|
|
№
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
Роздум
Хрысціянская думка
Спадчына
Данута БІЧЭЛЬ ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ Паэзія
Роздум
Проза
|
Нялёгкая гэта місія — быць шэдэўрам. Быць узорам, ідэалам, прадметам для наследавання, аб’ектам цікаўнасці, адным словам, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі многіх людзей і многіх пакаленняў. Тут адзін крок да моды, да банальнага выкарыстоўвання ва ўтылітарных мэтах масавай псеўдакультуры. На вялікі жаль, гэты крок быў зроблены, і не адзін раз. Вось і ў нашы дні выява Рафаэлевай Мадонны растыражыравана ў рэкламных аб’явах нейкай медычнай фірмы ў Мінску. Без піетэту, з грубай самаўпэўненасцю прафанаў. Часам блюзнерскі акт трактуецца як факт гісторыі мастацтва. Найбольш яркі прыклад такой «актуалізацыі» — прымалёўванне Моне Лізе вусікаў дадаістамі на пачатку мінулага стагоддзя. Копія знакамітага партрэта пэндзля Леонардо да Вінчы з крыклівым дадаткам лічыцца маніфестам плыні дадаізму, носьбіты якой прэтэндавалі на «разбурэнне асноў класічнага мастацтва і трыумф падсвядомага ў мастацкай творчасці». Ars longa. Мастацтва вечнае... Кан’юнктурнае шумавінне мінае, забываюцца мітуслівыя наватары, а вялікі твор жыве, чыстай застаецца крыніца вечнай прыгажосці і чалавечнасці. Філасофская рэч у сабе, шэдэўр Рафаэля не паддаецца дэвальвацыі, карціна існуе па-за часам і дорыць шчасце сустрэчы з сапраўдным мастацтвам новым пакаленням людзей. Рафаэль Санцы (Raffaello Santi — 1483–1520) — вялікі мастак эпохі Адраджэння, разам са сваімі сучаснікамі Леонардо і Мікеланджэло найбольш славуты італьянскі жывапісец. Нараджэнец маленькага горада Урбіно, ён вучыўся жывапісу ў свайго бацькі Джованні Санцы, а потым у выдатнага мастака П’етро Перуджыно. Менавіта ў Перуджыно Рафаэль навучыўся адчуваць гармонію свету, засвоіў мастацкую мову далікатных і вытанчаных формаў. «Ад гатычнай наіўнасці на працягу некалькіх гадоў Рафаэль узнімаецца да вяршыні мастацтва, — вызначае імклівую эвалюцыю майстра французскі гісторык мастацтва Тэафіль Гацье, — дасягае абсалютнай дасканаласці, пасля якой не існуе нічога, акрамя ўпадку» 1. У 1509 г. Рафаэль прыязджае ў Рым, дзе працуе да канца свайго такога кароткага жыцця. Працуе над папскімі заказамі, стварае знакамітыя размалёўкі ў Ватыканскім палацы, дэманструе талент архітэктара (абнаўляе праект базылікі св. Пятра) і ўрэшце прызначаецца папам Львом Х кіраўніком усіх мастацкіх, будаўнічых і рэстаўрацыйных працаў у Рыме. Даследчыкі сцвярджаюць, што менавіта гэтае заданне прывяло да хуткага вычарпання сілаў мастака і заўчаснай яго смерці. Прыкладна ў 1512 г. Рафаэль пачаў працу над вялікім палатном, якое павінна было ўпрыгожыць алтар касцёла Сан-Сісто (св. Сікста) у г. П’ячэнца. Менавіта таму ў карціне ёсць выява папы Сікста ІІ (пантыфікат 257–258 гг.). Біскуп грэцкага паходжання, Сікст быў абраны на Апостальскую Сталіцу ў самы разгар антыхрысціянскага пераследу, распачатага рымскім імператарам Валерыянам. Менш чым праз год папа быў арыштаваны падчас святой Імшы, якую ён правіў у катакомбах Прэтэстата, і пакараны смерцю на сваім біскупскім троне. У 1753 г. карціна, вядомая з тае пары як «Сікстынская Мадонна», была выкуплена з касцёла Сан-Сісто для Дрэздэнскай галерэі. Карціна не выпадкова стала адным з самых любімых твораў жывапісу ўсіх часоў. Цуд мастацтва скарае душы людзей, нікога не пакідае раўнадушным. І так ужо некалькі стагоддзяў. Існуюць рацыянальныя даследаванні, накрэслены схемы кампазіцыі і перспектывы гэтага твору, але неяк няма імпэту апеляваць да гэтых спецыяльных выкладак, каб паспрабаваць раскрыць таямніцу чароўнасці карціны. З дзіўнай лёгкасцю, без падказкі глядач імгненна захапляецца прыгажосцю вобразаў. Гэтага, безумоўна, хацеў і сам мастак. Ён смела адгарнуў заслону, каб свет нябесны стаўся бачным і дасягальным, каб зліўся з светам зямным. Эфект trompe l’oeil (ад французскага «падман вока») толькі падкрэслівае натуральнасць шчаслівай здані. Намаляваная заслона (паказаны нават стрыжань, на якім трымаюцца кольцы) няроўна аблямоўвае выяву. Але ўжо парушана паслядоўнасць прастораў і немагчыма разабрацца, дзе спынілася імгненне. Фігуры св. Сікста і св. Барбары па баках падтрымліваюць сілуэт заслоны, будуюць цэльную кампазіцыю, ствараючы разам з цэнтральнай групай Мадонны і Дзіцятка Хрыста класічны трохкутнік. Аднак фігуры святых ужо пераадолелі мяжу, вызначаную заслонай, яны — пасрэднікі паміж чалавецтвам і Мадоннай з Хрыстом. У гэтым увесь пафас існавання ў карціне. Святы Сікст усхвалявана прыціскае левую руку да грудзей, а правай звяртаецца да нас, запрашаючы падзяліць з ім захапленне і замілаванне, што пануюць у ягонай душы. Ягоны твар звернуты да Мадонны. Мастак імкнецца пазбегнуць аднастайнай іерархіі, якую можна сустрэць у сярэднявечнай мадэлі «Мадонна і святыя». У Рафаэля нават у статычнай пастаноўцы фланкуючых фігур чытаецца жывы рух. Так, галава св. Барбары цнатліва адвернута ў бок, левая рука люстрана паўтарае жэст правай рукі св. Сікста. Але вернемся да «паслядоўнасці прастораў». У левым ніжнім куце карціны мастак размясціў выразны сімвалічны фрагмент — выяву папскай тыяры св. Сікста. Візуальна яна ўжо нібыта знаходзіцца па-за рамай карціны, а гэта толькі жывапісны прыём мастака, таксама як і выявы анёлаў, што ўзіраюцца ў Мадонну і Хрыста. Анёлы, намаляваныя, безумоўна, з нейкіх знаёмых мастаку рымскіх гарэзаў, абаперліся на ілюзорную раму карціны і разам з тыярай жывуць ужо побач з намі ў зямным свеце. За імі ніжняя частка карціны патанае ў лёгкім подыху воблакаў, у містычным блакіце якіх над галовамі святых праступае ледзь бачны сонм анёлаў. Празрыстае ззянне зыходзіць ад Мадонны з Дзіцяткам. Французскі гісторык Андрэ Шастэль мяркуе, што «ў “Мадонне” больш, чым у іншых творах мастака, адкрылася спеласць і арыгінальнасць Рафаэля». Паводле Шастэля, «пяшчотнае і серабрыстае святло ў карціне недасягальнае для цудоўных эфектаў, распрацаваных Леонардо; яе яснасць не народжана пафасам Мікеланджэло» 2. Нельга не пагадзіцца з найвышэйшай ацэнкай аўтарытэта еўрапейскай навукі. У цэнтры кампазіцыі — адна з найпрыгажэйшых выяваў Мадонны ў гісторыі мастацтва. Яна нясе свайго Сына да людзей, разумеючы наканаванне Збаўцы. Агульны сілуэт іх постацяў вызначаны ўсхваляванай дынамікай лініяў і формаў. Малады твар Маці і побач з ім твар Дзіцяці пазначаны еднасцю, глыбокім пачуццём ахвярнасці дзеля выканання Боскай волі. Які драматызм заключаны ў гэтай выяве! І ў той жа час як даверліва звяртаецца да нас Мадонна, крочачы па нябеснай субстанцыі! Заслона расхінута — і натхнёны пэндзаль Рафаэля стварае на вякі Акт веры. Хрысціянскае служэнне мастака дало цудоўны плён, які ўзбагаціў усё чалавецтва. Карціна стала ўзорам кампазіцыйнага і каларыстычнага суладдзя для акадэмій мастацтва. Паглядзіце, як адгукаюцца сілуэты заслоны і святых, як лініі фігуры Мадонны знаходзяць працяг у рытмах усёй кампазіцыі. Надзвычай багатая каларыстычная гама дае таксама шэраг рытмічных паўтораў. Самы дынамічны з іх — усплеск чырвані ў ніжняй частцы фігуры Мадонны. Ён адразу знаходзіць водгук у адвароце мантыі св. Сікста. Залатыя, сінія, зялёныя адценні зладжаны ў гармонію, якой у сваёй творчасці Рафаэль больш не дасягнуў. Роўна праз чатырыста гадоў, у часы Беларускага Адраджэння, Максім Багдановіч звяртаўся да ідэалу, адкрытага мастацтвам Рэнесансу, і, захапляючыся «шырокаю, радзімаю красою» беларускай дзяўчыны, бачыў «штось вышэйшае, што Рафаэль вялікі / Стараўся выявіць праз Маці Божай лікі». («У вёсцы», нізка «Мадонны», 1912 г.). А падчас Вясны Народаў у 1848 годзе дрэздэнскія паўстанцы хацелі ўсталяваць карціну Рафаэля на сваёй барыкадзе, упэўненыя, што карнікі не пасмеюць страляць у «Мадонну». Твор італьянскага генія быў, ёсць і будзе ўвасабленнем Прыгажосці, якая выратуе свет.
|
|
|