|
|
№
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
Роздум
Хрысціянская думка
Спадчына
Данута БІЧЭЛЬ ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ Паэзія
Роздум
Проза
|
Ларыса Геніюш была адзінай беларускай паэткай ХХ стагоддзя, якая яднала духовае мінулае і будучыню, якая ў атмасферы ўціску, няволі трымалася за Бога і вучыла сваіх духовых дзяцей жыць па Яго дзесяці запаведзях. Духовымі дзецьмі яна лічыла ўсіх свядомых беларусаў; практыкавала праваслаўе, а мяне, каталічку, называла дачкою. Наталля Арсеннева ў эміграцыі ўторыла сваёй духовай сястры на Радзіме. Калі думаць пра святасць пакутніцтва, то каго б мы мелі сёння, калі б Ларыса Геніюш таксама выехала далёка ад Беларусі, а не прайшла за яе свой крыжовы шлях праз сталінскія лагеры смерці? Ларыса Антонаўна Геніюш (у дзявоцтве Міклашэвіч) 27.07 (9.08) 1910 г. – 7.04.1983 г. – паэтка, публіцыст, грамадскі дзеяч, вязень гулагаў. Нарадзілася ў засценку Жлобаўцы каля вёскі Палаўкі недалёка ад мястэчка Воўпа на Гродзеншчыне. Старэйшая дачка ў мнагадзетнай сям’і. Яе дзед Павел Францавіч Міклашэвіч (1864–1929) пабудаваў у вёсцы Гудзевічы царкву на свае сродкі. І цяпер у ёй моляцца кожны дзень за яго душу. Паставіў на скрыжаванні дарог перад могілкамі каменны помнік з надпісам «Господи, заступи и спаси нас и наши земли от града и всех напастей. П. Миклошевич. 1908 г.». Другі, падобны помнік стаіць на яго магіле. Бацька Ларысы Антон Міклашэвіч (1880–1939) быў арыштаваны і бязвінна закатаваны саветамі ў гродзенскай турме. Маці Аляксандру, дачку Васіля Манюты (1890–1945), саветы вывезлі з меншымі дзецьмі ў Казахстан, дзе яна памерла з голаду. Ларысіны браты ўцяклі з высылкі ў пачатку вайны, рознымі шляхамі трапілі ў армію Андэрса: Расціслаў (1918–28.04.1945) загінуў пад Берлінам; Аркадзь (1921–27.07.1944) загінуў пад Монтэ-Касіна; Аляксей (1923 г. н.), калі Ларыса Антонаўна памірала, жыў у Лондане, быў акторам. Сёстры: Ксеня (1912–1970), Ніна (1913 г. н.), жыла ў Ялце, Людміла (1925–1954). Ларыса Міклашэвіч скончыла 4 класы пачатковай школы ў Гудзевічах, вучылася ў 1-8 класах Ваўкавыскай гімназіі. 14 лютага 1928 года яна пакінула вучобу праз каханне, але бацькі не пусцілі яе замуж, за што пасля была ім бясконца ўдзячная. Трэцяга лютага 1935 года яна ўзяла шлюб з Янкам Геніюшам у воўпенскай царкве. Янка Геніюш (24.02 (8.03) 1902 – 8.02.1979) нарадзіўся ў мястэчку Крынкі. Праз «зялёную граніцу» перайшоў з Вільні ў Прагу, дзе па рэкамендацыі Браніслава Тарашкевіча за стыпендыю Беларускай Народнай Рэспублікі скончыў універсітэт імя караля Карлава ў 1936 г. Працаваў у скурна-венерычным кабінеце доктара Каберца. У канцы 1937 года Ларыса з сынам Юркам таксама прыехалі ў Прагу. Спыніліся ў кватэры прэзідэнта Рады БНР Васіля Захаркі, які на той час быў ужо ўдаўцом. У той самай кватэры, але ў асобных пакоях, жыла ўдава былога прэзідэнта БНР Пятра Крэчаўскага (1879–1928) Марыя. На пачатку жыцця ў Празе гэтыя людзі апекаваліся Ларысай і яе сям’ёй. Яна ж заўсёды казала, што той сялянскай культуры, якую атрымала ў вясковай сям’і, ёй хапала на жыццё ў еўрапейскай Празе. Там Геніюшы перажылі вайну... 7 лютага 1948 года судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР асудзіла Геніюшаў без іх прысутнасці на 25 гадоў зняволення за здраду «камуністычнай сістэме». 5 сакавіка 1948 года Геніюшаў арыштавалі і дэпартавалі ў БССР па этапах праз Вену, Львоў, Брэст, Баранавічы, Мінск. Аднак Геніюшы ніколі не былі савецкімі грамадзянамі. «Пасля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім... знача, былі без грамадзянства. Гэта было не так непрыемна, як небяспечна...» (Л. Геніюш «Споведзь»). У каментары да яе «Выбраных твораў» (2000 г.) укладальнік Міхась Скобла прыводзіць дакумент, які сведчыць, што ў ліпені 1947 г. Геніюшы атрымалі чэшскае грамадзянства, якое па патрабаванні саветаў была ануляванае 1 красавіка 1948 г. Паэтка Ларыса Геніюш болей ніколі не мела ніякага грамадзянства. Лаўрэнцій Цанава ў Мінску дапытваў Ларысу Геніюш сам: у Празе на яе руках паміраў прэзідэнт Рады БНР Васіль Захарка (1877–1943). Цанаву трэба было нарэшце разабрацца, куды падзеўся архіў БНР, а з архівам і сама Рэспубліка. Нічога не атрымаўшы ад Ларысы Геніюш, яе загналі ў Гулаг на 25 гадоў, мужа «за соучастие» саслалі туды ж. Цягніком везлі да Масквы: а раптам апамятаецца! Адтуль па этапах: Інта, Варкута, Абезь, Поцьма... На шахты. У мерзлату. Валіць лес. У вогненную геену. Геніюшаў вызвалілі 10 чэрвеня 1956 года, але не рэабілітавалі. Чэшскіх грамадзянаў у Чэхаславакію таксама не пусцілі. Янка, каб уладкавацца на працу, атрымаў савецкі пашпарт і пачаў працаваць у зэльвенскай паліклініцы. Геніюшам вызвалілі палову хаты іх продкаў па вул. Савецкай, 7а (былой Царкоўнай), якраз насупраць царквы. Другую палову, большую і галоўную, ад вуліцы, займала савецкая службістка, якая наглядала за імі і даносіла ўладам. У Ваўкавыску пашырылі, умацавалі аддзел КДБ, актыўная савецкая Зэльва была ўключана ў «сетку». «Зря Д. Бичель погорела с книжкой и опять приехала», – так з ліста Ларысы Антонаўны да мяне за 8.05.1979 г. казаў начальнік РАНА Давідзенка. За некалькі гадоў да таго на абласным свяце кнігі, калі я падпісвала зборнік «Ты – гэта ты», да мяне падышоў трэцякласнік (прозвішча меў Спорык) і сказаў, што ён з Зэльвы. Спытала ў яго, ці ведае ён паэтку Ларысу Геніюш, ён кіўнуў. Я і напісала: жадаю, каб любіў Беларусь так, як Ларыса Геніюш... Яны, актывісты, прывезлі гэтую кніжку ў абкам, склікалі бюро, выклікалі мяне, але я не пайшла, бо не была ў партыі... Геніюшы ў Зэльве жылі як быццам на волі, але, па сутнасці, знаходзіліся ў «зоне». Сынам Юркам пасля іх арышту апекаваўся польскі консул: Юрка вырас у польскіх дзетдамах пад наглядам. Стаў урачом. Працаваў педыятрам. Памёр зімой 1985 года. У Польшчы жывуць яго сыны, унукі Ларысы Антонаўны, Міхась і Алік, сямёра праўнукаў. Вершы Ларыса Геніюш складала з дзяцінства. Друкавацца пачала ў 1939 г. У Празе ў 1942 г. выйшаў яе першы зборнік «Ад родных ніў», перавыдадзены ў Слоніме С. Чыгрынам і М. Скоблам факсімільна ў 1995 г. У лагеры яе паэзія называлася «глюкозай», вершы вязні перадавалі рознымі шляхамі на папяроснай паперы і называлі гэта «ксівамі». Адзін верш на рускай мове («Уголь») быў змешчаны ў лагерным лістку «Уголь стране» у 1955 г.
У 1963 годзе, з пратэкцыі Максіма Танка, Ларыса Геніюш выступіла ў савецкім друку. Напісала кнігі паэзіі «Невадам з Нёмна» (1967), «На чабары настоена» (1982), дзіцячыя кніжкі «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь» (1976). Пасля смерці паэткі з’явіліся кнігі «Белы сон» (1990), «Споведзь» (1990), «Ластаўка» (1990), «Маці і сын» (1992) сумесна з творамі Юркі Геніюша, «Вершы: рукапісны зборнік, 1945–1947 г.» (Лондан, 1992), «Выбраныя творы» (1997), «Выбраныя творы» (2000). Я пазнаёмілася з Ларысай Геніюш у пачатку 60-х, калі яна прыехала ў Гродна на канцэрт «Песняроў», якія ў той час мелі назву «Лявоны». Другі раз нас з Васілём Быкавым завёз у Зэльву Аляксей Карпюк. У яе хаціне я сустрэла ўсіх найлепшых людзей Беларусі. У 1972 годзе гасцявала ў яе. У двор прыехаў дапатопны аўтобус экспедыцыі сектара старажытнага мастацтва Акадэміі навук. Якраз трапілі на яе дзень нараджэння 8 жніўня. Тады пазнаёмілася з Аляксандрам Ярашэвічам, які цяпер даследуе абразы Беларусі, мастацтвазнаўцамі Элеанорай Вецер, Вольгай Церашчатавай, Эльзай Максімавай, Ганнай Фурс, Вольгай Дзёмкінай. Яны збіралі музей старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі. Гэтая супольнасць была ў Зэльве на пахаванні мужа Ларысы Антонаўны Янкі. У пачатку снежня 1982 г. Ларыса Антонаўна апошні раз прыехала ў Мінск, дзе ў музеі сустрэлася з Максімам Танкам. Іх звязвала літаратурнае сяброўства. Уладзіміра Караткевіча Ларыса Антонаўна лічыла духоўным сынам, а з яго маці Надзеяй Васільеўнай вяла перапіску. Яны знайшлі агульных продкаў – паўстанцаў 1863 года. Валодзева жонка Валянціна была далучаная да гэтага сяброўства. Сям’я археолага Міхася Чарняўскага, яго жонка Святлана, дачка Алеся, сын Максім, былі для Ларысы Антонаўны вельмі блізкімі. Называю ўсіх гэтых людзей, бо іх згадвае ў сваіх лістах да мяне Ларыса Антонаўна. Мы ліставаліся з ёю ад пачатку знаёмства, але ў канцы 60-х гадоў пракацілася хваля звальненняў за нацыяналізм. Майго мужа Эрыка ўсё забіралі ў войска – такім «важным» спецыялістам ён быў. Цяпер то мне ясна, што ўладам трэба было неяк выцягнуць нас з Беларусі куды-небудзь у стэпы, таму ў канцы 60-х я спаліла ўсе лісты, у тым ліку і ад Ларысы Геніюш. У архіве, які застаўся ў Музеі Максіма Багдановіча, ёсць лісты ад 1970 да 1983 г. (усіх 296). З іх я і выбрала лісты да мяне самага цяжкага, апошняга года жыцця Ларысы Антонаўны, калі я хварэла, калі паміраў Эрык у 9-й клінічнай бальніцы Мінска.
Паэтцы трэба было напісаць: «Хачу, каб у маёй хаце быў музей». Але яна не напісала. Ніякага запавету не пакінула яна дзяржаве, якая парушала ўсе правы адносна яе. У кожную хвіліну яна памятала, што Васіль Захарка, паміраючы, перадаў ёй тэстамант на Беларускую Народную Рэспубліку. Трымалася годна. Хавалі яе са святаром. Маліліся за яе душу ў царкве, дзе яна сама малілася, якую дапамагала рамантаваць.
2004, ліпень.
Глядзі таксама:Данута БІЧЭЛЬ. «ЛІСТЫ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ АПОШНЯГА ГОДУ ЖЫЦЦЯ»
|
|
|