Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(36)/2006
Галерэя
На кніжнай паліцы
Год Яна Паўла ІІ

СВЯТЫ АЙЦЕЦ
Гісторыя
Мастацтва
Культура
Актуальная размова

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

«КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ
Паэзія

ПАЗНАЮ ЦЯБЕ, БОЖА

ВЕРШЫ
Мастацтва

ПАЎНОЧНЫЯ РЫЦАРЫ
Літаратуразнаўства
Пераклады

ДАРОГА ДА ЭМАУС

ВЕРШЫ
Вандроўкі
Мастацтва

Кс. Павел КАЗАЦКІ ОР

ПРАЎДА ТОЛЬКІ АДНА

Размова з дамініканінам Паўлам Крупам
пра кнігу Дэна Браўна «Код да Вінчы»

— Брат Павел, якое Вашае ўражанне ад кнігі «Код да Вінчы»?

— Някепскае чытво ў цягніку або перад сном, напісанае цікава, даступна, але, перш за ўсё, вельмі спрытна. Складаецца ўражанне, што гэта — заданне на тэму «пішам раман, які будзе добра чытацца», выкананае на курсах creative writing — «крэатыўнага» пісьменніцтва. У ім ужыты ўсе хрэстаматыйныя элементы, якімі павінен вызначацца добры дэтэктыў: кароткія дынамічныя раздзелы, у якіх ідзе гаворка пра злачынства, таямніцу і секс. Часцей за ўсё, раздзелы заканчваюцца на самым цікавым месцы, таму стараешся хутчэй прачытаць наступны эпізод, каб ізноў вярнуцца да перарванага дзеяння. Трохі нагадвае эксперымент Умбэрто Эко з «Імем ружы». Тэарэтык-лінгвіст і тэарэтык літаратуры, узброены ўсімі сваімі ведамі пра тое, якім павінен быць сапраўдны бестселер, вырашыў напісаць раман. Гэта ў яго атрымалася. Аказалася, што тэорыя, скарыстаная ў практыцы, дала выдатны эфект: сумесь рэлігіі, сексу і крыміналу заўсёды дае «добры» вынік у літаратуры ці ў кіно. Псіхіятры сцвярджаюць, што цяжэй за ўсё лячыць манію або псіхоз на сексуальна-рэлігійным фоне. Такія пісьменнікі, як Ладлам (Ludlum), Фарсайт (Forsyth) ці Фолет (Follet), напісалі дзесяткі кніг пра КДБ і ФБР. Іх кнігі вельмі цікавыя, але вокамгненна забываюцца. Калі ж мы маем дэтэктыў з рэлігійнай і эратычнай прыправай, гэта закранае вельмі глыбокія сферы свядомасці чалавека і застаецца ў памяці значна даўжэй.

 
— Сюжэт кнігі часта звяртаецца да гісторыі, Касцёла, твораў мастацтва, а само дзеянне адбываецца ў Парыжы. Што Вы можаце сказаць наконт усёй гэтай інфармацыі як святар і гісторык, які жыве ў сталіцы Францыі?

— Ужо на першай старонцы я бачу містыфікацыю. Ва ўступе да рамана Дэн Браўн піша, што Прыярат Сіёну — гэта арганізацыя, заснаваная ў 1099 годзе, і што яна сапраўды існуе, таксама як і згаданая на некалькі радкоў ніжэй Opus Dei, якая на гэтай інфармацыйнай старонцы падаецца як казачна багатая арганізацыя. Існаванне Opus Dei з’яўляецца бясспрэчным фактам, а вось што датычыць Прыярата Сіёну, то такой арганізацыі не існавала. Яе гісторыя пачынаецца ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Прыярат узнік намаганнямі стваральніка фальшывага архіва гэтай выдуманай арганізацыі П’ера Плантара. Разам з некалькімі сябрамі — гісторыкамі і інтэлектуаламі — ён прыдумаў гэта ўсё як інтэлектуальны жарт, эзатэрычную гульню. Дастаткова пачытаць у Інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя» артыкул «Prieurй de Sion» (Прыярат Сіёну), каб пра гэта даведацца. Гэта таксама, як з масонамі. Некаторыя сцвярджаюць, што масонскія ложы існавалі ўжо ў Сярэднявеччы, але на самай справе яны з’явіліся толькі ў XVIII стагоддзі і з самага пачатку стварылі сабе традыцыю, якая выводзілася з сярэдніх вякоў. Таксама і Прыярат Сіёну не існаваў у часы Марыі Магдалены, ні нават у часы тампліераў. Гэта — чыстая фантазія, а таму як можна змяшчаць гэтую байку на старонцы, якая мае загаловак «Факты»? А вось спіс прыёраў, які падае Браўн, пабудаваны па пэўным прынцыпе: большасць прозвішчаў з гэтага спісу павінна быць вядомая чытачу. Такім чынам, калі чытаеш кнігу, у галаве сама сабою з’яўляецца думка: «Чуў, былі такія людзі... А калі былі яны, гэта значыць, што Прыярат Сіёну існаваў таксама». Калі б у спісе былі толькі невядомыя імёны, то ён не меў бы такога эфекту, бо чытач не быў бы ўпэўнены ў тым, што гэта сапраўдны спіс і што аўтар не выдумаў пералічаных у ім людзей. Дарэчы, апошні прыёр, дырэктар Лувра — цалкам выдуманы Браўнам персанаж. Аўтар сапраўды заўсёды спасылаецца на штосьці такое, што можа мець водгук у ведах патэнцыяльнага чытача. Ён — някепскі пісьменнік і, як здаецца, таксама някепскі псіхолаг, які свядома карыстаецца гэтымі прыёмамі.

— Выкарыстанне пэўных праўдзівых дэталяў робіць больш падобным да праўды ўсё астатняе?

— Так, а калі гэты эфект ужо дасягнуты, то людзям можна давесці, што заўгодна — цэлую гісторыю Прыярата Сіёну і «адкрыццё» пра мафію ў постаці Opus Dei. Варта нагадаць, што «Код да Вінчы» напісаў амерыканец. Амерыканцам, асабліва пратэстантам, выхаваным у моцнай антыкаталіцкай традыцыі, Касцёл здаецца моцнай міжнароднай арганізацыяй, якая праводзіць сваю палітыку, мае вялікі ўплыў і імкнецца да завалодання светам. Яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя на тэалагічных факультэтах вялікіх пратэстанцкіх універсітэтаў ЗША выкладалася «гісторыя Вавілона і вялікай распусніцы, або гісторыя рымскага папства». Іх падыход да Ватыкана такі самы, як у Тадэвуша Брэзы, які напісаў «Бронзавую браму». Ён быў камуністам, які не любіў Касцёл, але не мог схаваць свайго захаплення, калі апісваў арганізацыю Рымскай Курыі. У Польшчы ён мог назіраць слабасць ЦК партыі, а там бачыў магутную бюракратычную машыну, якая спраўна працуе, і да таго ж у сусветным маштабе. Брэза пісаў пра Рымскую Курыю з дзіцячым захапленнем, і такое ж захапленне відаць у Браўна. Каталіцкі Касцёл як носьбіт веры, любові, прабачэння або як даўца сакрамэнтаў яго наогул не цікавіць. Больш за тое, з-за свайго пратэстанцкага выхавання ён варожа ставіцца да яго. Затое як арганізацыя Касцёл даводзіць яго проста да забабоннага аслупянення. Ватыкан у Злучаных Штатах міфалагізаваўся. Калі амерыканец-пратэстант гаворыць «Ватыкан», то гэтае слова мае для яго такі самы эмацыянальны зарад і выклікае такія ж асацыяцыі, як у нас калісьці «ЦК». Гэта арганізацыя, якая дакладна штосьці хавае і валодае страшнымі таямніцамі. А Opus Dei ў гэтым выпадку выконвае ролю КДБ. З аднаго боку, яна слепа яму падпарадкоўваецца, а з другога — трымае ЦК у сваіх руках, бо і яго бяспека таксама залежыць ад КДБ.

— Звярніце ўвагу на тое, што, апісваючы Opus Dei, Браўн робіць смешны сюжэтны ход. На працягу ўсяго рамана чытач лічыць, што Opus Dei — гэта арганізацыя манахаў-забойцаў накшталт Сіласа, які ад імя Касцёла забівае яго праціўнікаў. Аднак у канцы аказваецца, што Сілас быў марыянеткай у руках «Настаўніка» — галоўнага злыдня; што біскуп, прэлат Opus Dei, стаў на слізкую сцяжынку. Члены Opus Dei з забойцаў ператвараюцца ў ахвяраў «Настаўніка».

— А што адкладзецца ў свядомасці чытача? Тое, чым яго галаву нашпігоўвалі на 500 старонках кнігі, калі ён чытаў, як члены Opus Deі без ваганняў забіваюць, а імі маніпулюе рэлігійны вылюдак; ці тое, што апісваецца на апошніх некалькіх старонках? Такое «чалавечае аблічча» гэтай арганізацыі, на жаль, толькі ўмацоўвае ўпэўненасць чытача ў тым, што яна (як ён меў магчымасць пераканацца раней) мае вельмі падазроны характар. Зрэшты, дзеля чаго, сапраўды, было ашукваць чытачоў? А дзеля таго, што ў вачах Браўна Opus Dei — гэта наймагутнейшая і скрытая касцёльная арганізацыя. «Настаўнік» выкарыстоўвае яе ўдзельнікаў, бо, па-першае, яны маюць сілу, а па-другое, слепа адданыя Касцёлу, які жадаюць абараняць нават насуперак праўдзе. Такім чынам кніга даводзіць чытачу тое, што Касцёл — гэта магутная арганізацыя, а яе служкі будуць абараняць яе гегемонію нават коштам хлусні і злачынстваў.

— Аднак у рэальным свеце Opus Dei абараніла Ватыкан ад наступстваў аферы банку Banco Ambrosiano.

— Некаторыя памятаюць пра гэтую справу як пра адзін з самых гучных італьянскіх эканамічных і фінансавых скандалаў. Яна да канца так і не была высветлена. Вядома, што ў скандал быў замяшаны тагачасны «міністр фінансаў» Ватыкана арцыбіскуп Марцінкус, але тое, што адбывалася тады за кулісамі, да гэтага часу атулена змрокам таямніцы. Ці Opus Dei адыграла нейкую ролю ў затушоўванні гэтай справы або ў ратаванні рэпутацыі Ватыкана, невядома. Аднак уключэнне гэтых фактаў у кнігу, у якой апісваецца прыдуманая гісторыя, безумоўна, паклікана надаць ёй большую праўдападобнасць. Можна ўявіць сабе такі дыялог: «А якое дачыненне мае Opus Dei да Banco Ambrosianо?» — пытаецца хтосьці і ў адказ чуе: «Зайдзі ў Інтэрнэт і знайдзі гісторыю краху гэтага банка». Не зусім вядома, хто быў прычынаю скандалу: да сённяшняга часу засталіся незразумелымі пэўныя дэталі. А калі невядома, значыць, гэта была Opus Dei. Няма ніякіх пацвярджэнняў гэтага, але калі ёсць незразумеласць, то Opus Dei — гэта цудоўнае тлумачэнне.

— Як Вы ставіцеся да гісторыі, стрыжнем якой з’яўляецца доказ таго, што Езус Хрыстус меў дзіця з Марыяй Магдаленай і што галоўны клопат Касцёла — гэта культ боскай жаноцкасці?

— Паводле старажытнай агіяграфічнай легенды, Марыя Магдалена і яе брат Лазар пасля смерці Хрыста пераправіліся праз Міжземнае мора і дажывалі свае дні на поўдні Францыі, у Правансе. Гэтая традыцыя склалася ў ХІ і ХІІ стагоддзях. Лічылася, што ў гэтым нешта ёсць, бо ў І і ІІ стагоддзях на поўдні Францыі аж да Ліёна жыло шмат грэкаў і юдэяў, сярод якіх і развівалася хрысціянства. Узяць хоць бы св. Ірэнэя Ліёнскага, вучня св. Палікарпа, які, у сваю чаргу, быў вучнем св. Яна і трапіў на поўдзень Францыі разам з грэцкай калоніяй.

Рэліквіі Марыі Магдалены з’явіліся ў Францыі у раннім Сярэднявеччы. Тады з розных легендарных аповедаў узнікла меркаванне, якое падмацоўвалася гістарычнаю памяццю пра першыя хрысціянскія супольнасці на поўдні Францыі, што яны былі знойдзеныя менавіта там, дзе святая ў малітве і пакаянні завяршыла сваё жыццё.

І сёння ў Ля Сэнт Бом можна паглядзець пячору, у якой Марыя Магдалена быццам бы вяла пустэльніцкае жыццё. Гэтую легенду падтрымлівалі дамінікане з бліжэйшага кляштара Сэн-Максімэн (у наш час не дзейнічае), дзе можна ўбачыць чэрап святой. Падчас будаўнічых работаў было знойдзена старажытнае хрысціянскае надмагілле, на якім адлюстраваныя сцэны з пасхальнымі сюжэтамі. Магчыма, там была і сцэна сустрэчы ўваскрослага Хрыста з Марыяй Магдаленай. Таму было абвешчана, што знойдзена яе пахаванне. Гэтая легенда, хоць і грунтуецца на гістарычных фактах, аднак не можа быць доказам таго, што менавіта там памерла Марыя Магдалена.

У тым жа, што датычыць Святога Грааля, мы маем справу з сярэднявечнай легендай, якая павінна была надаць больш бляску французскай дынастыі Меравінгаў, асабліва тады, калі яна страціла ўладу. Гэтае паданне падобнае да яшчэ аднаго міфа, згодна з якім ангельскія каралі паходзяць ад легендарнага караля Артура. У Сярэднявеччы роды і дынастыі імкнуліся мець легендарныя карані. Напрыклад, сарматы сцвярджалі, што паходзяць ад Аляксандра Македонскага. На падставе ўжо існуючай агіяграфічнай легенды пра прысутнасць Лазара і Марыі Магдалены на поўдні Францыі з’явіўся міф пра тое, што французскія каралі з дынастыі Меравінгаў былі кроўнымі сваякамі Езуса Хрыста. Існуюць дзве версіі гэтай гісторыі: паводле першай, Марыя Магдалена мела дзяцей ад Езуса, і адно з іх дало пачатак дынастыі. Згодна з другой, святая прывезла кроў Хрыста і, наколькі я памятаю, каралеўская сям’я перадае яе з пакалення ў пакаленне і, хіба што, п’е яе і такім чынам застаецца ў непасрэднай, а не сакрамэнтальнай, камуніі з Хрыстом. На падставе гэтага ўзнік выраз, які па-старафранцузску гучыць як sang real (сапраўдная, або каралеўская кроў). А паколькі ў слове sang на канцы літара «g», то гэта гучыць як san–g—real. Адсюль выводзіцца Saint Graal, дакладнае значэнне якога таксама невядома. Што гэта: келіх ці ампулка з крывёю Хрыста, або сама гэтая кроў, што цячэ ў жылах скінутай з трону каралеўскай сям’і? Пра гэта напісана безліч кніг: добрых, гістарычных і сур’ёзных, а таксама сенсацыйных і папулярных. Раздражняе, калі Браўна прадстаўляюць як першаадкрывальніка тэмы, як быццам ён першы, хто загаварыў пра гэта. Між тым, Дэн Браўн не зрабіў ніякага адкрыцця, ён не з’яўляецца вялікім гісторыкам, а таму павінен быў аднекуль чэрпаць звесткі, якія паклаў у аснову рамана «Код да Вінчы». Відаць, што ён не чытаў ніякіх сур’ёзных гістарычных даследаванняў, а здаволіўся толькі навукова-папулярнай літаратурай, якая ў кнігарнях стаіць на паліцах побач з «Успамінамі пра будучыню» Данікена. Гэта пацвярджае таксама працэс па абвінавачанні ў плагіяце, якое высунулі супраць Браўна аўтары кнігі, што з’явілася за некалькі гадоў да «Кода». Па праўдзе кажучы, часам у мяне было ўражанне, што ўвесь раман складзены з цікавенькіх фактаў, якія звычайна друкуюцца ў рубрыцы «Кур’ёзы» некаторых глянцавых часопісаў: «Ці ведаеце вы, што існуе лічба Fi, якая прысутнічае ва ўсім і апісвае ўвесь наш свет? Ці ведаеце вы, што тампліеры былі таемным таварыствам?», і гэтак далей. Такога кшталту літаратура павінна складацца з падобных гісторый, каб у чытача складалася ўражанне, што яму сапраўды паведамляюць нейкую нечуваную навіну, але ў ім гэта выклікае рэзананс, бо ён ужо дзесьці пра гэта чуў.

— Для Вас ўсё так відавочна, але ўжо з’явілася нямала літаратуры, у якой асвятляецца гісторыя і выкрываецца фальш у рамане «Код да Вінчы».

— Мяне здзівіла тое, што «Код» выклікаў такую сур’ёзную дыскусію. Гэта тое самае, калі б мы пачалі дыскутаваць на тэмы этыкі і маралі або дабра і зла на падставе дэтэктываў Агаты Крысты. Гэта, канечне, магчыма, але толькі ў якасці інтэлектуальнага жарту, пэўнай правакацыі. Нельга разважаць пра асновы этыкі на падставе дэтэктываў як адзінай крыніцы ведаў пра дабро і зло.

Хацелася б ведаць, ці вядзецца падобная дыскусія ў некаталіцкім асяроддзі, бо мне здаецца, што яна ахапіла толькі традыцыйна каталіцкую частку свету. Па-першае, таму што гэта датычыць Каталіцкага Касцёла, а па-другое, таму што гістарычная свядомасць католікаў знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Калі людзі не ведаюць Бібліі, не ведаюць, якім чынам узнікла Святое Пісанне, не ведаюць гісторыі Касцёла, то кожны, хто раскажа ім казку, сее ў іх душах сумніў. У размовах са святарамі я часта чую, што сёння ў праграме катэхізацыі няма знаёмства з гісторыяй Касцёла. Разам з тым, падчас катэхізацыі неабходна ў атмасферы веры расказваць пра тое, што добрага дзеелася ў Касцёле, а таксама пра тое, што было не так добра. Гэта можна было б падаць не як гісторыю інстытуту, а як гісторыю вялікай сям’і, да якой мы ўсе належым, што мела б вялікае адукацыйна-выхаваўчае значэнне і дало б вернікам імунітэт супраць «адкрыццяў» накшталт таго, што Езус меў нейкія там сувязі з Марыяй Магдаленай. Узгадайце хоць бы «Апошнюю спакусу Хрыста» Нікаса Казанцакіса, у якой таксама гаворыцца пра штосьці падобнае. Гэта такі ж самы міф, як і тое, што Маці Божая «зграшыла» з рымскім легіянерам і, каб схаваць віну, «выдумала» гісторыю пра беззаганнае зачацце Езуса. Такія звесткі падае зацяты крытык хрысціянства Цэльс, якому адказвае Арыген у сваім Contra Celsum («Супраць Цэльса»). З першых стагоддзяў людзі, што нападаюць на хрысціянства, заўсёды выдумлялі ганебныя гісторыі, якія цяжка праверыць і якія пасля працягвалі жыць самі па сабе. Хоць гэтыя паклёпы з’явіліся тысячу гадоў таму, гэта не азначае, што ім можна верыць.

— Я хацеў бы спытацца пра старонкі рамана, звязаныя з Парыжам...

— Парыжанаў забаўлялі пэўныя фрагменты рамана (...). Напрыклад, там ёсць такі момант, калі героі ўцякаюць з Лувра, сядаюць у «смарт» і машына робіць разварот, выязджаючы на іншую паласу. Дык вось, гэтага немагчыма зрабіць, таму што там паміж палосамі дастаткова высокі бетонны бардзюр, на якім такая маленькая машынка як «смарт» проста б павіснула. Гэтак жа парыжане смяюцца з сотняў турыстаў. Пэўны час наведвальнікі Лувра не аглядалі ўсёй экспазіцыі, а беглі толькі да «Джаконды» і «Мадонны ў скалах». З’явіліся нават спецыяльныя гіды, якія вялі экскурсіі адразу да гэтых палотнаў. Штосьці падобнае адбываецца і ў Сэн-Сюльпіс — касцёле святога Сульпіцыя. Пробашч нават вымушаны быў павесіць вялікі плакат, на якім напісана, што ў касцёле няма ніякай лініі Ружы, што ўсё гэта высмактана з пальца, і ён просіць людзей памятаць пра прызначэнне касцёла і не лётаць па ім з рулеткаю ў адной руцэ і томікам Браўна ў другой. (...)

Усё гэта сведчыць пра неверагодную наіўнасць людзей. Калі рэальнасць не супадае з кнігаю, гэта значыць, што яна несапраўдная, што яна была скажоная Касцёлам — гэтай магутнай арганізацыяй. Гэта — дзіцячае мысленне. Толькі дзіця можа, прачытаўшы кнігу пра Мэры Попінс, узяць парасон і сігануць у вакно, бо Мэры Попінс лётала на парасоне. Дарослы чалавек, сутыкнуўшыся з неадпаведнасцю паміж кнігаю і рэальнасцю, паставіць пад сумніў кнігу, а не рэальнасць. (...)

— Нядаўна я атрымаў e-mail, аўтар якога напісаў штосьці накшталт: «Гэй вы, дурныя папы, вядома, што Евангелле напісаў Канстанцін, які да таго ж не жадаў ахрысціцца, а хрысцілі яго на смяротным ложы, калі той ужо не мог супраціўляцца. Што вы зрабілі з рэштаю Евангелля?». Гэты чалавек прывёў аргументы, якія ўзяў у Дэна Браўна, з адчуваннем, што наносіць гэтым Касцёлу ўдар. Я баюся, што гэтая кніга, а тым больш фільм, выклічуць менавіта такі рэзананс.

— Таму пра некаторыя рэчы трэба казаць адназначна і часта гэта паўтараць, бо частае нагадванне неабходна, каб праўда дайшла да людзей. Па-першае, трэба ведаць, што Каталіцкі Касцёл — гэта адзіная вялікая сусветная рэлігія, якая амаль без усялякіх абмежаванняў адкрытая для гістарычных і навуковых даследаванняў. Даступныя архівы і дакументы, у беатыфікацыйных працэсах прысутнасць гісторыкаў, псіхолагаў ці медыкаў не толькі дазволеная, але і неабходная. Гэта вынікае з глыбокай упэўненасці ў тым, што праўда розуму не можа супярэчыць праўдзе веры, таму што праўда — адна. Калі мы гаворым пра праўду, то розум і вера павінны тут быць разам, бо розум — гэта дар Бога, які стварыў свет і ўчыніў цуд. Напрыклад, Бэрнардэта Субіру, якой у Люрдзе аб’явілася Маці Божая, была апытана лекарамі, псіхіятрамі і тэолагамі, якія спраўджвалі яе аповед. Апостальская бібліятэка ў Ватыкане адкрытая для навукоўцаў. Кожны можа туды прыйсці, як і ў любую іншую сур’ёзную бібліятэку, з рэкамендацыйным лістом ад навуковага кіраўніка ці іншым абгрунтаваннем неабходнасці працаваць з матэрыяламі, і атрымаць рукапіс, які замовіць, або яго мікрафільм, калі рукапіс мае вялікую каштоўнасць. Недаступныя толькі архівы апошніх часоў, якія з’яўляюцца сакрэтнымі, але такое правіла ёсць і ва ўсіх іншых архівах. Часам хтосьці патрабуе, каб Ватыкан нешта адкрыў, забываючыся пра тэрмін даўніны, які звычайна доўжыцца 50 гадоў. Аднак варта ўзгадаць, што, хоць 50 гадоў ужо прайшлі, Вялікабрытанія так і не адкрыла вельмі важных дакументаў часоў Другой сусветнай вайны (...). Але чамусьці не Аб’яднанае Каралеўства, а менавіта Ватыкан увесь час бічуюць за тое, што ён, быццам бы, утойвае нейкія дадзеныя. Каталіцкі Касцёл на самай справе з’яўляецца прыкладам узорнага ўладальніка архіваў, які ахоўвае асабістыя даброты жывых, а ўсе больш раннія архівы робіць даступнымі. У так званы Сакрэтны Архіў Ватыкана прыходзяць гісторыкі, замаўляюць дакументы і працуюць з імі. Там няма кніг, а захоўваюцца толькі дакументы, лісты і іншыя архіўныя матэрыялы.

Абсурднасць абвінавачванняў у тым, што Касцёл утойвае апакрыфічныя евангеллі, вынікае хоць бы з таго, што ўсе яны апублікаваныя, прычым у абсалютнай большасці, каталіцкімі выдавецтвамі. Частка дакументаў, якія былі адкрытыя ў 50-я гады ХХ стагоддзя, усё яшчэ вывучаецца навукоўцамі і чакае публікацыі, але іх не трымаюць у сакрэце і не спрабуюць што-небудзь утойваць.

— Большасць чытачоў «Коду...», напэўна, ніколі не чула пра апокрыфы.

— Або чула зусім мала, таму Дэн Браўн і тут мог выкарыстаць згаданы вышэй механізм рэзанансу. Такім жа чынам дзейнічаюць сведкі Іеговы. Яны прыходзяць да католікаў і кажуць: «Ты не ведаеш, гэта ўтойваюць ад цябе, што Хрыстус памёр не на крыжы, а на калу, таму што грэцкае слова уфбхспт азначае „кол“, а не „крыж“». Калі б гэты хрысціянін трохі пачытаў, то даведаўся б, як каралі ў часы Рымскай імперыі, як выглядалі крыжы, і што слова уфбхспт азначае менавіта «крыж», хоць першапачаткова значыла «кол», і гэта пацвярджаецца таксама іншымі крыніцамі, а не толькі Евангеллем. Калі б яны трохі пацікавіліся гісторыяй сведкаў Іеговы, то даведаліся б, што на вокладцы першых выданняў «Вартавой вежы» была выява крыжа, таксама як і на фасадзе штаб-кватэры «Сведкаў».

Сенсацыя вакол кнігі Дэна Браўна была створана на недасведчанасці людзей, і гэта жахліва. Недзе на пачатку 90-х гадоў французскі журналіст Жак Дзюкен апублікаваў кнігу, якая называлася «Езус» і стала зборам усёй крытычна-гістарычнай інфармацыі па тэме. У яе былі ўключаны звесткі, якія на працягу амаль сотні гадоў выкладаліся ў каталіцкіх навучальных установах і нават гучалі ў казаннях, але, як аказалася, замала, бо кніга «Езус» для многіх католікаў стала адкрыццём. Адна жанчына звярнулася ў цягніку да французскага дамініканіна: «Ойча, я прачытала ў гэтага Дзюкена, што Езус Хрыстус нарадзіўся не 25 снежня, а гэта проста нейкае паганскае свята. Што ж мне сказаць дзецям, калі прыйдуць Каляды?». Не можа не выклікаць здзіўлення, што ў ХХ стагоддзі практыкуючая хрысціянка не ведала таго, чаго ніхто не ўтойвае. Усім вядома, што дата была прынятая ўмоўна, а для яе гэта стала інтэлектуальна-духоўнай праблемай.

— Можа, гэта азначае секулярызацыю хрысціянства, якая закранае людзей таксама ў пратэстанцкіх краінах? У Еўропе можна сустрэць шмат людзей, продкі якіх былі адданымі хрысціянамі, а яны ўжо не адрозняць на абразах Звеставання ад Адведзінаў Альжбеты, не ведаюць хрысціянскіх традыцый, не знаёмыя нават з гісторыяй жыцця Езуса.

— Што ж, напэўна, і пратэстантам не хапае гістарычных ведаў... Усе чулі пра каталіцкую інквізіцыю, але шмат людзей не ведае, што ў Жэневе ў часы Кальвіна палалі кастры. Пратэстанты не ведаюць, што пратэстанцкія інквізітары падсылалі да каталіцкіх інквізітараў людзей, ад якіх хацелі пазбавіцца. Гэтая старонка гісторыя практычна невядомая. Затое калі Дэн Браўн напіша, што каталіцкая інквізіцыя ў сярэднявечнай Еўропе спаліла на кастрах пяць мільёнаў жанчын, то пасля абітурыенты называюць гэтую лічбу на ўступных экзаменах, як быццам узялі яе з сур’ёзнай навуковай кнігі. А між тым гэта абсалютна беспадстаўная лічба! Калі я не памыляюся, то ў ХІІ ці ХІІІ стагоддзях колькасць насельніцтва Еўропы не перавышала 15–20 мільёнаў. Калі забіць з гэтай колькасці пяць мільёнаў жанчын на працягу аднаго ці нават трох стагоддзяў, то яны проста зніклі б. Дастаткова пазнаёміцца з аб’ектыўнай гісторыяй інквізіцыі, каб знайсці статыстыку, лічбы, а таксама апісанне інквізітарскіх працэсаў. Аднак гэта не перашкаджае людзям ставіцца да Браўна як да неаспрэчнага аўтарытэту. Мне здаецца, што гэта адбываецца яшчэ і таму, што сённяшні «постпратэстант» або «посткатолік» у інтэлектуальнай сферы жывіцца тою мешанінаю, якую мы называем New Age, або постмадэрнізмам. Ён глядзіць фільмы, у якіх сярэднявечныя рыцары змагаюцца з самураямі пад чуйным вокам зялёнага іншапланецяніна. Для яго ўсё асацыюецца з усім. Ён бяззбройны, не мае ні фільтра, ні акуляраў, праз якія мог бы ўбачыць, што гэта абсурд; не можа атрымаць уяўлення пра сапраўдныя памеры рэчаў, адрозніць легенды ці кіношную фантастыку ад праўды. Гэты раман трапляе ў рукі чалавеку, які згубіў адчуванне рэчаіснасці, фактаў, рацыянальнага. (...)

Калісьці функцыю абароны веры ад такіх паклёпаў выконвала апалагетыка, якая выкладалася ў каталіцкіх навучальных установах і ў семінарыях. Пасля ІІ Ватыканскага Сабору ад яе адмовіліся, бо лічылася, што яна ўвасабляе ваяўнічы падыход рэлігіі да свету. Аднак апалагетыку ў разумным выглядзе неабходна вярнуць у хрысціянскае выхаванне моладзі і дарослых. Я не маю на ўвазе зацятага ці штучнага адбіцця нападаў, а кажу пра апалагетыку як інструмент крытычнага бачання рэчаіснасці, што дапаможа справіцца з морам абсурдных закідаў.

— Ці можа Дэн Браўн і яго раман «Код да Вінчы» даць нам нейкі штуршок?

— (...) Раман Дэна Браўна павінен падштурхнуць нас, вернікаў, да сумленнага вывучэння гісторыі Касцёла, а настаўнікаў, катэхетаў і прапаведнікаў — да таго, каб кампетэнтна асвятліць закранутыя ў ім праблемы. Святарам часам здаецца, што людзі, якія прыходзяць у нядзелю ў касцёл, ужо ўсё ведаюць. Між тым, ім калісьці, магчыма, хтосьці нешта казаў, але тыя рэчы, з якімі чалавек не сутыкаецца ў штодзённым жыцці, з часам забываюцца. Трэба прамаўляць вернікам салідна падрыхтаваныя катэхетычныя казанні, а не дзяліцца з імі вытанчанымі духоўна-маральнымі разважаннямі і не займацца палітычнай агітацыяй. Мы павінны ім казаць пра асноватворныя рэчы. Часам карысна прамовіць гістарычнае або гістарычна-катэхетычнае казанне на тэму аднаго з догматаў ці праўдаў веры, расказаць пра кагосьці са святых або прыадкрыць малавядомую старонку гісторыі Касцёла.

Пераклад з польскай мовы
(са скарачэннямі) М. Гракава
паводле «W drodze»,
N 5 (393), 2006 г.

Гл. таксама:
Ксёндз Вячаслаў ПЯЛІНАК МІС «КОД ДА ВІНЧЫ»: РОЗДУМ ПАСЛЯ ПРЭМ’ЕРЫ»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY