Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза
Сяргей ПАНІЗЬНІК

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ

Вершы ахвотней прыходзяць і шчырэй прамаўляюцца там, дзе сам з’явіўся на свет. Для мяне – гэта мёрскі бераг Прыдзвіння. Там я вымалёўваю ў свае колеры контурныя карты даўняй Дзісеншчыны, пазнейшага «повяту Браславского», Глыбоцкай акругі страшнага Остланда, паваеннай Полацкай вобласці, Маладзечанскай... Даўно знік «каляндар» Бабышаўскага хутара: як жылі пры цары, пры першых саветах, пры паляках, другіх саветах, пры немцах... На контурнай карце маёй радаводнай Бацькаўшчыны засталіся толькі абрысы жыццядзейнасці продкаў: віленская купчая дзеда на пяць дзесяцін, фотаздымкі бацькоў ад лявонпальскага яўрэя і – галасы сямейнікаў, родзічаў, суседзяў, запісаныя ў 70-я гады ажно мінулага стагоддзя на шчаслівую магнітафонную стужку. Еду з Мёраў праз Даўгінава, яшчэ ацалелыя Кіслякі, Латышы, Пуцінава ў абмялелае на людзей былое мястэчка Лявонпаль і паглядаю з дарогі на высахлыя ліпы Бабышак, дзе нарадзіўся ў 1942 годзе, на курганок ад былога котлішча бацькоў, каля якога яшчэ ўсё жыве клён. З яго лісцяў і чуюцца мне то валачобныя, то пятроўскія, то жніўныя песні...

«На гары лён, лён... Не з кім мне стаці лянок ірваці...» Ссунулася з панадворка на могілкі апошняя кудзельніца, а жывы голас народных творцаў, на духоўных вузлах якіх трымалася нашая нацыя, гучыць, абуджае і надзеіць: не застаўся я сіратою.

Бацькаўшчына – алтарная –
наша любоў.
Промнікі слоў, зямля сяброў
на крыжах дарог.
Дом, дзе жывём,
у спадчыну нам ад вякоў.
Родны парог для нас бярог
Валадар Айчыны – Бог.
         Веруем, веруем Айчыне сваёй.
         Мы, як і продкі, у даўгу перад ёй.
         Для Беларусі мы жылі, будзем жыць, –
         вечнай малітвай непагасна служыць.
Бацькаўшчына – святла струна,
сонца ўзыход.
Мы на зямлі ў адной сям’і.
Валадар, Ты змог
нас апазнаць і веру даць.
Вольны народ
не прападзе ў святой хадзе.
Беларусы, з намі Бог!

Разьбяная выява лысагорскага Хрыста.
Веруем, веруем Айчыне сваёй. Але што адбываецца з ёю сёння?.. Як я дзівіўся, памятаю, калі слухаў мясцовую пявунню: гаварылі мы на трасянцы, а песняю прамаўляла да мяне берагіня на чысцюткай літаратурнай мове. Думалася мне тады ў 1968-м: якія ж універсітэты прайшлі мае землякі, каб валодаць так нязмушана сардэчнымі скарбамі? На жаль, тысячагадовая гісторыя песнятворчасці была пахаваная пад скібамі гліны ўзараных «бесперспектыўных» вёсак.

Крыж з васількамі і кветкамі лёну.
 
Цяпер у заснаваным мною Музеі радзімазнаўства пры Лявонпальскай сельскай бібліятэцы і ў яго філіяле «Хата бабкі Ядзвінні з роду Панізьнікаў» чуюцца не толькі галасы «выхаванцаў» Народнага Універсітэта Высакароднасці. Там можна ўбачыць ацалелыя дакументы – сямейныя рэліквіі, помнікі працы і натхнення. Вось драўляная выява Збаўцы. Праца разьбяра спарахнела б разам з крыжам на закінутых кладах каля вёскі Лысагорка. Падабраў, блукаючы з магнітафонам і фотаапаратам у тыя далёкія 70-я гады. Вось так і мая бабуля Альжбета (яшчэ ў 1939-м) выхапіла святую памятку не з пашчы небыцця, а з рук гвалтоўнікаў, якія разбуралі ў «далучаным» да саветаў мястэчку дагледжаны парафіянамі касцёл. Крыж з васількамі і кветкамі лёну перададзены мною туды, дзе ён знаходзіўся. А наўзамен мне нашаптаўся верш. І калі з родзічамі прыходжу на могілкі ў Лявонпалі, каб наведаць апошні прытулак бабулі Альжбеты, узгадваю яго радкі:

Той крыж з васількамі
і кветкамі лёну –
ад Лазара Богшы з Лявонпаля.
Алтар быў раструшчаны.
Рэха з-пад водмелі
анёлу нясу – паштальёну:
няхай перашле
да Святога Прастолу
бабулі Альжбеце, знябожанай...
Яна ўратавала душой устрывожанай
распятую памяць Хрыстову.
Цяпер у бажніцы
на светлай паліцы
Распяцце, дзе лён з васілёчкамі.
    Бабуля Альжбета!
    Не пойдзем у прочкі мы:
    так родна
              на крыж твой
                   маліцца.

 
Падчас працэсіі вакол Троіцкай царквы.   Ксёндз Уладас Пятрайціс, благачынны Мёрскай акругі протаіерэй Мікалай Рунда, пісьменнік Сяргей Панізьнік каля лявонпальскага касцёла, былога палаца графа Лапацінскага.

А летась на гарышчы дома, дзе жыве ў Лявонпалі Марыя Балбека, знайшлі скульптуру Хрыста з адбітай галавой. 90-гадовая бабуля сказала, што ў 1939 годзе гэтае ўпрыгожанне касцёла было раструшчана камісарамі. Пашкоджаную святыню яна выхапіла з-пад ног раз’юшанага люцыпара. Доўгія гады атэістычнага гвалту скульптуру абараняла браня з кастры... Цяпер яна ў Музеі радзімазнаўства.

З-пад бота вырваны Хрыстос
быў захаваны на гарышчы...
...Лявонпаль безгалова свішча,
збірае тое, што растрос.

Мо й зойме тут адзіны Пан
свае ўскрослыя вышыні.
Прыдзвінне скідвае ашыйнік
на азванараны дзірван.

Асвячэнне Крыжа на ўшанаванне 2000-годдзя хрысціянства.

Але колькі добрых узрушэнняў спараджаюць у мяне натхнёныя радкі пра алтарную Бацькаўшчыну. Удзячны, да прыкладу, раённаму начальству, якое прыняло маю прапанову правесці ў Лявонпалі не звычайны «праздник деревни», а хрысціянскае свята, прымеркаванае да тысячагоддзя мястэчка. Не было летапіснай даты, афіцыйнага дакумента аб заснаванні Лілек, Чурылавічаў (ранейшыя назвы). Была толькі падтрымка археолага Вадзіма Шадыры. Вернікі праваслаўнай і каталіцкай канфесій прайшлі ў працэсіі ад сваіх храмаў, каб асвяціць Еўфрасіннеўскі Крыж. А ў тэатральнай імпрэзе каля сцен былой рэзідэнцыі графскага роду Лапацінскіх прынялі ўдзел і благачынны Мёрскай акругі протаіерэй Мікалай Рунда, і тагачасны дзекан Глыбоцкага дэканату ксёндз Уладас Пятрайціс.

«Будзь воля Твая...» – прыгадваю ў розных жыццёвых варунках:

Я зло нясу...
Пакрыўджаны, іду
адпомсціцца
ці словам, ці паглядам.
А неба насылае мне слату.
Губляецца дарога нам, дзе ляда.

Калі ж я выбачу
правіны ўсе,
згадаю словы,
што ішлі ад Бога, –
сам у спатолі, людзі – у красе,
а воблака нясе мяне самога.

Каля кароны ў гонар Канстытуцыі 3 траўня 1791 г., здымак ад 3.05.1921 г.
Воблака нясе мяне самога і тады, калі толькі здалечы думаю пра родны мацярык, а не пра «малую радзіму», як часта называюць зямлю маленства. Мой хрост адбыўся ў траўні 42-га. Царква ў мястэчку мела яшчэ першапачатковы, 1774 года выгляд. Падчас вайны святар П. Хрышчановіч правёў «рамонт»: былі знесеныя вежы. Так Троіцкая бажніца займела выгляд праваслаўнага храма. Сёння нам служыць айцец Мікалай (Мікалай Іванавіч Мелех), чалавек паважаны між прыдзвінскага люду. Да яго я іду на споведзь і да прычасця... Бываю ў царкве ў дні фэстаў, урачыстых службаў. Шкадую вернікаў, якія паддаюцца палітызацыі, якіх уцягваюць у міжканфесійную валтузню. Часта з горкімі думкамі іду да продкаў і супакоена прытуляюся да надгробкаў. І ўзвышаецца сэрца, сцвярджаецца вера пры судакрананні з сілаю продкаў, з радаводнымі вытокамі. Таму больш упэўнена іду па прыдзвінскай дарозе, адчуваючы адказнасць за ўласны лісточак на радаводным дрэве.

На святое хрышчэнне ўнучкі Яны

З-пад радаводных ніў
кудзелілася пража...
І меч нас бараніў,
і ўся ў кальчузе стража.
         Ахоўныя ключы
         у рукі мне зляцелі
         ад продкаў па мячы,
         ад продкаў па кудзелі.

Калыскі загулі:
гадуюцца патомкі, –
на спадчыннай зямлі
жывуць не пустадомкі!
         Хачу ім памагчы
         узвысіцца ў надзеі
         да продкаў па мячы,
         да продкаў па кудзелі.
З унукамі зара
у стрэмені не дрэмле.
Бурштыніцца кара
на радаводным дрэве.
         Тулюся да свячы, –
         каб на сям’ю глядзелі
         і продкі па мячы,
         і продкі па кудзелі.

Дарожны знак пры ўездзе ў Лявонпаль на гасцінцы з в. Пуцінава.
За мною – продкі па мячы, продкі па кудзелі, продкі па песнятворчасці, а ў гушкалках новых калысак шчабеча новая надзея. Для нашчадкаў я і машчу кладку паэзіі, заву ў хатку маёй прыдзвінскай чыннасці, майго слугавання землякам:

Ды будзіць нам гэтая ночка відная,
ды будзіць нам ясён месяц свяціці,
ды будзіць нам зараначка служыці,
ды будуць нам і скрыпачкі іграці,
ды будуць нам вяселейка пяяці1.



  1. З вясельнай песні, запісанай у лістападзе 1968 г. у в. Бабышкі ад Адэлі Якаўлеўны Панізьнік 1905 года нараджэння.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY