Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза
Ірына ЖАРНАСЕК

АСВЯЦІЦЬ УСЁ ЛЮБОЎЮ

З айцом дамініканінам Міхалам Ермашкевічам гутарыць пісьменніца Ірына Жарнасек.

– Айцец Міхал, прапаную пачаць нашу гутарку з катэхізіса, з дзвюх запаведзяў любові, якія гучаць дакладна так:«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім. Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Гэта зварот да верніка, да таго, хто, так бы мовіць, лічыцца з існаваннем Бога. Але на зямлі шмат людзей, што не лічаць сябе вернікамі. І ўсё ж сярод іх вельмі шырока ўжываецца гэтае паняцце – любоў. Дык што агульнага і адрознага паміж любоўю хрысціяніна і нехрысціяніна?

– На жаль, у наш час словы вельмі часта ўжываюцца не ў іх сапраўдным значэнні. І слова «любоў» – таксама. Таму часам даходзіць да абсурду: некаторыя ўжо пачынаюць проста саромецца гэтага слова – так яго людзі забрудзілі, ужываючы дарэчы і недарэчы. Бо, скажам, выраз «займацца любоўю» зневажае само гэтае паняцце. І такіх прыкладаў можна было б прывесці шмат.

Праблема ўскладняецца яшчэ і тым, што ва ўсходнеславянскіх мовах слова «любоў» мае шмат розных паняццяў. Напрыклад, у лацінскай мове паняцці любові выказваюцца з рознымі адценнямі: concupiscentiae (пажадлівасць), benevolentiae (добразычлівасць), amicitia (бескарыслівасць, сяброўства), caritas (Божая любоў). У нас жа гэтыя паняцці найчасцей перадаюцца проста словам «любоў».

Цнота любові, як яе разумеюць хрысціяне, адна з багаслоўскіх тэалагічных цнотаў. Яна робіць чалавека здольным ва ўсіх жыццёвых сітуацыях выбіраць Бога, цаніць Яго вышэй за ўсе зямныя каштоўнасці, а бліжняга – дзеля Бога. Паняцце хрысціянскай любові цесна звязана з паняццем найвышэйшага дабра, якім з’яўляецца Бог. Яно ў лацінскай мове таксама можа быць розным: bonum utile (карыснае), honestum (пачэснае), delectabile (прыемнае), frui (тое, якое нясе нам сапраўднае шчасце). У залежнасці ад таго, якое мы выбіраем дабро як прадмет нашых пажаданняў, такой будзе і наша любоў. Таму вельмі важна, каб паняцце дабра займала ў нас адпаведнае месца. Калі мы не паставім на першае месца ў нашым жыцці найвышэйшае дабро – самога Бога, тое Дабро, што нясе нам сапраўднае шчасце, то тады ёсць сур’ёзная небяспека вялікай блытаніны ў нашым жыцці.

Што ж агульнага паміж паняццем хрысціянскай любові і тым, якое найчасцей разумее большасць людзей? Найлепш гэта разглядаць на прыкладзе сужэнскіх адносінаў. Калі муж альбо жонка імкнуцца да таго, каб зрабіць шчаслівым «сваю палавіну», а не да таго, каб займець як мага больш прыемнасцяў асабіста для сябе, то гэта і будзе пачаткам той сапраўднай любові. Але пры гэтым трэба памятаць, што з’яўляецца для чалавека найвышэйшым дабром: калі для яго галоўнае дабро – Бог, тады ёсць шанец спазнаць і сапраўдную любоў.

– Але ж хрысціянін жыве ў нашым рэальным сучасным свеце...

– Вядома, хрысціянства – арганічная частка свету. Бог сам прыйшоў у гэты свет, бо палюбіў нас, і Ён хоча адарыць людзей найвышэйшым Дабром – даць нам самога сябе. Ён прыйшоў у гэты свет і застаўся ў ім у святой Камуніі, і таму нашае жыццё можа напаўняцца найвышэйшым Дабром і Любоўю. Тыя ж людзі, якія не зведалі Бога, не могуць аб’ектыўна ацэньваць паняцці дабра і любові. Яны, вядома, шукаюць, штосьці выбіраюць, але ці знаходзяць пры гэтым адказ і супакой? Найвыразнейшы адказ на гэтыя пытанні дае хрысціянства.

– Апостал Павел у сваім Пасланні да Галатаў сказаў: «...вера дзейнічае праз любоў»(Гал 5,6). Ці азначае гэта, што калі няма любові, то не можа быць і веры?

– Праўда, выказаная без любові, можа прынесці шмат шкоды, і чалавек, якому яна была адрасаваная, замест таго, каб станавіцца лепшым, можа наадварот стаць горшым. А што ж вера? Яна таксама павінна быць асвечана любоўю, інакш яна не будзе праўдзіваю. Бо галоўная праўда ў тым, што Бог – гэта любоў. Ён нас любіць і хоча, каб мы таксама любілі адзін аднаго. Калі ж чалавек лічыць, што верыць у Бога, але робіць ён гэта ці то з прычыны страху, ці то з традыцыі, а не мае пры гэтым натуральнай любові да Бога, то такая вера будзе няпоўнаю, бо ёй не хапае ўсё той жа любові. Паколькі ж вера звязана з выкананнем нейкіх патрабаванняў, учынкамі, то гэтыя ўчынкі павінны здзяйсняцца ў духу любові, а не таму, што хтосьці прымусіў цябе так рабіць, камусьці гэта патрэбна. Усе Божыя запаведзі павінны быць для нас проста неабходнасцю. Калі мы, напрыклад, кажам пра абавязак быць у нядзелю на святой Імшы, рэгулярна спавядацца, то нельга ўспрымаць гэты абавязак як штосьці такое, што нас знявольвае. Як у кожнага чалавека ёсць патрэба есці, дыхаць, спаць, так і ў добрага хрысціяніна павінна быць натуральная патрэба ў малітве, святых сакрамэнтах, добрых учынках. І гэта той абавязак, які павінен выконвацца з любоўю да Бога, бліжняга і самога сябе.

– У хрысціянскай канцэпцыі Бог з’яўляецца любоўю, якая сыходзіць на чалавека і атуляе яго цалкам бескарыслівай любоўю, не за штосьці, не за нейкія ягоныя якасці, а проста таму, што іначай не можа. Вось гэта і цяжка нам часам зразумець, бо лягчэй зразумець, калі нас любяць за штосьці, а значыць, нам трэба рабіць нешта такое, каб падабацца таму, хто нас любіць.

– Звернемся зноў да прыкладу сужэнскай любові. Яна ідэальная тады, калі адзін чалавек любіць другога не за штосьці, а проста любіць. Калі людзі знаёмяцца і паміж імі ўзнікае прыязнасць, то зазвычай яны могуць растлумачыць, чым прывабіў іх чалавек: знешнасцю, манерай паводзінаў, размовы, нейкімі рысамі характару. Але час нясе разам з сабой змены, і часта тое, што раней прываблівала, можа нават адштурхоўваць. І што ж тады? Калі твар пакрыўся зморшчынамі, валасы пасівелі, голас стаў менш прыемны, то хіба з-за гэтага павінна скончыцца каханне?

– Але ж, здараецца, і так.

– У тым выпадку, калі кахалі «за штосьці». Натуральная ж любоў бескарыслівая. Менавіта такой любоўю палюбіў нас Пан Бог, і цалкам зразумець яе можна толькі ў духу веры. Калі мы любім кагосьці карысліва, то такая любоў не сталая. Яна растане, як толькі скончыцца тая карысць, якую мы атрымлівалі ад чалавека. Нібы ў дзіцячым садку: калі ў цябе ёсць прыгожая цацка, то я з табой гуляю, а калі не, то ты мне і не патрэбны. Муж і жонка, даючы адно аднаму прысягу перад Богам, найперш абяцаюць любоў, а гэта азначае, што даецца абяцанне зрабіць іншага чалавека шчаслівым. Калі чалавек знаходзіць для сябе асалоду і радасць праз тое, што таму, каго ён любіць, добра, то гэта ўжо любоў, блізкая да дасканаласці. І ў маральным, і ў духоўным сэнсе. Праўда, такая любоў толькі набліжана да дасканаласці, але яшчэ не дасканалая, бо чалавек усё ж атрымлівае нейкую выгоду для сябе, няхай нават і духоўную.

А што ж такое дасканалая любоў? Гэта не што іншае як святасць. Таму Бог па меры дасканалення чалавека набліжае яго да святасці, дазваляе яму паступова зразумець, што ж гэта такое – цалкам бескарыслівая любоў.

Хрыстус сказаў, што «няма любові вышэй за тую, калі ты жыццё пакладзеш за іншых». Вось калі мы любім ці то чалавека, ці то Бога так, што не пашкадуем у імя гэтай любові і ўласнага жыцця, то тым самым мы і асягнулі дасканалую любоў. Пан Езус пацвердзіў свае словы ўчынкам – смерцю на крыжы за ўсіх нас. Усім жа нам, будучым жыхарам Божага Валадарства, будзе дадзена гэта зразумець толькі тады, калі мы самі апынемся ў ім.

– У сувязі з гэтым прыгадваецца прачытанае, здаецца, у «Разважаннях пра веру», ксяндза Тадэвуша Дайчэра, што ёсць дзве катэгорыі вернікаў: адны збіраюць заслугі, другія ж проста вучацца бескарысліва любіць.

– Цяжка было б з гэтым не згадзіцца. Памылкай некаторых хрысціянаў з’яўляецца тое, што яны, быццам рахункаводы, падлічваюць свае добрыя ўчынкі, а заадно і будучую плату за іх. Гэта сведчыць толькі пра нясталасць веры. Але, разам з тым, нельга сцвярджаць, што такая своеасаблівая хрысціянская бухгалтэрыя цалкам заганная. Яе можна было б параўнаць з адным з варункаў добрай споведзі – жалем за грахі. Вядома, што ён павінен быць дасканалы. А калі чалавек усё ж па нейкіх прычынах не здольны яшчэ на яго? Касцёл дапускае недасканалы жаль за грахі, бо інакш для многіх людзей была б проста зачыненая брама да прабачэння.

Чалавек можа і павінен ісці наперад у сваім духоўным развіцці, і тады жаль за грахі будзе не з прычыны страху і Божай кары, але ад усведамлення нанесенай крыўды Богу. Тады ўжо чалавек будзе засяроджвацца не на самім сабе, а больш думаць пра Бога. Увогуле чым менш чалавек засяроджваецца на сваёй асобе, а глядзіць шырэй вакол сябе і гатовы рабіць дабро іншым, тым больш у яго шанцаў ісці па правільным шляху. Тады ён перастане з замілаваннем падлічваць свае добрыя ўчынкі і спазнае вялікую патрэбу ў любові да Бога і да бліжняга. Сапраўдная бескарыслівая любоў імкнецца больш даваць, а не браць.

– Спынімся на гэтых паняццях: «даваць» і «браць». Божая любоў, што сыходзіць на чалавека, не можа быць у ім замкнёная. Ён павінен дзяліцца ёю з іншымі. Але ці заўсёды гэта ўдаецца? Ці адчуваеце вы тут пэўную праблему адасобленасці, замкнёнасці сучаснага хрысціяніна і ад іншых людзей, і часам ад сваіх жа аднаверцаў?

– У першыя стагоддзі хрысціянства ўзаемная любоў яскрава вылучала хрысціянаў з асяроддзя іншых людзей. Для паганскага свету гэта было і нязвыкла, і дзіўна, бо пагане маглі, вядома, клапаціцца пра сваіх блізкіх, сваю сям’ю, мець сяброў, але каб з такой бескарыслівай любоўю ставіцца да чужых людзей?! Такога сярод іх не было.

Адкуль увогуле бярэцца людская адасобленасць? Яе карані ляжаць у першародным граху, які хоць і не знішчыў чалавечую натуру, але ўнёс у яе вялікі дысбаланс. Гаворка ідзе не пра жаданне чалавека рабіць зло, але пра яго нежаданне рабіць дабро. Ну, напрыклад, вядома, што калі хочаш, каб дзіця вырасла добрым чалавекам, то для гэтага трэба шмат папрацаваць, а калі не хочаш, то нічога не рабі – яно само вырасце не найлепшым. Гэта вынікі першароднага граху. Так і з нашай хрысціянскай сутнасцю. Хрост не робіць чалавека дасканалым аўтаматычна. Ён здымае з яго першародны грэх і ўсе грахі на той момант, але без супрацоўніцтва чалавека з Божай ласкай, якую мы атрымліваем праз хрост, чалавек перастае развівацца і ўзрастаць да святасці. Калі мы назіраем сярод хрысціянаў пэўную насцярожанасць, адасобленасць, то гэта азначае, што яны яшчэ не зрабілі ў сваім жыцці сур’ёзных крокаў, іхняе дасканаленне яшчэ топчацца на месцы. Людзі так часта не выкарыстоўваюць магчымасці, якія чалавеку дае хрысціянства!

Але ёсць яшчэ і пэўнае гістарычнае тлумачэнне гэтай праблемы. За гады пераследу ў людзей выпрацаваўся своеасаблівы ахоўны рэфлекс, які часта адасоблівае іх ад грамадства, а часам і ад аднаверцаў. Гэта, вядома, вельмі крыўдна і непрыемна, але нельга з гэтым не лічыцца. Тым больш што гісторыя хрысціянства практычна не ведала часу без пераследу – калі не яўнага, крывавага, то маральнага.

І ўсё ж нават гэта не можа быць апраўданнем маладушша альбо нежадання працаваць над сабой. Чалавек, які з дапамогаю Божай ласкі пераадольвае пэўныя перашкоды, умацоўваецца ў веры і любові.

– Вядома, што нашы пачуцці вельмі зменлівыя, можа, ажно занадта. На нашых вачах людзі, якія, здавалася, моцна любілі адно аднаго, раптам становяцца чужымі, а то і ворагамі. У народзе кажуць, сілком мілы не будзеш. А якая роля пачуццяў у стасунках чалавека з Богам? Кожны вернік, мабыць, перажывае перыяды, калі невядомая сіла нібы цягне яго на малітву, у касцёл, а бывае, што і невядомая сіла быццам адштурхоўвае ад гэтага. Як тут быць?

– Для ўсяго ёсць свой час. Як сказана ў кнізе Эклезіяста:«Ёсць час раскідваць камяні, а ёсць час і збіраць камяні». Усё нашае жыццё складаецца з прыемных і менш прыемных падзеяў, дзён, перыядаў. Чалавечыя пачуцці па сваёй прыродзе зменлівыя, але ж над імі ёсць розум і воля. Менавіта розум і воля павінны кіраваць нашымі пачуццямі, а не наадварот. Калі мы гэта ўсведамляем, то нам лягчэй захаваць вернасць ці то ў сужэнскім жыцці, ці то ў сяброўстве, ці ў стасунках з Богам. Калі я розумам усведамляю, што мне трэба штодня маліцца, а ў нядзелю быць на святой Імшы, то, нягледзячы на сваю неахвоту, я ўсё ж буду рабіць тое, што мне падказвае розум. Гэта дапаможа зберагчы вернасць Таму, Хто сам заўсёды верны кожнаму чалавеку на зямлі.

– «Запаведзь новую даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34). Як навучыцца гэткай любові?

– Гэтая запаведзь заўсёды новая, бо сама любоў не можа быць нечым згаслым, нерухомым. Нам заўсёды трэба памятаць пра яе ў штодзённым жыцці. Гэтак жа і сужэнцам добра было б часцей прыгадваць тую клятву, якую яны ў свой час далі адно аднаму перад Богам. Можа б тады іхняя любоў пастаянна абнаўлялася б і развівалася. Гэта ж тычыцца і любові да саміх сябе. Калі я прагну для сябе найвышэйшага дабра, калі мяне не задавальняе тое, што мне прапануе свет, то я буду шукаць і знаходзіць спосабы ісці да таго дабра і знаходзіць яго. А Бог не дазволіць заблукаць мне на гэтым шляху, Ён сам павядзе мяне па ім.

Гэтая Божая запаведзь абавязвае нас да таго, каб мы не забываліся пра Яго – Крыніцу ўсялякага дабра і любові, часцей прыходзілі да гэтай крыніцы жывой вады, якая не стаіць на месцы, але ўвесь час бруіцца і ніколі не сканчваецца. І ўсім яе хапае. Параўнанне з жывой вадой біблійнае і вельмі моцна ўгрунтавана ў хрысціянскую традыцыю. Тая вада, якая ўсё напаўняе жыццём, і ёсць сам Бог. Калі мы да Яго прыходзім, то не трэба баяцца, што наша хрысціянства застыне на месцы і перастане развівацца. Толькі трэба рабіць гэта шчыра, з жаданнем і любоўю.

– Ёсць такі выраз – «неразумная любоў». Ці можа быць любоў неразумнай?

– Можа быць і неразумнай, і сляпой, і глухой. Але, заўважым, што гэта ўжо будзе любоў скажоная, дэфармаваная. Яе можна назіраць у сям’і. На жаль, часта гэтым грашаць маці. Калі маці выхоўвае сваё дзіця не для Бога, а для сябе, то яна заўсёды будзе імкнуцца мець гэтае дзіця як уласнасць. Маці, якая ў сваёй сляпой любові імкнецца, каб дзіця заўсёды было толькі пры ёй, на справе робіць гэтаму дзіцяці шкоду, пазбаўляючы яго самастойнасці. Сляпая любоў бацькоў можа прынесці шкоду і пры выбары іхнім дзіцяці сужэнца. Словам, калі б бацькі заўсёды памяталі пра абавязак несці дзецям Бога, то яны і самі былі б шчаслівейшыя, і іхнія дзеці.

– Ці можна любіць Бога і не любіць чалавека?

– Хрысціянства тым і багатае, што яно любіць людзей, гатова дзяліцца з іншымі скарбам веры. Вядома, нельга, каб гэта было навязліва і выклікала ў іншых непрыязнасць. Адным з абавязкаў хрысціянаў з’яўляецца малітва за іншых людзей, здольная дапамагчы ім таксама прыйсці да Бога.

– Слухаючы вас, я думаю пра тыя сем’і, у якіх для адной паловы Бог – гэта ўсё, а для другой Ён проста нібы і не існуе. Вельмі распаўсюджаная на Беларусі з’ява. Як у гэткай вось сітуацыі верніку захаваць вернасць і Богу, і іншаму чалавеку?

– Вядома, лепш было б не рабіць гэткай памылкі ад самага пачатку. Трэба часцей нагадваць пра гэта моладзі, бо не павінна быць верніку абыякава, верыць у Бога ягоны абраннік ці абранніца альбо не. Калі ж для аднаго з маладых людзей Бог нічога не азначае, то ўжо адразу паўстае пытанне, ці будзе такі саюз трывалы. А калі выбар у свой час быў ужо зроблены, то ў такім разе трэба вельмі тактоўна, але настойліва трымацца сваёй веры. Нельга руйнаваць яе дзеля таго, каб захаваць стасункі з чалавекам, бо тады і сам не выратуешся і, тым больш, яго не выратуеш. Апостал Павел кажа:«...калі каторы брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць з ім, дык ён не павінен пакідаць яе; і жонка, якая мае мужа няверніка, і ён згодзен жыць з ёю, не павінна пакідаць яго. Бо няверуючы муж асвячаецца жонкаю (верніцай), і жонка няверуючая асвячаецца мужам (вернікам); інакш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер святыя... Адкуль ты ведаеш, жонка, ці не выратуеш мужа? Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці не выратуеш жонкі? Толькі кожны няхай робіць так, як Бог яму вызначыў, і кожны, як Пан заклікаў» (1Кар 7, 12-14, 16,17).

Але нельга паддавацца своеасабліваму шантажу, калі няверуючы сужэнец, напрыклад, за дазвол схадзіць у касцёл запатрабуе чагосьці, што супярэчыць нормам хрысціянскага жыцця, – недазволеных стасункаў у сексуальных адносінах, аборту і г.д. Нежаданне іншай паловы пайсці насустрач верніку, зразумець яго часта вымагае моцных цярпенняў. Але тут павінна быць настойлівасць. Прыгадаем святую Моніку, якая шмат гадоў малілася і вымаліла ў Бога навяртанне для мужа і сына. Трывалая малітва можа вельмі шмат. Галоўнае: хрысціянін у пытаннях веры заўсёды павінен заставацца цвёрдым, перакананым. Калі ж пачнем штосьці камбінаваць:«Богу – свечка, а д’яблу – агарак», тады можам застацца сам-насам са сваімі праблемамі.

– Ёсць такі выраз:«Раўнівая любоў Бога». Існуе думка, што рэўнасць – далёка не найлепшае пачуццё чалавека, але калі Пан Бог любіць нас, то Ён жа не можа рабіць гэта недасканала...

– У Святым Пісанні заўсёды выкарыстоўваюцца вобразы, якія праз сваю аналогію дапамагаюць людзям лепш зразумець рэчаіснасць. Гэты выраз азначае, што Бог не можа згадзіцца з тым, каб мы любілі кагосьці, хто гэтага не варты. Бог не хоча, каб мы сваім нягодным выбарам, нявернасцю Яму ў вялікіх і малых справах крыўдзілі ды абдзялялі саміх жа сябе. Калі чалавек выбірае не Бога, а яшчэ штосьці альбо кагосьці, то Бог ад гэтага нічога не страціць, а чалавек – шмат. У адной з прэфацый гаворыцца, што нашы хвалебныя гімны нічога Яму не дадаюць, але спрычыняюцца да нашага асвячэння. Гэта значыць, што калі мы пакланяемся адзінаму сапраўднаму Богу, то і атрымліваем за гэта найвышэйшае Дабро.

– Ці можа быць любоў без прабачэння?

– «І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым», – молімся мы штодня. Нежаданне прабачыць – гэта адабраць шанец у чалавека стаць лепшым, а мы, калі толькі любім таго чалавека, не можам гэтага дапусціць. Вельмі гэта важна – навучыцца прабачаць іншым і самім сабе.

– Што ж, на гэтую важную тэму будзе гутарка ў наступным нумары «Нашай веры».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY