|
|
№
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
На шляху веры
Проза
Паэзія
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»
Падзея
Алесь ЧОБАТ
МАЛІТВА
|
Апостальскі ліст да біскупаў,
духавенства і вернікаў на Год Эўхарыстыі, кастрычнік 2004 – кастрычнік 2005
(...)
ІІ Эўхарыстыя — таямніца святла «Тлумачыў ім усё, напісанае аб Ім» (Лк 24, 27). 11. Апавяданне пра аб’яўленне ўваскрослага Езуса двум вучням з Эмаўса дапамагае нам праліць святло на першае вымярэнне Эўхарыстычнай таямніцы, якая заўсёды павінна прысутнічаць у пабожнасці Божага люду: Эўхарыстыя — таямніца святла! У якім значэнні гэта можна сказаць, і якія гэта мае наступствы для духоўнасці і хрысціянскага жыцця? Езус назваў самога сябе «святлом свету» (Ян 8, 12), і гэта Яго годнасць выразна бачыцца ў такіх момантах Яго жыцця, як перамяненне і змёртвыхпаўстанне, у якіх яснее Яго Боская хвала. У Эўхарыстыі ж хвала Хрыста застаецца скрытаю. Сакрамэнт Эўхарыстыі — гэта Mysterium fidei* (Таямніца веры. — Заўв. пер.) у поўным значэнні гэтага слова! Тым не менш, менавіта праз таямніцу свайго поўнага скрыцця Хрыстус становіцца таямніцаю святла, дзякуючы якой вернік уваходзіць у глыбіню Божага жыцця. Ці не праз выдатную інтуіцыю знакамітая ікона Тройцы Рублёва своеасаблівым чынам ставіць Эўхарыстыю ў цэнтр трынітарнага жыцця? 12. Эўхарыстыя з’яўляецца святлом найперш таму, што ў кожнай св. Імшы Літургія Божага слова папярэднічае справаванню Літургіі Эўхарыстыі – у еднасці двух «сталоў» — стала Слова і стала Хлеба. Гэтую непарыўнасць бачым у эўхарыстычнай мове з Евангелля св. Яна, дзе Езус ад галоўнага аб’яўлення сваёй таямніцы пераходзіць да выяўлення вымярэння канкрэтна эўхарыстычнага: «Цела Маё ёсць сапраўдным пасілкам, а кроў Мая ёсць сапраўдным напоем» (Ян 6, 55). Мы ведаем, што менавіта гэта выказванне ўстрывожыла значную частку слухачоў, схіляючы Пятра стаць выказнікам веры іншых Апосталаў і Касцёла ўсіх часоў: «Пане, да каго нам ісці? Ты маеш словы вечнага жыцця» (Ян 6, 68). Ва ўрыўку пра вучняў з Эмаўса сам Хрыстус бярэ слова, каб паказаць, «пачынаючы ад Майсея, праз усіх прарокаў, як „усё напісанае“ вядзе да таямніцы Яго асобы» (пар. Лк 24, 27). Яго словы «запальваюць сэрцы вучняў, ахоўваюць іх ад змроку смутку і роспачы, абуджаюць у іх жаданне застацца з Ім: «Застанься з намі, Пане» (пар. Лк 24, 29).
13. Айцы ІІ Ватыканскага Сабору ў Канстытуцыі Sacrosanctum Concilium выказалі жаданне, каб «стол Слова» шырока адчыніў вернікам скарбніцу Святога Пісання1. Таму дазволілі, каб падчас літургіі асобныя біблійныя фрагменты чыталіся на зразумелай усім мове, бо калі ў Касцёле чытаецца Святое Пісанне, то прамаўляе сам Хрыстус2. Адначасова яны наказалі цэлебрансу абвяшчаць гамілію як частку самой літургіі, якая павінна тлумачыць Божае слова і паказваць яго актуальнасць для хрысціянскага жыцця3. Праз сорак гадоў пасля Сабору Год Эўхарыстыі можа быць для хрысціянскіх супольнасцяў добрай нагодай праверыць гэты аспект, бо недастаткова прачытаць біблійныя фрагменты на зразумелай мове, калі папярэдне не было адпаведнай падрыхтоўкі, калі не былі яны пабожна выслуханыя і моўчкі разважаныя. Усё гэта неабходна, каб Божае слова закранула і асвяціла жыццё.
«Пазналі Яго пры ламанні хлеба» (пар. Лк 24, 35). 14. Знамянальна, што два вучні з Эмаўса, адпаведна падрыхтаваныя праз слова Пана, пазналі Яго пры стале па простым жэсце «ламання хлеба». Калі ўжо розум быў асветлены і сэрцы разагрэтыя, тады «прамовілі» знакі. Уся Эўхарыстыя адпраўляецца ў дынамічным кантэксце знакаў, якія нясуць багатае, яскравае пасланне. Менавіта праз знакі таямніца як бы адкрываецца перад вачыма верніка. Як было падкрэслена ў энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia, важна не абмінуць ніводнага вымярэння Найсвяцейшага Сакрамэнту, бо заўсёды жыве ў чалавеку спакуса апусціць Эўхарыстыю да людскога вымярэння, у той час як на самай справе гэта чалавек павінен адкрыцца на маштабы таямніцы. «Эўхарыстыя – занадта вялікі дар, каб можна было прыняць двухзначнасць і ўмаленне»4. 15. Несумненна, найбольш відавочным вымярэннем Эўхарыстыі з’яўляецца гасціна. Эўхарыстыя нарадзілася ўвечары Вялікага Чацвярга ў кантэксце пасхальнай вячэры. Таму ў яе структуру ўпісаны сэнс гасціны: «Бярыце і ешце...». Пасля ўзяў келіх і «...падаў ім кажучы: „Піце з яго ўсе“» (Мц 26, 26-27). Гэты аспект добра выяўляе сувязі камуніі, якую Бог хоча наладзіць з намі і якую мы самі павінны развіваць у нашых узаемаадносінах.
Аднак нельга забывацца, што эўхарыстычная гасціна мае таксама і найперш ахвярнае вымярэнне5. У ёй Хрыстус прадстаўляе нам нанава ахвяру, споўненую раз і назаўсёды на Галгофе. Хоць Ён у ёй прысутнічае як уваскрослы, Ён носіць знакі сваёй мукі, «памяткаю» якой з’яўляецца кожная св. Імша, як нагадвае нам літургія ў акламацыі пасля кансэкрацыі: «Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаём Тваё ўваскрасенне...». Уваскрашаючы мінулае, Эўхарыстыя разам з тым скіроўвае нас у будучыню — да апошняга прыйсця Хрыста напрыканцы гісторыі. Гэты «эсхаталагічны» аспект надае сакрамэнту Эўхарыстыі захапляльную сілу, якая дазваляе з надзеяй ісці хрысціянскаю дарогаю.
«Вось Я з вамі ва ўсе дні...»
16. Усе гэтыя вымярэнні Эўхарыстыі яднаюцца ў аспекце, які больш, чым які-небудзь іншы, выпрабоўвае нашу веру: гэта таямніца «рэальнай» прысутнасці. Згодна з усёю традыцыяй Касцёла, мы верым, што пад эўхарыстычнымі постацямі сапраўды прысутнічае Езус. Гэта прысутнасць, як яскрава патлумачыў Папа Павел VІ, якая паказваецца «рэальнаю» не праз выключэнне, так, быццам іншыя формы прысутнасці не былі рэальныя, але праз антанамазію, бо праз яе сілу ўвесь Хрыстус становіцца сапраўды прысутны ў рэальнасці свайго цела і крыві6.Таму вера патрабуе, каб мы ў адносінах да Эўхарыстыі ўсведамлялі, што стаім перад самім Хрыстом. Менавіта Яго прысутнасць надае іншым вымярэнням — гасціны, памяткі Пасхі, эсхаталагічнага бачання — значэнне, якое далёка выходзіць па-за самую сімволіку. Эўхарыстыя — гэта таямніца прысутнасці, праз якую самым узнёслым чынам спаўняецца абяцанне Езуса, што Ён застанецца з намі ажно да сканчэння свету.
