Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Папа Ян Павел ІІ

ПАМЯЦЬ І САМАСВЯДОМАСЦЬ

Размовы на пераломе тысячагоддзяў

Малюнак У. Вішнеўскага

 
4.
Адкупленне як Боская мера, вызначаная злу

Як трэба дакладней разумець гэтую меру зла, пра якую ідзе гаворка? У чым заключаецца сутнасць гэтага абмежавання?

Калі я кажу «мера, вызначаная злу», то найперш думаю пра гістарычную меру, якая дзякуючы Провіду была вызначана злу таталітарызмаў ХХ стагоддзя: злу нацыянал-сацыялізму, а пасля марксісцкага камунізму. Аднак у гэтай перспектыве мне цяжка ўтрымацца яшчэ ад іншых рэфлексій, якія маюць тэалагічны характар. Тут не ідзе гаворка пра той тып разважанняў, якія часам прывыклі называць «тэалогіяй гісторыі». Хутчэй, гаворка ідзе пра тое вымярэнне мыслення, якое праз тэалагічную рэфлексію пранікае ў глыбіні ажно да спазнання каранёў зла дзеля таго, каб адкрыць магчымасць яго пераадолення дзякуючы справе Хрыста.

Сам Бог з’яўляецца тым, хто можа вызначыць канчатковую меру злу, бо Ён — сама Справядлівасць, таму што Ён — Той, хто за дабро ўзнагароджвае, а за зло карае, з дасканалаю адпаведнасцю рэчаіснасці. Гэта датычыць усялякага маральнага зла, датычыць граху. Бог, які асуджае і карае, з’яўляецца на даляглядзе гісторыі чалавека ўжо ў зямным раі. Кніга Быцця дэталёва апісвае кару, якую атрымалі прабацькі пасля свайго граху (пар. Быц 3, 14–19). Іх кара была перанесена на ўсю гісторыю чалавека, бо першародны грэх з’яўляецца грахом спадчынным. Як такі ён азначае пэўную прыроджаную грахоўнасць чалавека, схільнасць хутчэй да злога, чым да добрага, якая ў ім ёсць. Ёсць у чалавеку пэўная прыроджаная слабасць маральнага характару, якая ідзе ў пары з няпэўнасцю яго быцця, з псіхафізічнаю слабасцю. З гэтаю слабасцю звязаныя разнастайныя цярпенні, якія Біблія з першых старонак паказвае як кару за грэх.

Такім чынам, можна сказаць, што гісторыя чалавека ад пачатку пазначаная мераю, якую Бог Створца вызначае злу. Шмат на гэтую тэму сказаў ІІ Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі Gaudium et spes. Варта было б тут прыгадаць асабліва ўводную частку, якую Сабор прысвячае сітуацыі чалавека ў сучасным свеце. Абмяжуюся асобнымі цытатамі на тэму граху і грахоўнасці чалавека: «...чалавек, аналізуючы сваё сэрца, прыходзіць да высновы, што ён схільны таксама да злога і пагружаны ў разнастайную грахоўнасць, якая не можа сыходзіць ад яго добрага Творцы. Часта, адмаўляючыся прызнаць Бога крыніцаю свайго пачатку, чалавек парушае таксама і адпаведны парадак, які вядзе яго да канчатковай мэты, а разам з ім — і ўсё, устаноўленае наперад: як у адносінах да самога сябе, так і ў адносінах да іншых людзей і ўсяго створанага свету.

Такім чынам, чалавек падзелены ў самім сабе, таму ўсё жыццё людзей — і індывідуальнае, і калектыўнае — аказваецца драматычнаю барацьбою паміж дабром і злом, паміж святлом і цемраю. Больш за тое, чалавек бачыць, што ўласнымі сіламі ён не здольны паспяхова перамагчы атакі зла, так што кожны адчувае сябе як бы звязаным ланцугамі бяссілля. Аднак сам Пан Бог прыйшоў, каб вызваліць і ўмацаваць чалавека, абнаўляючы яго знутры і праганяючы вон „князя гэтага свету“ (пар. Ян 12, 31), які трымаў яго ў няволі граху. Грэх жа дэградуе самога чалавека, адштурхоўваючы яго ад дасягнення паўнаты.

У святле гэтага Аб’яўлення набываюць свой канчатковы сэнс як высокае пакліканне, так і глыбокае бяссілле, якія перажываюць людзі» (GS 13).

Такім чынам, нельга казаць пра «меру, вызначаную злу», не беручы пад увагу сэнсу прыведзеных слоў. Сам Бог прыйшоў, каб нас збавіць, каб вызваліць чалавека ад зла, а гэтае прыйсце Бога, гэты «Адвэнт», які мы так радасна перажываем у перыяд, што папярэднічае Божаму Нараджэнню, мае адкупленчы характар. Немагчыма думаць пра меру, якую Бог вызначае злу ў яго розных іпастасях, не звяртаючыся да таямніцы адкуплення.

Ці з’яўляецца таямніца адкуплення таксама адказам на гэта гістарычнае зло, якое вяртаецца ў гісторыі чалавека пад розным выглядам? Ці з’яўляецца яна адказам на зло нашага часу? Магло б здавацца, што зло канцэнтрацыйных лагераў, газавых камераў, жорсткасць пэўных паліцэйскіх службаў, урэшце зло самой татальнай вайны і сістэмаў, угрунтаваных на насіллі, — што гэтае зло, якое таксама планамерна перакрэслівала прысутнасць крыжа, — было мацнейшае. Аднак, калі прыгледзецца больш уважліва да гісторыі нацый і народаў, якія прайшлі праз выпрабаванні таталітарных сістэмаў і пераследаў за веру, тады адкрыецца там выразная, пераможная прысутнасць Хрыстовага Крыжа. А на такім драматычным фоне гэта прысутнасць яшчэ больш уражвае. Тым, хто падвяргаецца планамерным атакам зла, не застаецца нікога іншага і нічога іншага, апроч Хрыста і крыжа як крыніцы духоўнай самаабароны, як зарукі перамогі. Хіба ж такім знакам перамогі над злом не стаў св. Максіміліян Кольбэ ў асвенцімскім лагеры смерці? Хіба ж не з’яўляецца ім гісторыя св. Эдыты Штайн — вялікай мысляркі са школы Гусэрля, якая раздзяліла лёс многіх сыноў і дачок Ізраіля, спаленая ў крэматорыі ў Бжэзінцы? Акрамя гэтых дзвюх постацяў, якія называюцца звычайна разам, гэтулькі іншых, што ў той балючай гісторыі былі вялікімі веліччу сведчання, якое давалі ўкрыжаванаму і ўваскросламу Хрысту ў асяроддзі вязняў.

Таямніца Хрыстовага адкуплення вельмі глыбока ўкаранёная ў наша існаванне. Сучаснае жыццё здамінавана тэхнічнаю цывілізацыяй, але і сюды сягае дзейснасць гэтай таямніцы, як нам нагадаў пра гэта ІІ Ватыканскі Сабор: «На пытанне, якім чынам можна пераадолець гэтае няшчасце, хрысціяне адказваюць, што ўсялякую людскую дзейнасць, якая з-за пыхі і непамернага самалюбства штодзённа знаходзіцца ў небяспецы, трэба ачысціць і прывесці да дасканаласці з дапамогаю Крыжа і Уваскрэсення Хрыстовага. Чалавек, адкуплены Хрыстом і ўчынены ў Духу Святым новым стварэннем, можа і павінен любіць усё, створанае Богам, бо ад Бога ўсё гэта атрымлівае і як дар Божы разглядае і шануе. Аддаючы за ўсё падзяку Дабрачынцу, ён валодае створаным і карыстаецца ім ва ўбостве і свабодзе духу, прыходзячы да сапраўднага ўладання светам, як той, хто нічога не мае, але ўсім валодае. „Усё — ваша; вы ж — Хрыстовы, а Хрыстус — Божы“ (1 Кар 3, 22–23)» (GS 37).

Можна сказаць, што праз усю Канстытуцыю Gaudium et spes Сабор развівае дэфініцыю свету, якую знаходзім на самым пачатку дакумента: «Сабор бярэ пад увагу свет людзей, ці ўсю чалавечую сям’ю ў яе цэласнасці, з усім тым, чым яна жыве; свет, які ўяўляе арэну роду людскога, пазначаны яго працаю, паразамі і перамогамі; свет, які, як вераць хрысціяне, быў створаны і абараняецца любоўю Творцы, трапіў у няволю граху, але быў вызвалены пасля крушэння ўлады Злога ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом, каб перайначыцца згодна Божаму замыслу і асягнуць дасканаласць» (GS 2).

Гартаючы старонкі Gaudium et spes, можна заўважыць, што пастаянна вяртаюцца гэтыя «асноўныя паняцці»: крыж, уваскрасенне, пасхальная таямніца. А ўсе разам гэтыя словы кажуць: адкупленне. Свет быў адкуплены Богам. Схаластыкі перадавалі гэта выразам status naturae redemptorae — «стан адкупленай натуры». Хоць Сабор амаль не ўжывае слова «адкупленне», аднак у многіх месцах пра яго гаворыць. У саборавай трактоўцы адкупленне мае пасхальны характар і звязана з кульмінацыйным момантам, якім з’яўляецца змёртвыхпаўстанне. Ці было нейкае абгрунтаванне, якое б прамаўляла на карысць гэтага выбару? Калі я бліжэй пазнаёміўся з усходняю тэалогіяй, то лепш зразумеў, што такі падыход меў у сваёй аснове важную экуменічную рысу. У акцэнтацыі ўваскрасення выяўляецца духоўнасць вялікіх Айцоў хрысціянскага Усходу. Калі адкупленне — гэта тая Боская мера, вызначаная злу, то менавіта таму, што ў ім зло радыкальным чынам было пераможана дабром, нянавісць — любоўю, смерць — змёртвыхпаўстаннем.

 
5.
Таямніца адкуплення

У святле гэтых разважанняў з’яўляецца неабходнасць больш поўнага адказу на праблему прыроды адкуплення. Чым ёсць збаўленне ў кантэксце гэтага змагання дабра са злом, у якім жыве чалавек?

Часам гэтае змаганне падаецца ў вобразе вагаў. Звяртаючыся да такога сімвалу, можна сказаць, што Бог, складаючы ў ахвяру на крыжы свайго Сына, паклаў на шалі дабра гэтую кампенсацыю бязмежнай каштоўнасці, каб яна магла заўсёды канчаткова пераважаць. Слова «адкупленне» мае ў сваім моўным корані штосьці ад «купляння», штосьці ад «выкуплення». Зрэшты, гэтаксама і з лацінскім вызначэннем Redemptor, этымалогія якога звязана з дзеясловам redimere (выкупляць). Менавіта гэты этымалагічны аналіз можа наблізіць нас да разумення сутнасці адкуплення.

З ёю вельмі цесна звязаны такія паняцці як адпушчэнне і апраўданне. Адно і другое належаць да мовы Евангелля. Хрыстус адпускаў грахі, выразна падкрэсліваючы, што Сын Чалавечы мае ўладу адпушчэння грахоў. Калі да Яго прынеслі спаралізаванага чалавека, Ён найперш сказаў: «Дзіця, адпускаюцца табе грахі твае» (Мк 2, 5), а пасля дадаў: «Устань, вазьмі ложак твой ды йдзі ў дом твой» (Мк 2, 11). Такім чынам апасродкавана зазначыў, што грэх — гэта большае зло, чым параліч цела. Калі ж пасля ўваскрасення першы раз прыйшоў у вячэрнік, дзе сабраліся Апосталы, паказаў ім свае прабітыя рукі, ногі і бок, а пасля дыхнуў на іх і прамовіў: «Вазьміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22–23). Такім чынам Хрыстус аб’явіў, што ўлада адпушчэння грахоў, якую мае толькі сам Бог, даецца Касцёлу. Адначасова Ён яшчэ раз пацвердзіў, што грэх — найвялікшае зло, ад якога чалавек павінен быць вызвалены, і разам з тым паказаў, што моц вызвалення чалавека ад граху даверана Касцёлу дзякуючы адкупленчай муцы і смерці Хрыста.

Святы Павел выкажа гэтую самую праўду яшчэ глыбей у паняцці апраўдання. Навука пра апраўданне мае ў лістах Апостала (найперш у лісце да Рымлянаў і да Галатаў) таксама палемічнае вымярэнне. Павел, выхаваны ў школе фарысеяў, спецыялістаў ад экзэгезы Старога Запавету, выступае супраць іх пераканання, што крыніцаю апраўдання з’яўляецца Закон. Ён сцвярджае, што на самай справе чалавек не атрымлівае апраўдання праз учынкі, якія сыходзяць з выканання Закону — асабліва ўсіх скрупулёзных правілаў рытуальнага характару, якім надавалася вялікая ўвага. Апраўданне мае сваю крыніцу ў веры ў Хрыста (пар. Гал 2, 18–22). Укрыжаваны Хрыстус апраўдвае грэшнага чалавека кожны раз, калі той, абапіраючыся на веру ў адкупленне, здзейсненае Хрыстом, шкадуе за свае грахі, навяртаецца і вяртаецца да Бога як да свайго Айца. Такім чынам, паняцце апраўдання ў пэўнай ступені з’яўляецца больш глыбокім адлюстраваннем таго, што знаходзіцца ў таямніцы адкуплення. Толькі людскіх высілкаў недастаткова, каб быць апраўданым перад Богам. Абавязкова трэба, каб пачала дзейнічаць ласка, якая сыходзіць з ахвяры Хрыста, бо толькі крыжовая ахвяра Хрыста мае моц вяртаць чалавеку справядлівасць перад Богам.

Уваскрасенне Хрыста сведчыць пра тое, што толькі мера дабра, якую Бог уводзіць у гісторыю чалавека праз таямніцу адкуплення, мае тую веліч, што ва ўсёй паўнаце адпавядае праўдзе людскога быцця. Таму пасхальная таямніца становіцца канчатковым вымярэннем быцця чалавека ў свеце, створаным Богам. У гэтай таямніцы нам была аб’яўлена не толькі эсхаталагічная праўда, паўната Евангелля, гэта значыць Добрай Навіны. У ёй яснее святло, якое сыходзіць на ўсё зямное жыццё чалавека і ў выніку адлюстроўваецца ў створаным свеце. Праз сваё ўваскрасенне Хрыстус у пэўнай ступені «апраўдаў» справу стварэння, і асабліва стварэнне чалавека, у тым сэнсе, што аб’явіў «адпаведную меру» дабра, якую Бог вызначыў на пачатку людской гісторыі. Такая мера не з’яўляецца толькі тою, прадугледжанаю Ім у акце стварэння, а потым знішчанаю грахом чалавека. Гэта — звышшчодрая мера, у якой першапачатковы замысел рэалізуецца яшчэ больш поўна (пар. Быц 3, 14–15). У Хрысце чалавек пакліканы да новага жыцця — жыцця сына ў Сыне, якое дасканала перадае хвалу Бога: gloria Dei vivens homo — «Чалавек, які жыве хвалою Бога» (св. Ірэней, Adversus haereses IV, 20, 7).

 
6.
Адкупленне: перамога, дадзеная чалавеку

Такім чынам, адкупленне, адпушчэнне, апраўданне з’яўляюцца праяўленнем любові Бога да чалавека і Яго міласэрнасці, якую Ён аказвае чалавеку. Аднак, як стасуецца таямніца адкуплення са свабодаю чалавека? Як у святле адкуплення бачыцца дарога, якую чалавек павінен выбраць, рэалізуючы сваю свабоду?

У таямніцы адкуплення перамога Хрыста над злом дадзена чалавеку не толькі як асабістая карысць, але і як заданне. Чалавек бярэцца за яго, ступаючы на шлях унутранага жыцця, гэта значыць на шлях свядомай працы над сабою, тае працы, у якой Настаўнікам з’яўляецца Хрыстус. Евангелле заклікае чалавека ісці гэтым уласным шляхам. Хрыстовае «Ідзі за Мною!» гучыць на многіх старонках Евангелля і скіравана да розных людзей — не толькі да тых галілейскіх рыбакоў, якіх Езус кліча быць сваімі апосталамі (пар. Мц 4, 19; Мк 1, 17; Ян 1, 43), але таксама, напрыклад, да багатага юнака, пра якога згадваюць сіноптыкі (пар. Мц 19, 16–23; Мк 10, 17–22; Лк 18, 18–23). Размова Езуса з тым юнаком — гэта адзін з ключавых тэкстаў, да якіх пастаянна трэба вяртацца рознымі спосабамі, так, як я гэта зрабіў, напрыклад, у энцыкліцы Veritatis splendor (пар. 6–27).

«Ідзі за Мною!» — гэта запрашэнне ступіць на той шлях, па якім нас вядзе ўнутраная дынаміка таямніцы адкуплення. Да гэтага шляху адносіцца шырока распаўсюджаная ў трактатах аб духоўным жыцці і містычным досведзе навука пра тры этапы, якія павінен прайсці той, хто хоча «наследаваць Хрыста». Самі гэтыя тры этапы часам таксама называюцца «шляхамі». Такім чынам, гаворка ідзе пра шлях ачышчэння, асвячэння і паяднання. Аднак гэта не тры розныя шляхі, але тры этапы аднаго і таго ж шляху, на які Хрыстус запрашае кожнага чалавека, так як калісьці запрасіў таго евангелічнага юнака.

Калі юнак пытае: «Настаўнік добры, што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае?», Хрыстус адказвае: «Калі хочаш увайсці ў жыццё, выконвай прыказанні» (Мц 19, 16–17). А калі юнак і далей пытае: «Якія?», Хрыстус проста прыгадвае галоўныя запаведзі Дэкалогу, а найперш тыя, з так званай другой табліцы, гэта значыць тыя, якія датычаць стасункаў з бліжнімі. Аднак вядома, што ў навучанні Хрыста ўсе запаведзі зводзяцца да запаведзі любові Бога па-над усім, а бліжняга — як сябе самога. Хрыстус выразна звяртае на гэта ўвагу фарысея, «законніка», які запытаў у Яго пра самыя важныя запаведзі (пар. Мц 22, 34–40; Мк 12, 28–31). Правільна зразуметае захаванне запаведзяў — гэта сінонім ачышчальнага шляху, бо азначае пераадоленне граху, маральнага зла ў яго разнастайных формах. А гэта вядзе да паспяховага ўнутранага ачышчэння.

Адначасова гэта дазваляе адкрываць каштоўнасці. Такім чынам можна сказаць, што ачышчальны шлях як бы арганічна пераходзіць у асвячальны, бо каштоўнасці — гэта тое святло, якое асвятляе існаванне, і па меры таго як чалавек працуе над сабою, яно ўсё больш інтэнсіўна свеціць на даляглядзе яго жыцця. Калі чалавек захоўвае запаведзі (а гэта мае найперш ачышчальнае значэнне), адначасова ў ім развіваюцца дабрадзейнасці. Напрыклад, захоўваючы запаведзь «не забівай!», чалавек адкрывае каштоўнасць жыцця ва ўсіх праявах і вучыцца ўсё больш глыбокай павазе да жыцця. Захоўваючы запаведзь «не чужалож!», чалавек набывае цноту чыстасці, а гэта значыць, што ён усё больш поўна пазнае бескарыслівую прыгажосць людскога цела, мужчынскасці і жаноцкасці. Менавіта гэта бескарыслівая прыгажосць становіцца святлом для яго ўчынкаў. Захоўваючы запаведзь «не сведчы фальшыва!», чалавек вучыцца цноце праўдзівасці. Ён не толькі выключае са свайго жыцця ману і ўсялякі фальш, але развівае ў сабе як бы «інстынкт праўды», якая кіруе ўсімі яго паводзінамі. Калі такім чынам ён жыве ў праўдзе, то надае сваёй чалавечнасці як бы знак натуральнай праўдзівасці.

Такім чынам асвячальны этап шляху ўнутранага жыцця паступова ўзнікае з ачышчальнага этапу. З часам, калі чалавек настойліва ідзе за Настаўнікам, якім з’яўляецца Хрыстус, ён усё менш адчувае цяжар пераадолення ў сабе граху і ўсё больш радуецца Божаму святлу, якое пранізвае ўсё стварэнне. Гэта надзвычай важна, бо дазваляе чалавеку выйсці з сітуацыі пастаяннай унутранай пагрозы граху (у пэўнай ступені грэх, аднак, заўсёды прысутнічае на гэтай зямлі) і адчуваць сябе ўсё больш вольна ва ўсім створаным свеце. Чалавек захоўвае гэту свабоду і прастату ў адносінах з іншымі людзьмі, таксама з асобамі іншага полу. Унутранае святло асвятляе яго ўчынкі і дазваляе яму бачыць усё дабро створанага свету, якое сыходзіць ад Бога. Такім чынам ачышчальны шлях, а потым асвячальны з’яўляюцца арганічнымі ўводзінамі ў тое, што называецца паяднальным шляхам. Гэта апошні этап унутранага шляху, на якім душа перажывае асаблівае паяднанне з Богам. Паяднанне адбываецца праз сузіранне Божай сутнасці і праз досвед любові, якая ўсё больш інтэнсіўна сыходзіць з гэтага сузірання. Такім чынам у пэўнай ступені можна прадугадаць тое, што павінна стаць наканаваннем чалавека ў вечнасці, па-за мяжою смерці і магілы. Сапраўды, Хрыстус як найвышэйшы Настаўнік духоўнага жыцця, а таксама ўсе тыя, хто фармаваўся ў Яго школе, навучаюць, што на шлях паяднання з Богам можна ступіць ужо ў гэтым жыцці.

Саборавая дагматычная Канстытуцыя Lumen gentium кажа: «Хрыстус, які стаўся паслухмяным ажно да смерці і таму быў узвышаны Айцом (пар. Флп 2, 8), увайшоў у хвалу свайго Валадарства. Яму ўсё пакорна, пакуль сам сябе і ўсяго не пакарыць Айцу, каб Бог быў усім ва ўсіх (пар. 1 Кар 15, 27)» (LG 36). Як бачна, Сабор карыстаецца вельмі шырокім кантэкстам, калі тлумачыць, на чым грунтуецца ўдзел у каралеўскім пасланніцтве Хрыста. Разам з тым гэтыя саборавыя словы дапамагаюць нам зразумець, як можа рэалізавацца гэтае паяднанне з Богам у зямным жыцці. Калі каралеўскі шлях, які ўказвае Хрыстус, вядзе ў выніку да таго, каб «Бог быў усім ва ўсіх», то паяднанне з Богам у гэтым жыцці адбываецца менавіта на гэтай аснове. Чалавек ва ўсім знаходзіць Бога, ва ўсім і праз усё з Ім кантактуе. Створаныя рэчы перастаюць уяўляць для яго пагрозу, як гэта было на этапе ачышчальнага шляху. Рэчы, і асабліва асобы, не толькі вяртаюць адпаведнае ім святло, якое заключыў у іх Бог як Створца, але, калі можна так сказаць, «адкрываюць» самога

Бога так, як Ён сам захацеў чалавеку аб’явіцца: як Айца, як Адкупіцеля і як Абранніка.

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY