* * *
п’ю вачамі
разлітае святло Нябёсаў
наталяю смагу чысціні
і вечнасці
* * *
о гэтая няшчадная сляза!
то раптам аціхае музыкай
то аплывае кропелькай воску
са свечкі
майго
жыцця
* * *
прашу міласці
а потым
нібы схамянуўшыся
Божа а што я ведаю
пра Тваю міласць?
што я разумею
ў Тваёй міласці?
а можа хадзіць па краю
паміж жыццём і смерцю
гэта якраз і ёсць
Твая
міласць?..
* * *
нічога не адбылося
проста Бог крануў сваім паглядам
вось і ўсміхаюся кроплям дажджу
што скачуць у лужыне
і жоўтым галоўкам дзьмухаўцоў
якімі ўсеяна трава
ўздоўж дарогі
* * *
усё менш і менш людзей
усё больш і больш Бога
* * *
а час ідзе — маўчання і малення
адзіны
светлы
час
* * *
я вымалю сябе як з небыцця
з свайго мінулага жыцця
* * *
(вольны пераклад з прарока Ісаі)
о нафарбаваныя вусны!
о закратаваныя душы!
якою гарою ахінецеся
ад жаху жыцця свайго?
калі замест паса будзе вяроўка
калі замест красы стане кляймо
і толькі для тых хто застанецца
Гасподзь здзейсніць воблака
як найсвяцейшы покрыў свой
* * *
мінула ўжо колькі тысячагоддзяў
і мы ніколі не даведаемся
што Ён пісаў на зямлі
нізка нахіліўшы галаву
— Ідзі і Я не асуджаю цябе
Божа
адпусці і мяне з грахоў маіх
як вязня з клеткі
* * *
дапамажыце мне
Вас так многа
Вы такія светлыя і чыстыя
Вы такія моцныя і святыя
а я — адна
сяджу на падлозе
на гэтым пыльным дыване
і не маю ні слоў ні слёз ні сіл для малітвы
ды і ці ведаю я
чаго мне прасіць
і аб чым мне маліцца
Божа
прымі маю цішыню
патаемную — як воля Твая
пакаянную — як бяссонне ўночы
* * *
слава Богу
і слава — болю
што ўзводзіць на вяршыню
радасці
* * *
у горадзе
цалкам закрытым туманам
у час вячэрняга паўзмроку і змроку
о Божа за што мне
гэты світальна-балючы
узыход сонца?!.
* * *
яслі і крыж
як пачатак і канец
зямной
Божай
дарогі
наіўная і балючая — да бяскраю
якога разумення
і якой спагады
я хачу знайсці тут
калі іх не было нават
у самога Госпада
і адзінае што дадзена — маленне
як выратавальная нітачка
каб
выступіўшы аднойчы з ясляў
дайсці да крыжа
* * *
слава табе Божа за дождж
слава табе Божа за плач
слава табе Божа за ноч
нават калі не наступіць
ранак
* * *
Каложа-імгненне
і Каложа-вечнасць
адна
у дзвюх іпастасях
сваім святлом
яна разганяе маю цемру
сваёй цеплынёй
яна растапляе холад майго сэрца
яна вырывае мяне са штодзённай мітусні
і вяртае ў свой велічны спакой
яна пазнае мяне яшчэ здалёк
і ахінае сваім святлом
яна радуецца мне
калі я падымаюся па гэтых стромкіх камянях
і гэтую радасць я адчуваю ў сабе
яна ачышчае мяне ад усіх маіх няпраўдаў
яна засцерагае мяне ад усіх маіх спакусаў
яна ўзнеслася
на ускрайку зямлі
і на вяршыні часу
Каложа — ахоўніца лёсаў нашых
Каложа — выратавальніца душаў нашых
яна нібы крыло — у Неба
|