Цэлебраваць, ушаноўваць, сузіраць 17. Эўхарыстыя — гэта вялікая таямніца! Таямніца, якую найперш трэба добра цэлебраваць. Трэба, каб св. Імша займала цэнтральнае месца ў жыцці хрысціянаў і каб кожная супольнасць усяляк імкнулася цэлебраваць яе ўрачыста, згодна з устаноўленымі нормамі, з удзелам людзей, карыстаючыся паслугаю розных асобаў, што выконваюць прадугледжаныя для іх заданні, з сур’ёзным клопатам пра захаванне сакральнага характару, якім павінны вызначацца спеў і літургічная музыка. Канкрэтным абавязкам, узятым на гэты Год Эўхарыстыі, магло б быць дакладнае вывучэнне кожнаю парафіяльнаю супольнасцю Агульных уводзінаў у Рымскі Імшал. Найлепшым жа шляхам уводзінаў у таямніцу збаўлення, што ажыццяўляецца ў святых «знаках», застаецца верны ўдзел у падзеях літургічнага года. Няхай пастыры аддана зоймуцца гэтаю «місталагічнаю» катэхезаю, такою дарагою Айцам Касцёла, якая дазваляе адкрыць значэнне жэстаў і слоў літургіі, дапамагаючы вернікам перайсці ад знакаў да таямніцы і ўключыць у яе ўсё сваё жыццё. 18. Асабліва трэба дбаць, як у часе цэлебрацыі св. Імшы, так і ў эўхарыстычным кульце па-за св. Імшою, пра жывое ўсведамленне сапраўднай прысутнасці Хрыста, клапаціцца пра тое, каб сведчыць пра яе тонам голасу, жэстамі, рухамі, усімі сваімі паводзінамі. У сувязі з гэтым нормы нагадваюць (і я сам апошнім часам меў нагоду гэта пацвердзіць8) пра ўвагу, якую трэба надаваць хвіліне маўчання ці то ў цэлебрацыі, ці ў часе эўхарыстычнай адарацыі. Адным словам, абавязкова, каб усёй паставе ў адносінах да Эўхарыстыі, як святароў, так і вернікаў, спадарожнічала самая высокая павага8. Прысутнасць Езуса ў табэрнакулюме павінна быць як бы полюсам прыцяжэння ўсё большай колькасці душаў, улюбёных у Яго, здольных доўгі час слухаць Яго голас і як бы адчуваць біццё Яго сэрца. «Паспытайце і даведаецеся, які добры Пан!» (Пс 34[33], 9). Няхай законныя і парафіяльныя супольнасці возьмуць у гэтым годзе асаблівы абавязак эўхарыстычнай адарацыі па-за св. Імшою. Заставайцеся доўга на каленях перад Езусам Хрыстом, прысутным у Эўхарыстыі, кампенсуючы нашаю вераю і любоўю занядбанні, забыццё і нават знявагі, якія спазнае наш Збаўца ў гэтулькіх месцах на свеце. У адарацыі паглыбляйма нашае асабістае і супольнае сузіранне, карыстаючыся малітоўнікамі, якія чэрпаюць натхненне з Божага слова і з досведу шматлікіх старажытных і сучасных містыкаў. Няхай таксама Ружанец, зразуметы ў яго глыбокім біблійным і хрыстацэнтрычным значэнні, на якое была звернута ўвага ў Апостальскім лісце Rosarium Virginis Mariae, станецца асабліва адпаведным спосабам эўхарыстычнай кантэмпляцыі, рэалізаванай разам з Марыяй у Яе школе9.
Няхай у гэтым годзе асабліва глыбока перажывецца ўрачыстасць Божага Цела з традыцыйнаю працэсіяй. Вера ў Бога, які праз Уцелаўленне стаўся нашым спадарожнікам, няхай абвяшчаецца ўсюды, асабліва на нашых вуліцах і ў нашых дамах; няхай гэта будзе праяваю нашай удзячнасці, любові і невычэрпнаю крыніцаю благаслаўлення. (...)
|
|
|