|
|
№
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
На шляху веры
Проза
Паэзія
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»
Падзея
Алесь ЧОБАТ
МАЛІТВА
|
У мясцовасці, дзе я нарадзіўся і дзе прайшлі мае дзіцячыя і юнацкія гады, ёсць касцёл. Ад дому да яго – толькі каля трох кіламетраў. Змалку, як толькі сябе памятаю, заўсёды з бацькамі хадзіў на святую Імшу ў нядзелю і святы. У нашай сям’і ў нядзелю было найпершым абавязкам удзельнічаць у святой Імшы, выслухаць нядзельную навуку пробашча, а ўжо потым зрэалізаваць іншыя планы адносна адпачынку. Гэта быў час ваяўнічага атэізму. Здаралася, што за ўдзел у нядзельнай Эўхарыстыі трэба было выслухаць папрокі і насмешкі, але гэта не азмрочвала вялікай радасці ад сустрэчы з Эўхарыстычным Хрыстом у парафіяльным касцёле. У парафіі з пакалення ў пакаленне быў перададзены звычай станавіцца ў святыні на калені і адмаўляць малітву на праслаўленне найсвяцейшай Эўхарыстыі: «Няхай будзе праслаўлёны Найсвяцейшы Сакрамэнт цяпер і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн». Гэта малітва ціха паўтаралася тры разы на прывітанне Езуса ў табэрнакулюме. Потым тры разы прамаўлялася малітва мытніка – «Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага» – і абавязкова на знак пакоры перад Богам і як просьба аб прабачэнні правінаў вернікі злёгку ўдаралі сябе кулаком у грудзі. Потым, устаўшы з каленяў, кожны ішоў на вызначанае месца ў касцёле, з якога з набожнасцю прымаў далейшы ўдзел у св. Імшы. Звычайна бацькі прыходзілі ў касцёл раней. Перад Імшой з раніцы спяваліся гадзінкі да Найсвяцейшай Марыі Панны, а перад Сумай спявалі частку Ружанца. (Гэта рабілі вызначаныя асобы, і кожную нядзелю – з іншай мясцовасці.) Абавязкова кожны меў з сабой і малітоўнік, і ружанец, каб у поўні прымаць удзел у набажэнстве. Першую святую Камунію я атрымаў з рук пробашча Люцыяна Хмялёўца ў Вялікі Чацвер у сямігадовым узросце. Тата вельмі клапаціўся аб тым, каб дзеці адразу ж практыкавалі першыя пятніцы месяца. Я разам са старэйшай сястрой у першы ж год адбыў дзевяць першых пятніцаў месяца. У парафіі асабліва ўрачыста праводзіліся адарацыі і эўхарыстычныя працэсіі ў першую нядзелю месяца. У Трыдыум – Вялікі Чацвер, Пятніцу і Суботу – парафіяне асаблівым чынам ушаноўвалі Эўхарыстычнага Хрыста, застаючыся ў неацепленым касцёле на цэлую ноч, саграваючы сябе спевамі і разважаннямі пра Вязня Табэрнакулюма, які дзеля нашага збаўлення застаўся пад постаццю хлеба да канца вякоў. Саракагадзіннае набажэнства таксама было добра падрыхтавана, і заўсёды парафіяне прыходзілі на пэўны час у касцёл, каб у выстаўленай у манстранцыі Найсвяцейшай Гостыі адараваць Збаўцу. Урачыстае святкаванне Свята Божага Цела, пабудова алтарыкаў на прыкасцельным пляцы, надзвычай урачыстая працэсія ў сам дзень урачыстасці і на працягу Актавы – усё гэта моцна злучала з Эўхарыстычным Хрыстом. Паглыбленню Эўхарыстычнага культу, напэўна, спрыяла і тое, што ў парафіяльным касцёле набажэнствы маёвыя, ружанцовыя і велікапосныя пасійныя з песнямі жальбы заўсёды адбываліся пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце ў манстранцыі, пры вялікім літургічным удзеле міністрантаў – мужчын маладых і ў сталым узросце. Дзецям, юнакам і моладзі да 18 гадоў служыць забараняла тагачаснае рэлігійнае права пад пагрозай пазбаўлення святара выканання пастырскіх абавязкаў. Да чыннага ўдзелу ў адарацыі заахвочваў не толькі пробашч парафіі, але і заахвочвала дзейсная пастава вернікаў. Мужчыны і жанчыны ўмелі спяваць эўхарыстычныя песні, часткі святой Імшы, прызначаныя на адказ для вернікаў. Якімсьці чынам на маю эўхарыстычную пабожнасць у дзяцінстве паўплывала і тое, што спевы заўсёды суправаджаліся ігрой на аргане. Тады здавалася, што ўсе просьбы і падзякі, праслаўленне з падвойнай сілай узносіліся да Хрыста Валадара Сусвету. Веліч касцёла, прыгажосць галоўнага алтара, святло вечнага агеньчыка, пазалота літургічных начынняў і табэрнакулюма – усё гэта таксама ўплывала на адпаведнае ўспрыманне Эўхарыстыі. Практыцы Эўхарыстыі папярэднічалі рахунак сумлення і штомесячная споведзь. Звычайна такую падрыхтоўку рабіў дома тата альбо напамінаў, каб для ўпэўненнасці дзеці самі прачыталі рахунак сумлення з малітоўніка. Святую Камунію заўсёды прымалі на каленях. Змалку бацькі вучылі нас, дзяцей, каб мы ведалі на памяць літургічныя і эўхарыстычныя песні. Клопат аб адпаведным знешнім стане касцёла (адрамантаваны, выбелены ўнутры і звонку) – быў таксама выразам пашаны да Езуса – Гаспадара святыні. Падчас рамонтаў касцёла ўсе парафіяне, у тым ліку і дзеці, дапамагалі ў меру сваіх здольнасцяў і магчымасцяў. Далейшае паглыбленне сувязі з Эўхарыстычным Езусам наступіла падчас фармацыі да святарства. Духоўны кіраўнік і прафесар навучыў мяне штодзённай размове з Эўхарыстычным Хрыстом. Зранку паўгадзінная малітва, разважанні адбываліся на працягу ўсёй фармацыі незалежна ад пары года, заўсёды на каленях і ў касцёле. Там я навучыўся дыялогу, размове з Тым, хто для нас, вернікаў, найдаражэйшы. Калі споўнілася 18 гадоў, з радасцю прыступіў да паслугі як міністрант. Паміж разважаннем і святой Імшой быў яшчэ час каля 40 хвілін. З набожнасцю рыхтаваў тады літургічнае адзенне святару, спяваў ютрань. Удзельнічаў у святой Імшы ў поўні, а пасля малітвы падзякі распачынаў звычайныя заняткі семінарыста. Пасля абеду было адведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў касцёле, а кожны вечар а 7-й гадзіне ў звычайны дзень, у нядзелю і ў святы ў касцёле адмаўляў супольна з вернікамі частку Ружанца. Гэтаму мяне навучыў мой духоўны кіраўнік, пастыр, які падрыхтаваў мяне таксама да святарскага служэння. Ён таксама навучыў мяне літургічным спевам і іграць на аргане. Святарскія пасвячэнні і першая святая Імша адбыліся патаемна, бо не было на гэта дазволу атэістычных уладаў. Быў пэўны парадокс. Незразумелая сітуацыя. Мноства разбураных і знішчаных касцёлаў тады было ў рэспубліцы і ў цэлым па краіне. Было таксама многа касцёлаў, добра трыманых вернікамі, але без святароў. Былі святары, якія атрымалі святарскія пасвячэнні без згоды на гэта атэістычных уладаў. Вернікі звычайна беспаспяхова абівалі парогі ўпаўнаважаных па справах рэлігіі без надзеі атрымаць афіцыйны дазвол на права вядзення пастырскай паслугі ў парафіі для такога святара. Не ведаю, наколькі гэта праўдзіва, але ўжо пазней чуў сцверджанні некаторых тагачасных партыйных кіраўнікоў, што было запланавана да пачатку трэцяга тысячагоддзя пакінуць у Беларусі, на ўзор Расейскай Федэрацыі, толькі два касцёлы і двух святароў. Патаемна праводзіў святую Імшу, а афіцыйна ў парафіі быў арганістам і закрыстыянінам. Як катэхет па магчымасці навучаў асновам веры тых, хто звяртаўся ў такіх справах па дапамогу. Здарылася так, што пасля паўтара года такой працы я быў прызваны на службу. Два гады ў будаўнічай вайсковай часці ў Запаляр’і, ужо будучы святаром, праходзіў вайсковую службу. Але перад адыходам у войска без дазволу атэістычных уладаў правёў ва ўрачыстасць Унебаўшэсця ў парафіяльным касцёле святую Імшу пры шматлікім удзеле вернікаў. У войску ж першыя паўгода не меў аніякай мажлівасці правесці святую Імшу. Калі трохі аслаб нагляд вайсковых палітычных уладаў, то тады мог час ад часу правесці святую Імшу. Здаралася, што цэлебраваў Эўхарыстыю ў салдацкай бытоўцы перад ранішнім пад’ёмам роты саслужыўцаў. Часам надаралася мажлівасць цэлебрацыі ў гарах, але было і так, што ў вялікі мароз праводзіў святую Імшу ў кабіне аўтамабіля. Пасля дэмабілізацыі амаль на працягу яшчэ цэлага года не меў афіцыйнага дазволу на пастырскую паслугу. Амаль кожная пастырская паслуга без дазволу абуджала інтэнсіўныя рэпрэсіўныя дзеянні атэістычных уладаў. Памятаю Вялікдзень 1985 года, калі я як святар не змог правесці рэзурэкцыйную святую Імшу для вернікаў, якіх вельмі шмат прыйшло на ўрачыстасць. За парушэнне такога права тады пагражала закрыццё касцёла, а навокал ужо было каля дваццаці каталіцкіх святыняў, спаленых і разбураных атэістамі. Трэба было ўстрымацца ад цэлебрацыі ў святыні, каб не пазбавіць вернікаў гэтага адзінага ацалелага касцёла. Многія вернікі ў гэты дзень вярталіся дамоў са слязьмі на вачах ад крыўды. Вельмі няпроста было ўсё зразумець і перанесці такі цяжар крыжа, але падтрымліваў на духу прыклад ксяндзоў і вернікаў старэйшага пакалення, такіх, як кс. Вацлаў Пянткоўскі, Казімір Свёнтэк, Ежы Росяк, Войцех Навачык, Станіслаў Рыжка, Міхал Варанецкі і іншыя, якія ў свой час за тое, што засталіся з вернікамі і не з’ехалі за мяжу, былі арыштаваны, асуджаны і прайшлі праз сталінскія лагеры. Пасля смерці Сталіна яны зноў вярнуліся ў парафіі і працягвалі весці вернікаў да Хрыста ў надзвычай цяжкіх умовах. Гэта абавязвала. Такі прыклад, іх падтрымка былі мне, тады маладому святару, вельмі патрэбныя. У той год вернікі намагаліся атрымаць для святара так званую даведку-дазвол на правядзенне рэлігійных абрадаў і беспаспяхова абівалі парогі райвыканкама, аблвыканкама, Савета міністраў і нават упаўнаважанага па справах рэлігій у Маскве. За той год толькі з адной парафіі 54 дэлегацыі вернікаў наведалі вышэйузгаданыя установы. Нялёгка гэта было. Людзі мелі гаспадарку, жывёлу. На паездку часам трэба было затраціць не толькі грошы, але і на кагосьці пакінуць гаспадарку – тады суседзі, вяскоўцы дапамагалі ў гэтай справе хадаку. Памятаю дзень 26 красавіка 1985 года, калі я атрымаў так званую даведку. Гэта была 19-я гадавіна з дня смерці сястры Малгажаты – той дванаццатай назарэтанкі, якую гітлераўцы не расстралялі. Яна засталася працаваць у парафіі да самай смерці 26 красавіка 1966 года. Тады сёстры назарэтанкі гаварылі, што гэта сястра Малгажата з неба паспрыяла, каб парафія не была пазбаўлена святарскага служэння, як гэта здарылася пры яе жыцці, калі многіх святароў расстралялі гітлераўцы, а іншых савецкія ўлады арыштавалі, асудзілі і выслалі ў лагеры. І парафія тады на дзесяць пасляваенных гадоў ужо была без святара. Дзяржаўныя ўлады пасля чатырох з паловаю гадоў адмовы далі мне дазвол на вядзенне душпастырскай паслугі на паўгода. Потым прадоўжылі тэрмін яшчэ на год. А потым прыйшла перабудова, і для святароў на Беларусі такія даведкі сталі непатрэбныя. (Захавалася такая практыка да сённяшняга дня ў адносінах святароў, якія не маюць грамадзянства нашай краіны.) Падчас служэння ў першай парафіі мяне вельмі заахвочвалі да вялікай пашаны Эўхарыстыі клопат вернікаў аб чысціні святыні, дэкарацыі алтароў, белізне абрусаў і літургічнага адзення, зладжаны спеў хору і вернікаў падчас набажэнства, а таксама вера людзей. Многія з іх на кожную нядзельную і святочную Імшу прыязджалі за некалькі дзесяткаў кіламетраў. Не маючы ўласнага транспарту, яны трацілі на такое падарожжа цэлы дзень. Каб падрыхтавацца да гэтага, маючы дома жывёлу, людзі павінны былі больш працаваць у іншыя дні. Былі вернікі, якія пасля штодзённай працы мелі патрэбу ў Святой Эўхарыстыі. Узрушвала і тое, што за паслугай для хворых людзей вернікі прыязджалі здалёк, і тады па традыцыі ўся вёска прыходзіла прывітаць Эўхарыстычнага Хрыста. На памяць ведаючы набожныя песні, моцнымі вясковымі галасамі, на каленях, вернікі сведчылі пра сваю веру ў Эухарыстычнага Хрыста, якога ў гостыі прыносіў да хворага святар. Незважаючы на непрыхільнасць уладаў, часамі пад пагрозаю страціць добрую працу, многія людзі адкрыта ўдзельнічалі ў набажэнствах, такім чынам даючы ўзнёслы прыклад сваёй веры. І гэта таксама ўзмацняла веру ў моц Эўхарыстыі як надзвычайнага сродку для пераадолення няўпэўненасці, страху і г. д. 1988 год прынёс новыя свабоды. Стала магчымым адбудова раней зачыненых, разбураных, спаленых святыняў. Быў вялікі ўздым. На працягу аднаго года адначасова на тэрыторыі, дзе я працаваў, аднаўлялася 8 касцёлаў. Людзі ўваходзілі ў руіны святыняў сваіх продкаў, старых, гістарычных, а цяпер зруйнаваных, дзе дрэвы, што параслі ўнутры, былі ўжо вышэйшыя за сцены святыні. Нярэдка здаралася і так, што знайсці фрагмент былога фундамента можна было толькі зняўшы слой зямлі на некалькі дзесяткаў сантыметраў. Без братняй фінансавай дапамогі суседніх Касцёлаў, аддаючы часам на адбудову касцёла ўвесь месячны заробак, вернікі падымалі святыні з руінаў, на якія бездапаможна глядзелі больш за сорак гадоў, а малодшае пакаленне толькі з апавяданняў старэйшых ведала пра даўнюю прыгажосць іх святыні. Тады яшчэ існавала разнарадка на будаўнічыя матэрыялы, і многія з іх было вельмі цяжка купіць у дастатковай колькасці, і таму ў многіх выпадках людзі прыносілі свой будматэрыял. Часам ён назапашваўся многія гады, рыхтаваўся на пабудову дома, часта для дзяцей. Але на патрэбы адбудовы касцёла людзі заўсёды ахвотна ахвяроўвалі і лічылі гэта за гонар і пабожны чын. Дапамагалі таксама калгасы, лясгасы, іншыя прадпрыемствы. Многія з тых, хто па волі лёсу апынуўся ў іншых рэспубліках краіны і нават тыя, хто жыў за мяжой у іншых краінах і на іншых кантынентах, даведаўшыся пра адбудову касцёла продкаў на сваёй радзіме, дасылалі рознымі спосабамі свае ахвяраванні на касцёл. У адбудаваныя касцёлы вернікі прыносілі захаваныя ад знішчэння атэістамі касцельныя рэчы: абразы, літургічнае адзенне святара, літургічныя начынні, музычныя інструменты, касцельныя званы. Большасць такіх рэчаў у каталіцкіх сем’ях захоўвалі не адзін дзесятак гадоў некалькі пакаленняў, даючы нашчадкам наказ вярнуць у касцёл гэтую рэч пасля адбудовы з руінаў іх парафіяльнай святыні. І была ў людзей і святароў вялікая радасць ад таго, што аднаўлялася літургічная служба ў касцёле і, як і даўней, праводзілася Эўхарыстыя. І яны, тыя, хто жыў побач у суседніх мясцовасцях, маглі цяпер сумесна браць удзел у Эўхарыстыі ў месцы свайго пражывання, як гэта рабілі іх продкі ў мінулыя часы. Такая руплівасць вернікаў, іх радасць з адбудаванай святыні, цэлебрацыі Эўхарыстыі абавязвалі святара да самага шчырага служэння і поўнага аддання Таму, хто першы нас палюбіў і назаўсёды застаўся дзеля нас у акрушыне хлеба. З аднаўленнем касцёлаў паглыбілася і эўхарыстычная сувязь вернікаў з Хрыстом. Значна ўзрасла ў тыя гады колькасць дзяцей і моладзі, што прыходзіла да Першай Камуніі. Для іх адпаведнай падрыхтоўкі неабходна было арганізаваць заняткі, запрасіўшы катэхетаў з ліку законніц, клерыкаў духоўных семінарый і нават свецкіх асобаў, якія мелі грунтоўныя веды з катэхізму, вызначаліся пабожнасцю і мелі педагагічныя здольнасці перадаць свае веды дзеткам і моладзі. У тыя часы скарб Эўхарыстыі часта адкрывалі не толькі дзеці, але і іх бацькі. Пасля многіх гадоў, праведзеных без сакрамэнтальнага жыцця, яны знаходзілі для сябе скарб Эўхарыстыі дзякуючы сваім дзецям. Усё гэта вельмі радавала душпастыраў. Уводзіліся ўрачыстыя формы Першай Камуніі ў парафіях з удзелам родных, блізкіх і знаёмых. Для паглыблення сувязі з Езусам для розных груп дзяцей, моладзі былі арганізаваны канікулы з Богам і аазісы ў перыяд канікулаў. Быў бачны вынік такога клопату. Павялічылася колькасць тых вернікаў, якія заўсёды прымалі ўдзел у нядзельнай святой Імшы. Была радасць і ад таго, што з ліку парафіянаў юнак, ідучы за голасам Пана, паступіў у духоўную семінарыю, каб у будучыні быць слугою Эўхарыстыі. Паглыбленае духоўнае жыццё супольнасці Эўхарыстыяй засяродзіла ўвагу многіх парафіянаў на неабходнасці несці дапамогу церпячым. Так распачаў дзейнасць парафіяльны «Карытас». Многія людзі прыйшлі да Эўхарыстыі дзякуючы найперш дапамозе парафіяльнага «Карытаса», у якім працавалі выбраныя пробашчам і зацверджаныя парафіяльнай супольнасцю парафіяне. Асабліва рыхтавалася парафіяльная супольнасць да ўрачыстасці Божага Цела пасля таго, як улады пачалі дазваляць Эўхарыстычную працэсію па вуліцах горада. Амаль кожны парафіянін удзельнічаў у падрыхтоўцы, а потым і ва ўрачыстай працэсіі. Старэйшыя людзі згадвалі, як выглядала такая працэсія да вайны, у якіх месцах горада будаваліся алтарыкі. Хор рыхтаваў святочныя эўхарыстычныя песні, запрашаліся да ўдзелу новыя асобы. Многія парафіянкі на такую акалічнасць вырошчвалі кветкі, каб імі ўпрыгожыць алтарык, пастаўлены на скрыжаванні вуліц альбо на пляцы, па ходу шэсця Эўхарыстычнай працэсіі. Вышывалі абрусы, каб прыгажэй выглядаў алтар, пры якім на момант для публічнага праслаўлення вернікамі Эўхарыстычных дароў затрымаецца святар. Кожны меў свой абавязак для ўшанавання Эўхарыстычнага Хрыста і стараўся выконаць яго як найлепей. Падчас працы ў Гродне дапаможным біскупам, выконваючы абавязкі пробашча катэдральнай парафіі, рэктара духоўнай семінарыі і генеральнага вікарыя дыяцэзіі, я неаднойчы натхняўся эўхарыстычнай пабожнасцю вернікаў горада і навакольных парафій. Катэдральны касцёл заўсёды быў адчынены на працягу дня. Некаторыя вернікі раніцай, у 6.30, у звычайныя дні ўжо прыходзілі ў касцёл, каб пасля святой Імшы распачаць сваю працу. На працягу дня многія, праходзячы каля касцёла, на некалькі хвілін альбо і даўжэй уваходзілі ў яго, каб памаліцца ў святле вечнага агеньчыка перад табэрнакулюмам. Пабожныя жанчыны, як у нядзелю так і ў звычайныя дні, часта гадзінамі спявалі эўхарыстычныя песні Вязню табэрнакулюма. Прыходзіла таксама і моладзь, асабліва студэнты, у вольныя ад заняткаў дні падчас акадэмічнага года, каб пабыць сам-насам з Хрыстом і зачэрпнуць у Яго мудрасці. Сама святыня была захавана ад знішчэння ахвярай вернікаў, якія днём і ноччу некалькі месяцаў знаходзіліся ў святыні, каб абараніць яе ад знішчэння ў 60-я гады. 28 гадоў святарам забаранялася праводзіць там святую Імшу, аднак Найвяцейшы Сакрамэнт на працягу ўсяго гэтага доўгага часу заставаўся ў святыні, а гостыя своечасова патаемна абнаўлялася святаром. Мяркую, што эўхарыстычная набожнасць гродзенскіх дыяцэзіянаў яшчэ больш узрасла, калі па рашэнні архіпастыра біскупа Аляксандра быў праведзены першы дыяцэзіяльны эўхарыстычны кангрэс, а потым у катэдральным касцёле быў вызначаны алтар для адарацыі Наайсвяцейшага Сакрамэнту ў манстранцыі, якая выстаўляецца кожны дзень. А адарацыя, у якой вернікі ўдзельнічаюць цэлымі групамі і паасобку, распачынаецца раніцою і прадаўжаецца ўвесь дзень да позняга вечара. Месцам фармацыі будучага святара, як вядома, з’яўляецца духоўная семінарыя. Таго, хто першы раз трапляе ў сцены гэтай установы, і ўзрушваюць, і радуюць, і непакояць постаці клерыкаў у сутанах. Маладыя людзі такія розныя, але і такія блізкія па агульным прызванні быць пастырамі, стаць сапраўднымі слугамі Эўхарыстыі! Для тых, хто хоць трошкі пабыў у духоўнай семінарыі, становіцца зразумелым, што адпаведную эўхарыстычную паставу клерык набывае толькі праз добра выкарыстаны час размовы з Эўхарыстычным Хрыстом у прызначанай для такіх спатканняў семінарыйнай капліцы. Яна з’яўляецца тым месцам, дзе некалькі разоў на дзень – і раніцай, і апоўдні, і ў вячэрнія гадзіны – усе клерыкі прабываюць сумесна. І хоць яны прабываюць разам, але кожны мае свае «справы» і размовы з Езусам. Яны лучацца ў малітве і спеве для праслаўлення Яго і падчас прабывання тут збліжаюцца з Ім, каб напрыканцы прадпісанай Касцёлам шасцігадовай фармацыі велікадушна выказаць гатоўнасць на ўсё жыццё стаць слугамі Эўхарыстыі. Выхаваўцы распавядалі, што бачылі, як некаторыя з выпускнікоў, адыходзячы на працу ў парафію пасля фармацыі, развітваліся з капліцай, цалуючы падлогу. І гэта зразумела: тут яны праходзілі разважанні, навукі духоўнага айца, рэкалекцыяністаў, казанні святароў, тут адбываліся індывідуальныя і супольныя з іншымі клерыкамі малітвы ў святле вечнага агеньчыка збліжэння з Хрыстом у Эўхарыстыі, і гэта застаецца на ўсё жыццё. Працуючы пяць гадоў рэктарам семінарыі, я шчыра радаваўся такому духоўнаму росту клерыкаў, якія, адкрытыя на ўздзеянне Духа Святога, паволі з юнакоў станавіліся (у большасці) сталымі, адказнымі пастырамі Касцёла і слугамі Эўхарыстыі. Назіраючы за аднаўленнем унутранага выгляду архікатэдры ў Мінску, куды Святы Айцец прызначыў мяне апошнім часам служыць Мінска-Магілёўскаму Касцёлу як дапаможнага біскупа, здзіўляюся рупліваму клопату па аднаўленні святыні яе Архіпастыра ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка. За гады свайго служэння ён падняў гэту і многія іншыя святыні краіны для Эўхарыстычнага культу амаль з руінаў. У архікатэдральным касцеле ён праводзіць святарскія пасвячэнні новых і такіх патрэбных сёння Касцёлу звычайных слугаў Эўхарыстыі. У гэтым годзе намаганнямі Мітрапаліта паўстаў велічны галоўны алтар, і хутка тут будзе змешчаны ахвяраваны Святым Айцом Слугою Божым Янам Паўлам ІІ абраз Маці Божай, якой Архіпастыр наложыць кароны. Аднаўляюцца таксама фрэскі XVIII стагоддзя, замантоўваецца арган, найбольшы ў Цэнтральнай Еўропе. Наглядаючы за аптымізмам Архіпастыра, які прайшоў у недалёкім мінулым дзеля Хрыста праз вялікія цярпенні, пераконваешся, што хараство і дабро ў сэрцы можна захаваць на ўсё жыццё, насуперак жорсткаму лёсу і выпрабаванням, дзякуючы Эўхарыстычнаму Хрысту, які чакае нас у святынях, узнесеных і ўпрыгожаных на Яго хвалу. ...На жаль, у новых мікрараёнах нашых гарадоў мы амаль не бачым касцёлаў, але мы павінны запрасіць Эўхарыстычнага Хрыста туды, дзе жывем, збудаваўшы для Яго дастойныя святыні. І наш Мітрапаліт, Сведка Веры, руплівым клопатам над грунтоўнай адновай архікатэдры падказвае, што час не чакае, але ўцякае, мінае. І таму трэба будаваць святыні. Прыгожыя і велічныя касцёлы. На доўгія гады. Дзеля захавання ў сэрцах веры нашых продкаў. І для праслаўлення Хрыста ў Эўхарыстыі. А яшчэ кардынал сваім святарскім сведчаннем паказвае юнакам сённяшніх часоў, як добра пайсці за Хрыстом да канца, прыняўшы Яго волю і аддаўшыся на служэнне Касцёлу ў святарстве.
Гл. таксама:
|
|
|