|
|
№
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі
Мастацтва
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
На шляху веры
Проза
Паэзія
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»
Падзея
Алесь ЧОБАТ
МАЛІТВА
|
Усё, як у вершы, так і адбылося. У траўні 1965 года Валодзя Караткевіч наведаў Гародню ўпершыню, прыляцеў самалётам. Чакаў мяне на мосце паміж Старым і Новым замкамі. Я ішла ад Нёмана. Убачыла, што ён ужо чакае, не абыходзіла зігзагам вуліцу, каб падняцца на мост па тратуары, а пабегла стромым насыпам, Валодзя падаў мне руку. Караткевіч прыехаў у Гародню, каб праверыць, ці горад, які ён прыдумаў у кнізе «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» адпавядае таму гораду, які ёсць на самай справе. Аказалася, што два гарады ідэнтычныя. У галаве ў пісьменніка была ўкладзена яго найпрыкраснейшая (яго слаўцо) кніга-прытча ад сівой даўніны з праекцыяй на будучыню – «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Першы раз прыехаўшы ў горад, Валодзя быў экскурсаводам, я побач ішла, каб ён меў каму апавядаць пра гэты горад тое, пра што будзе неўзабаве пісаць. Мы пачалі агляд з замка Вітаўта, ад магутных муроў якога Валодзя быў у захапленні. Ён пералез на той зарослы дзікім бур’яном бок, куды ніхто не пералазіў, хіба хлопчыкі-падлеткі, і разглядаў гэтыя пласты з каменняў і цаглінаў. Прабраліся мы ў самы востры кут старажытнай агароджы, і адтуль ён убачыў Каложу, ці Барысаглебскую царкву XII стагоддзя. Да Каложы мы ўзыходзілі напрасткі, па каменных утравелых крутых, зігзагамі, сходах, якія ў многіх месцах абрываліся, трэба было ўзбірацца па кустоўі. Каля Каложы стаяў домік, у якім старожка трымала ключы ад брамы і ад дзвярэй. Валодзя з ёю хутка дамовіўся, і яна ўпусціла нас на дзядзінец, дзе мы пагладзілі адшліфаванае каменне і маёлікавыя пліткі, а ў самім храме Валодзя праверыў, «ці голасна». Знік у алтарнай частцы і з’явіўся высока злева каля акна-байніцы. Заспяваў вядомую ўсім песню «Ой, сівы конь бяжыць…» У кіно па кнізе «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Валодзя выконвае маленькую ролю і спявае зусім іншую старажытную, але, думаю, створаную ім самім песню… Ён мяне ўгаварыў падняцца па той лесвіцы да яго, па стромай, цеснай, дзе не ўсе каменныя сходкі захаваліся. Мы правялі каля Каложы добры кавалак часу. У музей, які тады знаходзіўся ў Старым замку, Караткевіч ісці не захацеў (думаю, што не хацеў сустракацца з людзьмі), ну а ў Новым замку знаходзіўся абкам партыі, і мы крыху паразглядалі яго з таго прыгожага ўнутранага двара. Калі мы выйшлі з Замкавай вуліцы на пляц Сцяпана Батуры, то я ўбачыла, што дзверы фары адчынены. Днём іх рэдка адчынялі, у касцёле не было ксяндза, але па вечарах вернікі маліліся, іграў арган. Я любіла патрапіць у фару Францішка Ксавэрыя і памаўчаць у кантэмпляцыі, калі там было адзін-два ціхія чалавекі, акрамя святых. Валодзя хадзіў па касцёле сам, разглядаў фрэскі і нават знайшоў аўтограф Ч’епала, італьянскага мастака, чаго, мусіць, быць не можа. Мы абышлі ўвесь кляштар езуітаў, які займае ў самым цэнтры горада квартал. Асабліва спадабалася тая сцяна, што па вуліцы Гараднічанскай (тады яна называлася вуліцай Энгельса), — Валодзя абдымаўся з гэтай запыленай, пафарбаванай ружовым брудным колерам, але сярэднявечнай, сапраўднай сцяной… Адарваўся ад яе і кажа: «Калі мяне выберуць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, я пабудую вялікі празрысты купал і схаваю гэты горад ад вятроў і розных катаклізмаў, гэты горад мне патрэбны, каб ратаваць беларускі народ…» Цікава, ці ў яго гэта вырвалася спантанна, ці ён сапраўды марыў стаць прэзідэнтам?.. Пасля мы яшчэ аглядзелі драўляны лямус у зачыненым кляштары брыгітак, дзе была бальніца для душэўнахворых, тады прайшліся па Дамініканскай на пляц Тызенгаўза. Тут Валодзя спытаў: «А дзе ў Гародні вуліца Цёткі?» Я ўжо была стомленая, а вуліца Цёткі знаходзіцца аж каля лесу, але мы дайшлі туды пешкі. А там развіталіся. Мне трэба было вяртацца дадому, а ў Валодзі была нейкая таямнічая сустрэча. У чэрвені ці праз месяц пасля таго я атрымала ад Караткевіча ліст, у якім быў толькі аўтограф верша «Каложа» з прысвячэннем Дануце Бічэль.
Тую эмацыйную карціну захаплення колерамі маёлікавых плітак і плінфы-цаглінаў мураванай сцяны Каложы я не прачытала. Пасля таго як я напісала верш «Каложа», ды і таму, што стала жыву ў Гародні, мне з такой жа назвай прысвяціла верш Ларыса Геніюш, таксама вельмі прыгожы, і шмат хто яшчэ, можна ўкласці маленькую анталогію з назвай «Каложа», але першае месца належыць вершу Валодзі Караткевіча, які высока ўзняў вобраз жанчыны з дзіцём на руках. У савецкія часы абласныя камітэты камсамола праводзілі творчыя семінары моладзі, каб уплываць гэткім чынам на культуру. У канцы 70-х на такі семінар у якасці кансультанта прыехаў Караткевіч. Ён падрабязна тлумачыў, як нельга пісаць вершы на лірыцы кахання Людмілы Цыхун, і паміж імі завязалася дасціпная перапалка. На заканчэнне семінара камсамольская кіраўнічка павезла гасцей у Скідаль, але ў зале не сабраліся аматары беларускай паэзіі. Клубныя работнікі пайшлі збіраць хоць якіх слухачоў, а пісьменнікі чакалі ў пакоі з дашчатым сталом, весялілі сябе анекдотамі, асабліва Аляксей Карпюк. Вечар адбыўся. Пасля была вячэра. Караткевіч знаходзіўся ў цэнтры ўвагі, каля яго сядзела камсамолка, яны размаўлялі і пачалі спрачацца. Каб паказаць, што ён рыцар, з дзяўчатамі не спрачаецца, ён пацалаваў яе ў вусны. Усё застолле замоўкла. Дзяўчына перастала з ім спрачацца. У кампаніі Караткевіча ніхто не меў ніякіх шанцаў на ўвагу, бо яна была скіраваная на яго, і ад гэтага ён яшчэ больш квітнеў і сыпаў жартамі. Васіль Быкаў у Скідалі сказаў: «Ёсць людзі, якім не трэба асабліва і надрывацца, усё ім даў Бог і продкі – ад пачуцця гумару да знешнасці. Караткевіч – беларус з крыві і касці, не згоршаны ніякімі балтамі, што валасы, што вочы, што рысы твару, што постаць…» Валасы яго былі русыя з адценнем дыму. Вочы… «не адзінакія — адно, як вада, светлае, другое – як жалудок», – так жартавала Ганна Чарнушка з валасоў і вачэй Васіля Дзятліка ў рамане Малежа «Людзі на балоце». То Мележ свайго Дзятліка стварыў на падабенства Караткевіча. Постаць у Караткевіча была і стройная, і ўся перакасабочаная. Апісаць яго постаць у мяне бракуе таленту. Але Валодзя Караткевіч быў самы прыгожы беларус ад пачатку гісторыі да сканчэння, да апошняга беларуса. Вы, напэўна, чулі розныя гаворкі пра хваробы Валодзі Караткевіча, ды ён і сам аб сваіх хваробах любіў паразмаўляць гэтак жа, як і пра грыбны суп, на які ён запрашаў заўсёды. Лекар санаторыя «Беларусь» у Друсгеніках Міхал Адамін мне растлумачыў Валодзеву хваробу, а я тлумачу ўсім. Гэта хвароба – праца пісьменіка. Яна хранічная. Ад яе нельга вылечыцца, вызваліцца, адпачыць. Калі Караткевіч уваходзіў у сюжэт кнігі, у вобразы герояў, у самога сябе, ён блытаў дзень і ноч, рэальнасць і фантазію, блытаў мінулы час, у якім жылі яго героі, з тым часам, у якім знаходзіўся сам, — так нараджаліся яго кнігі на мяжы містыкі… Ратунку не было. Адамін казаў, што ў санаторыі для таго, каб Караткевіч не адразу засядаў за творчую працу, яны прыдумвалі розныя прычыны, напрыклад, што няма стала, каб хоць дзень-два даць яму адпачыць, таму што надта яны, лекары санаторыя, любілі кнігі Караткевіча і любілі аўтара, але не прывыклі, каб пад іх апекай чалавек так мардаваў сябе працай. Калі мой муж Эрык Загнетаў лячыўся ў 9-й клінічнай бальніцы ў Менску, там ён сустракаў Валодзю Караткевіча. Калі Валодзя трапляў у бальніцу, там парушаўся рэжым – медсёстры праводзілі шмат часу каля палаты Караткевіча, які сядзеў на ложку, падкурчыўшы ногі і апавядаў вясёлыя гісторыі. Ён вельмі любіў людзей, асабліва жанчын. Цалаваў жанчынам рукі і станавіўся на калені. Аднойчы мы сустрэліся ў Менску выпадкова, на пляцы. Ішоў дождж. Было мокра. А ён стаў на калені непадалёк ад натоўпу на аўтобусным прыпынку... На пісьменніцкіх з’ездах прыемна было з ім паціху паразмаўляць у зале. Але ён вельмі крыўдзіўся, калі пра яго творы пачыналі мусоліць розныя пустыя бездары. Я назірала адну такую сцэну яшчэ тады, калі Саюз пісьменнікаў мясціўся ў доме, «дзе гаўляйтэр Кубэ прыняў бясслаўны свой канец...» Нехта з крытыкаў сказаў, што Караткевіч не ўмее пісаць пра каханне. Валодзя ўскочыў з месца, выбег у фае і там гучна крычаў... Шмат дзяўчат і жанчын сумавалі па Валодзю Караткевічу. Але многія яго падводзілі, здраджвалі яму. Ажаніўся ён позна. Жонку Валю спаткаў на літаратурным вечары ў Брэсцкім педінстытуце. Вечар удаўся, Валодзя меў там поспех. Усе яго слухалі. А Валя сядзела на першым радзе і чытала кнігу. Ён падышоў у канцы вечара да яе і спытаў: «Што гэта Вы так чытаеце?» Яна чытала яго кнігу. У Караткевічаў у гасцях я была ў 1982 годзе 6 ліпеня. Зайшла, а Валодзя на канапе гладзіць плюшавых звяркоў. Гэтак, як раней малы мой сын, кажа: «Які я нешчаслівы, у мяне няма сабак». Я прыехала ў Менск, каб 7 ліпеня з пісьменнікамі паехаць у Вязынку на 100-годдзе Янкі Купалы. Мы ў Караткевічаў гаварылі пра Купалу ўвесь вечар. Валодзя быў вясёлы. А пасля мне сказалі нашы знаёмыя, што іх за дзень да таго абрабавалі: скралі старажытны абраз, Валіны ўпрыгожванні і партыйны білет, яна чакала непрыемнасцяў на працы. Першы раз я ўбачыла Валодзю ў тым нашым Доме пісьменнікаў на сходзе. Крытык Ларчанка абмяркоўваў мае вершы. Крытыкаваў іх. З сярэдзіны залы падняўся юнак з доўгай шыяй, пад пахай у яго была тоўстая вялікая цёмная кніга, ад чаго рукаво піджака ўзнялося да локця, другой такой жа доўгай рукой ён памахаў мне... На першым курсе мае каляжанкі напісалі Караткевічу ліст, у якім выказвалі захапленне яго вершамі. Адказ Валодзя напісаў мне. Гэта было ўвесну 1958 года. Беларусы ў другой палове XX стагоддзя знаходзіліся ў добрай стваральнай аўры твораў Валодзі Караткевіча, таму вытрывалі навалу савецкасці. Гэтыя савецкія монстры не загубілі хоць тую частку беларускай эліты, якая не развучылася чытаць кнігі, але чытанне Караткевічавых свежанадрукаваных гісторыяў, легендаў з фантастычным элементам адбывалася на эмацыйным узроўні, крыху павярхоўна. А Валодзя Караткевіч, адзіны беларускі аўтар, які працаваў не на славу сваю, а каб ратаваць народ ад летаргічнага сну, ад нечага нас перасцерагаў, бараніў беларусаў ад саміх сябе, а мы гэтага не расшыфравалі. Вось перачытаем уважліва кнігі Караткевіча, узнімемся з каленяў і ператворымся ў прыгожых людзей – птахаў, як у легендзе пра старца і пра белы скіт...
|
|
|