Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Андрэа Сафі Яннуш
ЛЁК.
Пераклаў з нямецкай мовы
Васіль Сёмуха.
Мн., 2004,
выдавецтва «Pro Christo».
 
Ала СЯМЁНАВА

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ

Ведаеце гэтае адчуванне – бераце ў рукі кнігу, гартаеце, узіраецеся, чытаеце: паволі, як п’яце ваду з крыніцы, тую ваду, што «нарадзілася з доўгага шляху пад зорамі» (А. Сэнт-Экзюперы). І спрычыняецеся да звычайнага і незвычайнага, да будзённага свята Быцця. Да свята Духу.

Знаёмае і незнаёмае... Згадкі – і непаўторнае... Воля Быцця... І Прыгода Быцця... Хараство і мудрасць... Ад нябёсаў над намі, ад іх свежай сіні і высознага блакіту... Ад кожнай травінкі, што пад нагамі ў нас, ад кожнага пялёстка кветкі, ад нечаканай вясёлкі... І адыходзяць некуды – можа, і не ў небыццё, але далёка – шэры смутак, бязладдзе, сірочая зніякавеласць душы... Як у гераіні кніжачкі Андрэа Сафі Яннуш, нямецкай журналісткі. «Лёк» – такая назва кнігі.

Менавіта ад гэтай кнігі – настрой. І прасветленасць духу. І пазнаванне відавочных літаратурных папярэднікаў. Ханса Крыстыяна Андэрсэна – таго самага, пра якога К’еркегор гаварыў як пра персанажа, што нечакана з’явіўся з кнігі паэзіі і назаўсёды забыўся пра сакрэт вяртання на паліцу бібліятэкі. Персанажа жыцця, на старонках кніг якога творча пераўвасаблялася ўсё: расінка на птушыным пёры, што ўпала на зямлю, праржавелы ліхтар або бутэлька з-пад піва. Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, у якога заўсёды высокае, узвышанае было неаддзельнае ад будзённага, звычайнага, канкрэтнага. А сярод яго твораў прозы, дзе паэзіі і філасофіі значна больш, чым у многіх паэтаў і філосафаў, ёсць і казка «Маленькі прынц», прысвечаная, як тлумачыў Сэнт-Экзюперы, «таму хлопчыку, якім быў некалі мой дарослы сябра» – Ляону Верту. А «ўсе дарослыя былі спачатку дзецьмі, толькі мала хто з іх пра гэта памятае».

Па-свойму гэта памятаў і парадаксаліст, маг прыгожага пісьменства Оскар Уайльд, не толькі драматург, празаік, разбуральнік агульнапрынятай маралі, але і казачнік, мараліст, вызнавальнік эстэтызаванай рэлігійнасці. І Рэд’ярд Кіплінг... І Максім Багдановіч... Etc. Etc. Etc.

Розныя абліччы хараства... у нечым блізкія... Бо кожны аўтар імкнецца падняцца над будзёншчынай, увасобіць эзатэрычныя сэнсы ў цнатлівай простасці задумак.

Так, ёсць перагукі кнігі Андрэа Сафі Яннуш з пэўнымі літаратурнымі тэндэнцыямі, схільнасцямі... Аднак – кожным разам, пад новым пяром, з новага ракурсу – па-свойму ажыўляе і ажыццяўляе рэчаінасць таленавіты светапоглядна і літаратурна пісьменнік, у нашым выпадку – Сафі Андрэа Яннуш – рэчаіснасць рэальную і мройна-чароўную, фантастычную і – мудрую, паэтычную, алегарычна-лірычную. Светлую светлатою Дабра. Дапытліва-свежай памяццю ранку жыцця. Калі чуецца незасмечаны шматлікімі ўражаннямі і мітуслівым клопатам «голас прыроды», розныя яе галасы, калі Вечны Сейбіт і Творца нібыта давярае нам Сваё, Патаемнае, Сакральнае, Высокае.

«Я з майго дзяцінства, – даводзіў згаданы ўжо чалавек «планеты людзей» Сэнт-Экзюперы. Як урэшце – кожны з нас. Пэўны час у нашай літаратуры і журналістыцы гэтая думка сталася нават модным штампам. З дзяцінства, з той пары, калі закладваюцца высновы паэтычнага самапазнання, самаўсведамлення чалавека. І захаваць у эмацыйнай памяці чар казкі, атмасферу казкі – водар мары, што, паводле законаў жанру, так ці інакш здзяйсняецца: усё гэта, як і ўражанні, сэнсы, не дасягальныя звычаёваму розуму, дадзена не кожнаму. Увасобіць у вобразах, у інтанацыях лірычнага пісьма, спалучаючы кодэкс ідэалаў, паэтычнае бачанне, эзатэрычную мэту – тым больш.

І не выпадковыя гэтыя словы на пачатку кнігі Андрэа Сафі Яннуш:

Усім тым людзям,
якія дапамагалі мне выжыць,
пакуль я зноў усіх сабрала разам.

Матылёк, якога клічуць Лёк, паводле часткі наймення роду, да якога ён належыць: так прапанавалі шчасліва нечаканая старэйшая яго сяброўка – стакротка-маргарытка Марго і яе каляжанкі. «...Лёк – гэта як цёплы подых летняга ветрыку, адчувальна, але ж і ясна, светла». Гэта менавіта стакроткі растлумачылі яго, так бы мовіць, жыццёвую місію, яго шчаслівы прыродны дар: «Ці ж ты ведаеш, што на тваіх плечыках пакоіцца плоднасць і плён тварэння? Калі ты кормішся, дык тым часам апыляеш і апладняеш нас, што наступнага году не толькі я і нашыя сёстры народзімся зноў, але і нашы дзеткі...»

Матылёк з імем Лёк, «нябесны пасланец», «вярнуў усю каляровасць у апанаваны шэрасцю свет, куды баязліва ўцякла... душа» гераіні, выбавіў з таго стану, калі тая не ведала, чаго ёй «больш хочацца: быць мёртвай ці жывой».

Цэлы доўгі тыдзень свайго нядоўгага матыльковага жыцця прысвяціў Лёк лекаванню душы гераіні.

...Дарэчы тут заўважыць, што выдавецтва «Про Хрысто», друкуючы пераклад кнігі на беларускую мову, беражліва пакінула цалкам аўтарскае бачанне твора. (Рэдактар – Крыстына Лялько, мастацкі і тэхнічны рэдактар – Алег Глекаў). Я маю на ўвазе не толькі пераклад, зроблены Васілём Сёмухам, але і дызайн кнігі, малюнкі аўтара, від і кегль шрыфта, чыстую (менавіта цнатліва-чыстую – не пустую) цотную старонку і друкаваную – няцотную. Ці – больш дакладна: левая – так званы вакат, не занятая тэкстам старонка. Правая пісьмена. Кніга без калонлічбаў. Нібыта лёт матылька: узмах крылцаў – злева, з чыста белай старонкі, і – пачынае распырскваць пылок-літары: направа.

Я наўмысна не ўжываю слова «афармленне». Гэта той выпадак, калі змест кнігі і яе вонкавае аблічча непадзельныя. Як, скажам, «Поры году» – кніга перакладаў паэткі Ніны Мацяш бельгійскага паэта Франсуа Жакмэна – яе пераклад, яе афармленне, яе пёркаграфія.

Першы малюнак кнігі Андрэа Сафі Яннуш – бессюжэтны, гэткі журботны «эмацыйны матыў». Бессюжэтны і цалкам абстрактны. Маркотны. Пахмурна-цьмяны, як хваёвы лес перад навальніцай. Першая частка кнігі названая – «Піруэты». Піруэты-захады «нябеснага пасланца». Для мяне гэтыя спробы-піруэты гучаць яшчэ і музыкай – нешта не гарманічна зладаванае, а экзерсісна напружанае, пошукавае – не настройванне інструментаў, але нейкае перабіранне клавішаў – невядома, што потым: музычны твор? Ці маўчанне?

Але – паводле тэксту – прылятае матылёк – і мы адчуваем: піруэты матылька зрушылі нешта ў душы гераіні. Кожным выпадкам – у яе пэўна ёсць цікавасць да наступнага дня.

І мы перажываем разам з гераіняй і матыльком увесь тыдзень. Ад панядзелка да наступнай нядзелі: у суботу Лёк развітваецца з гераіняй кнігі.

За гэты тыдзень Лёк паспявае распавесці ўсё пра сваё кароткае, але няпростае жыццё. Пра тых, каго ён сустрэў і хто дапамог яму вызначыцца з, так бы мовіць, філасофіяй і стратэгіяй жыцця, з простай мудрасцю справядлівасці. Маці яго, мала што – закаханая, нявопытная, мітуслівая: скінула адно яйка з кусціка чабору – і вусень будучага матылька чым толькі ні харчаваўся, пакуль не з’явіліся ў яго крылцы, сірата пры жывой маці, – дык і халодна-фанабэрыстая: не прызнала ў стракатым Лёку сапраўднага чарнаплямістага аргуса «ні за дзяку, ні за таку». Няма, бачыце, у Лёка «высакароднай шэра-блакітнасці, якая цудоўна падкрэслена чорнымі крапачкамі на пярэдніх крылцах».

А суцешылі Лёка жук Скарбі, вадзяны чарвяк Атэла, светлячок Ляміра і блатоды – з сямейства Blattodea, а прасцей – звычайныя прусакі. Усе яны выконвалі, па іх словах, праграму «Будзі-духаў-жыцця». А светлячок Ляміра супакоіў Лёка наконт яго вясёлкавай афарбоўкі: найперш яго нестандартызаваны выгляд выратаваў ад ворагаў, бо тыя не маглі пазнаць, хто гэта, і што гэта: можна з’есці або не. І вялікую ісціну адкрыў Лёку стары жук Скарбі – не мае значэння, дзе ты нарадзіўся і які выгляд маеш: «Важна толькі, ці чыста ты жывеш». І калі маці не хоча выхоўваць сваё дзіця, то ёсць высокая мудрасць: «...вучыцца ты можаш кожны дзень ад любой іншай істоты і ад камянёў, ветру, дажджу, неба, воблакаў, зорак, месяца, сонца, кветак, кустоў, дрэў». Невыпадкова ж, што, лекуючы матылька, яго сябры «пяшчотна вялі мелодыю, якая, здавалася, сама сплывала з нябесных сфераў».

Менавіта вось гэтай мелодыяй Быцця, гэтым подыхам – прыроды, Натуры, зямлі, усяго жывога – прыцягвае кніга. Мудрасцю наіву. У пару не толькі высокіх дасягненняў чалавечага розуму – Інтэрнэту, электронікі, кібернетыкі, аўтаматыкі, камп’ютэрызацыі, не толькі назапашаных вякамі, тысячагоддзямі дасягненняў мастацтва – у шырокім яго сэнсе – art, але і – стандартызацыі светапоглядаў, густаў, тыражавання таннай культуры, абездухоўленага мастацтва, плыткай рэкламы, дакучлівай прапаганды амаральнасці, навукі – асабліва медыцыны і біёнікі на мяжы злачынства, – дык вось у гэтую пару – звяртанне да вечнага, нібыта простага, а мудрага. Вышыня фантазіі, а не цьмянае блуканне ў віртуальнай рэальнасці. Звяртанне да створанага Першатварцом свету. І – празарэнне, лекаванне душы. Вы-лоў-ленае. І віда-вочнае. І нібыта працятае музыкай сфераў. Спачатку – вось тым пазасэнсоўным цьмяным перагукам, з усё больш высветленай, праясненай, згарманізаванай мелодыяй. Якая – і ў словах, і ў малюнках. Вось на тым, першым малюнку, спачатку з’ яўляецца абрыс крылаў матылька, потым на іх праглядваюцца чырванавата-тэракотавыя крапачкі, пазней крылцы расквечваюцца яшчэ фарбамі, прасвятляецца фон. А словы «пятніца» і «субота» замест чорнага выпісаны ўжо блакітна-сінім і блакітна-сінім выглядае ў пятніцу малюнак матылька, таго самага чыстапароднага продка Лёка – аргуса, каб напрыканцы трансфармавацца ў вясёлкавага летуна на яркім блакітным полі. Лёк спяшаецца на сваё вяселле. Пакінуўшы на шыі і шчоках дзяўчыны свой пылок – гэта выратаваны іншымі матылёк дапамагае ратунку дзяўчыны: «у яе «душы... пакіне як бы подых усіх фарбаў вясёлкі».

Так. Для дзяўчыны свет зноў набудзе фарбы. І адчуецца яго хараство. І вызначыцца, як гэта хораша: мець «перад сабою яшчэ ўсё жыццё».

...Так мне прачыталася гэтая казка. У перастварэнні з нямецкай мовы, як ужо адзначалася, Васіля Сёмухі, які ўмее перакладаць так, што чытач мае поўную ілюзію – твор нібыта і напісаны па-беларуску. Мне ўжо даводзілася пісаць пра гэта – шмат гадоў таму... Ці адной з першых... Пра гэты перакладчыцкі талент. Шырокага дыяпазону... Біблія... Ё. В. Гётэ. Р. М. Рыльке, Ц. К. Норвід, В. Бэлшавіца... Ю. Тувім, Г. Фаллада, П. Зюскінд...

Аднак размова не пра тое. Гаворка – пра ўзвышэнне душы чытаннем кнігі Андрэа Сафі Яннуш. Пра Боскую ісціну Натуры... Пра Волю Быцця. Прыгоду Быцця. Праяву жыцця Духа.

...Мне асабіста хацелася б пабачыць партрэт аўтаркі. Нешта прачытаць пра яе. А можа, і не трэба? Бо, як казаў Маленькі Прынц, «...самае чароўнае... тое, чаго не пабачыш вачыма».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY