|
|
№
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
На шляху веры
Проза
Паэзія
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»
Падзея
Алесь ЧОБАТ
МАЛІТВА
|
Астравеччына — край з адметным гістарычным лёсам. Рэгіянальна і гістарычна ён блізкі да Вільні, сталіцы магутнай сярэднявечнай дзяржавы ў цэнтры Еўропы — Вялікага Княства Літоўскага, тэрытарыяльнае ядро якога складалі беларускія землі, пазней — палітычнага і культурнага асяродка Заходняй Беларусі. З Вільняй Астравецкі край звязвае агульная водная артэрыя — рака Вілія, што са старажытнасці мела важнае эканамічнае і стратэгічнае значэнне. Нязначная адлегласць ад Вільні (усяго каля 30 км) рабіла гэты рэгіён наваколлем сталіцы, і ў краязнаўчай літаратуры ён заўсёды разглядаўся як Віленшчына. Паводле сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Астравецкі раён стаў памежжам з незалежнай дзяржавай Ліетувай і трох вобласцяў Рэспублікі Беларусь: Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай. Ён вызначаецца разнастайным этнічным складам — з вялікім працэнтам, акрамя беларусаў, літоўцаў і палякаў — і ўзаемадзеяннем культуры гэтых этнасаў. Рэгіянальная і гістарычная залежнасць ад Вільні адбілася на спецыфіцы архітэктурнай спадчыны Астравеччыны. У канцы XIV ст. гэты рэгіён, разам з Вільняй, прыняў хрышчэнне па каталіцкім абрадзе (1387 г.), таму ўсе ацалелыя тут помнікі сакральнай хрысціянскай архітэктуры маюць каталіцкае паходжанне. Вялікія зямельныя надзелы і многія населеныя пункты Астравеччыны са старажытнасці належалі Віленскаму біскупству. З гістарычнымі падзеямі часоў фармавання Вялікага Княства Літоўскага і пашырэннем каталіцтва звязаны першыя пісьмовыя звесткі пра найбольш старажытныя мястэчкі і паселішчы рэгіёна, пра заснаванне ў іх каталіцкіх парафій. Першыя касцёлы, відавочна, былі пабудаваны з традыцыйнага мясцовага будаўнічага матэрыялу — дрэва, але, з прычыны яго недаўгавечнасці, неаднаразова перабудоўваліся, мянялі сваё аблічча і да нашага часу не дайшлі. Больш трывалыя мураваныя храмы з’яўляюцца ў Астравецкім рэгіёне толькі ў XVII ст. Іх архітэктура выразна адлюстроўвала ўплыў архітэктурна-мастацкага стылю барока, што панаваў у той час у храмабудаўніцтве Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, але ў беларускім дойлідстве набыў свае самабытныя рысы з прычыны моцных мясцовых будаўнічых традыцый. Найбольш старажытным помнікам мураванага культавага дойлідства на Астравеччыне з’яўляецца касцёл Міхала Арханёла ў вёсцы Міхалішкі. Адметнае па стылёвых характарыстыках архітэктурнае вырашэнне і найбагацейшае пластычнае афармленне інтэр’ера міхалішскага касцёла неаднойчы прыцягвала ўвагу многіх польскіх, беларускіх і літоўскіх гісторыкаў мастацтва і архітэктуры. Гэтаму выдатнаму помніку архітэктуры Беларусі прысвечана вялікая інтэрнацыянальная краязнаўчая і мастацтвазнаўчая літаратура. Вёска Міхалішкі размешчана на рацэ Вілія, пры ўпадзенні ў яе рэчкі Страчы, на перасячэнні воднай артэрыі з важным гандлёвым трактам Полацк — Вільня, што абумовіла яе эканамічнае развіццё і стратэгічнае значэнне. У старажытнасці паселішча мела назву Вілея, але пазней па прозвішчы ўладальнікаў Міхальскіх атрымала сваю сучасную назву. Міхалішкі належалі таксама Радзівілам, Бжастоўскім, Пронскім, Кенішкам, з сярэдзіны XIX ст. — Котвічам. З манументальных пабудоваў тут былі, акрамя касцёла, кляштар аўгустынцаў, палац Бжастоўскіх, ратуша, сінагога, склеп-пахавальня Котвічаў (не зберагліся). У 1604 г. маёнтак набыў рэфендары каронны Ян Цыпрыян Бжастоўскі, які асадзіў тут у 1622 г. манахаў каталіцкага ордэна аўгустынцаў. Да фундацыі далучыўся брат уладальніка — Лукаш Бжастоўскі. Аўгустынцы — трэці па значнасці жабрацкі каталіцкі ордэн, пасля францішканцаў і дамініканцаў, які займаўся прапаведніцкай і адукацыйнай дзейнасцю ва ўсёй Еўропе. Першы касцёл пры кляштары аўгустынцаў у Міхалішках быў драўляны. Паводле вядомага гісторыка мастацтва Станіслава Лёранца, які ў 1930-я гады займаўся вывучэннем помнікаў архітэктуры Віленшчыны, мураваны касцёл у гонар Яна Хрысціцеля быў пабудаваны тут у 1653 г., таму што ў знойдзеным ім архіўным інвентары 1654 г. ён названы новым. Гэтай даты пабудовы міхалішскага касцёла прытрымліваюцца ўсе сучасныя энцыклапедычныя даведнікі, аднак многія іншыя гістарычныя звесткі і стылістыка архітэктуры касцёла сведчаць пра іншае. У азначаным інвентары, як бачна, касцёл прысвечаны Яну Хрысціцелю, а храм, які існуе і сёння, асвечаны толькі ў 1700 г. у гонар Міхала Арханёла віленскім біскупам Цыпрыянам Паўлам Бжастоўскім, з чаго вынікае, што гаворка ідзе пра дзве розныя святыні. Сярэдзіна XVII ст. была адзначана шматгадовай вайной паміж Рэччу Паспалітай, з аднаго боку, і Маскоўскай Руссю і Швецыяй — з другога. Арэнай гэтай вайны, якая атрымала ў гісторыі назву «патоп», стала тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага. Былі разрабаваныя і спаленыя амаль усе гарады і мястэчкі, якія мелі пераважна драўляную забудову, а таксама нешматлікія мураваныя збудаванні, асабліва каталіцкія храмы. Міхалішкі, размешчаныя на важнай воднай артэрыі, мелі стратэгічнае значэнне і таксама пацярпелі падчас гэтай вайны. Верагодна, у гэты час быў зруйнаваны першы мураваны касцёл у гонар Яна Хрысціцеля. Фундацыя на будаўніцтва новага касцёла была зроблена пасля замірэння Рэчы Паспалітай са Швецыяй сынам першага фундатара Янам Бжастоўскім у 1662 г. Аўтарам пабудовы лічыцца архітэктар бельгійскага паходжання Крыштоф Пенс, які заснаваў цэлую дынастыю архітэктараў і дэкаратараў у Вялікім Княстве Літоўскім. Падчас «патопу», у 1659 г., у Кракаве выйшаў першы ў Рэчы Паспалітай мясцовы трактат па архітэктуры і будаўніцтве, які пачынаўся з прадмовы «да можных» і заклікаў іх будаваць адпаведна «свайму небу і звычаю», гэта значыць, адпаведна сваім традыцыям, клімату і ладу жыцця. Мясцовы традыцыяналізм, дэкларатыўны патрыятызм, рыцарскі дух, узмоцнены ваеннымі падзеямі, — гэта прыкметы тагачаснай ідэалогіі, якая завецца ў навуцы «сарматызмам». Гэтая з’ява генетычна паходзіць ад назвы старажытнага вольнага племені сарматаў, нашчадкамі якіх лічылі сябе прадстаўнікі мясцовай шляхты. Спалучэнне ідэалогіі сарматызму з мастацкімі сродкамі агульнаеўрапейскага стылю барока, што паступова пашыраўся ў беларускім сакральным дойлідстве на працягу XVII ст., прывяло да фармавання адметнай плыні «сармацкага» барока, першым і праграмным творам якога ў гісторыі беларускай архітэктуры стаў касцёл Міхала Арханёла ў Міхалішках. Між тым, краязнаўцы часта памылкова вызначаюць яго як «гатыцкі», што не адпавядае сапраўднасці і часу яго будаўніцтва. Архітэктуры міхалішскага касцёла ўласцівыя кампактнасць, рацыяналізм формаў, дакладны канструкцыйны разлік і пэўная тэатралізацыя мастацкага вобразу, што адпавядае духу барока. Збудаванне толькі імітуе ваяўнічае аблічча сярэднявечнага замка, але абарончых функцый і прыстасаванняў, накшталт байніцаў і машыкуляў, не мае. У яго вонкавых фасадах адсутнічаюць характэрныя для касцёльнай готыкі контрфорсы. Кампактны асноўны аб’ём і выцягнутая пяцігранная апсіда прэзбітэрыя маюць аднолькавую вышыню і аб’яднаны агульнай цягай карніза, што надае кампазіцыі касцёла цэласнасць. Невялікі перапад вільчыкаў двухсхільных дахаў асноўнага аб’ёма і алтарнай апсіды стварае нарастанне дынамікі кампазіцыі ў бок велічнага двухвежавага галоўнага фасада. Магутныя вежы складаюцца з двух ярусаў аднолькавага квадратнага ў плане сячэння, так званых чацверыкоў, накрытых традыцыйнымі для мясцовага дойлідства пакатымі шатровымі дахамі – «каўпакамі». Усё гэта надае ім візуальную важкасць і суровасць, падабенства да замкавых вежаў, але прапорцыі іх больш вытанчаныя і ўзнёслыя. Тарэц даха на галоўным фасадзе закрыты строгім трохвугольным атыкавым франтонам, злучаным з верхнімі чацверыкамі вежаў у суцэльны маналіт, без пластычнага барочнага дэкору. Своеасабліва вырашана кампазіцыя ўваходнай часткі: да велічнага гмаху па восі сіметрыі прыбудаваны невысокі авальны ў плане прытвор-крухта з двума бакавымі ўваходамі. На звычайным месцы цэнтральнага ўвахода (па восі сіметрыі будынка) зроблена конхавая ніша, дзе змешчана скульптура Арханёла Міхала, які здаўна лічыўся абаронцам і нябесным патронам усяго Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая прыбудова нібы імітуе абарончы барбакан, якім звычайна прыкрывалі брамы гарадскіх і замкавых муроў у Сярэднявеччы. Падобныя тэатралізаваныя «барбаканы» атрымалі пашырэнне і ў іншых творах «сармацкага» барока, напрыклад, касцёле кармэлітаў старажытных правілаў у Засвіры (сучасны Мядзельскі раён), які быў пабудаваны крыху пазней на ўзор міхалішскага касцёла. Унутры сцены прытвора-«барбакана» прарэзаны паўцыркульнымі нішамі, якія змяншаюць яго ўяўную суровасць. Над унутраным нартэксам размешчаны арганныя хоры. З нартэкса ўваходы вядуць у ніжнія ярусы вежаў, дзе знаходзяцца капліцы св. Юзафа і Сэрца Езуса. У адну лінію з імі абапал апсіды прэзбітэрыя размешчаны невысокія квадратныя ў плане закрыстыі. Строгае аскетычнае вонкавае аблічча міхалішскага касцёла выразна кантрастуе з пышным барочным аздабленнем інтэр’ера. Гэты кантраст павінен быў уражваць вернікаў і ўражвае дагэтуль. Прасторная шырокая нава перакрытая высокім цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на падпружных арках, якія абапіраюцца на магутныя пілоны. Канструкцыйна яны працуюць як контрфорсы, але маюць ордэрнае барочнае афармленне. Сістэма падпружных арак і ўнутраных пілонаў падзяляе наву на тры роўныя прамавугольныя ў плане часткі, асветленыя вялікімі вокнамі, што стварае выразны прасторавы рытм касцёльнай залы, гульню святла і ценю ў інтэр’еры. Паверхні пілонаў і прасценкаў паміж імі запоўнены дэкаратыўна-скульптурнымі кампазіцыямі ў тэхніцы стука (лепка і мадэляванне формаў са штучнага мармуру) у стылі сталага барока. Пры ўсёй сакавітасці, дынаміцы, экстатычнасці скульптурнай пластыкі не ўзнікае ўражання неакрэсленасці межаў прасторы, як гэта характэрна для позняга барока. Унутраныя пілоны аздабляюць дынамічныя скульптурныя гарэльефы (выявы 12 апосталаў, абапертыя на невялікія кансолі з ляпнымі маскаронамі і картушамі), якія падпарадкаваны архітэктурнаму рытму і раскрыццю сакральнага зместу кампазіцый. У прасценках паміж пілонамі пышны рэльефны раслінны дэкор у выглядзе буйных завіткоў аблямоўвае алтарныя карціны накшталт вялізных картушаў, пабудаваных па прынцыпе люстэркавай барочнай сіметрыі. Насценныя алтарныя карціны ў архітэктурным ордэрным абрамленні завяршаюць разнастайныя скульптурныя пано з медальёнамі, міфалагічнымі і і тэраталагічнымі матывамі. Кожны з алтароў успрымаецца як самастойная завершаная дэкаратыўная кампазіцыя, якая ўключае разам з евангельскімі сюжэтамі выявы мясцовых магнатаў-данатараў і геральдычную саслоўную эмблематыку, што выяўляе сармацкі кантэкст сакральнага начыння святыні. Прасторава разгорнутая сістэма галоўнага і франтальных бакавых алтароў (Маці Божай Ружанцовай і Святой Сям’і) выступае як велічная тэатральная дэкарацыя, што магутнымі акордамі завяршае падоўжную дынаміку прасторы. Іх дамінуючая роля падкрэслена вітымі калонкамі — прыкметай сталага барока, што выяўляе ўзмоцненую духоўную экспрэсію. У двух’ярусным галоўным алтары ў гонар Міхала Арханёла ў ніжнім ярусе змешчаны каштоўны абраз XVIII ст. нябеснага патрона святыні, па баках якога знаходзяцца буйнамаштабныя скульптуры святых. Цэнтр кампазіцыі другога яруса займае скульптурнае Укрыжаванне з укленчанымі перад ім фігурамі біскупаў. Уся кампазіцыя галоўнага алтара завершана рэльефам «Тройца Новазапаветная» і аформлена стукавым раслінным арнаментам, што надае ёй вытанчаны карункавы выгляд. Вялікую мастацкую каштоўнасць мае разьбяная пазалочаная амбона з навершам у выглядзе кароны. Катэдра аздоблена раслінна-кветкавымі матывамі і нібыта абапіраецца на скульптурную выяву арла, які трымае ў кіпцюрах геральдычны картуш сям’і фундатараў святыні — Бжастоўскіх. У крыпце касцёла знаходзіліся пахаванні гэтага магнацкага роду. Вядома, што высокамастацкае пластычнае аздабленне міхалішскага касцёла выканана ў 1684–1700 гг. групай замежных дэкаратараў у складзе Джаванні Марыя Галі, Андрэа Капонэ, Яна Пенса (сына архітэктара) пад кіраўніцтвам прыдворнага мастака Яна Казіміра Сапегі — Пятра Ёгана Перці (П’етра Пярэцці) з удзелам мясцовага майстра Мікалая Жылевіча, імя якога выяўлена ў віленскіх архівах. Тая ж група майстроў крыху раней, у 1668–1684 гг., стварыла слынную аздобу касцёла святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні, фундацыі гетмана Вялікага княства Літоўскага Міхала Казіміра Паца. Касцёл быў пашкоджаны ў Першую сусветную вайну, рэстаўраваны ў канцы 1920-х гг. Паводле інвентара 1693 г., кляштар у Міхалішках меў усяго 10 насельнікаў. Невялікі драўляны будынак уключаў 11 пакояў і бібліятэку. У 1773 г. пачалося будаўніцтва двухпавярховага мураванага кляштарнага корпуса, які, паводле інвентара 1783 г., меў памеры 26 х 11 м, быў накрыты дахам з чарапіцы з двума комінамі. Унутры ён меў калідорную планіроўку, печы з зялёнай кафлі і падлогу з белай цэглы. «Насельніцтва» кляштара складалася з 7 законнікаў-аўгустынцаў. Пры кляштары існавалі драўляны, крыты саломай шпіталь для нямоглых і старых, а таксама школа — драўляны, крыты гонтамі будынак на 2 пакоі з сенцамі, дзе ў 1781 г. навучалася 7 дзяцей (1 шляхецкага паходжання і 6 з мяшчанаў), і шэраг гаспадарчых пабудоваў. У 1827 г. у кляштары заставаўся толькі адзін манах. Кляштар аўгустынцаў у Міхалішках быў зачынены ў 1832 г., паводле царскага указу, разам са 199 іншымі каталіцкімі кляштарамі, нібыта за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг. У верасні 1839 г. кляштарны комплекс пацярпеў ад моцнага пажару — згарэлі ўсе драўляныя будынкі і абгарэў мураваны корпус, які канчаткова быў разбураны ў 1944 г. падчас нямецкай бамбардзіроўкі. Рэшткі цэглы потым выкарыстоўваліся пры будаўніцтве мясцовага Дома культуры. Акрамя касцёла і кляштара, родам Бжастоўскіх у Міхалішках у 2-й палове XVII ст. быў пабудаваны невялікі мураваны палац, у архітэктуры якога мясцовыя будаўнічыя традыцыі спалучаліся з рысамі барока. Гэты будынак быў спалены французамі падчас вайны 1812 г. Выява паўразбуранага будынка адлюстраваная на малюнку, зробленым К.Тышкевічам, які аглядаў былую рэзідэнцыю Бжастоўскіх, у сярэдзіне XIX ст. Палац уяўляў сабою аднапавярховую прамавугольную ў плане камяніцу з высокім двухсхільным дахам, тарцы якога былі закрыты мураванымі ступеньчатымі франтонамі са спічастымі завяршэннямі. Галоўны падоўжны фасад пасярэдзіне прарэзваў двухпавярховы рызаліт, увенчаны фігурным барочным франтонам. Вільчыкі дахаў асноўнага аб’ёма і рызаліту былі на адной вышыні. На малюнку паказаны кроквы, якія падтрымліваюць саламяны дах, і коміны печаў. Вокнаў і дзвярэй на той час у будынку ўжо не было, але захаваліся дэкаратыўныя абрамленні праёмаў і пілястры, што аздаблялі сцены. Унутры жылых пакояў, як адзначаў К.Тышкевіч, былі яшчэ каміны і столі з «штукатэрыямі» (ляпнінай) і іншай дэкарацыяй. Пад домам знаходзіўся склеп, сутарэнні якога выходзілі на падворак, вакол якога захоўваліся рэшткі старога агароду, сляды земляных тэрасаў і насыпаў, зарослых каналаў і сажалак, фрагменты рэгулярнага парку. З сядзібных пабудоваў ацалеў двухпавярховы мураваны лямус з дзвярыма, акаванымі жалезам. Вядома, што пры сядзібе ў Міхалішках у XVIII ст. існаваў цагельны завод і цэглу з яго вазілі ў Вільню. Шматлікія старажытныя святыні сталіцы Вялікага Княства Літоўскага моцна пацярпелі падчас пажараў горада ў 1737 і 1747 гг. Іх адбудова патрабавала вялікіх намаганняў і сродкаў. У гэты час у Вільні супольна працавалі замежныя і мясцовыя архітэктары, дэкаратары, рамеснікі розных будаўнічых прафесій, якія аднаўлялі горад, надавалі яго святыням больш сучасны еўрапейскі выгляд. У выніку гэтай дзейнасці ў сярэдзіне XVIII ст. тут склаўся адметны архітэктурна-мастацкі стыль, які атрымаў у мастацтвазнаўстве назву «віленскае барока». Для храмаў віленскага барока характэрныя дзве высокія шмат’ярусныя ажурныя вежы на галоўным фасадзе, якія маюць тэлескапічную будову. Ярусы вежаў паступова змяншаюцца ўверх па памерах, што надае ім моцную стэрыяскапічную перспектыву і зрокава робіць яшчэ больш высокімі і ўзнёслымі. Праёмы вежаў мелі маляўнічы фігурны абрыс, былі скразнымі, што стварала на фоне неба прыгожы карункавы ўзор, рабіла архітэктурнае збудаванне лёгкім і нібыта нематэрыяльным. Гэтую ілюзію ўзмацнялі хвалістыя абрысы планаў і фасадаў будынкаў, вытанчаны ордэрны дэкор, пышныя алтарныя кампазіцыі, якія стваралі неакрэсленыя межы паміж прасторай і масай будаўнічага матэрыялу, чым істотна адрозніваліся ад строгасці і лапідарнасці сармацкага барока папярэдняга часу.
|
|
|