Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Бэртольд БРЭХТ

АЎГСБУРГСКI КРЭЙДАВЫ КРУГ

У часы Трыццацігадовай вайны швейцарскі пратэстант, імя якога было Цынглі, меў вялікую гарбарню і краму скураных вырабаў у вольным імперскім горадзе Аўгсбурзе. Ён быў жанаты з мясцовай жанчынаю і меў з ёю дзіця. Калі каталікі наступалі на горад, сябры раілі яму хутчэй уцякаць, але ён не мог рашыцца так вось раптам ад’ехаць. Мабыць, таму, што не хацеў кідаць сваю гарбарню.

Такім чынам, ён застаўся ў горадзе, які пачалі штурмаваць імперскія войскі. А калі ўвечары пачаліся рабункі, ён схаваўся ў каморы на двары, дзе звычайна захоўваў фарбы. Ягоная жонка павінна была разам з дзіцем перабрацца да сваякоў у прадмесце, але яна замарудзіла, збіраючы свае рэчы, вопратку, упрыгожанні і ложак, і раптам убачыла з акна другога паверху, як у двор ломіцца цэлая кодла імперскіх жаўнераў. Не ў сабе ад страху, яна кінула ўсё і выбегла праз заднія дзверы.

Дзіця засталося ў доме. Яно ляжала ў прасторных сенцах у сваёй калысцы і гулялася з драўляным шарыкам, падвешаным на вяроўцы пад столлю.

У доме засталася толькі маладая служанка. Яна ўвіхалася на кухні, збіраючы медны посуд, калі пачула шум на вуліцы. Кінулася да акна і ўбачыла, як з другога паверху жаўнеры кідаюць прама на вуліцу нарабаваныя рэчы. Яна пабегла ў сенцы і хацела ўжо ўзяць дзіця з калыскі, калі пачула грукат цяжкіх удараў у дубовыя дзверы. У паніцы яна кінулася ўверх па лесвіцы. Сенцы напоўніліся п’янымі жаўнерамі, якія ламалі ўсё, што трапляла пад руку. Яны ведалі, што знаходзіліся ў доме пратэстанта. На шчасце, падчас вобыску і пагрому Ганну, служанку, не знайшлі. Калі кодла сышла, Ганна вылезла з шафы, дзе яна схавалася, і знайшла дзіця ў калысцы. Яно не пацярпела. Яна хуценька схапіла яго і выслізнула ў двор. Настала ноч, але чырвоная паланіца ад суседняга дому, што гарэў, асвятляла двор. Яна жахнулася, убачыўшы знявечаны труп гаспадара. Жаўнеры выцягнулі яго з каморы і забілі.

Толькі цяпер дзяўчыне стала ясна, якая небяспека ёй пагражае, калі яе схопяць на вуліцы з дзіцем пратэстанта. З цяжкім сэрцам яна паклала яго назад у калыску, дала трошкі малака, палюляла, пакуль яно заснула, і пайшла ў квартал, дзе жыла яе замужняя сястра. Уначы, каля дзесяці, яна прабіралася разам з мужам сястры праз гармідар, наладжаны жаўнерамі, што святкавалі сваю перамогу, каб знайсці ў прадмесці фраў Цынглі, маці дзіцяці. Яны пастукалі ў дзверы высокага дома. Праз некаторы час дзверы прыадчыніліся. Маленькі стары чалавек, дзядзька фраў Цынглі, высунуў галаву. Ганна, задыхаючыся, паведаміла яму, што пан Цынглі загінуў, а дзіця засталося ў доме і не пацярпела. Стары холадна паглядзеў на яе рыбінымі вачыма і сказаў, што ягонай пляменніцы тутака няма, а сам ён не хоча звязвацца з пратэстанцкім байструком. І зачыніў дзверы. Калі яны адыходзілі, швагер Ганны ўбачыў, як зварухнулася заслона ў адным з вокнаў. Ён быў перакананы, што фраў Цынглі была там. Яна, відавочна, пасаромелася адмовіцца ад свайго дзіцяці.

Пэўны час Ганна і яе швагер ішлі моўчкі. Потым яна сказала яму, што хоча вярнуцца ў гарбарню і забраць дзіця. Швагер, спакойны, прыстойны чалавек, выслухаў яе са страхам і паспрабаваў адгаварыць ад гэтай небяспечнай задумкі. Што ёй да гэтых людзей? Яны ніколі не ставіліся да яе нармальна.

Ганна сцішылася і слухала яго, потым паабяцала не рабіць нічога неразумнага. Аднак яна хацела як мага хутчэй зазірнуць у гарбарню, ці не трэба чаго дзіцяці. Яна вырашыла пайсці туды сама.

І дамаглася свайго. Пасярод разгромленай залы ў сваёй калысцы ляжала дзіця і спакойна спала. Ганна стомлена прысела побач і стала глядзець на яго. Яна не рашылася запаліць святло, але суседні дом усё яшчэ гарэў, і пры гэтым святле яна зусім добра магла бачыць дзіця. У яго на шыйцы была маленечкая радзімка.

Калі дзяўчына пэўны час, можа з гадзіну, глядзела, як дзіця дыхае і смокча свой маленькі кулачок, яна зразумела, што заседзелася надта доўга і таксама, што не можа сысці адсюль без дзіцяці. Яна няўклюдна выпрасталася, нетаропка захінула яго ў ільняны абрус, узяла яго на рукі і пакінула двор, трывожна азіраючыся, нібыта чалавек з нячыстым сумленнем, нібыта злодзей.

Пасля доўгіх размоваў з сястрой і шваграм яна праз два тыдні забрала дзіця на правінцыю, у вёску Гросайцінген, дзе жыў яе старэйшы брат. Гаспадарка належала ягонай жонцы, яны толькі нядаўна пажаніліся. Было вырашана расказаць толькі брату, што гэта за дзіця, бо яны не ведалі, на што здольная маладая сялянка, як яна прыме такога небяспечнага госціка.

Апоўдні Ганна прыехала ў вёску. Яе брат, яго жонка і прыслуга сядзелі за абедам. Яе прынялі някепска, але ёй хапіла аднаго позірку на новую швагерку, каб яна вырашыла сказаць, што гэта яе ўласнае дзіця. Толькі пасля таго, як яна распавяла, што яе муж атрымаў у далёкай вёсцы месца ў млынара і што ён забярэ яе праз пару тыдняў, сялянка адтаяла, і ўсе пачалі захапляцца дзіцем.

Пасля абеду яна пайшла з братам у лес па дровы. Яны прыселі на пянькі, Ганна наліла яму чыстага віна. Яна заўважыла, што яму няёмка ў новай скуры. Ягонае становішча ў маёнтку не было яшчэ трывалым, і ён пахваліў Ганну за тое, што яна пры жонцы трымала рот на замку. Было ясна, што ён не верыў у асабліва велікадушныя адносіны сваёй жонкі да пратэстанцкага дзіцяці. І хацеў, каб яны і надалей прытрымліваліся гэтай падманнай версіі.

Аднак доўга так не магло працягвацца.

Ганна дапамагала збіраць ураджай і прыглядала за «сваім» дзіцем, бегаючы з поля ў дом, калі астатнія адпачывалі. Малы ачуняў і нават патаўсцеў. Усміхаўся, калі з’яўлялася Ганна, і намагаўся падняць галоўку.

Але потым настала зіма, і швагерка пачала распытваць Ганну пра яе мужа.

Яна не была супраць, каб Ганна засталася ў маёнтку, з яе была карысць. Горш было, што суседзі здзіўляліся, чаму ні разу не аб’явіўся хлопчыкаў бацька. Калі яны не здолеюць паказаць бацьку дзіцяці, то пра іхні двор будуць балбатаць абы- што.

Аднойчы летняй раніцай селянін запрог каня і голасна крыкнуў Ганне, каб яна паехала з ім па цяля ў суседнюю вёску. Пад грукат колаў ён паведаміў, што шукаў і знайшоў ёй мужа. Гэта быў нейкі смяротна хворы бабыль, які ледзь падняў змардаваную галаву з бруднай посцілкі, калі яны сталі пасярод ягонай нізкай хаты.

Ён быў згодны ажаніцца з Ганнаю. У галаве ложка стаяла старая з жоўтым тварам, ягоная маці. Яна павінна была прыняць ад Ганны плату за паслугу.

Справу вырашылі на працягу дзесяці хвілін, і Ганна з братам маглі ехаць па сваё цяля. Вянчанне адбылося напрыканцы таго ж тыдня. Пакуль святар прамаўляў чын вянчання, хворы ні разу не зірнуў сваімі шклянымі вачыма на Ганну. Брат не сумняваўся, што праз колькі дзён яны атрымаюць пасведчанне аб смерці. Тады яны скажуць, што муж Ганны і бацька дзіцяці памёр недзе па дарозе ў вёсцы каля Аўгсбурга, і ніхто не будзе здзіўляцца, што ўдава застаецца ў доме брата.

Ганна вярталася задаволеная сваім дзіўным вяселлем, дзе не было ні званоў, ні духавога аркестра, ні дружак, ні гасцей. Яна падрыхтавала ў кладоўцы замест вясельнага пачастунку скібу хлеба з салам, а потым падышла з братам да скрыні, дзе ляжала дзіця, у якога цяпер было прозвішча. Яна паправіла прасціну і ўсміхнулася брату.

Аднак пасведчання аб смерці давялося чакаць доўга.

Яго не атрымалі ні праз тыдзень, ні праз два. Ганна ў двары казала, што яе муж вось-вось прыедзе да яе. Калі ў яе пыталіся, калі ён з’явіцца, тлумачыла, што глыбокі снег замарудзіў падарожжа. Але, калі прамінулі яшчэ тры тыдні, сур’ёзна ўстрывожаны брат паехаў у вёску каля Аўгсбурга.

Ён вярнуўся позна ўначы. Ганна яшчэ не клалася, яна пабегла да дзвярэй, пачуўшы, як загрукацелі ў двары колы. Яна ўбачыла, як павольна брат распрагае каня, і яе сэрца сціснулася. Ён прывёз кепскія весткі. Увайшоўшы ў тую хату, ён убачыў смяротніка за сталом. Той сядзеў у адной кашулі і ўмінаў за абедзве шчакі: аказваецца, нечакана выздаравеў.

Брат не глядзеў Ганне ў вочы, калі расказваў пра гэта. Бабыль, яго звалі Отэрэр, і ягоная маці, здаецца, таксама былі ўражаны паваротам справы. Яны яшчэ не вырашылі, што рабіць. Отэрэр зрабіў на яго някепскае ўражанне. Гаварыў мала, але, як толькі ягоная маці паспрабавала лямантаваць, што ў яго на шыі цяпер нялюбая жанчына з чужым дзіцем, той адразу прымусіў яе змоўкнуць. Пакуль ішла размова, ён усё еў сваю сырную поліўку. Еў таксама і тады, калі селянін адыходзіў.

Усе дні Ганна была вельмі занятая. У перапынках паміж хатнімі справамі яна вучыла хлопчыка хадзіць. Аднаго разу, калі ён адчапіўся ад калаўроту і патупаў да яе з выцягнутымі наперад ручкамі, яна ледзь стрымала хрыплы стогн і моцна прыціснула дзіця да сябе, злавіўшы яго рукамі.

Аднойчы яна спытала ў брата: а што ён за такі, гэты Отэрэр? Яна бачыла яго толькі на Божай пасцелі і толькі ўвечары, пры святле слабой свечкі. Цяпер яна даведалася, што яе спрацаванаму мужу недзе каля пяцідзесяці і што ён, здаецца, беззямельны.

Хутка яна пабачыла яго самога. Адзін лахтыр паведаміў ёй, з вялікай прэтэнзіяй на таямнічасць, што «пэўны знаёмы» ў такі і такі дзень, а такой і такой гадзіне, каля такой і такой вёскі, там дзе пачынаецца дарога на Ландсбэрг, хоча сустрэцца з ёю. Так і сустрэліся гэтыя павенчаныя паміж сваімі вёскамі, не раўнуючы як тыя старажытныя палкаводцы паміж сваімі шыхтамі, на адкрытай прасторы, дзе ўсе было засыпана снегам.

Мужчына не спадабаўся Ганне.

У яго былі маленькія жоўтыя зубы. Ён глядзеў на яе зверху ўніз, хаця яна зусім знікла, захутаная ў тоўсты авечы кажух. Потым вымавіў нешта няўцямнае пра «сакрамэнт шлюбу». Яна толькі сказала яму, што мусіла б яшчэ падумаць. А яго папрасіла, каб ён праз нейкага гандляра або мясніка, які пойдзе праз Гросайцінген, паведаміў яе швагерцы, што хутка з’явіцца, але захварэў па дарозе.

Отэрэр неяк дзіўна кіўнуў. Ён быў на цэлую галаву вышэйшы за яе і ўвесь час, пакуль яны размаўлялі, глядзеў збоку на яе шыю. Гэта яе раздражняла.

Аднак паведамлення Ганна так і не дачакалася і пачала меркаваць, каб проста сысці з дзіцем з двара і падацца на поўдзень, можа ў бок Кэмптэна або Зонтгофэна, ды знайсці там якое месца. Толькі неспакойныя дарогі, пра што шмат казалі тады ўсе, ды суровая зіма ўтрымалі яе ад гэтага.

Але цяпер у двары станавілася ўсё цяжэй. Швагерка за сталом пры ўсёй прыслузе падазрона дапытвалася ў яе пра мужа. Аднойчы яна, гледзячы на дзіця з фальшывым спачуваннем, нават сказала ўголас: «Бедны падкідыш». Тады Ганна вырашыла сысці, але дзіця раптам захварэла.

Яно ляжала з гарачаю галоўкаю і сумнымі вачыма ў сваёй скрыні, а Ганна сядзела над ім цэлымі начамі ў страху і надзеі. Калі яно пачало папраўляцца і зноў заўсміхалася, аднойчы пасля абеду нехта пастукаў у дзверы. Увайшоў Отэрэр.

Акрамя Ганны і дзіцяці, у пакоі нікога не было, і ёй не давялося прыкідвацца. Ды ў яе ад страху гэта і не атрымалася б. Яны нейкі час стаялі адно перад адным моўчкі, а потым Отэрэр сказаў, што сам абдумаў справу і прыйшоў, каб забраць яе. Ён зноў згадаў пра сакрамэнт шлюбу.

Ганна раззлавалася. Цвёрдым, хаця і прыцішаным голасам яна сказала мужчыну, што не збіраецца жыць з ім. Што пайшла на гэты шлюб толькі з-за дзіцяці і не хоча ад яго нічога, акрамя прозвішча, якое ён даў ёй і дзіцяці.

Калі яна казала пра дзіця, Отэрэр паглядзеў у бок скрыні, дзе тое ляжала і кугакала, але не падышоў да яго. Гэта яшчэ больш настроіла Ганну супраць мужчыны.

Ён прамармытаў яшчэ нешта: маўляў, няхай яна яшчэ раз усё абдумае. У яго, маўляў, ёсць дзе сесці ды няма чаго з’есці. Але тут увайшла гаспадыня, цікаўна павіталася з ім і запрасіла на абед. Брата Ганны ён павітаў, ужо седзячы за сталом, ледзь кіўнуўшы, ці то прыкідваючыся, што не ведае яго, ці то не выдаючы, што ведае. На пытанні гаспадыні ён адказваў нешматслоўна, не падымаючы вачэй ад талеркі. Маўляў, знайшоў месца ў Мэрынгу, Ганна можа пераехаць да яго. Аднак ён не абмовіўся, што гэта трэба зрабіць цяпер. Пасля абеду ён неяк пазбегнуў кампаніі гаспадара і пачаў секчы за домам дровы, хоць ніхто яго аб тым не прасіў. Пасля вячэры, за якой ён прасядзеў без ніводнага слова, гаспадыня занесла ў Ганнін пакой тапчан, каб ён мог там пераначаваць. Але ён раптам няўклюдна ўстаў і прамармытаў, што мусіць цяпер, увечары ад’ехаць. Перад ад’ездам ён пустымі вачыма зірнуў на скрыню з дзіцем, аднак не сказаў нічога і нават не дакрануўся да яго.

Уначы Ганна захварэла, яе цэлы тыдзень калаціла ліхаманка. Яна больш ляжала паўпрытомная. Толькі пару разоў перад абедам, калі трошкі адпускала ліхаманка, яна прабіралася да скрыні з дзіцем і папраўляла яму коўдру.

На чацвёрты тыдзень яе хваробы ў двор заехаў Отэрэр і забраў яе разам з дзіцем. Цяпер яна не сказала ні слова супраць.

Да яе вельмі марудна вярталіся сілы: не дзіва на такой нішчымніцы ў гэтай хаце. Але аднойчы раніцай яна ўбачыла, якое занядбанае зрабілася дзіця, і рашуча ўстала.

Малы сустрэў яе прыязнай усмешкай. Ён падрос і лазіў па пакоі з неверагоднай жвавасцю, ляпаючы ручкамі і пранізліва крычучы, калі падаў тварам на падлогу. Яна памыла яго ў драўляных ночвах і зноў сабралася з духам.

Праз колькі дзён жыццё ў хаце стала зусім невыносным. Яна захінула малога, прыхапіла трошкі хлеба і сыру і ўцякла.

Яна меркавала дабрацца да Зонтхофэна, але далёка не зайшла. Яна яшчэ слаба трымалася на нагах, гасцінец быў пакрыты ледзяною скарынкаю, а людзі ў вёсках з-за вайны зрабіліся вельмі недаверлівыя і злыя. На трэці дзень падарожжа яна вывіхнула нагу, некалькі гадзін праляжала, хвалюючыся за дзіця, пакуль яе не занеслі на нечы двор і не паклалі ў хляве. Малы лазіў паміж нагамі кароў і толькі смяяўся, калі яна ўскрыквала ад страху. Урэшце яна мусіла сказаць гаспадарам двара імя яе мужа, і тыя завезлі яе ў Мэрынг.

З таго часу яна больш не спрабавала ўцячы і змірылася са сваім лёсам. Надрывалася на працы. Было цяжка нешта вырасціць на маленечкім лапіку зямлі ды яшчэ трымаць мізэрную гаспадарку. Але муж адносіўся да яе цярпіма, а дзіця не было галоднае. Часам заязджаў брат і прывозіў тое-сёе ў падарунак. А аднойчы яна нават дала пафарбаваць світку малога на чырвона. Так, думала яна, будзе да твару сыну фарбавальшчыка.

З цягам часу яна супакоілася і бясконца цешылася, выхоўваючы малога. Так прамінула колькі гадоў.

Але аднойчы яна пайшла па нешта ў вёску Зіруп, а калі вярнулася, дзіцяці ўжо не было ў хаце, а яе муж сказаў, што нейкая прыгожа апранутая дама звязла яго ў сваёй карэце. Ад жаху яна прытулілася да сцяны і ў той жа вечар выбралася ў дарогу на Аўгсбург, узяўшы толькі клунак з харчамі.

У імперскім горадзе яна перш-наперш пайшла ў гарбарню. Яе туды не пусцілі і не паказалі дзіцяці.

Сястра і швагер дарэмна спрабавалі супакоіць яе. Яна пабегла да ўладаў і пачала крычаць там немым крыкам, што ў яе ўкралі дзіця. Яна зайшла так далёка, што заявіла: гэта, маўляў, пратэстанты ўкралі дзіця. Аднак даведалася, што цяпер насталі іншыя часы: паміж католікамі і пратэстантамі быў заключаны мір.

Яна б хутчэй за ўсё так нічога і не дамаглася б, калі б не шчаслівы выпадак. Яе справу перадалі суддзю, які быў зусім адмысловым чалавекам.

То быў суддзя Ігнац Долінгер, вядомы на ўсю Швабію сваёй грубасцю і вучонасцю. Курфюрст Баварыі, супраць якога ён выйграў працэс на карысць вольнага імперскага горада, абазваў яго «гэты засраны вясковы лацініст». Але просты люд спяваў пра яго хвалебныя прыпеўкі.

Ганна з’явілася ў яго ў суправаджэнні сястры і швагра. Прысадзісты і надзвычай тлусты стары чалавек сядзеў у малым пакойчыку пасярод стосаў пергаментаў. Ён нядоўга слухаў яе. Потым нешта напісаў на аркушы паперы і прабурчэў: «Ідзі туды ды хутчэй!» І паказаў ёй сваёй кароткаю пухлаю рукою на куток у пакоі, куды падала святло з вузенькага акна. Колькі хвілін ён углядаўся ў яе твар, а потым, цяжка ўздыхнуўшы, даў знак, каб яны сышлі.

На наступны дзень ён прыслаў па яе судовага служку, а калі яна толькі з’явілася на парозе, закрычаў: «Дык чаму гэта ты ні словам не згадала, што йдзецца пра гарбарню з неслабым даходам?»

Ганна цвёрда сказала, што йдзецца толькі пра дзіця.

«Выкінь з галавы, гарбарню ты не атрымаеш, — крычаў суддзя. — Калі падкідыш сапраўды твой, усё роўна маёмасць дастаецца сваякам Цынглі».

Ганна кіўнула, не ўзіраючыся на яго. Потым сказала: «Яму не трэба гарбарні».

«Ён твой?» — гарланіў суддзя.

«Так, — сказала яна ціха. — Каб толькі ён мог быць са мной, пакуль не вывучыць усе словы. Ён ведае цяпер толькі сем».

Суддзя закашляўся, перасоўваючы пергаменты на стале. Потым сказаў больш спакойным, але ўсё яшчэ раздражнёным тонам:

«Ты хочаш мець гэтага карапуза і тая каза з яе пяццю спадніцамі хоча яго. Але яму трэба мець сапраўдную маці».

«Так», — сказала Ганна і паглядзела на суддзю.

«Знікні, — буркнуў ён. — Суд адбудзецца ў суботу».

У суботу на галоўнай вуліцы і плошчы перад ратушай сабралася процьма народу, што хацеў паглядзець на працэс па справе пратэстанцкага дзіцяці. Нетыповы выпадак з самага пачатку выклікаў вялікую цікаўнасць, у дамах і на працы людзі спрачаліся, хто ёсць сапраўдная і хто фальшывая маці. Стары Долінгер быў таксама шырока вядомы сваімі працэсамі, у якіх народная мудрасць зіхацела вострымі выказваннямі і прымаўкамі. Ягоныя разбіральніцтвы народ любіў больш, чым кілбасу і царкоўнае віно.

Перад ратушай сабраліся паназіраць за падзеямі не толькі аўгсбургцы, нямала было таксама сялянскага люду з наваколля. Пятніца была кірмашовым днём, і яны засталіся на ноч у горадзе.

Зала, у якой вёў справу Долінгер, называлася Залатою. То было знакамітае на ўсю Германію самае вялікае памяшканне без калон у інтэр’еры; столь была падвешана на ланцугах пад вільчаком.

Суддзя Долінгер сядзеў унутры, як малая, круглая камлыга мяса перад зачыненай жалезнай брамай. Звычайны канат аддзяляў яго ад гледачоў. Але крэсла суддзі стаяла проста на падлозе, перад ім не было нават стала. За гады практыкі ён сам выпрацаваў гэты парадак; ён разумеў, наколькі важнае знешняе афармленне.

Па-за канатам побач з суддзёй знаходзіліся фраў Цынглі з яе бацькамі, сваякі нябожчыка пана Цынглі, што прыехалі са Швейцарыі, два багата апранутых мужчыны, што выглядалі, як заможныя купцы, і Ганна з Отэрэрам ды яе сястра. Побач з фраў Цынглі была нянька з дзіцем.

Усе, бакі працэсу і сведкі, стаялі. Суддзя Долінгер любіў казаць, што разбіральніцтвы доўжацца карацей, калі ўдзельнікі стаяць. Але, хутчэй за ўсё, ён прымушаў іх стаяць, каб яны хавалі яго ад публікі. І ўбачыць яго можна было толькі ўстаўшы на дыбачкі і выцягнуўшы шыю.

На пачатку разбіральніцтва дайшло да інцыдэнта. Калі Ганна ўбачыла дзіця, яна ўскрыкнула і выйшла наперад. Дзіця таксама хацела да яе, яно пачало рвацца з рук нянькі і плакаць. Суддзя загадаў вынесці яго з залы.

Потым ён паклікаў фраў Цынглі.

Яна зашамацела спадніцамі, выйшла наперад і пачала распавядаць, час ад часу прыкладаючы да вачэй хустачку, як падчас рабунку імперскія жаўнеры забралі яе дзіця. Яшчэ ў тую ж самую ноч служанка прыходзіла ў дом яе бацькі і паведаміла, што дзіця яшчэ знаходзілася ў разгромленым доме, мабыць, хацела атрымаць грашовую ўзнагароду. Бацька паслаў у гарбарню сваю кухарку, тая нікога там не знайшла. І яна мяркуе, што гэтая асоба (тут яна паказала на Ганну) завалодала малым, каб потым вымагчы ў яе грошы. Служанка б выступіла рана ці позна з такімі патрабаваннямі, калі б дзіця ў яе своечасова не забралі.

Суддзя Долінгер паклікаў сваякоў пана Цынглі і спытаў іх, ці яны тады наводзілі даведкі пра пана Цынглі і што ім расказала фраў Цынглі.

Тыя сказалі, што фраў Цынглі паведаміла ім, што яе муж быў забіты, а дзіця яна даверыла нейкай служанцы, якая добра ім апякуецца. Яны гаварылі пра яе вельмі непрыязна і не дзіва, бо маёмасць пераходзіла да іх у выпадку, калі фраў Цынглі прайграе працэс.

Пасля іхняга выступу суддзя зноў звярнуўся да фраў Цынглі, каб спытаць, можа яна падчас нападу проста згубіла галаву і пакінула дзіця ў бядзе.

Фраў Цынглі паглядзела на яго нібыта здзіўлена сваімі бледна-блакітнымі вачыма і сказала, абражаная, што дзіця ў бядзе не кінула.

Суддзя Долінгер адкашляўся і спытаў яе з цікаўнасцю, як яна думае, ці можа якая-небудзь маці пакінуць сваё дзіця ў бядзе.

Не, думаю, не можа, сказала яна цвёрда.

Ці яна думае, распытваў суддзя далей, што маці, якая зрабіла гэта, трэба надраць задніцу, незалежна ад таго, колькі на ёй спадніц?

Фраў Цынглі прамаўчала, і суддзя выклікаў былую служанку Ганну. Яна хутка выйшла наперад і ціхім голасам расказала тое, што ўжо расказвала падчас папярэдняга разбіральніцтва. Яна, аднак, гаварыла так, нібыта адначасова прыслухоўвалася і час ад часу паглядала на вялікія дзверы, за якія аднеслі дзіця, нібыта баючыся, ці яно яшчэ не плача.

Яна расказала, што ў тую ноч пайшла ў дом дзядзькі фраў Цынглі, але потым не вярнулася ў гарбарню з-за страху перад імперскімі жаўнерамі і таму, што баялася за ўласнае пакінутае дзіця, якое знаходзілася ў добрых людзей у суседнім Леххаўзэне. Стары Долінгер груба перапыніў яе і раўнуў, што прынамсі аднаму чалавеку ва ўсім горадзе было ў той дзень страшна. Яму радасна канстатаваць гэта, бо гэта пацвярджае, што прынамсі ў адной асобы засталося трошкі розуму. Аднак непрыгожа было з боку сведкі, што яна апекавалася толькі сваім уласным дзіцем, пра што народ кажа: кроў не вадзічка. Сапраўдная маці ідзе на крадзеж дзеля свайго дзіцяці, што, аднак, забаронена законам, бо маёмасць ёсць маёмасць, а хто крадзе, той таксама хлусіць, а хлусіць таксама забаронена законам. І тут ён пачаў сваю мудрую і грубую лекцыю пра чалавечыя хітрыкі, якімі людзі да пасінення дураць суд, потым ён трохі адхіліўся ад галоўнай тэмы і казаў пра сялян, якія змешваюць малако нявінных кароў з вадою, пра гарадскі магістрат, які бярэ з сялян надт а высокія кірмашовыя падаткі, і ўсё гэта зусім не мела сувязі з працэсам. Раптам ён заявіў, што заслухванне сведкаў скончана і яно нічога не дало для справы.

Потым ён зрабіў вялікую паўзу, дэманструючы ўсе прыкметы бязраднасці, аглядаючыся па баках, нібыта чакаючы адкуль-небудзь нейкай прапановы, якая дапамагла б прыняць рашэнне.

Людзі разгублена глядзелі адзін на аднаго, некаторыя выцягвалі шыі, каб зірнуць на бездапаможнага суддзю. У зале настала ціша, і толькі па галасах з вуліцы можна было здагадацца пра натоўп.

І вось суддзя ўздыхнуў і зноў узяў слова.

«Не было высветлена, хто з’яўляецца сапраўднай маці,— казаў ён.— Дзіцяці можна паспачуваць. Мы ўжо чулі, як бацькі, бывае, сволачы, хаваюцца і не хочуць быць бацькамі, а тутака з’явіліся ажно дзве маці. Суд выслухоўваў іх настолькі доўга, наколькі яны заслужылі, а менавіта кожную роўна па пяць хвілін. І суд прыйшоў да высновы, што абедзве хлусяць не маргнуўшы вокам. Аднак застаецца разабрацца, як кажуць, з дзіцем, якое мусіць мець маці. Дык вось і трэба, не залазячы ў пустую балбатню, высветліць, хто ёсць сапраўдная маці».

Раздражнёным голасам ён гукнуў судовага служку і загадаў прынесці кавалак крэйды.

Служка пайшоў і прынёс кавалак крэйды.

«Накрэслі крэйдай на падлозе круг, у якім могуць стаць тры асобы», — сказаў яму суддзя.

Служка нахіліўся і накрэсліў круг.

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага

Прывялі дзіця. Яно, аднак, зноў пачало плакаць і хацела да Ганны. Стары Долінгер не звяртаў увагі на гармідар і толькі гаварыў грамчэй.

«Спробу, якая цяпер будзе зроблена, — паведаміў ён, — я знайшоў у адной старой кнізе, і яна добра прыдатная і цяпер. Асноўная ідэя спробы з крэйдавым кругам простая і дазваляе пазнаць сапраўдную маці паводле яе любові да дзіцяці. Дык вось, трэба паспрабаваць, наколькі моцная гэтая любоў. Судовы служка, пастаў дзіця ў крэйдавы круг».

Служка ўзяў дзіця, якое ўсё плакала, з рук нянькі і завёў яго ў круг. Суддзя працягваў, звяртаючыся да фраў Цынглі і Ганны:

«І вы тасама ўстаньце ў крэйдавы круг, вазьміцеся моцна кожная за адну руку дзіцяці і, калі я скажу “цягніце”, пастарайцеся выцягнуць дзіця з круга. Хто з вас мае мацнейшую любоў, будзе мацней цягнуць дзіця на свой бок».

Зала захвалявалася. Гледачы паўставалі на дыбачкі і спрачаліся з тымі, хто стаяў наперадзе.

Але зноў настала магільная ціша, калі абедзве жанчыны ўвайшлі ў круг і кожная ўзялася за руку дзіцяці. Дзіця таксама змоўкла, нібыта здагадваючыся, пра што йдзецца. Яно ўзняло свой заліты слязьмі тварык да Ганны. Тады суддзя скамандаваў «цягніце».

Адным моцным рыўком фраў Цынглі выцягнула дзіця з крэйдавага круга. Разгублена і яшчэ не верачы, што ўсё скончылася, Ганна глядзела яму ўслед. Баючыся нанесці яму шкоду, калі яго тузануць адначасова ў два бакі, яна адразу адпусціла яго.

Стары Долінгер устаў.

«І вось мы даведаліся, — сказаў ён голасна, — хто ёсць сапраўдная маці. Забярыце дзіця ў гэтай падлюгі. Яна была гатовая раздзерці яго на кавалкі».

І ён кіўнуў Ганне, а потым шпарка выйшаў з залы, каб з’есці свой абед.

На працягу наступных тыдняў мясцовыя сяляне, не якія-небудзь, што на галаву ўпалі, расказвалі, што суддзя, калі адсудзіў дзіця жанчыне з Мэрына, падміргнуў ёй.

Bertold Brecht. Kalendergeschichten.
Leipzig, 1979.

Пераклаў з нямецкай мовы
Валеры Буйвал.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY