуць. Хочацца верыць, што ў іх усё добра. Як Віка? Ці доўга пабыла ўдома? Шкада Валерыка, што мерзне. Напішы хоць слаўцо пра Эрыка. Усіх Вас сардэчна цалую. Ларыса.

28/І 1983.
Даражэнькая Дануся!
Пішу табе вечарам. Дзякуй за вестачку. Сумная яна, амаль трагічная. Як здароўе мілага Эрыка, так і тваі ножкі... Непакоіць мяне той «тромб». Чаму так баляць ногі? Яны моцна баляць і мне, але гэта ад старасці. Часам бывае: трагічна. Як сорбцыя Эрыку? Каб хоць паставіла яго на ногі. Магу сабе прадставіць тваі перажыванні. Падзіўляю тваю сілу, цвярозасць і клопаты пра музей, пра грамадскія справы. Так трэба. Што з Вікаю?

Мне таксама моцна баліць ніз жывата. Аказалася, што гэта спайкі пасля даўно зробленага апендыцыта. Ніякае небяспекі. Горай з сэрцам. Здало зусім. Ціск зноў упаў 100 на 60. Зноў траякія ўколы, таблеткі... Здавалася мне, што прыйшоў ужо час з Вамі развітацца. У больніцу я не хачу. Хаджу памаленьку на ўколы. Усхвалявала мяне шмат што. І смерць спакойнага талковага Кісялёва (такім ён мне запомніўся з апошняга з’езду пісьменнікаў), смерць Бачылы і выпадак на днях у Зэльве, калі памерла лекарка – рожаніца 26 год. Адзіная дачка ў бацькоў. З Брэста прыехала ражаць у Зэльву. Да мамы. Колькі гора, але бываюць выпадкі, гдзе ніхто не вінаваты. Проста аказаўся недзе нейкі тромб ці нешта падобнае. Перажыла гэта ўся Зэльва. Я, як бачыш, аж захварэла. Немагчымасць дапамагчы людзям, нашае безсілле гэта цяжка перанесці. Засталося дзіцятка. Дзяўчынка.

Што да вершаў, дык у мяне нейкая апатыя цяпер. Нашто, каму яны патрэбныя? А мяне за іх будуць толькі заядаць. Пісаў нядаўна Алесік. (...) Хлопцы пакуль што трымаюцца. Вось і пацеха на маё хворае, старое сэрца... Буду ўдзячная, калі хоць пару слоў напішаш пра Эрыка. Наконт музею – пасля... Галоўнае глядзі свае нэрвы і ногі, каб моцна стаяць на іх. Мне тут па-ранейшаму. Будзе ўжо чатыры гады без с. п. Яначкі. Цалую моцна Вас усіх – Ларыса.

(Допіс на палях: Выглядаю жудасна. Ні крывінкі ў твары.

Допіс зверху: Бура (а можа і не яна) пашкодзіла помнік с. п. мужу. Да вясны замацавалі яго дротам. Стаіць нармальна. Трымайся. Сардэчна цалую.)

Глядзі таксама:
Данута БІЧЭЛЬ. «ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ»


  1. Гутарка ідзе пра кнігу Л. Геніюш «На чабары настоена» і ўступнае слова да яе.
  2. Жаніўся яе хрышчоны сын Пеця.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY