![](../img/pic-w.gif) |
* * *
Вучуся ў нівы мудрасці,
Цярплівасці, адданасці,
Нябеснай непадсуднасці,
Зямной неразгаданасці.
Адным, адным палоніўся:
Ні ўзнагарод, ні гонару –
А толькі зерне ў коласе
І хлеб – жыццём агораны.
|
* * *
Пазнаю Цябе, Божа:
Як твой свет ні вялікі,
Ты адзіны, хоць кожны
Люд свайго толькі клікаў –
І свайго толькі бачыў,
І па-свойму маліўся...
Ты адзіны, – іначай
Свет бы ўміг разваліўся.
Свет даўно б расцягнулі,
Як набытак калгасны, –
У хаосным загуле
І душою б не шаснуў...
Пазнаю Тваю сутнасць
У любой іпастасі:
Ты адзіны, магутны –
І ў прасторы, і ў часе.
Як цябе б ні назвалі –
Буда, Зеўс, Іегова, –
Ты адзіны – скрыжаляў
Запаветнае слова:
Ні спытаць, ні аспрэчыць,
Ні рашыць, ні праверыць, –
Ва ўсявышнюю Вечнасць
Можна толькі паверыць...
|
* * *
Калі ідзеш – ідзі, але не падай.
Калі гаворыш – гавары, ды вер.
А верыш – перад Богам не загадвай:
Пакайся – ды не заўтра, а цяпер...
|
* * *
І чэрвень ужо залеціны
Справіў маёй вясне,
І птушанят на агледзіны
Неба заве – без мяне;
І дзьмухавец з парасоніка
Раздзьмухаўся ў пухавік,
І на прыпёку сонечным
Выскачыў каласавік;
І жук-каларадчык шыкуе
На бульбе ў маёй баразне,
І крот наваселле святкуе
На градках, – лацвей без мяне!..
А хутка за стол траецкі
Пакліча вясёлы кірмаш,
Ды почат вяскова-свецкі
Сплыве без мяне, як міраж...
І над хлебадайным полем
Хмурынку гром тармазне,
І дождж ападзе напоем... –
І ўсё без мяне, без мяне...
Усе сваё маюць – і квіты, –
На радасць і ўдосталь... А мне –
Бальнічны кавалак блакіту
Ў казённа-стэрыльным акне...
Як глянеш – якія палаты,
Якія ўжо тут дактары?!
Лячу – праз бальнічныя краты
Па лекі ў палі і бары...
|
ПЭЎНА...
Якія дні, – пакутна маўчаць,
Якія ночы, – плывуць успамінамі:
Вачэй не прымружыш – пачне залачаць,
І ў думках не выпіта горыч палынная...
Якія пранізлівыя вятры,
Якія нябёсы свінцова-сінія, –
Пэўна, сонца ў грудзях ледзянее знутры,
Пэўна, вечнасць дыхнула сіверам...
|
* * *
Праўдзівы жыццём, а смерцю ілжывы
Наш век чалавечы на гэтай зямлі.
У вечнасці толькі мы старажылы:
Туды адыходзім, адкуль і прыйшлі.
Няма ні апірышча там, ні цвердзі,
Але затое няма й кайданоў.
Мы волю набудзем, вось толькі б памерці.
Вось толькі б... Вось толькі б – жыццё тое зноў...
|
ПРОСЬБА
Не абмані мяне, душа,
Не абміні мяне, надзея, –
Хай зоркі шлях тым завяршаць,
З чым у калыску паглядзелі.
Не разгадай мяне, жыццё,
Як крыжаванку на дурніцу,
Не спагадай мне: «Каб знаццё...», –
Хай застаецца таямніца.
Не спакушай мяне здаля,
Міраж, каб небу стаць раўнёю,
Не пакідай мяне, зямля, –
Ратуй дабром і цеплынёю.
Свяціся, памяць, у акне,
Што ўсмешкай мамінай свяціла,
Не адвярніся ад мяне,
Крыж над бацькоўскаю магілай...
|
|
![](../img/pic-w.gif) |