Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза

Дадатак да артыкула - Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

ВЫСТАВА «НЯСВІЖСКІЯ ЗБОРЫ РАДЗІВІЛАЎ» У НАЦЫЯНАЛЬНЫМ МАСТАЦКІМ МУЗЕІ

Гісторыя бязлітасна абышлася з нашай арыстакратыяй і яе спадчынай: замкі і палацы разбураны, арсеналы і архівы, бібліятэкі і карціны збораў Глябовічаў і Сапегаў, Хадкевічаў і Завішаў, Пацаў і Служкаў, Тышкевічаў і Зяновічаў знішчаны ці раскіданы па свеце. Рэшткі былой велічы захаваў толькі Нясвіж, таксама шмат разоў абрабаваны іншаземнымі войскамі. У 2-й палове ХІХ ст. княгіня Марыя з Кастэланаў, жонка Антонія Радзівіла, абнавіла замак, заклала парк, аднавіла рэшткі радзівілаўскіх партрэтаў, з дапамогай Мікалая ІІ вярнула з Пецярбурга частку каштоўнасцяў, вывезеных у 1812 г. У ХХ ст. Нясвіжскі замак перажыў новыя выпрабаванні: сусветныя войны, рэвалюцыі, змены межаў і дзяржаў. У верасні 1939 г. распачалося пакутнае вяртанне рэшткаў Радзівілаўскіх збораў на радзіму, але толькі ў 1960-я гг. пачаліся іх вывучэнне (Т. А. Карповіч) і сістэматычная рэстаўрацыя напачатку ў Маскве і Ленінградзе. Для беларускага культурнага грамадства сапраўднае адкрыццё радзівілаўскіх партрэтаў адбылося праз выдатны па змесце і паліграфіі альбом «Жывапіс Беларусі ХІІ–ХУІІІ стагоддзяў» (1980) і каталог «Другое нараджэнне партрэтаў з Нясвіжа і Гродна» (1981). Потым былі выставы ў Мінску і Кракаве.

І вось – самы шырокі паказ нясвіжскай галерэі: экспануюцца 46 твораў, сярод якіх ужо вядомыя партрэты братоў Юрыя Радзівіла (бацькі Мікалая Рудога і каралевы Барбары) і Яна Барадатага, які ў 1513 г. ажаніўся з Ганнай Кішчанкай і атрымаў за ёю Нясвіж, Алыку і Лахву. У 1913 г., калі адзначалася 300-годдзе дынастыі Раманавых, Радзівілы святкавалі 400-годдзе ўладання Нясвіжам. Абедзве дынастыі праславіліся ў шматлікіх бітвах з татарамі, Масквой, крыжакамі (у т.л. пад Клецкам у 1506 г. і Оршай у 1514 г.), а таму паказаны ў рыцарскіх даспехах. Партрэты рэтраспектыўныя, стылізаваныя, маляваліся ў канцы XVI ці пачатку XVII ст., калі слынных воінаў даўно ўжо не было ў жывых. Таму Юрый Радзівіл (1480–1541) і нагадвае іконаграфічна Мікалая Рудога (1512–1584) на гравюры Д. Кусто (1601). Згадаем, што ў памяць бітвы пад Клецкам Радзівіл заснаваў у Вільні касцёл св. Юрыя і Маці Божай Снежнай, цалкам рэстаўраваны ў 1750-я гг. наваградскім ваяводам Мікалаем Фаустынам Радзівілам і Барбараю з Завішаў. В. Навакоўскі пісаў пра сардэчную прывязанасць да віленскага касцёла таксама Ганны з Сангушкаў, вядомай не толькі заснаваннем мануфактур у Налібоках і Урэччы, але і дабрачыннасцю. Сціплы партрэт «Чорнай дамы» (Ганна як удава насіла жалобу па мужу Каралю Станіславу) – адзін з лепшых на выставе. Калі ён належыць Стэфану Цыбульскаму, то давядзецца прызнаць, што мастак гэты, які некалькі дзесяцігоддзяў працаваў пры двары Радзівілаў, яшчэ недаацэнены.

Апрача партрэтаў воінаў і палітыкаў на выставе можна ўбачыць выявы духоўных асобаў. Гонарам роду Радзівілаў з’яўляецца малодшы брат Сіроткі, віленскі, а потым кракаўскі біскуп і кардынал святога Рымскага Касцёла Юры Радзівіл (1556–1600), які памёр і пахаваны ў Рыме. На жаль, няма ў мінскіх зборах партрэтаў ні яго брата, Мікалая Крыштофа (Сіроткі), будаўніка Нясвіжа, ні іх бацькі Мікалая (Чорнага), бадай што самага знакамітага з Радзівілаў палітычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Хутчэй за ўсё, са скасаванага дамініканскага кляштара ў Нясвіжы трапіў у замак у 1870-я гг. партрэт Папы Пія V (1566–1572). Ён паходзіў з беднай сям’і, нарадзіўся ў 1504 г., у 14 гадоў уступіў у ордэн дамініканцаў. Папа Павел ІV прызначыў яго ў 1557 г. кардыналам. Выбраны Папам, ён застаўся суровым аскетам, патрабавальным да сябе і духавенства. Менавіта ён аб’явіў Тамаша Аквінскага доктарам Касцёла. У 1570 г. былі выдадзены ўсе яго творы (17 тамоў). Пій V стварыў Святую антытурэцкую лігу, яе венецыянска-іспанскі флот 7 кастрычніка 1571 г. разбіў пры Лепанта флот султана Сяліма. Пій V кананізаваны ў 1712 г. Кліментам ХІ, партрэт якога, верагодна, таксама паходзіць ад нясвіжскіх дамініканцаў. Клімент ХІ (гады пантыфікату 1700–1721) нарадзіўся ў 1649 ва Урбіна. Усебакова адукаваны, ён стаў святаром у 28 гадоў, кардыналам – у 1690 годзе. Выдаў булу з асуджэннем янсеністаў. У 1708 г. устанавіў свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Партрэт архіепіскапа полацкага, мітрапаліта кіеўскага Кіпрыяна Жахоўскага нагадвае аб прыхільнасці Радзівілаў да уніяцкай Царквы, у прыватнасці Караля Станіслава (1669–1719), канцлера ВКЛ з 1698 г. Ён заснаваў у 1700 г. кляштар базыльянаў у Міры і мноства цэркваў у сваіх уладаннях; яго партрэт, гравіраваны Лявонціем Тарасевічам, змешчаны ў пачатку віленска-супрасльскага «Літургікона» (Службоўніка) 1692–1695 гг. Яго сын Міхал Казімір (Рыбанька) у 1742 г. заснаваў у Свержані кляштар і семінарыю на 12 слухачоў для падрыхтоўкі уніяцкіх святароў, найперш для радзівілаўскіх уладанняў. Базыльянскі гісторык XVIII ст. Ігнат Сцябельскі пісаў пра Кацярыну з Сабескіх, сястру караля Яна ІІІ, жонку Міхала Казіміра Радзівіла, як «дабрадзейку <...> кляштара ў Бялай, вялікіх цнотаў і святога жыцця». Ён са спачуваннем згадвае яе першага мужа Уладзіслава Дамініка Астрожскага і іх сына Аляксандра, апошняга прадстаўніка знакамітага роду («па кудзелі»): «атрымаў мест і мястэчак 80, а не было ў чым пахаваць» (Ignat Stebelski. Przydatek do chronologii. Wilno. Drukarnia Bazylian. T.III. 1783). Не хочацца ў гэта верыць, гледзячы на партрэт маладога і прыгожага астрожскага ардыната ў раскошным адзенні.

Партрэт «кардынала з ордэнам Белага Арла» згадваецца ў вопісе жывапісу 1857 г. у Нясвіжскім замку. Ідэнтыфікаваць яго аказалася досыць проста. Гэта – кракаўскі біскуп Ян Аляксандр Ліпскі (1690–1745). Ён атрымаў адукацыю ў Сарбоне і Рыме, быў пасвечаны ў святары ў 1719 г., а ў 1724 г. прызначаны каронным падканцлерам. Удзельнічаў у многіх дыпламатычных перамовах. У канцы 1732 г. прызначаны кракаўскім біскупам. 17 студзеня 1734 г. у кракаўскай катэдры каранаваў Аўгуста ІІІ і Марыю Юзэфу. Пасля гэтага Ліпскі адмовіўся ад пасады падканцлера і засяродзіўся на справах духоўных. 20 снежаня 1737 г. ён атрымаў сан кардынала. 17 снежня 1738 г. Аўгуст ІІІ падпісаў прызначэнне Ліпскага на прымаса, але той адмовіўся. Жыў пераважна ў Кракаве, па неабходнасці наведваючы Варшаву ці Гродна. Не займаючы дзяржаўных пасадаў, Ліпскі, аднак, меў вялікі уплыў на шляхту, выступаў на Сейме 1740 г., служыў Імшу перад пачаткам Сейму 1744 г. у Гродне. Агульныя палітычныя інтарэсы зблізілі яго з Міхалам Казімірам Радзівілам. Памёр кардынал 20 лютага 1746 года. Яго партрэт, напісаны ў 1738–1746 гг., прывезены ў Нясвіж Міхалу Казіміру Радзівілу пробашчам бяльскім і слуцкім Людвікам Рыёкурам з Бялай у 1756–1760 гадах. Нясвіжскі партрэт блізкі да партрэта Ліпскага работы Шымана Чаховіча, вядомага гісторыкам польскага мастацтва пакуль што толькі па медзярыце Яна Фрыдрыха Мюліуса.

З 1590 да 1877 г. у Нясвіжы існавала першая ў ВКЛ жаночая навучальна-выхаваўчая установа – кляштар бенедыктынак, заснаваны Мікалаем Крыштофам (Сіроткам) з жонкаю Альжбетаю Яўфіміяй Вішнявецкай. У 1-й палове XVII ст. амаль 30 гадоў прыарысай у ім была Крыстына Яўфімія, пляменніца фундатара. Яе манументальны партрэт, а таксама вельмі рэдкі ў нашым мастацтве парны партрэт Кацярыны Патоцкай і Марыі Лупу, жонак Януша Радзівіла (1646 г.), выкананы віленскім мастаком Янам Шрэтэрам.

Адным з самых загадкавых у радзівілаўскай галерэі можна лічыць так званы «партрэт Міхаіла Барысавіча». Хутчэй за ўсё, гэта легендарная атрыбуцыя. Апошні цвярскі князь у верасні 1485 г. тайком збег у Літву з абложанай маскоўскім войскам Цверы. Пра яго жыццё тут амаль нічога не вядома: прыехаўшы, ён неўзабаве кудысьці ад’ехаў, а праз некалькі гадоў з’явіўся ў Кракаве. Ёсць звесткі, што раней за 1505 г. Міхаіл Барысавіч атрымаў ад вялікага князя на пражыццё Ласасіну, Бялавічы і Гошчава ў Слонімскім павеце і Печы-Хвасты ў Луцкім (Соловьёв. Т.5, с. 63). П. Шпілеўскі ў Нясвіжскім замку заўважыў толькі партрэт дачкі князя цвярскога, «жонкі аднаго з Радзівілаў, «у прыгожым рускім сарафане» (выд. 1992 г., с.76). У 1887 г. цвярскі губернатар прыслаў мінскаму просьбу падарыць фатаграфію князёўны для музея, аднак партрэта князёўны ў Нясвіжы не знайшлі, затое выявілі партрэт князя. Адзначым, што апісанне Нясвіжа П. М. Шпілеўскім вельмі лаканічнае, з мноствам памылак. Уладзіслаў Сыракомля, які тады ж апісаў Нясвіжскі замак значна падрабязней і дакладней, пералічвае каля двух дзесяткаў карцін, але не згадвае ні цвярскога князя, ні князёўны (Уладзіслаў Сыракомля. Добрыя весці. Мн., 1983. с. 230). Невядомы і сямейныя сувязі князя з Радзівіламі. Партрэт «князя Цверы» пад № 50 згадваецца ў каталозе 1857 г.; пазней гэтае азначэнне хтосьці выправіў алоўкам на подпіс «Стэфан Баторы дэ Сомліо» (маецца на ўвазе дзед караля, семіградскі ваявода) і пад такім імем твор экспанаваўся на выставе 1933 г. у Варшаве, прысвечанай 400-годдзю нараджэння Стэфана Баторыя і 250-годдзю бітвы пад Венай. Другая атрыбуцыя здаецца больш верагоднай, але таксама не канчатковай; надта ўжо партрэтаваны нагадвае магнатаў пачатку XVII ст.

Многія творы толькі што рэстаўраваныя ў Нацыянальным мастацкім музеі і экспануюцца ўпершыню. Найперш неабходна адзначыць шэраг жаночых партрэтаў XVIII–XIX стст., тым больш што ў параўнанні з мужчынскімі іх вядома не так многа ў беларускім мастацтве. Не выпадкова ў якасці «візітнай карткі» выставы выбраны своеасаблівы вытанчаны партрэт Анэлі з Мянчынскіх, апошняй жонкі Гераніма Фларыяна Радзівіла, далікатнай і адважнай (ці цярплівай), калі ўлічыць, што першыя дзве збеглі ад магната крыху вар’яцкага нораву. Некаторыя партрэты яшчэ патрабуюць даследавання: хто на іх паказаны, для каго, калі і кім яны выкананы? Гэтыя загадкі надаюць выставе пэўную абаяльнасць магчымага адкрыцця. Каштоўнай параўнальнай крыніцай для ідэнтыфікацыі радзівілаўскіх партрэтаў ужо шмат дзесяцігоддзяў служыць гравіраваны з іх у 1755 г. альбом Г. Ляйбовіча. На жаль, няма падобнага даведніка для больш позніх партрэтаў і шэраг асобаў яшчэ не апазнаны. Выстава, безумоўна, стымулявала пошукі даследчыкаў і ўжо дала пэўныя вынікі. Нечаканым адкрыццём стала з’яўленне на выставе карціны, якую можна было лічыць даўно страчанай. Н. Ф. Высоцкая па архіўнай фатаграфіі канца ХІХ ст. вызначыла яе знаходжанне на той час у нясвіжскай замкавай капліцы. Яе згадваў яшчэ Уладзіслаў Сыракомля ў «Вандроўках па маіх былых ваколіцах»: «у алтары (фарнага касцёла) – карціна Дамэля з выявай святой Канстанцыі ці Гелены з крыжам, у даўнейшых строях... касцельнае кіраўніцтва, ці то знайшоўшы ўборы святой Гелены на карціне занадта сучаснымі, ці то, як кажа паданне, рысы святой былі на ёй узяты з твару князёўны (Канстанцыі Чудоўскай, дачкі клецкага ардыната Юзафа Радзівіла, памерлай у 1825 г.; цяпер у алтары – абраз Антонія Падуанскага – А. Я.), на грабніцы якой стаў алтар, не дазволіла яго асвяціць. Сёння карціна перанесена ў плябанію» (Уладзіслаў Сыракомля. Добрыя весці. Мн., 1983, с. 225). Сучасны «Sіownik artystуw polskich» паведамляе, што карціна Яна Дамэля «Св. Канстанцыя» ў міжваенны час знаходзілася ў Нясвіжскім замку. Напэўна, у часы Марыі Кастэлана карціну, як не патрэбную касцёлу, перадалі ў замак, а потым яна перажыла ўсе перыпетыі Нясвіжскай калекцыі. Будзем спадзявацца, што нас яшчэ чакаюць новыя знаходкі ў фондах розных музеяў, і не толькі беларускіх. Пра выставу ж хочацца сказаць, што яна стала сапраўдным адкрыццём для культурнага грамадства Беларусі і добра, што экспанавацца яна будзе досыць доўга. Будзем спадзявацца на выданне ў недалёкім часе яе каталога.

Фота Зміцера Казлова


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY