Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза
Кс. Антоніу ВІЭЙРА SJ

КАЗАННЕ НА СВЯТА НАРАДЖЭННЯ ПАННЫ МАРЫІ

[ Пачатак у №3(29)/2004]

Святы Ян у Апакаліпсісе ўбачыў новы нябесны знак: Signum magnum apparuit in caelo (Апакаліпсіс, 12 : 1). Жанчына, апранутая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе карона з зорак: Mulier amicta sole, luna sub pedibus ejus, et in capita ejus corona stellarum duodecim. З’явілася ў сонцы і месяцы; у сонцы і зорках з’явілася. Пад нагамі месяц і апранутая ў сонца, дык чаму побач з сонцам з’яўляецца месяц? Але апранутая ў сонца і каранаваная зоркамі? Сонца і зоркі разам? Немагчыма, як мы гэта ўжо разглядалі. Бо ў прысутнасці сонца ўцякаюць і знікаюць зоркі, а застаецца сонца. І застаецца яно таксама ў адзенні жанчыны, дык як жа з’явіліся, як маглі з’явіцца зоркі ў яе кароне? Цяпер вы бачыце, як змянілася сонца пасля таго, як стала адзеннем жанчыны або пасля таго, як жанчына надзела яго! Знак, пад якім сонца з’явілася Св. Яну, быў знакам Панны: Signum magnum apparuit in caelo: Mulier amicta sole. І пасля таго, як сонца увайшло пад знак Панны, пасля таго, як сонца ачалавечылася ва ўлонні Панны Марыі, адразу ж ягоныя праменні сталіся рахманымі, ягоная вялікасць згубіла спалох, велічная ўладарнасць святла сталася такой дабрадзейнай, што зоркі ўжо не ўцякаюць ад яго і не знікаюць, а ім дазволена свяціць і блішчэць побач з сонцам. І гэтае Боскае сонца, што некалі было такім суровым, такім чынам, ачалавечыла непараўнальную веліч свайго святла, супакоіла і стрымала моц сваіх праменняў. Дык ведайма ж, як трэба радавацца ў гэты дзень, як павінен святкаваць народзіны гэтага дабрадзейнага святла ўвесь род чалавечы, і больш за ўсё тыя, хто блюзнерыў на Сонца. Колькі разоў Сонца справядлівасці спальвала зямлю? Колькі разоў спапяліла б сваімі праменнямі мецяжы нашай няўдзячнасці і гідоты нашых грахоў, калі б не было дабрадзейнасці гэтага святла? Дзеля гэтага яно нарадзілася і дзеля гэтага нараджаецца сёння: каб ачалавечыць сонца перад яго нараджэннем і каб стрымаць ягоныя рукі пасля нараджэння: De qua natus est Jesus.

Трэцяя прычына: святло больш універсальнае; а сонца абмежавана часам і месцам. Розніца паміж матэрыяльным сонцам і сонцам справядлівасці. Сонца справядлівасці і егіпецкія ночы. Папа Інакенці ІІІ і параўнанне з Найвышэйшай Песні.

Трэцяй прычынай, чаму трэба святкаваць гэты дзень народзінаў, ёсць тое, што святло больш універсальнае. Святло больш універсальнае, чым сонца, бо сонца заўсёды асвятляе не больш за палову свету і за палову часу. Святло ж асвятляе ўвесь час і ўвесь свет. Сонца ніколі не асвятляе больш за палову свету, таму што калі світае ў нас, настае ноч у нашых антыподаў, а калі світае ў антыподаў, настае ноч у нас. І ніколі не асвятляе больш за палову часу, бо з дваццаці чатырох гадзін прыроднага дню дванаццаць яно адсутнічае ў адным паўшар’і, а дванаццаць у другім. З святлом не так. Святло не мае абмежавання ні ў часе, ні ў месцы: свеціць заўсёды, паўсюль і ўсім. Дзе ёсць сонца, свеціць праз сонца, дзе ёсць месяц, свеціць праз месяц, а дзе няма ані сонца, ані месяца, свеціць праз зоркі, але свеціць заўсёды. Такім чынам, няма ані часткі свету, ані моманту часу, удзень ці ўначы, дзе б святло ні было заўсёды, ярчэйшае або слабейшае. Такая воля Боская ад пачатку свету. Дзеля сонца Бог абмежаваў паўнамоцтвы ў часе і месцы; святлу Ён надаў не абмежаваныя паўнамоцтвы, а абсалютныя дзеля кожнага месца і ў кожны час. Дзеля сонца Бог абмежаваў час, каб яно свяціла ўдзень: Luminare majus ut praeesset diei (Быццё, 1, 16). І абмежаваў яму месца, таму што хацеў, каб яно даходзіла ў тропіках пад сузор’і Рака і Адзінарога і не ішло далей. А вось святлу Ён не абмежаваў час, загадваючы яму свяціць удзень праз сонца, а ўначы праз месяц і зоркі: Luminare majus ut praeeset diei; luminare minus ut praeesset nocti, et stellas (тамсама). І не вызначыў святлу абмежаванне месца, бо хацеў, каб яно свяціла не толькі ў тропіках, але па-за імі. І вось святло дзейнічае так, свецячы ў тропіках праз сонца і месяц, а па-за тропікамі праз зоркі, каб такім чынам, у святле і ў цемры, у прысутнасці і ў адсутнасці сонца, святло было б заўсёды.

Тая ж розніца існуе паміж сапраўдным святлом і сапраўдным сонцам, Хрыстом і Ягонай Маці. Хрыстус ёсць сонца свету, але сонца, якое валодае пэўным паўшар’ем, сонца, якое мае сваіх антыподаў, сонца, якое, калі нараджаецца (узыходзіць), нараджаецца для некаторых, а не для ўсіх. Бог так кажа вуснамі прарока Малахіі: Orietur vobis timentibus nomem meum sol justitiae (Maлахіі, 4, 2): А вам, любабаязныя перад імем Маім, узыдзе сонца справядлівасці. – Прарок кажа не пра ласку збаўлення, якая ёсць універсальнай для ўсіх, але пра ласку асвечаную і дзейсную, з якой многія за свой грэх выключаныя. Таму ён кажа, што сонца справядлівасці нараджаецца (узыходзіць) не для ўсіх, а толькі для тых, хто яго баіцца. Калі разглядаць увесь гэты свет, то ён падзяляецца на два паўшар’і: адно паўшар’е тых, каторыя баяцца Бога, другое паўшар’е тых, каторыя не баяцца Яго. Толькі ў паўшар’і тых, каторыя баяцца Бога, нараджаецца сонца справядлівасці, і толькі для іх настае дзень; толькі яны асветленыя. У паўшар’і тых, каторыя не баяцца Бога, ніколі не з’яўляецца сонца; там вечная ноч, усе занураныя ў цемру і змрок. У гэтым сэнсе прарок назваў сонца сонцам справядлівасці: Sol justitiae. Матэрыяльнае сонца, калі добра задумацца, ёсць сонцам без справядлівасці, таму што яно служыць усім аднолькава, з’яўляючыся як добрым, так і ліхім: Qui solem suum oriri facit super bonos et malos (Мацвея, 5, 45). Ці магчыма, каб сонца з’явілася б як добраму, так і ліхому? Як хрысціяніну, так і нявернаму? Таму, хто пакланяецца Богу, і таму, хто пакланяецца ідалу? Ці з’явіцца сонца рупліваму, як і ляніваму? Як таму, хто расчыняе яму акно, так і таму, хто зачыняе яго. Як таму, хто працуе, не пакладаючы рук, і чакае яго, так і злодзею, які брыдзіць ім? Уяўная несправядлівасць матэрыяльнага сонца! Не такое ёсць Сонца Справядлівасці. Гэта ёсць Сонца Справядлівасці, таму што яно трактуе кожнага паводле заслугаў. Яно ўзыходзіць толькі для добрых, а ад ліхіх хаваецца; асвятляе толькі тых, каторыя яго баяцца, а тыя, каторыя не баяцца, вечна жывуць у цемры.

Цяжка ўявіць сябе, што ў тым жа паўшар’і, тым жа горадзе, а часам ў тым жа доме ёсць асветленыя і побач з імі тыя, што жывуць у цемры; але так ёсць, і гэта можна ўбачыць сваімі вачыма па ўсім свеце штодня. Адной з караў егіпецкіх была цемра. У Пісанні напісана і сказана так: Factae sunt tenebrae horribiles in universa terra Aegypti. Nemo vidit fratrem saum, nec movit se de loco in quo erat; ubicumque autem habitabant filii Israel, lux erat (Зыход, 10, 22, 23): І была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай. Не бачылі адзін аднаго, і ніхто не ўставаў з месца свайго, а ва ўсіх сыноў Ізраілевых было святло ў селішчах іхніх. – Які цуд! Па ўсёй зямлі Егіпецкай былі селішчы, дзе жылі толькі егіпцяне, іншыя, дзе жылі разам яўрэі і егіпцяне. У тых селішчах, дзе жылі егіпцяне, усё было ахутана цемрай; у тых, дзе жылі яўрэі, было светла. У тых, дзе жылі разам яўрэі і егіпцяне, яўрэі былі асветленыя, а егіпцяне ахутаныя цемрай. Тое, што ў Егіпце было карай Майсея, ёсць ва ўсім свеце карай Сонца Справядлівасці. Ёсць у свеце шмат селішчаў, дзе ўсе грэшнікі; у некаторых селішчах усе праведнікі; больш звычайна, калі сярод жыхароў адні праведнікі, іншыя грэшнікі. Ва ўсёй гэтай разнастайнасці селішчаў і людзей дзейнічае кара Сонца Справядлівасці так жа сама, як кара Майсея ў Егіпце. У селішчах, дзе ўсе праведныя, усе асветленыя; у селішчах, дзе усе грэшнікі, усе ахутаныя цемрай; у селішчах, дзе ёсць грэшнікі і праведнікі, праведнікі асветленыя, а грэшнікі ахутаныя цемрай. Такім чынам, Сонца Справядлівасці, як мы пра яго гаворым, ёсць сонца настолькі адмысловае і дзейнічае яно настолькі выбарачна, што не толькі ў свеце ёсць розныя паўшар’і, але і ў тым самым доме ёсць антыподы.

Святло, што сёння нараджаецца, не для ўсіх, не на ўсе часы і не ў кожнае месца, і не заўсёды. Анёлы ўбачылі, як нараджаецца гэта прыўкраснае святло і, ўражаныя яго прыгажосцю, сказалі так: Quae est ista quae progreditur quasi aurora consurgens, pulchra ut luna, electa ut sol? Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка? (Найвышэйшая песня Саламонава, 6, 10). – Анёлы параўноўваюць гэтую жанчыну з зарой, месяцам і сонцам. І здаецца, выказваюць у трох параўнаннях менш, чым выказалі б у адным. Калі б сказалі толькі, што яна падобная да сонца, то выказалі б больш, бо сонца памяншае месяц, зара саступае сонцу. Дык з якой прычыны, а без сур’ёзнай прычыны гэта было б немагчыма, такія вялікія розумы, як анёлы, ужываюць такія разнастайныя прыпадабненні і параўноўваюць Пані з нараджэннем зары, месяца і сонца? Папа Інакенці ІІІ раскрыў гэтую таямніцу. Анёлы параўноўваюць Нараджэнне Марыі і з сонцам, і з месяцам, і з зарой, каб паказаць, што Пані ёсць святло ўсіх часоў. Усіх часоў, нягледзячы на тое, ці ўдзень, ці ўначы, ці ў няясную гадзіну, што паміж ноччу і днём. Удзень свеціць сонца, уначы свеціць месяц, у гадзіну паміж ноччу і днём свеціць зара. Таму менавіта анёлы назвалі Пані і зарой, і месяцам, і сонцам, каб паказаць, што святло свеціць ва ўсе часы. Святло, што сонцам асвятляе ўдзень; святло, што месяцам асвятляе ўначы; святло, што асвятляе зарой, калі няма ні дня, ні начы. Чым жа ёсць або што азначаюць гэтыя тры часы? Паслухаем цяпер Інакенція: Luna lucet in nocte, aurora in diluculo, sol in die. Nox autem est culpa, diluculum poenitencia, dies gratia: Месяц асвятляе ўначы, і ноч ёсць грэх; зара асвятляе на золку, і зара ёсць пакаянне; сонца асвятляе ўдзень, і дзень ёсць дараванне. І для ўсіх гэтых часоў, для ўсіх станаў Марыя ёсць універсальным святлом. Святлом для праведных, якія ў ласцы, святлом для грэшных, якія ў граху, і святлом для тых, хто пакаяўся і хоча адысці ад граху і займець дараванне: Qui ergo jacet in nocte culpae, respiciat lunam, deprecetur Mariam; qui surgit ad diluculum poenitentiae, respiciat auroram, deprecetur Mariam; qui vivit in dia gratiae, respiciat solem, deprecetur Mariam. Таму, заключае вялікі пантыфік, калі вы грэшнікі і ахутаныя ноччу граху, зірніце на месяц, маліцеся Марыі, каб Яна асвятліла вас і вывела з начы граху да зары пакаяння. Калі вы каецеся, то для вас раніца пакаяння, узніміце вочы да зары, маліцеся Марыі, каб Яна асвятліла вас і вывела з раніцы пакаяння ў дзень даравання. Калі вы праведныя, то для вас дзень даравання, узніміце вочы да сонца, маліцеся Марыі, каб Яна падтрымала вас і ўзвысіла вас у гэты дзень, бо ад гэтага дня ўжо няма куды больш ісці. Так гэтае велічнае святло ўсеагульна асвятляе ўсіх, не разбіраючы ні часу, ні стану. Сонца справядлівасці асвятляе толькі тых, хто яго баіцца: Timentibus nomem meum. Але Святло мілажальнае асвятляе і тых, хто баіцца, таму што баіцца яго, і тых, хто не баіцца, каб яны баяліся яго, асвятляе ўсіх. Сонца справядлівасці нараджаецца (узыходзіць) толькі для праведных, а Святло мілажальнае нараджаецца для праведных і яшчэ больш для грэшных. І такім чынам, ёсць больш універсальным святлом, што нараджаецца сёння, святлом, з якога нарадзілася само сонца: De qua natus est Jesus.

Чацвёртая і апошняя прычына: імклівасць Марыі. У Кане яшчэ не настаў час Езуса, а ўжо настаў час Марыі. Прыйсце Хрыста і Марыі, прадказаныя Давідам і Св. Янам. Марыя і таямніца хросту. Прычына паразы пяцёх дзеў неразумных. Папярэджанне Абакума. Марыя і маці Ісаака.

Чацвёртая і апошняя прычына, чаму трэба святкаваць гэты дзень: таму што святло больш за ўсё неабходнае для нашай карысці. Святло неабходнае больш, чым сонца – гэта ёсць праўда, якую мы бачым вачыма. Сонца прыходзіць з усходу і на працягу дванаццаці гадзін ідзе на захад. На ўсходзе з’яўляецца святло, і ў адно імгненне захад адсунуты далёка, і святло разліваецца і распаўсюджваецца да далягляду, імгненна асвятляючы свет. Сонца, як кажуць астролагі, за час пралятае трыста восемдзесят тысяч легваў (1 легва = 5 км. — Заўвага перакладчыка). Вялікая хуткасць! Але ўся гэта хуткаснасць і лёгкасць сонца нішто ў параўнанні са святлом. Сонца праходзіць свой шлях на працягу гадзін, дзён, гадоў, стагоддзяў; святло — заўсёды імгненне. Сонца ўзімку, здаецца, узыходзіць пазней, а ўлетку раней, але сонца ніколі не ўстае гэтак рана, каб яго нашмат не апярэдзіла святло. О, святло Боскае, у гэтай хуткасці ты ўяўляешся нам падобным да натуральнага святла!

Былі запрошаныя на вяселле святло і сонца: Хрыстус і Марыя. Пасярод свята забракавала віна. Пасля захаду сонца і перад ягоным узыходам Ён сатварыў вялікія цуды. Калі мілажальная Маці хацела дапамагчы выправіць гэты недахоп, яна звярнулася да Сына. Але Пан адказаў так суха, нібыта не хацеў заўважыць гэтага: Quid mihi et tibi est mulier? Nondum venit hora mea (Яна, 2, 4): Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая. – Заўважу тут: не прыйшла гадзіна рабіць дабро? Немагчыма яшчэ схаваць недахоп і выправіць яго? Немагчыма дапамагчы ў патрэбе? Дык вось як адказвае Хрыстус, што не прыйшла Ягоная гадзіна? Nondum venit hora mea? І калі не прыйшла Ягоная гадзіна, як жа Пані згадвае пра дапамогу? Прыйшла гадзіна Марыі, і не прыйшла гадзіна Хрыста? Так, як Марыя ёсць святло, а Хрыстус – сонца, то гадзіна сонца заўсёды прыходзіць пасля гадзіны святла: Nondum venit hora mea. Яшчэ не прыйшла гадзіна сонца, а гадзіна святла ўжо настала. Таму кажа Хрыстус Сваёй Маці вельмі выразна: Quid mihi et tibi? Як бы кажучы: Пані, выправі розніцу, што ёсць паміж Мною і Табою ў справе дапамогі людзям, якую Ты хацела б, каб я аказаў цяпер. Ты ім дапаможаш, і Я ім дапамагу; Ты абароніш, і Я іх абараню; Ты іх выбавіш, і Я іх выбаўлю. Але Ты спярша, а Я потым; Ты цяпер, а Я пазней; Ты ў сваю гадзіну, якая ёсць раней за Маю, а Я ў маю, якая ёсць пасля Тваёй: Nondum venit hora mea. Гэта тая розніца, якую Святы Ансэльм рашыўся аднойчы выказаць, і якую пасля яго многія паўтараюць: Velocior nonnunquam salus memorato nominee Mariae quam invocato nomine Jesus: Здараецца, калі патрэбна тэрміновая дапамога, называецца імя Марыі, а не Хрыста. – Часам, кажа святы, а я хацеў бы, каб ён сказаў – заўсёды ці амаль заўсёды. Паглядзіце, ці я маю рацыю. Усе шляхі Хрыста і Марыі скіраваны на дапамогу людзям; але я ўжо адзначыў, што Цар і Царыца нябесныя абралі вельмі розныя павозкі, на якіх яны спяшаюцца нам на дапамогу. Хрыстус абраў павозкай сонца, а Марыя святло. Першую ўбачыў Давід: In sole possuit tabernaculum suum (Ён паставіў у іх жытло сонцу. – Псалтыр, 18, 5). Другую ўбачыў Святы Ян: Et luna sub pedibus ejus (Пад нагамі ў яе месяц. – Апакаліпсіс, 12, 1). Тутака, у зямных палацах, мы бачым цара і царыцу, як яны выязджаюць і едуць у адной павозцы. Чаму так не робяць Цар і Царыца нябесныя? З якой прычыны Царыца нябесная не з’яўляецца ў той жа сонечнай павозцы, што і Яе Сын? Чаму Яна абрала сябе іншую павозку, павозку месяца? Я гэта скажу. Месяц больш шпарка аблятае свет. Сонца аблятае свет паводле знакаў задыяка на працягу года; месяц — менш чым за трыццаць дзён. Сонца аблятае свет на працягу года толькі адзін раз; месяц — дванаццаць разоў, і яшчэ яму застаюцца дні і гадзіны. І калі крылы, што цягнуць павозку месяца, значна больш лёгкія, чым вогненныя коні, што цягнуць сонечную павозку, то таму Хрыстус з’яўляецца ў сонечнай павозцы, а Марыя ў месяцавай. Гэта не маё меркаванне, а меркаванне прарочае, пацверджанае сведчаннем першай і другой уявы ды наступствамі абедзвюх. Хрыстус узяў сабе сонечную павозку, і што адбылося? Exultavit ut gigas ad currendam viam, – кажа Давід (Радуецца, быццам волат, прабегчы дарогу-прагон. — Псалтыр, 18, 6): Сонца нацягнула павады павозкі і панесла Хрыста гіганцкімі крокамі. – Марыя ўзяла сабе месяцавую павозку, і што адбылося? Datae sunt mulieri alae duae aquilae magnae, ut volaret, — кажа Святы Ян (І дадзены былі жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела. – Апакаліпсіс, 12, 1). Такім чынам, Хрыстус нясецца ў сонечнай павозцы гіганцкімі крокамі, а Марыя ў месяцавай павозцы ляціць на крылах арла. І калі супастаўляць арлоў з волатамі, крылы з нагамі, а палёт з рухам, то яўнай стане хуткая лёгкасць, з якой прыходзіць нам на дапамогу Марыя, якой бы ні была вялікай дапамога Хрыста. Ці не прыходзіць вам на дапамогу ў вашых справах першым адвакат, а не суддзя? Дык Хрыстус гэта суддзя, а Марыя – адвакат.

Але не пакінем без развагі гэтае сведчанне евангеліста: Aquilae magnae. Крылы, з якімі ён бачыў Пані, былі не толькі арлінымі, але таксама вялікага арла. Такім чынам, Хрыстус, каб прыйсці на дапамогу крокамі большымі за чалавечыя, абраў ногі волата: Exultavit ut gigas; а Пані, каб прыйсці нам на дапамогу крокамі большымі за крокі волата, абрала крылы арла: Datae sunt mulieri alae duae aquilae. Але гэтыя крылы належалі не абы-якому арлу, а арлу вялікаму: Aquilae magnae, каб спаборніцтва і перавага былі б, як паміж волатамі. Чым жа ёсць вялікі арол, як не волатам сярод птушак? Хрыстус, рухаючыся, як волат, але, як волат сярод людзей. Пані, рухаючыся, як волат, але, як волат сярод птушак. Хрыстус, як волат, што мае ногі, а Пані, як волат з крыламі. Хрыстус, як бягучы волат; Пані, як волат, што ляціць. Хрыстус, як волат зямны; Пані, як волат паветраны. Але так павінна быць, каб Пані магла несці нам дапамогу сапраўды незвычайна. А найбольш незвычайным спосабам ісці на дапамогу з найбольшай хуткасцю ёсць палёт у паветры. Так робіць мілажальная Панна. Хрыстус крокамі волата спяшаецца на дапамогу людзям, а Панна на крылах арла спяшаецца ў паветры. І святло таксама мы бачым заўсёды ў паветры.

І чаму, калі мы ўбачылі розніцу, праз якую велічнае святло апярэджвае Боскае сонца па хуткасці, з якой яно нясе нам дапамогу, мы разглядаем іх разам і параўноўваем іх паасобку? Што мы адкрыем праз гэта? Які цуд! Адкрыем, што калі да нас спяшаецца дапамога, то гэта хуткасць святла, а калі яна часам спазняецца, то гэта спазненне сонца. Слова сталася целам ва ўлонні Панны Марыі, і евангеліст кажа, што потым Пані нарадзіла Свайго Сына, вызваляючы дзіця Хрысціцеля ад спрадвечнага граху: Exurgens autem Maria abiit in Montana cum festinatione (І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя паспяшалася ў нагорную краіну. – Лукаш, 1, 39). Урэшце нарадзіўся Хрыстус, рос, жыў, памёр, уваскрос, і ў самы дзень Богаз’яўлення на трыццаць чацвёрты год навучыў таямніцы Хросту: Baptisantes eos in nominee Patris, et Filii, et et Spiritus Sancti (Хрысцячы іх у імя Айца і Сына і Святога Духа. – Мацвея, 28, 19). Хрост, як вы ведаеце, ёсць збаўленнем ад спрадвечнага граху, ад якога Хрыстус найперш хацеў збавіць свет як будаўнік на руінах Адама. Калі Хрыстус прыйшоў у свет, каб найперш збавіць ад прадвечнага граху, а прыходзячы ў свет, адразу ж збавіў дзіця Хрысціцеля, чаму ж працягнулася на столькі гадоў збаўленне ад гэтага граху? Сталася ў адно імгненне, а потым працягнулася на столькі гадоў? Так. Таму што Хрыстус быў у Сваёй Маці: Exurgens Maria; а потым выйшаў і адзяліўся ад Яе. У выбаўленні ад правінаў роду чалавечага па-рознаму спяшаўся Хрыстус у сябе і Хрыстус у Сваёй Маці. Хрыстус у Сваёй Маці дзейнічае праз Яе, а Яна, як святло, дзейнічае імгненна. Хрыстус па-за Сваёй Маці дзейнічае праз Сябе, і дзейнічае, як сонца, на працягу доўгага часу. Досвед пацвярджае мае словы. Калі да нас спяшаецца дапамога, то гэта спяшаецца Боскае святло. А калі затрымліваецца або губляецца па нашай віне, гэта спазненне сонца.

З дзесяці дзеваў Евангелля пяцёра былі згублены ў неверагодным няшчасці. І ясна, што прычынай згубы была іхняя неразумнасць, а праявай гэтай прычыны было спазненне маладых. Калі б маладыя не затрымаліся да поўначы, не згаслі б свяцільні, а калі б не згаслі свяцільні, не былі б адлучаныя пяцёра дзеваў. Цяпер я пытаюся. Каторы з двух заручаных замарудзіўся? Малады ў гэтай прыпавесці — гэта Хрыстус, а нявеста – Марыя. Каторы з абодвух замарудзіўся, калі не абодва? Малады або нявеста? Хрыстус або Ягоная Маці? Не трэба шукаць адказу ў каментатараў: само Пісанне нам кажа: Moram autem faciente sponso, dormitaverunt omnes, et dormierunt (Мацвей, 25, 5): І калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі. – Такім чынам, замарудзіўся малады. Сапраўды, малады і нявеста былі разам, але замарудзіўся і быў прычынай спазнення менавіта малады: Moram autem faciente sponso. Суаднясем цяпер гэта няшчасце дзеваў з шчаснасцю Хрысціцеля. Дапамога дасягнула Хрысціцеля імгненна: дык хто ж спяшаўся? То былі разам Марыя і Хрыстус, але спяшалася Марыя: Exurgens Maria abiit in Montana cum festinatione. Дзевы згубілі сваё шчасце, як гэта заўсёды здараецца, з-за спазнення: але хто замарудзіўся? Былі разам малады і нявеста, але замарудзіўся малады: Moram autem faciente sponso. Боскі малады нашых душ – Ён ніколі не пакідае нас і ніколі не замаруджвае; гэта нас саміх няма на месцы, гэта мы замаруджваем. Ягоная імклівасць – ад Ягонай Найсвяцейшае Маці, яна з той жа крыніцы, што і бязмежная любоў, якая ратуе нас. Але Пані, каб задаволіць і прывесці ў адпаведнасць з воляй самога Хрыста, прыходзіць на дапамогу, падтрымлівае, ратуе людзей так рупліва, так уважліва, так імкліва, што часам, як у гэтым выпадку, імклівасць Яе Сына ў параўнанні з Ягонай падаецца замаруджваннем. Усё ў тым, што Ён – сонца, а Яна – святло. Сонца ніколі не замаруджвае, таму што той, хто з’яўляецца ў свой час, не замаруджвае. Так кажа пра гэта прарок Абакум, кажучы не пра што іншае, а пра самога Хрыста: Simoram fecerit, expecta illum, quia veniens veniet, et non tardabit: І хоць бы і замарудзіла, чакай яго, бо мусова збудзецца, не адменіцца (Абакума, 2, 3). – Як жа не адменіцца, калі ўжо замарудзілася і яшчэ не збылася: Si moram fecerit, non tardabit? Гэта спазненне сонца, якое, калі здаецца, што замаруджвае, не спазняецца, бо ведае, калі мусіць з’явіцца. Але гэта ж сонца ў адпаведнасці са сваім прызначэннем ніколі не замаруджвае, ніколі не спазняецца, калі параўноўваць яго з імклівасцю святла. Святло заўжды ідзе наперадзе, святло заўжды першае, заўжды святло апярэджвае і прадвызначае сонца.

О, Боскае святло – Марыя, шчаслівец той, хто заслужыў раскошу Тваёй ласкі! Шчаслівец той, хто далучыўся да ліку абраных Табой, асветленых Табой! Імкнуся з аднаго боку да Цябе, а з другога боку да Твайго Сына, казаў вялікі раб і абранец абодвух: Positus in medio, quo me vertam? Што значыць: знаходзячыся паміж абодвух, не ведаў Аўгустын, у які бок звярнуцца. – І калі Аўгустын прызнаецца, што не ведае, ён пакутуе, як кожны чалавек у няведанні. Ut minus sapiens dico: кажу як цёмны чалавек: Найсвяцейшая Панна, выбачыць мяне Твой Сын ці не выбачыць, што я звяртаюся да Цябе. Ён пакінуў некалькі разоў Свайго Айца дзеля Сваёй Маці; і не здзівіцца, што я зраблю тое самае. Бацька больш любіў і апекаваўся Ісавам; Якуба больш любіла і апекавалася ім ягоная Маці; але дабраславенне атрымаў Якуб. Дык чаму Якуб атрымаў дабраславенне? Таму што, як мы ўжо сказалі: Маці дзейнічала больш неадкладна ў параўнанні з бацькам. Quomodo tam cito invenire potuisti, fili mi? І сказаў Ісаак сыну свайму: Што так хутка знайшоў ты, сыне мой? (Быццё, 27, 20). Хацеў Ісаак учыніць дабраславенне свайму першынцу. – Што адказаў яму Якуб? Ведаючы, што ўсё сталася дзякуючы руплівасці і імклівасці дзеянняў ягонай Маці, ён адказаў, што гэта воля Боская: Voluntas Dei fuit (тамсама). І так сталася. Маці Якуба прадстаўляла ў гэтым выпадку Маці Найсвяцейшую, і каму імклівасць дзеянняў гэтай Маці, таму і воля Боская. Ісаву была імклівасць дзеянняў бацькі, але калі ён прыйшоў, то спазніўся. Таму што хаця сонца спяшаецца, але заўжды святло дасягае нас раней: Quomodo tam cito? Імклівасць Маці апярэдзіла імклівасць бацькі. Таксама і сёння: святло ўжо нарадзілася, а сонца яшчэ толькі мусіць нарадзіцца. De qua natus est Jesus.

Заключны зварот. Святы Тамаш святлом вымярае дасканаласць рэчаў. Святы Якуб і дары Боскія, айцец святла. Малітва.

А цяпер, хрысціяне, пераканаўшыся, што гэта велічнае святло, універсальнае для ўсіх і ўсяго, імкліва прыходзіць нам на дапамогу, пераканаўшыся, што яно такое ўшанаванае і аблашчанае сонцам, хадзем жа ўсе пад крылы гэтай велічнай патронкі. Каб Яна дала нам цень і дала нам святло. Каб дала нам цень і абараніла нас ад праменняў Сонца справядлівасці, якія мы заслужылі праз нашы грахі. Каб дала нам святло, і мы маглі б адысці ад грахоў, бо Яна – Пані Святла. Гэтую цудоўную жанчыну Апакаліпсіса, якую Святы Ян убачыў з разгорнутымі крыламі, увесь Касцёл прызнае Паннай Марыяй. І мы можам дадаць, што гэта Панна была паводле імя і паклікання Паннай Святла. Святло сведчыць аб гэтым і дэманструе, што Яна ад п’едэстала да самай кароны была святлом: п’едэстал – месяц, адзенне – сонца, карона – зоркі; уся з святла і ўся святло. А потым Пані Святла мела разгорнутыя крылы; хадзем жа пад крылы, там ёсць месца для многіх, каб стацца дзецьмі святла. Dum lucem habetis, credite in lucem ut filii lucis sitis, — кажа Хрыстус (Яна, 12, 36): Пакуль святло з вамі, верце ў святло, і будзьце сынамі святла. Ведаеце, хрысціяне, чаму мы яшчэ не сталіся сынамі святла? А таму што яшчэ не верым у святло. Уверуем жа ў святло, уверуем, што няма большага дабра ў свеце за святло. І сваімі пачуццямі дапаможам сабе ў гэтай веры.

Чаму людзі шануюць золата і срэбра больш за іншыя металы? Таму што ў іх ёсць нешта ад святла. Чаму мы шануем дыяменты і каштоўныя камяні больш за іншыя камяні? Таму што ў іх ёсць нешта ад святла. Чаму мы шануем шоўк больш за воўну? Таму што ў ім ёсць нешта ад святла. Праз святло мы ацэньваем людзей і кошт рэчаў і ацэньваем слушна, таму што чым больш у іх ад святла, тым яны больш дасканалыя. Глядзіце, што зазначыў святы Тамаш: у гэтым бачным свеце адны рэчы недасканалыя, іншыя дасканалыя, а іншыя найдасканалейшыя. І ён зазначае з анёльскай пранікнёнасцю і ўважлівасцю, што найдасканалейшыя рэчы маюць святло і даюць святло; дасканалыя не маюць святла, але прымаюць святло; недасканалыя ані не маюць святла, ані прымаюць яго. Планеты, зоркі і стыхія агню, якія з’яўляюцца найвышэйшымі і найдасканалейшымі стварэннямі, маюць святло і даюць святло. Стыхіі паветра і вады, якія з’яўляюцца празрыстымі і дасканалымі стварэннямі, не маюць святла, але прымаюць святло. Зямля і ўсе целы зямныя, якія з’яўляюцца стварэннямі недасканалымі і грубымі, ані не маюць святла, ані прымаюць святло, а хутчэй адбіваюць яго і застаюцца ў сабе. Цяпер, калі Бог даў нам нябесную душу, мы не належым зямлі. Прымайма ж святло, любіцьма святло, шукайма святло і спазнайма, што ані мы не здольныя і не можам, ані Бог нам не можа даць дабра, апрача святла, якое ёсць сапраўдным дабром. Паслухайма цудоўныя словы апостала Якава з ягонага паслання:

Omne datum optimum, et omne donum perfectum de sursum est, descendens a Patre luminum (Пасланне Якава, 1, 17): Усялякае данне добрае і ўсялякі дар дасканалы зыходзіць з гары, ад Айца святла. Заўважце, як сказана! Такім чынам, калі Бог дае нам данне добрае, якое сапраўды добрае, калі Бог дае нам данне добрае, якое сапраўды дасканалае, Ён завецца не Бог – Айцец мілажальны, не крыніца выбачэння: Ён завецца Айцец ззяння і крыніца святла, таму што Бог дае нам добрыя данні ў ззянні і святле, і ад іх данні ёсць добрыя і дасканалыя. Шмат з таго, што мы называем дарамі Боскімі, без святла становіцца сапраўды злом, а шмат з таго, што мы называем злом, праз святло становіцца дабром. Дабрадзействы без святла ёсць карамі, а кары праз святло становяцца дабрадзействамі. Шчасце без святла ёсць няшчасцем, а няшчасце праз святло становіцца шчасцем. Багацце без святла ёсць беднасцю, а беднасць праз святло становіцца вялікім багаццем. Здароўе без святла ёсць хваробаю, а хвароба праз святло становіцца здароўем. Урэшце ёсць святло або няма святла – і ў гэтым заключана ўсё дабро і зло гэтага жыцця і таксама ўсё жыццё іншага. Таму задумайцеся, чаму святыя сталіся святымі? Адно таму, што мелі святло, якога бракуе нам. Яны пагарджалі тым, што мы шануем, яны пазбягалі таго, што мы шукаем, яны кідалі пад ногі тое, што мы ўскладаем на голаў, таму што яны бачаць рэчы ў іншым святле, чымсьці мы. Таму Давід ва ўсіх псальмах, таму прарокі ва ўсіх сваіх казаннях і Касцёл у сваіх казаннях не перастаюць маліць Бога аб святле, каб Ён даў больш святла.

Сёння ёсць дзень, хрысціяне, для ўзнясення гэтых малітваў. Памолімся сёння аб святле ў нашым змроку, памолімся аб святле ў нашай цемры, памолімся аб святле ў нашай слепаце. Аб святле, праз якое мы пазнаем Бога, аб святле, праз якое мы пазнаем свет, аб святле, праз якое мы пазнаем сябе. Расчынім жа дзверы святлу, каб яно асвятліла нашыя дамы; расплюшчым жа вочы святлу, каб яно асвятліла нашы сэрцы; адкрыем жа сэрцы святлу, каб яно назаўжды засталося ў іх. Хадзем жа, хадзем шукаць святло да гэтай крыніцы святла, і мы вернемся з душамі, поўнымі святла. Праз гэтае святло мы спазнаем, куды нам трэба ісці; праз гэтае святло мы спазнаем, куды нам трэба глядзець; праз гэтае святло, урэшце, мы знойдзем святло, у якім жыве Бог. Апостал назваў яго святлом недасягальным: Qui lucem inhabitat inaccessibilem (Першае пасланне да Цімафея, 6, 16). Яно толькі праз святло, што нараджаецца сёння, можа з’явіцца ўвасобленым у сонцы, якое народжана ад Яе: De qua natus est Jesus.

Antonio Vieira.
Sermao do Nascimento da Virgem Maria.

Пераклаў з партугальскай мовы Валеры Буйвал


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY