Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(30)/2004
На кніжнай паліцы
Галерэя
Паэзія

ДЗЯКУЙ УСЯВЫШНЯМУ!

РЫМСКІ ДЫПЦІХ. УЗРУШЭНЬНЕ
Мастацтва

БЕЗЗАГАННАЕ ЗАЧАЦЦЕ
Пераклады
На шляху веры
Роздум

ТАМ, ДЗЕ НАРАДЖАЮЦЦА ВЕРШЫ
Хрысціянская думка
Спадчына

ЯДНАЛА МІНУЛАЕ І БУДУЧЫНЮ
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум

НАКАНАВАННЕ
Проза

Св. Бенедыкт – патрон Еўропы.
Ігар ГАНЧАРУК

КАТАЛІЦКІЯ МАНАСКІЯ ОРДЭНЫ НА БЕЛАРУСІ Ў 1770—1820-Я ГАДЫ

Манаскія ордэны з’яўляюцца неад’емнай часткай структуры Каталіцкага Касцёла. У шматлікіх выпадках яны адыгрывалі вырашальную ролю ў гісторыі Касцёла, мелі непасрэднае дачыненне да яго абнаўлення. Многія манаскія ордэны актыўна займаліся місіянерскай і пастырскай дзейнасцю, пракладвалі шлях для каталіцкай веры і былі праваднікамі новых формаў рэлігійнасці. Манахі пашыралі ў касцёлах дадатковыя набажэнствы, стваралі санктуарыі, рэлігійныя брацтвы, спрыялі актывізацыі пілігрымак і працэсій, развівалі культ святых і Маці Божай. Ордэнскае духавенства распаўсюджвала практыку рэкалекцый і асабістай малітвы, заахвочвала да рэлігійных спеваў і г. д. Кляштары адыгрывалі вялікую ролю ў грамадскім жыцці: займаліся выхаваннем моладзі і дабрачыннасцю, стваралі навучальныя ўстановы, канвікты (інтэрнаты), бурсы, шпіталі, аптэкі, школьныя тэатры і музычныя капэлы, уласныя друкарні.

Каб мець кваліфікаваныя кадры для здзяйснення сваёй працы, манахі стварылі ўласную сістэму адукацыі, якая ахоплівала навіцыяты і студыі — навучальныя ўстановы для ордэнскага духавенства. Да пастырскай дзейнасці дапускаліся толькі спецыяльна падрыхтаваныя ксяндзы. Прымаць споведзь у канфесіяналах і прамаўляць казанні маглі толькі тыя, хто прайшоў адпаведную падрыхтоўку. У параўнанні з дыяцэзіяльным духавенствам ордэнскае духавенства адрознівалася большай адукаванасцю і мабільнасцю. Пытанне перавагі ордэнскага духавенства знайшло адлюстраванне ў польскай гістарыяграфіі.

Перад першым падзелам Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі кляштары шматлікіх манаскіх ордэнаў. Па нашых падліках існавала 180 мужчынскіх кляштараў, у тым ліку 157 — У Віленскай дыяцэзіі, 20 — у Луцкай, 1 — у Кіеўскай, 2 — у Смаленскай. У 1820-я гг. на тэрыторыі Беларусі, апрача езуітаў, якія ў 1820 г. былі высланы з Расіі, дзейнічала 147 кляштараў, у тым ліку 48 у Магілёўскай архідыяцэзіі, 45 у Мінскай дыяцэзіі, 54 у Віленскай. Актыўна працавалі ўсе групы манаскіх фармацый: уласна манахі (бенедыктынцы, цыстэрцыянцы, картэзіянцы), канонікі рэгулярныя (канонікі рэгулярныя латэранскія, канонікі рэгулярныя ад пакуты, трынітарыі), жабрацкія ордэны (аўгустынцы, бернардынцы, дамініканцы, францішканцы, кармеліты босыя, кармеліты абутыя), клерыкі рэгулярныя (баніфраты, езуіты, камуністы, марыяне, місіянеры, піяры, рохіты).

Кожны манаскі ордэн меў спецыфіку сваёй духоўнасці, на аснове якой будавалася яго жыццё і праца. Манаскія ордэны пазнейшай фармацыі (клерыкаў рэгулярных) бралі за аснову адзін з вядомых статутаў (часцей — св. Аўгустына), у якім дэкларавалася мэта арганізацыі манаскай супольнасці і асноўныя кірункі яе дасягнення. Штодзённае жыццё кляштараў, асабліва з XV ст., рэгламентавалася Канстытуцыяй (дадатковымі правіламі, якіх не было ў статутах), і мясцовай традыцыяй, якая вызначалася воляй фундатара і дыяцэзіяльнага біскупа, грамадскімі ці духоўнымі запатрабаваннямі вернікаў.


Св. Францішак Асізскі. Фрэска Сімонэ Марціні, 1318 г., Асізі, ніжні касцёл.
Звычайна манахаў запрашалі для выканання пэўнага віду дзейнасці (місіянерскай, пастырскай, адукацыйнай, выхаваўчай, догляду хворых і інш.). Пашырэнне манаскіх супольнасцяў залежала ад колькасці запрашэнняў і фундацый. Перавагу мелі кляштары, якія паспелі ў ліку першых абсталявацца на беларуска-літоўскіх землях (XVII ст. — час росквіту манаскіх ордэнаў у Рэчы Паспалітай) і якім спрыялі прадстаўнікі магнатэрыі. Найбольш цесныя сувязі з вышэйшай знаццю, асабліва той часткай, якая з пратэстанцтва перайшла ў каталіцтва, мелі езуіты і дамініканцы, а вось капуцынам, нягледзячы на падтрымку некаторых магнатаў, так і не ўдалося абсталявацца на беларуска-літоўскіх землях. Піяры замацаваліся з цяжкасцю, у выніку моцнай канкурэнцыі з езуітамі. Прасцей было тым манаскім супольнасцям, якія не мелі значных канкурэнтаў (баніфратам, рохітам, місіянерам) і якія паўсталі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (марыяне, тыя ж рохіты). Місіянеры напачатку, у 1687 г., былі запрошаны віленскім біскупам А. Катовічам з мэтай выкладання ў дыяцэзіяльнай семінарыі. Баніфраты і рохіты займаліся лячэннем хворых. Найбольшай папулярнасцю ў шляхты карыстаўся жабрацкі ордэн бернардынаў. Гэта быў найбольш «польскі» ордэн. Яго манахі актыўна ўводзілі ў рэлігійную практыку польскія спевы, у тым ліку калядкі, трэція ордэны, для свецкіх, часцей наладжвалі працэсіі, прамаўлялі казанні і г. д. Найменш папулярнымі ў XVIII ст. былі кляштары чыста кантэмпляцыйнага тыпу.

Сярод усіх ордэнскіх групаў уласна манахі маюць адну з найстаражытнейшых традыцый. На Беларусі іх было няшмат (бенедыктынцы, цыстэрцыянцы, картузы — усяго 7 кляштараў).

Бенедыктынскія кляштары далі пачатак манаскім супольнасцям заходнееўрапейскай арыентацыі. Іх заснавальнік св. Бенедыкт (каля 480 г. — 547 г., па іншых звестках — каля 550 г.) распрацаваў Статут, які пачалі прымаць іншыя кляштары. Жыццё ў бенедыктынскай супольнасці будавалася на ўзор хрысціянскай сям’і на чале з айцом-абатам. Абавязковымі былі шлюбы чыстасці, убоства (адмовы ад уласнай маёмасці), паслухмянасці і сталага пражывання ў кляштары. Асновай жыццядзейнасці абвяшчалася фізічная праца манахаў. Бенедыктынская духоўнасць будавалася на наследаванні Хрыстовых запаведзяў праз службу Божую і малітву, якая ўплывала на ўвесь уклад жыцця: фізічную працу, навучанне, місіянерства і пастырства. У рэлігійнасці цэнтральнае месца займаў культ Эўхарыстыі і Божага Цела. Бенедыктынцы засяроджвалі ўвагу на кульце Святога Крыжа, Сэрца Хрыста, Святой Тройцы і св. Ганны.

На Беларусі кляштары ордэнскай групы манахаў мелі пераважна святарскі характар. У іх было мала братоў конверсаў (манахаў, якія прымалі простыя шлюбы і не мелі святарскага сану), а фізічную працу выконвалі свецкія. Толькі ў кляштары картэзіянцаў у Бярозе захоўваўся аскетычны побыт. Манахі жылі ў асобных памяшканнях, рэдка сустракаліся і не мелі права кантактаваць са свецкімі вернікамі. Праўда, з канца XVIII ст. картэзіянскія правілы не заўсёды выконваліся. Эпоха Асветніцтва не спрыяла развіццю кляштараў уласна манаскай групы: лічылася, што яны не маюць сацыяльнай вартасці, і ўрадавыя колы Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі падзялялі такі пункт гледжання. Рэгламент для каталіцкіх касцёлаў і кляштараў ад 3 лістапада 1798 г. патрабаваў ад кляштараў кантэмпляцыйнага тыпу пералічваць грошы на ўтрыманне дабрачынных устаноў, і цыстэрцыянцы мелі багаты вопыт пастырскай працы ў сваіх парафіях, картэзіянцы ніколі яго не мелі і мусілі ўтрымліваць парафіяльную школу.


Пастырская праца дамініканцаў. Мініяцюра (каля 1250).
Нешматлікімі на Беларусі былі таксама кляштары групы канонікаў рэгулярных (усяго 11 каля 1772 г. і 13 у 1820-я гг.). Кляштары каноніцкай групы мелі святарскі характар і карысталіся больш мяккім Статутам св. Аўгустына. Пачатак гэтай групы ордэнаў паклалі аб’яднанні дыяцэзіяльных ксяндзоў, якія ў XI ст. гуртаваліся для найлепшага выканання сваіх абавязкаў. Яны атрымалі назву канонікаў рэгулярных у адрозненне ад канонікаў катэдральных (ксяндзоў пры катэдральных касцёлах). З цягам часу з’явіліся блізкія ім групы манаскіх аб’яднанняў, якія таксама бачылі асноўную мэту сваёй дзейнасці ў пастырстве. У адрозненне ад Статута св. Бенедыкта Статут св. Аўгустына не абавязваў да цяжкай фізічнай працы, таму ўвесь вольны час манахі выкарыстоўвалі для самаадукацыі, перапісвання кніг, чытання, паглыблення веры праз духоўныя разважанні, пасты, літургічныя гадзіны, індывідуальныя малітвы і інш. Менавіта такому ўкладу жыцця адпавядаў Статут св. Аўгустына, галоўнай рысай якога з’яўляецца памяркоўны аскетызм. У рэлігійнай практыцы канонікаў рэгулярных асноўнае месца займала літургія, культ Божага Цела і Панны Марыі. Трынітарыі прысвяцілі сваю дзейнасць Святой Тройцы (практычна ўсе іх касцёлы асвячаліся ў Яе гонар). Палітыка царскага ўрада ў адносінах да кляштараў гэтай групы была спрыяльнай. Арганізацыя манахамі парафій лічылася неабходнай для задавальнення духоўных патрэбаў вернікаў і спакою ў краіне.

Манаскай групай старой фармацыі былі жабрацкія ордэны (106 кляштараў каля 1772 г. і 110 у 1820-я гг.). Кляштары гэтай групы былі на Беларусі самыя прадстаўнічыя. Яны ўзніклі ў XVIII ст. у рэчышчы шырокага руху за абнаўленне Касцёла і ўкаранялі новы тып арганізацыі манаскага жыцця. Іх духоўнасць будавалася на прынцыпах евангельскага наследавання Хрыста: поўнай адмове ад маёмасці (не толькі ўласнай, але і калектыўнай), адмове ад сталага пражывання ў кляштары і на апостальскім (місіянерскім) запале. Жабрацтва ўспрымалася найперш як адмова ад усяго ўласнага (асабістай волі, самалюбства), такое яго разуменне было падобным да самаахвярнасці Хрыста, мела аптымістычны жыццесцвярджальны кантэкст: гэта не адрачэнне дзеля адрачэння і не ўцёкі ад свету, а набыццё сапраўднай свабоды дзеля служэння свету. У такім сэнсе самаахвярнасць, паслухмянасць, пакора, лагоднасць і іншыя дабрадзейнасці ўспрымаліся не як цяжкі абавязак, а як Божая ласка. Адсюль вынікалі такія рысы «жабрацкай духоўнасці», як радасць успрымання свету і ўсеагульнае брацтва, пошук Бога ў дапамозе бліжняму. Прадстаўнікі новай формы манаства прыстасоўваліся да штодзённага жыцця вернікаў. Яны не зачыняліся ў кляштарах і не адмаўляліся ад кантэмпляцыйнай формы рэлігійнасці, а былі выразнікамі дзейсна-кантэмпляцыйнага напрамку ў манастве.

Апрача агульных рысаў жабрацкія ордэны мелі спецыфічныя асаблівасці і нават розныя статуты. Іх дзейнасць і духоўнасць рэгламентавалася Канстытуцыяй і мясцовай традыцыяй. Манаскія ордэны, якія прытрымліваліся Статута св. Францішка (францішканцы і бернардынцы) арыентаваліся галоўным чынам на простага верніка. Яны вялі актыўную пастырскую працу і займаліся самаадукацыяй. Дамініканцы, якія кіраваліся Статутам св. Аўгустына, асноўную ўвагу надавалі тэалагічнай падрыхтоўцы манахаў. Дамініканскія навучальныя ўстановы былі аднымі з найлепшых у сярэднявечнай Еўропе, а з іх асяроддзя выходзілі знакамітыя тэолагі і мысляры: св. Тамаш Аквінскі (1225-1274 гг.), св. Альберт Вялікі (каля 1200-1280 гг.) і інш. Дамініканцы былі ідэалагічнымі абаронцамі Касцёла: змагаліся з ерасямі, кіравалі інквізіцыяй (з 1232 г.). У сваёй дзейнасці яны рабілі асноўны акцэнт на казанні (афіцыйная назва ордэна — «Ордэн братоў прапаведнікаў»), імкнуліся выкарыстаць індывідуальны падыход у працы з рознымі сацыяльнымі групамі. Ідэальны тып манаха дамініканца бачыўся ў актыўнай і шырокаадукаванай асобе, якая ў сваёй пастырскай дзейнасці абапіралася на асабісты прыклад жыцця.


Анёл, які благаслаўляе навіцыя. Мініяцюра.

Манаскія ордэны кармелітаў босых і кармелітаў абутых мелі больш аскетычны ўклад жыцця. Нараджэнне кармеліцкай арганізацыі манахаў прыпала на пачатак XIII ст. Першыя манахі гэтага ордэна сяліліся каля гары Кармель у Палестыне. Яны карысталіся Статутам ерузалемскага патрыярха св. Альберта. Паводле Статуту кармеліты спалучалі нормы жыцця пустэльнікаў-эрэмітаў з калектыўным укладам жыцця цэнабітаў (манахаў, якія жылі разам). У далейшым Статут быў мадэрнізаваны, а ў 1274 г. Ліёнскі Сабор далучыў ордэн кармелітаў да ліку жабрацкіх. У XVI ст. вылучылася асобная галіна кармелітаў босых, ад іх патрабавалася аскетычнае жыццё і кантэмпляцыя праз пост, малітву, маўчанне. Як і ўсе іншыя жабрацкія ордэны, кармеліты займаліся пастырскай працай, евангелізацыяй, паглыблялі свае тэалагічныя веды.

Жабрацкім ордэнам належыць першынство ў прапагандзе розных формаў марыйнага культу. Яны ўкаранялі такія формы рэлігійнасці, як малітва на ружанцы (дамініканцы, францішканцы), нашэнне шкаплера (кармеліты), культ Маці Божай Беззаганнай, Маці Божай Унебаўзятай, Маці Божай Балеснай і інш. Францішканцы і бернардынцы ўвялі ў рэлігійную практыку шэраг марыйных гімнаў, спеваў і малітваў. Манахам жабрацкіх ордэнаў належыць асаблівая роля ў арганізацыі кальварыяў — ансамбля капліцаў, якія сімвалізавалі Крыжовую дарогу Хрыста. Лакальнае значэнне для вернікаў Беларусі мелі кальварыі дамініканцаў у Верках (каля Вільні) і кармелітаў босых у Старым Мядзелі.

Царскія ўлады не перашкаджалі дзейнасці жабрацкіх ордэнаў, якія працягвалі займацца пастырскай і місіянерскай працай. Бернардынцы лаяльна ставіліся да Рыма-каталіцкай духоўнай калегіі, не перашкаджалі дыяцэзіяльным біскупам у візітацыях сваіх кляштараў. Дэзарганізацыя ордэнскіх структураў не прывяла ў бернардынскіх кляштарах да парушэння ўкладу іх жыцця.

Дамініканцы мелі самую вялікую колькасць кляштараў і манахаў (у 1825 г. у межах Расійскай імперыі, без уліку польскіх земляў — 94 кляштары і 777 манахаў, на другім месцы былі бернардынцы — 44 кляштары і 531 манах)4. У 1810-я і 1820-я гг. ордэн дамініканцаў у Літоўскай правінцыі значна амаладзіўся і абнавіўся. Імператар Аляксандр І спрыяў дамініканцам (прыёр Сакульскі меў свабодны ўваход да цара). Падчас паездак праз беларускія землі Аляксандр І наведваў дамініканскія кляштары ў Оршы і Віцебску. Дзякуючы царскаму заступніцтву дамініканцы выйгралі некалькі судовых працэсаў, якія лічыліся безнадзейнымі. У Оршы яны адстаялі два свае касцёлы (адзін з іх раней належаў езуітам). У 1823 г. на жалобным набажэнстве ў памяць Папы Пія VII у касцёле св. Кацярыны ў Пецярбурзе прысутнічаў міністр духоўных спраў і народнай асветы А. Галіцын. Пасля выгнання езуітаў з Расіі ордэн дамініканцаў заняў месца першага і найважнейшага ў Расійскай імперыі5.

Група манаскіх ордэнаў клерыкаў рэгулярных з’явілася пазней — у XVI-XVII стст. (усяго 56 кляштараў каля 1772 г. і 17 у 1820-я гг.). Па колькасці кляштараў гэта група займала другое месца пасля жабрацкіх ордэнаў. Найбольш прадстаўнічымі сярод іх былі езуіты (да 1820 г.).

Спецыфіка манаскіх ордэнаў пазнейшай фармацыі вызначалася тым, што яны паўсталі ў эпоху рэформы Касцёла, а таму іх дзейнасць была прасякнута духам пастановаў Трыдэнцкага Сабору (1545-1563 гг.). Ордэн езуітаў служыў галоўным апірышчам папства ў перыяд контррэфармацыі (4-ы шлюб езуітаў — паслухмянасць Апостальскай Сталіцы). Абарона і распаўсюджанне веры ў новых гістарычных умовах былі галоўнай мэтай ордэна. У сваёй духоўнасці езуіты падкрэслівалі тыя асновы веравучэння, якія выклікалі нападкі з боку ворагаў Касцёла. Яны імкнуліся наследаваць Хрыста і адначасова абаранялі Яго Божую сутнасць (супраць якой выступалі арыяне) і ўцелаўленне (якое адмаўлялі ў Эўхарыстыі пратэстанты), рабілі акцэнт на ролю Маці Божай у справе збаўлення (супраць чаго выступалі пратэстанты) і аддана служылі Папу Рымскаму, першынство якога не прызнавалася іншымі хрысціянскімі канфесіямі. Езуіты ўкаранялі дадатковыя набажэнствы: у гонар Маці Божай (Гадзінкі, маёвыя) і Хрыста (саракагадзінныя), пашыралі культ Сэрца Хрыста, заснавалі першае ў свеце школьнае марыйнае брацтва (кангрэгацыю). У сваёй духоўнасці яны абапіраліся на хрыстацэнтрызм, адсюль іх галоўная мэта — весці чалавека да Бога і выконваць усялякую працу «дзеля хвалы Божай».


Касцёлы і кляштары бернардынцаў : 1) у Слоніме; 2) Беразіно; 3) Мінску; 4) Магілёве; 5) Нясвіжы; 6) Віцебску; 7) Мазыры; 8) Гродна; 9) Іўі

Як вядома, пасля Трыдэнцкага Сабору Касцёл звярнуў асаблівую ўвагу на паству (абавязковымі сталі яе ўлік, наведванні вернікаў па дамах), на якасць набажэнстваў, выхаванне і падрыхтоўку духавенства. Патрабавалася таксама, каб у кожнай парафіі існавалі пачатковая школа, шпіталь, брацтва. Езуіты, піяры і місіянеры стваралі навучальныя ўстановы і ўкаранялі новыя формы пастырства і рэлігійнасці. Камуністы і марыяне імкнуліся да стварэння ўзорных парафій. Марыяне былі першымі манахамі, якія цалкам прысвяцілі сябе Маці Божай Беззаганнай. Мэтай ордэна было пашырэнне марыйнага культу, малітвы за душы ў чысцы, за забітых на вайне і памерлых у часе эпідэмій. Сэнс марыйнай духоўнасці — у пасрэдніцтве і заступніцтве Маці Божай («Праз Марыю — да Хрыста»).

Манаскія ордэны баніфратаў («добрых братоў», ад лац. «bonus» — добры, «frater» — брат) і рохітаў (ад імя св. Роха) мелі выключна харытатыўны характар. Іх асноўная задача заключалася ў дапамозе хворым, бедным і бяздомным. Сярод іх практычна не было ксяндзоў. Баніфраты складалі 4-ы шлюб — дапамогі хворым нават пад пагрозай свайго жыцця. Яны стваралі спецыялізаваныя шпіталі, якія адрозніваліся ад парафіяльных. Калі апошнія былі звычайна прытулкам для нямоглых, дык у шпіталях баніфратаў аказвалася медыцынская дапамога, існаваў догляд. Апрача трох звычайных шлюбаў рохіты складалі чацвёрты — дапамогі хворым падчас эпідэмій і пахавання памерлых.

Манахі святарскай групы не імкнуліся ствараць адасобленыя ад свету кляштары. Іх кляштары, апрача будынкаў для навіцыяў і састарэлых манахаў, хутчэй нагадвалі жылыя дамы, дзе частка памяшканняў выкарыстоўвалася для навучальных устаноў, прытулкаў, шпіталяў, аптэк, інтэрнатаў для вучняў (канвіктаў ці бурсаў).

Адносіны царскіх уладаў да ордэнаў святарскай групы былі лаяльнымі. Ордэн езуітаў знаходзіўся на асаблівым становішчы ў імперыі да 1815 г. Фактычна ён не падпарадкоўваўся ні дыяцэзіяльным біскупам, ні мітрапаліту Сестранцэвічу і без перашкодаў займаўся той жа дзейнасцю, што і ў XVIII ст. З усіх манаскіх ордэнаў толькі піяры (лідскія і шчучынскія) варожа сустрэлі расійскую адміністрацыю ў 1795 г., за што былі ўзятыя ўладамі пад кантроль. Аднак у першай трэці XIX ст. адкрытых канфліктаў піяраў з царскімі ўладамі не назіралася. Выпадак з ксяндзамі Полацкага вучылішча Брадовічам і Львовічам, якія былі адхілены ад выкладчыцкай дзейнасці за ўдзел у філарэцкім руху, можна разглядаць як пэўную тэндэнцыю ў піярскім асяроддзі. Ніякіх рэпрэсій у дачыненні да піярскага ордэна з боку расійскіх уладаў не было. Без перашкодаў кіравалі духоўнымі семінарыямі місіянеры, а баніфраты і рохіты (да 1821 г.) займаліся дабрачыннай дзейнасцю. Нешматлікія камуністы і марыяне працягвалі весці пастырскую працу з вернікамі.

Усе манаскія ордэны ў Расійскай імперыі ў 1770-1820-я гг. мелі магчымасць на практыцы рэалізоўваць асноўныя палажэнні сваіх статутаў, праводзіць у жыццё свае формы духоўнасці і культу і такім чынам уплываць на грамадства (гэтаму спрыяла іх сувязь з мясцовай культурай, а таксама адукацыйная падрыхтоўка і сацыяльнае паходжанне).

Умовай жыццядзейнасці кляштараў былі навіцыяты і студыі. Іх належнае функцыянаванне залежала ад матэрыяльнага забеспячэння, а таксама адпаведных памяшканняў, кадраў і арганізацыі. Мелі значэнне акалічнасці сацыяльнага запатрабавання. На колькасць фармацыйных дамоў уплывалі такія фактары, як ордэнская традыцыя, колькасць маючых пакліканне да манаскага стану, наяўнасць адпаведных кадраў у кляштарным асяроддзі і інш. З канца 1820-х гг. прыём у кляштар залежаў ад рашэння свецкіх уладаў.

Пытанне функцыянавання на беларускіх землях фармацыйных дамоў не даследавана: вядома толькі іх колькасць без абставінаў канкрэтнай дзейнасці. Такое даследаванне ўскладняецца практыкай існавання як сталых, так і часовых фармацыйных дамоў, а таксама адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэарганізацыяй ордэнскіх правінцый у канцы XVIII — пачатку XIX ст.

Найбуйнейшым цэнтрам манаскага жыцця ў Вялікім Княстве Літоўскім была Вільня. У другой палове XVIII ст. — першай чвеэрці XIX ст. у гэтым горадзе налічвалася 10 навіцыятаў (аўгустынцаў, бернардынцаў, баніфратаў, кармелітаў абутых, кармелітаў босых, місіянераў, францішканцаў, канонікаў рэгулярных латэранскіх, трынітарыяў, дамініканцаў) і не менш за 7 студый (дамініканцаў, францішканцаў, бернардынцаў, кармелітаў абутых, кармелітаў босых, місіянераў, аўгустынцаў). Каля 1772 г. на тэрыторыі Беларусі найбольш студый і навіцыятаў было ў Гродне (5), Нясвіжы (5), Пінску (4), Мінску (4). Да 1825 г. колькасць фармацыйных дамоў зменшылася ў Вільні да 10, у Мінску да 1, у Нясвіжы і Пінску да 2-3 і толькі ў Гродне мелася 5 фармацыйных дамоў6.

У канцы XVIII — першай трэці XIX ст. на Беларусі навіцыяты мелі францішканцы (Івянец і Пінск у другой палове XVIII — першай трэці XIX ст.), бернардынцы (Друя ў 1808-1810 гг., Віцебск у 1802-1827 гг.), дамініканцы (Забелы, Гродна, Пінск, Мінск у першай трэці XIX ст.), кармеліты абутыя (Слабодка ў 1810 г., Бялынічы ў першай трэці XIX ст.), кармеліты босыя (Гродна ў XVIII ст. і да 1845 г., Глыбокае ў 1733-1862 гг.), марыяне (Расна ў 1820-я гг.), піяры (Полацк у 1820-я гг.), езуіты (Полацк у 1780-1803 гг.), картэзіянцы (Бяроза ў XVIII ст. і да канца першай трэці ХІХ ст.), цыстэрцыянцы (Вістычы, Кімбараўка (?) у ХVІІІ — першай трэці ХІХ ст.), бенедыктынцы (Гарадзішча, Нясвіж у ХVІІІ — першай трэці ХІХ ст.).


Карта XVIII ст. з выявамі мужчынскіх кляштараў Літоўскай правінцыі бернардынцаў.

У дачыненні да манаскіх студый трэба заўважыць, што тэрмін «студыя» шырока ўжываўся ў Сярэднявеччы, але дакладнага азначэння ён не меў.

Звычайна пад студыяй разумелася навучальная ўстанова для манахаў, у якой у адпаведнасці са схаластычнай традыцыяй выкладаліся дзве вышэйшыя галіны ведаў — філасофія і тэалогія. Першапачаткова студыя — гэта заснаваная на ўзор парыжскага універсітэта школа з аднолькавай праграмай выкладання для манахаў дамініканцаў. Ураўноўванне адукацыйнага ўзроўню манахаў адбывалася праз навучанне рыторыцы і пачаткаў логікі (сярэдняга курса навучання публічнай школы). Гэтыя прадметы маглі выкладацца ў навіцыяце ці пасля прыняцця манаскіх шлюбаў у студыях. Апошнія мелі характар вышэйшай навучальнай установы, аднак адрозніваліся рознай сістэмай навучальнага працэсу, маглі ліквідоўвацца ці аднаўляцца ў залежнасці ад патрэбаў ордэна. У розных манаскіх ордэнах студыі маглі адрознівацца праграмай навучання і методыкай выкладання. Прадметы вар’іраваліся: у адных кляштарах выкладалася толькі філасофія, у іншых — тэалогія. Існавалі студыі, у якіх маральная тэалогія спалучалася з філасофіяй ці выкладалася толькі дагматычная тэалогія альбо маральная і інш. Курс рыторыкі ў адных ордэнах (у піяраў, марыянаў) выкладаўся ў навіцыяце, у іншых уваходзіў у праграму студый. У складзе курса вывучаліся такія прадметы, як лацінская мова, фізіка, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, логіка, астраномія, літургічныя спевы, пачаткі гамілетыкі.

Найбольш развітая сістэма студый была ў дамініканцаў. Для падрыхтоўкі сваіх кадраў яны выкарыстоўвалі такія віды студый, як канвентуальныя (пры кожным кляштары з выкладаннем граматыкі і філасофіі; у XIX ст. служылі галоўным чынам для замацавання ведаў за школьны курс), партыкулярныя (аб’ядноўвалі некалькі кляштараў, выкладаліся філасофія і тэалогія на больш высокім узроўні), матэрыяльныя (універсітэцкага ўзроўню без права атрымання навуковых ступеняў, праграма не адрознівалася ад выкладання ў генеральнай студыі), генеральныя (галоўная навучальная ўстанова для ўсёй ордэнскай правінцыі з правам на атрыманне навуковай ступені). У спрошчаным выглядзе аналагічную сістэму студый маглі выкарыстоўваць іншыя манаскія ордэны (францішканцы, бернардзынцы). У XVIII ст. практычна ўсе манаскія супольнасці імкнуліся заснаваць свае навучальныя ўстановы. Гэта быў час росквіту манаскіх студый. Манахі з навуковымі ступенямі лектара, бакалаўра, магістра, доктара мелі прывілеі: вызваляліся ад некаторых абавязкаў, менш удзельнічалі ў набажэнствах і інш. Яны выкладалі ў студыях, рыхтаваліся да лекцый, удзельнічалі ў дыспутах, збіраліся на капітулах, спавядалі, прамаўлялі казанні.

Паводле розных крыніц можна гаварыць, што ў перыяд з 1772 г. да 1830 г. на Беларусі існавала не менш за 31 студыю. Свае студыі мелі дамініканцы (Гродна, генеральная студыя ў 1752-1830 гг.; Дзярэчын, студыя філасофіі ў 1816-1829 гг.; Дунілавічы, студыя маральнай тэалогіі ў першай трэці XIX ст.; Забелы, фармальная студыя ў 1758-1827 гг.; Шклоў, студыя філасофіі і тэалогіі да 1819 г., студыя філасофіі з 1819 г.), францішканцы (Драгічын, першая трэць XIX ст.; Гальшаны, студыя рыторыкі /гімназія/ у канцы XVIII ст.; Івянец, студыя тэалогіі, канец XVIII ст.; Пінск, студыя філасофіі ў 1825-1830 гг.; Удзела, студыя філасофіі ў 1790-1830 гг.), бернардынцы (Слонім, студыя філасофіі ў другой палове XVIII — пачатку XIX ст.; Беніца, у 1799 г.; Нясвіж, студыя тэалогіі дагматычнай і гісторыі Касцёла ў 1731-1864 гг.; Мінск, студыя філасофіі ў 1753-1868 гг.; Будслаў, студыя маральнай тэалогіі і рыторыкі да 1797 г.; студыя рыторыкі ў 1829 г.; Друя, студыя граматыкі ў другой палове XVIII — першай трэці XIX ст.; Магілёў, студыя маральнай тэалогіі да 1825 г.; Полацк, студыя філасофіі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.), кармеліты босыя (Гродна, студыя філасофіі; Глыбокае, студыя філасофіі, абедзве існавалі ў канцы XVIII — першай трэці XIX ст.), кармеліты абутыя (Слабодка, студыя маральнай тэалогіі ў 1808 г.; Бялынічы, студыя філасофіі ў 1804 г., 1811 г.; студыя тэалогіі ў 1825 г.), картэзіянцы (Бяроза, студыя тэалогіі ў XVIII — першай трэці XIX ст.), цыстэрцыянцы (Кімбараўка, студыя тэалогіі ў XVIII — першай трэці XIX ст.; Вістычы ў 1803 г.), бенедыктынцы (Гарадзішча, студыя філасофіі і тэалогіі ў 1803 г.; студыя тэалогіі ў 1809-1830 гг.; Нясвіж, студыя філасофіі ў 1809 г.), канонікі рэгулярныя латэранскія (Крамяніца, 1829 г.), трынітарыі (Орша, студыя тэалогіі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст.), марыяне (Расна, студыя тэалогіі ў другой палове XVIII — першай трэці XIX ст.).

Падрыхтоўка манахаў для місіянерскай дзейнасці адбывалася праз сістэму ўласных семінарый. Клерыкі езуіты навучаліся ў калегіях ордэна, а піяры мелі студыю філасофіі ў Дубровіцы на Украіне. У езуітаў клерыкі адбывалі практыку ў публічных школах сваіх калегій, а потым працягвалі адукацыю і атрымлівалі навуковыя ступені.

У агульным выглядзе тагачасныя навіцыяты і студыі (апошнія без уліку езуіцкіх калегій і духоўных семінарый місіянераў), што існавалі на беларускіх землях у канцы XVIII — першай трэці XIX ст., пададзены ў табліцах № 1-2.

Табліца 1
Манаскія ордэны Колькасць
навіцыянтаў
Дамініканцы 4
Бернардынцы 2
Францішканцы 2
Кармеліты абутыя 2
Кармеліты босыя 2
Марыяне 1
Піяры 1
Езуіты 1
Картэзіянцы 1
Цыстэрцыянцы 2
Бенедыктынцы 2
Усяго 20
   Табліца 2
Манаскія ордэны Колькасць
студый
Бернардынцы 9
Францішканцы 5
Дамініканцы 5
Кармеліты босыя 2
Кармеліты абутыя 2
Картэзіянцы 1
Канонікі рэгулярныя
латэранскія
1
Трынітарыі 1
Цыстэрцыянцы 2
Бенедыктынцы 2
Марыяне 1
Усяго 31

Абсалютная большасць студый мела характар вышэйшых навучальных устаноў, і ў гэтым сэнсе яны былі асяродкамі адукацыі, пэўнай альтэрнатывай для той часткі мясцовай моладзі, што не мела магчымасцяў для навучання ў Вільні. Апрача таго, дзейнасць студый аб’ектыўна ўплывала на агульнаадукацыйны ўзровень тых мясцовасцяў і рэгіёнаў, дзе яны знаходзіліся.

Такім чынам, на працягу другой паловы XVIII — першай трэці XIX ст. усе манаскія ордэны на тэрыторыі Беларусі мелі магчымасць арганізоўваць свае фармацыйныя дамы (навіцыяты і студыі). Многія з гэтых дамоў знаходзіліся на беларускіх землях. Да 1820-х гг. царызм не рабіў спробаў абмежаваць доступ кандыдатаў у навіцыяты. Існаванне і бесперашкодная дзейнасць навіцыятаў і студый — гэта сведчанне задавальняльнага становішча кляштараў у разгледжаны перыяд.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY