Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Дадатак да артыкула - Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»

Эўхарыстыя (з грэцк. – падзяка) – найвялікшая з таямніцаў хрысціянства, якую сам Збаўца на Апошняй Вячэры наказаў здзяйсняць апосталам. І, калі яны елі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў, і даваў вучням, кажучы: Бярыце і ешце, гэта Цела Маё. Потым узяў келіх і, падзякаваўшы, даў ім, кажучы: Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая новага запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў. Кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад гэтага вінаграднага плоду аж да таго дня, калі з вамі піць яго буду новым у Валадарстве Айца Майго (Мц, 26, 26–29). «У апавяданнях евангелістаў заўсёды застаецца нешта, чаго немагчыма растлумачыць да канца» (Толковая библия. Т. 3. Новый завет. Петербург. 1911–1913. С.414). Пошук сэнсу слоў Езуса «гэта цела Маё» стварыў за два тысячагоддзі шматлікую літаратуру дагматычнага багаслоўя. Спачатку хлеб і віно разглядаліся толькі як сімвалы цела. Вучэнне аб transsubstantiatіо (пераісточанні хлеба і віна ў цела і кроў Хрыста), прынятае ў каталіцтве і праваслаўі, сфармавалася ў сярэднія вякі.

Самае першае сведчанне аб цэлебрацыі Эўхарыстыі змешчана ў Першым лісце да Карынцянаў (Кар 11, 23–30). Асаблівае Эўхарыстычнае свята ўпершыню было адзначана ў 1247 г. у Льежы дзякуючы старанню благаслаўлёнай Юльяны з Карнілю. У 1264 г. Папа Урбан ІV увёў свята Божага Цела для ўсяго Каталіцкага Касцёла. Культ Эўхарыстычнага хлеба стаў цэнтральным момантам каталіцкай Імшы. Трыдэнцкі Сабор сфармуляваў дакладныя правілы, якімі вызначаецца культ Эўхарыстыі і ў наш час.

У сакральным мастацтве ён увасоблены праз сімвалічныя і гістарычныя сюжэты са Старога і Новага Запаветаў. Самай першай спробай мастацкага адлюстравання Эўхарыстыі ў раннім хрысціянстве і ў Сярэднявеччы быў зварот да падзеяў са Старога Запавету: ахвяры Абэля (Быц 4, 4) і сустрэчы з хлебам Абрагама Мельхісэдэкам (Быц 14, 17–20).

Калі мастакі звярталіся да падзеяў Новага Запавета, то ў раннім хрысціянстве Эўхарыстыя ўвасаблялася праз сімвалічныя выявы рыбы і хлеба, цуд у Кане Галілейскай, памнажэнне хлябоў. Пра першы з цудаў Езуса на вяселлі ў Кане, калі па просьбе Дзевы Марыі Ён ператварыў ваду для ачышчэння ў найлепшае віно, паведамляе толькі евангеліст Ян. Найбольш раннія выявы вяселля ў Кане захаваліся ў катакомбах IV стагоддзя і ў базыліцы ў Александрыі. Тэма захоўвалася на працягу Сярэднявечча.

Насычэнне пяці і сямі тысяч людзей пяццю хлябамі і некалькімі рыбкамі апісана ўсімі чатырма евангелістамі. Гэты сюжэт папулярны ў раннехрысціянскім мастацтве ўжо з трэцяга стагоддзя не як цудоўнае здарэнне, а як сімвал Эўхарыстыі, таму што абрад ламання хлеба стаў знакавым у кульце першых хрысціянскіх супольнасцяў. На Апошняй Вячэры Езус дае паламаны хлеб вучням, і на вячэры ў Эмаусе яны пазнаюць уваскрослага Езуса толькі пасля таго, як Ён благаславіў хлеб, разламаў яго і падаў ім. Благаслаўляе і ламае хлеб апостал Пётр пасля свайго першага казання. У Брэвіярыі герцага Беррыйскага ў ініцыялах можна ўбачыць традыцыйную гасціну і памнажэнне хлеба.

З V ст. збор манны трактуецца як прататып Эўхарыстыі і застаецца ў мастацтве на працягу ўсяго Сярэднявечча (у «Бібліі бедных» паказаны разам з «Ахвярай Мельхісэдэка»). Далейшыя вядомыя ў Сярэднявеччы прататыпы Эўхарыстыі: Ілля ў пустыні, якога корміць Анёл (1 Вал 19, 4–8); Давід, які дзеліць хлеб, мяса і праснакі народу Ізраіля. Некаторыя эўхарыстычныя выявы ІХ–Х стст. – гэта мініяцюры да тэкстаў псальмаў (Christopher Walter. Sztuka i obrz№dek Koњcioіa Bizantyjskiego. Warszawa. 1992. S. 213).

У заходнім мастацтве першыя выявы вячэры ў Эмаусе захаваліся з ХІІ ст. у французскіх саборах, часам іх змяшчалі ў кляштарных рэфектарыях замест галоўнага эўхарыстычнага сюжэта «Апошняй Вячэры». У некаторых творах эўхарыстычны падтэкст надаецца і эпізоду «Езус у Бэтаніі», пра які паведамляе евангеліст Ян; на карціне Ф. Герліна (1462–1465) Езус благаслаўляе ежу на стале, а яна складаецца толькі з хлеба і віна.

Новыя сімвалічныя матывы дадаліся з «Гімна Сакрамэнту» Тамаша Аквінскага (напрыклад, пелікан). Для позняга Сярэднявечча характэрны алегарычныя тэмы – Хрыстус у вінаградным тачыле, містычны млын, грыгарыянская Імша (пры цэлебрацыі Грыгорый убачыў Укрыжаванага Езуса). Алегорыі былі пашыраны і пасля Трыдэнцкага Сабору, да таго ж іх тэматыка пашырылася – пакуты Хрыста, сляды яго ранаў і яго пралітая кроў звязваліся з Эўхарыстыяй. Разам з тым мастацтва Контррэфармацыі часта звярталася да апрабаваных Сярэднявеччам сюжэтаў. У цыкле Рубенса «Трыумф Эўхарыстыі» побач з сімвалічна-літургічнымі сюжэтамі знаходзяцца «Ілля ў пустыні», «Сустрэча Абрагама з Мельхісэдэкам». Апошні сюжэт наогул знайшоў мноства дасканалых увасабленняў у заходнехрысціянскім мастацтве. Адно з найпрыгажэйшых – каменная скульптура «Абрагам і Мельхісэдэк» на сцяне катэдры ў Рэймсе (ХІІІ ст.), якая мае і іншую інтэрпрэтацыю – рыцар, які прымае Камунію. Мельхісэдэк паказаны на алтарнай карціне Дзірка Боўтса (1464–1468) у храме св. Пятра ў Лювэне.

У больш ранніх сярэднявечных выявах Апошняй Вячэры дамінуе здрада Юды (Ян, 13, 26), а ў познім Сярэднявеччы часцей паказваецца ўстанаўленне Камуніі, хоць апошняе існавала ўжо ў познім Сярэднявеччы. Побач з сюжэтным адлюстраваннем Эўхарыстыі часта выкарыстоўваліся сімвалы і эмблематычныя выявы:

а) Сімвалічны сэнс рыбы вядомы ўжо ў ІІ–ІІІ стст. Гэты матыў з’яўляецца ў выявах Апошняй Вячэры ў візантыйскім жывапісе і зрэдку на Захадзе, хоць у евангельскім апавяданні рыба не згадваецца.

б) Вінаград як эўхарыстычны сімвал крыві Хрыста надзвычай распаўсюджаны ў сакральным мастацтве з ранніх часоў. Паводле Аўгустына, «Езус ёсць Вінаград зямлі абяцанай, Гронка, пакладзеная пад выціскальны прэс». Вінаградныя парасткі і гронкі разам з каша2мі з хлебам вядомыя на келіху IV ст. з Антыёхіі. У познім Сярэднявеччы ўзнікла алегарычная тэма «Хрыстус у тачыле» (прэсе для выціскання соку з вінаграду), якую можна ўбачыць таксама ў рускім і ўкраінскім іканапісе.

в) «Ягнё Божае» здабыло Эўхарыстычнае значэнне як сімвал ахвярнай смерці Хрыста на крыжы з часу ўвядзення «Agnus Dei» ў рымскую Імшу Папам Сяргеем І (687–701 гг.). Гэта выява з’яўляецца ў ХІІІ ст. на паўднёвым партале сабора ў Шартры. Пакланенне Ахвярнаму Ягняці паказана ў цэнтральным полі знакамітага Генцкага алтара братоў Ван Эйкаў (1432).

г) Келіх часта з’яўляецца пад Укрыжаваннем ужо з каралінгскіх часоў. Нярэдка адлюстроўваецца апакрыфічны келіх Саламона, як правобраз эўхарыстычнага, або сасуд з высокім горлам, у які, паводле апакрыфічнага Евангелля ад Нікадзіма, Юзаф Арыматэйскі збіраў кроў Хрыста (прыклад – абраз «Страшны суд», Ноўгарад, XV ст.).

д) Каласы як эўхарыстычны сімвал з’яўляюцца ў познім Сярэднявеччы і сустракаюцца ў перыяд барока ў сюжэтах Апошняй Вячэры і на выявах укрыжаванага Хрыста (яны нібыта вырастаюць з Яго ранаў як увасабленне ператварэння хлеба з зерня ў Яго Цела).

е) Дзіцятка Езус на дыскасе як сімвал Эўхарыстыі ўзнікла з абраду дзялення прасфоры ў візантыйскай літургіі. Самая ранняя выява вядома ў фрэсках 1-й пал. ХІІІ ст. царквы св. Мікалая ў Мельніку (Балгарыя). Выява Хрыста – Дзіцяткі, якое ляжыць на алтары, упершыню з’явілася ў царкве св. Георгія ў Курбінаве (Сербія, 1191 г.), пазней – у Хілендарскім манастыры на Афоне (XIV ст.). На паўночнарускім абразе канца XVII – пачатку XVIII ст. «Казанне Грыгорыя Багаслова аб літургіі» на прастоле стаіць келіх, у які Анёл кладзе Дзіцятка Хрыста. Абапал змешчаны выявы свяціцеляў і паказана сцэна прычашчэння народа.

У эпоху Контррэфармацыі тыпалагічны рад пашыраецца, сімвалы Эўхарыстыі змяшчаюцца паўсюль – на багата аздобленых алтарах, дзверцах табэрнакулюмаў, цыборыюмах, келіхах і манстранцыях. Разам з тым Эўхарыстыю адлюстроўваюць часта як аточаную промнямі Гостыю, што лунае над келіхам, і ёй пакланяюцца Анёлы. Каласы збожжа часцей паказаны ў заключнай арнаментацыі, а пелікан з’яўляецца пераважна ў аздобе табэрнакулюмаў.

Найбольш ранняя літургічная выява Эўхарыстыі захавалася ў мазаіцы VI ст. у касцёлах св. Віталія ў Равэне, дзе Абэль і Мельхісэдэк прыносяць ахвяру, і св. Апалінарыя (Appolinare Nuovo). У візантыйскіх храмах сфармаваўся як кананічны сюжэт «Камунія апосталаў». У XIV ст. склалася «Нябесная літургія»: Хрыстус як святар пры алтары, анёлы нясуць свечкі, кадзіла, тры келіхі і патэны (Містра, царква Перывлепты). У раннім Сярэднявеччы на Захадзе ствараюцца сюжэты, у якіх як быццам паказана святая Імша: старазапаветная Ахвяра, Хрыстус трымае ў правай руцэ Гостыю, у левай – кнігу (Maiestas Domini). З IV ст. праводзілася паралель паміж Эўхарыстыяй і пакланеннем магаў, і гэта адлюстравана ў мазаіцы касцёла Сан Вітале (Равэна), на сцяне імператрыцы Тэадоры. Знакаміты ўзор гэтай паралелі – алтар Трох Каралёў Іераніма Босха (музей Прада, каля 1495 г.). Адлюстраванне асобных частак Імшы з 9 сцэнаў (галоўная тэма – Эўхарыстыя) змешчана на аправе рэлікварыя са слановай косці (Х ст.) Шматлікія выявы Гостыі захаваліся ў кніжнай ілюстрацыі XIV–XV стст. Падобную выяву мы бачым і ў скульптуры А. Пізана на званіцы сабора ў Фларэнцыі.

Асаблівае шанаванне Эўхарыстыі праяўляецца ў свяце Божага Цела. Штуршком для яго зацвярджэння стаў цуд з Гостыяй у Бальсэне (1263 г.): перад святаром, які засумняваўся ў таямніцы пераісточання, Гостыя пачала крывавіць. Гэтая падзея адлюстравана Рафаэлем сярод знакамітых ватыканскіх стацыяў. Культавы сімвал Эўхарыстыі – манстранцыя як літургічны прадмет – бярэ пачатак з Льежа і маасскага рэгіёна (XIV ст.). Спачатку не было адзінай формы: Гостыя звычайна змяшчалася ў металічнай аправе ў форме паўмесяца; гатычныя манстранцыі маюць вежападобныя формы. На табліцы «Пакланенне ўсіх святых» (XV ст., музей у Антвэрпене) апрача Папы з манстранцыяй прысутнічаюць Анёлы з начыннем і з ладанам і бандэролямі (стужкамі). Скульптурныя Анёлы часта змяшчаліся на табэрнакулюмах італьянскіх алтароў, адтуль яны прыйшлі і ў беларускія алтары эпохі барока. Велічнай кампазіцыяй пакланення Эўхарыстыі з’яўляецца «Дыспут» Рафаэля (Ватыкан, 1509–1511 гг.): сярод вялікіх хрысціянскіх тэолагаў, вучоных і мастакоў Эўхарыстыя як цэнтр каталіцкага веравучэння супрацьпастаўлена антычнай філасофіі і навуцы.

Найдаўнейшай выявай гістарычнай Апошняй Вячэры з’яўляецца дыптых са слановай косці (V ст.) у скарбніцы Міланскага сабора. Пачынаючы з VI ст. (мазаіка ў Сан Апалінарэ Нуова, Расанскі кодэкс) і да Контррэфармацыі часцей за ўсё ў мастацтве ілюстраваўся той момант, калі Езус прадказвае здраду аднаго з вучняў. Выявы «літургічнай» Апошняй Вячэры (устанаўленне Эўхарыстыі) вядомыя з VI ст., магчыма, самы ранні прыклад – мініяцюра ў Евангеллі з Кембрыджа (V–VI стст.), на якой Хрыстус трымае хлеб, ззаду стаіць келіх. Але на Захадзе літургічны келіх і Гостыя становяцца звычайнымі для сюжэта Апошняй Вячэры толькі з XIV–XV стст. (сабор св. Марка у Фларэнцыі, Сікстынская капэла ў Ватыкане). Такі шматвяковы час засваення літургічнага зместу евангельскай падзеі, верагодна, звязаны з працяглымі дыскусіямі ў Касцёле аб самой таямніцы Эўхарыстыі. Вырашэнне праблемы было дасягнута на IV Латэранскім Саборы ў 1215 г., калі быў зацверджаны догмат пераісточання, згодна з якім, хлеб і віно падчас літургіі ператвараюцца ў Цела і Кроў Хрыста. У перыяд Контррэфармацыі ўстанаўленне Эўхарыстыі становіцца галоўнай тэмай Апошняй Вячэры, увасобленай у карцінах вялікіх еўрапейскіх майстроў – Тыцыяна, Цінтарэта, Рубенса, Пусэна, Ц’епала.

Тэма Камуніі апосталаў узнікла і распаўсюдзілася ва ўсходнехрысціянскім мастацтве ў кніжнай мініяцюры і манументальным жывапісе Візантыі і краін яе царкоўна-культурнага ўплыву. На Захадзе гэты сюжэт паказваўся рэдка. Ён узяты не з гістарычнага евангельскага апавядання пра Апошнюю Вячэру, а з літургічнай практыкі, таму ў цэнтры паказваецца не звычайны, а ахвярны стол (алтар), за якім стаіць Хрыстус, і з абодвух бакоў да Яго ідуць апосталы (сярод іх часта прысутнічае Павел), каб прыняць Камунію. Выявы, вядомыя на літургічным начынні VI ст. і ў рукапісных кнігах, пазней становяцца кананічным сюжэтам на апсідных сценах візантыйскіх і старажытнарускіх храмаў (зрэдку ў купале). Часам «Камунія апосталаў» змяшчалася на літургічных тканінах. На мініяцюры з Евангелля Равулы – лаканічная выява: Хрыстус з хлебам і келіхам у руках стаіць перад 11 апосталамі на чале з Пятром. У «Гаміліях» Яна Хрызастома (Х ст.) Камунію ад Езуса прымаюць толькі Пётр і Павел. У Евангеллі з Расана Хрыстус з групай апосталаў паказаны двойчы: асобна з хлебам і асобна з келіхам. Такі варыянт з даданнем алтара часта сустракаецца ў візантыйскіх манастырскіх храмах (Кападокія), а ў эпоху Сярэднявечча ён распаўсюдзіўся ў славянскім свеце (Кіеўская Сафія, ХІ ст.; царква Перыўлепты ў Містры, XIV ст.) і ў Грузіі. Наперадзе – апостал, якога можна атаясаміць з Паўлам. Пазней у выявы дадаюцца Анёлы з элементамі дыяканскага адзення і літургічным начыннем, а Хрыстус часам паказаны ў сакасе і амафоры – біскупскім адзенні Усходняй Царквы

Часам на царскіх варотах, апрача абавязковых фігур, малявалася Эўхарыстыя, напрыклад, Камунія апосталаў, падзеленых на дзве групы (Ноўгарад, XV–XVI стст.). З пачатку XV ст. вядомы такі сюжэт на сені над царскімі варотамі. Абраз XV ст. маскоўскай школы паказвае Эўхарыстыю як раздачу шасці апосталам хлеба (напэўна, да яго быў адпаведны абраз з віном). Вядомы святочныя абразы Эўхарыстыі ў іканастасе (Растоў Вялікі, XVI ст.) і ў спалучэнні з «Апошняй Вячэрай» (Строганаўская школа, пач. XVII ст.).

Пад візантыйскім уплывам літургічныя выявы часам ствараліся і на Захадзе, але пазней і з адметнасцямі ў іканаграфіі. Так, на рэлікварыі крыжа папы Пасхалія І (пач. ІХ ст.) наперадзе груп апосталаў злева паказана Марыя, справа – Пётр. Удзяленне Камуніі адлюстравана на рэльефе ў саборы Мадэны (1-я чв. ХІІ ст.), ліможскіх эмалях з Клюні, фрэсках школы фра Анджэліко ў Фларэнцыі (касцёл св. Марка). У канцы Сярэдніх вякоў (XV ст.), у адпаведнасці з заходнім абрадам, Хрыстус дае Камунію толькі ў выглядзе хлеба, а келіх знаходзіцца на заднім плане. На карціне Лукі Сіньярэллі (1512 г., сабор у Картана) Хрыстус з патэнай стаіць у цэнтры, апосталы размешчаны ў два рады. У заходнім насценным роспісе XIV–XV стст. Камунія паказана ў выглядзе Гостыі, і пазней пераважаюць сярэднявечныя традыцыі, але ў іканаграфію перыяду Контррэфармацыі трапляюць палемічныя сюжэты: «Апошняя Камунія благаслаўлёнага Гераніма» (Даменікін); «Апошняя Камунія св. Францішка», «Трыумф Касцёла» (Рубенс). У гэты перыяд еўрапейскія мастакі часта паказваюць Апошнюю Вячэру не ў драматычны момант прадказання Езусам здрады, але як Камунію апосталаў (у т.л. Веранэзэ, Рыбейра).

На беларускіх землях выявы Эўхарыстычнай «Апошняй Вячэры» з’явіліся ў ХІ–ХІІ стст. у фрэскавых роспісах мураваных храмаў Полацка, Віцебска, Гродна, пра што сведчаць іх раскрытыя фрагменты і літаратурныя звесткі. У псалтыры 1397 г., які быў перапісаны ў Кіеве іераманахам Спірыдоніем для смаленскага епіскапа Міхаіла і на працягу XVI–ХІХ стст. знаходзіўся ў віленскай царкве св. Мікалая, дзве мініяцюры звязаны з Эўхарыстыяй. Адна падпісана «вечеряе Іс(ус) сь оучнемі своими» (на стале – толькі келіх), другая – «причащение на Тайней Вечери»: Хрыстус стаіць над ахвярнікам і падносіць начынне да вуснаў схіленага апостала, за якім у чарзе стаяць яшчэ пяць апосталаў.

Незвычайная іканаграфія Эўхарыстыі паказана на вядомых візантыйска-рускіх фрэсках 1418 г. у капліцы св. Тройцы ў Любліне. Гэтыя фрэскі звязаныя з каралём Ягайлам і вельмі блізкія да тагачаснага мастацтва беларускіх земляў. У цэнтры стаіць велічны Бог Айцец, які трымае на разведзеных руках дзве маленькія фігуркі Езуса, а ад іх прычашчаюцца апосталы, размешчаныя ў два рады. На фрэсцы ў капліцы св. Крыжа на Вавелі ў Кракаве два Езусы ў хітонах рознага колеру, звернутыя ў супрацьлеглыя бакі, стаяць за прастолам і падаюць Камунію апосталам. Візантыйская традыцыя захавалася ў праваслаўных беларускіх цэрквах і ў эпоху барока. Так, паводле Ржавускай, выява літургічнай «Эўхарыстыі» змяшчалася сярод роспісаў Святадухаўскай царквы Тупічэўскага манастыра.

У кнізе «Быццё» апісваецца, як Абрагам вызваліў з палону сваіх родных і вярнуў ім маёмасць. Калі ён вяртаўся з перамогаю, яго сустрэў з хлебам і віном і благаславіў Мелхісэдэк, цар Салемскі, святар Усявышняга Бога. Гэтая біблейская падзея адлюстравана ў роспісах Богаяўленскага сабора Куцеінскага манастыра. Наперадзе кампазіцыі – дзве групы: справа – войска Абрагама ў шлемах і даспехах, злева – Мельхісэдэк, два цары і народ рознага стану. На заднім плане – архітэктурныя збудаванні Салема (Ерузалема) і дзве гары (магчыма, Кальварыя). Сюжэт уваходзіў таксама ў разгорнутую сістэму роспісаў Троіцкай царквы праваслаўнага Маркава манастыра ў Віцебску.

Эўхарыстычны змест маюць роспісы нясвіжскага касцёла Божага Цела, змест якіх дапасаваны да тытулу храма і тэкстаў адпаведных гімнаў. Літургічны змест мае алтарная выява «Апошняя Вячэра»: Хрыстус, трымаючы ў левай руцэ хлеб, правай благаслаўляе келіх і начынне з хлебам на стале. Як працяг на скляпенні галоўнай навы разгортваюцца эўхарыстычныя сюжэты: а) сімвалічнае Ягнё, узнятае анёламі ў нябёсы, нагадвае пра літургічны гімн «Agnus Dei»; б) «Трыумф Эўхарыстыі» ўвасоблены ў алегарычнай фігуры жанчыны ў папскай тыяры з келіхам у руцэ (Вера); в) сустрэча Абрагама Мельхісэдэкам; г) вячэра ў Эмаусе. Сюжэты са Старога і Новага Запаветаў у крылах трансепта больш ускосна звязаны з тэмай Эўхарыстыі.

У беларускім іканапісе, па сутнасці, адлюстраваны адзіны распаўсюджаны эўхарыстычны сюжэт – «Апошняя Вячэра». Іншыя сюжэты сустракаюцца ў адзінкавых творах. Найперш трэба назваць унікальны абраз, вывезены ў Музей старажытнай беларускай культуры са Століншчыны, у якім натуралістычна паказаны адзін з самых складаных догматаў – пераісточанне віна ў кроў Хрыстову. На адкрытым гробе сядзіць Езус у белай набедранай павязцы. З яго раны, прабітай кап’ём, як бы вырастае вінаградная лаза, якая абвівае крыж над галавой Езуса і звісае перад Ім цяжкімі гронкамі. Збавіцель сціскае рукамі гронку, і сок сцякае ў келіх, які трымае Анёл. Кірылічны надпіс на шыльдзе «ІНЦІ» можа сведчыць аб верагодным паходжанні абраза з праваслаўнага храма.

Можна згадаць абраз «Святы Ануфрый у пустыні» Тамаша Міхальскага (каля 1750 г.), дзе Анёл, апусціўшыся на воблаку з нябёсаў, прычашчае з келіха ўкленчанага пустэльніка, які схуднеў без ежы і пітва. Ануфрый адпіхвае нячыстага ў выглядзе льва з чалавечым тварам і вострымі вушамі, побач валяюцца сімвалы зямнога дабрабыту, сярод якіх – карона і скіпетр. Высока ў небе – ледзь бачная Новазапаветная Тройца, унізе справа – данатарская фігурка манаха з посахам і ружанцам.

Эўхарыстычныя цуды і легенды, вядомыя ў Заходняй Еўропе, у Беларусі не былі вядомыя ці не знайшлі ўвасаблення ў мастацтве. Ды і невялікае, можна сказаць, найбольш агульнапрызнанае кола сюжэтаў, так ці інакш звязанае з «Апошняй Вячэрай», адлюстроўвае агульную тэндэнцыю старабеларускага мастацтва – заставацца на глебе Святога Пісання і перш за ўсё – Новага Запавету.

Фота М. Новікава
і М. Мельнікава.

 
Літаратура
Холл Дж. Словарь сюжетов и символов в искусстве. М., 1997; Майкапар Александр. Новый Завет в искусстве (Очерки иконографии западного искусства). М., 1998. С. 153–154; 190; С. 286–287; Lexikon der christlichen Ikonographie. Bd.I, s.10–18 (Abendmahl); 174-176 (Apostelkommunion), 687–695 (Eucharistie); Christliche Ikonographie in Stichworten. Berlin-Leipzig, 1991 (Eucharistie).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY