Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Кс. Пётр БАЙГЕР

РАЗАМ З МАРЫЯЙ
СУЗІРАЦЬ АБЛІЧЧА ХРЫСТА

Святы Айцец Ян Павел ІІ, які напісаў энцыкліку пра Эўхарыстыю, хацеў, каб яна стала дапаўненнем да спадчыны вялікага юбілею хрысціянства, перададзенай Касцёлу ў Апостальскім лісце «Novo millennio ineunte», а таксама ў яго марыйным увянчанні — Апостальскім лісце «Rosarium Virginis Mariae».

На пачатку трэцяга тысячагоддзя Ян Павел ІІ прапанаваў праграму, галоўнай рэкамендацыяй якой з’яўляецца сузіранне — кантэмпляцыя — аблічча Хрыста. Дзякуючы гэтай кантэмпляцыі аблічча Хрыста ў Касцёле павінен з’явіцца энтузіязм новай евангелізацыі, а перадусім — жаданне выплыць на глыбіню духоўнага жыцця, імкненне да такога з’яднання з Богам, якое перамяняе і якое нараджаецца з адкрыцця міласэрнага Аблічча Бога-Айца.

Сузіраючы Хрыста, мы вучымся распазнаваць Яго, дзе б Ён ні аб’явіўся, у Яго Слове, у падзеях штодзённасці альбо ў іншым чалавеку. Ян Павел ІІ заахвочвае нас да кантэмпляцыі аблічча Хрыста «ў школе Яго Найсвяцейшай Маці і разам з Ёю»1, бо заклік да ружанцовай малітвы — гэта нішто іншае як заклік да сузірання разам з Марыяй аблічча Хрыста.

Гэты заклік да распазнавання Хрыста ў школе Марыі — а дакладней, калі мы «абіраем зыходным пунктам марыйную перспектыву»2 — вынікае з глыбокай перакананасці ў тым, што «Марыя — недасягальны ўзор кантэмпляцыі Хрыста. Яе адносіны да Аблічча Сына вынікаюць з Яе асаблівага права. Гэта ва ўлонні Марыі яно сфармавалася і ад Яе прыняло чалавечае падабенства, якое, несумненна, указвае на яшчэ большую духоўную блізкасць Маці і Сына. Ніхто так, як Марыя, не ўзіраўся гэтак шчыра ў Хрыстовае аблічча. Вочы Яе сэрца ў пэўным сэнсе засяродзіліся на Ім ужо ў хвіліну Звеставання, калі зачала Яго ад Духа Святога; у наступныя месяцы Марыя пачала адчуваць Яго прысутнасць і ўяўляць Ягоныя рысы. Калі ўрэшце Яна нарадзіла Яго ў Бэтлееме, Яе цялесныя вочы таксама з пяшчотаю былі скіраваныя на аблічча Сына, якога „спавіла і паклала ў яслі“ (пар. Лк 2, 7)»3. Ян Павел ІІ быў перакананы, што ў школе Марыі мы духоўна запалаем той самай любоўю да Хрыста, якую сама Марыя адчувае да свайго Сына.

Энцыкліка «Ecclesia de Eucharistia» была абвешчана ў год Ружанца, бо менавіта праз Ружанец хрысціянскі народ як бы ўваходзіць у школу Марыі, дзе пачынае вучыцца сузіраць прыгажосць аблічча Хрыста і спазнаваць глыбіню Яго любові да кожнага з нас.

Асаблівым месцам аб’яўлення аблічча Хрыста з’яўляецца сакрамэнт Яго Цела і Яго Крыві. «Касцёл жыве дзякуючы Хрысту Эўхарыстычнаму, Ім жывіцца, з Яго чэрпае святло. (...) Калі Касцёл здзяйсняе Эўхарыстыю, вернікі могуць пэўным чынам нанава перажываць досвед двух вучняў з Эмауса: „І тады расплюшчыліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго“ (Лк 24, 31)»4.

Ведаем, як цяжка нам распазнаць жывога Хрыста ў Эўхарыстыі — у самым важным месцы, дзе Ён аб’яўляе сваю прысутнасць, — таму Ян Павел ІІ заахвочваў нас выкарыстаць дапамогу Марыі — «Жанчыны Эўхарыстыі»5.

 
Сувязь Марыі з Эўхарыстыяй

Найсвяцейшая Дзева ўсім сваім жыццём уцелаўляла таямніцу Эўхарыстыі. «Касцёл, гледзячы на Марыю як на свой Узор, закліканы наследаваць Яе таксама і ў адносінах да Найсвяцейшай Таямніцы»6. Эўхарыстычны Хлеб, які мы прымаем, з’яўляецца беззаганным целам Яе Сына.

Марыя можа весці нас да гэтага Найсвяцейшага Сакрамэнта, бо Яна з Ім глыбока звязана. Па Яе ініцыятыве ў Кане Галілейскай Хрыстус здзейсніў свой першы цуд — перамяніў ваду ў віно. Паводле інтэрпрэтацыі хрысціянскіх аўтараў, цуд у Кане Галілейскай мае глыбокі эўхарыстычны сэнс. Езус здзяйсняе гэты цуд напярэдадні свята юдэйскай пасхі (пар. Ян 2, 13) — як і цуд размнажэння хлябоў (пар. Ян 6, 4) — і такім чынам аб’яўляе свой намер падрыхтаваць сапраўдную пасхальную вячэру — Эўхарыстыю. Падчас вяселля ў Кане на гэты намер, напэўна, указвае віно, якое з’яўляецца своеасаблівым правобразам крыві Новага Запавету, а таксама кантэкст урачыстай вячэры7. Такім чынам Марыя, дзякуючы якой Езус прысутнічаў на вяселлі, указвае на цуд новага віна — прадвесця Эўхарыстыі.

Першы цуд Езуса стаў магчымым дзякуючы нязломнай веры Марыі, якая звярнулася па дапамогу да свайго Сына. Выбар Марыі ўказвае на адвагу Яе веры, бо да гэтага часу Езус не чыніў ніякіх цудаў. Марыя спадзяецца на яшчэ нераскрытую моц Сына і падштурхоўвае Яго ўчыніць «першы знак» — цудоўнае перамяненне вады ў віно8.

Нястомнае заступніцтва Маці Божай падбадзёрвае ўсіх, хто часам перажывае «маўчанне Бога», асабліва падчас свайго ўдзелу ў Эўхарыстыі. Заступніцтва Марыі заахвочвае нас верыць у прысутнасць Хрыста ў постацях Віна і Хлеба, нават калі мы не здольныя ў гэтую хвіліну адкрыць Яго моц і любоў.

Прысутнасць Хрыста ў эўхарыстычных постацях — гэта таямніца веры, якая пераўзыходзіць наш розум. Святы Тамаш Аквінскі кажа, што дзейснасць Ахвяры Хрыста звязана з нашай верай, таму ніхто лепш за Марыю не можа аказаць нам падтрымку і навучыць нас падпарадкоўваць розум словам Хрыста, якія Ён прамовіў падчас Апошняй Вячэры: «Гэта Цела Маё (...). Гэта Кроў Мая». «З матчыным клопатам, які Яна праявіла падчас вяселля ў Кане, Марыя нібы кажа нам: „Не сумнявайцеся, даверцеся слову майго Сына. Ён, які змог перамяніць ваду ў віно, мае моц учыніць з хлеба і віна сваё Цела і сваю Кроў, ахвяруючы вернікам у гэтай таямніцы жывую памяць сваёй Пасхі, каб такім чынам учыніць з Сябе „хлеб жыцця“»9.

 
Чаканне Эўхарыстыі

Практычнай праявай веры ў прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі з’яўляецца пастава чакання Эўхарыстыі. Галоўнае тут — вера ў любоў Езуса, які заўсёды нас чакае. Важна, каб мы паверылі, што Езус сапраўды прагне прыйсці ў нашае сэрца, што прагне здзяйснення Эўхарыстыі, што чакае нашай Камуніі, бо хоча праз Найсвяцейшы Сакрамэнт — галоўную крыніцу ласкаў — цалкам аддаць сябе нам.

Святы Францішак Сальскі стараўся на працягу ўсяго дня рыхтавацца да святой Імшы так, каб на пытанне «што ты робіш?» мог адказаць, што рыхтуецца да Эўхарыстычнай Ахвяры. Вельмі важна, каб у нас узрастала вера ў любоў Бога, вера ў тое, што Ён сапраўды прагне прыходзіць да нас у Эўхарыстыі. Калі мы паверым у любоў Езуса, у тое, што Ён чакае нас, тады, як адказ на такую веру, у нас павінна з’явіцца жаданне і прага Эўхарыстыі, нясцерпнае жаданне, каб Ён прыйшоў.

Калі мы цалкам паверым у бязмежную любоў Езуса, калі адкрыем Яго пакутлівае чаканне нас пры Эўхарыстычным Стале, тады ўжо не зможам жыць без Эўхарыстыі. Тады з’явіцца ў нас прага Эўхарыстыі, гарачае жаданне сустрэчы з Панам, а калі ёсць прага Эўхарыстыі, няма ўжо месца для руціны.

Аднак гэта адбудзецца не само па сабе, але па меры нашага ўнутранага жадання, па меры нашага адкрыцця на гэтую глыбокую Таямніцу і найвялікшы Дар. Хрыстус, які хоча ў святой Імшы цалкам заглыбіць нас у сваю Збаўчую Ахвяру, настолькі ачышчае нас і перамяняе, наколькі моцна мы гэтага чакаем. Такім чынам, наш удзел у Найсвяцейшай Ахвяры павінен быць злучаны з нястомнай малітвай чакання сустрэчы з Хрыстом у святой Імшы — толькі тады можна гаварыць пра жыццё Эўхарыстыяй.

Трэба, каб жыццё Эўхарыстыяй станавілася галоўнай праграмай нашага духоўнага жыцця, праграмай, якая абумоўлівае рытм кожнага дня, цэнтрам нашай штодзённасці. Як у біялагічным рытме мы распачынаем дзень, калі прачынаемся, і заканчваем, калі засынаем, так для веруючых людзей пачаткам дня ў духоўным сэнсе павінен быць удзел у святой Імшы. Час пасля яе заканчэння, у тым ліку ноч, калі перад сном мы ўзбудзім такую інтэнцыю, павінен быць для нас часам чакання чарговай святой Імшы і яе плёну.

 
Парадак святой Імшы

Давайце падумаем: як у школе Марыі мы можам вучыцца перажываць паасобныя часткі святой Імшы, якой мы павінны чакаць цэлы дзень?

Абрады святой Імшы складаюцца з дзвюх галоўных частак — з Літургіі слова Божага і з Эўхарыстычнай літургіі.

Літургіі слова папярэднічаюць уступныя абрады, а пасля Эўхарыстычнай літургіі ідуць абрады заканчэння. Уступныя абрады — гэта спеў і працэсія на ўваход, прывітанне, чын пакаяння і малітва дня, калекта. Літургія слова складаецца з біблійных чытанняў, гаміліі і агульнай малітвы вернікаў. Эўхарыстычную літургію ўтвараюць тры галоўныя часткі: падрыхтоўка дароў, вялікая малітва падзякі і ахвярны вячэрнік — святая Камунія. Да абрадаў заканчэння адносіцца развітанне з сабранымі вернікамі, благаслаўленне і рассыланне.

Для нашых разважанняў акрэслім спрошчаную схему парадку святой Імшы, якую нам лягчэй запомніць і якою прасцей карыстацца ў штодзённым жыцці. Мы часта карыстаемся ёю, калі рыхтуем песні да святой Імшы. Вось гэтая схема: чын пакаяння, Літургія слова, ахвяраванне, святая Камунія, падзяка, рассыланне.

 
Чын пакаяння

Марыя вучыць нас, якой павінна быць наша пастава на самым пачатку святой Імшы, калі святар заклікае нас вызнаць перад Богам нашыя грахі. Падказку Марыі мы можам знайсці ў наступных Яе словах: «Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў» (Лк 1, 51–53).

Праз такое разуменне гісторыі Марыя дапамагае нам адкрыць прынцыпы таямнічага Божага дзеяння. Бог дзейнічае насуперак логіцы гэтага свету: Ён прыходзіць на дапамогу ўбогім і нікчэмным, але выступае супраць багатых і моцных. Зусім нечакана — насычае дабротамі пакорных, якія давяраюць Яму сваё жыццё. Гэтыя словы дазваляюць зразумець, што ласку Божую атрымліваюць перадусім людзі, пакорныя сэрцам10.

Мы павінны асабліва клапаціцца пра пакору сэрца на пачатку святой Імшы. Кожны з нас у гэты момант павінен мець перад вачыма свае штодзённыя грахі, недасканаласці, занядбанні. Марыя пераконвае нас у тым, што менавіта ў такім стане мы адкрытыя на прыняцце дароў, якія нясуць з сабой Літургія слова і Эўхарыстычная літургія.

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла так гаворыцца пра ўдзел у Эўхарыстыі: «Перад веліччу гэтага сакрамэнта хрысціянін можа толькі з пакораю і гарачай верай паўтарыць словы сотніка: „... Пане, я не варты, каб Ты прыйшоў да мяне, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлена душа мая“»11.

Марыя паказвае нам, што падставай для прыняцця намі ласкаў, якія дае Эўхарыстыя, з’яўляецца пачуццё ўласнай слабасці, нашай схільнасці да зла. У такім стане духу святая Імша будзе для нас лякарствам, якое можа перамяняць і аздараўляць нашу душу. А калі мы ўдзельнічаем у святой Імшы ў стане пыхі, то Бог нас «ні з чым адпраўляе» (пар. Лк 1, 53), і ні адна з ласкаў, заслужаных праз Крыжовую Ахвяру Хрыста, не можа ўкараніцца ў нашай душы.

Вось як святы Амброзій піша пра неабходнасць адчування ўласнай грэшнасці на святой Імшы: «„Бо кожны раз, калі спажываеце гэты хлеб і п’еце з гэтага келіха, смерць Пана абвяшчаеце“ (1 Кар 11, 26). Калі мы абвяшчаем смерць, то адначасова і адпушчэнне грахоў. Калі кожны раз Кроў праліваецца дзеля адпушчэння грахоў, то я павінен заўсёды яе прымаць, каб яна пастаянна адпускала мае грахі. Паколькі я пастаянна грашу, то мне пастаянна патрэбна лякарства».

Вера дазволіць нам убачыць, што нашыя рукі і вусны, якія прымаюць Езуса, заўсёды брудныя, нават і тады, калі мы прабываем у стане асвячальнай ласкі, бо грэшнікамі мы з’яўляемся заўсёды: мы прымаем Езуса вуснамі, якія могуць забіваць словам, бо часта нашыя словы замест таго, каб благаслаўляць, раняць, з’яўляюцца крыніцаю зла і няшчасця. І вось гэтыя грэшныя вусны сутыкаюцца з найвышэйшай святасцю Бога, і тады мы пазнаём таямніцу таго, што тэалогія акрэслівае словам «кеносіс». Эўхарыстыя — гэта кеносіс, гэта значыць знішчальнае прыніжэнне Богачалавекам сябе самога, бо Яго найвялікшая святасць сутыкаецца з нашай грэшнасцю і нашай нягоднасцю.

Аднак гэта не азначае, што мы павінны пазбягаць Эўхарыстыі, бо чым часцей мы будзем да Яе прыступаць, тым больш годнымі будзем прымаць Езуса. Езус з любоўю чакае нас, Ён хоча прыходзіць да нас, каб перамяняць нас, каб асвячаць нас, каб мы станавіліся ўсё больш годнымі Яго прыйсця. Святы Ян Апостал сказаў: «Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (1 Ян 1, 8). Усе мы з’яўляемся грэшнікамі, і ўсе не вартыя прымаць Езуса. Гэты бруд, гэтую праказу граху, праказу эгаізму Эўхарыстыя будзе выдаляць з нашых вуснаў, з нашых сэрцаў і з нашых душаў. Езус так моцна гэтага жадае, што хоча, каб гэта адбывалася нават коштам Яго такога вялікага знішчальнага прыніжэння, коштам Яго кеносіса.

Святы Людвік Марыя Грыньён дэ Манфор раіць запрашаць Марыю да нашага ўдзелу ў Эхарыстыі. Тыя, каму цяжка прызнаць патрэбу і значэнне марыйнага шляху да Хрыста, лічаць, што паміж намі і Хрыстом не можа стаяць Марыя, бо Яна заслоніць сабою Езуса. Аднак у святле веры — у святле пазнання Божай святасці і сваёй вялікай нягоднасці, сваёй грэшнасці — мы бачым, што сітуацыя адваротная. Калі мы просім, каб Марыя стала паміж намі і Хрыстом, мы становімся бліжэй да Хрыста. Яна, становячыся паміж намі і Хрыстом, выбаўляе Яго ад кеносіса, ад Яго знішчальнага самапрыніжэння. Толькі Яе далоні не брудныя, яны заўсёды былі беззаганныя — адзіныя чыстыя і беззаганныя чалавечыя рукі і адзіныя чыстыя чалавечыя вусны, годныя Цела Пана.

 
Літургія слова

Чын пакаяння падрыхтоўвае нас да кантэмпляцыі аблічча Хрыста ў словах імшальных чытанняў. Наша стаўленне да чытанага Слова Божага можа быць дваякім: аб’ектыўным альбо суб’ектыўным. Калі, слухаючы чытаннi Святога Пісання, мы збіраемся паглыбіць нашыя рэлігійныя веды, хочам знайсці адказ на пытанне, якое нас цікавіць, альбо рашэнне якой-небудзь тэарэтычнай праблемы, то ў нас узнікае аб’ектыўнае стаўленне да Слова Божага. Такі падыход не дазваляе нам прыняць дар навяртання, што паходзіць са Слова Божага. Мы не можам тады вучыцца глядзець з вераю на ўсе падзеі нашага жыцця.

Нашыя асабістыя адносіны да Боганатхнёнага і аб’яўленага тэксту, якім ёсць Святое Пісанне, павінны быць найперш адносінамі суб’ектыўнымі, таму што Святое Пісанне — гэта не «штосьці», а найперш «Хтосьці». Хрыстус, які найпаўней застаецца з намі ў Эўхарыстыі, таксама прысутнічае і жыве — хоць і іншым чынам — у Святым Пісанні. На старонках Святога Пісання мы сустракаемся з жывым і сапраўдным Хрыстом праз дар веры, якая дадзена нам Ім самім.

Прысутнасць кожнай асобы стварае сферу ўздзеяння, што не ўласціва рэчам. Толькі сустрэча з асобаю з’яўляецца сустрэчаю з прысутнасцю і тым самым — уваходам у сферу ўздзеяння, такога, якога мы чакаем альбо непажаданага для нас. Святое Пісанне — гэта «Хтосьці», гэта прысутнасць Бога. Слухаючы Яго, мы ўваходзім у сферу менавіта гэтай Прысутнасці.

Кантакт са Словам Божым павінен прыводзіць да ўнутранага навяртання — і гэта яго самая галоўная мэта. Таму мы павінны чытаць і слухаць Святое Пісанне не для задавальнення сваёй цікаўнасці, набыцця ведаў ці дзеля таго, каб вырашыць нейкую праблему, якая мучыць нас, хоць часам і гэта бывае патрэбна. Гэтай формай кантакту з Панам мы павінны карыстацца, спадзеючыся на тое, што Ён адорыць нас ласкай навяртання. Калі мы ўвойдзем у асабістыя зносіны з Хрыстом, прысутным у Боганатхнёным тэксце, гэты тэкст прасякне нас. Мы пачнем услухоўвацца ў Слова Божае, паглыбімся ў думкі і жаданні Езуса, мы пачнем усё лепш пазнаваць Яго. Гэтае ўслухоўванне ў Божае Слова будзе ўплываць на наш жыццёвы выбар і на ўсе нашы рашэнні. Нам захочацца, каб яны адпавядалі Яго вучэнню і Яго жаданням.

Недасяжным прыкладам кантакту з Хрыстом праз Яго словы з’яўляецца для нас Марыя. Як сведчыць Евангелле, Марыя мела магчымасць слухаць Сына, галоўным чынам, у Капэрнаўме, куды Езус накіраваўся пасля вяселля ў Кане Галілейскай разам з «Маці Яго, і братамі Яго, і вучнямі Яго» (Ян 2, 12). Яна, хутчэй за ўсё, суправаджала Яго ў дарозе да ерузалемскай святыні на свята пасхі. Далей мы бачым Марыю ў натоўпе, калі — не могучы, праўда, наблізіцца да Езуса — Яна чуе, як Ён адказвае некаму, хто паведаміў Яму пра прысутнасць Яго Маці і радні: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае Яго» (Лк 8, 21).

У гэтых словах Хрыста, хоць яны, як здаецца, сведчаць пра адносную каштоўнасць сямейных повязяў, гучыць вялікая пахвала ў адрас Маці, яны паказваюць больш глыбокую сувязь з Ёю. Бо Марыя, услухоўваючыся ў словы Сына, прымае іх усе і верна ажыццяўляе12.

Такім чынам Дзева Марыя становіцца прыкладам для тых, хто прымае слова Хрыста. Марыя, якая ад самага Звеставання верыць у Божае пасланне і якая цалкам звязана з Асобаю Сына, вучыць нас з даверам прыслухоўвацца да Збаўцы, каб адкрыць у Ім Слова Божае, якое перамяняе і аднаўляе нашае жыццё13.

Услед за французскім філосафам і тэолагам Жанам Гітонам («La Vierge Marie») Найсвяцейшую Панну Марыю трэба было б назваць Дзеваю Разважання (Virgo Meditans). Пра тое, наколькі Марыя жыла Святым Пісаннем, сведчаць словы Яе гімна «Magnificat». Гэты гімн — сведчанне малітвы, якая абапіраецца на Слова Божае. Для Марыі Святое Пісанне было пасілкам і крыніцаю малітвы.

Таму, калі слухаем Слова Божае, мы павінны таксама, як Марыя, убіраць у сябе думкі і жаданні Хрыста, каб пазней жыць імі. Мы павінны цалкам і да канца браць прыклад з Марыі, павінны адкрыцца на вялікую Хрыстову справу фармавання кожнага з нас па Яго падабенстве.

Святое Пісанне павінна стаць для нас месцам сустрэчы з Тым, Хто да канца палюбіў нас і прагне таксама і ў нас сфармаваць Сваё Аблічча — так, як учыніў гэта ў сваёй умілаванай Маці.

 
Ахвяраванне

Цэнтрам Эўхарыстычнай літургіі з’яўляецца актуалізацыя на алтары бяскроўным чынам Крыжовай Ахвяры. Папа Ян Павел ІІ падкрэслівае, што на працягу ўсяго свайго жыцця побач з Хрыстом — а не толькі на Галгофе — Марыя перажывала «ахвярнае вымярэнне Эўхарыстыі». Такім чынам Яна можа вучыць нас належнаму і плённаму ўдзелу ў Эўхарыстычнай літургіі.

Адным з першых момантаў ахвяры Марыі было прынясенне Дзіцяці Езуса ў святыню ў Ерузалеме, «каб [Яго] прадставіць перад Панам» (Лк 2, 22). У гэтым Яе ўчынку мы можам вучыцца ад Марыі, што ахвяра — гэта праяўленне паслухмянасці Богу. Сваім прыходам у святыню Марыя і Юзаф адмаўляюцца ад усялякіх прывілеяў. Яны прымаюць рашэнне верна захоўваць паслухмянасць волі Бога, выказанай у наказах Старога Запавету, які патрабаваў ачышчэння жанчыны пасля нараджэння дзіцяці14.

Тое, што Марыя перажыла, калі дванаццацігадовы Езус застаўся ў святыні, не папярэдзіўшы пра свой намер, увяло Яе ў таямніцу цярпення, якое становіцца шляхам да радасці15.

Гэтыя падзеі з жыцця Езуса — падзеі, якія маюць рысы ахвяры, дзень за днём, ажно да падзеяў на Галгофе, з’яўляюцца для Марыі як бы «прадугадваннем Эўхарыстыі», можна сказаць, «духоўнай Камуніяй» прагі і ахвяры, якая споўніцца ў Яе паяднанні з Сынам падчас мукі. Таксама як і потым, калі апосталы будуць цэлебраваць Эўхарыстыю, «успамін» мукі Езуса на Крыжы16.

Марыя паказвае нам, што вынікам перажывання Крыжовай Ахвяры Яе Сына павінны стаць у штодзённым жыцці адвага, мужнасць і надзея. Святы Ян Багаслоў адзначае, што «стаялі каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена» (Ян 19, 25). Ужываючы дзеяслоў «стаяць», які даслоўна азначае «стаяць на нагах», евангеліст, напэўна, хацеў адзначыць годнасць і мужнасць, праяўленыя Марыяй і астатнімі жанчынамі ў цярпенні.

Тое, што Дзева Марыя «стаяла» побач з крыжам, сведчыць пра Яе нязломнасць і незвычайную адвагу, якія Яна праяўляе перад абліччам цярпення. Абразлівым знявагам, скіраваным на ўкрыжаванага Месію, Яна супрацьпастаўляе сваю пакорлівасць і прабачэнне, падзяляючы ўнутраную паставу Езуса і далучаючыся да Яго просьбы, з якою Ён звяртаецца да Айца: «Прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). У надзеі Марыі, што стаіць каля крыжа, тоіцца святло, мацнейшае за цемру, якая пануе ў многіх сэрцах. Перад абліччам ахвяры Адкупіцеля ў Марыі нараджаецца надзея Касцёла і чалавецтва17.

 
Святая Камунія

Папа Ян Павел ІІ заклікае нас у энцыкліцы, прысвечанай Эўхарыстыі, каб мы разам з Марыяй перажывалі таксама момант святой Камуніі. Ён звяртае ўвагу на тое, што Марыя выказала сваю «эўхарыстычную веру» яшчэ да таго, як Эўхарыстыя была ўстаноўлена — праз ахвяраванне свайго дзявочага ўлоння, каб магло здзейсніцца Уцелаўленне Божага Слова. Пры Звеставанні Марыя зачала Божага Сына фізічна, як цела і кроў. Такім чынам Яна раней учыніла ў сабе тое, што ў пэўнай ступені рэалізуецца, калі мы прымаем у святой Камуніі Цела і Кроў Хрыста ў постацях хлеба і віна18.

Кожны з нас, прымаючы святую Камунію, прамаўляе слова «амэн» як знак веры ў жывую прысутнасць Хрыста ў эўхарыстычных постацях. Мы можам адшукаць тут «глыбокую аналогію» з «fiat», прамоўленым Марыяй. Марыя выказвала сваю веру ў словы арханёла Габрыэля, што Той, якога Яна зачала ад Духа Святога, быў Сынам Божым.

У непарыўнасці з вераю Дзевы Марыі эўхарыстычная таямніца патрабуе ад нас веры на ўзор веры Марыі, што той самы Езус, Сын Божы і Сын Марыі, прыходзіць да нас ва ўсёй сваёй Богачалавечай сутнасці ў постацях хлеба і віна.

Марыя, кажучы «fiat», адмаўлялася ад уласных планаў. Гэтак жа і мы, кажучы «амэн», калі прымаем святую Камунію, павінны чакаць вызвалення ад нашага эгаізму. Калі мы ў школе Марыі вучымся ўдзелу ў Эўхарыстыі, то мы павінны чакаць таго, што святая Камунія ўчыніць нас здольнымі любіць Бога — гэта значыць, ва ўсім спаўняць Яго волю, і любіць бліжняга — гэта значыць, выракацца эгаізму дзеля таго, каб клапаціцца пра тое, што добра і карысна для іншага чалавека.

 
Падзяка

Вельмі важным момантам Эўхарыстыі з’яўляецца падзяка і праслаўленне. Так нас вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла: «Эўхарыстыя, сакрамэнт нашага збаўлення, здзейсненага Хрыстом на крыжы, з’яўляецца таксама ахвяраю праслаўлення і падзякі за справу стварэння. Праз Хрыста Касцёл можа складаць ахвяру праслаўлення і падзякі за ўсё, што Бог учыніў і што ёсць добрае, прыгожае і справядлівае ў стварэнні і ў чалавецтве»19. «Эўхарыстыя — гэта ахвяра падзякі Айцу, праслаўленне, праз якое Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць Богу за ўсе Яго дабрадзействы, за ўсё, што Ён здзейсніў праз стварэнне, адкупленне і асвячэнне. Таму Эўхарыстыя азначае найперш „падзяку“»20.

Удзячнасць вельмі важная для нашага з’яднання з Богам. Паводле святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, «удзячнасць — гэта тое, што найбольш прыцягвае Божыя ласкі; калі мы дзякуем за дабрадзействы, гэта вельмі кранае Бога, і Ён спяшаецца, каб даць нам яшчэ дзесятак новых ласкаў, а калі мы і далей працягваем дзякаваць з такой жа шчырасцю, то якім жа бясконцым будзе гэтае памнажэнне ласкаў!». Да таго ж, калі няма ўдзячнасці, то з’яўляецца яе супрацьлегласць — няўдзячнасць. А яна — як сцвярджае святы Бонавэнтура — «корань усялякага зла. Што адбываецца, калі мы не захоўваем належных адносінаў да Бога? Калі Яго незлічоныя дары прыпісваем самім сабе? Ён, каб не наклікаць на нас яшчэ большую віну марнавання ласкаў, „вымушаны“ абмяжоўваць іх».

Марыя сваёй песняй падзякі і праслаўлення «Magnificat» выхоўвае ў нас удзячнасць Богу. «Эўхарыстыя, як і гімн Марыі, — гэта найперш праслаўленне і падзяка. Калі Марыя ўсклікае: „Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы“, Яна ўжо носіць ва ўлонні Езуса. Праслаўляе Айца „праз“ Езуса, але праслаўляе Яго таксама „ў“ Езусе і „з“ Езусам. Менавіта гэта і ёсць сапраўдная „эўхарыстычная пастава“. Разам з тым Марыя ўспамінае цудоўныя справы, якія Бог здзейсніў у гісторыі Збаўлення згодна з абяцаннем, што даў айцам (пар. Лк 1, 55), абвяшчаючы цуд, які ўсе гэтыя справы пераўзыдзе — збаўчае Уцелаўленне. Калі „Magnificat“ выяўляе духоўнасць Марыі, то нішто лепш за гэтую духоўнасць не дапаможа нам перажываць эўхарыстычную таямніцу. Эўхарыстыя была дадзена нам, каб усё нашае жыццё, гэтаксама, як жыццё Марыі, было адзіным „Magnificat“!»21.

Каб нашае жыццё не было толькі павярхоўнай падзякай, святы Людвік Марыя дае канкрэтную параду: «Пасля святой Камуніі ў глыбокай унутранай засяроджанасці, з прыкрытымі вачыма, увядзі Хрыста Пана ў сэрца Марыі. Аддай Хрыста Ягонай Маці, якая прыме Яго з любоўю, пасадзіць Яго на пачэсным месцы, у глыбокай пакоры і дасканалай любові ўшануе Яго, пяшчотна прытуліць і ў духу і праўдзе складзе Яму пашану так, як мы ў нашай духоўнай слепаце нават уявіць не можам».

 
Рассыланне — дар атрымання Марыі

Святая Імша заканчваецца рассыланнем вернікаў. Мы павінны вярнуцца дадому, на месца працы і адпачынку, каб даваць сведчанне пра Бога. Вельмі часта нас засмучае тое, што мы яшчэ не настолькі дасканалыя, каб даваць сведчанне пра Бога. Нягледзячы на тое, што мы прымаем у святой Камуніі Хрыста, у нас часта здараюцца падзенні. Паводле нашай ацэнкі, рассыланне нас пасля Эўхарыстыі, каб сведчыць пра Бога, проста пераўзыходзіць стан нашай веры.

Ян Павел ІІ нагадвае нам, што святая Імша актуалізуе ўсё тое, што здзейсніў Хрыстус праз сваю муку і смерць на Галгофе. А таму падчас Эўхарыстыі актуалізуюцца словы, сказаныя святому Яну: «Вось Маці твая» (Ян 19, 26-27). Гэтыя словы Хрыстус прамаўляе да кожнага з нас, хто ўдзельнічае ў святой Імшы22. Марыя прысутнічае ў кожнай з нашых эўхарыстычных цэлебрацый як асаблівы дар для нас. Менавіта Яна павінна дапамагчы нам даваць сведчанне пра моц Эўхарыстыі.

«Перажыванне ў Эўхарыстыі ўспаміну смерці Хрыста прадугледжвае таксама пастаяннае прыняцце гэтага дару. Гэта азначае, што — па прыкладзе Яна — мы прымем да сябе Тую, якая кожны раз даецца нам за Маці. Разам з тым гэта азначае, што трэба імкнуцца быць падобнымі да Хрыста ў школе Яго Маці, даючы згоду, каб Яна нам спадарожнічала»23.

Хрыстус, утоены ў Эўхарыстыі, прагне, каб кожны хрысціянін, наследуючы прыклад умілаванага вучня, умеў «прыняць Марыю да сябе», даць Ёй месца ў сваім штодзённым жыцці, прызнаючы Яе ролю, вызначаную Божым Провідам на шляху да збаўлення24.

Паўсюднае мацярынства Марыі — «Жанчыны» з вяселля ў Кане Галілейскай і з Галгофы — нагадвае пра Еву, «маці ўсіх жывых» (Быц 3, 20). Аднак, калі тая Ева прычынілася да распаўсюджання ў свеце граху, новая Ева — Марыя — супрацоўнічае ў збаўчай справе Адкуплення25, таму мы спадзяемся, што ў школе Марыі мы навучымся сведчыць пра моц Эўхарыстыі.

Пра тое, што Марыя можа абуджаць веру ў людскіх душах, сведчыць Яе сустрэча са святою Альжбетаю, вокліч якой выяўляе веру і радасць. Поўны захаплення вокліч Альжбеты з’яўляецца для нас заклікам да таго, каб мы ўмелі цаніць усё тое, што ўносіць прысутнасць Марыі ў жыццё кожнага верніка. Наведваючы маці Яна Хрысціцеля, Марыя прыносіць ёй Хрыста, які ўдзяляе дар Духа Святога. Гэтую ролю Марыі як пасрэдніцы падкрэсліваюць словы самой Альжбеты: «Бо вось, як голас прывітання Твайго дайшоў да вушэй маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім» (Лк 1, 44). Дзеянне Марыі, злучанае з дарам Духа Святога, становіцца своеасаблівым прадвесцем дапамогі ва ўзрастанні ў веры і ў сведчанні — дапамогі, якую Марыя прагне несці ўсім, хто прызнае Яе сваёй маці26.

Таму запрашайма Марыю да сябе кожны раз, калі ўдзельнічаем у святой Імшы. Дзякуючы Яе прысутнасці сакрамэнт Эўхарыстыі дасць у нас свой плён, які пакажа іншым людзям поўнае любові аблічча Хрыста. Перажываць Эўхарыстыю ў школе Марыі — гэта значыць, даць свету надзею, што дастаткова толькі Бога і што неспакойнае сэрца чалавечае, пакуль яно не спачне ў Богу, утоеным у постацях хлеба і віна.

 


  1. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, 3.
  2. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст Mane nobiscum Domine, 9
  3. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, 10.
  4. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 1, 6.
  5. Ян Павел ІІ. Апостальскі ліст Mane nobiscum Domine, 10.
  6. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 58.
  7. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 5.03.1997 г.
  8. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 26.02.1997 г.
  9. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 54.
  10. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 6.11.1996 г.
  11. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1386.
  12. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхезы ад 20.11.1996 г., 12.03.1997 г.
  13. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 12.03.1997 г.
  14. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 11.12.1996 г.
  15. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 15.01.1997 г.
  16. Пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 56.
  17. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 2.04.1997 г.
  18. Пар. Ян Павел ІІ. Ecclesia de Eucharistia, 55.
  19. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1359.
  20. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1360.
  21. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 55.
  22. Пар. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 57.
  23. Ян Павел ІІ. Энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 57.
  24. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 7.05.1997 г.
  25. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 23.04.1997 г.
  26. Пар. Ян Павел ІІ. Катэхеза ад 2.10.1996 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY