Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза


Малюнак Ул. Вішнеўскага

* * *

О Дух Святы, вярні мяне ў той свет,
дзе іншая пануе атмасфера,
дзе на пяску мой самы ранні след,
дзе ўпершыню мая заззяла вера.
О Дух Святы, бягуць гады гурбой.
Умееш Ты перамяшчацца ў часе.
Хоць раз адзін вазьмі мяне з сабой
туды, дзе дружба наша пачалася.
У той дзівосны блаславёны край,
дзе кожны дзень быў непачатай тайнай,
дзе радасць пралівалася праз край
і я купаўся ў чысціні світальнай.
Дары нябёс ліліся, як з каўша,
ніколі не адчуў, што іх замала.
Крылатая бязгрэшная душа
ў птушыным царстве цэлы дзень спявала.
Цяпер я знаю, што тады было,
чаму той бляск ішоў з вачэй і росаў.
Не сонечнае меў тады святло,
а палыханне шчодрае з нябёсаў.
О Дух Святы, вярні ў той час, каб мог
душу малітвай спеўнаю агучыць,
у добры час, дзе ўсемагутны Бог
зямлю і неба райскім ззяннем лучыць.

* * *

Глядзі, які цудоўны свет
суквецця-лісця!
А ты не ўсцешаны як след,
бы страціў выйсце...
Які салодкі пах бяроз
плыве з кюветаў,
якая ўзвышанасць нябёс
і бляск сусветаў.
Як скача промень па траве
у ранак любы.
Якая музыка плыве
з птушынай дзюбы.
Цуд вершыць справу
над зямлёй —
на зло знямогам.
Усё для радасці тваёй
паслана Богам.
І ветру майскага парыў,
і ззянне вішні
для ўцехі сэрца падарыў
табе Ўсявышні.

* * *

Мы з тых шчасліўчыкаў крылатых,
каго хоць лёс і біў пад дых,
ды не шпурнуў у ноч трыццатых,
у пекла-жах саракавых.
Усцешымся такой нагодзе:
наш лёс — усё-ткі дабрадзей:
не кінуў у дзесяцігоддзі,
што палявалі на людзей.
Мы ўсё ж не трапілі у бездань,
дзе чуўся стук, а не званок,
дзе гаспадарыў ля пад’езда
паўночны «чорны варанок».
Нас лёс, няхай і не найлепшы,
пашкадаваў пусціць на звод.
Зусім ад пораху аслепшы,
Нам не глядзеў у вочы дзот.
Але як быццам вінаватых
за тых, гвалтоўна нежывых,
нас даганяюць жаль трыццатых,
надрыўны плач саракавых.

* * *

Адзін, адзіны падыход
да штангі лёсу крок адзіны.
Вось ты ступіў — і многа год
цярпець і каяцца павінен.
Адзіны непаўторны рух —
спантанны ён альбо свядомы —
ты пераможца, слынны зух
альбо няўдачнік невядомы.
Адзін няпрошаны парыў —
і цвёрды грунт альбо балота.
Са скрухай уздыхне абрыў
ці грымне музыка узлёту.
Зыход такі. Прысуд такі.
Зрабі адразу чынна-гожа...
Ты нашы ўсе чарнавікі
гартаць не любіш, мілы Божа.
Што можна светлае стварыць,
як ціснуць беды і хваробы?
Дазволь жыццё нам паўтарыць,
пачаць яго з наступнай спробы.
Дай павярнуць няўмольны час
з Тваёй, о Божа, добрай згоды.
Каб два чарговыя у нас
былі ў запасе падыходы...
Калі ўжо Слова — на вякі.
Адна ў нас — выпітая чаша...
Не любіш Ты не толькі нашы,
але й свае чарнавікі.

* * *

Ніколі
ад роднай матулі пагроз
не чуў я.
І злоснага крыку.
Ты вуснамі маці
з высокіх нябёс
мяне да сябе
ўраўнаважана клікаў.
Шукаў маё сэрца
любові парыў,
блюзнерства маё
адвяваючы годна.
Ты вуснамі маці
са мной гаварыў
цярпліва,
спакойна
і вельмі лагодна.
Барознамі цень
прабяжыць па ілбе —
дакор не аднойчы
сумленне вярэдзіў:
у матчыным профілі,
Езу, Цябе
адразу, ў маленстве,
чаму не разгледзеў?

* * *

Узнёслы спеў.
І неба ў пазалоце.
І звабна кліча
вечнасць праз акно.
А цяжкі крыж
каструбаватай плоці
не хоча ўверх
і падае на дно.
Бяскрылая
заземленая глыба —
людская плоць,
хоць марыць пра палёт.
І лёс яе —
як лёс зімовай рыбы:
уверх прабіцца
не пускае лёд.
Сляпой вады
і сэрца завірухі
яе спрабуюць
пагубіць стакроць.
Але душа,
што курчыцца ад скрухі,
штораз валочыць
на паверхню плоць.

* * *

Ты некага не далюбіў,
пашкадаваў лагоды ў слове...
Ты шанец свой не загубіў —
усё наперадзе ў любові.
Няма ў яе канца і меж,
і ёй ніхто не скажа «годзе».
Пакуль ідзеш,
пакуль жывеш,
яна сабе занятак знойдзе.
Ці гэта побач пустка-глуш,
ці шумна лёг агністы горад —
усюды шмат бяздомных душ,
самотных, кінутых на холад.
Краніся з горкіх дум хутчэй,
не заставайся ў іх палоне.
Нясі далей святло вачэй
і цеплыню сваіх далоняў.
Падкажа сэрца, што рабіць —
душа аб тым папросіць слёзна.
Заўсёды помні: далюбіць
ніколі не бывае позна.

* * *

Ах, мары-лятункі,
куды ад вас дзецца?
Спарадкаваць думкі,
прыбраць сваё сэрца.
Мне вэрхал нямілы —
адны перакосы...
Пазбавіцца пылу,
пазбегнуць хаосу.
Няпрошаны вецер,
руйнуючы годнасць,
бліскучага смецця
надзьмуў у свядомасць.
Як ёсць накірункі
да брамы бяссмерця —
фільтруй свае думкі
і поклічы сэрца.

* * *

Замест таго, каб бегчы і спяшацца
Табе насустрач — Ты ж непадалёк, —
найлепшыя свае губляем шанцы
і валачэмся ў процілеглы бок.
Альбо стаім у млявым супакоі.

А час праз сэрца куляю ляціць.
Дыстанцыю між намі і Табою
лянота не жадае скараціць.
Пустых вандровак даганяе змога.
Ды шэпча ноч бяссонная ў жальбе,
што кожны дзень — няўтомная Дарога,
адзіная Дарога — да Цябе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY