І
* * *
Укленчыць і прыпасьці да рукі,
Якая сьвет мудрэць дабраслаўляе.
Адчуць, як ціхамірацца вякі,
Як у душы зьняможанай сьвітае.
Прыняць ружанец з дарчае рукі –
Замроеныя пацеркі Сусьвету.
Пачуць сустрэчы голас трапяткі
ўваскрэслы сьветла
ў словах Запавету.
Сьцяжынай з-пад ускрыленай рукі
Ісьці, ані зважаючы на стому,
Да маладой нябеснае ракі,
Якая смутак і ўзьнясе на строму.
Бо багавейна нагадалі ксты,
Што недасяжна блізкі Дух Сьвяты.
* * *
Качае словы, быццам камяні,
А не таму, што падупаў гадамі.
Адзін ён чуе Голас вышыні
І думкі небакрылыя гайдае.
Ён бачыць нам нябачныя сьляды.
Ён Голас слухае душою нашчай.
Уся зямля –
Суцэльныя клады,
А мы яе вялічым хатай нашай.
Ён нашыя адмольвае грахі
у Звышняга.
І воляй незямною
Зло хоча супыніць,
Ды люд глухі
І дзякуй не сказаў
Дагэтуль Ною.
Сагрэты сном сусьветных завірух
У ім з’аблічваецца Вышні Дух.
* * *
Калодзежы сьвятла,
Як нашы вочы –
Калодзежы зьняверанага тла
Глядзяць у глыбіню
І па-сірочы
Чакаюць абяцанага сьвятла.
Яна халодная,
Зямля сырая, –
Надзейны схоў ад мітусьні зямной,
у вечную ўсыпальню забірае
Труну душы,
Спавітую маной,
Спавітую наіўным спадзяваньнем,
Што цень жывы
Свой цень перажыве.
Усе мы на зямлі самохаць вянем,
Зайздросьцім вечна маладой траве.
Здаецца, нашы цені ўжо былі
у катакомбах — зьвілінах зямлі.
* * *
Крыж — вольны птах
Застыглы на імгненьне,
Каб пераняць разнасьцежанасьць рук.
Цьвікі напоўняць болем кожны рух.
Саломай пераломіцца праменьне.
Паразумецца сподзеў і спакора
Пасьпеюць,
Быццам ядры спарыша.
І адляціць у немаведзь душа,
І захлыне мальбу людзкое мора.
І ўдалеч павандруюць небасьхілы,
І змарамі прыкінуцца сьнягі,
І ад зьнячэўнай роспачы й тугі
У птаха ціха анямеюць крылы.
Каб забыцьцё ня ведала мяжы,
Жагнаюць неба смутныя крыжы.
* * *
Сабе самому любіць сон прысьніцца.
Ня хочацца настрою быць старым.
Як воклічы,
Ўзьляцелі камяніцы,
Нябёсы ў зьдзіве выдыхнулі:
— Рым!
Тут Вечнасьць прыдрамала на хвіліну.
Ўсяму жывому трэба перадых.
Спакою цяжка вырвацца з нахлыну
Гадоў і парываньняў маладых.
Зялёным сном пазасыналі стоды,
І Тыбр прыручаны пазелянеў.
Наблізіцца да ранішняй лагоды
Ня мае сьмеласьці ўначэлы гнеў.
Ратунак нашых душ, як пілігрым,
Шляхамі выраяў імкнецца ў Рым.
* * *
Белакрылы анёл
І анёл чарнакрылы.
Белакрылая чайка
І чарнакрылы кажан.
Дні відушчым сьвятлом
Маладзяць небасьхілы.
Ночы змрокам сьляпым
Смутак зводзяць у зман.
Ад сьвятла аддзяліў
Усявышні цямрэчу,
Надзяліў мілатой
Нашых воч прамяні.
І сьпяшаецца час
З досьвіткам на сустрэчу.
І хапае для зор
І для дум вышыні.
Белата з чарнатой
Узаемна жывыя.
Рэха збытлівых мрой
Б’ецца памяці ў скронь.
Завіруха рашучасьці
Ўзрушана вые.
Чым чарнейшая ноч,
Тым зырчэйшы агонь.
Прагне ўсё, што расьце,
Перш чым станецца тлом,
Як даўжэй быць аблашчаным
Ціхім сьвятлом.
* * *
Памаўчаць са здарожаным смуткам разам
Ля ўсыпальні пакутніка Язафата,
Адчуваючы, што незавершаным сказам
Замаўкаць пачынае жыцьцёвае сьвята.
Так, жыцьцё — гэта сьвята
Здаровага цела
І душы несуцешнай дасконная праца.
Ты наважыўся жыць,
А жыцьцё праляцела.
Хоць запомніць сябе хочацца пастарацца.
Радасьць мёртвая,
Толькі пакуты жывыя.
Вечнасьць вечная
Толькі сваім нябытам.
Праплываюць высока аблокі сівыя –
Сны сасьнёныя глыбіннадумным блакітам,
Толькі вера трываліць душу на пакуты.
Голас вернасьці верыць,
Што будзе пачуты...
|