Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза

Наталля Арсеньева. Фота 1970-х гг.
Ала СЯМЁНАВА

НАКАНАВАННЕ

Э С Э

Магутны Божа! Ўладар сусветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхай і ветлай
рассып праменне Свае хвалы.

Гэтая малітва, рэлігійна-патрыятычны гімн Наталлі Арсенневай (а верш менавіта так і названы — «Малітва»), гімн на музыку Міколы Равінскага, увайшоў у наша духоўнае быццё неяк адразу, неўпрыкмет, нібыта і заўсёды быў з намі, беларусамі, каталікамі, хрысціянамі.

Малітва... Нязменная канстанта веры... Непарыўная сувязь яе з жыццём... Просьба аб Божай дапамозе, што абапіраецца на веданне задумы Божай...

Малітва агульная і асабістая... Малітва падчас выпрабаванняў... Малітва, насычаная надзеяй... Малітва ў імкненні да сапраўднай ласкі... Малітва ўдзячнасці... Малітва, прасякнутая Духам Любові...

Малітва... Калі звяртаюцца да Пана Бога з самым запаветным... Калі просяць за самае дарагое...

І паэт Наталля Арсеннева звярталася да Пана Бога. Прасіла не за сябе. За Беларусь, за народ Беларусі...

Павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласць — дай!
Дай урадлівасць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчаслівай
краіну нашу і наш народ!

... Свабода... Шчасце... Адраджэнне... Уваскрэсенне... Уваскрэсенне — у шырокім сэнсе... І ў тым, сакральным, што кожнага году наноў перажывае кожны хрысціянін...

Рэалізм Уваскрэсення... Вечная Радасць... Вечнае Хваляванне... Для Наталлі Арсенневай гэты вызначальны момант, аснова рэлігійнага вопыту, нерв хрысціянскага светаўспрымання — цуд Навяртання, цуд далучэння да Вечнага Жыцця, сапраўднага праяўлення ў зямным Вышэйшага Жыцця, рэальна спазнанае, адчутае. Яна не проста імкнецца, яна не можа не высловіць сваё чуццё.

Ён уваскрос, —
         Ён дзесь між намі,
Ён там, дзе ў срэбным пыле лоз,
у сіняй смузе над палямі
вісіць вясна...
         Ён уваскрос.
(«Ускрэсні»)

Моц Божая, Жыццё Духа — яны даюць паэтцы Наталлі Арсенневай сілы, мацуюць веру. Даюць надзею. На светлату Быцця. На тое самае шчасце свайго народа, з просьбай пра якое яна звярталася.

Ускрос,
         і зноў па Беларусі
перад табой ідзе Хрыстос...
Здымае з душ настылых вусціш,
багаслаўляе соладзь кроз...

Паэтка верыць у наканаванне Божае і гістарычную справядлівасць:

...ускрэсне Край,
         бо й Ён уваскрос!
Мацней за смерць,
         за ўсё,
         каханне
зямлі, дзе ад дзіцяці ўзрос...
Устань жа, ўстань,
ускрэсні сяння,
         мой Край, як уваскрос Хрыстос!

Гэты верш — «Ускрэсні» — датаваны 1953 годам. У краіне паэткі, на Беларусі, вера не ў пашане. Афіцыйна... «Опіум для народа»... А для паэткі Наталлі Арсенневай вера — крыніца волі, энергіі, духоўны корань творчасці і духоўны прыстанак... Ратунак ва ўсіх жыццёвых абставінах... «Закон духа жыцця ў Езусе Хрысце» (Рым 8, 2) — мера існавання, сэнс Быцця...

І Наталля Арсеннева зноў і зноў вяртаецца думкай да Яго, да Яго вобраза.

І была там вясна,
         як наша,
хай не лозы цвілі, а міндаль:
распалялі зялёныя пашы
весніх красак пурпурны вугаль.
.............
Срэбна-шэра
         курэў гарэшнік,
шнур алівак і вінных лоз...
А вясне напярэймы, сцежкай,
ціха йшоў
         уваскрослы Хрыстос.

(«І была там вясна...»)

Хрыстос, якога не кожнаму дадзена было пазнаць, Хрыстос, што «рукою Прачыстай, ідучы, бласлаўляў у палёх каласы» («Каласы»). І гэтая благаслаўлёная Ім рэчаіснасць, патаемна-сакральная сутнасць свету для Наталлі Арсенневай непарыўна звязаная з Айчынай:

Крылы вецер раскінуў, узняў
над крыжамі й паплыў
даляглядам
весціць радасць Вялікага Дня
Уваскрэшэння светлую радасць.
Радасць скрозь,
         бо ж на свеце вясна,
сонца, наквець, вясновыя ліўні...
Расшуміцца й Табе яна,
край мой родны
і незабыўны.
(«Радасць»)

...Калі пісаліся гэтыя радкі, Наталля Арсеннева даўно ўжо была ў эміграцыі, далёка ад роднага краю... І нават імя яе было забаронена згадваць.

І, безумоўна, вера дапамагала паэтцы выстаяць у жыццёвых выпрабаваннях: пасля прыходу Саветаў у Заходнюю Беларусь — арышт мужа, потым высылка яе з сынамі, без аніякіх падстаў, у Казахстан, вяртанне — дзякуючы намаганням Максіма Танка. Вайна... Якую яна ўспрымала, калі меркаваць па вершах, як няшчасце наогул. Па-чалавечы. Па-жаноцку. «Колькі ж, колькі віхор вайны сэрцаў людскіх разбіў, пакалечыў». Пакутліва задумваецца — дзе яна, гармонія свету, дзе раўнавага сіл душы: «Я пішу... Навошта я пішу? Па шчырасці — не знаю. Бо ж не вершы ў свеце ўзнімаюць шум і не рыфмы шум той сунімаюць».

Але ж яна піша. І друкуецца. Да таго часу, да пачатку Другой сусветнай вайны, Наталля Арсеннева — паэтка, творчае аблічча якой выразна выявілася: талент бясспрэчны, прызнаны. Яе паэзіяй захапляліся Максім Танк, Міхась Машара... «Песня твая зацвіла зачарованай казкаю...» — так звяртаўся да паэткі Максім Танк. І ў тым жа вершы прароча вызначаў: «Нашы дарогі расходзяцца даўна пад зорамі...» Маючы на ўвазе, мабыць, найперш творчую манеру пісьма, паэтычнае яе крэда...

Дарогі разышліся куды больш далёка, чым маглі сабе ўявіць на тую пару паэты Заходняй Беларусі — Наталля Арсеннева і Максім Танк. У кожнага — свая драма творчасці, свая няпростая лінія жыцця... Свая драма душы...

Складаныя пуцявіны жыцця Наталлі Арсенневай... Ёй — 12 гадоў, падчас Першай сусветнай вайны сям’я змушана з’ехаць у эвакуацыю з Вільні: фронт наблізіўся да самага горада. Жыццё ў Яраслаўлі: вайна, рэвалюцыя, голад, разруха... Цэлы год сям’я вяртаецца ў Вільню. У дарозе ўсе чацвёра дзяцей Арсенневых хварэюць на іспанку, а сястра Галіна памірае. Калі ўрэшце сям’я дабіраецца да свайго горада, высвятляецца, што іх кватэру занялі чужыя людзі, а дабро таксама пайшло па чужых руках... І ў 16 гадоў Наталлі Арсенневай даводзіцца дапамагаць сям’і, даючы ўрокі французскае і нямецкае моваў. Але ад усіх жыццёвых згрызотаў ратуюць вера і Першая беларуская гімназія, бо, як адзначала сама паэтка, «людзі, што вучылі... ў Вільні, у 1919-м, 1920-м, 1921-м, 1922-м ды пазнейшых гадах, навучылі на ўсё жыццё... горача палюбіць Беларусь, стацца ейнымі пільнымі служкамі назаўсёды». А выкладалі ў гімназіі, «у кузні беларускіх дзеячоў», Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч... Менавіта Максім Гарэцкі ўхваліў першыя паэтычныя вопыты Наталлі Арсенневай...

І ўсё нібыта пачало складвацца ўдала. Пасля атрымання «матуры» — атэстата аб заканчэнні гімназіі — выкладанне ў адной з віленскіх школ, паступленне ў Віленскі універсітэт. Актыўнае творчае жыццё — Наталля Арсеннева друкуецца ў розных тагачасных заходнебеларускіх часопісах і газетах.

Шлюб з Францішкам Кушалем. Нараджэнне двух сыноў. Шчасце маці і жонкі.

Унутранае духоўнае жыццё, што сведчыць пра натуру вытанчаную, глыбокую, з філасофска-лірычным ухілам. Мастацкая свядомасць, што пацвярджае генетычныя карані — па бацьку паэтка з таго ж роду, што і такі вяршынна таленавіты паэт, як Міхаіл Лермантаў. Геній Лермантаў. Вэлюм паходжання надае Наталлі Арсенневай асаблівую зваблівасць і прыцягальнасць. Але і сама яе паэзія прыцягвае сувымоўнасцю Натуры, Хараству, Гармоніі. То радаснай, то тужлівай развагай. Тым, што быційна-верагодны зрэз жыцця мае бясконцую колькасць вызначэнняў, значэнняў, сэнсаў. Наканаваным Першатворцам.

Паэзія Наталлі Арсенневай — гэта абаяльнасць інтанацый, свежасць рыфмаў, складаны шматслойны ўзор рамантычных матываў, фальклорных рэмінісцэнцый, выслоўленае выяўленне паэзіі як канцэнтраванага быцця.

Гэта той тып светаўспрымання, калі чалавечая, творчая ўвага канцэнтруецца на імкненні ўраўнаважыць лёс чалавека з лёсам Натуры.

Лёгка замглёныя восені далі
ў ясна-зялёным блакіце стаялі.
Гаснучы, сыпаўся дзень пазалотай
з неба на тонкіх бяроз пераплёты.
Дзень дапаліўся, і цемра нядбала
ў шэрасці хварбы жывыя схавала.
.............
Ці разумееш у плачы тым шэрым,
што яшчэ нехта у вечар туманны
тужыць усупал з табой па нязнаным?

(«Туга»)

Або:

Сыплюцца з клёнаў лісты,
сыплюцца ціха, маўкліва,
крыюць зямлю і кусты
пражаю жоўтай, шасцівай.

Сыплецца саду краса,
кроплі дажджу, як раса,
ззяюць сцюдзёнай палівай.

(«Сыплюцца з клёнаў лісты...»)

Паэзіі Наталлі Арсенневай 20-30-х гадоў уласцівая пазіцыя адстароненага назірання, заглыбленага лірычна-філасофскага адчування. І маючы на ўвазе калег па паэтычным цэху ў Заходняй Беларусі, яна так пазначала свае творчыя прынцыпы:

Я б хацела гарэць і змагацца, як вы,
разам з вамі каваць так чаканае ранне,
але дні мае іншыя маюць правы:
сыпкім золатам ліпаў маняць і цыганяць.
(«Маладым паэтам»)

Патрыятычныя, грамадзянскага напалу вершы з’яўляюцца пазней. Пасля ссылкі, падчас вайны, у эміграцыі...

Эміграцыя. Лагер для перамешчаных асобаў. З 1950 года — ЗША. Паэтка Наталля Арсеннева, патомная арыстакратка, пакуе агуркі на кансервавым заводзе. Пазней — уладкаванае жыццё, станаўленне культурнага жыцця беларускай дыяспары. Творчасць... Дзейсныя, увасобленыя ў слове думкі пра Беларусь... Вера...

Доўгі жыццёвы шлях: 1903–1997. У 2003 годзе споўнілася 100 гадоў з дня яе нараджэння. А без яе творчасці ўжо нельга ўявіць беларускую літаратуру, беларускую культуру. І сусветную таксама — у перакрыжаванні думак, існаванняў, вызначэнняў эмоцый. «Няма лепшай долі для чалавека, як выдатна выявіць сваё наканаванне», — гаварыў Мішэль Мантэнь. Наталля Арсеннева выявіла дадзенае ёй звыш, ад Бога. Яна спраўдзіла наканаванае. Бо ці не так? «Сцерагчы будзе Пан твой выхад і твой уваход ад сёння й навекі» (Пс 121, 8).

Ён, Пан Бог... Магутны Божа... Уладар Сусвету... Да якога так пранікнёна звярталася Наталля Арсеннева.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY